Ліха не без дабра (Барвінак)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліха не без дабра
Апавяданне
Аўтар: Ганна Барвінак
1911
Крыніца: Наша Ніва, 1911, №34

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ліха не без дабра.

Напісала па украінску Ганна Барвінок..

Як мы ўжо пісалі, неколькі дзён таму назад памерла без пары украінская пісьменніца, Ганна Барвінок (Куліш). Пісала яна шмат аб сваім народзі і для народу, і ва ўсіх яе творах відаць шчырая любоў да роднай Украйны. Даём тутака переклад аднаго с твороў памёршай пісьменніцы, шчыра спагадаючы братом украінцам у іх цяжкай стране. Рэдакція.

Як ішла я замуж, дык жэніха свайго і ня бачыла. Асталася я ад маткі пяці гадоў, ды былі ешчэ у мяне дзьве сястры ды брат жанаты; у яго мы жылі, а нявестка намі камандавала. Нікога мы ня зналі, нікуды не хадзілі. Хто прывык да людзей хадзіць, дык той усюды як у сваей хаці, а я, бывала, баюся і за вароты выйсьці: няволя была; толькі і хадзіла, што па ваду да студні.

Вось адзін раз трапілася неяк, што у суседзтве было вясельле, і я пайшла; ажно бяжыць нявестчын хлопец: "ідзі, — кажэ — дамоў!" Я той час і іду. Ведама, ня родная маці клічэ. Ідзем, аж бачу — каля хаты каняка ходзіць. Я і пытаюся хлопца: "Чый гэта конь? аткуль ён узяўся?"

Бо да нас ніхто ніколі ня ходзіць: такіх сярдзітых сабак нявестка дзержала, дый мы нігдзе не бывалі і людзей ня бачылі.

— А гэта, —кажэ, —да нас нехта прыехаў.

Прыйшлі ў хату, ажно гляджу — у нас многа народу, ды чамусь локшу крышуць. Толькі нявестка мне насустрэч: "Адзевайся, пойдзеш венчацца!"

Як пачула я гэта, дык і ацяцерыла і застыгла: хаджу па хаце і нічога перад сабой ня бачу; закруцілася гэтак у галаве... Нічога ня ведаю, як і на вясельле прасіла, — бытцым дрэўляная была. Ну, адным словам, нічога ня ведаю.

Мяне адзелі, павялі у цэркву, на вянец паставілі, — я ня бачу і ня чую. Схамянулася толькі тагды і ачунела, як ужо асталася з сваім чалавекам. Скончылася ужо і вясельле, трэба было нешта і ў хаце прыбраць. Ён да мяне гамоніць, а я — усё маўчу. Ен, бачыце, паміж людзей цёрся і сьвету бачыў, дык хочэ пагутарыць са мной, а я ўсё саромлюся, усё маўчу: і сорамна мне і страшна і што яно, і як яго!

Тагды было мне ўсяго шэснаццаць гадоў, а рабіць я ўсё умела: панавучываліся у нявесткі, да сьвету устаючы ды позна клаўшыся. Яна, бывала, высьпіцца, бо ляжа раней за нас, а мы робім, што рук і ног ня чуеш; а пасьля устане, ды ешчэ і бубніць: ,Ды вы такіе, ды вы гэтакіе, ды гладкіе". А сама дык як бочка! Як ідзе па хаце, дык толькі гуп, гуп!-так і перакідаецца з боку на бок. А я дык такая была, што адна снасьць, ды і годзе! Як, бывала, ні напрацуешся за дзень, а нявестка ўсё-ж выторківае: „Ды вы гультаі, ды вы нічога рабіць ня хочаце! павыпірала-б я вас за старцоў, каб хлеба майго дарма ня елі ды у ваччу мне бяльмом не стрымелі! Ды я за вамі здароўя пазбылася, каля вас убіваючыся!"... Бывала, прыйдзе ешчэ бацька яе, ды і той пачне вычытываць майму брату і нам (тагды, як я ешчэ замуж не йшла): „Вы, — каже, — глядзіце мне, не заешце майго дзіцяці: яна адна, а вас чацьвёра-ўсякі па слову! Бач, як змарнела!" А яна дык як кубел. Брат маўчыць, бо нас трое сірот на яго руках. А той вельмі багаты.

А то часам не з дабра, а з нуды ды з гора завядзеш песьню, дык нявестка і вышчэрыцца: „Не пішчы! ідзі с хаты!"

І цяпер, вось, як успомню, што тые гадкі залатые ужо уплылі, а я і з дзеўчатамі не гуляла і не пеяла, ды як пачую, што ідуць поуз-двор'ю пеючы, ды прыбраные, ды уквечаные,-выбягу на двор, і здаецца, каб прымела, Бог ведае штоб зрабіла, так-бы і паляцела! Ды ўжо мінулася-ня вернеш... дый дзеці плачуць!

Бывала, чалавек мой устане, ды і будзіць мяне:

— „Схадзі, —каже, —Ганулька, кароўку падаі."

А я кажу: „Ды я ўжо падаіла".

Або: „Ты-б, Гануля, бурачкі папалола".

А я ўжо і павыполывала. Я ўсё-ўсё зраблю, ды толькі моўчкі — саромлюся.

Але ўжо пасьля, як добра пазналіся, дык, бывала, і яго ешчэ вучу, як касіць: „Вось так, кажу, вось так!" Ён быў сабе cірата, дык па заработках хадзіў, а касіць не даводзілася. Бог яму памог — ён сабе і хату здабыў, і людзі яго не чураліся; бывала, папрыходзяць госьці, суседзі, пасядуць — гамоняць, дык і я адзавуся, а то ўсё сорамна.

Вось яны і пачнуць: „Яна у цябе скора памрэ: глядзі, якая яна слабавітая!

— „Не, — каже, — мы яе будзем шанаваць, дык яна будзе нам жыць!"

Бывала, стануць угаварываць, каб я гаманіла, дык што-ж? ну, сказана: сорамна.

Пачнуць, бывала, распытывацца яго, як ён са мной пазнаўся.

— „Бачыў, — каже, — у полі, як жала: вяжэць добра; а тут людзі сталі раіць, каб жаніцца, — я і ажаніўся."

Добра, казаў той, да гатовай калоды агонь падкладаць; а я увайшла ў хату, дык пусткай пахла: нічагусенькі не было. Намі загадывалі чужые людзі, і папрывыкалі мы дзела рабіць, дык цяпер яно нам і прыгадзілося. Як сталі рабіць, як сталі, дык і разжыліся. Цяпер я ужо дваццаць гадоў замужэм, і ня бедная галоўка. Дай Божэ, каб і маім дзеткам так! Дзеці абуты, адзеты; мы хлеба ня просім, і сама я не раблю: у мяне сваіх трое работнікоў, ды чацьвёртаго наймаем: чалавек мой, дзьве дачкі, ды парабак. Адна толькі думка, што мужу помачы німаш. Есьць, во, хлапянë, — ды, бачыце, малое; ешчэ і не гаворыць, а ўсё знае. Хадзіць ешчэ ня ўмее, а да памыйніцы як дапаўзе, дык усю выплюшчыць. Во як умурзаўся! Жэўжык ты мой! кацянё маë малое! Я усë дома: не хаджу на работу, бо дзеткі дробные — трэба іх даглядзець, абшыць і стравы ім наварыць. Я цяпер жыву так, што і... сама сабе гаспадыня! Што захацела, то і зрабіла — ўсё добра. Гдзе села, гдзе паставіла, не агледаюся — ніхто мне не указ!

Дзякаваць Богу, павыпірала нас з дому нявестка, так што мы і ня ведалі, калі і як яна перэгаворы тые вела. Гэтак мы павыходзілі замуж, у нас ёсьць і кусок хлеба і скацінка. Мужыкі нас шануюць, нічым ня крыўдзяць. Сказана, ліха не без дабра! Што, каб ей цяпер стаць вычытываць, як яна здзекавалася над намі!?.. Ды ўжо яна дажылася і так. Брат памёр, яна зямлю папрадавала, ды пазаменівала; усё знішчэла, усё марна пайшло, бо работнікаў-гультаёў павыпіхала. Цяпер і хата яе неяк сторч глядзіць.

Бывала, як вышлець нас чатырох жаць, ды дзьвëх прынайме, дык мігам ніву знясём, — так усю і усьцелем снапамі. Сярпы толькі: чыш-чыш-чыш! так і крэсяць, як маланка, або як сонца іграе. Аж завідуюць, бывала, людзі. Так добра было жыць, а цяпер, як работнікаў-дармаедаў ністала, дык і есьці нет чаго. Дзеці яе пакідалі, адно толькі невялічкае з ею жыве, ды і то калекае. Такая бядота! І места таго не пазнаць, гдзе жылося калісь: усё разсыпалася! Як дбаеш, так і маеш; як робіш, так і ходзіш. Бог не целя, відзіць круцеля.

Чы чуеце: сабачанë брэшэ, ды бытцым нехта гукае? Бяжы, дачушка: бацька едзе, гасьцінца с кірмашу вязе! Атчыняйце, дзеткі, вароты, а я кінуся барджэй абед наладжываць...

Перэклаў М. Скальскі.