Літоўскі хутарок (Гарэцкі)/II
← I | Літоўскі хутарок II Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html |
III → |
Мабілізацыя канчалася.
Ля хутарка на горцы стаяла паўбатарэя: вартавала мост ад ворага з паветра. Некалькі вольных ад дзяжурства салдатаў, нібы забыўшыся, што вот-вот можа быць пераход, бойка і той свет, чаёўнічалі сабе ля вогнішча, скалілі зубы, хадзілі дажа купацца ў лужу на ставок ці шчыпалі гарох. А то, абышоўшы далёка кругом, падбіраліся да сям’і хутаранаў-літвінаў, што жалі авёс, і пачыналі заводзіць з імі знаёмасць.
Салдаты-назірачы дзівіліся ў біноклі ці трубу Цэйса і, рагочучы, абвяшчалі, што «наша бяроць», чорненькая ўжо смяецца, а беленькая не хоча і не глядзіць, — усё жне. Потым хапаліся за працу: касілі, вязалі і насілі снапы. Ярмашчук і Дудзік жалі, і ўсе ўвесь час смяяліся з дзяўчынамі і вялі гутарку з панам-татулем, катораму падабалася работа салдат, іх вясёласць і жарты і велічанне панам.
— Няго сюды, да мяне на хутар, можа прыйсці герман? Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? І тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? — во праз што млела сэрца ў старога.
— Не клапаціцеся вы, татуля! Не прыйдзе да вас герман. Мы яго так турнём, — супакойваў яго бойкі, курносы, папсованы воспаю кастраміч.
— Ты не ведаеш, братка: прусы — народ кітры (хітры), — трывожыўся стары.
Увечары салдаты гасцявалі ў хутарку.
Нягледзячы на тое, што дзяўчаты гаварылі з «москолюсамі» ўбогай мяшанкай руска-польскіх слоў, салдаты, дзякуючы магнэчнай сіле прыгажосці, пачувалі ў сабе паўнату шчасця ад знаёмства з імі. Праўдзівая прыгажосць сярод літовак страчаецца нячаста, але прынадных дзяўчынак на Літве даволі.
Чорненькая Ядвіся не была так прыгожа, як большая, Монця, але яе бойкія, вясёлыя чорненькія вочкі, чырвона-смугленькія з ямачкамі шчочкі, дзяціна-капрызны са смяшком склад вуснаў, маладыя, круглыя ручкі, гібкасць і крутасць паланялі салдатаў, не ведаўшых, чым і як ёй дагадзіць.
Беленькая Монця мела больш строгую красу і была сур’ёзней і неяк задумней. Гэта быў тып літвінкі. Прадаўгаваты тварык з шэрымі, сумнымі, удаўжонага разрэзу вачамі; круглы, але правільны нос; рот з рысамі, лёгка даючымі пакорліва-сумную ўсмешку; роўныя, белыя зубы, доўгая, багатая белакурая з завіточкамі каса.
Не кожны салдат рашаўся жартаваць з Монцяю.
— Куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец? — вёў за ядою гутарку малодшы феерверкер Сініца.
— А чаго мы схаваюцца? — бліскае чорненькімі вочкамі Ядвіся. Ах, каб ёй яшчэ троху слоў. — Я не бус (не буду) схаваюцца… Прусы — народ лабай гражус… прыгожы (прусы — народ дужа прыгожы).
Уся хата дрыжыць ад звонкага, адылі закароткага смеху. Толькі задумная Монця ледзь усміхнулася на словы смяшлівае сястронкі.
Пачалі развітвацца. Салдаты дастаюць «пінегу» (грошы).
— Не, не… Грэх браць у салдата. Наш Блажыс таксама ў войску. Вы ідзіцё на смерць за ўсіх. Не.
І адварочваецца ад платы.
Але хто заможней, пакідае грошы на стале.
— Добрыя людзі, — кажуць у хаце после іх, — вясёлыя.
— Добрыя людзі, — кажуць салдаты па дарозе, — сумленныя людзі.
А тым часам трывога аб крывавую будучыню ўсё расла, даходзіла да хутарка і сяліла там смутак і клопат, хоць ужо ўсе трохі і прывыклі, што вайна.
Стары, седзячы іногды ўвечары ля салдацкага вогнішча і сапучы піпкаю, гаварыў, шукаючы спагады і даючы і не даючы веры самому сабе.
— Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя — і спаляць.
— Не бойся,— супакойваў салдат.— Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забараняецца.