Літоўскі голас (кірыліца)
Літоўскі голас Публіцыстыка Аўтар: Мечыслаў Давойна-Сільвястровіч 28 кастрычніка 1918 году Крыніца: Часопіс «Гоман» (Вільня), 1918, № 88 (284), 8 лістапада, б. 2 |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Літоўскі голас |
Нацыянальныя беларускія кірункі гэталькі блізкія да літоўскіх, што літвін, чытаючы на гэтую тэму стацьці ў „Гомане“ блізу зусім згаджаецца з беларускімі вывадамі. Пэўне народам, каторыя яшчэ ў паганскія часы мелі адну веру, а потым у хрысьціянскія часы вялі адну палітыку, мелі адну сталіцу Вільню і тах самых вялікіх князёў, прадзначана і далей жыць разам, разьвіваючыся культурна і нацыянальна.
Падымаецца цяпер пытаньне ўрадовае мовы, каторае можна разьвязаць як ў Швайцарыі, дзе ёсьць тры нацыянальнасьці: француская, нямецкая і італьянская, каторых мовы прызнаны ўрадовымі і іх павінны ўмець ураднікі (чыноўнікі). На дамаганьне кліента ў францускай мове ўвесь процэс вядзецца пафранцуску. Таксама на дамаганьне нямецкага і італьянскага кліента. Штось падобнае ёсьць у Фінляндыі, дзе ёсьць дзьве мовы фінская і швэдзкая. Ведама, што ў ніжэйшых мясцовых судох не заўсёды будзе патрэба дзьвёх моваў. Край павівен быць падзелены на вокругі: беларускія, літоўскія і мяшаныя. У вокругах беларускіх ужывацца будзе беларуская мова, у літоўскіх—літоўская, а ў мяшаных на дамаганьне кліента адна з іх. У выжэйшых краёвых судох і інстытуцыях гаспадарства (гасударства) павінны абавязаваць абедзьве мовы,
Паслы ў парлямэнце павінны ўмець абедзьве мовы, каб як скажа беларускі пасол пабеларуску зразумелі літвіны і наадварот.
Да гэтага павінна тарнавацца ўсё: стэнографія, урадовая газэта, сэкрэтарыяты і г. д.
Каб гэтага дапяць павінна быць прынамсі пачынаючы з сярэдніх школ абавязкавае навучаньне абедзьвюх моў у школах беларускіх і літоўскіх.
Дзеля таго, што ў судох ня можна гэтага адразу зрабіць, прыдзецца абыходзіцца часова з помачай перакладчыкаў, устанаўляюча ў будучыне тэрмін дайсьці да парадку. Можна дзеля гэтага ўладзіць часовыя школы.
Беларусы і літвіны за гэрб ужывалі заўсёды пагоні, цяпер сталася ў гэтым невялічкая розьніца. З згодай абедзьвюх старон можна гэтую розьніцу зьнішчыць, прымаючы аднолькавыя колеры.
Войска ў гасударстве можа быць для беларусаў з камандай беларускай, дая літвіноў—з літоўскай; жыхары мятавых вокругаў павінны магчы ўступаць у адны або другія палкі, або згадзіцца на адну з каманд.
Дзеля таго, што велікарусы называюць сябе расейцамі, а маларусы—украінцамі, дык няма патрэбы звацца беларусамі, бо ня трэба адрозьняваць. Беларусы павінны, як калісь, звацца тыкеля русінамі.
Пакідаю справу далейшай дыскусыі.
М. Довойна Сыльвэстровіч.
28.X. 1918 г. Вільня.