Перайсці да зместу

Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця
Гістарычная праца
Аўтар: Мацвей Любаўскі
1926
Крыніца: Чатырохсотлецьце беларускага друку: Інстытут Беларускай культуры, Менск, 1926

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Проф. Мацей Любаўскі.

Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.

Даўгі час політычнага драбненьня усходняга славянства на паасобныя землі і княствы скончыўся тым, што на іх месцы паўсталі два дзяржаўныя аб'яднаньні — вялікае княства Літоўскае і Маскоўская дзяржава. Першае склалася на цэлае сталецьце раней за другое, і на пачатак XV сталецьця ўцягнула ў сваю організацыю беларускую і украінскую галіны ўсходняга славянства (у большасьці), а другое — вялікарасійскую галіну. Неаднолькавы ўдзел мелі ў гэтым процэсе розныя галіны ўсходняга славянства. У той самы час, як у процэсе стварэньня Маскоўскае дзяржавы вялікарасійская галіна мела ня толькі галоўную, але і выключную ролю, у процэсе стварэньня вялікага княства Літоўскага галоўная роля належыла да літоўскага плямя; Беларусь жа дапамагала яму сваімі матар'яльнымі і культурнымі сродкамі, а Украіна, галоўным чынам, — матар'яльнымі.

Літоўскае плямя спрадвеку жыло па ўзьбярэжжы Балтыцкага мора, ад Ніжняе Віслы і да ракі Аа Ліфляндзкае. Галоўная частка яго — Літва Верхняя (Аўкстота) і Літва Ніжняя (Жамойць) займалі вадазбор Нёмну. На поўдзень ад яе жылі ятвягі, якія займалі паміжрэчча заходняга Бугу і Нёмну, на Захадзе — прусы, якія займалі абшар паміж Ніжняй Віслай і Нёмнам, на поўначы — латышы, у дзьвёх сваіх галінах: Земгала — на левым беразе ніжняе Заходняе Дзьвіны, а Лецьгала — на правым, да ракі Аа.

Прусы і латышы ўжо ў першай палове XIII сталецьця адарваліся ад асноўнага асяродку літоўскага плямя, бо іх заваявалі нямецкія рыцары Прускага і Лівонскага ордэнаў, такім чынам, утварэньне вялікага княства Літоўскага было справай Верхняе і Ніжняе Літвы і рэшты ятвягаў, якіх у значнай частцы зьвялі суседзі. З боку мовы Літва належыла да сям'і індаэўропейскіх народаў і мела найбольшую блізкасьць да славянскіх пляменьняў. У XI і XII сталецьцях Літва была бадай што самай адсталай спаміж усіх індаэўропейскіх пляменьняў. У сваіх лясных багністых пушчах літоўцы жылі ўбога, займаючыся, галоўным чынам, паляўніцтвам на зьвяроў, рыбацтвам, бортніцтвам і часткай земляробствам на тых астравох урадлівае зямлі, якія выступалі сярод багнаў і лясных пушчаў; адсюль яны рабілі напады на заможных суседзяў, з мэтай грабества. Заняткі гэтыя абслугоўвалі, галоўным чынам, хатнія іх патрэбы; гандлёвы памен з суседзьмі быў слабы: прадавалі хутры, воск і мёд, куплялі земляробскія прылады, зброю, тканіну і аздобы. Спаміж народаў, якія ў Х сталецьці перашлі ў хрысьціянства і атрымалі разам з ім пачаткі кніжнае адукацыі і старое эўропейскае асьветы, літоўцы закасьцянелі ў сваёй прымітыўнай веры, у цемры і адзічэласьці. Летапісы і хронікі суседзяў паведамляюць аб тым, што яны шанавалі бога грому - Перкунаса, а таксама аб існаваньні ў літоўцаў культу асьвячонага агню, аб ушанаваньні гадаў, зьвяроў, гаёў, лугоў, рэк, паасобных дрэў, аб звычаі паліць у ахвяру багом жывёл і нават палонных, аб тым, што яны палілі трупы сваіх правадыроў з зброяй, канём, сабакамі і нявольнікамі і г. д. Організацыя грамадзянства ў літоўцаў была таксама прымітыўная — яна не разьвінулася ў больш складаныя формы, чымся дробныя грамадзкія саюзы, на чале якіх стаялі старшыні. Але ўжо і гэтая грамадзкая організацыя значна выперадзіла радавую організацыю, хаця-ж і бярэ свой пачатак, бязумоўна, ад роду; у дробныя грамадзкія саюзы злучаліся ўжо ня толькі сябры аднаго роду, але і проста суседзі; старшынямі былі не адны толькі родапачатнікі, але і правадыры, якіх абірала насельніцтва, а часамі такія правадыры з ліку мясцовага панства і заможнае клясы гвалтам станавіліся на чале роду. У літоўскім грамадзянстве ўжо адбылася пэўная дыфэрэнцыяцыя ў соцыяльных адносінах. У складзе яго вызначаліся лепшыя шляхотныя, вяльможныя людзі, князькі і царкі (кунігасы і рыкасы), якія і былі правадырамі мясцовага грамадзянства. Пераважна гэта былі буйныя зямляўласьнікі, якія асвоілі значныя абшары зямлі, мелі ўмацаваныя сялібы, шмат нявольнікаў, скаціны, гаспадарчых запасаў, вяльможныя паны (domini praepotentes, potiores), як празывае іх Петра Дусбурскі. Але ўлада, моц і ўплыў гэтых паноў пакуль што не пашыралася за межы тых валасьцей, дзе яны жылі. Літоўскае плямя ў XI і ХІІ сталецьцях было ў стане нязвычайнага політычнага раздрабненьня. Але ня гледзячы на ўсю сваю культурную і грамадзкую прымітыўнасьць, гэта было маладое, здаровае плямя, поўнае фізычнае сілы, душэўнае бадзёрасьці, адвагі, энэргіі, з моцнай воляй і з жыцьцёвай цямлівасьцю: усе гэтыя якасьці спатрэбіліся літоўскаму племю ў тым палажэньні, у якім з волі лёсу апынулася яно ў ХІ-ХІІІ сталецьцях.

У ХІ і ў першай палове ХІІ сталецьця, беларускія, украінскія і польскія князі, карыстаючы з падзелу літоўцаў на дробныя грамадзкія саюзы, рабілі часта паходы, каб рабаваць і захапляць палонных. Гэтыя паходы ўзварушылі літоўскае плямя, абудзілі ў ім нацыянальнае пачуцьцё і выклікалі імкненьне да аб'яднаньня. На барацьбу з суседзьмі літоўскія правадыры пачалі выступаць супольна, злучаючы сілы ня толькі аднаго, але і некалькіх народаў. Усе гэтыя злучэньні былі прэлюдыяй да стварэньня сталага буйнога політычнага саюзу — вялікага княства Літоўскага.

На ўтварэньне гэтага саюзу мела ўплыў і тое, што ў канцы XII і пачатку ХІІІ сталецьця зьявіўся новы вораг Літвы — рыцары Прускага (Тэўтонскага) і Лівонскага ордэнаў. Новы націск прымусіў мясцовыя літоўскія грамады аб'яднацца каля аднаго політычнага асяродку, падпарадкавацца ўладзе аднаго старэйшага вялікага князя. Такім вялікім князем быў у палове ХІІІ сталецьця Мендаўг. Ён перамог усіх непакорных князёў, нават бліжэйшых крэўных, і зрабіўся, як кажа валынскі летапісец, самаўладным князем Літоўскае зямлі. Хаця-ж ён і стаў ахвярай змовы князёў, якія не сьцярпелі самаўладзтва Мендаўга, але справа яго не загінула. Створаная цэнтральная дзяржаўная ўлада была настолькі патрэбна народу, што вялікае княства Літоўскае не развалілася і пасьля сьмерці Мендаўга (1263), ня гледзячы на праміжсобныя спрэчкі, якія цягнуліся даўгі час; літоўскія князі змагаліся ўжо не за мясцовую самастойнасьць, а за ўладу вялікага князя. У канцы ХІІІ сталецьця гэтая барацьба скончылася перамогай Лютувэра, пасьля якога вялікімі князямі былі паступова яго сыны: Вітэнь (1293-1316) і Гэдымін (1316-1341). Гедымін і стаў родапачатнікам Літоўскае дынастыі вялікіх князёў, якая і кіравала вялікім княствам Літоўскім, пакуль яно існавала незалежна, у васобе князёў: Альгерда (1341-1377). Ягайлы (1377-1392), Вітаўта (1392-1430), Сьвідрыгайлы, сына Альгерда, і Жыгімонта, сына Кейстута (1430—1440), Казімера, сына Ягайлы (1440-1492), Аляксандра (1492—1506), Жыгімонта Старога (1506-1548) і Жыгімонта Аўгуста (1548-1572). Рэшта літоўскіх князёў, крэўныя вялікага князя, князі іншых родаў (Гедройцы, Сьвірскія, Гальшанскія) зьнізіліся да становішча падручных, васальных князёў; розныя мясцовыя правадыры і старэйшыны з ліку буйных зямляўласьнікаў зрабіліся паслужнікамі князя, яго бліжэйшымі памочнікамі і супрацоўнікамі ў справе кіраваньня вялікім княствам; у такой ролі яны заставаліся да канца незалежнага існаваньня вялікага княства і нават далей.

Новай Літоўскай дзяржаве давялося аб'яднаць усе беларускія і украінскія землі і княствы.

Перш-наперш, вялікае княства Літоўскае далучыла да сябе княствы былае Полацкае зямлі - Полацкае, Віцебскае, Менскае, Друцкае і інш. Географічная сумежнасьць Полацкае зямлі і Літвы была прычынай іх даўнейшага знаёмства і зносін паміж сабой. На працягу ХI і першае паловы XII сталецьця князі Полацкае зямлі досыць часта наведваліся ў Літву, шукаючы здабычы і палонных. Усьлед за князямі, а можа незалежна ад іх, цягнулася ў Літву, па ўсіх адзнаках, і мірнае жыхарства-земляробы і прамыслоўцы, якіх вабілі натуральныя багацьці літоўскіх пушчаў, дзе можна было схавацца ад хатніх нязгод і нападаў суседзяў. У літоўскай зямлі, паводле ўсіх вестак, асяліўся значны лік людзей з сумежных беларускіх зямель, якія жылі ў згодзе з літоўскім насельніцтвам. Так званая, "Чорная Русь" з гарадамі Навагрудкам, Ваўкавыскам і Слонімам была, як відаць, колёніяй крывічоў і драгавічоў у Літоўскай зямлі. З паловы XII сталецьця - наадварот: ужо літоўцы сталі часьцей наведвацца ў Полацкую зямлю, праходзілі праз яе і нападалі на Ноўгародзкія, Смаленскія і нават на Чарнігаўскія землі. Часта заклікалі іх самі князі, карыстаючы з паслуг літоўцаў у часе праміжсобных спрэчак. Але літоўцы бывалі ў Полацкай зямлі і непажаданымі гасьцьмі. У гэты час яны пачалі ўжо злучацца ў вялікія саюзы — разласаваліся на здабычу і сталі жыць з вайны. Полацкая зямля, якая штогод запруджвалася літоўцамі, усё больш і больш адрывалася ад рэшты славянскіх краін і ўсё шчыльней злучалася з Літвой. Татарскі пагром, які адбыўся на абшарах міжрэчча Акі і Волгі, а таксама на Украіне, і татарская улада, якая там запанавала, канчаткова аддалі Полацкую зямлю на яе ўласныя сілы і прымусілі яе насельніцтва імкнуцца да літоўскіх зямель.

У першую чаргу, калі яшчэ жыў Мендаўг, падпарадкавалася літоўскім князем Чорная Русь. У канцы ХІІІ і ў пачатку XIV сталецьця Полацак пачаў прымаць да сябе літоўскіх князёў на князяваньне, крыху пазьней - Віцебск (1320), яшчэ крыху пазьней — літоўскія князі падпарадкавалі сабе Менскае княства, Друцкае і заўладалі ўсімі валасьцямі, што ў вадазборы Бярозы і яе прыток, Сярэдняга Дняпра і Сажа. Полацкае і Віцебскае княствы захавалі і пад уладай Літвы сваю ранейшую паасобнасьць і ўнутраную самастойнасьць, але рэшта княстваў і валасьцей моцна зраслася з асноўным дзяржаўным асяродкам Літвы. Вялікім княствам Літоўскім пачало празывацца з таго часу злучэньне Літвы, Чорнае і Белае Русі (апроч Полацку і Віцебску).

Такім чынам, вялікае княства Літоўскае з першых дзён свайго іскаваньня было ўжо ня літоўскай толькі, але літоўска-беларускай дзяржавай. Рэч у тым, што, дзякуючы блізкім жыцьцёвым зносінам з Беларусьсю, Літва знаходзілася пад моцным уплывам беларускае культуры і грамадзкасьці. Гэты ўплыў адбіўся раней за ўсё на вярхох літоўскага грамадзянства. Літоўскія князі пачалі будаваць сваё княства паводле беларускіх прыкладаў, уводзіць на Літве беларускія парадкі і ўстановы, беларускую офіцыяльную мову і г. д. У беларускай грамадзкасьці яны мелі магчымасьць здабыць больш сіл і сродкаў дзеля ўзмацненьня свае ўлады над грамадзянствам, чымся ў літоўскай. На Беларусі ўжо ўсталяваліся пэўныя і сталыя службовыя адносіны паміж князямі і іх дружынамі. Гарадзкое і вясковае насельніцтва было зьвязана з князем пэўнымі і сталымі падатковымі і рознымі іншымі павіннасьцямі. Тут жа да паслуг князёў была і наладжаная адміністрацыя, пэўныя пасады і годнасьці, з дапамогай якіх узмацнялася князёўская ўлада над грамадзянствам. На Літве ўсё гэта мела яшчэ характар чагось пачатковага і нясталага, а таму, зразумела, што літоўскія князі першыя апынуліся пад беларускім уплывам. Некаторыя паміж іх, напрыклад, Вайшэлк, сын Мендаўга, прымалі хрысьціянства. З іх брала прыклад літоўская арыстократыя, вайскоўцы, зямляўласьнікі, якія атрымалі найменьне баяр; знаходзіліся пад уплывам беларускае культуры, і нават асіміляваліся з беларускім племем і народныя гушчы Літвы, асабліва там, дзе ў гэтыя гушчы трапляла беларускае насельніцтва. Як вынік гэтага тэрыторыя беларускага плямя павялічылася ў сваіх памерах за кошт асноўнае літоўскае тэрыторыі. Беларусізаваньне Літвы дапамагала ў значнай меры далейшаму пашырэньню яе дзяржаўнае тэрыторыі за кошт беларускіх і украінскіх зямель. Справа ішла цяпер аб далучэньні да плямя ня зусім чужога, прынамсі ў вышэйшых сваіх колах, і ў кожным выпадку не варожага да беларускага складу жыцьця. І вось адна за другой, без асаблівых труднасьцяй, далучаюцца да Літвы беларускія і украінскія землі. Вялікі князь Гедымін у 1315 годзе забраў у валынскіх князёў Берасьцейскую зямлю з Падлясьсем, заўладаў потым Турава-Пінскім і Кіеўскім Палесьсем. У часы наступніка Гедыміна - Альгерда (1341—1377) далучаюцца да Літвы Валынь і Падольле, землі Кіеўская і Чарнігава-Северская; У часы Вітаўта - зямля Смаленская і княствы, што на берагох верхняе Акі. Беларускія і украінскія землі, будучы падзелены на дробныя княствы, страціўшы сваю моц, дзякуючы татарскім пагромам і хатнім нязгодам, ня толькі не перашкаджаюць пашырэньню літоўскае ўлады, але ў большасьці выпадкаў самі ідуць насустрач Літве, шукаючы там абароны ад татар, ад нападу з усходу і поўначы, спадзяючыся знайсьці там унутраны спакой. З свайго боку, Літва, якую нішчаць крыжакі сваімі штогоднымі "рэйзамі" у яе межы, шукае павялічэньня сваіх сіл у беларускіх землях і ў пашырэнькі свае тэрыторыі за іх кошт. Агульны націск з усіх бакоў, зразумела, павінен быў, урэшце, злучыць Літву і Беларусь у вадну дзяржаву пад вярхоўнай уладай вялікага князя Літоўскага. Дзякуючы свайму географічнаму палажэньню гэтае княства найменш цярпела ад вайсковых нападаў, мела магчымасьць густа засяліцца і стаць самым мацнейшым спаміж іншых літоўскіх княстваў.

Характар аб'яднаньня адбіўся на ўнутранай будове новае Літоўска- Беларускае дзяржавы. Землі і княствы, што далучыліся, у большасьці выпадкаў ня трацілі асаблівасьцяй свайго быту. У некаторых княствах заставаліся даўнейшыя князі, якія і далей разам з баярамі кіравалі мясцовым грамадзянствам, як васалы вялікага князя Літоўскага, абавязаныя яму вайсковай службай і падаткамі. Буйныя кавалкі зямлі і княствы вялікі князь аддаваў звычайна сваім крэўным, якія кіравалі імі "да волі" вялікага князя, павінны былі быць у яго ў пакоры ды паслухмянстве, абавязаны былі прыяжджаць да яго "на думу" у важных дзяржаўных справах, ісьці на вайну разам з узброенай дружынай з сваіх абшараў і плаціць вялікаму князю падаткі. Але, апроч гэтага, ніякіх іншых зьмен не адбывалася ў палажэньні і ладзе памянёных зямель і княстваў. Літва не чапала іх старасьветчыны, іх хатняга складу і звычаяў, і літоўскія князі і далей кіравалі імі, як і іх папярэднікі, з тымі самымі баярамі і слугамі. У сутнасьці справы Літоўская дзяржава ў XIV сталецьці складала з сябе не адзіны політычны організм, а была конглёмэратам зямель і ўладаньняў, аб'яднаных пад вышэйшай уладай вялікага князя Літоўскага, сымбіоз некалькіх політычных організмаў; такі характар яны ў пэўнай ступені захоўвалі і далей. У канцы XIV і ў першай палове XѴ сталецьця вялікі князь меў магчымасьць пераканацца ў тым, што аддаваць буйныя кавалкі зямлі і княствы пад кіраўніцтва князём, сваім крэўным, няма карысьці і нават небясьпечна. Гэтыя князі неаднакроць выяўлялі непакору вялікаму князю, узьнімалі супроць яго бунты і паўстаньні, якія пагражалі распадам вялікаму княству. Урэшце, вялікі князь прымушаны быў зьліквідаваць вялікія краёвыя княствы, зьняць адтуль князёў, сваіх крэўных, і замяніць іх намесьнікамі вялікага князя. Але і гэтая зьмена не адбілася на стане беларускіх і украінскіх краін. Каб замірыць гэтыя краіны ім былі выдадзены граматы, якія досыць стала гарантавалі непарушнасьць іх старасьветчыны, як даўнейшыя правы і вольнасьці, гэтак і новыя, якія надаваў у той час вялікі князь Літоўскі.

У такіх умовах Літоўска-Беларуская дзяржава набыла фэдэралістычны характар. Навокал яе цэнтральнага асяродку — вялікага княства Літоўскага, як такога, згрупаваліся краіны і княствы, якія захавалі асаблівасьць свайго ўнутранага жыцьця. Такімі былі землі: Жамойцкая, Полацкая, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Валынская з Падольлем, Падлясьсе таксама княствы: Слуцкае, Амсьціслаўскае, Палескае і Чарнігава-Северскае.

У склад вялікага княства Літоўскага ўваходзілі: Літоўская зямля, як такая, частка Беларусі (апроч Полаччыны і Віцебшчыны) і зямля Берасьцейская (без Падлясься). Краіна гэтая займала галоўнае палажэньне ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. З боку гушчыні насельніцтва гэта была самая людная краіна спаміж усіх іншых зямель; тут было згрупавана найбольш маёнткаў вялікага князя, а таксама пераважна тут знаходзіліся маёнткі літоўскага магнацтва князёў Гальшанскіх, паноў Гаштольдаў, Радзівілаў, Заберазінскіх і іншых; гэтая краіна адрозьнівалася ад іншых краін сваімі ўнутранымі парадкамі, сваімі звычаямі, сваім мясцовым правам. Яе вайсковыя сілы мобілізаваліся ў асобныя палкі, на чале якіх стаялі ваяводы Віленскі і Троцкі. Усе адміністрацыйныя пасады аддаваліся ў гэтай краіне мясцовым зямляўласьнікам. Пакуль ня быў выдадзены агульнадзяржаўны кодэкс, гэта значыцца Статут (1529), суд адбываўся тут паводле мясцовага няпісанага права і законаў, як, напрыклад, судоўнік Казімера (1468), якія адзначаліся ад нормаў, што існавалі ў рэшце краін. Як і рэшта краін, і гэта галоўная краіна Літоўска-Беларускае дзяржавы мела свой земскі прывілей, інакш кажучы — грамату, якая зацьвердзіла яе правы і вольнасьці. Гэта быў гарадэльскі прывілей 1413 году; яго пацьвярджалі ўсе вялікія князі ня гледзячы на тое, што быў складзены агульназемскі прывілей 1447 году, які неаднакроць пацьвярджалі і дадавалі. Літоўцы цанілі гарадэльскі прывілей, бо ён даваў ім некаторыя важныя політычныя перавагі, якіх ня мелі іншыя зямляўласьнікі, напрыклад, першыя месцы ў "лавіцы" гаспадарскае "рады" (паводле прывілею гэтыя месцы павінны былі аддавацца каталіком, а ня схізматыкам).

Дзяржаўна-праўнае палажэньне іншых зямель азначалася ў іх земскіх прывілеях, якія пачаў выдаваць гэтым землям яшчэ Вітаўт, а пасьля пацьвярджалі іх і пашыралі наступнікі Вітаўта. З гэтых прывілеяў відаць, што, хаця ж гэтыя землі і ня былі больш княствамі, паасобнымі дзяржавамі, але, ўсё-ж-ткі, яны захавалі шмат рысаў з свайго політычнага мінулага. Перш за ўсё непарушана захаваліся ранейшыя межы зямель, і насяленьне іх лічылася падданымі вялікага князя Літоўскага ад месца свайго жыцьця. Вайсковую службу яны адбывалі ў мясцовых „заставах", ці гарнізонах, а ў часе агульнае мобілізацыі выходзілі на вайну дружынамі на чале з намесьнікамі ваяводы свае зямлі. Судзіліся яны ў мясцовых трыбуналах. У Літоўскую зямлю на суд да гаспадара — вялікага князя — езьдзілі толькі тады, калі на гэта была ўзаемная згода тых, хто судзіўся. Некаторыя землі, — Полацкая, Віцебская і Жамойцкая, прымалі да сябе добраахвотна галоўных кіраўнікоў —намесьнікаў-ваявод і нават старасту (у Жамойці). Права гэтае было спадчынай мінулага памянёных краін, калі яны былі паасобнымі княствамі і прымалі да сябе князёў. Дзеля ажыцьцяўленьня гэтага права, а таксама дзеля таго, каб выдаваць мясцовыя законы ды адпраўляць вышэйшы суд, у краінах зьбіраліся мясцовыя соймы або вечы, на якіх былі прысутны тутэйшыя князі, баяры, жыхары гарадоў. На ўсе мясцовыя адміністрацыйныя пасады звычайна прызначалі тутэйшых зямляўласьнікаў; з іх-жа складаліся рады пры галоўных кіраўнікох зямель; рады гэтыя замянілі князёўскія думы.

Удзельныя княствы таксама мелі ўнутраную аўтономію, у васобе князёў яны мелі мясцовых гаспадароў, якія, застаючыся васаламі вялікага князя, самаўладна кіравалі сваімі княствамі, — адпраўлялі ў сваіх княствах суд, давалі баярам, цэрквам і манастыром землі і людзей, звальнялі ад падаткаў і павіннасьцяй на сваю карысьць, аслабанялі ад падсуднасьці сваім намесьнікам і цівунам і г. д. У ўрадавай дзейнасьці гэтых мясцовых гаспадароў прымалі ўдзел і тутэйшыя баяры, якія займалі розныя пасады ва ўдзельных княствах і складалі думу, або раду ўдзельных князёў.

Увесь гэты конглёмэрат зямель і княстваў зьвязвала і ўзмацоў вала ўлада вялікага князя. У Літве ня вызначыўся пэўны парадак перайманьня „стала“. У XIV сталецьці гэты стол замяшчалі са згоды найбольш магутных і ўплывовых князёў з роду Гэдыміна, пры падтрыманьні літоўскага баярства. З пачатку ХѴ сталецьця ўтварылі абіральныя соймы, на якіх бывалі прысутны князі і вяльможныя літоўскія баяры, або паны, як сталі іх празываць, бяручы прыклад з Польшчы. Гэты парадак выклікаў нездаваленьне сярод князёў і баяр іншых зямель Літоўска-Беларускае дзяржавы, якое неаднакроць пераходзіла ў адкрытыя паўстаньні і міжсобіцы, напрыклад, - пасьля сьмерці Вітаўта (1430), ці ў часе абраньня на вялікае князяваньне Казімера, сына Ягайлы (1440). З гэтае прычыны пад канец XV сталецьця пачынаюць прымаць удзел у вабраньні вялікіх князёў ужо і "старшыя" князі і баяры з іншых зямель.

Асновай матар'яльнае магутнасьці вялікага князя былі яго "домены" або гаспадарскія маёнткі. У склад іх раней за ўсё увашлі радавыя маёнткі тых дынастый, з якіх паходзілі вялікія князі. Гэтыя радавыя маёнткі павялічваліся за кошт маёнткаў, якія былі адабраны ад іншых літоўскіх князёў і атрыманы ў спадчыну ад князёў беларускіх і украінскіх. У гэтых маёнтках вялікія князі мелі ўласную гаспадарку; тут знаходзіліся іх двары і палацы, інакш кажучы — сельска-гаспадарчыя сядзібы, разам з чэлядзьдзю, скацінай, інвентаром і рознымі запасамі. Тут жылі загаднікі вялікага князя, розных найменьняў (намесьнікі, цівуны, пазьней - старасты-дзяржаўцы, прыставы, прыказьнікі і г. д.), якія высылалі дворную чэлядзь і аколішнае сялянства на працу — на поле, на сенажаці, у лясы, у гароды, сады, на рэчкі і азёры; гэтыя-ж самыя загаднікі зьбіралі і ахоўвалі ці прадавалі за грошы земляробскія продукты, прыплод ад скаціны, здабычу з лясоў. Але, апроч уласнае гаспадаркі, вялікі князь меў прыбытак ад сваіх маёнткаў, абкладаючы натуральнымі грашовымі паборамі тых земляробаў, прамыслоўцаў, гандляроў і рамесьнікаў, якія жылі ў гэтых маёнтках. Прыбыткі з гэтых маёнткаў ішлі на ўтрыманьне самога вялікага князя, яго сям'і і двара; гэтыя ж прыбыткі ішлі, галоўным чынам, і на дзяржаўныя патрэбы. Урэшце, вялікі князь меў ад сваіх доменаў і тую яшчэ карысьць, што ўтрымліваў на іх мноства вайскоўцаў-баяр і слуг рознага стану, якія трымалі пад гаспадаром землі ў гэтых доменах на розных умовах — "до воли господарское", "до живота", "на вечность". Гэтая ваенная сіла рабіла вялікага князя магутным. Яна была падпарадкавана загадам ня толькі вялікага князя, але і ўсіх буйных зямляўласьнікаў, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасьці ад вялікага князя. Зьнявольваньне народнае масы было ўсеагульным ня толькі ў гаспадарскіх маёнтках, але таксама ў князёўскіх і панскіх. Сялянства было цалком падпарадкавана вялікаму князю, князём, паном і баярам, і ня прымала ніякага ўдзелу ў політычным жыцьці краіны; яна пасыўна выконвала загады вялікага князя і яго ўраднікаў — намесьнікаў, цівунаў, прыказьнікаў, прыставоў, сотнікаў, сарочнікаў, дзесятнікаў і г. д. Толькі ў доменах вялікага князя і ў некаторых мясцовасьцях, а пaiменна у падняпроўскіх і задзьвінскіх валасьцёх, тутэйшае прамысловае сялянства, якое плаціла значную дань вялікаму князю, карысталася адносна большай воляй і самастойнасьцю.

Імі кіравалі абраныя старцы, якія ня толькі раскладалі дань і падаткі, але і судзілі сялян. Апроч таго, адносна большую волю і самастойнасьць мела гандлёва-прамысловае насельніцтва такіх буйных гандлёва-прамысловых цэнтраў, як Вільня, Полацак, Віцебск, Смаленскі Кіеў. "Местичи“ гэтых гарадоў прымалі ўдзел у мясцовых народных сходах, соймах або вечах, у вырашэньні ўсялякіх пытаньняў што да політычнага жыцьця краін, мелі адносіны да судоўніцтва і г. д. У кіраваньні дзяржавай вялікі князь карыстаў з дапамогі і супрацоўніцтва, галоўным чынам, уласьніцкае арыстократыі — князёў і паноў Літоўскае зямлі, якія і абіралі яго на вялікае князяваньне. Ён прызначаў іх на розныя пасады або ўрады як у цэнтры, гэтак і на мясцох, — на пасады ваяводы, старасты, ці намесьніка; надаваў розныя прыдворныя годнасьці "достоінствы"; гэтая-ж самая арыстократыя складала і раду вялікага князя, з якою ён раіўся ў бягучых справах і адпраўляў вышэйшы суд у дзяржаве; гэтая-ж самая арыстократыя зьбіралася звычайна на соймы дзеля абгавораў найбольш важных пытаньняў. Толькі з трыццатых гадоў ХѴ сталецьця, калі аслаб царкоўны антогонізм паміж каталікамі і праваслаўнымі, і калі правы і вольнасьці паноў і баяр Літоўскае зямлі пашырыліся на князёў, паноў і баяр беларускіх і украінскіх зямель вялікага княства, беларуская і украінская арыстократыя пачала трапляць спорадычна ў кіраўнічыя літоўскія сфэры, у гаспадарскую раду і на першарадныя пасады, а ў канцы ХѴ сталецьця — пачала прымаць удзел і ў соймах вялікага княства. Напружнае змаганьне з Масквой, якая пачала прэтэндаваць на беларускія землі вялікага княства Літоўскага, прымусіла ўрад вялікага князя прыцягваць да ўдзелу ў кіраўніцтве і ў вырашэньні агульна-дзяржаўных пытаньняў і арыстакратыю беларускіх і украінскіх зямель. Гэтае ж самае напружнае змаганьне, якое ўскладнялася дзякуючы барацьбе з крымскімі татарамі, а часамі і з Турэччынай, і якое вымагала вялізных ахвяр з боку ўсіх вайскоўцаў зямляўласьнікаў, - ня толькі буйных князёў і паноў, але і дробных баяр, - прымусіла, урэшце, літоўскі ўрад прыцягваць да соймавых нарад і пастаноў і звычайны ваеннаслужылы люд — баяр усіх зямель вялікага княства, якія ўладалі маёнткамі "пад гаспадаром". З пачатку ХVІ сталецьця пачаліся вальныя соймы, якія звычайна вырашалі пытаньні аб службе ў войску і аб памерах вайсковых падаткаў з "земскіх" маёнткаў. Неўзабаве на гэтых вальных соймах пачалі ўзьнімаць ды вырашаць і іншыя важныя пытаньні што да ўнутранага кіраваньня ці дзяржаўнага будаўніцтва.

На пачатак ХѴІ сталецьця Літоўска-Беларуская дзяржава сформавалася канчальна. У часе змаганьня з Масквой вялікае княства страціла землі: Чарнігава-Северскую, паўночныя часткі Полацкае і Віцебскае зямель і зямлю Смаленскую. З прычыны націску з боку крымскіх татар яно прымушана было адыйсьці ад ўзьбярэжжа Чорнага мора і даўнейшых меж украінскае аселасьці на вышнявіны паўднёвага Бугу, да Цясьміна і Ворсклы. Але рэшта тэрыторыі консолідавалася, зьлілася ў адно політычнае цэлае, у вадну дзяржаву. Фэдэралістычны характар гэтае дзяржавы ўжо больш не пагражаў ёй распадам; політыка цэнтральнага ўраду замірыла паасобныя краіны дзяржавы, пашырыўшы на зямляўласьнікаў гэтых зямель большую частку сваіх праў і вольнасьцяй і далучыўшы іх да агульнага політычнага жыцьця дзяржавы. За дзьвесьце пяцьдзесят год, якія мінулі ад пачатку існаваньня гэтае дзяржавы, яна стала яшчэ больш беларускай, чымся раней. Літоўская арыстократыя, што стаяла на чале кіраўніцтва, баярства і гарадзкое жыхарства Літоўскае зямлі, а таксама і значная частка земляробаў у Верхняй Літве зьбеларусізаваліся. Толькі ў Ніжняй Літве (Жамойць) ды ў заходніх валасьцёх Верхняе Літвы і далей трымалася літоўская мова. Але грамадзкі лад, унутранае жыцьцё і тут былі пад моцным уплывам беларускіх парадкаў і беларускае культуры. З канца XIV сталецьця з беларускім уплывам звычайна спаборнічаў польскі ўплыў. Дзякуючы гістарычным абставінам Літва прымушана была ўтварыць політычны саюз з Польшчай і блізка стаць да яе ва унутраным укладзе сваіх грамадзкіх і політычных адносін, а часткай і ў духоўных. Перад новастворанай у ХІІI і XIV сталецьцях Літоўска-Беларуская дзяржавай паўсталі тры галоўныя заданьні — адбівацца ад немцаў Прускага і Лівонскага ордэнаў, якія нішчылі Літву, маючы на мэце перамагчы яе і абярнуць у хрысьціянства, ад татар, якія націскалі з поўдню і з паўднёва-ўсходняга боку, і ад Масквы, якая ўзмацнялася і спаборнічала з Літвой у сваім пашырэньні за кошт беларускіх і украінскіх зямель. Да апошняй чвэрці XIV сталецьця Літоўска-Беларуская дзяржава больш-менш з посьпехам змагалася з усімі сваімі ворагамі. Каб змагацца з немцамі, Гедымін укладаў саюзы з польскімі князямі. Сыны яго Альгерд і Кейстут, скінуўшы з вялікакнязёўскага стала брата свайго Яўнута, забралі ў свае рукі кіраваньне вялікім княствам, падпарадкавалі сабе рэшту князёў і падзялілі паміж сабой сфэру сваіх уплываў. Кейстут, заснаваўшы сваю рэзыдэнцыю ў Троках, сярод чыстае Літвы, узяў на сябе абарону краіны ад немцаў, і мужна выконваў гэтую справу, выклікаючы зьдзіўленьне і пашану з боку сваіх ворагаў. Альгерд заснаваў сваю рэзыдэнцыю ў Вільні, у беларускай напалову Літве, і, прызнаючы Кейстута за старэйшага, узяў на сябе абарону вялікага княства ад татар, і таксама з посьпехам вёў справу. Ён ня даў Маскве заўладаць Смаленскам, пашырыў літоўскую ўладу на берагі верхняе Акі і на украінскія землі, якія ён вызваляў з-пад татарскага панаваньня (землі Кіеўскую, Падольскую і Чарнігава-Северскую). Супольнымі высілкамі сыноў Гедыміна Літва абараніла ад палякаў Валынскую зямлю і замацавала яе за вялікім княствам. Але, як памёр Альгерд (1377), у Літоўска-Беларускай дзяржаве пачаліся ўнутраныя нязгоды. Немцы з ордэну стараліся ўсялякімі спосабамі павялічваць хатнія спрэчкі на Літве, дапамагалі і давалі парады то адным, то другім. Маладой Літоўска-Беларускай дзяржаве пагражаў распад і пагібель. У такіх абставінах вялікі князь Ягайла, а таксама князі — сыны Гедыміна, якія яго падтрымлівалі, і літоўскія баяры вырашылі шукаць блізкага саюзу з Польшчай праз шлюб Ягайлы з наступніцай польскага пасаду Ядвігай. Для Польшчы, з свайго боку, вельмі патрэбна была дапамога для барацьбы з немцамі, якія адабралі ў яе нізавіну ракі Віслы і загарадзілі выхад у мора. У 1385 годзе падпісалі ў Крэве ўгоду аб вуніі Польшчы і Літвы. Ягайла дакляраваў прыняць каталіцкую веру з усімі сваімі братамі і з раднёй, а таксама дакляраваў, што прымуць каталіцтва ўсе — і вяльможныя, і простыя, і малыя, і старыя; апроч таго, ён абавязаўся ахвяраваць свой скарб на патрэбы Польшчы, зьвярнуць адабраныя ад Польшчы землі, выплаціць ранейшаму жаніху Ядвігі, аўстрыяцкаму прынцу Вільгельму 200.000 флёрынаў, выпусьціць на волю палонных хрысьціян, і, што самае галоўнае, назаўсёды далучыць свае землі да кароны Польскай. Паводле сэнсу абавязкаў, якія прыняў на сябе Ягайла, індывідуальнае існаваньне Літоўска-Беларускае дзяржавы спынялася зусім і яна інкорпоравалася з Польшчай у вадну дзяржаву. Як толькі Ягайла акаранаваўся ў Кракаве, усіх літоўскіх князёў прымусілі прысягнуць каралю, каралеве і кароне Польскай. Літоўскія баяры, якія прынялі хрысьціянства, атрымалі ў 1387 годзе правы, аднолькавыя з польскай шляхтай.

Вунія, аднак, ня зьдзейсьнілася ў тых формах, як яе ўлажылі на паперы. Калі Ягайла, якому далі імя Уладыслава, пераехаў у Польшчу і адтуль пачаў кіраваць Літвой, з дапамогай польскіх паноў і прэлятаў, Літоўскую зямлю ахапіла вялікае абурэньне. На чале нездаволеных стаў родны брат Ягайлы — Вітаўт, які падняў адкрытае паўстаньне. Ягайла наслаў у Літву польскае войска, паставіўшы яго амаль што па ўсіх гарадох вялікага княства. Але Вітаўт меў агульнае спачуцьцё і знашоў сабе падтрыманьне з боку насельніцтва вялікага княства: жыхары падвозілі яго войску харч і корм для коняй, далучаліся да войска і разам з ім нападалі на польскія атрады і нішчылі іх. Ягайла і палякі прымушаны былі падацца. На зьезьдзе ў Востраве (1392) абодвы варожыя бакі дашлі да згоды, паводле якое Вітаўт стаў кіраўніком вялікага княства Літоўскага на ўсё сваё жыцьцё. Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае аднавілася для Вітаўта, на ўвесь час пакуль ён жыў, пад сувэрынітэтам польскага караля. Згоду ў Востраве пацьвердзілі на Віленскім сойме ў 1401 годзе.

У 1413 годзе палякі прымушаны былі зрабіць новае папушчэньне - прызнаць існананьне вялікага княства Літоўскага, як асобнае дзяржавы, пад сувэрынітэтам караля польскага, і пасьля таго, як памёр Вітаўт. За гэты час пад кіраўніцтвам Вітаўта вялікае княства Літоўскае значна ўзмацнілася. З княствамі і землямі ўсходняга славянства — з Масквой, Разаньню, Ноўгарадам і Псковам, пасьля некаторых сутычак, Вітаўт улажыў умовы, большай часткай карысныя для вялікага княства. Вітаўт пачаў значна ўплываць на арду ў справе замяшчэньня ханскага пасаду. Пасьля Грунвальдзкае бітвы, у якой Літва разам з Польшчай разьбіла сілы нямецкага ордэну, вялікае княства Літоўскае стала лічыцца за значную політычную адзінку і ў вачох Захаду. З Вітаўтам пачаў беспасрэдныя зносіны імпэратар Жыгімонт; з Вітаўтам жа зносіліся, часьцей за ўсё, і немцы з ордэну, якія клапаціліся аб згодзе, беспасрэдна самі ці праз імпэратара, як пасярэдніка. Усё гэта павінна было рабіць уражаньне і на палякаў: яны пачалі баяцца здрады Вітаўта і літоўцаў, тым больш, што немцы ўвесь час баламуцілі, хочучы парваць вунію Літвы з Польшчай. Гэта прымушала палякаў паклапаціцца аб новым пацьвярджэньні і ўзмацненьні вуніі. На агульным польска-літоўскім зьезьдзе ў Гародлі, што на рацэ Бугу, улажылі новы акт аб вуніі, паводле якога літоўцы абавязаліся нікога не абіраць, як памрэ Вітаўт, і ня прымаць да сябе ў вялікія князі без папярэдняе згоды з палякамі, а палякі, у сваю чаргу, абавязаліся не абіраць сабе каралёў без нарады з літоўцамі. Такім чынам, паводле акту, падпісанага ў Гародлі, Літва, застаючыся ў неразрыўным злучэньні з Польшчай, заўсёды будзе мець асобнага вялікага князя, якога будзе зацьвярджаць кароль польскі.

Аднак, гэты акт вуніі парушылі, як толькі памёр Вітаўт. Вялікае князяваньне, бяз згоды палякаў, абняў Сьвідрыгайла - сын Альгерда, падтрыманы беларускімі і украінскімі князямі і баярамі (1430). Сьвідрыгайла ня толькі парваў вунію, але і стаў у варожыя да Польшчы адносіны. Абапіраючыся, галоўным чынам, на беларускіх князёў і баяр у кіраваньні дзяржавай, Сьвідрыгайла выклікаў супроць сябе нездаваленьне літоўскіх паноў, якім дагэтуль належыла галоўная роля. Палякі скарысталі з гэтага, каб скінуць Сьвідрыгайлу з вялікага князяваньня, і, маючы падтрыманьне з боку літоўскіх князёў, пасадзілі на вялікае князяваньне Жыгімонта, брата Вітаўта (1432), прычым узялі з яго запіс, што пасьля яго сьмерці вялікае княства адыходзіць да караля польскага. Жыгімонт загінуў, як ахвяра змовы літоўскіх паноў, якія былі абураны яго тыраніяй (1440). Як памёр Жыгімонт, літоўскія паны выправілі ў Польшчу пасольства з просьбай да польскага караля Ўладыслава прыслаць у Літву каралевіча Казімера каралеўскім намесьнікам. Але толькі Казімер прыехаў у Вільню, як зараз-жа абвесьцілі яго вялікім князем, бяз згоды палякаў і супроць пастановы актаў 1413 і 1432 гадоў. Каб неяк захаваць вунію, палякі прымушаны былі згадзіцця з самавольным абраньнем Казімера на вялікае князяваньне, і, з свайго боку, абралі яго каралём польскім (1447). Пасьля сьмерці Казімера (1492) літоўскія паны сабралі "старэйшых“ (князёў і баяр) з усіх зямель вялікага княства і, ня пытаючыся палякаў, абралі на вялікае князяваньне сына Казімера - Аляксандра. Польскія паны, у вадпаведнасьці з актам аб вуніі, што быў падпісаны ў Гародлі, хацелі прыцягнуць літоўцаў да ўдзелу ў абраньні караля, але літоўцы адмовіліся паехаць на абраньне, бо добра ведалі, што гэты ўдзел быў-бы з іх боку прызнаньнем абавязкавае моцы гарадэльскага акту. Пасьля таго, як абралі за караля Яна Альбрэхта, вялікі князь Аляксандар, замест акту субмісіі, выправіў паслоў прывітаць брата і прыпомніць яму, аб сяброўстве іх дзяржаў, якія ў часы іх нябожчыка бацькі заўсёды дапамагалі ядна другой супроць замежных ворагаў. Такім чынам, замест былое вуніі, літоўцы атрымалі толькі фактычны сяброўскі саюз Польшчы і Літвы.

Абставіны, аднак, хутка прымусілі Літву аднавіць Гарадэльскую вунію з Польшчай. На Літоўска-Беларускую дзяржаву напала Масква, якая аб'яднала навокал сябе ўсё паўночна-ўсходняе славянства; у выніку гэтага нападу Літоўска-Беларуская дзяржава страціла частку Смаленскіх і Віцебскіх зямель і тых княстваў, што былі на берагох верхняе Акі. У той самы час крымскія татары пачалі нязвычайна нішчыць паўднёвыя краіны вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Да іх далучыліся туркі (1498), якія страшэнна зьнішчылі Падольле і Галічыну, забраўшы да 100.000 у палон. Пасьля даўгіх перамаўленьняў аб аднаўленьні вуніі, без парушэньня гонару абедзьвух дзяржаў, вунія была адноўлена на аснове Гарадэльскага акту (1499). Але неўзабаве стала ясна, што такая вунія мала забясьпечвала і Літве і Польшчы ўзаемнае падтрыманьне, узгодненасьць у справах, калі яны, як і раней, заставаліся паасобку і ня злучаліся ў адну дзяржаву з адным урадам. У часе змаганьня, якое пачалося зноў з Масквой, палякі не далі ніякае дапамогі Літве, бо рыхтаваліся ў той час да паходу на туркаў і павінны былі адбівацца ад нападаў з боку крымскіх татар. Таму, як толькі памёр кароль Ян Альбрэхт (1501), літоўскі сойм, што сабраўся ў Горадні, выправіў паслоў на польскі абіральны сойм, прапануючы кандыдатуру князя Аляксандра і даўшы паслом поўнамоцтвы на ўкладаньне новае вуніі. Дзякуючы падтрыманьням літоўцаў Аляксандар атрымаў перамогу над іншымі прэтэндэнтамі на Польскую карону. Разам з гэтым улажылі больш блізкую вунію з Польшчай. Умовіліся, што Польшча і Літва будуць надалей мець аднаго агульнага гаспадара, якога будзе абіраць агульны Польска-Літоўскі сойм; абраны гаспадар будзе пацьвярджаць правы і вольнасьці абедзьвух дзяржаў, якія павінны мець агульную монэту і супольна весьці замежную політыку; суды і ўрады застаюцца паасобку. І гэтая вунія ня зьдзейсьнілася. Умова была пацьверджана прысягаю членаў польскага сойму, а з літоўскага боку яе пацьвердзіў вялікі знязь Аляксандар і тыя паны, якія былі з ім у Мельніку, дзе ён чакаў вырашэньня справы. Аляксандар дакляраваў, што прысягнуць і ўсе яго падданыя і выдадуць адпаведныя, замацаваныя пячаткамі, запісы, а гэтага, аднак, ён не здалеў зрабіць. Вайна з Масквой перашкаджала склікаць сойм, а пасьля таго, як яна скончылася, літоўцы ўжо ня спрыялі вуніі. Палякі не дапамаглі ім у часе вайны, і Літва нанесла вялікія тэрыторыяльныя страты, аддаўшы Маскве, паводле ўмовы 1503 году, палову Смаленскае зямлі, княствы, што былі на берагох верхняе Акі, і зямлю Чарнігава-Северскую. Літоўцы адмовіліся ратыфікаваць умову 1501 году, захаваўшы толькі пэрсональную вунію з Польшчай; літоўцы ня лічылі, што яны зьвязаны і ўмовамі Гарадэльскага акту. Калі памёр кароль Аляксандар (1506), літоўцы, не зьвяртаючыся да палякаў, абралі разам з усімі землямі, што належылі да вялікага княства, на вялікае князяваньне брата Аляксандра — Жыгімонта. Каб захаваць хаця-ж бы персональную вунію, палякі абралі Жыгімонта каралём польскім. Лічачы вялікае княства зусім незалежнай дзяржавай, літоўцы, ня пытаючыся палякаў провізорна абралі на сойме 1522 году вялікім князем, на выпадак, калі-б памёр Жыгімонт, сына яго — Жыгімонта Аўгуста, а потым урачыста пасадзілі яго на вялікае князяваньне (1529). Каб выратаваць пэрсональную вунію з Літвой, палякі ў наступным годзе абралі Жыгімонта Аўгуста каралём, так што стала два каралі — стары і малады.

Такім чынам, вунія ня зьдзейсьнілася ні ў тых формах, як яе задумалі ў 1385 і 1501 гадох і, ізноў-жа, ні ў тых формах, як яе ўтварылі ў Гародлі ў 1413 годзе. Замест вуніі, вызначанай на паперы, стала фактычная пэрсональная вунія вялікага княства Літоўскага з каронай Польскай, якая зьявілася як вынік імкненьня палякаў папярэдзіць аддзяленьне Літвы шляхам абраньня аднаго агульнага з літоўцамі гаспадара.

Сумеснае жыцьцё вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам, якое было выклікана вонкавымі прычынамі, мала дапамагло Літве ў барацьбе з замежнымі ворагамі. Польшча атрымала значную дапамогу ад вялікага княства ў барацьбе з прускім ордэнам, але Літва павінна была змагацца з сваімі ворагамі пераважна адна, і з прычыны гэтага павінна была ўсімі спосабамі павялічваць клясу вайскоўцаў. У ХѴ і пачатку XVI сталецьця адбываўся вялікі набор на службу ў войска дзеля павялічэньня таго асноўнага контынгенту, які складаўся з князёў, а таксама з баяр літоўскіх і з іншых зямель вялікага княства. На вайсковую і баярскую службу залічалі шмат заможных сялян у гаспадарскіх маёнтках. Вялікі лік гэтых заможных сялян залічалі слугамі путнымі, панцырнымі, шчытнымі, коннымі і іншымі, якія таксама адбывалі службу ў войску. Адначасна з гэтым раздаваліся землі вайскоўцам на розных умовах - на „вечность", у "вотчину", да „жывота“, „да двух животов“, „да воли господарское" і г. д. Набор у войска рабіў ня толькі гаспадар, але і буйныя зямляўласьнікі, якія, згодна з агульным палажэньнем, павінны былі ісьці на вайну не асабіста толькі, а з пэўным лікам узброеных слуг - „пахолков“, у залежнасьці ад велічыні маёнтку. Замежная барацьба выклікала вялікае імкненьне здабыць матар'яльныя і фінансавыя сродкі. Апроч звычайнага збору даўнейшых падаткаў і мыта, літоўскі ўрад пачаў практыкаваць сыстэму пасэсіі ў розных галінах гаспадаркі: аддавалі, напрыклад, на пасэсію карчмы, мытны збор, распрацоўку лясных матар'ялаў і г. д. Маючы на мэце разьвіцьцё прамысловасьці і гандлю ў гарадох, літоўскі ўрад пачаў надаваць горадом самакіраўніцтва, паводле Майдэборскага права, і браць з гарадоў за гэты прывілей пэўны „плат". Але ўсіх гэтых сродкаў не хапіла, каб здаволіць дзяржаўныя патрэбы, і ўрад прымушаны быў рабіць пазыкі ў прыватных асобу паноў і яўрэяў, забясьпечваючы іх прыбыткамі з гаспадарскіх маёнткаў і іншых крыніц, а, урэшце, даводзілася карыстацца субсыдыямі ад зямляўласьнікаў вялікага княства, выпрашваючы гэтыя субсыдыі на вальных соймах.

Але, хаця ж вунія Польшчай мала зьмяніла вонкавае палажэньне Літоўска-Беларускае дзяржавы, затое яна зрабіла моцны ўплыў на ўнутраную фармоўку яго. Раней за ўсё ўмовы вуніі формальна і канчальна замацавалі прынцып абіральнасьці вялікага князя. Умовы прадугледжвалі абраньне вялікага князя на сойме літоўскіх вяльмож, з пэўным удзелам польскага караля і сойму. Гэты ўдзел не заўсёды ажыцьцяўляўся, але абраньне на літоўскім сойме адбывалася сваім парадкам. З канца ХV сталецьця ў гэтым абраньні пачалі прымаць удзел, як ужо было адзначана, князі і баяры беларускіх і украінскіх зямель, якія на той час атрымалі аднолькавыя з літоўцамі правы і вольнасьці.

Вунія з Польшчай прынесла вялікаму княству і формальныя абмежаваньні ўлады вялікага князя на карысьць зямляўласьніцкае клясы, замацаваўшы праўна тое соцыяльна-політычнае палажэньне, якое на пачатак ХѴ сталецьця мелі князі і баяры Літоўска-Беларускае дзяржавы. Каб схіліць гэтых князёў і баяр у бок вуніі, Польская карона і вялікі князь Літоўскі выдавалі ім граматы, або прывілеі на аднолькавыя з польскай шляхтай правы і вольнасьці. Ужо ў 1387 годзе была выдадзена ўсім літоўскім баярам, што прынялі каталіцкую веру, грамата, якая забясьпечвала ім права неадоймнага ўладаньня і вольнага ўжываньня сваімі вотчынамі грамата дазваляла выдаваць дачок замуж, а ўдовам - у другі раз выходзіць замуж за каго яны захочуць. Паводле граматы 1387 году баяры звальняліся ад усялякіх павіннасьцяй і працы, апроч вайсковае службы; грамата дазваляла ім будаваць замкі і дарогі. Гарадэльскі прывілей, апроч гэтых маёмасных і асабовых праў, прызнаў за тымі літоўскімі прэлятамі і баярамі, якія прынялі каталіцкую веру, права прымаць удзел у вабраньні будучых каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх, а таксама прымаць удзел у нарадах і дзяржаўных справах; прывілей прызнаў за імі ўсе тыя правы і вольнасьці, якімі карысталіся прэляты, паны і шляхта каралеўства Польскага, паміж іншым, — права мець гэрбы. Усе гэтыя прывілеі, якія сталі ў пэўным сэнсе асноўнымі законамі Літоўска-Беларускае даяржавы, паставілі ўладу вялікага князя ў акрэсьленыя межы, выключыўшы магчымасьць разьвіцьця яе ў кірунку абсолютызму. I гэта тым больш справядліва, бо памянёныя прывілеі хутка атрымалі далейшае развіцьцё і былі пашыраны на беларускіх князёў і баяр вялікага княства.

Беларускіх князёў і баяр вялікага княства зраўнялі ў правох і вольнасьцях з літоўскімі ў канцы сараковых гадоў XѴ сталецьця. У пачатку трыццатых і сараковых гадоў ХV сталецьця беларускія і украінскія князі і баяры, якія былі нездаволены з прычыны політычнае гегемоніі і прывілеяванага палажэньня літоўцаў, пасадзілі на вялікае князяваньне свайго кандыдата — Сьвідрыгайлу, сына Альгерда. Але гэты князь не здалеў утрымаць у сваіх руках уладу. У пачатку сараковых гадоў, з прычыны нездавальненьня князёў і баяр беларускіх і украінскіх зямель, і нават зямлі Жамойцкае, падняліся паўстаньні зямель і выявілася імкненьне іх да адпаду ад Літвы. Літоўскі ўрад, каб замірыць паўстаўшыя землі, быў прымушаны ня толькі гарантаваць ім непарушнасьць старасьветчыны, але зраўняць правы і вольнасьці зямляўласьнікаў памянёных зямель з літоўцамі. Спачатку ўрад зрабіў гэта ў агульна-земскім прывілеі 1447 году, а неўзабаве і у краёвых прывілеях, якія былі нададзены паасобным землям вялікага княства. Агульна-земскі прывілей 1447 году, які быў выдадзены ў той момант, калі Казімер, сын Ягайлы, атрымаў Польскую карону, меў на мэце здаволіць зямляўласьнікаў вялікага княства і прымусіць іх пагадзіцца з тым, што ўстаноўлена вунія вялікага княства з каронай Польскай. Прывілей пашырыў правы зямляўласьнікаў і разам з тым, вызначаў новыя абмежаваньні ўлады вялікага князя. Вялікі князь звальняў усіх князёўскіх, панскіх, шляхоцкіх, баярскіх і мяшчанскіх сялян („кметаў") ня толькі ад выплаты натуральных падаткаў („дзякла") і ад прыгонных павіннасьцяй на яго, вялікага князя, але і ад выплаты грашовага падатку - сярэбшчыны або падымшчыны; вялікі князь браў абавязак ня прымаць на свае землі уласьніцкіх сялян, ужо прымацаваных, забараняючы рабіць гэта самае уласьнікам у вадносінах да сялян вялікага князя; урэшце, ён устанаўляў, што суд над уласьніцкімі сялянамі павінны адпраўляць самі ўласьнікі. Усе гэтыя факты падатлівасьці вялікага князя былі нішто іншае, як падзел дзяржаўнае ўлады над народнымі гушчамі паміж вялікім князем і зямляўласьнікамі, якія ў адносінах да сваіх „падданых“ рабіліся такімі самымі гаспадарамі, як і сам вялікі князь да ўсіх іншых. Такім спосабам у Літоўска-Беларускай дзяржаве замацоўваўся лад, які меў шмат агульных рысаў з заходня-эўропейскім і, між іншым, з польскім фэўдалізмам. Разам з гэтым разьвіналіся асновы літоўска-беларускага парлямантарызму і констытуцыяналізму. У гэтым сэнсе асабліва важны быў той артыкул прывілею 1447 году, які вызваляў уласьніцкіх падданых ад дзяржаўных падаткаў. Гэты артыкул з цягам часу, з канца ХѴ сталецьця, калі дзякуючы вайне зусім зьбяднеў скарб вялікага князя, прымушаў яго выпрашваць у зямляўласьнікаў субсыдыі на патрэбы дзяржавы, дзеля чаго ён склікаў іх на соймы, а зямляўласьнікам памянёны артыкул даў магчымасьць здабыць ад вялікага князя новыя правы і вольнасьці, якія абмяжоўвалі яго ўладу.

Фактычная пэрсональная вунія Літвы з Польшчай, якая ўстанавілася з паловы ХV сталецьця, выклікала павялічэньне політычнае вагі гаспадарскае рады пры вялікім князе. Пакуль вялікі князь жыў у Літоўска-Беларускай дзяржаве, гаспадарская рада была дарадчай установай, аднак, яна мела пэўны аўторытэт, бо складалася з выдатных і буйных зямляўласьнікаў вялікага княства, якія займалі высокія пасады. Але з таго часу, як вялікія князі пачалі жыць даўгі час і пераважна ў Польшчы, як каралі польскія, рада атрымала значэньне вышэйшага ўраду краіны і заняла самастойнае становішча, будучы на варце праў вялікага княства супроць магчымасьці парушэньня іх з боку самога гаспадара, які быў адначасна і польскім і літоўскім гаспадаром. У такой ролі рада выступала ў часы Казімера, калі быў даўгі час конфлікт з Польшчай з-за Валыні і Падольля, і з прычыны тлумачэньня актаў вуніі, паколькі Казімер часамі схіляўся ў бок польскіх дамаганьняў. Рада ў часы Казімера стала ня толькі асабістай дарадчай установай вялікага князя, але і дзяржаўнай установай вялікага княства. Вызначыўся больш-менш круг пасад і годнасьцяй, якія давалі месца ў "лавіцы" гаспадарскае рады, a таксама і парадак гэтых месц. Нова-утвораная дзяржаўная рада выкарыстала абраньне наступніка Казімера дзеля таго, каб формальна, de jure, замацаваць сваё становішча. Новы вялікі князь Аляксандар, сын Казімера, выдаў у 1492 годзе прывілей, у якім ён абавязаўся весьці дыплёматычныя зносіны з іншымі дзяржавамі толькі пасьля папярэдніх абгавораў з панамі — радай, не зьмяняць самастойна нічога ў справах унутранага кіраваньня з таго, што ўжо было вырашана супольна з панамі-радай; "державы" прызначаць тым кандыдатам, якіх пададуць ваяводы, а па ускрайках княства, - са згоды паноў-рады; апроч таго, вялікі князь абавязваўся ні у кога не адбіраць „урадаў" калі ня было віны, і без парады з панамі - радай, усе прыбыткі з мытніц, карчмаў, судовых штрафаў ужываць толькі са згоды паноў-рады і г. д. Калі абіралі наступнага вялікага князя Жыгімонта, паны-рада яшчэ больш павялічылі свае правы. Прывілей 1506 году ўстанавіў, што ўсе законы і загады, накіраваныя на карысьць дзяржавы, павінны выдавацца толькі пасьля сталага абмеркаваньня з панамі — радай, з іх ведама і згоды.

Збліжэньне з Польшчай выклікала і тое, што вялікія князі літоўска-беларускія, каб мець аднолькавае з Польшчай прадстаўніцтва пры двары і на агульных польска-літоўскіх соймах, устанавілі такія самыя вышэйшыя пасады і прыдворныя годнасьці, якія былі і ў Польшчы. У вялікім княстве Літоўскім зьявіліся ваяводы, як краёвыя намесьнікі, кашталяны, маршалкі (земскі і дворны) канцлер i падканцлер, падскарбі (земскі і дворны), гэтманы (найвышэйшы і дворны), падчашы і чашнік, крайчы і кухмістар, падстолі і стольнік, падкаморыі і каморнікі, канюшы дворны, харунжы (земскі і дворны), мечнік, сакратары і пісары. І ўрадавыя асобы на мясцох паступова атрымалі польскія найменьні — стараст, дзяржаўцаў (замест ранейшых намесьнікаў і цівунаў). Даўнейшыя заможныя баяры, буйныя самастойныя зямляўласьнікі пачалі, так як і ў Польшчы, празывацца панамі, а звычайныя баяры - шляхціцамі, зямянамі. Літоўска-беларуская зямляўласьніцкая кляса ўзяла сабе ня толькі польскія найменьні, але таксама і ідэі аб сваёй шляхотнасьці, аб сваім вяльможным пахаджэньні, аб розьніцы паміж імі і простымі людзьмі —халопамі. Разам з гэтымі паняцьцямі перашлі ў вялікае княства Літоўска-Беларускае і некаторыя зьвязаныя з імі звычаі - гэрбы і кляйноты, надаваньне шляхоцтва, прысьвячэньне ў рыцары і г. д.

Лучнасьць з палякамі адбілася і на ўнутраным жыцьці літоўска-беларускага грамадзянства; паводле аднае з умоў першае вуніі Літвы з Польшчай было, як ужо адзначана, тое, што літоўскія баяры і князі павінны былі прымаць каталіцкую веру. Пасьля заснаваньня ў Вільні і ў Жамойці біскупскіх катэдраў і ўтварэньня саборных капітулаў, каталіцтва пачало пашырацца і сярод народных гушчаў літоўскае нацыянальнасьці. Што датычыць вышэйшых кляс беларуска-украінскага грамадзянства, дык іх спачатку схілялі ў каталіцкую веру прывілеямі, якія давалі каталіком. Калі ж гэты спосаб пачаў даваць малыя вынікі, а прывілеі, нададзеныя каталіком, выклікалі толькі нацыянальна-політычны антагонізм у Літоўска-Беларускай дзяржаве, пачалі рабіць спробы далучыць беларусаў і украінцаў грэцкае веры да рымскай царквы праз вунію. У пачатку ХѴ сталецьця ў каталіцкай царкве, пад уплывам "вялікага расколу", які здарыўся ў выніку абраньня спачатку двох, а потым трох пап, пачаўся саборны рух да рэформы царквы, да ўсеагульнае хрысьціянскае згоды, да зьнішчэньня схізмы ня толькі ў нетрах каталіцкае царквы, але і паміж заходняй і ўсходняй царквой. Літоўскі ўрад, з свайго боку, спагадаў гэтаму руху, маючы на мэце ўтварыць унутраны спакой у сваёй дзяржаве праз зьнішчэньне нацыянальна-рэлігійнага антагонізму. Вітаўт паслаў на Констанцкі сабор кіеўскага мітрапаліта Рыгора Цамбляка, з біскупамі, каб той вёў перамаўленьне аб вуніі грэцкае царквы з рымскаю. З вуніі на гэты раз нічога ня вышла, але думка аб ёй не памірала. Калі сабраўся ў 1431 годзе сабор у Базэлі, праваслаўныя князі і баяры вялікага княства Літоўска-Беларускага прыслалі на сабор заяву аб тым, што яны згодны далучыцца да вуніі з рымскай царквой, калі толькі іх „старэйшыя" прыдуць да згоды з айцамі сабору. Гэтыя „старэйшыя", як ведама, прышлі, урэшце, да згоды. На флёрэнтыйскім саборы 1439 году мітрапаліт "усяе Русі" Ізыдар далучыўся да вуніі з рымскай царквой. Маскоўцы не прынялі вуніі, але праваслаўныя ў Літоўска-Беларускай дзяржаве спачатку не пярэчылі. Літоўска-беларуская царква аддзялілася ад ўсходня-славянскай і засталася пад кіраўніцтвам мітрапаліта вуніта, спачатку Ізыдара, а потым, з 1458 году, Рыгора Баўгарына. Але, ня гледзячы на ўсё гэта, беларусы дрэнна ўспрыймалі вунію, што адбівалася і на паводзінах духавенства. Наступнікі Рыгора Баўгарына на мітрапаліцкай катадры пасылалі за благаслаўленьнем да канстантынопальскіх патрыярхаў, якія ўжо парвалі з вуніяй. Гэта было прычынай таго, што Літоўскі ўрад заснаваў на Літве, а таксама на Беларусі і Украіне некалькі манастыроў Бэрнардынскага ордэну, каб браты гэтых манастыроў сваім навучаньнем і жыцьцём далучалі гарэтыкаў і схізматыкаў гэтых краін да адзінства царквы". Урад пачаў ужываць некаторы ўціск; гэтак напрыклад, у 1481 годзе, быў выдадзены загад, які забараняў праваслаўным будаваць цэрквы аднаўляць даўнейшыя і рамантаваць старыя, але ўсе гэтыя мерапрыемствы ня толькі не дасяглі свае мэты, але нават выклікалі бязладзьдзе і абурэньне ў вялікім княстве. Ужо ў 1481 годзе князі — Міхал Алелькаў Слуцкі, Хведар Іванаў Бельскі і адзін з князёў Гальшанскіх зрабілі змову з мэтай загубіць караля Казімера, а калі гэтага зрабіць не здалеюць, дык "адсесьці" ад вялікага княства з усімі землямі, што на берагох ракі Бярозы, і злучыцца з Масквой. Некалькі пазьней пачалі адсядаць ад Літвы і злучацца з Масквой "верхаўскія" князі. Націск каталіцызму быў прычынай таго, што і вялікі князь Маскоўскі пачаў барацьбу з Літвой за беларускія землі і анэксаваў іх. Літоўскі ўрад прымушаны быў адмовіцца ад усялякіх рашучых мерапрыемстваў дзеля пашырэньня вунії; ён абмежаваўся толькі тым, што прызначаў на мітрапаліцкую катадру асоб, якія не вызначаліся царкоўнай нязносьлівасьцю, як, напрыклад, Язэп Солтан. Агулам кажучы, калі царкоўная вунія формальна і ня была, дык усё-ж-ткі ў значнай меры паслаб царкоўна-нацыянальны антагонізм паміж каталіцкай Літвой і праваслаўным жыхарствам. Шмат дапамагала гэтаму і зраўненьне літоўцаў і беларусаў у правох і вольнасьцях, якое адбылося ў зьвязку з пробамі ўвесьці царкоўную вунію.

Польскія ўплывы на быт літоўска-беларускага грамадзянства выявіліся і ў пашырэньні польскае мовы і польскае пісьменнасьці сярод вышэйшых кляс. Літоўскія вяльможы, якія разам з вялікім князем езьдзілі ў Польшчу або на соймы з палякамі, вучылі польскую мову, знаёміліся з польскімі модамі ў вопратках і ў хатнім абсталяваньні, знаёміліся з польскімі густамі ў кніжнай справе. Частая лучнасьць з палякамі адбівалася і на офіцыяльнай мове вялікага княства - беларускай, у якой усё больш і больш можна было сустрэць полёнізмаў. Таксама як і у Польшчы, пачала офіцыяльна ўжывацца і сярэднявечная лаціна, на якой пачалі пісаць агульна-земскія прывілеі вялікага княства і некаторыя з краёвых (прывілеі Жамойцкае зямлі). Польшча ўцягнула Літву і ў больш жывыя, чымся раней, зносіны з Заходняй Эўропай. Літоўскія паслы, разам з польскімі, пачалі езьдзіць на розныя дыпламатычныя зьезды. Пачалі пасылаць літоўска-беларускую моладзь вучыцца ў заходня-эўропейскія унівэрсытэты для навукі (у Праскім Унівэрсытэце ўтварылася цэлая корпорацыя гэтае моладзі.) Моладзь з багатых родаў пачала вучыцца нават і ў італьлянскіх унівэрсытэтах, якія былі вядомы сваёй юрыспрудэнцыяй. Там вучыўся, паміж іншымі, пан Альбрэхт Гаштольд, які стаяў на чале камісіі, што склала першы літоўскі статут. У Італіі вучыўся вядомы пісар вялікага княства Літоўскага Іван Сапега, той самы "Івашка Пісар", які нудзіў вялікую княгіню Алёну да рымскага закону і які, паводле некаторых вестак, быў пачынальнікам літоўска-беларускага летапісаньня. Політычная блізкасьць вялікага княства Літоўскага да Польшчы зьявілася прычынай і таго факту, што духоўнае жыцьцё літоўска-беларускага грамадзянства было праз гэта пад больш ранейшым, а разам з тым і больш моцным уплывам заходня-эўропейскае думкі і асьветы, чымся гэта здарылася на славянскім усходзе. У Літву і Беларусь на працягу ХѴ і ХѴІ сталецьцяў ішлі і гуманістычныя і рэформацкія плыні. У бібліотэках літоўска-беларускіх шляхціцаў сустракаюцца ў гэты час творы Цэвара, Цыцэрона, Гомэра, працы з філёзофіі, мэдыцыны і прыродазнаўства. Таксама, як у Заходняй Эўропе, і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве выяўляецца імкненьне да сьвядомага вывучаньня сьвятога пісьма, зьяўляюцца сьпісы бібліі з перакладам незразумелых стараславянскіх выразаў на беларускую мову, а потым і пераклады ўсяго тэксту на беларускую мову (эвангельле ў перакладзе Васіля Цяпінскага, біблія ў перакладзе доктара Падуанскага Унівэрсытэту Францішка Скарыны). Гэтыя пераклады, таксама як і на Захадзе Эўропы, былі апавесьнікамі царкоўнае рэформацыі, якая ахапіла ў ХѴІ сталецьці Літву і Беларусь.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.