Літоўская мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі
Літоўская мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі Артыкул Аўтар: Дзмітрый Даўгяла 1933 Крыніца: Даўгяла Зьмітро. Літоўская мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі // Спадчына 1997. №4. С. 85-95 |
Друкуецца паводле выданьня Беларусжага Выдавецтва ў Латвіі. Рыга, 1933 г. Прадмова Кастуся Езавітава |
Прадмова
[правіць]Беларускае грамадзтва з гісторыі Беларускае літаратуры ўжо трохі ведае аб значаньні для нашае нацыянальнае гісторыі збору дакумэнтаў, вядомых пад назовам «Літоўскае Мэтрыкі», аднак больш падрабязнага і грунтоўнага веданьня аб характары і складзе гэтага каштоўнага беларускага архіўнага фонду ў шырокіх колах беларускага грамадзтва да гэтага часу не было. Выпускаючы ў сьвет асобнай брашурай цікавы артыкул вядомага беларускага вучонага гр. Зьмітро Даўгялы, дасьледчыка нашае гісторыі, археолёгіі і этнографа, Беларускае Навукова-Краязнаўчае Т-ва і Беларускае Выдавецтва ў Латвіі хочуць гэтым як-мага хутчэй пашырыць сярод беларускага грамадзтва і нашых бліжэйшых суседзяў весткі аб гэтай невычарпальнай крыніцы беларускае гісторыі, а разам з тым далучыць і свой голас да многагодніх вымаганьняў лепшых беларускіх вучоных — гісторыкаў, якія вядуць кампанію за хутчэйшае надрукаваньне ўсіх дакумэнтаў, сабраных у Літоўскай Мэтрыцы.
Да гэтага часу справа надрукаваньня Літоўскае Мэтрыкі (больш адпаведным было-б называць яе Беларускаю Мэтрыкай, бо ніводнага дакумэнта на літоўскай мове ў ёй няма!) усякімі варожымі беларускаму aдpaджэнью коламі тармазілася. За 150 год, якія Беларуска-Літоўская Мэтрыка знаходзілася ў рукох расейскае дзяржавы, расейскіх вучоных, выдрукавана ўсяго пяць томаў гэтых дакумэнтаў, ды і тыя даўно ужо разыйшліся і зусім не даступны ня толькі беларускім студэнтам, вучыцялём і шырэйшаму грамадзтву, але і дасьледчыкам Беларускае гісторыі, раскіданым па ўсяму сьвету.
Ня дзіва, што апошнія 15 год было нават некалькі спробаў з боку нашых бліжэйшых суседзяў захапіць Літоўскую Мэтрыку ў свае рукі. Так з вымаганьнем, каб Літоўская Мэтрыка была перададзена ліцьвіном, выступіла ў 1920 годзе літоўская дэлегацыя на міравых перагаворах у Маскве[1], затым выступалі з гэткімі-ж дамаганьнямі некалькі разоў палякі, і толькі рашучыя пратэсты як з боку беларускіх вучоных устаноў у Радавай Беларусі, так і энэргійныя беларускае грамадзкае думкі ў Заходняй Беларусі і ў эміграцыі адвялі ад Беларусі небясьпеку канчаткова страціць свой найкаштаўнейшы архіўны скарб. Аднак няма ніякіх гарантый у тым, што гэтыя наскокі не паўторацца пры якой-небудзь новай гістарычнай аказіі ці зручнасьці, як няма ніякіх гарантый і ў тым, што арыгіналы гэтыя ня змогуць загінуць ад якой-колечы нечаканай катастрофы (як згінула, напрыклад, шмат архіваў пад час вялікага маскоўскага пажару 1812 году або пад час пажару Нясьвіскага замку Радзівілаў у 1917 годзе, калі загінулі і вялізарная бібліатэка, і вялікі архіў, і музэй, меўшыя надзвычайна важнае значаньне для беларускае гісторыі). Таму даўно ўжо час, каб гэтыя дакумэнты былі выдрукаваны ў належным ліку і гэтым застрахаваны ад усялякіх неспадзяванак.
Зара', адпаведныя беларускія навуковыя ўстановы, асабліва Беларуская Акадэмія Навук, павінны паклапаціцца, каб справа друкаваньня беларускіх архіваў, распачатая 110 год таму назад выпускам першага тому Беларускага архіву[2], а затым спыненая на цэлае стагодзьдзе і зноў адноўленая толькі ў 1927 годзе Інстытутам Беларускае Культуры[3], — была нарэшце пастаўлена на належны і моцны грунт.
Павінны быць надрукаваны ў першую чаргу тыя дакумэнты Беларуска-Літоўскае Мэтрыкі, якія знаходзяцца зара' ў Маскве, а затым трэба заняцца зьбіраньнем і друкаваньнем тых частак Мэтрыкі, якія апынуліся ў розных іншых мяйсцох.
Адначасова з друкаваньнем Мэтрыкі павінна быць пастаўлена справа сыстэматычнага друку ў кніжках «Беларускага Архіву» ўсіх тых ужо надрукаваных, але маладаступных матар’ялаў з беларускае гісторыі, якія параскіданы у розных выданьнях, што зрабіліся зара' бібліографічнаю рэдкасьцяй.
Павінны быць адшуканы сродкі і на тое, каб зрабіць досьледы у розных архівах Эўропейскіх дзяржаў і паасобных гарадоў, што мелі у старадаўнія часы зносіны з беларускімі гарадамі ды князьствамі, — ці ня знойдуцца там яшчэ невядомыя у навуцы матар’ялы.
Памяткі беларускае гісторыі не павінны далей перахоўвацца ад беларускага народу на пыльных паліцах маскоўскіх, варшаўскіх, ковенскіх, рыскіх, ленінградзкіх, стакгольмскіх, рымскіх і бэрлінскіх архіваў. Прышоў час пазнаёміць наша грамадзтва з гэтымі гістарычнымі скарбамі!
К.Езавітаў
Старшыня Беларускага Навукова-Краязнаўчага Т-ва ў Латвіі.
I. Што такое Літоўская Мэтрыка
[правіць]Літоўскай Мэтрыкай называўся архіў даўнейшай канцэлярыі вялікага князя Беларускага і Літоўскага. У ім захоўваліся акты або кнігі, у якіх знаходзіліся ўсе граматы і дакуманты, напісаныя па ўстаноўленай у дзяржаўнай канцэлярыі форме.
Памянёны архіў дзяліўся на Мэтрыку вялікую, якая знаходзілася пад назіраньнем канцлера, і Мэтрыку меншую — пад назіраньнем падканцлера. Абодвы гэтыя саноўнікі вызначалі, безпасрэдна ад сябе залежных, загадчыкаў архіву, пад назвай «мэтрыкантаў».
Мэтрыка Літоўская мае для нас надзвычайна вялікае значаньне і вартасьць. Вось што кажа аб гэтай Літоўскай Мэтрыцы проф. Даўнар-Запольскі: «Перш за ўсё справа ў тым, што мы ня можам ня ведаць свайго мінулага, што мы павінны вывучіць яго. Мы — народ малады. Рэвалюцыя зьвярнула нам правы на самавызначэньне, шю зьяўляецца адным з найвялікшых рэвалюцыйных здабыцьцяў, якімі мае магчымасьць карыстацца былы прыгнечаны беларускі народ. Але мы павінны гэтае права ўзмацніць.
Пашыраючы вывучэньне гісторыі Беларусі, мы яшчэ больш, яшчэ глыбей высьветлім для сябе гэтае сваё права на самавызначэньне. У нашых руках будзе больш аргумэнтаў, каб даць адказ і нашым ворагам і няпрыхільнікам, і адхіліць іхнія напады.
Літоўская Мэтрыка — найбагацейшая крыніца гістарычных ведаў аб мінулым Беларусі. Крыніца гэтая ўваскрашае перад намі багатую культуру старой Беларусі, яе прававыя падставы, яе соцыяльную і экономічную структуру.
Тут гісторыя беларускага сялянства, тут гісторыя барацьбы мяшчан з шляхтай, тут гісторыя нашай старой констытуцыі, тут змаганьне беларускага народу за сваю свабоду і за сваю культуру.
Па сваей структуры Літоўская Мэтрыка зьяўляецца надзвычайным помнікам, асаблівым, калі не адзіным, у гістарычным мінулым усей Эўропы.
У беларускай дзяржаве юрыдычная думка была высока разьвіта. Мова беларускіх юрыдычных актаў — дакладна азначаная і добра характэрызуе кожнае юрыдычнае пытаньне. Гэткай якасьцю мовы тлумачыцца і сьцісласьць выразаў актавага матар’ялу Мэтрыкі.
Усё тэта такія якасьці гісторыка-юрыдычнага матар’ялу, якія робяць яго з усіх бакоў матар’ялам выключным» («Сав. Бел.», 1925, № 292).
Гэтая адозва павінна быць прынята кожным з дасьледчыкаў, хто працаваў у Архіве Літоўскае Мэтрыкі.
II. Гісторыя Літоўскае Мэтрыкі
[правіць]Гісторыя Літоўскае Мэтрыкі пачынаецца з канца XV сталецьця, з тых часоў, як дзякі пры вялікім князю Казімеры Жыгімонтавічы пачалі вясьці запісы данін Князевых і розных яго грамат. Аднак Архіў Літоўскае Мэтрыкі быў у XV веку толькі ў пачатковай стадыі. Ад старых часоў там захавалася ня дужа многа актаў, напрыклад: прысягі Карыбута (Зьмітро) Альгэрдавіча, Сьвідрыгайлы (Баляслава) Альгэрдавіча і інш., аб якіх ёсьць успаміны ў Мэтрыцы.
Ёсьць паказаньне аб тым, што ўжо ў пачатку XVI сталецьця, калі ў адміністрацыйным жыцьці Беларусі пачалі існаваць ваяводзтвы (якія зьмянілі намесьніцтвы) — Полацкае, Віцебскае, Смаленскае, — усе дакуманты і паперы Архіву Літоўскае Мэтрыкі захоўваліся ў некалькіх мяшкох. На кожнае ваяводзтва быў асобны мяшок, у якім дакуманты былі зложаны па літарах.
Такі надзвычайны спосаб архіўнае аховы (мяшкі замест скрыняў ці шафаў) сьведчыць аб тым прымітыўным стане, у якім знаходзіўся архіў Літоўскае Мэтрыкі. Аднак той факт, што гэты архіў захоўваўся ў Троцкім замку, пабудаваным на востраве прыгожага возера Гальвэ, у 15 кілём. ад Вільні, — сьведчыць аб прыхільных адносінах уладу да гэтага архіву. Троцкі замак быў у гэты час мацнейшы за Віленскі і іншыя.
З пачатку XVI сталецьця канцэлярыя вялікага князя Беларуска-Літоўскага пашыраецца, маюцца веды ўжо аб некалькіх дзякох, з якіх адзін пры пераездах вялікага князя знаходзіцца пры яго асобе для вядзеньня рэестраў данін і пісаньня ўселякіх грамат, а другія ў той самы час застаюцца ў Вільні, куды ў 1511 годзе быў пераведзены архіў Мэтрыкі Літоўскае з Трок.
Наагул, у XVI сталецьці канчаткова склалася арганізацыя Літоўскае Мэтрыкі. Вялі яе прысяглыя дзякі. Безпасрэдна Мэтрыка залежала ад канцлера вялікага князя Літоўска-Беларускага.
Архіў Літоўскае Мэтрыкі цяпер пачаў складацца арганізавана. У другой палове XVI ст. дзейнасьць і значнасьць архіву пашырыліся. Калі ў 1558 годзе зрабіўся канцлерам вялікага князя Беларуска-Літоўскага швагер вялікага князя Жыгімонта II, вядомы Мікола Іванаў Радзівіл, то 2 траўня 1558 году ён зрабіў пропозыцыю: «абы ўсе пожалованьні і даніны князскія на адно месца пэўнага замкненьня зношаны і да кніг упісованы былі».
Відавочна, што новы канцлер хацеў, каб у Мэтрыку Літоўскую былі запісаны ўсе даніны, якія калі-б то ні былі зацьверджаны князямі, каралямі. Для захаваньня такіх дакумантаў і для «выкладу слоў пісьма» яны павінны былі быць зьнесены, сабраны ў адно месца і там захоўвацца пад замком.
Архіў Літоўскае Мэтрыкі павінен быў ад гэтага часу вельмі пашырацца.
Да 1569 г., калі Кіеў, Валынь і Падоль былі далучаны да Кароны, архіў Літоўскае Мэтрыкі быў так добра арганізаваны, што з агульнага складу былі лёгка вылучаны кнігі і дакуманты вызначаных ваяводзтваў і перададзены ў Карону.
Да канца XVІ сталецьця вонкавы стан актавых кніг Літоўскае Мэтрыкі быў кепскі. Ад частага ўжываньня, а магчыма, і ад іншых прычын (як напр.: ад непрыстасаванага вільготнага памешканьня) кнігі пачалі псавацца і часткай спарахнелі. І вось, па загаду канцлера вялікага князя Літоўскага Льва Сапегі, з 1594 году дзякі пачалі перапісваць гэтыя кнігі. Некаторыя з прозьвішч гэтых перапісчыкаў нам вядомы: Вышчынскі, Гэскаўскі, Каралеўскі, Мархач, Пашкевіч, Радзецкі, Розэн, Яцыніч. Праца вялася 14 год (1594—1607). Перапісаныя кнігі дапаўняліся рэестрамі (зьместам) і рабілі на іx вокладкі; затым у працягу 14 год (1607—1621) перапісаныя кнігі ўзгоднены з аўтэнтыкам. Пасьля гэтага старыя паасобнікі кніг былі складзены на захаваньне ў Віленскім скарбе, а перапісаныя кнігі пашлі на штодзённае карыстаньне.
Да 1636 году архіў Літоўскае Мэтрыкі знаходзіўся ў Віленскім замку. У тым жа годзе, 21 красавіка, на хаваньне актаў Мэтрыкі (вялікай) вялікага князя Беларуска-Літоўскага была ўзята, з дазваленьня Ўладьіслава IV, прыватная камяніца віленскага грамадзяніна Яна Ключаты ў Віленскім рынку, на Рыбным канцы, каля царквы Уваскрасенскай. Гэтая камяніца знаходзіцца ў цэнтры Вільні, каля Шкляной вуліцы. Тут Мэтрыка Літоўская знаходзілася яшчэ і ў 1700 годзе. Для зьмяшчэньня-ж канцэлярыі канцлера і Мэтрыкі Літоўскай (меншай) 21 ліпеня 1636 году быў узяты другі прыватны мураваны дом па Шкляной вуліцы, — немца Лонга.
Казачы рух 1548 году, швэдзкі паход і, нарэшце, заваяваньне Вільні (1655—1661 г.) Масквой адбіліся на страце многіх кніг Мэтрыкі Літоўскай, але ўсё-ж яна ня зьнішчылася і існавала.
У XVII сталецьці Літоўская Мэтрыка знаходзілася ў Вільні. Ёсьць весткі, што яна была зьмешчана на ахову ў Віленскім Казімераўскім касьцёле да самага часу далучэньня Літвы і Беларусі да Расеі ў 1794 годзе.
21 лістапада 1794 году вышаў указ сэнату аб перавязеньні Мэтрыкі Літоўскай у Пецярбург. У студзені 1795 году яна ўжо была зьмешчана ў архіве сэнату.
З 1803 да 1836 году цягнулася ўпарадкаваньне Мэтрыкі. Галоўнае кіраўніцтва ёю належала да Міністэрства Юстыцыі. З гэтага часу пачалося навуковае карыстаньне кнігамі Мэтрыкі. Але доступ да іx быў вельмі абмежаваны. Толькі з перавозам Мэтрыкі ў 1889 годзе ў Маскву, дзе быў да гэтага часу пабудаваны архіў Міністэрства Юстыцыі на Дзявочым Полі, Мэтрыка была адчынена для шырокага карыстаньня навуковых дасьледчыкаў. Там было добрае памешканьне, былі створаны і добрыя ўмовы для навуковае працы.
III. Склад Літоўскае Мэтрыкі
[правіць]Архіў Мэтрыкі Літоўскай па ліку кніг, якія ў ім маюцца ў цяперашні час, ня вельмі вялікі. Кніг усяго будзе крыху больш за паў-тысячы нумараў. Паасобных дакумантаў і лістоў (апрача кніг) — каля сотні.
Усе гэтыя кнігі паводле зьместу могуць быць падзелены на катэгорыі: а) кнігі запісаў, б) кнігі судовых спраў, в) кнігі спраў публічных і г) кнігі перапісаў.
Трэба крыху застанавіцца на зьмесьце вызначаных катэгорый кніг Мэтрыкі Літоўскай, каб бліжэй азнаёміцца з яе складам, і адсюль, наагул, уразумець яе навуковую вартасьць для гісторыі Беларусі.
У кнігах запісаў знаходзяцца прывілеі местам, мястэчкам, вёскам; прывілеі на майдэборскае права, на кірмашы, гандаль; пастановы наконт новых пабораў; справы цэхаў; граматы на ўрады; лісты на маёнткі князём, паном, шляхце і ўсім тым, наагул, каму даваў йі зацьвярджаў даніны гаспадар (князь) і ў канцы — бягучыя справы князёўскае канцэлярыі. Гэтыя кнігі ахопліваюць прыблізна з ¼ сталецьці (з канца XV да канца XVIII сталецьця). Вялікая вартасьць кніг гэтага аддзелу відавочна.
Другі, таксама вельмі каштоўны для гісторыі Беларусі аддзел — кнігі спраў судовых. У гэтых кнігах знаходзяцца дэкрэты (пастановы) вышэйшых судоў, якія існавалі ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве: а) суд самога вялікага князя. б) суд маршалкоўскі (з XVI ст.), які разьяжджаў па дзяржаве, в) суд паноў з князёўскае рады, г) задворна-асэсарскі суд (пачаў існаваць з 16 сакавіка 1623 г.), д) рэляцыйны суд самога князя, рэфэрандарскі суд (з пачатку XVIII ст.), е) суды конфэдэрацкія (з часоў безкаралеўя), ж) суд па апэляцыях на суды майдэборскія. Паміж названых галін суду вышэйшага больш за ўсё захавалася кніг спраў судовых задворнага асэсарскага суду. Гэтыя кнігі чатырох відаў: рэестры канцлера, рэестры пісарскія, пратаколы паседжаньняў і дэкрэты. Да гэтага аддзелу павінны быць далучаны справы «паточныя» з уселякімі забясьпекамі і «жалезныя», універсалы, прызначэньні і г. д.
Для распрацоўкі і дасьледваньня праўных адносін, а таксама характару судовых устаноў былой Беларуска-Літоўскай дзяржавы, дзеля вывучэньня быту і жыцьця беларускага народу, усе гэтыя кнігі зьяўляліся матар’ялам выключнага крынічнага значэньня, за часы з пачатку XVI сталецьця да апошняга падзелу Польска-Літоўскай Рэчы Паспалітай ў канцы XVIII сталецьця.
У гэтых судовых справах захавалася некалькі кніг XVI сталецьця, якія ня маюць датычэньня да Мэтрыкі Літоўскай. Напр.: кнігі Віцебскага гродскага суду і Віцебскага земскага суду за 1530—1540 гг.; кніга Віленскага замкавага суду за 1542 год; кніга Берасьцейскага старасты за 1569—1574 г.
На трэцім месцы належыць зьмясьціць кнігі публічных спраў або, інакш кажучы, такія, якія мелі агульна-дзяржаўную вартасьць. У гэтых кнігах знаходзяцца соймавыя пастановы канфэрэнцый, усялякія соймавыя запытаньні да ўраду і адказы караля і ўраду, наказы паслом, якія пасылаліся ў чужаземныя дзяржавы, а таксама ў Польшчу; справы ваяводзтваў; загады вышэйшае ўлады па справах унутраных; тут-жа трапляюцца прывілеі гарадом і мястэчкам з рознымі вольнасьцямі і па розных інтарэсах, граматы на ўрады, прапановы наконт розных выдаткаў і павіннасьцяў вайсковых і земска-грамадзкіх.
Чацьвёрты аддзел складаюць кнігі «перапісаў літоўскіх». Тут знойдзем апісаньні замкаў, старостваў, экономіяў, зямель, паветаў, маёнткаў, усялякія межавыя кніп, як: разьмежаваньне Беларуска-Літоўскае дзяржавы з суседнімі дзяржавамі — асабліва з XVII сталецьця. Ёсьць шмат апісаў татар і татарскіх маёмасьцяў.
Апроч паказанага, архіў Мэтрыкі Літоўскай захаваў і наступныя віды кніг: выпісы пастаноў князёўскае рады, інвэнтары, апісы, альфабэты і паасобныя акты, планы, малы, радаводныя дыяграмы і інш.
Да гэтага, па розных архівах і бібліатэках у Ленінградзе і Варшаве, захаваліся кнігі пасольскія і скарбовыя кнігі Літоўскае Мэтрыкі. Як яны разышліся па гэтых установах — невядома. Але яны таксама належаць да архіву Літоўскае Мэтрыкі.
IV. Неабходнасьць вывучэньня Літоўскае Мэтрыкі і выданьня яе ў друку
[правіць]Літоўская Мэтрыка, як крыніца для гісторыі Беларусі, мае вялізарнае значэньне.
Якое-б пытаньне закрануць па гісторыі Беларусі соцыяльна-грамадзкага, эканамічнага і іншага зьместу ад XIV да канца XVIII сталецьця, мы напэўна знойдзем заўсёды найлепшыя веды ў Літоўскай Мэтрыцы.
Вось факт: толькі з таго недалёкага ад нас часу, як пачалося вывучэньне Літоўскае Мэтрыкі і яе распрацоўка, пачала існаваць і навуковая гісторыя беларускага народу.
Каштоўнасьць Літоўскай Мэтрыкі, як навуковае крыніцы, была падкрэсьлена рускай Археолёгічнай камісіяй, калі яна пачала друкаваць дакуманты Літоўскае Мэтрыкі ў сваім выданьні (Акты Западной Россій, том I—V, 1846—1853 г.). 3 1903 году матар’ялаў Мэтрыкі Літоўскай яна надрукавала пяць томаў.
Дагэтуль больш ці менш яскрава высьветліліся дзьве школы ў беларускай гісторыяграфіі: а) школа праф. Даўнара-Запольскага і б) школа праф. Любаўскага. Першая ў падставу гістарычных дасьледваньняў кладзе права і экономіку. Другая грунтуецца на вывучэньні адміністрацыйна-політычных зьмен.
Працы па гісторыі Беларусі, якія вышлі толькі з гэтых школ, зьяўляюцца паваротам да ўсебаковага вывучэньня Беларускае гісторыі. Дасьледваньне Літоўскае Мэтрыкі стала цяпер кіруючым мэтодам у выкладаньні мінулага жыцьця Беларусі. Шырокае скарыстаньне Літоўскае Мэтрыкі ў працы па беларускай гісторыі дае права лічыць гэтую працу грунтоўнай і каштоўнай на доўгі час. І асабліва гэта трэба адзначыць цяпер, кал і гісторыя беларускага народу высьветляецца з новага пункту погляду, для якога ў друкаваных выданьнях ня маецца многа матар’ялаў.
З другога боку, такі дасьледчык беларускае гісторыі, як праф. М.Доўнар-Запольскі, мае на мэце плян аб выданьні Літоўскае Мэтрыкі ў друку. Вось што ён кажа адносна гэтага:
«У цяперашні час матар’ялы Літоўскае Мэтрыкі знаходзяцца ў Маскве. Але з часам яна, бязумоўна вернецца да нас. Помнік былой самастойнасьці беларускага народу будзе захоўвацца ў нас.
Аднак мала яшчэ таго, каб мець Мэтрыку пры сабе, як сваю ўласнасьць. Каштоўныя помнікі не павінны ляжаць дарэмна і пакрывацца пылам у архівах» («Сав. Бел.», 1925 г., № 292).
Архіўны матар’ял, які мае вялікую гістарычную і нацыянальную вартасьць, павінен адслужыць сваю службу перад працоўным народам. Ён павінен быць даступным да вывучэньня самых шырокіх колаў грамадзтва. За гэтым працяг друкаваньня Літоўскае Мэтрыкі зьяўляецца вымаганьнем часу. На гэтае вымаганьне павінна зьвярнуць увагу беларуская савецкая ўлада.
- ↑ У 1920 годзе, у зьвязку з літоўскімі дамаганьнямі на перадачу ў Коўню ЛІтоўскае Мэтрыкі, у Рызе адбыўся вельмі цікавы і навучальны літоўска-беларускі інцыдэнт. Праездам з Коўню ў Маскву ў Рызе затрымалася літоўская дэлегацыя на міравыя перагаворы з Р. С. Ф. С. Р. У гэтую дэлегацыю ўваходзіў тагачасны міністар па беларускіх справах у Літоўскім урадзе гр. Д.Сямашка, які быў прызначаны бяз згоды беларусаў на гэтую пасаду ліцьвінамі. (Пасьля дэманстрацыйнага ўходу ў адстаўку гр. Я.Варонкі, прапазыцыі якога ня былі Літоўскім урадам прыняты, беларускае грамадзтва не пажадала выставіць новага кандыдата на пасаду беларускага міністра, а таму, каб «паставіць беларусаў перад фактам», Літоўскі ўрад прызначыў міністрам урадоўца Д.Сямашку) Гэтаму, байкатаванаму беларусамі, міністру літоўская дэлегацыя даручыла адведаць у Рызе пражываўшага тут старшыню эміграцыйнага Беларускага ўраду гр. В. Ластоўскага і дабіцца ад яго згоды на перадачу ў Коўні Літоўскае Мэтрыкі. Зразумела, В.Ластоўскі катэгарычна адмовіўся падпісаць гэткі дакумэнт, але дзеля таго, што Д.Сямашка пакорна зьявіўся з тэй-жа прапазыцыяй, дык канцэлярыя гр. В.Ластоўскага падрыхтавала «дагавор», у якім беларуская старана згаджалася, каб ліцьвіном былі перададзены тыя дакумэнты з ЛІтоўскае Мэтрыкі, якія напісаны ў літоўскай мове, літоўская-ж старана за гэта назаўсёды адмаўлялася ад усякіх прэтэнзіяў на тыя дакумэнты МэтрыкІ, што пісаны па-беларуску. Д.Сямашка ўрачыста падпісаў гэты дагавор і потым, на вялікі канфуз свой і свайго начальства, спрабаваў апэраваць гэтым дакумэнтам Маскве, дзе ён выклікаў агульныя кпіны.
- ↑ Бълорусскій Архивъ древнихъ грамотъ. Часть первая. Москва. 1824 Типографія С.Селивановскаго. Памер 29 на 23 сант.
- ↑ Інстытут Беларускае Культуры ў Менску ў 1927 годзе выпусьціў кнігу на 268 старонках вялікага фармату, 18 на 27 сантымэтраў. пад назовам «Беларускі Архіў». Том I. (XVI—XVII ст.) Archivum Alboruthenicum. Tomus primus у Менску — 1927 — Mensci.