Літаратурна-выдавецкая праца ў 1920 годзе
Літаратурна-выдавецкая праца ў 1920 годзе Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1921 Крыніца: Наша Думка. 1921. 7 студз. |
Нягледзячы на тое, што навокал праз увесь 1920 год ішла вайна, што хвалі чужацкіх войск перакатываліся з краю да краю праз усю нашу зямлю, што кожная зьмена ўлады разьбівала толькі што наладжанае грамадзкае і культурнае жыцьцё, — беларуская культурная праца аказалася гэткай моцнай, абапертай на такіх крэпкіх падвалінах, што не спынялася ні на адзін мамэнт. А гэта выяўлялася асабліва ярка ў літаратурна-выдавецкай працы.
Пад гук стрэлаў беларускія пісьменьнікі, беларускія літаратары, паэты, журналісты робілі сваё дзела, тварыліся высокае вартасьці літаратурныя цэннасьці. Выходзіла гэтулькі газэт і часопісей у беларускай мове, як, бадай, ніколі раней не бывала.
Яно так у нас злажылася, што часопісі беларускія ня толькі даюць асьвятленьне сучаснага жыцьця і інфармацыі, але выдзяляюць шмат месца і для літаратуры. Пры малых матэрыяльных засобах нашых выдавецтваў толькі найбольш выдатныя пісьменьнікі прыждалі выданьня іх твораў у асобных кніжках, — а большасьць сіл, асабліва маладых, толькі-толькі пачынаючых пісаць, знаходзяць прыпынак для сваіх прац у часопісях. Вось чаму разглядаючы наш літаратурны прыбытак за мінулы год, мы павінны асаблівую ўвагу зварочаць на часопісі. І мы пяройдзем да іх, разгледзіўшы сьпярша важнейшыя выйшаўшыя ў 1920 годзе кніжкі.
Тут на першым пляне стаіць кніжка Максіма Гарэцкага «Дзьве душы», надрукаваная на рубяжы 1919 і 1920 году. Кніжка гэтая становіць важны этап у разьвіцьці беларускага краснага пісьменства: гэта — першая беларуская арыгінальная повесьць, беларуская ня толькі па мове, але і па зьместу: яна дае шырокі і мнагабочны абраз нашага жыцьця, — а жыцьцё гэтае настолькі багатае, настолькі цікаўнае, што першы крок у кірунку повесьці, зроблены Гарэцкім, напэўна пабудзіць і другіх нашых пісьменьнікаў працаваць на тым жа грунце.
Спаміж драматычных твораў, якія выйшлі ў асобных кніжках, трэба адзначыць перш за ўсё «Цені», драму ў 3 актах Ф. Аляхновіча. Ня першы гэта твор нашага бясспорна здольнага драматычнага аўтара, і з боку тэхнікі і формы мае сваю цану. Але зьмест — нейкі хворы, маральна ўгнятаючы. Гэта — не жыцьцё, а расклад, гніцьцё, сьмерць. Людзі-няўдачнікі, загнаныя жыцьцём, лішнія на гэтым сьвеце гінуць, паміраюць, як тыя лісьці, што ўвосені вецер з галін зрывае. Мо ў душы іх ёсьць сьветлыя іскры, сьветлыя парывы: дарма, жыцьцё іх загубіць, бо яны да жыцьця не дапасованы... І, нягледзячы на сцэнічную вартасьць, апошні твор Аляхновіча нічога не дае для душы, а толькі б’ець па нэрвах і пакідае па сабе цяжкое, панурае ўражаньне.
Затое яснымі, радаснымі тонамі звучаць апошнія, напісаныя як быццам на разьвітаньне перад сьмерцю — на памятку дзеткам беларускім, «Жывыя казкі» Алеся Гаруна. Гэта — тры п’ескі для дзіцячага тэатру («Хлопчык у лесе», «Шчасьлівы чырвонец», «Дзіўны лапаць»). Шчырай паэзіяй веець ад гэтых дзіцячых п’есак. І заслуга Алеся Гаруна — у тым, што ён у мастацкай форме прамаўляе да дзяцей. Мо аўдыторыя і чытачы не дадуць яму славы, але мо не ў адну дзіцячую душу зароняць творы яго тую іскрачку, якая, узросшы, разгарыцца ў вялізарны агонь любові да хараства, да мастацтва і паэзіі. Ня шкодзіла б і іншым нашым паэтам даць нешта для нашых дзяцей — нашай будучыны!
Зь вершаў ў асобных выданьнях не прыбыло нічога, калі не лічыць вершаванага апавяданьня А. Сумнага «Мае Коляды». З мастацкага боку гэта маленькая кніжачка ня мае цаны. Затое зварочае на сябе ўвагу кніжка «Беларусь у песьнях» Я. Фарботкі (Менск, 1920), каторая маніцца даць агляд беларускае адраджэнскае літаратуры за час ад 1809 да 1919 г. Мэта аўтара — шырокая, але выпаўнена ў вельмі вузкіх рамках: хаця не віна яго, што грамадзкі і палітычны элемэнт ў беларускай новай паэзіі занімае першае месца, усё ж нельга абмежавацца толькі адным бокам нашае паэзіі, нельга часьці выдаваць за ўсё, — а гэта якраз і зрабіў грам. Фарботка. Як «літаратурна-гістарычны нарыс» праца гэта не дае глыбокага аналізу творчасьці нашых пісьменьнікаў, але становіць хутчэй спробу даць літаратурную хрэстаматыю, даць выпісы паэтычных твораў, падабраных так, каб яны самі гаварылі за беларускую ідэю. І «Беларусь у песьнях» мае вялікшую вагу з боку палітычнага і нацыянальнага асьведамленьня, чым зь літаратурнага боку.
«Беларусь у песьнях» мае цану як спроба запоўніць нястачу гісторыі беларускае літаратуры. Зусім запоўніў яе, аднак, толькі Максім Гарэцкі: ён напісаў поўную «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920), сабраўшы ў ёй каротка ўсё, што датыча нашых пісьменьнікаў з усіх часоў. Гэта — вельмі пекна выданая, грубая кніжка, багата ілюстрованая, — назьдзіў каштоўная на ваенныя часы. Як першая гісторыя літаратуры, яна мае свае хібы і нястачы; але яна дала ўрэшце поўны і ўсестаронны абраз беларускага пісьменства ад найдаўнейшых часоў, абхоплівае ўсе віды літаратурнае творчасьці старога і новага пэрыяду. Напісаная дзеля здаваленьня перш-наперш патрэб беларускае сярэдняе школы, кніга Гарэцкага мо лішне схэматычна, лішне сухая. Але гэта забываецца, калі яе прагледзіш усю да канца, тады ўва усей сваей моцы і красачнасьці вырысоўваецца творчасьць нашага народу, багацьце яго душы і сэрца.
Побач з гісторыяй літаратуры, на якую мы ўрэшце разжыліся, трэба паставіць кніжку, пасьвячоную памяці таго, хто палажыў першыя падваліны сучаснага беларускага адраджэнскага руху і праз усё сваё працавітае жыцьцё гэтым рухам ідэйна кіраваў. Гэта — зборная кніжка «Памяці Івана Луцкевіча — у першыя ўгодкі сьмерці Яго (19.VIII.1919 — 20.VII.1920)». Таксама багата выданая, яна дае сьпісаньне жыцьця і працы Ів. Луцкевіча, яго апошніх дзён, а такжа жменю ўспамінаў таварышаў. Паміж іншым зварочае на сябе ўвагу верш Юрыя Янкоўскага, польскага песьняра, напісаны па-польску і перакладзены на беларускую мову.
Не затрымліваючыся на дробных друках, часамі памфлетнага характару (як «Міністар — рэальны палітык» і інш.), мы адзначым працу А. Грыневіча на грунце выдавецтва музыкальных твораў. Гэта — яго «Народны сьпеўнік» на 1—3 галасы і «Школьны сьпеўнік» (абодва друкаваны ў Вільні ў 1920 г.). Нельга не адзначыць такжа жывой выдавецкай дзейнасьці ў адносінах да школьных падручнікаў наагул, у тым ліку выданьня навуковай тэрміналёгіі дзеля матэматычных і прыродных навук, апрацаванай пад кіраўніцтвам Беларускае Галоўнае Школы (б. Пэдагагічны інстытут), часьцю гэктаграфаванай, часьцю друкаванай (Л. Більдзюкевіч. Праграма сыстэматычнага курсу арытмэтыкі. Тэрміналёгія. — Менск, 1920; і інш.).
Да цікавейшых палітычных друкаў належаць: «Польская акупацыя ў Беларусі» А. Луцкевіча (Вільня, 1920), «Праграма Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі»5 (Менск, 1920) і Я. Варонкі «Беларускі рух ад 1916 да 1920 г.»6 (на жаль, апошняя брашура носіць памфлетны характар).
Цяпер пяройдзем да прэсы. Тут на першым месцы з пагляду літаратурнага трэба паставіць выдаваную ў Менску штодзённую газэту «Беларусь» (рэд. Я. Лёсік), якая багата месца аддавала літаратуры. Аб літаратуры многа піша ў ёй праф. Карскі. Друкуюць свае творы нашы старыя пісьменьнікі, як Янка Купала, Алесь Гарун, Зьмітрок Бядуля (Ясакар), Паўловіч, Стары Ўлас, Гарэцкі, Ядвігін Ш., Лёсік, адзначываючы далейшыя этапы свайго разьвіцьця. А побач зь імі выбіваюцца новыя іменьні. У прозе: В. Бруевіч (вялікшыя апавяданьні: «Чарніца Антонія». «Макар і Параска», «Сябры», Антось Галіна («Дзядзька Какоўскі»), Максім Радзіміч, К. Паджарскі, М. Р. і інш., — і трэба асабліва адзначыць разьвіцьцё мастацкае прозы. У паэзіі: Міхась Кудзелька, напісаўшы вялікую рэч вершам «Незнаёмы», Ст. Шыманоўскі, М. Р. — аўтары дробных вершаў. Як драматычны аўтар побач з Ф. Аляхновічам друкуе свае дробныя рэчы Л. Радзевіч («Пасланец», «Блуднікі»). Купала і Ясакар пішуць пераважна вялікшыя паэтычныя творы («Зімою», «Магіла лева», «Яна і я» 7 — Купалы; «Абмылка», «Сьмяртэльная сьвечка», «Беларускія легенды», «Ваяцкія песьні» — Ясакара); сільныя рэчы дае Алесь Гарун («Самсон»). Але асабліва многа выпрацоўваецца публіцыстаў.
Апрача «Беларусі», гуртавалі літаратурныя сілы «Беларускае Жыцьцё» 8 пад рэд. Ф. Аляхновіча, а пасьля тыднёвік «Рунь» (у Менску), які выходзіў пад рэдакцыяй Купалы. «Рунь» пасьвячона спэцыяльна справам беларускае літаратуры і мастацтва. Сюды і пераходзіць часьць аўтараў зь «Беларусі», як у сваю хату. За нядоўгі час існаваньня «Руні» мы не сустракаем тут асабліва цікаўных новых іменьняў.
А далей — доўгі сьцяг газэт і часопісяў, болей або меней абслужываючых літаратуру. Наперадзе адноўленая «Наша Ніва», далей «Незалежная Думка», «Krynica», «Наша думка» (усе ў Вільні), у якіх сустракаем рэчы Дварчаніна, Сяргея Чараўніка, Натальлі Арсеньневай — усё маладыя, пачынаючыя пісьменьнікі, ня кажучы аб даўнейшых, як М. Гарэцкі, К. Сваяк і інш. У Горадні выходзіць штодзённае «Беларускае Слова», але яно літаратурай не займаецца: гэта чыста палітычнае выдавецтва. У Менску ж выходзяць спэцыяльныя часопісі «Саха» (сельскагасп.) пад рэд. А. Уласава, «Падарунак беларускаму жаўнеру» 9 — пры палякох, «Савецкая Беларусь», «Работніцка-сялянская Беларусь», «Змаганьне» (орган беларускіх сац.— рэв.) — пры бальшавікох. Недзе паміж Пінскам і Мозырам пачаў выходзіць орган Балаховіча «Зьвястун» (нешта дужа мізэрнае — рэклямнага характару). У чужыне: «Пагоня», тыдн., і «Часопісь», месячн., у Коўне, «На Чужыне»10 (мес.) — у Рызе, «Варта Бацькаўшчыны» — бел. вайсковая часопісь на літоўскім фронце, і ўрэшце — «Чырвоны Шлях»11 і «Дзяньніца» 12 ў Маскве.
Гэткі абраз друкаванага беларускага слова (ня лічачы чысьленых выданьняў і перадрукаў школьных падручнікаў) дае 1920 год. І калі прыпомнім, у якіх варунках прыходзілася жыць гэты год беларусам, падзеленым некалькімі фронтамі, дык трэба з задаваленьнем сказаць, што мы выявілі значную жывучасьць і творчую сілу.