Перайсці да зместу

Літаратурная спадчына М. Багдановіча (Замоцін)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Літаратурная спадчына М. Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Іван Замоцін
1927 год
Крыніца: Полымя, №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА М. БАГДАНОВІЧА

(Да дзесятай гадавіны ад дня сьмерці поэты, 1917-25 мая-1927)

Проф. І. Замоцін

Ня гледзячы на заўчасную сьмерць, М. Багдановіч пакінуў значную літаратурную спадчыну ў розных родах творчасьці.

Усё напісанае ім пры жыцьці, што захавалася часткаю ў друкаваным відзе, часткаю ў рукапісах, складае два вялікіх томы. Першы том, які ўжо скора выйдзе з друку, зьмяшчае ў сабе яго вершы, мастацкую прозу,—усяго каля 28 друкаваных аркушаў. У другі том, прыгатаваны да друку, але яшчэ пакуль што ў друк ня зданы, увойдуць усе яго артыкулы і нататкі крытычнага, публіцыстычнага і іншага зьместу, а таксама невялікая частка яго лістоў, якія захаваліся,—усяго каля 15-18 друкаваных аркушаў.

Для характарыстыкі яго творчасьці найбольш важны першы том. Ён складаецца з сямі аддзелаў. У першым зьмешчаны ў хронолёгічным парадку вершы 1908-1917 гадоў, усе, якія не ўвайшлі ў зборнік „Вянок"; гэты аддзел дае магчымасьць меркаваць аб разьвіцьці тэматыкі і вершаванай формы ў Багдановіча за гады яго нядоўгага жыцьця ў сувязі з найбольш характарнымі момантамі яго юнацкіх інтарэсаў, перажываньняў і стрэч. Гэты аддзел пачынаецца раньнімі вершамі, якія захаваліся ў рукапісах 1908 году, характарнымі і для пачуцьця радзімы поэты, і для яго артыстычнага пачуцьця прыроды, якое так рознастайна выказалася ў яго наступных вершах; канчаецца аддзел вершаванымі накідамі астатніх дзён жыцьця (май 1917 г.), у якіх нязьменнае для Багдановіча захапленьне прыгожасьцю жыцьця ідзе роўналежна з прадчуваньнем блізкай сьмерці. У другі аддзел увайшоў адзіны зборнік, што вышаў пры яго жыцьці, гэта зборнік "Вянок", які, як мастацкае цэлае, ня раз ужо ацэньваўся і, бясспрэчна, яшчэ будзе ацэньварца крытыкай. У канцы "Вянка“ даны дадатак—цыкль вершаў (14) пад агульнаю назваю "Каханьне і сьмерць", пры жыцьці ненадрукованыя, але якія былі вызначаны поэтаю для "Вянка"; гэтыя чатырнаццаць вершаў даюць паступовую гамму настрояў і думак, зьвязаных з пачуцьцём узаемнага каханьня, шчасьцем шлюбу і мацярынствам—яго радасьцямі і пакутамі; трактоўка гэтых тэм глыбокая і ўрачыстая. У трэці аддзел ўвайшлі пераклады Багдановіча з розных літаратур і розных поэтаў; тут ёсьць пераклады з антычных поэтаў, з нямецкіх—Шыльлера і Гэйнэ, з францускіх—Вэрлэна, Вэрхарна, Арвэра, з расійскіх―Пушкіна, А. Майкова, Розенгэйма, але ў гэтым-жа аддзеле чытач сустрэне і перайманьне розных вершаваных жанраў і стыляў, вельмі тонка скомпанаваныя Багдановічам па адпаведных узорах поэзіі скандынаўскай, фінскай, сербскай, гішпанскай, японскай і г. д.; гэты аддзел адразу кажа аб тым, што, апрача асноўнага памкненьня поэты да беларускай культуры і поэзіі, у яго была шырокая зацікаўленасьць сусьветнаю літаратураю ў яе найбольш яркіх прадстаўнікох. Чацьверты аддзел зьмяшчае ў сабе чарнавыя вершаваныя накіды, цікавыя ня толькі як апрацоўка некаторых новых тэм, якія, паміж іншым, лёгка ўкладваюцца ва ўлюбёныя Багдановічам цыклі, але і як матэрыял, што раскрывае процэс працы поэты над сваім стылем і вершаваным складам. У пятым і шостым аддзелах сабраны вершы Багдановіча, напісаныя на расійскай мове; пры гэтым пяты аддзел складаецца з вершаў, напісаных непасрэдна на расійскай мове, а шосты―з уласных перакладаў поэты на расійскую мову некаторых яго вершаў, спачатку напісаных пабеларуску. Сёмы аддзел―гэта мастацкая проза Багдановіча, якая складаецца з раду мініацюр на беларускай і расійскай мовах, напісаных часткаю на тэмы аб прыгожасьці ў жыцьці і мастацтве, часткаю на бытавыя тэмы, якія маюць некаторы аўтобіографічны ўхіл.

Усяго разам першы том дае 320 вершаў і 12 узораў мастацкай прозы; каля паловы гэтага матэрыялу перадрукоўваецца з розных пэрыодычных выданьняў; другая палова ўзята проста з рукапісаў поэты і пры жыцьці яго не друкавалася. Такім чынам, першы том дае ня толькі выстарчальную колькасьць твораў для уясьненьня творчасьці М. Багдановіча, але і наогул досыць вялікі матэрыял у сэнсе літаратурнай спадчыны поэты, які памёр у раньняй маладосьці, і пры тым-жа матэрыял вельмі рознастайны паводле самога характару літаратурнай продукцыі.

Другі том у сваю чаргу павінен даць багаты матэрыял, каб меркаваць аб Багдановічу, як публіцысту, крытыку і, часткаю, як аб этнографе і гісторыку. Тут зазначаны таксама аддзелы: першы—артыкулы на беларускія тэмы, з гісторыі беларускай грамадзкасьці; другі—таксама на беларускія тэмы, але з гісторыі беларускай літаратуры; трэці—крытычныя артыкулы, прысьвечаныя пісьменьнікам беларускім, расійскім і украінскім; чацьверты—артыкулы па этнографіі і гісторыі, пераважна па этнографіі і гісторыі славянства; пяты—вельмі рознастайныя артыкулы і нататкі, якія маюць характар аглядаў і рэцэнзій, прысьвечаных навінам сучаснай поэце літаратуры, мастацтва, навукі, публіцыстыкі; урэшце, шосты аддзел—яго лісты (праўда, нешматлікія), якія раскрываюць часткаю яго грамадзкія сувязі, літаратурныя інтарэсы, асабістыя стрэчы і перажываньні. Зразумела, ня ўсе артыкулы Багдановіча зусім апрацованы, і некаторыя (узятыя з рукапісаў) нават ня зусім закончаны; апрача таго, іншы раз яго гістарычныя і крытычныя абагульненьні могуць для нашага часу здацца ня досыць сьвежымі; усё-ж такі—гэта цікавы матэрыял ня толькі для асобы самога поэты, але і для ўсёй яго эпохі, асабліва для характарыстыкі беларускага руху.

Магчымы і трэці том, дадатковы, — ня кніга твораў Багдановіча, але кніга аб Багдановічу: біографічныя і крытычныя матэрыялы аб поэце, у тым ліку мэмуары аб ім і лісты да яго розных асоб. Гэты том таксама і асьвеціць самога поэту і ў шмат якіх адносінах ахарактарызуе яго эпоху.

Дом у Ялце, дзе жыў Максім Багдановіч.

Я спынюся цяпер на ацэнцы першага тому, які амаль ужо надрукованы. У першым томе асабліва зьвяртаюць на сябе ўвагу чытача і крытыка першыя два аддзелы,—орыгінальныя вершы поэты, і трэці аддзел— яго пераклады. Раней за ўсё аб іх генэзісе.

Адна з асноўных крыніц у творчасьці Багдановіча—яго радзіма, Беларусь, яе мінулае, яе прырода, яе народная поэзія, беларускі рух і яго задачы; але поруч з гэтым поэта чарпае свае тэмы і з больш шырокіх крыніц, з соцыяльных пытаньняў сваёй сучаснасьці і нават агульнапсыхолёгічных чалавечых проблем. У падборы і групоўцы крыніц творчасьці ў Багдановіча назіраецца пэўная стройная ўвязка, якая нясумненна гаворыць аб гармонічнасьці яго маладога, які толькі што складаўся, сьветагляду. Ва ўсіх яго разумовых і грамадзкіх інтарэсах, ва ўсіх назіраньнях над сабою і над людзьмі, — ва ўсіх, нарэшце, крыніцах, адкуль ён чэрпае свае тэмы, жанравыя прыёмы і стылевыя хварбы і контуры,— ва ўсім гэтым ёсьць два асноўныя цэнтры. Адзін цэнтр—жыцьцё, сапраўднасьць, тое быціе, якім азначаецца сьвядомасьць; другі цэнтр—мастацтва і, у прыватнасьці, мастацка-літаратурная творчасьць, як надбудова над жыцьцём,—вярней, як тое чароўнае, што мастаком ствараецца, асяродзьдзе зачарованых люстраў, у якім жыцьцё ня толькі адбіваецца, але і пераламляецца ў самых прыгожых, найдзіўных формах, у залежнасьці ад творчай асобы мастака. Наўкола кожнага з паказаных цэнтраў ідуць концэнтрычныя кругі,—у кожным выпадку ня менш трох на лік. Наўкола першага цэнтру гэтыя кругі зьвязаны з наступным тэматычным зьместам: першы, самы блізкі да цэнтру інтарэсаў поэты, круг—гэта Беларусь, яе прырода, яе мітатворчасьць, яе быт, яе патрэбы і запыты: другі, больш шырокі,—уся акаляючая поэту дарэволюцыйная сапраўднасьць з яе соцыяльнымі супярэчнасьцямі і памкненьнямі да новае соцыяльнасьці; трэці, самы прасторны концэнтрычны круг,—гэта сьвет агульначалавечых проблем, у пераважнасьці псыхолёгічнага характару. Наўкола другога цэнтру зноў тры концэнтрычных кругі, але ўжо ў пераважнасьці літаратурнага зьместу: першы круг—беларуская народная творчасьць, беларуская літаратура, мастацкі беларускі фольклёрызм; другі—расійская літаратура і літаратуры славянскія (польская, сербская, украінская); трэці—літаратура ў сусьветным маштабе, літаратурны унівэрсалізм з яго рознастайнымі колёрытнымі формамі і з шырокімі агульначалавечымі тэмамі. Вось схема крыніц творчасьці М. Багдановіча. Ня трэба прымаць яе надта просталінейна: поэта, зразумела, не падзяляў рэзка сваіх тэм і твораў іменна на гэтыя шэсьць груп, якія адпавядаюць шасьці концэнтрам; але ў агульных контурах гэты падзел усё-такі вельмі і вельмі адчуваецца; калі-ж адзін круг часткова засланяў другі круг таго-ж цэнтру, ці калі два кругі двух розных цэнтраў разам стыкаліся, што бывала нярэдка, то ад гэтага толькі, як ніжэй пабачым, выйгравала тэма поэты, становячыся больш багатай зьместам і паглыбленай.

Мы пераходзім да тэм. Яны ўжо азначаюцца часткова толькі што ўстаноўленай схэмай крыніц творчасьці Багдановіча. Першая тэма—Беларусь. Ужо ў самых раньніх вершах поэта зварачаецца да гэтай тэмы ("Мае песьні"—1908, „На чужбіне"—1908). Хоць у першым з названых вершаў галоўным мотывам зьяўляецца "беднасьць" і "нуда" роднай краіны, аднак замілаванасьць да роднай прыроды, абвеяная чарамі народнае мітатворчасьці, асабліва вабіць увагу поэты. Адсюль шэраг грацыозных вершаў, прысьвечаных ландшафту ў розных яго відах, беларускім порам году; адсюль-жа гэтыя шматлікія вобразы лясуноў, вадзянікоў, пугача, зьмеевага цара і г. д., якія ажыўляюць сваёю таемнаю прысутнасьцю беларускую прыроду; адсюль і срэбныя зьмеі на паверхні возера, і падзей, які ўвасабляе сабою зімовую завіруху, і дажджавыя павукі, што абвіваюць сьцены дому сваімі мокрымі нагамі, і хмара, выглядам вялізарнае жывёлы, якая расьсякаецца мячом, і г. д. Асаблівасьць М. Багдановіча ў распрацоўцы гэтых карцін прыроды ў тым, што мёртвы ландшафт у яго пачынае жыць падвойным жыцьцём—жыцьцём народнага міту і жыцьцём філёзофскай мысьлі, укладаемай поэтаю ў свае пачуцьцё прыроды.

Вось два вершы з "Вянка" (№№ 92, 93) — "Возера" і, "Над возерам". У першым—карціна прыроды, міт аб затануўшым лясуне і мысьль аб загінуўшым мінулым, у якое намагаецца заглянуць цяперашняе. У другім — тая-ж карціна прыроды, але ўся стылізаваная ў духу жывое мітычнае сцэны і, пры гэтым, прасякнутая адным настроем усёперамагаючай цішыні і спакою ночы. Поэта ведае і бытавую Беларусь ("Вянок", "Згукі бацькаўшчыны") вясковую—з яе сумнымі напевамі, дзявочым сумам і мацярынскімі сьлязьмі над паміраючым сынам, і гарадзкую Беларусь—у відзе ажыўленых і поўных гарадзкога захапленьня вуліц Вільні ("Вянок", Места"); поэта ведае і гістарычную Беларусь, прадстаўленую яго "Летапісцам", "Перапішчыкам“, "Слуцкімі ткачыхамі", доктарам Скарынай (№ 127— "Безнадзейнасьць"). Да гэтае-ж тэмы далучаюцца і тыя вершы, дзе Беларусь дарэволюцыйная ўзята ў роўніцы яе соцыяльных супярэчнасьцяй і таго клясавага ўціску, пад якім знаходзіўся беларускі селянін (№ 16, І—"З песьняў беларускага мужыка", № 25—"Над магілай мужыка", № 142—"Краю мой родны! Як выкляты богам"...). Урэшце, сюды-ж трэба аднесьці і вершы, характэрныя для настрояў і думак беларускага руху (№ 47—"Народ, Беларускі Народ!", № 58—"Эмігранцкая песьня", № 84—"Пагоня", № 141—"Упалі з грудзей").

Другая тэма першага цэнтру—гэта ўся акаляючая поэту дарэволюцыйная сапраўднасьць, для якое, як і для Беларусі, поэта чакае абнаўленьня. Прачытайце, напр., гэты глыбокі па ідэі верш "Мяжы" (№ 59), які ахапляе ў адну карціну ўвесь поўны соцыяльнай няпраўды і далёкі ад братэрскага яднаньня сучасны поэце чалавечы сьвет, — другая тэма Багдановіча разгорнецца перад вамі ва ўсю шырыню. Ці возьмем для прыкладу яшчэ адзін верш "Вы, панове, пазіраеце далёка" (№ 164), і зноў карціна соцыяльных супярэчнасьцяй, якія гнятуць поэту, атрымае таксама шырокі характар. Ад гэтае другое тэмы поэта лёгка пераходзіць да трэцяе, калі перад ім паўстае ва ўсёй сваёй вострасьці трагэдыя чалавечага гора, бяссонніца людзкое варожасьці і рэдкае мільганьне людзкога шчасьця (№№ 34, 60, 69, 76, 168, 169). Тут ёсьць і думкі аб загадачнай чалавечай сьмерці, і вечная драма ўтратку блізкага чалавека, і незразумелыя пытаньні аб мэце жыцьця, і радаснае прызнаньне шчасьця, маладосьці. Багдановіч часта вельмі сьціслы ў формулёўцы гэтых агульначалавечых мотываў, але заўсёды глыбокі па мысьлі і грацыозны па форме. (Прыклад: верш №169 і той самы верш у перакладзе на расійскую мову).

Пяройдзем да тэм другога цэнтру. У адным з сваіх артыкулаў, прысьвечаных беларускай творчасьці („Забыты шлях", т. ІІ, аддз. ІІІ), Багдановіч настойліва гаворыць аб канечнай патрэбе шырокага скарыстаньня ў беларускай літаратуры крыніц народнай беларускай поэзіі. Зразумела, адносіны беларускіх пісьменьнікаў да народнай творчасьці ў эпоху Багдановіча нельга назваць "забытым шляхам": на гэты „шлях" ужо ўступалі тады і Я. Колас, і Я. Купала, і другія поэты. Тым ня менш, Багдановіч настойліва падкрэсьліваў канечную патрэбу для маладой, якая адраджаецца, беларускай літаратуры больш цьвёрда стаць на гэты "шлях". Сам ён увесь час вывучаў народную творчасьць і ўвесь час стараўся ўвязаць як можна мацней свае тамы і мотывы, сваю лексыку і фразэолёгію, свае сымболі і вобразы, эпітэты і параўнаньні.―З узорамі народнае творчасьці; нават словатворчасьць Багдановіча (яго "новатворы") заўсёды грунтуюцца на народнай мове, што трэба лічыць зусім правільным для нормальнага разьвіцьця поэтычнага стылю; праўда, сам Багдановіч вывучаў беларускую мову не на жывым моўным матэрыяле, а na слоўніку Насовіча і другіх кніжных даных,―і ўсё такі яго творчасьць у галіне лексыкі вельмі жыцьцёвая і сталая. Каля 1915-1916 г. г., у апошнія гады свайго студэнцтва, а таксама ў апошні год перад сьмерцю, у год службы ў Менску, ён з асабліваю ўвагаю прыняўся за апрацоўку народна-песенных тэм, мотываў і стылістычных прыёмаў. Да гэтага часу адносяцца яго поэмы і вершы―"Мушка-Зелянушка", „Максім і Магдалена", „Страцім-Лебедзь", "Лявоніха", „Скірпуся", "Вершы беларускага складу" і г. д. Усе гэтыя творы прадстаўляюць сабою вельмі тонкую, філігранную працу ў сэнсе т. зв. мастацкага фольклёрызму; гэтыя апрацоўкі народнага стылю і перайманьні народнага эпосу і лірыкі трэба лічыць высокімі дасягненьнямі беларускай літаратуры дарэволюцыйнае пары.

Навакол гэтага больш сьціслага кругу другога цэнтру разыходзяцца яшчэ два концэнтрычных і больш шырокіх. Адзін―пераклады і перайманьні славянскай поэзіì, другі―пераклады і перайманьні з розных чужаземных узораў. Пераклады з расійскае мовы не шматлікія (тры вершы), перайманьне сербскіх песьняў―толькі адно; але затое большую колькасьць перакладаў мы сустракаем з украінскай літаратуры, якая паводле свайго гістарычнага лёсу больш родная беларускай: тут ёсьць і Шаўчэнка, і Самойленка, і Франко, і Крымскі і другія. Яшчэ шырэй прадстаўлена чужаземная літаратура: поруч з двума перакладамі з антычнай літаратуры мы знаходзім цэлую сэрыю вершаў, перакладзеных з Вэрлена, поруч з адным чатырохвершаваньнем з Шыльлера, ―шмат вершаў і з Гэйнэ; ёсьць, апрача таго, пераклады з Арвэра, Вэрхарна і др. поэтаў. Але ў роўніцы гэтага концэнтру самае цікавае―тыя вершы, якія сам поэта назваў трохі неазначана словамі: "скандынаўская" (г. зн. песьня), "гішпанская", "японская" і г. д.; гэта, нясумненна, перайманьні чужых жанраў і стыляў, але напісаныя вельмі мастацка і блізка да ўзораў; яны робяць вельмі моцнае ўражаньне сваім мясцовым колёрытам, які адпавядае данай эпосе і данай нацыянальнасьці, і ствараюць настрой вялікі і складаны; для прыкладу можна назваць "Была Інгеборг, як сасонка, стройна" (скандынаўская), "Кто там едзе па Касову полю" (сербская), "Яснавокая Аніта" (гішпанская) і інш. З формальна мастацкага боку, літаратурная спадчына Багдановіча таксама і цікавая і значная. Ён першы з беларускіх поэтаў свайго часу зрабіў спробу шырака скарыстаць рознастайныя вершаваныя прыёмы і вершаваныя жанры, выпрацаваныя другімі літаратурамі. І гэта спроба яму ўдалася, наколькі гэта было магчыма для яго нядоўгага жыцьця і пісьменьніцкай працы. Мы знаходзім у яго вялікую рознастайнасьць вершаваных разьмераў, наяўнасьць вельмі шмат якіх відаў строфікі і, у сувязі з гэтым, цэлы шэраг такіх вершаваных композыцый і жанраў, якія ўласьцівы наогул вельмі дасканалай і ўдалікатненай вэрсыфікацыі розных эпох і літаратур (пэнтамэтры, рондо, трыголеты, октавы, сонэты і г. п.). Калі прыняць пад увагу музычнасьць вершаванай мовы М. Багдановіча, яго заўсёднае, якое ня здрадзіла яму, пачуцьцё рытму, шчасьлівую рытмоўку радкоў і тую асаблівую чуласьць мастацкай меры, якая рэалізуецца ў кожнай яго вершаванай п'есцы, то трэба прызнаць, што ён, сапраўды, здолеў на слоўным матэрыяле беларускае мовы ажыцьцявіць шмат з таго, што выпрацавана ў галіне мэтрыкі іншымі літаратурамі.

Што датычыць ідэолёгічнай часткі літаратурнай спадчыны М. Багдановіча, то на першы погляд можа здацца, што яна ня досыць выразна і ня досыць устанавілася нават для яго эпохі. Але пры больш уважлівых да яго адносінах, усё-ж такі прыдзецца згадзіцца з тым, што ён, ня гледзячы на сваю маладосьць і раньнюю сьмерць, выказаў у сваіх творах найбольш каштоўныя культурныя і соцыяльныя імкненьні свайго часу, якія склаліся ў гады пералому старога быту ў бок новай соцыяльнасьці нашых дзён.

М. Багдановіч рана стаў адчуваць сваю хваробу і ведаў, што век яго кароткі, і ўвесь час, пачынаючы з першых крокаў сваёй літаратурнай чыннасьці, баяўся, што сьмерць перарве яго працу і ня дасьць яму магчымасьці пакінуць пасьля сябе што-небудзь прыкметнае ў сэнсе літаратурнай спадчыны. У адным вершы 1909 г. (т. І, № 6) ён называе сябе "бальны, бясскрыдлаты поэт", і робіць сумныя здагадкі аб сваім блізкім канцы: "Мо жыцьця майго верш ужо сьпет" ―кажа ён. Такое-ж прадчуваньне раньняе сьмерці месьціцца і ў вершы: "Ой, чаму я стаў поэтам" (т. І, аддз. ІІ, № 151). Але, паміраючы заўчаснаю сьмерцю, ён цешыў сябе тым, што ў перадсьмяротныя часы ён быў не адзін: з ім была "Кніга з друкарні пана Марціна Кухты", г. зн. яго зборнік „Вянок" (т. 1, № 89: "Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю"). На гэту кнігу ён глядзеў як на літаратурную спадчыну, якую ён пакідае сваім блізкім, сваім сучасьнікам і патомкам. Аднак, поата не адмаўляе значэньня і іншых сваіх твораў, і нават быў упэўнены, што наогул яго "ціхія песьні", ім прачулыя і выпакутаваныя, перажывуць яго сьмерць і дачакаюцца прызнаньня сваёй мастацкай вартасьці:

Ціхія мае ўсе песьні, цёмныя, як вуголь чорны,
Але ўсё-ж яны засьвецяць, калі я ў агні мучэньня
Іх разжару, распалю:
А як згасьне ён―дык бліснуць, быццам дыямэнтаў зёрны.
Бо абернуцца, застыўшы, у драгацэнныя каменьні
Ў час, як лягу я ў зямлю. (Т. І. аддз. 1. № 29).

Словы поэты спраўдзіліся: яго песьні пасьля яго сьмерці зноў аджываюць з яго сшыткаў, рукапісных накідаў і з старонак сучасных яму часопісяй, і ўсё сільней пачынаюць пералівацца агнямі мысьлі і пачуцьця, убраных у артыстычную форму слова і вершаванага рытму.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.