Ліст у рэдакцыю
Ліст у рэдакцыю Ліст Аўтары: Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі 1928 Крыніца: [1] |
ПАВАЖАНЫ ТАВ. РЭДАКТАР!
Дазвольце праз вашу газэту давесьці да ведама савецкай грамадзкасьці наступнае:
З нейкага часу ў сьценах Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту пачалося ўпартае цкаваньне беларускіх пісьменьнікаў-студэнтаў. Найбольш яскрава гэта кампанія выявілася ў заметцы зьмешчанай у № 1 насьценгазэты Пэдфаку "Кузьня Асьветы" пад назвай "Фрагменты из жизни 2-го курса литературного отделения". У гэтай заметцы, прасякнутай тупым мяшчанска зайздросьлівым асьцервяненьнем, відаць выразны замер скампрамэтаваць беларускага пісьменьніка, узьвёўшы на яго самыя бязглуздыя, самыя дзікія абвінавачаньні.
Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у групавой "замкнутости", быццам не разумеючы таго, што з першых дзён паступленьня ў Унівэрсытэт ніводзін студэнт ня можа быць аднакава дружным як з тымі, з якімі ён некалькі год працаваў, так і з тымі, якіх ён першы раз бачыць у вочы.
Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у "белорусском шовинизме", ня маючы на гэта абсалютна ніякіх падстаў, калі ня лічыць таго, што гэтыя "писменники" ня ў прыклад іншым студэнтам усюды і заўсёды гавораць пабеларуску.
Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у тым, што яны чыста апранаюцца, носяць гальштукі, каўнерыкі, капялюшы, акуляры (які злачынны "шик"!), маюць на галаве валасы і ў кішэні насавыя хусьцінкі.
Беларускіх пісьменьнікаў абліваюць памыямі самай бруднай хуліганскай лаянкі, абзываючы "животными", раўняючы з "собаками" і ўжываючы іншыя няпрыстойныя ў сьценах Унівэрсытэту, прыёмы.
Гэты шалёны паход разьюшанай дробна-буржуазнай стыхіі ня сустрэў аніякага адпору з боку студэнцкіх грамадзкіх арганізацый, а рэдакцыя газэты ў сваёй прыпісцы нават салідарызавалася з гэтай пісулькай і працягнула "кампанію" ў чарговыя нумары газэты. Дзякуючы гэтаму, шкодныя мяшчанскія настроі распаўзьліся як па Ўнівэрсытэту, так і за яго сьценамі, зрабіўшы імёны беларускіх пісьменьнікаў прадметам зласьлівых насьмешак і плётак.
Усё гэта зрабіла немагчымым для беларускага пісьменьніка аставацца ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце і прымусіла нас з болем у сэрцы пакінуць яго і шукаць магчымасьці пашырэньня сваёй асьветы ў іншых навучальных установах Савецкага Саюзу.
АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ.
АЛЕСЬ ДУДАР.
МІХАСЬ ЗАРЭЦКІ.
1 сьнежня 1928 г.
Менск.