Ліст у ЦК КПБ
Ліст у ЦК КПБ Ліст Аўтар: Якуб Колас 1956 Крыніца: Збор твораў у 20 т. Том 17, Мн: Беларус. навука, 2012 |
Старонкі 121-127, 735. Раней — «ЛіМ» (№6, 1990) і «Наша слова» (№41, 2002), Выбраныя творы (2007 год). |
У Бюро ЦК КПБ
Дарагія таварышы!
Калі б сіла ўяўлення змагла паказаць мне гадоў 50 таму назад сягонняшні Мінск і ўсю нашу рэспубліку такімі, якімі яны зараз ёсць, гэта здалося б недасяжнаю мараю, непраўдзівым сном. Я гавару аб тым, што асабліва дорага майму сэрцу, бо на маіх вачах узрос і адужаў беларускі народ, стаў жыць непараўнана лепш, змяніў аблічча свае зямлі. Маладыя людзі ўжо не могуць уявіць сваю краіну без аўтамабіля на вуліцы, без трактара на полі, без велічных гарадоў, без электрычнага святла, усеагульнай граматнасці, без кіно, тэатра. Гэта ўсё — наша праца, клопат савецкай улады, кіраўніцтва Камуністычнай партыі. Нашы здабыткі — гэта мы самі, савецкія людзі, працавітыя, простыя. З тым большай пільнасцю і дбайнасцю беражом мы сваё шчасце, сваю працу, свае багацці.
Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў. Любіць і шанаваць мову нас вучыў вялікі Ленін, выдатныя пісьменнікі, вучоныя, педагогі.
Беларуская мова параўнаўча маладая. Хоць і даўно ўжо гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача савецкай інтэлігенцыі рэспублікі — берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах.
Ці ўсё добра ў нас у гэтых адносінах? Далёка не ўсё. На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур’ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў. Смешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкага шасэ на працягу 30 км, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова. Толькі ў Русінаве на даследчай бульбяной станцыі знайшлося два пачарнелых ад часу надпісы: «Кузьня» і «Сьвіран». Дый то, відаць, яны былі зроблены ў 30-х гадах, да рэформы правапісу, бо пасля мяккіх зычных у іх стаіць мяккі знак. Няўжо ж аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць! Бо колькі ні пішы «Казбек» на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх. Свіслач — рэчка незайздросная, але калі папяросы з такой назвай будуць самымі лепшымі, дык яны знойдуць попыт ва ўсім Савецкім Саюзе. Чаму ж мы дапускаем, каб беларускія этыкеткі з’яўляліся толькі на дрэнным гуталіне і не на вельмі смачных водах? Гэта ж і мала, і проста крыўдна.
Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць пасяджэнняў. Тое, што ў Акадэміі існуюць інстытуты мовы і літаратуры, яшчэ справы не рашае. У нас дасюль не распрацавана беларуская тэрміналогія па ўсіх галінах навукі, а гэта дало б магчымасць пісаць па-беларуску навуковыя працы і выкладаць па-беларуску спецыяльныя дысцыпліны. Няўжо ж навуковая работа, калі яна ўдалая і цікавая[,] што-небудзь страціць ад таго, што будзе напісана па-беларуску! Наадварот, яе будуць перакладаць і пашыраць на многіх мовах свету, як гэта робіцца з творамі нашых літаратараў. Могуць сказаць, што, стаўшы на такі шлях, распужаеш з Акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не ўладаюць мовай. Не, ніхто не збіраецца саджаць за азбуку паважаных і сур’ёзных людзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, і ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету. Большасць жа нашых вучоных — беларусы, і мову яны ведаюць, але ёю не карыстаюцца. У іх адрас і накіраваны гэты папрок. Бо хіба можа быць сур’ёзнае развіццё навукі, калі вучоныя не хочуць паважаць мовы народа, на зямлі якога яны працуюць?
Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Ну, няхай у іх іншыя сродкі выражэння думак і пачуццяў, не моўныя. Аднак, зрабіць уклад у нацыянальнае мастацтва і музыку, не ведаючы мовы народа, немагчыма. Мова — найважнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць аўладаць усімі духоўнымі багаццямі народа.
Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газетных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газеты і часопісы: «прадстаячы», «маючыйся», «кіруемы» і іншыя страхападобныя словы.
Тэатры, ставячы перакладныя п’есы, па-свойму няграматна папраўляюць перакладчыкаў, замяняюць сказы і словы, бо, бачыце, беларускае слова «не гучыць». Беларускае слова гучыць, але яны не ведаюць яго, не імкнуцца зразумець сэнс і данесці яго да гледача. Назвы п’ес тэатры стараюцца даць так, каб яны былі не перакладзены, а толькі напісаны беларускімі літарамі. Дарэчы, Тэатр оперы і балета ніяк не можа ўзбіцца на арыгінальны рэпертуар, пераклады лібрэта класічных опер не робяцца. Спевакі, артысты філармоніі, чытальнікі занядбалі беларускі рэпертуар. Можна пачуць, што такога рэпертуара няма. Няпраўда, ёсць і песні, ёсць і танцы, ёсць і творы для чытання. Трэба працягнуць руку і ўзяць. А пачні шырэй выконваць, дык і рэпертуар пашырыцца, будзе больш ахвоты працаваць у стваральнікаў яго.
Студыя «Беларусьфільм» здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не з’яўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.
Што ж мы маем у галіне народнай асветы. У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды. Нават у многіх школах вясковых мясцовасцей беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, што супраць беларускай школы з’яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу над ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданне народа? Можа, сапраўды наш народ раптам перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць! Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгаснікаў: у іх вуснах гучыць чыстая прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпадзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць з маленства. Але ёсць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастаткова развітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць і беларускую школу і наогул выкладанне мовы ў ёй. Але не волю народа выконваюць яны, блізарукія. Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменні, а з другога — нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў. Наогул недастатковая ўвага да мовы дае матэрыял для плётак і інсінуацый нашым замежным ворагам і іх паслугачам — беларускім нацыяналістам.
У чым жа прычына сягонняшняга становішча з мовай?
У пэўны час — ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? — вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады — значыла зарабіць ярлык нацыяналіста.
Прашу разумець мяне правільна. Партыя вяла справядлівую барацьбу з буржуазным нацыяналізмам, ускрываючы шкоднасць і карэнні гэтага зла. Я маю на ўвазе іншае, а іменна — тыя нездаровыя з’явішчы, у выніку якіх значная колькасць партыйнай і савецкай інтэлігенцыі рэспублікі была бязвінна рэпрэсіравана. Дык вось, баючыся быць пакаранымі без віны, людзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову. Гэтак было са старэйшымі. Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання, не ўжываецца для выкладання, для перапіскі, не гучыць на сходах…
На жаль, не было зроблена ніякіх крокаў, каб выправіць гэты крэн ад свае мовы. Вымушаны выпадковымі і нездаровымі абставінамі адыход інтэлігенцыі ад беларускай мовы пачаў няправільна разумецца як наогул нелюбоў да яе народа, нежаданне ёю карыстацца. З гэтага неразумення і вынікла тое, што ўжыванне беларускай мовы паступова змяншалася.
Ці не выступаю я такім чынам супраць ужывання і пашырэння рускай мовы? Не. Руская мова — гэта шырокая брама ў культуру рускага народа, народаў нашай Радзімы і ўсяго свету. У маладосці мяне выхоўвалі Пушкін і Крылоў, Дабралюбаў і Чарнышэўскі, у сталыя гады — Ленін, Горкі і савецкая літаратура. Мільёны маладзейшых людзей нашай рэспублікі назавуць гэтых самых настаўнікаў. Руская мова — родная нам, яна — неад’емнае багацце беларуса. Кожны з нас абавязан добра ведаць рускую мову, яна павінна давацца дзіцяці змалку, выкладацца лепей, чым цяпер. Бо, няма чаго граху таіць, сапраўднага ведання рускай мовы ў рэспубліцы няма, яна перакручваецца і калечыцца, і гэта мне таксама рупіць і баліць, як перакручванне і калечанне мовы беларускай.
Ці не даволі разважаць і перайсці да канкрэтных прапаноў? Становішча мовы ў рэспубліцы патрабуе паляпшэння. Я не думаю аб нейкіх адміністрацыйных загадах, смешна было беларусізаваць Беларускую рэспубліку. Усю справу можа вырашыць добры прыклад. Лягчэйшым за ўсё іншае мне здаецца такі шлях. У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасцей, святкаванняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказала [б] павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі. Добры прыклад пяройдзе ў вобласць, а затым і ў раён. А то ж сапраўды нецікава атрымліваецца, што сакратары райкомаў і старшыні выканкомаў гавораць з народам не на яго мове. Мне думаецца, што такім шляхам можна дасягнуць большага канкрэтнага кантакту і ўзаемаразумення.
Другое. Такія ўстановы, як Міністэрства культуры, Міністэрства асветы, могуць і павінны весці сваю работу па-беларуску. Калі беларускаю моваю загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове пасяджэнні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад.
Само сабой зразумела, што ніякай цяжкасці не складзе і карыстанне мовай у творчых арганізацыях мастакоў, кампазітараў, у тэатрах. Укараненне мовы ў Акадэміі зробіць уплыў на ўкараненне яе ў навучальных установах. Выкладанне самой мовы і асноўных прадметаў на ёй — справа няцяжкая. Кадры ёсць, падручнікі ёсць — трэба толькі паваротлівасць Міністэрства. Вядома, што колькасць беларускіх школ павінна быць павялічана і ўмовы ў іх павінны быць добрымі.
Я не майстар рабіць прапановы, іх трэба пашырыць і паглыбіць. Аб усім гэтым неабходна добра і ўважліва памеркаваць. ЦК знойдзе адпаведныя метады і сродкі. Пачаў жа я гэтую гаворку таму, што адчуваю гэта сваім абавязкам перад партыяй і народам.
Якуб Колас
25 / V.1956