Ліст да п. В. Ластоўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Ліст да п. В.Ластоўскага)
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Ліст да п. В.Ластоўскага
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
Крыніца: http://www.maksimbogdanovich.ru/stories/63.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Хоць значыць гэтае несць у Афіны совы, —
Усё ж такі пішу да вас, Вацлаве, словы
Нясмелага ліста.
 
          Даўно ўжо знікнуў дзень,
Ўжо стаўні замкнуты, гарыць агонь, і сцень
Ад галавы маёй са сценкі мне ківае;
У чорных рамках там сувора выглядае
Пісьменнікаў чарга; з іх кожны — блізкі друг,
Хоць і нябачаны у вочы. Светлы круг
Над імі кінула газніца. Пазіраю
Я часам на яго, а там ізноў да краю
Стала прыходзіцца схіліцца і пачаць
На белым аркушы далей ліста пісаць.
 
Аб драмах Пушкіна кажу я ў ім. Не Мэры,
Не Фаўст, не цар Барыс, а Моцарт і Сальеры
Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут
Сальеры атрымаў несправядлівы суд.
 
Халодным розумам праняўшыся, натхненне
Ён мусіў тым губіць,— так кажа абвіненне.
Сальеры ў творчасці усе хацеў паняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, і матар’ял, і мэту
І горача любіў сваю свядомасць гэту.
У творчасці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе — спакойная дума.
Але, але… Аднак, што шкодзіць тут натхненню?
Прыемнае дае Сальеры уражэнне.
Падобны знічцы ён: у іскрах над зямлёй
Яна ўзразае змрок лукою залатой,
Гарыць, бліскучая, ўся у агню нясецца,
А ў глыбіні сваёй халоднай астаецца.
 
Уменне да ігры Сальеры здабываў
Праз мерны, нудны труд; ці спраўдзі забіваў
Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?
Адкажа йскрыпка нам. Стаката, фугі, гамы
Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў
І моцна йграннем тым іскрыпкі зык змяніў,
Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла
Праз доўгія гады яе перарабіла,
І тымі спевамі уся напоена,
Навекі чулаю зрабілася яна.

Няўжо ж душы жывой маглі бы зыкі спева
Ў Сальеры не змяніць, калі змянілі дрэва?
Не! Працай гэтаю сябе ён развіваў.
Сальеры — верны раб, каторы не схаваў
Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —
Спакойна Музе ён і проста ў вочы гляне,
І будзе за любоў да здольнасці сваёй
Апраўдан Музаю і ўласнаю душой.
 
Таксама робіш ты, дума, і ў паэта
Краснейшым кожын твор. Прывет табе за гэта!
Прывет мой і табе, штодзённы рупны труд,—
Гатуеш радасць ты ад творчаскіх мінут.
Табе прывет нясу, ласкавая Камэна,—
 
Натхненнем упаіў нас ключ твой Гіпакрэна.
Прывет да здольнасці пяе душа мая,
І вершы, вам прывет складаю ўрэсьце я.
Александрыйскі верш! Ты ціхі, як Эрэбус,
Хаваючы агонь пад снегам. Хто in rebus
Musarum знаецца, не можа не любіць
Тваёй паважнасці. Таму-то аднавіць
Хацелася табон(?) мне звычай пазабыты
Эпісталы пісаць. Ну, а цяпер спачні ты.