Ліст да Сымона Рак-Міхайлоўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст да Сымона Рак-Міхайлоўскага
Ліст
Аўтар: Тамаш Грыб
1921
Крыніца: Запісы БІНІМ, Нью-Ёрк - Менск. - №37. - 2014. - с. 356-362

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вельмі паважаны грамадзянін Сымон Рак-Міхайлоўскі!

У мінулым мы шмат у чым зьвязаны паміж сябе — супольная праца ў БСГ, у ЦБ ВР, у СКР з’езда, у Радзе БНР і наогул усёй грамадзка-палітычнай працай з самага пачатку актыўнага змаганьня за нацыянальна-дзяржаўнае і сацыяльнае адраджэньне нашай Бацькаўшчыны; усё гэта кладзе на нас вялікі абавязак у пэўнай меры быць шчырымі, каб проста адзін аднаму глянуць у вочы і адкрыта сказаць праўду. Гэтую праўду, можа быць, балючую, прыкрую, але я мушу Вам сказаць.

Нас цяпер разьдзяляе вялікая мураваная сьцяна, не чуем мы адзін аднаго, хаця ж часамі і вельмі голасна гамонім. Гэтую сьцяну паміж намі збудавалі польскія акупанты з іх нечувана дзікімі зьдзекамі над нашым народам, з іх пыткамі, бізунамі, кайданамі, вастрогамі, сьмертнымі казьнямі па суду і без усялякага сьледзтва і суду.

Мураванай сьцяной польская шляхта хоча аддзяліцца ад беларускіх працоўных мас і от жа частка беларускай народнай інтэлігенцыі пайшла з народам проці ўсіх зьверстваў акупантаў, а другая частка… як не больна… пайшла з панамі і шляхтай проці народа, проці сярмяжнага сялянства.

Успамінаючы словы пакойнага А. Прушынскага, якія ён сказаў на сходзе старшыні ЧБНК гр. Тэрэшчанкі ў Менску ў маі 1920 г., калі з дня на дзень польскія акупанты мусілі пакінуць Менск пад напорам беларускіх сялянскіх паўстанцаў — „Мы арганізуем шляхту і створым беларускае войска“ — я цяпер толькі добра ўразумеў увесь сэнс гэтых трагічных слоў беларускага паэта. А. Прушынскі хацеў бачыць нашую Бацькаўшчыну не сялянскай працоўнай дзяржавай, а шляхецкай, абапертай на збройную сілу польскіх штыкоў.

Дык ці адзін толькі так думаў А. Прушынскі — не памылюся, калі скажу, што і Вы, і ўсе тыя, што зрабілі раскол 13.ХІІ.1919 г. у Радзе Рэспублікі, безумоўна, так сама думалі. А гр. В. Іваноўскі, то і далей нават пайшоў — ён проста адкінуў думку аб беларускай дзяржаўнасьці як не на часе, і цьвёрда настаіваў на далучэньні Беларусі да Польшчы, каб за гэта атрымаць культурна-нацыянальную аўтаномію. Усіх тады вабіла думка аб граніцах Польшчы 1772 г. і аўтаномная Беларусь з панскай ласкі…

Мы ж гэтую думку рашуча адкінулі. Мы сталі на іншы шлях, на шлях рэвалюцыйнага змаганьня за прывярэньне волі Беларусі.

Памятую, яшчэ пакойны Іван Луцкевіч нам цьвердзіў: „У нас мала інтэлігенцыі, мы не можам рабіць актыўных выступленьняў“ — а ў Менску гэта стала догмай усёй рэальнай палітыкі „Найвышэйшай Рады“. Штодня ў гутарцы з кім толькі, бывала, ні спаткаешся, адно толькі і чуеш: „У нас мала ёсьць інтэлігенцыі, у нас няма інтэлігенцыі“.

А раз помню, то я з гр. Ігнатоўскім амаль што ні пакалацілі гр. Сераду за гэты бязглузды „вопль душы збалелай“. Мы яму стараліся вытлумачыць, што гэта ёсьць ні што іншае, як правакаваньне беларускай справы. Мы самі добра ведаем, што ў нас ёсьць і чаго няма, але заўсёды цьвярдзіць аб тым, што ў нас „мала інтэлігенцыі“, або што ў нас „зусім няма інтэлігенцыі“ — гэта, безумоўна, прынасіла толькі шкоду ўсяму беларускаму высвабадзіцельна-адраджэнскаму руху. Бо ўзапраўды гэта было на руку толькі польскім акупантам, каторыя, па майму глыбокаму перакананьню, зусім сьвядома мусіравалі гэткія думкі, каб потым сказаць: „Цож, панове, у вас так мало інтэлігенцыі, Беларусь мы тылько збудуем“ і г. д.

Самы сабой, лягічны вынік тут зусім быў ясны — будуйце, паночкі, а нам толькі дайце ўзгадаваць праз школу новае пакаленьне.

А польскім акупантам гэтае і трэба было, яны сваё зрабілі, яны сумелі вырваць ад „Найвышэйшай Рады“ згоду на культурна-нацыянальную аўтаномію і гэтым самым ануляваць ідэю незалежнай беларускай дзяржаўнасьці.

Заява пана Скульскага, міністра Прэзідэнта польскай дзяржавы варшаўскім карэспандэнтам, што беларусы адмаўляюцца ад сваёй дзяржаўнасьці і згаджаюцца на культурна-нацыянальную аўтаномію ў межах польскай дзяржаўнасьці, як бура з навальніцай праняслася над нашым родным краем і перуном ударыла ў маладое, яшчэ не акрэпшае дрэўца беларускай дзяржаўнасьці.

Што дало права п. Скульскаму рабіць гэткую заяву? Хто адрокся ад беларускай дзяржаўнасьці? — „цёмна вада ва облацех“, як той казаў. „Найвышэйшая Рада“ пусьцілася на тайную дыпляматыю, пачала выдумляць разныя спосабы скрыць свой грэх і, як той грэшны Адам ў раі, прыкрывае свой сорам фігавым лістком — ЦБНК, які, па азначэньні гр. Тэрэшчанкі, быў страхой „Найвышэйшай Рады“ пасьля таго, як паявіліся пратэсты ад віленскіх і ад гарадзенскіх беларускіх арганізацый, „тожэ“ выносіць пратэст.

Але грош цана была гэтаму пратэсту. Міністр прэзідэнт польскай дзяржавы п. Скульскі больш меў аўтарытэту і нават больш таго: яго словы пачула ўся Эўропа і паверыла яму. Пачулі гэта і паверылі — бо ім гэта зусім на руку — „усясільныя бальшавікі“.

І вось у час рыжскіх мірных перагавораў „усясільныя бальшавікі“, прызнаўшы незалежнасьць Украіны, дамагаюцца прыняць у склад дэлегацыі, як самаісную старану, дэлегацыю ад Украінскай незалежнай Савецкай Рэспублікі.

Ясна — незалежная Ўкраінская Савецкая Рэспубліка была фікцыя, але затое ўсё украінскае грамадзянства ад самага правага канца аж да левага моцна стаіць на грунце незалежнасьці сваёй бацькаўшчыны, не зышоў з гэтага грунту і ўрад Пятлюры, што абапіраўся на Польшчу.

Мо хоць і рознымі шляхамі, але ўсе ідуць к адной мэце — незалежнасьць Украіны. А што ж беларусы?

А ўжо ж беларусы самі надзелі пятлю на сваю шыю.

Існуюць два ўрады — адзін, абапёрты на польскія штыкі і нават мае сваю вайсковую камісію, — знача, мае сваё войска, але які адрокся ад беларускай дзяржаўнасьці, згадзіўшыся на культурна-нацыянальную аўтаномію, такім чынам, усю палітычную долю Беларусі аддаў на разрашэньне польскіх паноў — гэта ёсьць урад „Найвышэйшай Рады“, другі ўрад — гэта ёсьць Рада Народных Міністраў БНР, які ні на якія штыкі не абапёрты, а толькі з голай праўдай у руках бароніць правы Беларусі на вольнае незалежнае дзяржаўнае жыцьцё.

Вядома, мы яшчэ жывём у той час, калі долю народаў разрашае не праўда і справядлівасьць, а грубая сіла штыка і кулямёта. Усе пратэсты беларускага ўрада — Рады Народных Міністраў мелі толькі адно маральнае значэньне, праўда, вялікае маральнае значэньне перад усёй культурнай эўрапейскай дэмакратыяй, аднак жа факт стаўся — Рыжскім мірам жывое цела Беларусі разарванае на часьці, ліецца бязьвінная кроў, пабядзіцелі, узваліўшы цяжкі камень, а не дошку, як гэта было ў старыну, на грудзі беларускага народа, устраіваюць свой п’яны баль.

Таржэйствуйце, балюйце, скрываўленыя вы каты, а грозны словы запішыць рука ракавая“, бо ўсё ж такі „veritas vincet“, і мы верым у васход яснага сонца, праўды і волі.

Але што сталася з „Найвышэйшай Радай“? Што, служалася сваіх грахоў і гатова ўцякаць у пустыню, каб пастом і пакутаю вымаліць сабе прабачэньне? Гатова раскаяцца, як той блудны сын і зноў вярнуцца на панадворак сваёй бацькаўшчыны. Ці так, га?

Але той, хто шчыра каецца ў сваіх грахах, каецца ўсенародна — таму прабачаюцца грахі, так казалі ў старыну нашыя дзяды і прадзеды.

Дык зразумеце-ж, зразумейце нарэшце вашыя грахі, спаліце вашых балванаў і пакланіцеся сапраўднаму Богу, Богу сонца, праўды і волі!

Адкіньце ваш подлы фетышызм — годзе ўжо вам, пастыдныя, біць чалом паклоны польскім панам. Сорам!

Вы ж самі нарэшце ўжо пераканаліся, што з польскімі панамі зусім не па дарозе беларускаму селяніну-земляробу. Жыцьцёвыя інтарэсы працоўнае сялянскае Беларусі вымагаюць адкрытага змаганьня з панска-шляхецкім імпэрыялізмам Польшчы. Не згода, а змаганьне на жыцьцё і на сьмерць з польскімі феадаламі-панамі. Успомніце гістарычныя словы Кастуся Каліноўскага: „Сякера паўстанца не павінна застанавіцца над калыскай панскага дзіцяці“, Гэта было сказана яшчэ ў ХІХ сталецьці. Знача, нашае змаганне, завешчанае нам дзядамі нашымі і бацькамі. І мы павінны прадсьмертную іх волю сьвята выпаўніць.

Дый то сказаць, змаганьне з польскімі панамі і шляхтай ёсьць змаганьне за сацыяльнае раскрапашчэньне беларускага сялянства, змаганьне за зямлю, што калісь належала ўсяму народу, але з часамі польскія паны і шляхта і здрадзіўшая свайму народу беларуская тагачасная інтэлігенцыя, баярства самавольна заўладалі беларускім народным дабром, нявольнікам сваім зрабілі беларускага селяніна-земляроба.

От жа, прабіў час, калі наша пакаленьне павінна споўніць, ажыцьцёвіць заветныя думкі — ідэі дзядоў сваіх і прадзедаў, павінна высвабадзіць зямлю з чэпкіх рук польскіх каланізатараў і беларускіх здраднікаў-баяр, што за розныя прывілеі, нададзеныя ім праз польскіх каралёў, запрагалі ў няволю Беларусь.

Час, каб добра зразумець і ўсьвядоміць сабе грахі мінуўшчыны і больш ужо ніколі іх не паўтараць. Разважце і зразумейце грэх злошчаснай „Найвышэйшай Рады“, якая дала права пану Скульскаму казаць, што беларусы адракліся ад сваёй дзяржаўнасьці, якая дала права польскім панам заключыць ганебны мірны дагавор у Рызе, і за аўтаномную Беларусь і нарэшце дала права пану Пілсудскаму правадзіць вайсковую каланізацыю беларускіх зямель.

Пара паставіць пункт над і, пара ўжо цьвёрдае, рашучае, наша роднае, беларускае, простае, мужыцкае сказаць слова праўды. Хто мы і куды мы йдзем? Мы змагаемся за незалежнасьць, за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, за лепшую шчасьлівую долю працоўнай Беларусі, за волю народную, за права жыць пад сонцам.

Наш шлях ёсьць вельмі цяжкі, усыпаны цернямі і вострым пякучым жвірам. Затое ў нас ёсьць сьветлы ідэал будучыні, каторы, як тая зорка ў небе, сьвеціць тым, хто не разучыўся яшчэ разумець праўду, хто моцную мае веру ў пабеду дабра і справядлівасьці, хто не ўтраціў веру ў прагрэс усёй людзкасьці і хто нарэшце мае непрадажнае сумленьне.

Дык разважце ўсё гэта і дайце свой адказ.

Праз вас я зьвяртаюся да ўсіх беларускіх дзеячоў з „Найвышэйшай Рады“, да ўсіх тых беларусоў, што заблудзіліся паміж трох соснаў польскай арыентацыі.

Дык зразумеюць няхай яны нарэшце ўсё тое фальшывае становішча, у якім яны цяпер знаходзяцца, дзеля сваёй мягкацеласьці, сентыментальнасьці і халопскай пакоры, каб толькі яго вяльможнасьці пану Пілсудскаму ўспадабацца.

Дзе іх рэальная палітыка, аб якой яны трубілі нам праз тры гады? Мо ў тым, каб польскія акупанты разагналі беларускія школы, кааператывы, усе культурна-прасьветныя арганізацыі? Мо ў тым, каб дзікія наездцы маглі з гонарам шляхецкім казаць „kolka w leb“ таму, хто будзе беларускія кніжкі чытаць?

О, вядома, калі ў гэтым была іх рэальная палітыка — няхай скачуць лявоніху, сёньня на іх вуліцы сьвята.

Аднак ці можна тады запытацца, хто яны? Хто вы, што дапамагаеце спраўляць п’яны баль польскім пабядзіцелям на грудзях свайго народа?

Здыміце ваш шутаўскі нарад. Пакіньце позу вечнай ендзы. Даволі ганьбіць і бэсьціць імя беларуса!

Што?.. Няўжо ж беларус не мае свайго ўласнага нацыянальнага гонару?

Няпраўда — мае свой гонар беларус!

І калі сёньня ён прыдушаны ляжыць пад трыўфальнай калясьніцай пана Пілсудскага, гэтага ката працоўнай Беларусі — то заўтра можа стацца зусім інакш, і той, хто сёньня пад канём у балоце прыдушаны ляжыць, — заўтра будзе на кані. Часы мяняюцца і от жа, прыйдзе час, калі і паняволены польскімі панамі сярмяжны сын вёскі — беларус зможа аддзячыць сваім ворагам і не запамятуе прыхільнікаў сваіх.

Надыйдзе час, ён мо хутка ўжо надыйдзе, калі тоўстапузыя скрываўленыя каты — польская шляхта і паны павінны будуць стаць перад усенародным судом працоўнай Беларусі — нідзе дзенуцца паўпанкі і падлыжнікі панскія.

За гонар свой, за зьдзек і паняверку, за нялюдзкія мукі па турмах і лягерах, за рэкі пралітай народнай крыві, за спаленыя хаты, за пагвалчаных сясьцёр сваіх, за пакалечаных братоў пры допытах у розных дыфэнзывах — жорскі будзе суд працоўнай Беларусі над паганымі гадамі, скрываўленымі катамі, панамі польскімі ды шляхтай.

Няхай усенька гэта добра зразумеюць беларусы з польскай арыентацыяй, каб потым не балела галава ад чужога пахмельля — няхай разважаць, няхай усьвядомяць сябе…

14.IV.1921