Ліст Рамана Скірмунта да Яўсея Канчара
Ліст Рамана Скірмунта да Яўсевія Канчара Ліст Аўтар: Раман Скірмунт невядома (пераклад 2021) Арыгінальная назва: Изъ переписки Р. А. Скирмунта съ Е. С. Канчеромъ Пераклад: Gleb Leo Крыніца: Часопіс «Чырвоны Шлях», № 1-2, 19 іюля 1918 г., б. 12-13 |
Літасьцівы Гаспадару Яўсені Сьцяпанавіч,
Ваш ліст ад 30 сакавіка зусім мяне ня зьдзівіў. Нечакана хуткі пераварот у палітычным жыцьці Расейскай Імпэрыі высунуў шэраг складаных пытаньняў і зьяваў, на першы погляд зусім нечаканых і незразумелых. У Вас выклікае непаразуменьне пытаньне пра стаўленьне Беларусаў да іншых нацыянальнасьцяў, у прыватнасьці да Палякаў—пытаньне пра ўяўны ўдзел іх у Беларускім народным адраджэньні і маё асабістае стаўленьне да гэтых пытаньняў. — Дазвольце мне пачаць з гэтага апошняга.
Я сам ураджэнец Беларускага Палесься, нашчадак літоўскай сям’і са старажытных часоў, спакон вякоў аседлай у гэтым краі, і мае продкі да 17-га стагодзьдзя карысталіся беларускай мовай, як хатняй. Я заўсёды быў і буду горача адданы сваёй радзіме і свайму народу—іх месцазнаходжаньне не за Нёманам і Бугам і не на Волзе, а тут у Беларусі. —У I-ай Дзяржаўнай Думе—сьмею сказаць,—дзякуючы маім намаганньням, вылучылася краёвая суполка дэпутатаў Літвы й Беларусі, цалкам самастойная й незалежная ад Польскага Кола.—У фракцыі аўтанамістаў-фэдэралістаў I-ай Дзярж. Думы я адстойваў інтарэсы Беларускага народу. У дачыненьні да сапраўднага ўдзелу ў польскіх арганізацыях і дэпутацыі, якая наведала Часовы Ўрад, мяне, відаць, зьмешваюць з маім стрыечным братам К. Г. Скірмунтам, Сябром Дзяржаўнай Рады ў выбарах ад Гарадзенскае губэрні.
Указваючы далей на ўяўны ўдзел Палякаў у Беларускім руху, я мяркую—Вы маеце галоўным чынам на ўвазе каталіцкіх сьвятароў.—Уціск старога ўраду, ускладняючы многія пытаньні палітычнага жыцьця краю, аказваў у некаторых выпадках—супраць жаданьня—ускосную падтрымку Палянізму.—Адмаўляючы існаваньне, недапускаючы думкі пра ўжываньне у некаторых касьцёлах беларускае мовы, яно гэтым жа самым замацоўвала становішча польскае мовы. Духавенства не магло згадзіцца на ўвядзеньне вяліка-рускай мовы, чужой парахвіянам і ў той час небясьпечнай для самога існаваньня касьцёла і, вядома, хоцькі-няхоцькі павінна было прытрымлівацца польскай.—Сягоньня, калі вызваленьне ад папярэдняга ўціску прынесла нам волю народнага самавызначэньня, калі выслоўе, якое мае сілу і рашучае значэньне цягам дзесяці гадоў:„беларускае мовы няма й быць ня можа“—адыйшло ў вобласьць паданьняў, многія ксяндзы, лічачыся з патрэбамі паствы, абудзілі пытаньне пра замену пры дадатковым Богаслужэньні польскае мовы беларускай; сумнявацца пры такіх абставінах у іх шчырай адданасьці Беларускай справе мы ня маем падставаў.
Пытаньне пра „гістарычныя разьлікі“ Беларусаў зь іншымі народнасьцямі я б пакуль пакінуў на баку. Пераважны ўплыў вучэньняў Ілавайскага цягам дзясяткаў гадоў выкліаў аднабаковае стаўленьне гісторыі да некаторых фактаў зь мінулага жыцьця нашага краю. Зрэшты пытаньне гэтае ў дадзены момант ня мае істотнага значэньня. У нас будзе столькі работы навокал культурнага, эканамічнага і маральнага адраджэньня краю, што думаць пра гістарычныя разьлікі на першых парах не прыйдзецца. Стаўленьне да іншых заўсёды заснаваныя на ўзаемнасьці. Па колькі іншыя народы выявяць да нас нязычлівыя імкненьні, ім, вядома, павінны быць аказаны належны адпор. „Arma in manu cum pace in corde“[1] вось спокліч, якога я б прытрымліваўся ў дачыненьні да іншых народаў.
Мяркуючы, што гэтыя ясныя і станоўчыя адказы Вас задаволяць, маю гонар прабываць да Вас з дасканалай пашанай і вернасьцю.
Р. А. Скірмунт
- ↑ Зброя ў руцэ - мір у сэрцы (лац.)
Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.