Перайсці да зместу

Ліст Пётры Крачэўскага да міністра УНР (29 верасня 1920)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст старшыні Прэзыдыюму Рады БНР Пётры Крачэўскага (Рыга) да нейкага міністра УНР
Ліст
Аўтар: Пётра Крачэўскі
29 верасьня 1920 году
Крыніца: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Т. 1, кн. 2, 1998 г., б. 891
Машынапісная копія ў Дзяржаўным Архіве Летувы: Фонд 582 вопіс 2 справа 54 аркуш 325 і адваротны бок.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




29.IX.20.
№216


Шчыра паважаны Пане Міністэр,

карыстаючы з нагоды, ласкава заахвярованай нам тутэйшым Вашым Паслом, п. Кедроускім, засылаю сэрдэчнае павітаньне з прычыны сьвежых перамог Слаўнага Украінскага Войска[1].

Падзеі апошніх часоу нашэ і Вашэ пытаньня высовываюць на сьветавую палітычную арэну. Не глядзючы на тую, ці іншую пастаноўку у цяперашні момант, мы лічым, што канечная развязка Ўкраінскай і Беларускай праблемы яшчэ далека наперадзі. І дзеля гэтага, зьвяртаюсь да Вас, Высокапаважаны Пане Міністэр, з прапазыціяй навязаньня актыунаго паразуменьня што да каардынацыі нашых сіл.

Мы, Беларусы, зауседы стаялі і стаімо за самую сціслую Беларуска-Украінскую дружбу і узаемную падпору, на грунце нацыянальна-дзяржаунага вызваленьня Беларускаго і Украінскаго Народоу.

Выходзячы з гэтаго пагляду, мы заўседы гатовы пайсьці, чым дужа, на сустрэч патрэбам і інтэрэсам Ўкраінскай Дзяржаўнасьці, спадзеваючыся узамен такіх жа самых адносін і з Вашай стараны.

Справы канкрэтнаго зместу будзе мець зручнасьць абгварыць з Вамі наш Пасол на Украіне, Паўнамоцны Міністэр, Грамадзянін Цвікевіч, які збіраецца выехаць да Вашаго Ураду.

Прыміця, Пане Міністэр, завярэньня у самых шчырых да Вас адносінах.

Зноскі

[правіць]
  1. Пасьля перамогі на Вісьле (20 жніўня 1920) польскія войскі й хаўрусныя нацыянальныя фармаваньні (у тым ліку й украінскія) перайшлі ў контарнаступленьне. Украінскія аддзелы пасьля пераправы праз Днестар 15 верасьня пачалі наступ пад Чорткавам і на мястэчка Падгайцы, а 18 верасьня адкінулі супраціўніка за Збруч і гналі яго да ракі Калюса.