Ліст Максіма Гарэцкага ў рэдакцыю газэты «Савецкая Беларусь» (1928)
Ліст Максіма Гарэцкага ў рэдакцыю газэты «Савецкая Беларусь» Ліст Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 Крыніца: Газэта «Савецкая Беларусь», № 83 (2271), 7 красавіка 1928 г., б. 4 |
Ліст у рэдакцыю.
У № 5 «Літаратурнага дадатку» да «Савецкае Беларусі» (31 сакавіка 1928 г.) надрукавана ў хроніцы нататка аб артыкуле нейкага М. Г. у украінскай газэце „Діло“. Нататка гэтая напісана так, што неасьвядомленыя чытачы могуць падумаць, быццам у ліку беларускіх пісьменьніаў, якіх аўтар артыкулу ставіць „на адну дошку з Янкам Купалам і Якубам Коласам“, ёсьць гэткія «мяшчане ў літаратуры», што даюць некаму весткі аб беларускай літаратуры, карысныя толкьі дзеля іх пэрсанальна, або нават у сваіх крытычных артыкулах самі сябе хваляць. Дык прашу надрукаваць у вадным з бліжэйшых нумароў «Савецкае Беларусі», што ў жыцьці паказаных пісьменьнікаў і наогул у вядомай гісторыі беларускае літаратуры і крытыкі ніколі нічога падобнага не было, і я пэўны, што і ня будзе, а калі апошнім часам у беларускіх літаратурных спрэчках здараліся выпадкі нясумленнага хаваньня пад псэўданімы ці нават ніколі даўней ня чутага сьвядомага карыстаньня чужымі ініцыяламі, дык гэта былі толькі дробны, запраўды мяшчанскія,выбрыкі, якіх, пры належнай увазе з боку рэдактароў, напэўна, больш ня будзе. Ня чытаўшы артыкулу М. Г., цяжка сказаць, ці ёсьць тут правакацыя ў адносінах да майго імя, але мушу заявіць, што абсалютна нічога супольнага з гэтым М. Г. я, вядома, ня маю.
Мімаходам яшчэ адна папраўка. У № 78 „Савецкае Беларусі“ (1 красавіка 1928 г.) напісана, што знойдзены дакуманты. быццам паэма „Тарас на Парнасе“ „зьяўляецца творам нейкага Арцёма Вярыгі-Дарэўскага“. З кнігі акад. Е. Ф. Карскага „Беларусы“, том III, частка III, і з маей „Гісторыі беларускае літаратуры“ відаць, што гэты «нейкі» ёсьць вядомым беларускім пісьменьнікам 19-га веку.
Прашу іншыя газэтыі журналы перадрукаваць.
Максім Гарэцкі.
Горкі.