Перайсці да зместу

Ліст Алеся Мілюця (2 верасня 1944)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст
Аўтар: Алесь Мілюць
1944
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 335

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2 верасня 1944 г.

Дарагая сястрыца!

Пісьмо тваё ад 19.8.44 г. я атрымаў 2/9, за якое вялікі, вялікі дзякуй. Тым больш я ўдзячны табе, што ты, наколькі хапае ў цябе сіл і энергіі, стараешся і працуеш за нас, у прыватнасці, за мяне... Я ніколі не забуду тваёй працы, і, калі Бог мяне зберажэ, я ніколі цябе не пакіну ў крыўдзе. Але пра гэта не цяпер... Цяпер мы на нейкі час разлучыліся, і Бог ведае, калі мы ўбачымся зноў, бо цяпер вайна з усімі яе жахамі і неспадзяванасцямі. У кожным выпадку я спадзяюся вярнуцца зноў дадому і пажыць яшчэ ціхім сямейным жыццём. А цяпер я павінен сваёй працаю і крывёю заваёўваць умовы для такога жыцця. Я вельмі рады, што маю звесткі пра Ваню і наогул пра ўсе справы і навіны. Гэта проста перанесла мяне ў маю далёкую, дарагую і любімую Радзіму, да маіх родных і маёй сям’і. Мне здаецца, я быў нейкі час у Скорычах, бачыў і размаўляў з табою, сястрыца, пра нашы клопаты... Але вярнуся да рэчаіснасці. Я гэтымі днямі сённязаўтра ад’язджаю ў невядомы шлях, пра які мне як байцу Чырвонай Арміі нельга пісаць, а значыць, павінен памяняцца мой адрас. Ты ж ніяк гэтым не засмучайся — у кожнага свой лёс. Я сваім становішчам цалкам задаволены і ніяк не шкадую, што я не дома, хоць мне іншы раз і вельмі цяжка даводзіцца. Але я цярплівы... І таму я рашыўся ісці лепш у армію, чым заставацца на службе. Служба ж нікуды не ўцячэ — гэта па-першае, а падругое, такая служба і з такімі людзьмі, як ты ведаеш, у многа разоў горш за армейскую службу; ва ўсякім разе, калі я ўцалею і буду жывы, я буду меці вольныя рукі і атрымаю магчымасць уладкаваць сваё жыццё, як і мне, і ўсім нам будзе найлепш, каб ніхто не пакутаваў і не быў пакрыўджаны, а служба мяне звязала б па руках і нагах і, акрамя дрэннага, нічога б не прынесла. Праўда, тут ёсць вялікая рызыка за жыццё, але я з гэтым не лічуся, для мяне і для сям’і лепш рызыкаваць, чым свядома ўлазіць у балота... Ва ўсякім выпадку, яшчэ раз малю цябе, дарагая сястрыца, кінь усякую думку аб тым, што выйшла так, а не інакш, і не лічы гэта памылкаю... Нават калі я і не вярнуся, то і тады я нічога не губляю і шкадаваць мяне таксама няма чаго і няма асабліва каму. Так што самае галоўнае, што я магу табе сказаць, гэта — супакойся, не тужы, не нудзіся, а маліся і заўсёды мяне памятай, і гэта будзе лепей за ўсё і для цябе, і для мяне. Што да майго чырвонаармейскага жыцця, дык я табе нічога не магу сказаць, таму што не маю права. Калі ўбачымся — раскажу шмат. Я таксама задаволены, што Ваня ў нестраявой — гэта больш гарантыі яму вярнуцца дадому. Ён таксама не кепскі для цябе брат, а ў нечым намнога лепшы за мяне, — і ты заўсёды з ім прыйдзеш да згоды. Толькі б Бог паслаў яму здаровым перанесці гэту цяжкую ношу і вярнуцца дадому, а са мною як будзе, — ты толькі беражы ўсё, што па мне засталося. Бажку Шуры я напішу сёння. Рады яму і ўдзячны за пісьмо. Калі будзеш пісаць мне, напішы пра Рыжкоўскага Колю і Ганнінага Косцю, ці ёсць пра іх чуткі. Напішы таксама пра сад, пра ўраджай агарода, пра проса і сою — гэта мае любімыя сябры. Напішы, што ты зрабіла з адзеннем і збожжам, што было закапана, а таксама ці спакойна можаш спаць, ці ёсць там якія варожыя банды. Калі там спакойна, дык адзенне збяры і беражы, а таксама і ўсе іншыя рэчы.

Ты пішаш, што чытала маё пісьмо са слязьмі на вачах — я таксама пісаў са слязьмі... але чаму, я і сам не скажу. Ды і не трэба гаварыць, лепш адчуць. А цяпер — прывітанне ўсім маім родным. Чакай маё наступнае пісьмо — я табе вышлю, як толькі... атрымаю новы адрас. 1 верасня я паслаў пісьмо А. Свірыду. Да пабачэння — твой брат Аляксандр.