Ліст Ігната Канчэўскага ў рэдакцыю газэты «Наша Думка»
Ліст Ігната Канчэўскага ў рэдакцыю газэты «Наша Думка» Ліст Аўтар: Ігнат Канчэўскі 1921 год Крыніца: Газэта «Наша Думка», № 19, 14 траўня 1921 г., б. 5 |
Пісьмы ў рэдакцыю
I.
Шаноўны п. рэдактару!
Вельмі прашу замесьціць гэты ліст ў Вашай паважнай газэце, бо лічу, што ніжэйпаданы вынятак з маей аўгабіаграфіі мае нейкую грамадзкую вагу.
Захварэўшы ўлетку 1920 г. на тубэркулёз плюцаў (лёгкіх), я апыніўся ў дрэнным, амаль што не безнадзейным становішчы, на зіму 20—21 г, дзякуючы нясур‘ёзнаму лячэньню прыватных лекараў і немагчымасьці атрымаць праўдзівую мэдыцынскую помач, якая не пад сілу прыватнай асобе, а вымагае грамадзкае арганізаванасьці. Такую праўдзівую мэдыцынскую помач даюць мне, дзякуючы выпадку, людзі, зусім дагэтуль незнаёмыя і нязьвязаныя са мною жаднымі абавязковымі грамадзянскімі сувязямі, замяшчаючы мяне ў лепшую ў Вільні лячэбную установу шпіталь яўрэўскага дабрачыннага хаўруса «Мішмэрэс-Хойлім», ня гледзячы на маю не-яўрэйскую нацыянальнасьць. Ні мая няпрыкметная прошлая грамадзкая праца, ні яе пэрспэктывы ў будучыні, ні самая мая прыналежнасьць да немагутнай ў сучаснасьці беларускай нацыянальнасьці не маглі заховываць ў сабе чаго небудзь прынаднага, што можна было-б скарыстаць для практычнага ўжыцьця.
У данным выпадку можна убачыць толькі чын сумленнай чалавечнасьці, якая, ня гледзячы па пахаджэньне, гдзе на помач ўсім, страціўшым сілу, не ў імя асабістай або групавой карысьці, а для самага чалавека, ў імя чалавечнасьці.
Чалавечнасьць адносін паміж асобнымі адзінкамі—неабходная падстава згоды агулу. Толькі тады, калі наша грамадзянства, пасечанае на воражыя рэлігійныя, нацыянальныя і клясавыя лягэры, ўцяміць гэтую простую праўду і пачне паважаць не групавы адзнак, а чалавечую сутнасьць, тады магчыма запраўднае, а ня толькі ў праэктах і на словах, паразуменьне паміж штучна падзеленымі грамадзянскімі групамі.
Вельмі прошу і другія газэты, зацікаўленыя ў запраўдным пашырэньні думкі аб неабходнасьці грамадзянскага паразумення — перадрукаваць.
Ігнат Канчэўскі.
Вільня.