Лісты з дарогі
Лісты з дарогі Аўтар: Ядвігін Ш. 1910 год Крыніца: https://knihi.com/Jadvihin_S/Listy_z_darohi.html |
I. Вільня. Немеж — ваколіца. Немеж — двор. Немеж — сяло
[правіць]Здаўна жадаў я — а думкі мае ляцелі і ляцелі за гэтым жаданнем,— каб як-колечы вырвацца з-паміж цесных і душных вулачак горада на прастор, на волю; пацягацца па родным краю, знаёмых адведаць, незнаёмых спазнаць; заглянуць пад саламяныя стрэхі ў тыя куткі-куточкі, аб каторых столькі-то пішуць, седзячы ў горадзе. Вось усё гэта, што я сам бачыў і чуў, тымі думкамі, якія навеяла на мяне мая дарагая старонка, і хачу з вамі дзяліцца.
27 мая пад вечар выбраўся я з Вільні па Ашмянскаму тракту. Хоць горад і мінуў ужо даўно, але неяк праз доўгі час не пахла вёскай: абапал тракту, як даўней — бярозы, так цяпер абселі дарогу тракціры, піўныя... Справа — Ліпскі, злева — Шопен; справа — Шопен, злева — Ліпскі, дый так усцяж... I стаяць гэтыя рассаднікі «культуры» гарадской, як на варце, як разінуўшаяся страшная звярына ляпа, каб не прапусціць, каб глынуць тую рэштку медзякоў падпіўшага селяніна, каторую не здалеў у яго выціснуць горад; тую рэштку, на каторую дома — у сяле — чакае мо галодная сям’я...
Дарога пясчаная; ісці цяжка... Прыглядаюся да пасеваў. Як на падгародную зямлю — ураджаі зусім не цікавыя: жыта рэдкаватае, саломка тоненькая, каласкі дробныя; ярына, ві-даць, прыпазніліся з сяўбой, дык не паспела скарыстаць з запасу зімовай вільгаці, а цяпер яшчэ ўдарыла суш, вось і засела, жоўкнуць стала. Дый, відаць, тутэйшыя хлебаробы думаюць, што калі навязуць яны гарадскога тлустага гною пад збожжа, дык і пазадкі радзіць будуць: зямля выраблена дрэнна, насенне нячыстае, ды гной добра не прагніўшы; вось і ўссела трава — як луг расце, а збажыны — па каліву. Гародаў, садкоў — з чаго найболыны можна было б мець даход каля горада,— не відаць; аж дзіва, як людзі не ўмеюць яшчэ карыстаць з таго, што ім само ў рукі сунецца. Чы ж бы ім гэта не патрэбна было? Чы ім мо яшчэ задобра жывецца? Бо кажуць, што толькі бяда ўсяго вучыць...
Па дарозе наганяю нейкага старца. Разгутарыліся.
Відаць, нейкі адстаўны ваяка, бо зара пакіраваў гутарку на палітыку, на вайну. Павэдлуг яго, хаця цяпер вайны і не чутна, бо толькі турак бунтуе ды адганяе ўсіх чужынцаў што найдалей ад сваёй граніцы, але ўсе царствы рыхтуюц-ца да страшэннай бойні. «Немец,— кажа ваяка,— на хвасце едзе...» — «Як то,— пытаю,— на хвасце?» — «3 гораду ідзеш, а нічога не ведаеш?» I, як бы са злосцей, пачаў да-лей тлумачыць мне ваяка ўсю палітыку. Англічанка, вядома, шыбчэй за рыбу ідзе і па вадзе і пад вадой; яна, бач, першая выдумала і пад неба лётаць з войскам: уссадзіць батальён салдатаў і чатыры гарматы на такую машыну і коціць куды вочы глядзяць. Ад англічанкі налаўчыўся і японец. Той хоць малады, але хітрэй за ўсіх. Яшчэ не так даўно быў ён пад кітайцам. Меў Кітай 12 царстваў пад сабой, з каторых дзёр, як той скуралуп, падаткі; паміж такіх падданых быў і японец. Цяжка была японцу няволя, і вось ціханька, моўчкі стаў ён вучыцца, народ свой прасвячаць; край стаў багацець, ажно пакуль у сілу не ўбраўся. Вось прысылае Кітай аднаго году свайго казначэя да японца дань збіраць, а японец і кажа яму: «Едзь ты, крывапіўца, да свайго цара і скажы, што годзе яму нашу кроў смактаць: нічога не дамо, а хоча — хай сілай папрабуе, войска прышле; сваёй тады крыві нап’ецца!» Так і выйшла. Прыслаў Кітай войска, дык японец такую ім лазню справіў, што тыя ў сваёй крыві тапіліся. 3 таго часу японец стаў вольным народам. I цяпер японскі народ разумней за ўсіх; там і чужынцу добра жыць, бо, перацярпеўшы сам няволю, спагадае другім і не няволіць нікога; а дзе што карыснае чы разумнае на свеце прыдумаюць, зара і ў японца ёсць. Так і з машынамі да лятання. Пасля лётаць навучыўся француз, аўстрыяк, а цяпер ужо і немец, падла, ззаду на хвасце едзе; таксама, значыцца, саджас батальён салдатаў і гарматы бярэ і лётае, як той нячысцік. Ускорасці, бадай, і мы навучымся. Не ведаю, як доўга плёў бы мне гэтыя свае басні стары, каб не прыйшлося яму звярнуць на іншую сцяжынку — дадому, а я паплёўся далей і думаў: якія ж яшчэ пачую я глупствы ў глухіх, далёкіх кутках роднага краю, калі тут гарадскі, можна сказаць, жыцель гэткі-то цёмны? I чаму такая цемната?
Іду; піўныя штораз радзей; здалёку відаць ужо ваколіца Немеж; зямля штораз лепшая, і ўраджаі весялей глядзяць. А вось і двор — Немеж. Агромністыя мураваныя пакоі, абсаджаныя лесам (паркам), і вялізная, таксама мураваная, стайня, дый усе будынкі вялікія, быццам цяжкія, як вялікая і цяжкая была праца тых дармовых рук, каторыя некалісь стаўлялі гэтыя будынкі...
Але дармовых рук — не стала: зараслі грацаваныя сцежкі; дзічынай узняўся даўней падчышчаны лясок; павыбіваныя шыбы глядзяць, як страшныя, запаўшыя вочы смерці... Даўно адцвілі тут кветкі... Сумны двор!.. Мінаю яго; зварачваю з тракту ўбок, бяруся пад сяло Немеж — 9 вёрст ад Вільні. Вось і яно; захавалася ў лагчыну паміж гор і ўзгоркаў. Зямля тут хоць і цяжкая, але добрая; ураджаі — аж люба глядзець, асабліва жыта. Сяляне хоць крэкчуць і наракаюць на цяжкое жыццё, але будынкі ў іх выглядаюць добра; жывёла сытая; дзе-нідзе блішчаць садочкі. Заходжу да аднаго гаспадара, прашуся нанач; з ахвотай прымае ён мяне, зара на стале паказалася малачко, хлеб; пачалася вячэра і гутарка. Даўней тут было ўсяго 18 хат, цяпер пайшоў прыплод — ёсць іх ужо 54; зямлі штораз скупей, дык усё поле — нават папарнае — прыходзіцца засяваць, а пашы зусім няма, і пастуха не прымаюць; кожны сваю скаціну ў руках водзіць па сваіх сцежачках ды ўзмежках і гэтак мучыцца. Уся вёска — каталікі, але мова чуваць скрозь беларуская, і толькі некаторыя зусім непатрэбна калечаць яе не то польскай, не то немаведама якой.
У вёсцы ёсць 2-класяае міністэрскае вучылішча, але варункі жьіцця не даюць як мае быць карыстаць з яго; бо, як толькі дзіця крыху падрасце і мае ўжо 12— 14 год, бацысі бяруць яго з сабой на заработкі ў лес: то кару яловую дзерці, то пілой цягаць, Яшчэ тутэйшыя сяляне зарабляюць капеек 40—50 за воз каменняў, каторы цягаюць у Вільню, а адтуль прывозяць на свае землі гарадскі гной — найбольш з суметнікаў. Не агледзіўся я, як за гутаркай мінула і поўнач, схапіўся з лавы, падзякаваў за вячэру ды пайшоў спаць у гумно на пахучае сена.
II. Немеж — сяло. М. Рудоміна — двор Паўлова
[правіць]Сонца яшчэ ледзь узнімалася, калі я, сабраўшы свае невялікія манаткі, пусціўся 28 мая нацянькі з Немежа ў
Рудоміна. Перарэзваючы Ашмянскі тракт, якраз выпала мне ісці каля памятніка палкоўніку расейскаму Дзееву. На памятніку напісана: «На семь месте покоится прахь полковника
Деева, начальннка Казанского пех. полка, убиеннаго 31 -го июля 1794 года при усмирении возмушення вь Вильне».
У памяці тутэйшага народа захавалася аб гэтым пал-коўніку такая легенда. «У 1794 годзе Дзееў браў штурмам Вільню, жыцелі бараніліся як мага, але ніякія кулі не бралі палкоўніка. Ён збіраў іх каля сябе, вымаў з кішэні чы апраткі, калі туды траплялі, і сыпаў імі, смеючыся і жартуючы, пад ногі сваіх салдатаў. Салдаты дзіваваліся і цешыліся ды лезлі за сваім правадыром у агонь. Але вось на Астрабрамскай вуліцы выйшаў нейкі малады чалавек і, узяўшы ў два пальцы маленькі беленькі прасты гузічак, пстрыкнуў ім у палкоўніка, а той і зваліўся. Падхапілі салдаты палкоўніка і на прасцірадлах неслі яго аж на гэту гару (гут стаяла частка войска); тут Дзееў сканаў, тут яго і пахавалі галавой на Маскву. У 1866 годзе памятнік аднавілі, але ўжо пасунулі яго крыху вышэй самой магілы. У сто гадоў пасля яго смерці тут быў вялікі ваенны парад і малебствы, і ў гэты дзень яго магіла завалілася. Яе прыказалі закідаць каменямі і засыпаць. Так і зрабілі. Знак, дзе магіла завалілася, і цяпер відаць».
Ёсць яшчэ каля Немежа вялікая гара — Казловай завецца. Тут некалісь-то быццам аблюбаваў гэта месца змей, каторы глуміў шмат народу. Змея, аднак, удалося змагчы, і закапалі яго на гэтай самай гары.
Дарога ў Рудоміна круціцца вузенькай сцяжынкай паміж красуючага жыта. Пахне гэта краса не то хлебам, не то мёдам — смачна пахне. Мястэчка відаць здалёку. Прыходжу туды. Мястэчка маленькае, мізэрнае. Ёсць праўда, царква, новы драўняны касцёл, ёсць прыхадская школа, маленькія бедныя крамкі, чыстая манапольса і некалькі шыночкаў — піўных. Заходжу па хатах купіць малака — няма; хлеба — няма. Народ бедны, голы — як бізун. 3 чаго ж жывуць гэтыя шыночкі? — пытаю я сам сябе, і думкі — адна другой сумней — ціснуцца да маёй душы... Купіўшы жыдоўскую булку, цягнуся далей.
Мінаю крывыя старажытныя хаткі, могільнік і выбіраюся на трабскі гасцінец. Дарога вельмі аднастайная. Поле ўсё гарыстае; ураджаі скрозь добрыя; вёсак не відаць, а толькі шляхоцкія ваколіцы і засценкі; жывуць, відаць, не бедна: будовы добрыя; садкі і агароды ў парадку; гумны вялікія; у некаторых платы і граніцы павыкладаны каменнямі, бо такі гэтага дабра штораз болей і болей. Але масты, масты! Рэчак, праўда, тут няма ніякіх, але ёсць канавы нейкія дзе-нідзе, ну і масткі праз іх паложаны. Расказаў бы я вам аб гэтых масточках як след, але дарма не хачу. Бо калі людзі плацяць грошы, каб паглядзець нейкія там ламаныя штукі, дык каб мне плацілі, майго і апісання хваціла б, якія я, пераходзячы праз гэты чысцец, выкідаў штукі. Я і ў прысяды ішоў, я і жабку скакаў і чаго ні рабіў,— вось неяк Бог усцярог, ногі цэлыя пранёс. Як тут іншыя ездзяць і ходзяць па гэткіх мастках — мо іх абмінаюць,— не ве-даю: не давялося бачыць, толькі ведаю, што пасля кожнага такога мосціка ішоў я шукаць даўнейшых тутэйшых пушч лясных, каб у іх цяні адсапнуцца крыху. А сонца страшэнна пячэ.
Увойдзеш у лес, схаваеш у цень нос, у патыліцу пячэ, схаваеш патыліцу — у нос смаліць. Вось табе і пушчы! Гэй, гэй, пушчы мае, у песнях-казках апяваныя! Хто ж там наздзекаваўся над вамі, што нават бярвенца на аршыновы масток вы даць ужо не можаце??! Гэй, гэй!..
Як было, так было, але ўжо і Паўлова відаць, гэта чатыры мілі ад Вільні, а я яшчэ і ў локаткі цягаўся. ГІара і есці і спачыць, а тут і сонца чым ніжэй, тым шыбчэй, здаецца, ляціць уніз за лес, за горы, уніз ляціць, вось і схавалася яно...
ІІІ. Паўлова — Тургелі — Гемза — Савайцішкі — Кармэляны — Цішканы — Нарвелішкі — Сурвелішкі — Трабы
[правіць]Паміж, як вокам сцягнуць, лугоў красуючых, паміж, як вокам сцягнуць, палеткаў збажыны, паміж векавых дрэў стаіць двор Паўлова. Сумны двор. Таўстыя, аграмадныя мураваныя сцены яго быццам заскляпілі ў сабе ўсё былое, мінуўшае і... маўчаць. Маўчаць яны, сумна пазіраючы на штораз новых і новых гаспадароў сваіх, на новыя парадкі, і... маўчаць. Але не маўчыць гісторыя аб іх...
У 1767 годзе гэты двор — тады званы Мэрэчам — купіў ад Корсака Павал-Ксавэры граф Бжастоўскі і ад першага свайго імені назваў яго Паўлова. Новы пан звольніў тады ўсіх сваіх падданых дворных мужыкоў ад прыгону; даў ім вольную волю; напісаў правы, кіруючыся каторымі сяляне даходзілі прасветы і свядомасці грамадскага жыцця. Мелі тады сяляне свае школы, суды, банк, доктара, розныя агульнаграмадзянскія інстытуцыі; мелі свой як бы сейм пад прадсядацельствам свайго пана і войска (міліцыя зямянская). Дык жылі тут і кіраваліся сваімі законамі, мелі сваю «аўтаномію», прызнаную і зацверджаную глаўным канстытуцыйным сеймам 4 красавіка 1791 года. Але, як мінае вецер і бура, так мінулі светлыя, ясныя дні для
Паўлова... Калі перамяніліся гаспадары тутэйшага краю, дык і ў Паўлове сялянам вярнулі паншчыну, каторая панавала моцна па ўсяму краю. У 1795 годзе Паўлова прадалі
Мошынскаму, а даўнейшаму ўладзельцу прыйшлося выехаць за граніцу, адкуль ён вярнуўся ў свой родны край у 1798 годзе. У канцы 1827 года Бжастоўскі памёр, і пахавалі яго ў Рукойнях. Памятнік, што стаяў над магілай гэтага светлага чалавека, якіх мала было ў нашай старонцы, згінуў. Кажуць, быццам яго прадалі за 18 рублсў...
Цяпер Паўлова ўжо зусім у іншых руках. 3 нейкім жалем і болем у сэрцы мінуў ,я Паўлова... Здалёку — па ўзгорку блішчыць тургельскі новы касцёл. Сонца пячэ, духата — чуць ногі перастаўляеш, але так-сяк дацягваюся да Тургель. Мястэчка маленькае, бруднае; піўных — пропасць, чутно праз адчыненыя вокны крык, лаянкі... Хоць ногі падкашваюцца — мінаю Тургелі. Зара за мястэчкам цягнецца жыга — ды якое! Сцяна сцяной! Такога ад самой Вільні нідзе не бачыў. Кладуся з ахвотай на ўзмежак каля яго аддыхнуць крыху. Пытаю падарожнага: «Чыё жыта?» «Ксяндзова,— кажа,— ён у нас першы гаспадар! Год у год у яго ўраджай».
У Тургелях ёсць міністэрская школа, ёсць і фельчар. Даўнейшы пан суседняга двара Паўлова — граф
Бжастоўскі — палажыў жалезны (ненарушаны) капітал, з каго-рага працэнты ідуць на тургельскага вучыцеля (75 руб.) і на фельчара (200 руб.). Векавечная і рэдкая гэта памятка!
Сапачыўшы крыху, пацягнуўся я да бліжэйшай вёскі — Гемзы. Па дарозе трапілася першая яшчэ рэчка ад Вільні — Марачанка, дык першы раз давялося выкупацца — і то лежачы ў ёй, бо вады і да кален не хватае. У Гемзе трапіў я, як і ўсюды трапляў, на добрых, гасцінных гаспадароў і тут астаўся начаваць. Назаўтра падышоў сюды з суседняй вёскі — Шастакоў — адзін чалавек, і вось, сабраўшыся грамадкай, пайшла ў нас гутарка то аб тым, то аб сім. Вельмі разумныя словы гэтага шастакоўскага селяніна добра ўрэзаліся мне ў памяць. «Горка,— казаў ён,— нам жыць: і зямлі нехват, і пашы жывёле нехват, але мы самі дабаўляем да гэтага жыцця яшчэ палыну. Няма ў нас, беларусаў, народнай свядомасці, няма ў нас грамадзянскага жыцця, няма ў нас прасветы, дык ні за што марнеем.) Гляньце,— кажа гэты шастакоўскі селянін,— на вашы вопраткі! Гэта ж фабрычны тандэт з анучын вашых, што падбіраюць анучнікі па вашых сметніках і адсылаюць на фабрыкі, а там іх расчосваюць, прадуць, фарбуюць і ткуць ды вам жа гніллё ваша потым па крамах прадаюць! А вы, дурныя, франтуеце ў іх, чураючыся сваёй моцнай, чыстай, самадзялковай пражы! Чураецеся яе, як чураецеся сваёй роднай, бацькоўскай, пекнай і багатай мовы беларускай, калечачы яе то на польскі, то на расейскі лад...» Люба было слухаць гэтага чалавека, і я з ахвотай бы з ім даўжэй засядзеўся, але трэба было цягнуцца далей. Пайшоў я нацянькі, выкупаўся яшчэ раз у
Марачанскай рэчцы і кінуўся на старану — да Савайцішак — да аднаго каваля: ён нядаўна купіў сабе шматочак зямліцы, дык хацелася мне паглядзець яго новай гаспадаркі.
Прыходжу. Хатка новая, канчае ён гумно ставіць, ужо садочак залажыў, абсеяўся. Спатыкаю гаспадара каля кузні.
«Скуль?» — пытае. «3 Вільні»,— кажу. «Чы не з “Нашай Нівы?”» — зразу да мяне. Гляджу, высалупіўшы вочы, з чаго ён пазнаў. «А хто ж нас, гаротных, праведае, калі не нашаніўцы? — пачаў гутарку каваль. — Дзякуй вам!
Садзіцеся, пагутарым, хоць часу і нехват: да гумна нанятыя людзі — трэ пільнаваць і памагаць». Зразу гутарка наша паплыла, як вада, быццам паміж добрых, старых знаёмых. I не дзіва: чалавек свядомы, чытае газеты, ведае, што на свеце робіцца, і кінуўся на сваю мазольную працу, прыгатаваны на ўсялякія неспадзеўкі. Купленая зямля цягнецца доўгім, вузенькім шнурам, выпаласкана дачыста, але гэты каваль патрапіць даць сабе раду: накуе ён і сабе і суседзям дабра і прасветы! Бог табе, братка, хай памагае!
Кругу дзеля гэтага каваля даў-то даў,— але нанач дацяг-нуўся да в. Кармэляны. Чуць-чуць упрасіўся нанач, бо тутэйшыя сяляне, глянуўшы на мае падарожныя куцыя мэшты, прызналі мяне за мар’явіта, і прыйшлося перад імі добры экзамен дзяржаць... Але ў гумно — на салому, дзе я начаваў, прыбег — і прыкуцнуў побач мяне сын гаспадара ды давай перапрашаць за цемнату сваіх бацькоў... Вёска вялікая, дый жылі б нішто, каб не суседні сялянскі адвакат каторы смокча даходы сабе з гірашэнняў і гэтым дыхае, апрача таго, завяліся тут распуста і зладзейства, ды шнуравая гаспадарка даканчвае, а перайсці на хутары — згоды няма. За Кармэлянамі горы і ўзгоркі штораз малеюць, каменняў менш, дарогі штораз лепшыя: роўныя, гладкія. Чубочкі лясоў то з той, то з другой стараны, але толькі чубочкі. Ледзь пад-ходзячы да вёскі Цішканы, пачынаецца як мае быць лес — лес казённы. Заходжу да лесніка, прашу кіслага малака бо на гакой спякоце толькі і ахвота да яго. Маладзенькая гаспадынька стаўляе яго поўную міску і стог бліноў кла-дзе, а маленькі гадавы хлопчык круціцца каля яе спадніцы дый просіць: «Мама, мама! Дай кароўяга малака!» —
«Хадзі,— кажу,— разам будзем есці». — «Не,— адказвае хлопчык, — у цябе кіслае малако — бычачае, а я кароўяга хачу_ салодкага!» Падзякаваўшы гаспадарам за «бычачае» малако, крапчэйшымі ўжо нагамі пайшоў я далей. Поле змяняецца: гор штораз менш, раўніна, каменняў няма, а во лес — першы лес, у каторым можна было знайсці добры цень і смашна ў ім храпануць... За лесам зара рэшткі агромністых муроў старадаўняга манастыра — Нарвелішкі. Цяпер яшчэ стаіць вялізная званіца, але на месцы самога манастыра стаіць ужо толькі крыж. Ніжэй жа збудаваны новы вялікі, на два этажы дом з агародам і садам навокал. Тут вучаць цяпер маладых дзяўчатак розных гаспадарскіх работ. Як пчолкі, увіхаюцца яны то з палівачкамі, то з лапатачкамі каля градак і дрэў... Дай Божа ім трапіць на добрую сваю гаспадарку, а навука іхняя дарма не прападзе... Вось скора і Сурвелішкі; пачынаюцца вялікія дворныя абшары. Ураджаі лепш за сярэднія. Тут ёсць бровар і фабрыка дахоўкі. Гэта яшчэ першыя фабрычныя заводы, якія папаліся мне па дарозе з Вільні. Ад Сурвелішак недалёка ўжо і Трабы — вёрст 5. Зямля штораз горшая: пясочкі глыбейшыя і глыбейшыя, сасоннічак нізенькі, каранжаваты, скрозь кусты пад’ялоўцу, жыта слабейшае, нізкае, з дробнымі каласкамі, ярыну пазапякала. А вось і самыя Трабы — у нізіне маленькае, брудненькае мястэчка, толькі ўсёй красы — пекны новы касцёл. Ёсць тут і пошта, дык трэба карыстаць з яе і канчаць пісаць.
IV. Трабы — Такарышкі — Даўнары — Бакшты
[правіць]У Трабы папаў я на торжышча. Дзень быў жыдам святочны, але народу сабралася. Торг найбольш ішоў на скаціну: кароў і коней. Цэны на іх трымаліся добрыя: чуць што лепшая кароўка — 40—60 р.; конь добры — рублёў 80, а то і больш. Жыта, ячмень, авёс, можна сказаць, у адной цане — кап. 65 за пуд. На торг ласа спаглядалі нашы жыдкі, але, апрача як сваімі піўнымі шыночкамі, нічым болей у дзеле прычаснымі не былі. Глядзеў я і дзівіўся з тутэйшых мужчын: спякота была страшэнная, а яны — хто ў карацейшых, а хто і зусім у даўгаполых сукон-ных цяжкіх світках цягаліся, быццам пакутуючыя душачкі, абліваючыся потам, па калдобінах местачковых вуліц. Ці ж бы ў іх не было дома белага, лёгкага балахона, якія скрозь носяць нашы беларусы? За Трабамі ізноў, як перад мястэчкам, пацягнуліся пяскі і пяскі, каранжавыя сасонкі і кусточкі пад’ялоўцу. Гадоў восем таму назад тутэйшыя і акалічныя сяляне каля Каляд пачыналі ўжо купляць хлябок, але потым за намовай і прыкладам новага гаспадара суседняга двара — Бокшышак кінуліся сеяць яны лубін, і цяпер не толькі хапае хлеба, але і ў запасе які пудзік калінекалі астаецца. Вёрст 5—6 ад Траб зямля быццам крыху цямнее; поле выглядае весялей; раўніна — скрозь. Здалёку відаць Такарышкі: двор і вёска. У двары агромністы паравы млын. За колькі міль цягнуцца сюды падводы з розным дабром, шмат трацячы часу і на дарогу і не раз чакаючы сваёй чародкі. Так здарылася якраз пры мне: не хапіла нейкай падмазкі да машыны, і млын стаў, а вазы прыбывалі і прыбывалі. Чаму нідзе няма тут моды ставіць, калі вады нехват, ветракоў? Я ведаю — бачыў некаторыя нашы старонкі, дзе толысі ветракамі і абходзяцца. Вёскі там велізарныя, і кожная з іх мае такіх млынаў 5—6. Чы ж бы ў гэтай старане быў іншы вецер? Трэба толькі добрага майстра, а не партача паставіць да работы. I хай хоць адна вёска, каторая што найдалын ад гэтага паравога млына, хоць бы хаўрусам — супольна папрабавала збудаваць добры вятрак, што пэўна скора верне кошт, а пасля будзе даваць і даход і вялікую выгаду. За Такарышкамі, мінаючы адну вёску — Даўнары, уцешыўся я, угледзеўшы, як дагадаліся тутэйшыя сяляне разумна выкарыстаць з таго балота-шляму, каторы панакі-далі яны каля сваёй вёскі, чысцячы равы каля дарогі і ямы, дзе мочаць пяньку. Вось кожны з іх, разраўнаваўшы сабе кавалачак шляму, абгарадзіў,— і там пазасаджвалі варыва, высадкі. Маладчынкі — даўнарскія гаспадынькі!
Падбіраюся ўжо бліжэй Бакшт: штораз трапляюцца іншыя зусім вопраткі, чуваць і вялікую розніцу ў самой мове. Дагэтуль ад Вільні па тых вёсках і засценках, каторыя мне давялося прахадзіць,— амаль не ўсе каталікі, дык і мова іх, асабліва па засценках, зафарбавана крыху польскімі словамі, але толькі крыху і то найбольш тымі фанабэрыкамі, каторыя, сустрэціўшы новага чалавека, хочуць паказаць, што яны не такія, як усе; але калі гэтага самага франта падслухаеш з-за плота, як ён з жонкай лаецца, то ўжо, будзь пэўны, не пачуеш там ніводнага польскага слова. Мова беларуская ўжываецца скрозь зусім такая, якой піша і ўжывае цяпер «Наша Ніва». Наогул шмат лепей знаюць сваю родную мову кабеты, чым мужчыны. Таксама надта добра гукаюць па-беларуску і тутэйшыя даўнейшыя жыды. Здарылася мне сустрэціць у адным месцы старую жыдоўку, каторай, за часоў яе моладасці, за нейкія-то мусі грашкі, муж так адбіў глузды, што тая, бедная, з таго часу аглухла. Дык вось, не чуючы здаўна навамоднага калецтва ў тутэйшай мове, у памяці яе засталася толькі даўнейшая — чыстая беларуская. Ну і праўда: аж міла было слухаць: гутарка яе як вада плыве, словы зычныя, і мяккія, і плывучыя, і спеўныя. 3 вялікай ахвотай доўгі час я з гэтай жыдоўкай прасядзеў і слухаў... Чуць не забыўся я сказаць аб адным слове, якое я тут скрозь чуў. Тут не скажуць нідзе, пачынаючы, бадай, ад самой Вільні: адна вярста, дзве вярсты, а — адзін вёрст, два, тры вёрст і г. д. Вось усёй розніцы і было дагэтуль, але каля Бакшт пачуў я зусім неспадзяваную навіну. Тут захавалася яшчэ старадаўняя беларуская форма ў вымове некаторых слоў, не скажуць — валы, гады, сталы, але — валэ, гадэ, сталэ; гзахаваліся тут і беларускія вопраткі: кабеты іншыя носяць яшчэ каптуры з навушнікамі, а наверх завязваюць хустку — спераду гладка прыстае яна да валос, а ззаду — каля патыліцы — тарчаць два ў розныя бакі моцна накрахмаленыя рагі. Спадніцы самадзялковыя, у кашулі верх перада і наплечнікі (нараменнікі) вышываныя ніткамі або цэльнымі кавалкамі паркалю; на гэта надзяваюць найбольш чорныя чы гранатовыя гарсэты, а наверх белыя доўгія балахоны.
Бадай, такія самыя белыя балахоны носяць і мужчыны. Але вось відаць ужо і Бакшты. Тк у абручы, укруг апаясана цёмным лесам, стаіць вёска, раскінуўшыся на 2—3 вярсты на гладкай, як стол, раўніне. Гэткай аграмаднай вёскі на сваёй дарозе я яшчэ не сустрэціў. Адно толькі добра, што хаты яе не скрозь цесна пабудаваны, а параскіданы месцамі далёка адна ад адной. Гэта, бадай, адна з найважнейшых прычын, што калі і быў які тут пажар, то даволіўся ён не такімі вялікімі абшарамі, як па іншых месцах. Сяляне тутэйшыя ўсе праваслаўныя, і мова іх страшэнна пакалечана расейскімі словамі, а яшчэ дзіўпей, што побач гэтых расейскіх слоў трапляюцца і зусім польскія, якіх мне не здарылася чуць нават паміж беларусаў-каталікоў. Так, напрыклад, замест пятніца кажуць — пёнтэк, мест вялікі — велькі, іншыя кажуць мест лаві — лапай, хоць гэта «лапай» чуў я толькі паміж плытнікаў,— быць можа, прывязлі яны яго з Гродны чы Коўны. Мужчына, сустрэціўшы, іначай не адазвецца, як здраства; затое кабеты і дзеці «пахвалёнага» ўжываюць. Таксама паміж дзяцей і кабет і сама мова зусім іншая: ані крыху не чуваць у ёй расейшчыны, дык скуль узялася і бярэцца яна паміж мужчын? Чы і тут не тая самая прычына, якая паміж беларусаў-каталікоў: хочуць людзі праз сваю цемнату паказацца не тым, чым яны ёсць, і зусім калечаць сваю родную мову. Дык што ж ты з імі зробіш? Без дурняў, кажуць, свет не можа абысціся. Але жаль, вялікі жаль я маю да тых, што як тыя курчаты, вылупіўшыся пад саламянай страхой, за апошнія бацькоўскія крывавыя грошы прыждалі надзець модныя куртатыя з бліскучымі гузікамі курткі дый цяпер чураюцца сваёй роднай мовы! Але калі ўжо дагэтуль мова беларуская захавалася і жыве, то і жыць будзе; а мова_ гэта душа нацыянальная народа, калі ёсць такая душа, то ёсць і гаспадар яе — гэта сам народ, а як не гіне народ з нацыянальнай душой, так не загіне беларускі народ!
Дык не чурацца, не заракацца трэба гэтага народа, а ісці на сустрэчу яго жаданням, яго думкам. Хай кожны, каму дораг свой родны край, загляне хоць у бліжэйшыя вёскі, загляне пад надгніўшыя стрэхі хатак, хай дзеліцца сваімі думкамі, радамі, вестачкамі, а пэўне сустрэне там прыхільнасць... Хай кожны святлейшы чалавек ідзе паміж гэтага народа і запальвае паміж яго светач навукі, свядомасці, справядлівасці і гэткім парадкам сплачвае хоць частку таго доўгу, які ён зацягнуў перад роднай сваёй старонкай, каторая ўскалыхала і ўзгадавала яго!
V. Бакшты — Заберазь
[правіць]Як з самых Бакшт, так і з усёй бакштанскай воласці нямала моладзі рассыпаецца па ўсіх кутках роднай
Беларусі. Бацькі сваіх дзяцей, каторыя скончаць тутэйшыя школкі, як мага з астатку высылаюць іх вучыцца далей: найбольш на народных вучыцялёў, а за апошнія часы сталі пасылаць і ў фельчарскія школы. Дык каму ж, калі не той моладзі, трэба шанаваць сваю бацькоўскую мову і шырыць свядомасць і пашанасць паміж сваіх братоў-беларусаў да свайго краю, да ўсяго блізкага, роднага? Але ў нас побач з прасветай часта, узяўшыся за рукі, ідзе і цемната. Так, памятаю я карэспандэнцыю ў «Нашу Ніву» з гэтых самых Бакшт. Пісалі, што сход валасны пастанавіў закрыць усе піўныя ў Бакштах, ну і закрылі. Вось, думаў я, светлы народ! Разглядаюся цяпер па вёсцы,— праўда, нідзе ніводнай піўной вывескі. Але чы ведаеце, што з гэтага выйшла? Даўней, каб трапіць у піўную, трэба было знаць грамату, каб расчытаць вывеску, а цяпер і няграматнаму добра, бо куды ні зайдзеш — усюды трапіш на шыночак. I хто ж іх падтрымлівае? Тыя самыя, што крычалі на сходзе проці піўных! Як таргуе тутэйшая манаполька — не то што сказаць, але і падумаць страшна: не дзесяткі і соткі рублёў гіне, але тысячы і дзесяткі тысяч згарае там кожны месяц цяжка запрацаваных грошаў! Скуль жа яны бяруцца? Зямля тут хоць і добрая, але свае надзелы тутэйшыя сяляне даўно ўжо, дзелючыся, парэзалі на маленькія шматочкі, дык нават пры добрым ураджаі і так яшчэ прыходзіцца прыкупіць хлеба. Але ёсць тут сплаўная рака Бярэзіна; за нейкую вярсту прылучаецца і другая сплаўная рэчка — Іслач, дык дрэва ідзе сюдыма страшэнная моц і заработкаў шмат, абы ахвота; падросткі і тыя зарабляюць, а сталыя ды болей спраўныя да работы за лета, апрача ўсіх расходаў, па сотцы адкладаюць; але шмат ёсць такіх, каторыя толькі і працуюць на манапольку... Апрача бакштан, праўда, і суседнія вёскі гэтай воласці акуратна зносяць сюды падатак на гарэлку. А трэба ведаць, што ўсіх душ у бакштанскай воласці тысяч з дзевяць, вось «з міру па нітачцы, а голаму сарочку» і шыюць... А вядома, што дзе болыпае п’янства, там і родны брат яму Суд — векавечны.
Як я чуў, у бакштанскай воласці цяпер неразабраных яшчэ судоў каля паўтары тысячы! Паўтары тысячы!
Запас нішто? Колькі-то яшчэ днёў, рабочых днёў страцяць, змарнуюць тутэйшыя сяляне на гэтыя суды? Але на гэта тутэйшы народ не глядзіць, яму не шкода рабочага дня, бо тут не толькі святы, але прысвяткі, градавыя, ледавыя і ўсялякія зголадовын святкуюць дні. Калі падлічыць, што тутэйшая воласць у год прасвяткуе толькі 10 лішніх дзён, а на 9 тысяч жыцялёў толькі будзе трэцяя частка здатных да работы,— значыцца, тры тысячы, то ў год прападае рабочых дзён на адну гэту воласць 30 тысяч дзён; лічучы па два злоты дзень, страты ў год воласць будзе мець 9 тысяч рублёў.
Ёсць тут хаўрусная крама; з вывескі відаць, што краму гэту адкрыла «Общество “Крестьянин” при содействии члена Государственной Думы Замысловского». Што супольнага мае гэта хаўрусная крама з бакштанамі — так я і не даведаўся, бо каго толькі ні пытаў, чы прыналежыць ён да гэтага хаўрусу, кожны кажа: «Не наша гэта справа, не ведаем!»
Каля самых Бакшт круціцца Бярэзіна; на ёй, недалёка валаснога праўлення, ляжыць на самай вадзе плывучы мост; казна бярэ арэнду за права лавіць рыбу ў гэтай рэчцы, ну дык і мост сама ўсё маніцца будаваць ужо пяты год. I я, стоячы над гэтым мастом, доўга думаў: разувацца чы не? Але, узяўшы на адвагу, пусціўся ў сваіх хадаках; праўда, вады паўнюсенька ў іх набрау Выбраўся на бераг; тут жа пачынаецца і Заберазь. Вёска таксама не малая — больш вярсты цягнецца; вуліца шырокая, хаты нішто а што найважнейшае, перад кожнай хатай пасаджаны дрэвы: ліпы, клёны, бярозы і іншыя; і глядзець прыемна, і ад пажа-ру вялікая абарона, Жаль толькі, што мала зусім фруктовых дрэў відаць. Аж дзіва, як людзі так мала дбаюць аб сваёй выгадзе і карысці. Тут я зайшоў да адных вельмі гасцінных гаспадароў і заваліўся ў іх на колькі дзён адсапнуцца. А такі ( пара: нацянькі ад Вільні да Заберазі больш сотні вёрст.
VI. Заберазь — Шыльві
[правіць]Як суседняя вёска — Бакшты, таксама і Заберазь мае агромністыя абшары пад выганамі. Сотні коней, рагатай скаціны і свіней бадзяюцца па гэтых выганах. Я кажу: бадзяюцца, а не пасуцца, бо і што ж іншага маюць рабіць яны на гэтых голых бубнах? Выганы гэтыя займаюць найбольш нізкія, з вясны заліваныя вадой тарфяныя месцы; ёсць, праўда, і вышэйшыя, пясчаныя кавалкі, але ўсё гэта выбіта, перабіта, вытаптана, выпалена гусіным гноем, і пажыва з гэтай пашы зусім малая, хіба толькі для коней гультаёў, для нядойных кароў; гэта толькі выгада для гаспадароў несвядомых або таксама гультаёў, а згуба для самога гаспадарства. Бо ткі разважыўшы: каня, каб моцным быў дый мог працаваць, ці карову, каб давала малако, тутака прыкормліваюць дома — з рук; гэта прыкормка і ёсць уся іх падмога і пажыва; дык, выгапяючы добра накормленую дома жывёлу на пусты выган,— гэта значыцца пазбывацца таго, што ў нас найпатрэбнейшага ёсць у гаспадарстве — гною. А трэба ведаць, што гэтыя выганы — гэта не пачынаныя яшчэ куты багацця: месцамі ляжаць глыбокія залежы торфу, месцамі цягнуцца глыбокія ямы і равы, паўнюсенькія тлустага шляму. Маючы пад рукой такія гнаі, можна лёгка ўзбагаціць зямлю на доўгія гады і падтрымаць імі сваё гаспадарства.
Не ў «лістах» аб гэтым месца гаварыць, што і як трэба ўзяцца каля гэтага; але пакуль не будзе паміж сялян згоды, еднасці, хаўрусоў, пакуль не пазбудуцца яны няволі сваёй — шнуравой гаспадаркі,— датуль трудна што-колечы і зрабіць. Хай пакуль шго карыстаюць з гэтых выганаў хоць гаспадынькі: падкурстайце, як гэта вы, калі хочаце, умееце, сваіх мужыкоў, каб нацягалі вам увосень шляму на агароды дый загаралі яго; а калі ўдасца дастаць торфу, то пакіньце ў кучках яго праз зіму, а на вясну растрасці і загараць,— дык прыжджацё добрага варыва, асабліва капусты і буракоў. I яшчэ адна рада таксама для гаспадьшь. Чаму гэта вы так мала гусей гадуеце, а качак і зусім блізка не відаць? Гэткія выганы ды яшчэ са сталай вадой і балацінамі — якраз падходзіць месца для гадоўлі такой звярыны; і даход ладны можна мець, і не адну пярыну сабраць дачцэ на пасаг. Праўда, гусей трэба падкармліваць калі-нікалі аўсом; ну, але бывае час, калі мужык малоціць авёс, дык гэта ўжо ваша, гаспадынькі, справа, каб яму менш было з тока насіць у свіран... не кажыце толькі, што гэта я вас навучыў, бо другі раз не будзе як і паказацца мне туды... Карыстайце, пакуль вашы мужыкі спяць!.. А як скора яны прачнуцца? Гэта ўжо ляжыць найбольш на сумленні мясцовых народных вучыцялёў: людзі добра граматныя, ім прыступны ўсялякія кніжкі; яны аддалі свой час, сілы сваіх маладых гадоў на прасвету народа,— хай жа і гэтай справай займуцца, хай і для сталых будуць яны светачам культуры роднага краю.
Гэта ўжо іх справа заахвоціць, выстарацца, каб сход адпусціў якую дзесяціну зямлі з выгану. Адна дзесяціна гэтага абшару — ці ёсць яна, ці няма — і знаку ніякага не будзе, а тым часам з яе можна зрабіць адкрытую, добра зразумелую нават для няграматных сельскую гаспадарскую кніжку: парэзаўшы гэту дзесяціну канавамі, рассыпаць выкапаную зямлю на гэтым самым палетку і зрабіць тут пробнае поле. Калі каторы вучыцель стаў бы адказвацца, што ён не гаспадар і на гэтым не змаецца, то я веры не дам, не святыя гаршкі лепяць — абы ахвота! Можна напісаць, паслаць нават жменьку зямлі на пробу ў якую-колечы гаспадарскую газету, апісваючы ўсе мясцовыя варункі, а пэўна аніводная рэдакцыя не адкажацца даць сваю раду; можна выпісаць усе патрэбныя кніжкі, можна ўрэшце паехаць у бліжэйшы двор, дзе вядзецца культурная гаспадарка, і там пэўна не адкажуцца ад рады і помачы,— і вось гэткім парадкам можна залажыць праўдзівы рассаднік культуры. Справа вельмі важная, і вялікую заслугу будзе мець той, хто першы ёй займецца. Пакуль не будзем мець пры воласцях і вучылішчах такіх пробных палеткаў, датуль слабая надзея, каб сяляне нашы адракліся старасвецкага спосабу гаспадаркі, а пайшлі культурнай пуцявінай.
Але годзе гэтых рад, бо вось на стале не ўгаманілася яшчэ і сквірчыць верашчака, як вір; каля яе ладны ўжо стажок бліноў, а яшчэ ўсё расце і расце ён угару... Трэбаткі добра каля іх міласці завіхнуцца перад дарогай.
(«Як не еў — дык не мог, як пад’еў — дык ні рук, ні ног», — таксама і са мной; але цягнуся неяк к шчасцю лесам — халадок; будзе мне тут яго шэсць вёрст усцяж. Люблю лес. Толькі вочы мае прывыклі да даўнейшых «некультурных» лясоў, а тут то з левага, то з правага боку — наіскось лысеюць дзялянкі) Не ўсмак гэткае гаспадарства, відаць, звярыне і птушкам: пуста, ціха ў лесе. Хоць кажуць, што дзікі тут цягаюцца і бульбе бліжэйшых лесу сялян ад іх не раз добра дастаецца; задарма прыходзяць капаць, а за сваю фатыгу, што выкапаюць, то з’ядуць,— на гаспадарскіх, значыцца, харчах... Але вось і лес канчаецца; я так не сустрэціў нічога жывога. На скрай лесу — у
ягадах угледзеў я дзяўчат; пытаю дарогі. «Дарога,— кажуць яны,— тут найбліжэйшая адна: псршая паваротка налева, а там — прасцюсенька, але тудой трудна прабрацца — мост нягодны, лепш ісці ўкруг, хоць накладу і зробіце вярсты 3—4, але смялей».— «Воз мой не цяжкі,— кажу, смеючыся,— усяго, што на плячах».— «Дарма, што не цяжкі,— адказваюць яны,— там і з пустымі рукамі дрэнна перабрацца». От думаю сабе, вядома, бабы — пужлівае населле; што за такі мост, каб пехатой не прабрацца! Бяруся, прайшоўшы з вярсту, крута ўлева, качу простай дарогай, ажно і мост. Тпр-ру. Стой! Рэчка Шыльвянка нешырокая, але глыбокая — не пройдзеш; «папаў як у нерад: ні ўзад ні ўперад»; назад — сорамна дый далёка варочацца; уперад — неяк адвага адпала. Ажно прэць нейкі жыд — тоўсты, вялікі, з чырвонымі вачыма; лыпнуў ён імі на мяне дый, нічога не кажучы, стаў на першую перакладзіну; выцягнуўшы наперад палку, пастукаў ёй па другой перакладзіне дый гоц на яе, адтуль памацаў кіем трэцюю і на тую скок; пасля прысеў, ухапіўся за яе рукамі дый, спусціўшы ўніз ногі, давай імі баўтаць, ажно пакуль не трапіў на палю, што чутачку з вады тарчала; стаў тады на яе, адсапнуўся дый на другую паліну перабраўся, пасля і далей. Эгэ, думаю сабе, і з мяне ж на гэта добры фізік, толькі не ведаў, скуль пачынаць спярша, дый услед за гэтым жыдам давай гэткія самыя штукі выкідаць. Сапе жыд, кракчу я, але ўжо і пад другі бераг падабраліся; там ізноў, як па драбіне, чапляючыся то за гнілыя калодкі, то за бераг, выбраліся на зямлю. Глянулі мы адзін на аднаго дый не здзержыліся — зарагаталі! Пачалася гутарка. Даведаўся я, што гэты жыд гадоў ужо з восем як поўзае па гэтым мосце. Мост прыналежыць да двара Шыльвёў графа Мілеўскага, але граф даказваець, што мост гэты павінна ладзіць казна, а казна звальваець на графа — і гэтак валтузяцца ўжо колькі гадоў, а тым часам бедны народ колькі то лішніх вёрст накладу штодня робіць. Хто ж верне яму гэтыя «прагоны»? Закарбаваў і я на іхнія душачкі чатыры вярсты.
VII. Козевічы — Чапунь — Карукі — Любча
[правіць]Падбіраюся да вёскі Козевічы. Здалёку блішчыць яна, новенькая, як з іголачкі, як аднаго дня будаваная, але, увайшоўшы ў яе, ажно мароз прабег па маім целе: апрача двух канцавых двароў, скрозь валяюцца кавалкі абгарэўшых бярвенняў. Яшчэ і году не мінула, як праляцеў над гэтай вёскай чырвоны пятух. У гадзіны дзве, апрача двух, як ужо ўспамінаў, двароў, зніштожыў усё: хаты, гумны, свірны, хлявы — усё змёў дачыста. Здавалася, што бяда павінна была навучыць людзей розуму,— дык не! Зноў страху на страху панасаджвалі, а што было б скарыстаць з бяды: будаваць, дык акуратна будавацца, балазе пгго той самы граф, каторы ўпіраецца даць пянькі са два на мост, тут усім сялянам дрэва за паўцаны адпусціў. Зямля тут гладкая, роўная, — хай жа бы рассяліліся на хутары — усё роўна будавацца; але не — зноў збіліся ў кучу. Ой, людзі, людзі! Брахня, відаць, старая прыказка, што гора ды бяда -усяго навуча. Да козеўчан гэта не прыстае — на тое яны і козеўчыі
На падвячорак дацягнуўся да вёскі Чапуні. Вёска вялікая, чыстая; заходжу да першай лепшай хаты прасіць малака, за мной яшчэ са трох падарожных сялян усунулася ад дажджу схавацца, бо ткі добра пачынаў ужо сцёбаць. У хаце разгутарыліся. Падарожныя варочаліся з лугоў, што закупілі ў дварэ. Лугоў тут прадаецца гібель. Графскіх, як казалі яны, на тысяч дзевяць дый налібоцкіх — на 15 тысяч рублёў. Арэнда нішто, хоць нядаўна яшчэ паднялася па іх цана. Хто ж падняў, як бы вы думалі? Нагналі яе самі ж сяляне. Даўней, аблюбаваўшы каторы кавалак, прыйдзе наш брат купляць, то ўжо другі на карк яму пе лезе, цаны не перабівае, не псуе; а цяпер усё пайшло іначай: паназначылі таргі — ліцытацыі; хмара мужыкоў набіваецца на гэтыя зборышчы, дый давай адзін аднаму боты шыць: пачнецца, здаецца, з малога, той надкіне залатоўку, той саракоўку, іншы і ўвесь рубель, а там яшчэ двузлотку, яшчэ грыўню, і так гонюць і гонюць адзін перад адным, ажно пакуль з якіх рублёў трох не даедуць да 20-ці; з пяці — нагоняць трыццаць, і хоць прыпацеюць мужычкі, але такі тысяч наскладаюць. Не хацелася мне неяк сядзець даўжэй у гэтай хаце, і, хоць дожджык пырскаў, — пацягнуў далей. Абапал дарогі лугі і пасекі, пасекі і лугі, і так амаль не да самай вёскі Бярэзіны, што над гэтай рэчкай стаіць. Але тут пераняў мяне такі дождж, што хоцькі-няхоцькі прыйшлося хавацца ў будку з яловай кары, зробленай для вартаўніка пры сплаўным лесе. Сядзім скорчыўшыся ды гутарым.
Работы (як мне казаў стораж) ёсць шмат з дрэвам, — і, завіхаючыся, можна ў дзень рубля выгнаць; іншым разам і за рыбу што-колечы перападае. Ловяць яе тут найбольш восцямі ўночы з агнём, але год ад года рыбы штораз менш і менш, дый і тая драбнавата. Трапляецца часам госць з Нёмна — сом, але таго не прадасі: трэфны ён, дык жыды не купляюць, самім прыходзіцца есці. Вось якраз майму новаму знаёмаму на прошлым тыдні папаўся самок пудкі са два, дык праз колькі часу варылі яго. Хоць тлусты сом, аднак смак невялікі.
Дождж стаў сціхаць; падышло яшчэ трох падарожных, і мы сталі выклікаць з другога берага паромшчыка. Той, угледзеўшы, што ўсяго нас чатырох, паляніўся цягнуць паром, а выплехаўшы з большага чаўна ваду, пад’ехаў на ім па нас. Перабраўшыся на другі бок і заплаціўшы па капейцы ад носа, разышліся мы хто куды. Я ўзяўся ўправа праз лес на Любчу. Апошняя гэта ўжо тут мая пераходка праз Ашмянскі павет. Спачатку ідзе нізіна; на ёй лісцясты лес: вольхі, асіны, бярозы, паміж імі зрэдзь дубы і клёны, але чым далей, тым зямля вышэйшая, і пачынаецца ўжо баравы лес, толькі то з таго, то з другога боку трапляюцца лагчыны — імшарыны; але ўскорасці ўсё гэта канчаецца, і перад маімі вачамі незмяраныя абшары раўніны, а там — удалі — на ўзгорку блішчаць, як зачарованыя, агромністыя белыя муры любчанскіх палацаў; ад іх, быццам доўгія пальцы, цягнуцца ўніз шнуры местачковых шэрых хат. Любча, гэта ўжо ў Навагрудскім павеце — на тым беразе Нёмна (ён тут аддзяляе Віленскую ад Мінскай губерні). Не зважаючы на тое, што я сягоння адмахаў ужо чатыры мілі, усё падбаўляю дый падбаўляю ходу: хацелася яго скарэй угледзець. Вось Ён-Ён — Нёман наш! Стаю, гляджу і вачам сваім не веру. І не такі шырокі ён, і не такі глыбокі, а такі ціхі, спакойны, здаецца, быццам і не кратаецца ён, а толькі, калі, распрануўшыся, кінуўся я ў яго чыстыя воды, калі ступіў на яго мяккае дно, тады толькі спазнаў я, колькі ў гэтай злуднай пакоры крыецца страшэннай патайнай моцы! Не толькі плысці, ісці нават проці вады не было змогі. Доўга сядзеў я, задумаўшыся, над берагам
Нёмана. Доўга ўслухіваўся я да дзіўных чароўных шэптаў яго берагом сваім... Аб чым ён шаптаў?? Ціха. Скажу вам. Я падслухаў гэтыя шэпты. Я зразумеў іх. Гэта Ён, Нёман наш, падшэптываў, вучыў... як павінны працаваць яго беларусы.
VIII. Любча (Навагрудскі пав. Мінск. губ.)
[правіць]У Любчу трапіў я якраз на другі дзень пасля пажару, каторы бушаваў тут у чэрвені месяцы. Згарэла хат 50 і ўсе халодныя будыніны пры іх. Усяго шчасця, што агонь пачаўся, калі не спаў яшчэ народ, а то магло б пайсці з дымам усё мястэчка, бо хоць пажарная дружына і ёсць тут, але слабавата, і да яе мала нешта прылучаецца мяшчан, асабліва нашых, — усё найбольш жыды. Страхоўкі возьмуць пагарэлыя ўсяго тысяч 17. Наогул, значыцца на кожнага гаспадара прыйдзецца па паўчварта соткі, за гэтыя грошы цяперашнім часам не ўскрэснеш! Цяжка праўда, плаціць вялікую страхоўку, а вялікая яна дзеля таго, што страховыя хаўрусы глядзяць на гэту справу не як на помач народу, а як на гандаль, на каторым стараюцца зарабіць што найбольшыя працэнты; але пакуль па нашых вёсках ды мястэчках будуць, як дагэтуль, будаваць страху пры страсе з пальнага матэрыялу, а абарона ад пажараў слабая або зусім яе няма, — дык прыходзіцца з апошняга плаціць, але страхавацца трэба на вышэйшыя грошы.
Трапіўшы ў Любчу, захацелася мне — ведама —глянуць зблізку на белыя агромністыя муры дворных палацаў і на тамтэйшыя парадкі. Заўсёды чалавек спадзяецца ў такіх вялікіх дварох угледзець што-колечы цікавае і карыснае для сябе: мо дрэўка фруктовае іначай вядзецца, мо кусцік які новы з ягадамі, мо будыніна на новы лад пастаўлена, чы прылады якія гаспадарскія нязнаныя заведзены. Падходжу да брамы, ажно ўжо і навіна ёсць: вісіць дошчка, а на ёй напісана: «Вход воспрещается». Здарыла-ся мне, помню, некалісь то быць каля Маладэчны; бачыў я там на адной дворнай браме доўгую, шырокую дошку з такім надпісам: «Міласці просім!» Зразу знаць было, што там жыве і чалавек і наш брат-славянін, сэрца каторага для госця, як адчыненая брама... А тут бог іх ведае, што за людзі!
Прызнаюся, зразу адпала ў мяне ахвота да гэтых «браніраваных» палацаў, і я завярнуўся пацягацца па мястэчку, балазе якраз выпаў тарговы дзень і народу шмат сабралася. Памеж усіх сялян зразу кідаюцца ў вочы шчарсунцы ў нацыянальных сваіх апратках: у мужчын белыя доўгія балахоны, падпяразаныя шырокім тканым або ласіным паясом, і саламяныя шырокія капелюшы сваёй работы. Кабеты ў самадзялковых спадніцах, белыя з вышыўкамі кашулі, гарсеты паверх; на галаве крамная хустачка, да рагоў каторай папрычапляны сваёй работы кутасікі; хустачка гэта ўкруг твару прыстае гладка, але на вярхочку самай галавы падкладаюць паперу, дык выглядае начыпурыўшыся; на шыі паначапляны пацеркі.
На рынку шмат рагатай скаціны і коней. Скаціна вельмі пекная; найбольш галяндэрскага і швыцкага, хоць і не зусім чысгага, заводу. Штуку на рублёў 60—80 знайсці не труд-на. Коні складныя і не малыя, але на даражэйшыя цэны не было відаць. Казалі мне, што з вясны наводзяць сюды лепшых коней, але перакупшчыкі ўжо выпаласкалі іх за граніцу. У нас заўсёды так: чы лепшая жывёла, чы лепшае зерне — усё забяруць, пазвозяць, ды яшчэ за паўцаны, бо ніхто з нашых сялян праўдзівай цаны і не чуў, і не даведаўся, — а нам пакідаюць адны выбіркі, быццам мы чы не ўмеем працаваць добрай скацінай, чы з’есці сытнейшае мяса або спажыць лепшай мукі не патрапімо. Толькі мы з заграніцы нічога людскага не пажывімся, а калі што і прывязуць адтуль, дык дзяруць, ажно скура трашчыць.
Добра, што Любча мае хоць тую славу, што гадуе добрую скаціпу і коней; праўда, славіцца яшчэ Любча і добрымі гулякамі ў карты — прэферанса... Мае Любча і крамаў шмат, асабліва аптэчных; чаму іх столькі тут набралася (бо ёсць і аптэка), каго яны лечаць чы калечаць? — гэта ўжо іх сакрэт. На іншых вуліцах мястэчка панатыканы высокія сухаватыя тычкі; хто можа не сплючы сніць, таму можа здавацца, што з іх будуць прысады... Дык усяго тут хапае, не хапае толькі вучылішч. Мястэчка вялікае, а школа тут усяго адна, дык вучанікоў набіваецца паўнюсенька. Скончыўшы гэтую школку, хлопцам няма куды дзецца, каб далей вучыцца, бо гарадскога вучылішча няма; нямашака, ведама, іііякіх і прафесіянальных школ. У горад ехаць няма за што, дома аставацца няма пры чым, дык усе, хоцькі-няхоцькі, пхнуцца ў Маладэчненскую вучыцельскую семінарыю, каб пасля душыцца разам з дзяцьмі ў нізкіх, цесных вясковых хатках, бо з будынкамі пад новыя школы не так-то скора ў нас рупяцца.
IX. Сенна — Шчорсы (Навагрудскі пав. Мінск. губ.)
[правіць]3 Любчы выбраўся я на другі дзень пад вечар. Дзень выпаў пекны, дык грамадка новых знаёмых выйшла разам са мной прайсціся крыху. Пры вясёлай гутарцы і не агледзеліся, як адмахалі вёрст сем — да Сенна. Гэтую вялізную дворную маетнасць раскупілі цяпер малымі часткамі сяляне. Справядлівае гэтаму двару прыдумаў нехта прозвішча — Сенна: куды ні глянь — сенажаці і сенажаці, і то не абыякія, а ў пояс! Іду ў двор. Вось прысады; некаторыя ў колькі абхватаў, векавыя дрэвы ляжаць ужо на баку, парэзаныя на дровы. Ад параднай брамы асталіся толькі слупы; да іх прычэплены цяпер простыя вароты. Заходжу на дзядзінец. Густа абсаджаны ён рознымі тутэйшымі і загранічнымі кусцікамі. Яны ўжо адцвілі. Адцвілі апошні раз: сякера і рыдлёўка выцерабяць і выкарчуюць іх. На гэтым месцы рассядуцца таўстапузыя буракі і капусцяныя галовы. У глыбі відаць загранічныя дрэвы. Далікатная пілачка садоўніка выцацкала іх у розныя формы. Цяпер стаяць яны падцярэбленыя, пакалечаныя, толькі чубкі ўгары тырчаць. Іх сукі пайшлі на паркан, каб падзяліць даўнейшы абшар саду на кавалкі новым гаспадарам. У садзе, паміж выпешчаных фруктовых дрэвак, паўнюсенька парэчак, агрэсту вішань, слівак; а вось і ліповая алея; густая яна. Пні ліпы праз доўгі, відаць, час абрэзаны былі мала чаго вышэй росту чалавека, дык сукі, густа сплёўшыся, спушчаюцца ажно ўніз; зверху таксама спляліся, як страха. Ні дождж, ні сонца туды не дабяруцца; ідзеш быццам праз тунель — цёмна. Недалёка гэтых ліп глыбокія ямы; месцамі засыпаны яны цагляным грузам. Гэта быўшыя мураваныя скляпы, у каторых мо пераховывалі бочкі з загранічнымі дарагімі вінамі. Над скляпамі гэтымі стаялі дзераўляныя палацы, каторыя быўшы пан, разабраўшы да апошняга бярвенца, забраў адгэтуль з сабой. Важная памятка. Далей стаяць муры і муры: доўгія, шырокія, аграмадныя,— іншыя ў два этажы; клопат новым гаспадарам зямлі: шмат месца займаюць; дык прадаюць іх цяпер на разборку, абы за што, каб толькі як пазбыцца гэтага замінішча. Супроціў быўшых палацаў — зноў прысады; цягнуцца яны недалёка — толькі да магілы даўнейшых тутэйшых паноў. На месцы магілы вымураваны склеп; над склепам пастаўлены вялізны памятнік; на ім крыж з фігурай Хрыста, дзіўна пекнай работы.
Сумныя думкі так і наляталі, так і ціснуліся ў душу маю, калі я пакідаў гэты двор. Сумна. Не дзеля таго сумна, што веліч гэтага двара гіне, — дый не аб гэтым толькі ў Сенне думаю я; а сумна, што гінуць гэтыя дубы не пад навалай культуры, а ад сваёй уласнай парахні... А культура? Культура дасць колькі крокаў узад. А чаму? Бо не прыйшла сюды свядомая грамада людзей, а найшлі яны ўрассыпную і жыць будуць урассыпную: не для грамады, не для агульнага дабра, а кожны сабе, кожны наасобку. I там, дзе даўней пры добрай машыне — культурнай гаспадарцы ў адзін дзень пры малай працы клаліся соткі поўных зерня снапоў, цяпер дзеля гэтых самых снапоў пойдуць соткі людзей пабіваць мазалі, надрываць свае высахшыя грудзі, класці хлебу на афяру сваё здароўе, дый ад зямлі не здалеюць узяць таго, што можна. Так было, так ёсць, так будзе. Так будзе датуль, пакуль кожны з нас не зразумее, не дойдзе да той свядомасці, што нават у шчасці жыць самому і толькі дзеля сябе — нельга. Шчасце аднаго ў грамадзе такое самае ніклае, як у згоднай грамадзе няшчасце каго-колечы. Трэба, каб жаданне грамады было і маім жаданнем, яе доля — маёй доляй, яе шчасце — маім шчасцем, яе думкі — маімі думкамі, яе святло — маім святлом. Пачын культурнай працы для агульналюдскога дабра толькі гэты і ёсць. Кожная іншая дарога — фальшывая дарога..
За думкамі сваімі мяне і ноч агарнула, а ісці так цяжка: удзень прайшоў крыху дожджык, дык зямля тутэйшая зрабілася, як смала, — трудна нагу адарваць. Вёрст сем ад Шчорсаў прыйшлося заначаваць у вёсцы.
Зямля тут хоць і ўраджайная, але вельмі цяжкая да працы на ёй, і, напрыклад, варыва даўней не маглі тут дагадавацца, ажно пакуль не наехаў у гэтыя стораны быўшы глаўны ўпраўляючы шчорсаўскі Ф-р. Той і шчорсаўскую гаспадарку наладзіў, і акалічныя вёскі шмат чаго навучыліся і перанялі ад яго. Вось цяпер і жыць было б нішто, дык другая бяда надышла: народу прыбыла, а зямлі, як і ўсюды па вёсках, — нехват. Невялікія былі надзелы, дый тыя на шматочкі паразрывалі; ляжаць толькі някранутыя абшары пад выганамі; месца пад імі нізкае, тарфяное, дык і з пашы карысць невялікая, а каб перарабіць на поле — трэба сілы, а сілу родзяць толькі еднасць і згода — дзве найважнейшыя рэчы, каторых, як і скрозь паміж нашых сялян, тут нехват.
Назаўтра, чуць сонца ўзнялося, я ўжо быў у Шчорсах. Апісываць дворную гаспадарку не буду: не дзіва, што ў караля жонка хараша. Дый і тут не далі б рады ніякія ўпраўляючыя, каб не мелі да помачы аднаго старога слугу. Але што нам з гэтага? Адмовіць яго — мы не патрапім, а сам ён не скора яшчэ, бадай, пяройдзе на нашу старану. Магу толькі сказаць вам пад сакрэтам, як ён завецца: Капітал.
X. Шчорсы — Кроман
[правіць]Шчорсаўская зямля надта добрая, але каля яе трэба ўмела хадзіць, і да выработку яна вельмі цяжкая. Ужо на што дворная — як даведзена, а і то ў пружыновую барану запрагаюць чатырох валоў; ды якіх валоў! Штука ў штукў з бараны не менш соткі рублёў варта, і ім, відаць, нялёгка прыходзіцца. Ураджаі, праўда, наўздзіў пекныя. Вырваў я без выбару каласоў дзесяць жыта дворнага (яно яшчэ тады на пні стаяла), надлічыў зярняткі: найменшы колас меў іх 28, найбольшы — 62. Даўней шчорсаўская дворная гаспадарка лічылася першай на ўсю Расею; цяпер, кажуць, тут крыху слабей ідзе; тым часам па іншых месцах некаторыя двары хапіліся за розум і таксама павялі гаспадарку сваю на загранічны спосаб,— вось цяпер і зраўнаваліся з Шчорсамі. А вядомая рэч, чым лепшая культура ў дварэ, тым і суседнія вёскі, прыглядаючыся, больш чаго добрага навучацца і самі лепш гаспадараць. Так і тут. Сама вёска
Шчорсы аграмадная: цягнецца яна вёрст сем; суцэльныя надзелы яе былі маленькія — па дзесяцін восем; цяпер жа, падзяліўшыся, найбольш ёсць трохмарговых гаспадароў. Праўда, морг тутэйшай зямлі цэніцца не менш 200 руб., бо ткі ўраджайная, напрыклад, жыта з марга нярэдка бывае сто пудоў. Але што ж, калі гэтай зямлі зусім скупа, дык і жыць цяжка. Заработкаў, не зважаючы на веліч двара, мала, бо там усё машынамі робяць,— вось яны і глытаюць ручную працу. Да прасветы моладзь, праўда, шчыра горнецца, але вядомая наша прасвета: чытаць, пісаць навучаць, а далей хоць у вір галавой: няма за што дый няма куды дзецца; усяго шчасця, калі на народнага вучыцеля выб’ецца. Пазнаёміўся я тут з некаторымі з-паміж іх, і сперша, прызнаюся, неяк скоса яны на мяне паглядалі; але слоўца за слоўцам, дый хутка добра разгутарыліся. Спазнаў я тады, што добра толькі паскрабі палітуру, якой пацягівае сваіх вучанікоў дырэктар Маладэчненскай вучыцельскай семінарыі, то пад ёй пэўна дабярэшся да праўдзівага добрага беларуса...
3 Шчорсаў крута павярнуў я ўлева, перарэзаў Нёман, захапіўшы, значыцца, толькі маленькі шматочак
Навагрудскага павета, і апынуўся ізноў у Ашмяншчыне. Зараз за Нёманам пачынаецца, бадай, найбольшы, які астаўся яшчэ ў Віленскай губерні, лес. Спачатку — Шчорсаўскі, пасля — Налібоцкі, далей злучаюцца яны з казённымі і цягнуцца ажно пад самыя Бакшты. Здаўна столькі-то наслухаўся я пра гэтыя лясы пушчы, што з вялікай пашанай уходзіў сюды. Іду. Разглядаюся. Дарога шырокая, бітая, гладкая, абкопана канавамі, лясок чысценькі, добра перацярэблены, старадрэвіны і не ўгледзіш. Каб ісці ў цяні, пераходжу з адной стараны дарогі на другую. Прыслухіваюся: нідзе нічога. Толькі дзяцел чы жаўна час ад часу адазвецца, пераляціць. Бяруся штораз далей, углыб. То мінаюць, то на сустрэчу едуць фурманкі; па лесе чуваць — вясёла галёкаюць пастухі. Бачу здалёку — праз дарогу нешта сівое смарганула, за ім другое, трэцяе. Падбаўляю ходу, каб прыгледзіць,— аж свінні! Не дзікія свінні, не, а самыя звычайныя: сівенькія, рабенькія, як і па нашых хмызняках пры вёсцы цягаюцца, рыюць, рохкаюць. Але бо і хаты ўжо блізка — Кроман. Каля іх стаяць слупы: граніцы Шчорсунскіх і Налібоцкіх лясоў. Кроман — гэта невялікі кавалак ворнай зямлі паміж лясоў. Гуз жывуць леснікі і аб’ездчык. Недалёка хат — у катлавіне возера Кроман. Не надта вялікае яно — вярсты дзве ў абход, але, як кажуць, вельмі глыбокае. Нядаўна яшчэ арандаваў яго жыд, плаціў сто рублёў у год за права лавіць рыбу, але цяпер нешта адрокся. Лавілі рыбу тут толькі зімой, прарубаючы лёд, невадам, але невад аршын 200 даўжыні. Рыбаловы прыязджалі нанятыя з-пад Гродны. Шанцавала ўсяляк: бывала, што і пусты невад выцягнуць, але траплялася і па асмін сорак за раз.
XI. Налібокі — Івянец
[правіць]Пераначаваўшы ў Кромане, раніцай пусціўся я ў дальшую дарогу. Мінаючы слуп гранічны, глянуў я на табліцу — напісана на ёй: «Налібоцкая пушча, Фальц-Фэйна».
Узрадаваўся я, што давядзецца-такі зблізку глянуць мне на пушчу, але, прайшоўшы колькі вёрст, і смех, і жаль нейкі агарнулі мяне. Дык гэткая мае быць пушча? — пытаў я сам сябе. Беларуская пушча? Не, пане Фальц-Фэйн; на табліцы можаце пісаць што хаця, але зразу відаць, што не тутэйшы вы, не беларус, і беларускіх пушч вам не даводзілася бачыць ды і не давядзецца,— бо іх ужо няма! Беларуская пушча — ведалі людзі, дзе пачынаецца, чулі — дзе канчаецца, але колькі яна цягнецца — ніхто не знаў, што ў яе сярэдзіне — у яе сэрцы — ніхто не бачыў! Гэты ж лес скрозь падлічаны: кожны шматочак яго абмераны, зграбна парэзаны шырокімі дарогамі лесасекамі ў квадрацікі; абкопчаны маляванымі слупочкамі, з надпісамі амаль некалькі пядзей у ім; мала таго, скрозь ён ужо абмотаны дротам — тэлефонам: яшчэ не паспееш чхнуць, толькі зморшчышся ў Кромане, а ўжо ў Налібо-ках — «будзь здароў» — кажуць. Звяр’ё і тое чуць не пад нумарамі; скора, бадай, камароў на гарцы вымераць. I гэта кажуць — пушча! Чы не за тым завецца яна пушчай, што некалькі гадоў таму ўзад была аблава тут на мядзведзяў і двух забілі? Дык вось паслухайце, якая гэта была аблава. На табліцы гэты лес ахрысцілі пушчай — добра; а якая ж гэта, думаюць сабе хросныя бацькі, будзе пушча, калі ў ёй і мядзведжага хваста няма? Трэ зрабіць пушчу: як зарычыць мядзведзь,— вось і будзе пушча. Дасталі недзе парачку маладых мядзвяджаткаў, паілі, кармші, няньчыліся з імі і, падгадаваўшы, пусцілі ў лес дый чакаюць, што будзе. Брыкаюць, гуляюць мядзвяджаткі ў лесе, але... але, як вымерхаюцца — ходзяць, духі падцягнуўшы,— не могуць ніяк яды знайсці. Прызвычаіўшыся, як паняты, да гатовага стала, не могуць даць сабе рады, каб самім расстарацца, запрацаваць. I зрабіліся нашы мядзвяджаты на манер экспрапрыятараў: то пастуха зловяць — абмацаюць, чы няма чаго з’есці; то падарожных пераймуць, каб чым пажывіцца.
Народ стаў жаліцца. Тады прысудзілі сказніць гуляквалацугаў, што не ўмеюць запрацаваць на хлеб. Зманілі іх ядой у нейкі хлевушок і, як гэта вядзецца, зачыніўшы ў адседцы, далі знаць. З’ехаліся паўбіраныя за стральцоў паны, пасталі на метах; хлевушок адчынілі, арыштанты выскачылі,— пук, стук, — і ўсё скончылася. Але чаго ж болей і трэба? Былі мядзведзі; была аблава; былі стрэлы; цякла кроў; зраненыя кідаліся, мучыліся, каналі на вачах сведкаў... Чым дрэнная гульня? Каб мне гэтак пашанцавала, няйначай пачынаў бы сваю гутарку паміж гасцей, як так: «Як я забіў у Налібоцкай пушчы на аблаве мядзведзя і т. д. ...» Ну, але мядзведзі скончыліся. Ёсць цяпер яшчэ, як мне казалі, шмат у гэтым лесе дзікіх коз, дзікіх свіней, ёсць і ласі-недабіткі. Кажу — недабіткі, бо на іхшою долю выпала яшчэ горшае няшчасце, чым на тых мядзведзяў. У 1905 г. некаторыя акалічныя сяляне, збіраючыся ў грамадныя банды, мест ісці дзяліць долю сваіх братоў, што за іх клалі сваё жыццё, запушчаліся ў гэтыя лясы адбіраць ні ў чым непавінным зверам свабоду і жыццё. Бедныя ласі таялі дзесяткамі; яшчэ больш умірала іх зраненых па гушчарах. Людзі гэтыя паказалі, што яны не дараслі яшчэ да свядомасці аб свабодзе і самі яе не варты. Без прычы-ны і толку нават зверху адбіраць свабоду і жыццё нельга. Але годзе аб Налібоцкім лесе, бо вось і самыя Налібокі. Як дагэтуль Шчорсы, Любча, Бакшты і ўсе вёскі паміж іх былі падобны да сябе з мовы, апратак, погляду нават і амаль не ўсе праваслаўныя, так налібоцкая вёска больш падходзіць да ашмянчан з-пад Траб, тут ужо каталікі; мова беларуская, добрая, чыстая, а старэйшыя трымаюцца яшчэ і нацыянальных апратак. Зямля, мест навагрудскіх раўнін, змянілася на нрыгожыя ўзгоркі, але на ўраджай — паказвае добра. Крэкчуць толькі налібочане, што гэтай зямліцы скупа; наракаюць і тутэйшыя жыдкі, старадаўнія чыншавікі: так іх аблуталі новымі парадкамі, што патрапілі ўсучыць кантракты і цяпер дзяруць з іх арэнду, якую ўздумаецца. Урваліся і даўнейшыя заработкі — закрылі старадаўнюю налібоцкую фабрыку жалезную. Не зышоўся новы пан з купцом на дровы — фабрыка і стала. Ляснула ўся падмога не толькі для налібочанскіх, а і для іншых з суседніх вёсак сялян. Сталі кідацца людзі на іншыя заработкі — дрэнныя заработкі: пайшлі зладзействы, суды. А ў гэтых старонах людзі да судоў, відаць, ласы, бо калі выбраўся я з Налібок і пусціўся праз Пруды і Камень на Івянец, то куды, было, ні зайдзеш — усёй гутаркі, што аб судах, а я, прызнацца, і не люблю, і баюся іх, як агня, дык пёр як мага, каб як скарэй мінуць гэтыя неспакойныя старонкі, і тады толькі супакоіўся, калі ўгледзеў Івянец. А і спачыць было па чым і было дзе: з Налібок у Івянец — ладны кавалак, а трагпіў да такіх людзей, што не ў кожнага сваяка так будзе...
XII. Івянец — Люцынка
[правіць]Івянец — старасвецкае мястэчка. Сведчаць аб гэтым два велізарныя з баштамі муры даўнейшых каталіцкіх манастыроў. Кажуць, быццам злучаны яны падземным ходам. Кажуць,— а чы праўда, чы не — хто ведае. Мы нічога не ведаем. Не ведаем, што ёсць на зямлі, а не то што пад зямлёй. Не ведаем нават, хто жыве на гэтай зямлі,— чыя яна бацькаўшчына. Спытайцеся нашага селяніна-беларуса, хто ён, дзе жыве, а пэўна пачуеце такі самы адказ, які і я скрозь чуў. «Тутэйшы,— скажа вам,— я!» Мы нічога не ведаем дый не цікавімся ведаць. Смех сказаць, але мы — хоць з апісання — па кніжцы лепш і болей можам ведаць аб якім кавалку зямлі ў Афрыцы ці Аўстраліі, чым, напрыклад, аб Віленскай губерні. Адна толькі пацеха ёсць для нас, ды і тая дрэнная: не мы адны — беларусы — гэтак спім у шапку, спяць у Расеі ўсе; вось і не дзіва, што, напрыклад, у Сібіры адступаюць чы аддаюць загранічным багачам абшары зямлі ў арэнду, як ката ў мяху — за нішто, бо не ведаюць, якое багацце выпушчаюць з рук сваіх; а тыя чужынцы, заграбаючы нашы мільёны, з нас жа кпяць. Загранічныя вучоныя людзі не толькі кожны куточак, кожны шматочак роднай зямлі зведалі і дэтальна апісалі, але едуць у далёкія нязнаныя краі, трацяць час, грошы, а іншым разам і здароўе, каб узбагаціць свой край, свой народ навучнымі ведамасцямі. Там яны не толькі прыглядаюцца да цяперашняга жыцця і звычаяў, але, рыючыся глыбока ў зямлі, адкапваюць даўнейшыя, спрадвечныя памяткі і з іх-то спазнаюць гісторыю даўнейшага жыцця народаў. Як багацце краю залежыць ад спазнання яго самога, так мінуўшая гісторыя народаў — гэта адкрытая кніга, з каторай можна даведацца аб усіх прычынах развіцця і ўпадку гэтых народаў; па гэтай кнізе — па гэтай вяковай практыцы, мы павінны вучыцца, як нам трэба кіравацца ў цяперашнім жыцці, каб будаваць лепшую сабе будучыну. Ёсць і ў нашым краю шмат і на зямлі, і пад зямлёй старадаўніх забыткаў, каторыя адкрылі б нам вочы не на адну цёмную пляму нашага мінуўшага жыцця, але мы не рупімся аб гэтым. Так і з івянецкімі манастырамі.
3 часам гэтыя манастыры перакулілі на цэрквы. Адна з іх згарэла. Тырчаць толькі высокія башты яе — цяперашні прытулак буслаў дый месцамі ацалеўшыя сцены; усярэдзіне — пры сценах гэтых відаць яшчэ абломкі амбоны і даўнейшыя фігуры нейкіх святых. Тамтэйшыя каталікі, не маючы касцёла, гадоў пяць таму, стараліся, каб ім вярнулі гэту рудэру, і меліся яе давясці да парадку. Каталікі нядаў-на пабудавалі да часу невялічкі касцёл пры сваім могільні-ку. Успомніўшы аб ім, успомніў я праваслаўны і жыдоўскі могільнікі. Месцы пад іх адведзены недалёка мястэчка пад узгоркам амаль не супраціў адзін другога. Праваслаўны могільнік без ніякага плота; жыдоўскі — гладка і моцна абгароджаны. Відаць, што і на гэтым свеце адны любяць прастор, другія прывыклі да... «чарты аседласці»...
Вельмі спадабаліся мне хаткі івянецкіх мяшчан... просценькія яны, іншыя і старэнькія, але чысценькія; дзе-нідзе садочкі; у якое аконца ні глянь — паўнюсенька вазонаў, кветак; добрая варажба: не благі той чалавек, хто любе хараство, і я вельмі жалею, што не меў часу больш і лепей пазнаць івянчан.
Івянец мае сваю славу — заслужоную славу: вырабляюць тут кафлі да печы і розную гліняную пасудзіну; усе гэтыя вырабы вельмі аздобныя; рысунак пекны і арыгінальны. Але мы, калі і маем што добрае, то не ўмеем з гэтага выкарыстаць: івянецкім фабрыкантам трэба было б канешне мець па мястэчках і гарадах свае хаўрусныя склады ўсялякіх сваіх вырабаў; толькі такім парадкам можна было б павялічыць продаж, расшырыць свае фабрыкі і даць заработкі мясцовым здольным мулярскім работнікам, каторыя цяпер мусяць цягацца па свеце, шукаючы працы на кавалак хлеба. Апрача таго, усялякія вырабы павінны мець на кожнай пасудзіне сваю фабрычную марку на чыстым тавары і асобны знак на браках; так робіць кожная лепшая і справядлівая фабрыка. Варта даваць час ад часу і абвесткі ў газетах, які тавар ёсць на складзе і на якой цане прадаецца. (Усялякі гандаль вымагае рупнасці, спрыту і заходу каля яго, а ў нас гэтага часта нехват. Ў Івянцы саткаўся я з некаторымі людзьмі, што шчыра спагадаюць беларускай справе; пільна слядзяць за ўзростам яе і працуюць над беларускай граматыкай. Памажы ім Божа! Вельмі добра было б, каб гэткія працы прысылалі ў рэдакцыю дзе, як мне вядома, ужо ёсць шмат сабранага матэрыялу, а чым яго будзе болей, тым лепей, лягчэй і акуратней можна будзе ўзяцца за гэту вялікую і важную працу.
Выгодна спачыўшы і смачна паналуднаваўшы, з Івянца пусціўся я пуцявінкамі адшукаць тую хатку, пад страхой каторай некалісь-то ламаў свае пальцы, каб як нагрэмзаць першую літару. Шмат з таго часу вады ўплыло, ох, шмат! Шасцёра нас там было: тры дзяўчынкі (адна з іх ужо ў магіле) і тры хлопчыкі; я быў найменшым — гадкоў сем меў; вучылі нас розных навук, нават музыкі. Наша вучыцелька (вечны ёй ужо пакой!) і яе бацькі так умелі падахвочываць нас да навукі, што кожны з нас наперабой браўся да яе. Гэта было ў 187... гаду ў фальварку першага беларускага песняра — Вінцука Марцінкевіча — Люцынцы... Памятаю я і Люцынку, і яе гаспадара: старэнькі ўжо тады быў, але надта добры, вясёлы, жартаўлівы. Памятаю і вялікі куфар, куды хаваў ён сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адгуль у свет: па смерці Марцінкевіча стары дом згарэў, пайшла з дымам і большая палова працы гэтага заслужанага для нашай баць- бацькаўшчыны чалавека. Дзіўлюся я цяпер, як мог ён столькі працаваць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці — адны барабанілі на фартап’яне, другія — галасілі над кніжкай, іншыя — дурэлі: музыка, смех, гоман, крык, а ніколі, бывала, слова благога не скажуць ні ён сам, ні яго жонка-старушка, ні дачка — наша вучыцельніца. Любілі яны нас — чулі гэта нашыя дзіцячыя душачкі, ды і мы іх з усяго сэрца кахалі, шанавалі, як родных бацькоў. На кожны важнейшы, бывала, дзень — нябожчык пісаў для нас усіх — дзяцей, якую-колечы камедыю, мы яе вучыліся, з’язджаліся госці, і ішло прадстаўленне. Памятаю доўгія восенныя вечары... памятаю цікавыя апавяданні аб роднай бацькаўшчыне і аб далёкіх халодных краях, куды злая доля заганяе шмат людзей... Збіўшыся ў кучку, слухаем мы гэтыя дзівы, а нябожчыца, жонка песняра, ціхачом уцірае слязіну; шчымелі нашы сэрцы, у грудзях нешта бунтавалася. Але скончылася тут наша навука: нас паразвозілі да бацькоў. Цяпер, ідучы, калі здалёку ўгледзеў я Люцынку, таксама, як некалісь-некалісь, зашчымела маё сэрца, у грудзях пешта бунтавалася, але ўжо не кулакі заціснуліся, а толькі скацілася па твары слязіна...
...Бывае, находзяць думкі — іншы раз — вясёлыя, то ізноў — сумныя, але такія дарагія, такія патайныя, што чалавек ажно аглядаешся, быццам баішся, каб хто не падслухаў, не падгледзіў, не дагадаўся іх, бо іх ведаць ніхто не павінен — ніхто!..
XIII. Люцынка — Першаі
[правіць]На месцы старога згарэўшага дома ў Люцынцы стаіць цяпер новенькі зграбненькі дамочак — зусім на манер местачковага. Зграбненькі ён зверху, чысценькі — усярэдзіне; мэблі пекныя, мяккія — сядзіш, як на пярыне; фартап’ян аж блішчыць, але... усё ж ткі не мяняў бы я на яго тую даўнейшую старэнькую, згорбленую пад амшалай стрэхай хатку... Ніяк не магу я прывыкнуць да цяперашняга ладу на свеце: то фарніркай наложаць, то палітурай пацягнуць, глядзіш — здаецца, усё быццам і добра, а што там пад гэтым лоскам, што ўсярэдзіне,— і не разбярэш... У Люцынцы жывуць цяпер унучкі нашага песняра, вось і стаў я іх дапытваць, чы не засталося якіх памятак па ім, але апрача партрэтаў ды рваных кавалачкаў пісулек, нічога пяма. усё агонь забраў. А было гэтага, помню, паўнюсенькі велізарны куфар. Прасіў я цяперашніх паняў Люцынкі, каб былі ласкавы сабраць і спісаць, якія самі памятаюць, чы мо радня, або суседзі, усе ведамасці аб нябожчыку сваім дзеду. Нямала, бадай, іх сабралася б, і пэўна вельмі б былі цікаўныя; асабліва за часоў, калі Марцінкевіч вёў дружбу з вялікім песняром-лірыкам, каторага, хоць і пісаў па-поль-ску, таксама ўзгадавала Беларусь — Уладзіславам
Сыракомляй (праўдзівае прозвішча яго — Людвіг Кандратовіч). Абяцаць абяцалі і пэўна абяцанку захочуць споўніць. Жыве яшчэ недалёка Люцынкі пан Ж..., каторы таксама дружыў з нябожчыкам песняром нашым, лётаў я і туды, але дома не застаў — у Мінску быў. Хадзіў і па акалічных засценках, рады засцянковічы ўспамінаць свайго песняра, але твораў яго добра не памятаюць, а спісаных знайсці не мог і толькі ў нейкі месяц атрымаў пісулысу, што адшукалі там на маю просьбу «Дудара» і «Дажынкі».
3 пейкім жалем і болем сэрца пакідаў я Люцынку (апошні хіба ўжо раз), мінаючы тут памятную мне ліпу, у цяні каторай столькі-то раз грамадка наша палуднавала (і па сягонняшні дзень памятаю люцынскія халаднічкі, а запяканы хлеб як успомню, здаецца, і цяпер пах з яго ідзе); пад ліпай гэтай не раз даводзілася і мне стаяць з галіной, у колькі раз большай за сябе, на варце, каб барані божа ў талерку з ядой чы ў міску не ўвалілася муха, бо тады квіт ядзе, так іх нябожчык брыдаўся. Мінуў я добра знаёмую горку — зараслі ўжо сцяжынкі на ёй,— там над ручайком у пясочку часта капаліся мы, ляпілі і пяклі пірагі, муравалі печы; там жа не раз знаходзілі старыя манеты і нейкія бляшкі... Знайшліся б пэўна і цяпер яшчэ і манеты, і бляш-кі, хваціла б і пяску на печы і пірагі, але не знойдуцца мінуўшыя годы!!. ( 3 Люцыпісі пацягнуўся я пуцявінкамі на Першаі. Як малюнкі, то на ўзгорку, то пры лясочку панасаджаны дзе-нідзе хаткі; быццам хаваюцца яны ад людзей, каб не стрывожылі той цішы, якая вее ўкруг іх..Вось і Першаі: вялікая вёска, касцёл, двор; тут жа і палацы першайскага графа Тышкевіча.
Тутака мова беларуская трымаецца яшчэ добра; хаткі вясёленькія, зямля добрая, але, ведама, як і ўсюды, скупа яе.
XIV. Валожын — Чэрнева
[правіць]3 Першаёў пайшоў я на Валожын. Дарога цягнецца гарыстая; зямля ўраджайная, але, відаць, тутэйшыя людзі гэтым яшчэ не здаволены, бо скрозь ужываюць лубін і гэтак яшчэ больш узбагачваюць сваю зямліцў Праўду тут кажуць: дай зямлі, то яна табе ўдвая адцасць.
Валожын блішчыць здалёку. Бадай, ніводнага жыда няма на свеце, каторы не знаў бы ці хаця бы не чуў а
Валожыне. Найважнейшая тут жыдоўская духоўная школа, і найважнейшымі лічацца валожынскія рабіны. Не толькі з усёй Расеі чы Еўропы, але з усяго свету — з Амерыкі, Японіі нават прыязджаюць сюды вучыцца на рабінаў. Але, праўду кажучы, і жыды тутэйшыя неяк зусім інакшыя за тых, якіх мы спатыкаем па гарадах чы мястэчках нашых. Не трайкочуць яны, як тыя сарокі, чужой мовай; не надзімаюцца, як індыкі ў павіх пёрах, абы толькі як паказацца не тым, кім яны папраўдзе ёсць; не, яны моцна трымаюцца сваёй веры, звычаяў, мовы і нават старасвецкіх апратак. А толькі такіх людзей можна і шанаваць, каторыя, не чураючыся свайго, не ўшываюцца ў чужую, прадажную скуру...
Зайшоўшы нанач да аднаго тутэйшага жыда, стаў я распытвацца яго аб тутэйшым жыцці. «Не ведаю,— кажа ён,— добра аб гэтых справах, бо дагэтуль жыў у Дзісенскім павеце і нядаўна адтуль вярнуўся, але спытайцеся хіба майго бацькі». Гляджу я на яго, вытрашчыўшы вочы: кпіць чы дарогі пытае? «Колькі ж вам год, пытаю?» — «Я самы малодшы сын,— усміхаючыся, адказвае ён,— і то, дзяка-ваць богу, ужо пераваліў за сем дзесяткаў!» Ну, думаю сабе, калі такі малодшы сын, які ж будзе бацька? Ажно прыходзе і той. Праўда: старэнькі, сівенькі, але чорствы яшчэ, а які рухавы, гутарлівы, дый жарцікі нават трымаюцца яго! Скора мы з ім разгутарыліся. «Пачакайце,— кажа да мяне стары,— пакажу вам і сваю маладзіцу — агонь кабета! Праўда, яна крыху маладзейшая за мяне, бо я даязджаю да соткі, а як мы жаніліся, мне ішоў пятнаццаты, а ёй чатырнаццаці не было...» Бачыў я і гэту «маладзіцу»: прыбраўшыся ў святочныя старасвецкія атласовыя апраткі, выходзілі яны разам у школу (якраз пятніца была) Богу маліцца. «Ну, ну,— клёпаючы па плячах жонку, жартаваў стары,— жвавей, паненка, спраўляйся, лягчэй ступай, а то падумаюць, што старая баба нейкая сунецца».— «Вось бачыце,— кажа да мяне старушка,— ён заўсёды такі: хіба пастарэе і блазнаваць не пакіне!»
Справядліва — па-старадаўняму, відаць, зжылі гэтыя людзі свой век, калі ў гэтых гадах ад іх мовы вее такая пагода, спакой...
Пазнаёміўся я з тутэйшай грамадкай нашых беларусаў; невялічкая, праўда, яна, але, відаць, шустрая, і, калі будзе рупіцца, многа можа яна зрабіць... Жалею, вельмі жалею, што не давялося мне бліжэй усіх іх пазнаць, хоць адзін вечарок з імі прасядзець, пагутарыць, але знаю добра аднаго з-паміж іх з лістоў і твораў яго, прысыланых у рэдакцыю, і адно толькі скажу: дай божа, каб «Наша Ніва» каласілася такімі...
На другі дзень, выйшаўшы каля поўдня з Валожына дацягнуўся захадам у двор Чэрнева. Заходжу прасіцца на нач, ажно калі сталі вылятаць з усіх куткоў двара сабакі_ вялікія, малыя, кудлатыя, гладкія, усялякай масці, усяляка-га стану, ды калі сунуцца да мяне,— дрэнна, думаю, можа скончыцца: лыткі як лыткі — за дарогу падсохлі, дык не ўгрызуць, але маё куртатае падарожнае адзенне можа-ткі яшчэ пакарацець! Давай я з імі ў млынка гуляць, ажно пакуль не выйшла нейкая паненка ды не пачала кожнага з гэтых брахуноў па прозвішчу выклікаць, ратуючы мяне з бяды. Якіх толькі там не было гэтых прозвішч, дык і не ўсномню! Нейкія Жолькі, Молькі, Жучкі, Сучкі, Знайды, Гайды, Фінкі, Мінкі — усіх і не пералічыш!
XV. Гарадок — Аляхновічы
[правіць]3 Чэрнева пацягнуўся я гарамі ды ўзгоркамі да Гарадка. Зямля тут хоць цяжкая, але добрая. Народ жыве не бедна, але да прасветы ахвоты не мае; затое да сварак і лаянкі — першы. Як жыву, дзе ні быў, не здарылася мне чуць гэтакай лаянкі, гэтакай брыдасці, як у ваколічных вёсках Чэрнеўскага двара! I то не паміж хлапцоў, а паміж маладых дзяўчат! Скуль яны гэтага набраліся? Кажуць, што такую адукацыю наносяць салдаты; але ж салдаты ёсць па ўсіх вёсках; ці ж бы дзяўчаты тутэйшых вёсак толькі і здатны былі да гэтай адукацыі?
Па дарозе ў Гарадок паміж дварамі Чэрневам і Пранцэйкавым ёсць невялічкі засценак, у каторым, як кажуць, жыве слізкі чалавек. «Як-то, пытаюся, слізкі?»— «А так, кажуць, як яго ні зловіш, як ні прыціснеш, здаецца, павінен быў бы аддыхнуць... пасядзець, а тут глядзіш — ізноў выслізнуўся, ізноў дома...»
Я сам знаю слізкіх людзей і шмат на шляху сваёй дарогі чуў наракання ад спакойных людзей на гэтых уюноў і, праўду кажучы, добра не разбяруся, дзе тут віна: чы што гэтакі чалавек сам слізкі, чы тыя рукі, каторыя яго дзяржаць, слізкія? Бадай, што адзін варт грыўні, а другі — залатоўку без дзесяткі...
'Гарадок — мястэчка маленькае, бруднае, беднае. У ваколіцы яго ёсць, праўда, двары вялікія, багатыя, але, як гэта і па іншых мястэчках бывае, найдзецца некалькі шышак, што ад гэтых двароў разбохаюцца унь як, а другія сохнуць, гібеюць. Так і ў Гарадку. Торжышчы тут зусім слабыя, і толькі гандлёўшчыкі коньмі кратаюцца нішто. Асабліва шанцуе глаўнаму іх правадыру. Гэтак ужо вядзецца на гэтым белым свеце: калі шанцуе, то шанцуе... Мае ён вялікія ласкі ў багатага пана, што жыве побач з Гарадком, мае вялікія ласкі і ў Бога, бо, кажуць, іншым разам гэтаму гандляру коні валяцца з неба...
Каля Гарадка пазнаёміўся я з адным маладым хлопцам-беларусам. Хлапец, як і найбольш нашы маладыя хлопцы, відаць, добры, да кніжкі рупны, а і да пяра складны, але што ж, калі яго пісанне было не ў роднай мове, дык каш-лява яно і выглядала. Толькі нядаўна спаткаўся я з яго подпісам у «Нашай Ніве»; прызнаюся, вельмі ўцешыўся: прыбыў нам яшчэ адзін таварыш, а на яго працу для нас я маю надзею.
3 Гарадка стаў падбірацца я да Аляхновіч. Гэта яшчэ першая жалезнадарожная станцыя, якую натрапіў я на сваёй дарозе, бо хоць адмахаў ужо больш 400 вёрст, але трымаўся праз увесь час болей глухіх куткоў, і толькі раз здарылася прайсці праз рэльсы і то воддаль ад станцыі.
Чым бліжэй падыходзіў я да станцыі, тым больш спа-тыкаў па дарозе народу. Тут ужо інакшы абарот маюць людзі: усё больш б’юць на заработкі каля чыгункі: то каменне, то дрэва возяць. Мо так мне здалося, але быццам і народ сам нейкі інакшы: не такі шчыры, болей на хітрыкі здатны, а што мова беларуская, то штораз горшая. Чутны ўжо былі гудкі, калі і не агледзеўся я, як насунулася хмара, ды такі ўрэзаў дождж, што пакуль дапёр я да самых Аляхновіч, сухой ніткі на мне не асталося; а тут і вечар на дварэ. Сунуўся я ў адну карчму, у другую — ані прыступу, скрозь купцы нейкія сядзяць. Праўда, усяго іх там двух чы трох, але такія, відаць, шырокія, што за імі не прыступіш-ся нават абсушыцца, абагрэцца. Іду ў вёску прасіцца нанач да гаспадара. У адной хаце кажуць — месца няма; у дру-гой — гаспадара няма дома, дык жонка баіцца пушчаць незнаёмага; прашуся ў трэцюю, каб хоць куль саломы даў ды пазволіў у адрыне пераначаваць. «У нас цяпер куль саломы трыццаць капеек варт, ды я не ведаю, хто вы такія»,— адказвае той.
Не двузлоткі мне было шкада, але нейкі такі жаль сціснуў за сэрца, што толькі глянуў яму ў вочы і, слова не сказаўшы, завярнуў на станцыю. Не ведаю, што гэтаму чалавеку паказалася, дагнаў ён мяне і стаў прасіць нанач у хату, але я ўжо не вярнуўся.
Хоць сабе і ў цёплую летшою ноч, але калі чалавек змокне, як тая анучына, што хоць круці, дык так дрыжыкі прабіраюць, ажно зубамі ляскаеш. Так і са мной цяпер было. Прыйшоўшы на станцыю Аляхновічы, мокры, ззяблы, не мог я месца сабе дзе знайсці, каб хоць абсушыцца, абагрэц-ца. Поезду ніякага на той час не было, дык на вакзале пуста, глуха. Заганяючы эканомію, быццам канаючы, чуць міргае ліхтарня, за буфетам нейкая паненка з панічом у пашаптушкі забаўляюцца; стораж з мятлой з кута ў кут скрабе цяжкімі ботамі; нейкі падарожны, выцягнуўшыся на лаве, ёрзае па ёй дый чухаецца — вось і ўся кампанія. Папрабаваў было і я, падлажыўшы кулак пад галаву, прылегчы — спачыць, але лава зроблена быццам з кантовых лат, дык праз мокрае адзенне ажно ўпіваюцца ў цела гэтыя канты — не ўляжыш. Саджуся, прабую пісаць, — прыцемна, ды пальцы, як граб-лі, тырчаць — ані сагнуць. А на дварэ цемрасць, дождж. Сонна, ляніва, скрыгаючы, прысунуўся на станцыю таварны поезд. Увайшоў кандуктар і, сеўшы за стол, лыпнуў увокал раз-другі чырвонымі заспанымі вачамі і заснуў. Поезд, крыху пастаяўшы, павалокся далей, а кандукгар усё яшчэ спаў, падсвістваючы ды кудакгаючы час ад часу, як асіпшая курыца. Прачнуўся ён, праўда, скора, але поезда ўжо не дагнаў, так і астаўся. I цяпер яшчэ дзіўлюся сам з сябе, чаму я не разбудзіў яго ў пару? Але тады нейкая злосць на яго захапіла мяне. Бо як жа ж! Спіць як пшаніцу прадаўшы, а поезд ідзе ў Вільню. У Вільню! I зразу агарнула мяне такая жуда, такая страшэнная падпала ахвота адрачыся ўсяго, сесці на гэты поезд і апынуцца паміж сваіх у Вільні, што птушкай, здаецца, пераляцеў бы туды! Ненадоўга — не: от так толькі — на момант, глянуў бы на іх, сціснуў бы моцна, шчыра ды ізноў назад!.. Ужо не холад, а цяпло нейкае ўдарыла на мяне... Выйшаў на двор, дождж стаў сціхаць, неба — выпагаджвац-ца. Тым часам паязды часцей сталі падкачваць да станцыі, але народу — прыязджаючых і ад’язджаючых — зусім мала. I не дзіва. Найбліжэйшае — вёрст восем — мястэчка ад гэтай станцыі — Радашковічы; адтуль столькі ж вёрст, колькі і ў Аляхновічы, да другой станцыі гэтай самай жалезнай дарогі — Радашковіч, дый туды праведзена шаша, дык каму ж ахвота вытрасаць духі, ездзячы ў Аляхновічы. 3 другой стараны Аляхновіч — пад Вільню, станцыя Ута пры самым мястэчку Красным, і туды нямала народу набіраецца, дык нашто і для каго ў гэтых Аляхновічах нядаўна вымуравалі агромністы вакзал і ўлялюкалі на гэта тысячы рублёў, чараўнікоў бы спытаць...
XVI. Путнікі — Дакшняны — Удранка — Бахметаўка — Прудзішча. Дом
[правіць]Яшчэ і віднець не пачынала, калі я, сабраўшы свае манаткі, пусціўся са станцыі Аляхновічы далей у дарогу.
Зямля тут хоць гарыстая, але цяжкая, дый размачыла яе, дык ногі так і коўзаюцца ў балоце. Гэтак прашлёпаў я вёрст пяць — да Путнікаў. Стала віднець. Вёска вялікая; ураджаі добрыя; нідзе не бачыў я столькі панасяваных канапель, як у гэтых Путніках. Смела можна сказаць, што пры добрым ладзе паміж путнічан маглі б яны сваё каноплі і пяньку не пудзікамі перакупшчыкам прадаваць, а зразу вагонамі высылаць на якую-колечы фабрыку. Спазналі б яны тады і розніцу ў цане і сваю сілу для грамадзянскай справы. Варта каля гэтага паклапаціцца, бо тут, як я даве-даўся, кожны год таксама шмат сеюць канапель і амаль не кожны год добра яны родзяць. Трэба было б спісаць усіх гаспадароў, колькі каторы найменш можа мець на продаж канапель і нянькі, і, падлічыўшы ўсё, даць абвсстку ў якую гаспадарска-гандлёвую газету, колькі чаго пудоў і дзе прадаецца, а купцы пэўна адклікнуліся б.
3 Путнікаў выпала мне ісці каля Дакшнян. Двор вялікі; будынкаў шмат; жыве тут толькі ўпраўляюшчы ад пана, але гаспадарка, відаць, ідзе на лад, бо ўраджаі наўздзіў пекныя. Стаяць тут і драўляныя старыя палацы, але здавен-даўна ніхто ў іх не жыве. Вось бы дзе, прыйшло мне ў галаву, залажыць гаспадарскую школу! Будынак гатовы, відаць, нікому не патрэбны, а і зямлі, як чуў я пра дакшнянскага пана, некалькі дзесяцін пэўна не пажалеў бы адпусціць, мястэчка блізка — вярсты дзве, чаго ж на пачатак болей трэба? Пэўна, і падмога нейкая з ваколіц знайшлася б. Калі не хто другі, то радашкоўскай Думе варта было б добра каля гэтага пахадзіць.
3 Дакшнян, не зварачваючы ў мястэчка, перарэзаў я віленскі тракт і зайшоў у Мігаўку, адкуль, добра і як дома — выгодна перадыхнуўшы, пусціўся пацянькі пад дом. Знаёмыя мне пайшлі ўжо тут сцяжынкі! Вось цягнуцца абшары радашкоўскіх пяскоў; з году ў год штораз болей і далей заносяць яны мяшчанскія шнуры ўраджайнай зямлі, і нікому ў галаву не прыходзе бараніцца ад гэтай навальніцы; ніхто не паруніцца пасадзіць пясчанай вярбы (шэлюгі), каторая расце па гэткай сухой зямлі, а ўзросшы, затрымлівае лётныя пяскі, бо зямля пад ёй займаецца дзірваном. За пяскамі гэтымі над рэчкай Удранкай, дзе да нядаўна яшчэ стаялі толькі са дзве старэнькія хаткі, цяпер наляпілі тут адзін пры адным дамкі — дачы. Месца як на дачы выбрана нішто: пры жывой вадзе, за рэчкай цягнецца пекны сасновы бор, да мястэчка тры вярсты, а да таго і тутэйшыя дачнікі, відаць, такія, каторым дагадзіць не трудна. Але дамочкі пабудаваны так, быццам адзін другога дражніць. Як той, хто першым будаваўся, не дагадаўся адсунуцца ад дарогі, каб пяском вочы панам дачнікам не засыпала, так і ўсе зрабілі; першы некаторы прыляпіў да хаты не то ганак, не то катух, і ўсе папрылеплівалі такія самыя катухі і г. д. А каб пабудавацца на старане чы дрэвак, кусцікаў пасадзіць,— ніхто не дагадаўся Няма што сказаць, на свае выдумкі ў нас розуму небагата, вось толькі калі дагледзілі што-колечы ў другога, дык і ўсе, як тыя бараны, за тое самае хапаюцца.
Хоць з поўдня ўжо было, калі мінуў Бахметаўку, але сонца яшчэ добра прыпякала, і толькі дабраўшыся да казённага лесу, лягчэй стала ісці. А мо дзеля таго лягчэй, што дом блізка? — вёрст сем асталося. Падбіраючыся да яго, пачуў я фабрычны гудок. Адкуль гэта, думаю сабс? Ніякіх фабрык перш тут не было. Падбаўляю ходу; вось і лес канчаецца — Прудзішча. Гляджу і вачам сваім веры не даю: недалёка дворнага млынка тырчыць угару агром-ністы фабрычны комін. Ого, думаю сабе, узрадаваўшыся, культура і ў наш кут наехала! Але прапала мая ўцеха, калі, бліжэй падышоўшы, пазнаў я, што гэта паравы тартак. Няхай яе кот брыкне, гэткую культуру! Бо ткі падумайце самі. Як пераезджая свацця, цягаецца гэткі франт са сваёй машынай з месца на месца, дзе лясы ды работнік танней-шы. Куды прыткнецца — цана нібы то падскочыць крыху і на работніка, і на лес; але лес увакол сябе ўскорасці выпалашча дазвання, бо скуплівае нават такія бярвенцы, што па кроквы толькі згодны — не суцэльныя тры вяршкі ў водрубе; вось хто мае якое палена, дык і той, квапячыся на гатовы грош, прадае. Пройдзе колькі часу — культура гэта павалочыцца ізноў далей пустошыць ваколіцы, а на яе месцы астануцца тырчэць толькі пянькі маладых, без пары пазразаных дрэў. I лесу няма, і пабразгачы, што за яго ўтаргавалі, разышліся, а каторы з сялян пры гэтай фабрыцы і зарабіў лішняга рубля, дык пасля ўдвая прыйдзецца аддаць, бо не то што па будыніпу, але і на дровы да цаны на лес і прыступіцца трудна будзе.
Ну, але годзе ўжо гэтай гутаркі: годзе гутаркі на сягоння, а цяганіны на сёлета. Вось бо ўзгорак, а там — у долі векавыя дубы, ліпы стаяць — мае дубы, мае ліпы! Сад відаць — мой сад! А ўжо пры самым лесе паміж розных дрэў выглядае дамок — мой дамок! Мой! Апісаць вам яго? Як жа я апішу, калі сн мой ! Бягу, ляту да яго!.. Бывайце здаровы!!
Думкі з падарожы
[правіць]Я скончыў свае «лісты з дарогі». Скончыў лісты, але не скончыў выказваць усіх тых думак, якія наляцелі на мяне ў вялікай маёй дарозе: не ў лістах ім было месца. Вось цяпер паспрабую я выказаць сваё агульнае ўражанне.
Такіх цёмных куткоў, аб якіх не раз пішуць у газету нашы карэспандэнты, я не напаткаў. Народ паспеў: не такімі вачамі глядзіць ужо ён на свет, якімі глядзеў гадоў 10—15 таму назад. Праўда, з яго быццам закпілі, мігнуўшы перад вачамі блескам вясёлкі,— але як туман
расплылася яна, а і без таго асцярожны беларус зрабіўся яшчэ больш непрыступным да сваёй душы, да сваіх думак... Адно зразумеў ён, што так жыць, як жыў дагэтуль,— нельга; ён шукае новых дарог і гатоў пайсці па іх, але трэба не толькі паказаць, кудою выхад, але і разам — побач пратаптваць гэту новую дарогу, бо вера на словы страціла свой крэдыт...
Моладзь ірвецца да прасветы, але тыя рамкі, у якія ўціснута цяпер навука нашых школ, даюць столькі карысці, колькі можа мець яе галодны чалавек, калі яму вымазаць вусны салам. Ды і вучаць там, як ведама, не ў роднай беларускай мове, а ў расейскай, дык і тут такая самая пажыва, якую маюць дзеці, што вучацца ў гімназіях нямецкай ці французскай мовы, а не ўжываюць яе дома. Калі ж каторы трапіцца надта ўжо здатны хлопец, а падмогі з дому хватае, куды ж яму кінуцца далей? Прафесіянальных школ нехват, дый у нас за мяса і жылы больш плацяць, як за грамату, вось і ўсяго шчасця, калі, выбіўшыся на народнага вучыцеля, будзе гібець дзе ў цеснай хацінцы. Бывае яшчэ горш: прыходзіцца кідаць родную старонку і шукаць хлеба на чужыне. А гэта найбольшая страта, якая толькі можа быць для вёскі, бо гэткім парадкам вызбываюцца суседзі разумнейшых з-паміж сябе людзей, каторыя мо патрапілі б кіраваць не толькі справамі грамадзянства, але і ўнеслі б не адзін прамень святлейшы ў сваю вёску.
Таксама не папаткаў я вёсак, у каторых гаспадары надта ўжо дрэнна вялі б сваю гаспадарку. Беларускі мужык дасканалыіа знае сваю зямлю і вырабляе яе так, як толькі можна вырабіць на шнуры, дзе і з бараной трудна завярнуцца. Калі ж і не можа мерацца сваімі ўраджаямі з фальваркамі ці дварамі, то гэта яшчэ не значыцца, што там культура зямлі вышэйшая (я не кажу, разумеецца, аб тых дварах, дзе гаспадараць на новы загранічны лад), але дзеля таго, што па дварах засейваюць толькі лепшыя кавалкі зямлі, а пусцейшыя — аддаюць на адработак, у арэнду або запушчаюць пад лес. Мужыку ж выбіраць няма з чаго: скрабе ён ад мяжы да мяжы; хіба ўжо якую нетру толькі пакідае. I ўсё ж такі з сваёй цяжкай працы пры найлепшым ураджаі выжыць сямейнаму селяніну з сваёй гаспадаркі — без заработкаў са стараны — нельга, бо сам варштат яго працы цесны. Некаторыя дабрадзеі і апекуны нашы кажуць, што зямлі мужыку хіба хватае, калі і з гэтай, якую мае, не можа як належыць выкарыстаць. Але каб падняць даходнасць зямлі, трэба перакуліць варункі не толькі гаспадаркі, але варункі і самога жыцця нашага мужыка. А на гэта трэба працы і часу. Працы — пакуль мужык не стане добра свядомым; часу — пакуль мужык не стане свабодным.