Лірычнае
Выгляд
Лірычнае Верш Аўтар: Міхась Клімковіч 1945 |
Асенні дзень гарэў. З кляноў і ліпаў
Бязвольна падаў залачоны ліст.
І ў гэты час прыгрэты сонцам птах рассыпаў
Свой развітальны, ледзь улоўны свіст.
Я зазірнуў табе у вочы, і здалося,
Што раптам ўспыхнула навокал ўсё вясной
І што не ліст, а жоўтае калоссе
Вяночкам залатым схілілася, сплялося
Над светлаю тваёю галавой.
Ты засмяялася - і ветрык палахлівы
Ў вяршалінах прайшоў і зашумеў,
А клён стары, прапрадзед гэтых дрэў,
Цябе засыпаў золатам, магутны і шчаслівы.
- Лавіце! Матылі! - сама матыль вясенні,
Ты паляцела к ім, як прывід з казкі-сну.
І бог ты мой! - як гэты дзень асенні
Падобен быў на шчасце, на вясну!