Ліра, песня мая ты!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ліра, песня мая ты!
Верш
Аўтар: Янка Лучына
Крыніца: http://yankalychina.ru/stories/17.htm


Ліра, песня мая ты!
Што ж твой спеў як закляты
Забываецца ў свеце?
Ці ж у мове айчыннай мала сілы глыбіннай
Сэрцы ласкаю злеціць?
Ці спеў простай грамадкі, прытчы, чуткі і згадкі
Зніклі ўжо назаўсёды?
Ці з іх павычарпалі ўсе струмені, ўсе хвалі,
Фарбы і асалоды?
Ці ж не мараць дзяўчаты? ці забыліся святы,
Ці ўжо ў закуце нашым
Няма шумнай гасподы, ні глухой загароды,
Дзе мы песню не страшым.
Абудзіся ў аблудзе, песняй выйдзі на людзі,
Ліра — продкаў пашана!
Ў струны веигчыя грымні, цуда выкажы ў гімне,
Ліра — слава Баяна.
Лірнік, веснікам згоды да братоў на заводы
Кроч адданы і шчыры!
Гэй, пясняр сілы боскай, птахам віся над вёскай,
Грай да скону на ліры!
Ліра, песня мая ты! — дзе ж ён, нотай узяты
Гоман, спеў твой відушчы,
Слухачы дзе сягоння, што ў тваім простым тоне
Распагоджваюць душы?
Песня, песня народа!
Ты душы ўзнагарода,
Бо ты простая, наша.
Лірніка спадзяванкай — крэўных сэрцаў вязанкай
Братні гурт апаяша.
Ліра, словам айчынным, грай для нас спевам чынным,
Галасней жа ад звону
Ты, каму Бог у сне даў, спеў, якім сам Бог снедаў,
Грай на ліры да скону!