Ля сцен Карфагена (1934)/II
← Прадмова А. Левашова | II. Ля сцен Карфагена Раман Аўтар: Гюстаў Флабер 1934 год Арыгінальная назва: Salammbô (1862) |
III. Слоўнік незразумелых слоў → |
ЛЯ СЦЕН КАРФАГЕНА
РАЗДЗЕЛ І
Баль
Гэта было ў Мегары, прадмесці Карфагена, ў садах Гамількара.
Воіны балявалі, спраўляючы гадавіну Эрыкскай бітвы, і паколькі гаспадар адсутнічаў, а іх было шмат, яны елі і пілі на поўнай волі.
Тут былі людзі ўсіх як ёсць тагочасных народаў — лігуры, лузітанцы, балеары, негры і беглыя з Рыма. Побач з цяжкай дорыйскай гаворкай раздаваліся шумныя, нібы баявыя калясніцы, кельцкія склады і пявучыя іонійскія канчаткі сутыкаліся з рэзкімі, як крык шакала, зычнымі пустыні. Грэка лёгка было пазнаць па стройнай постаці, егіпцянца па сутулых плечах, кантабра па тоўстых лытках. Карыйцы горда пакалыхвалі пер’ямі касак, кападокійскія лучнікі размалявалі сабе цела ў буйныя кветкі, а некалькі лідыйцаў у жаночых сукнях сядзелі ў туфлях і з завушніцамі ў вушах. Другія, дзеля большай святочнасці, пафарбаваліся пурпурам і былі падобны да каралявых вылепкаў.
Адны расцягнуліся на падушках, другія елі, прысеўшы на карачкі навакол велізарных паўміскаў з ежай, або лежачы на ўзлокатках цягнулі да сябе кавалкі мяса, у мірнай позе львоў, разрываючых здабычу. Усе, хто спазніўся, стаялі, прыхіліўшыся да дрэваў, глядзелі на нізкія сталы, амаль знікаўшыя пад барвянымі абрусамі, і чакалі свае чаргі.
Сярод саду, як на полі бітвы пры спальванні целаў забітых, гарэлі вялікія яркія агні, на якіх уцалку падсмажвалі быкоў. Вялізныя булкі хлеба, пасыпаныя анісам, чаргаваліся з велізарнымі сырамі, цяжэй за мятальныя дзіскі, і поўныя віна кратэры, і поўныя вады кантары стаялі побач з кветкамі ў кошыках, сплеценых з золата. Вочы ўсіх ззялі радасцю чакання сытнага ядзення, дзе-ні-дзе заводзілі песні.
Перш за ўсё ім падалі птушак з зялёнай падлівай на размалёваных чорнымі малюнкамі талерках з чырвонай гліны, потым чарапашыны ўсялякіх сартоў, якія толькі збіраюць па пуніцкіх берагах, пахлёбкі пшанічныя, бабовыя і ячменныя і слімакоў з кменам на паўмісках з жоўтага бурштыну.
Потым сталы пакрыліся мяснымі стравамі: антылопы з рагамі, павы ў пер’і, цэлыя бараны, вараныя ў маладым віне, задкі вярблюдаў і буйвалаў, падсмажаная саранча і развараныя соні. Высокія піраміды садавіны абвальваліся і рассыпаліся па мёдавых пірагах. Не былі забыты нават маленькія сабачкі з вялікімі жыватамі і ружовай шэрсцю, выкармленыя цэдам аліўкавых арэхаў, — карфагенская страва, якой грэбавалі іншыя народы. Здзіўленне перад невядомай ежай толькі ўзмацняла прагавітасць. Галы, з даўгімі, сабранымі на макаўцы валасамі, вырывалі адзін у аднаго кавуны і лімоны і елі іх разам са скарынкай. Негры, ніколі не бачыўшыя лангуст, драпалі твары аб іх чырвоныя камочкі. Выбрытыя, белыя, як мурмар, грэкі скідвалі аб’едкі з талерак у бок, тады як пастухі з Бруцыума, апранутыя ў воўчыя скуры, наядаліся моўчкі, уткнуўшы твар у ежу.
Ноч агортвала зямлю. Прынеслі свяцільні.
Воблескі святла перапалохалі спаўшых на верхавінах кедраў малпаў, прысвечаных месяцу. Яны ўзнялі лямант, што вельмі развесяліла салдатаў.
Уздоўжаныя водсвіты нафтавага полымя, якое гарэла ў парфіравых чашах, дрыжэлі на бронзавым узбраенні. Паўміскі, выкладзеныя самацветнымі каменнямі, рассыпалі снапы рознакаляровых іскраў. Кратэры з краямі накшталт увагнутых люстэрак адлюстроўвалі скажаныя ўшырыню прадметы; воіны, абступіўшыя іх наўкола, здзіўлена разглядвалі сябе ў іх, і рабілі грымасы, смешачы адзін аднаго. Яны перакідваліся праз сталы табурэткамі са слановай касці і залатымі лапатачкамі для ядзення. Яны, не разбіраючыся, наліваліся ўсялякімі вінамі. На зямлі віно стаяла ўжо лужамі і ў іх коўзалася нага. Адначасова чулася чаўканне, гоман, спевы, звон келіхаў, дзвэнк разбіваўшыхся на тысячы кавалкаў ваз з кампанійскім віном, ці чысты звон вялікага срэбнага поўміска. І чым больш п’янелі воіны, тым часцей ўспаміналі аб несправядлівасцях Карфагена.
Знясіленая вайной рэспубліка дала магчымасць сабрацца ў горадзе ўсім атрадам, што звярталіся. Начальнік усіх войск Карфагена Гіскон, прадугляджальна адсылаў іх назад па частках, каб палегчыць рэспубліцы выдачу пенсіі. Совет-жа ўсё марудзіў, спадзяючыся, што наёмнікі ўрэшце згадзяцца на некаторыя ўступкі. Але зараз нездавальненне накіравалася на іх-жа, бо яны не маглі аплаціць. Карфаген пачаў бачыць у іх, як і ў Рыме, толькі ворагаў. Наёмнікі гэта разумелі і іх абурэнне прарвалася пагрозамі і гнеўнымі ўспышкамі.
Гардуючыся атрыманымі ад рэспублікі ўступкамі, наёмнікі думалі, што цяпер ужо нарэшце здолеюць яны вярнуцца дадому, нясучы ў накідках плашчоў плату за разлеяную кроў. Але скрозь п’яны туман, іх заслугі здаваліся ім бязмежнымі і надта мала ўзнагароджанымі. Яны паказвалі адзін аднаму раны, атрыманыя ў баях, апавядалі пра бітвы, падарожжа, пра паляванні ў сябе на бацькаўшчыне. Яны раўлі і скакалі, падрабляючыся пад дзікіх звяроў. Потым пачаліся агідныя спаборніцтвы: апускалі галовы ў амфоры і пілі без пярэдыху, як стомленыя смагай вярблюды. Лузітанец-асілак, нясучы па чалевеку на выцягненых руках, прабягаў паміж сталамі, выкідваючы з ноздраў полымя. Лакедэамонцы, не знімаючы зброі, цяжка ступаючы, спаборнічалі на тое, хто далей і вышэй скочыць.
Раптам яны пачулі жаласнае спяванне, гучнае і пяшчотнае спяванне, якое падала і ўзнімалася ўверх, як трапятанне крылаў параненай птушкі.
Гэта спявалі рабы ў эргастуле. Частка воінаў кінулася іх вызваляць, ускочыўшы адным махам і знікнуўшы сярод змроку.
Яны вярнуліся, гонячы сярод гучных выкрыкаў і слупамі ўзнятага пылу, чалавек дваццаць, якія рэзка выдзяляліся блядымі тварамі. Востраверхія шапкі з чорнага лямецу пакрывалі іх брытыя галовы; усе яны былі ў драўляных сандалях і разам са звонам кайданоў паднімалі грукат, падобны да грукату калясніц.
Вызваленыя нявольнікі рассеяліся ў натоўпе, які абкружыў іх з роспытамі. Адзін з іх застаўся стаяць паводдаль. Скрозь дзіркі тунікі відаць былі плечы, спаласаваныя даўгімі рубцамі… Панурыўшыся, ён недаверліва азіраўся, злёгку прыжмурваючы аслепленыя факеламі вочы; цяжкі ўздых палёгкі вырваўся з яго грудзей, калі ён заўважыў, што ніхто з натоўпа ўзброеных людзей не выказвае да яго злосці; ён нешта невыразна мармытаў і рассмяяўся скрозь ясныя слёзы, якія абмылі яго твар.
Ён расказаў пра сябе, Яго звалі Спендзіем. Карфагеняне захапілі яго ў часе Эгінейскай бітвы; і, гаворачы на мове грэкаў, лігураў і пунійцаў, ён зноў і зноў прымаўся дзякаваць наёмнікаў, цалуючы ім рукі.
Баль аднавіўся. Але раптам, не гледзячы на шматлікасць, воіны адчулі сябе адзінокімі; вялізарны горад, які спаў унізе пад імі, стаў палохаць іх сваімі бязлікімі ўсходнямі, высокімі чорнымі дамамі і таемнымі багамі, яшчэ больш жорсткімі, чым сам народ. У далечыні некалькі агнёў паблісквалі ў гавані; у царкве Камона відаць было святло. Воіны ўспомнілі Гамількара. Дзе гэта ён? Чаму ён пакінуў іх, раз мір заключаны? Ненасычаны гнеў іх абярнуўся цяпер на яго, і яны клялі яго, сваім уласным гневам узбуджаючы адзін аднаго.
У гэту мінуту пад чынарамі сабраўся натоўп. Глядзелі на негра, які ў курчах біўся ўсім целам аб зямлю, са спыненым позіркам, зведзенай шыяй і пенай на вуснах. Нехта крыкнуў, што яго атруцілі. І ўсім здалося, што яны таксама атручаны. Воіны накінуліся на рабоў — шалёнае прагненне бурыць і крышыць віхрам пранеслася па п’яным войску. Яны білі навокал па чым папала, ламалі, забівалі; адны кідалі факелы ў лісцё, другія, абапёршыся на загарадкі, абкружаўшыя роў са львамі, перабілі іх стрэламі; самыя адважныя кінуліся на сланоў, яны хацелі збіць іх хобаты і паспрабаваць слановай касці.
Наёмнікі рассыпаліся па велізарных садах, асвятляючы шлях факеламі. Ім трапілася маленькае возера, якое было падзелена на некалькі басейнаў сценкамі з сіняга камня. Струмяні былі такія чыстыя, што полымя факелаў трапыхалася да самага дна, на ложы з белых каменьчыкаў і залатога пяску. Вада забулькацела, заварушыліся зіхатлівыя бліскаўкі золата і таўстыя рыбы з пашчамі, аздобленымі каштоўнымі каменнямі, паказаліся на паверхні.
Заліваючыся смехам, воіны падсунулі ім пальцамі пад жэбры і прынеслі на сталы.
Гэта былі рыбы, які вельмі паважаліся родам Баркі. Яны пачыналі свой род ад тых першатворных мянтузоў, што парадзілі таемнае яйцо, у якім хавалася багіня Карфагена. Пры думцы ўчыніць святатацтва, прагнасць наёмнікаў успыхнула з новай сілай; яны жвава расклалі агонь пад бронзавымі вазамі і забаўляліся, гледзячы на дзівосных рыб, якія біліся ў закіпеўшай вадзе.
Воіны зграмадзіліся натоўпам, штурхаючы адзін аднаго. Іх страх мінуў. Яны зноў узяліся піць. Абапіраючыся кулакамі аб сталы, якія хісталіся, як ім здавалася, падобна караблям, яны азіраліся навакол сваімі вялікімі п’янымі вачыма, позіркам паядаючы ўсё чаго не здолелі ўзяць рукамі. Другія, ускочыўшы на сталы, ступалі проста сярод паўміскаў па барвяных абрусах, б’ючы нагамі ўслончыкі са слановай касці і тырскія шкляныя судзіны. Песні зліваліся з хрыпеннем рабоў, якія паміралі сярод разбітых чаш. Воіны патрабавалі яшчэ віна і мяса, і золата. Шаленствавалі на сотні моў. Ад дрэва да дрэва пажар ахапіў гаі; з высокіх зялёных зараснікаў вырываліся даўгія белыя кучаравыя клубы дыму, якія нагадвалі курэючыя вульканы. Шум узрастаў; у змроку раўлі параненыя ільвы.
Раптам тэраса дварца асвятлілася, адчыніліся сярэднія дзверы і жанчына, сама дачка Гамількара, Саламбо, пакрытая чорным убраннем, паказалася на парозе. Нерухомая, са схіленай галавой, яна глядзела на воінаў.
З абодвух бакоў ззаду яе стаялі два даўгіх рады блядых мужчын у белых убраннях з чырвонай махрастай апухай, якія спадалі проста без складак да ног; у іх не было ні барады, ні валасоў, ні броваў. У руках, пабліскваўшых пярсцёнкамі, яны трымалі велізарныя ліры, і ўсе, прарэзлівымі галасамі спявалі гімн багіне Карфагена. Гэта былі жрацы — эўнухі царквы Таніты.
Саламбо спускалася па прыступках галоўнай усходні палаца, які быў аздоблены па вуглах насамі галер, узятых у баі Гамількерам. Жрацы ішлі за ёю. Павольна ступаючы, праходзіла яна паміж сталамі ваеннаначальнікаў, якія злёгка расступіліся і глядзелі ёй услед.
Прыпудраная фіялетавым парашком прычоска, складзеная, па звычаю ханаанскіх дзяўчын, накшталт вежы, рабіла яе яшчэ вышэй. Нізкі перлаў спускаўся з віскоў да вуглоў рота, ружовага, як паўраскрыты гранат. На грудзях быў набор бліскучых каменняў, сваёй стракатасцю падобны да лускі мурэны. Аголеныя, убраныя дыямэнтамі рукі выступалі з тунікі без рукавоў, усеянай зоркамі чырвоных кветак па чорным фоне.
Паміж шчыкалатак яна насіла валаты ланцужок, які размерваў яе хаду, і шырокая цёмна-барвяная мантыя з невядомай тканіны слалася за ёю, пры кожным кроку ўзнімаючыся шырокай хваляй.
Час ад часу жрацы бралі на лірах амаль заглушаныя акорды; у прамежках музыкі чуўся ціхі звон залатога ланцужка і роўнамернае пастукванне сандаляй з папірусу. Яна ішла, схіліўшы галаву, і трымала ў руках маленькую ліру з чорнага дрэва.
Воіны чулі яе шэпт.
— Мёртвыя. Усе мёртвыя. Вы не падплывеце больш пакорліва на мой голас, як калісці, калі, седзячы на беразе возера, я кідала вам у рот гарбузовыя семачкі. У глыбіні вашых вачэй, празрыстай, як рачная вада, адлюстроўвалася таенства жыцця Таніты.
І яна незывала іх па імёнах, быўшых назвамі месяцаў.
— Сіў, Сіван, Тамус, Элул, баран Шэбар. О, злітуйся нада мною, багіня…
Не разумеючы яе слоў, воіны групаваліся навокал яе; яны дзівіліся яе ўбранню.
Яна аглядзела іх доўгім спалоханым позіркам і пасля некалькі раз паўтарыла:
— Што вы зрабілі! Што вы зрабілі!
— У вас было ўсё для вяселля: і хлеб, і мяса, і масла. Я загадала прывесці вам гекатомпільскіх быкоў. Я паслала паляўнічых за дзічынай у пустыню.
Голас яе ўзмацніўся, шчокі загарэліся румянцам.
— Дзе вы? У заваяваным горадзе, ці ў харомах уладара? і якога ўладара, — бацькі майго, суфета Гамількара, служыцеля Ваала! Ці знойдзецца ў вас хоць адзін на бацькаўшчыне, хто лепш здолеў-бы кіраваць войскамі ў баі. Глядзіце! Усходні нашага палаца завалены трафеямі яго перамог. Дык працягвайце-ж. Спаліце яго!
Яе тонкія ноздры дрыжэлі. Яна ламала пазногці, прыціскаючы рукі да самацветных каменняў на грудзі. Вочы патухалі; яна загаварыла зноў:
— О, Карфаген, горад няшчасны і мізэрны! Няма ў цябе для абароны ранейшых магутных мужоў, якія хадзілі за моры, будаваць храмы на невядомых узбярэжжах. Усе краіны працавалі тады навокал цябе на морскіх прасторах, узораных вёсламі тваіх караблёў, для цябе калыхаліся заўсёды багатыя нівы.
І Саламбо пачала ўспяваць геройствы сваіх продкаў, якія заклалі Карфаген. Навакол яе, узлезшы на сталы, на ложа, на галіны чынар, разявіўшы раты і выцягваючы галовы, варвары стараліся зразумець яе поўныя таемнасці апавяданні пра мінулае карфагенскіх багоў. Яна спявала на стражытнай ханаанскай мове, няяснай для іх.
Ніхто не глядзеў на яе так, як адзін малады нумідзійскі правадыр. Пояс яго ўвесь быў усаджаны мятальнымі дроцікамі, так што шырокі плашч, сцянуты каля віскоў паскамі, узнімаўся ззаду гарбом. Тканіна, якая калыхалася над плечамі, закрывала твар яго густым ценем, з-за якога паблісквала толькі полымя вачэй. Нар-Гавас не быў наёмнікам і трапіў на іх баль выпадкова. Ён быў госцем у Гамількара. Прысеўшы на карачкі, апусціўшы бараду на чаранкі дроцікаў, Нар-Гавас разглядваў Саламбо, і ноздры яго раздуваліся, як у леапарда, засеўшага ў хмызняках.
У другім радзе сталоў знаходзіўся лібіец магутнага целаскладу, з кароткімі кучаравымі чорнымі валасамі. Ён скінуў з сябе ўсё, апрача баявой курткі, бронзавыя пласцінкі якой рвалі барвяніцу ложа. Каралі са срэбных месячкаў заблыталіся на валасістых грудзях. Пырскамі крыві быў заплямлены яго твар; ён паўляжаў, абапіраючыся на левы локаць, і, шырока разявіўшы рот, усміхаўся.
Саламбо ўжо не спявала свяшчэнных гімнаў. З жаночай чуласцю, каб згасіць гнеў воінаў, яна шпарка пераходзіла ад аднаго дыялекту варвараў да другога; і слухаючы яе, кожны знаходзіў ў гэтым голасе цеплыню сваёй бацькаўшчыны. Захопленая ўспамінамі аб Карфагене, яна спявала цяпер аб старажытных бітвах супроць Рыма; яны апладыравалі. Зіхаценне аголеных мечаў запальвала яе; голас грымеў, яна шырока распрасцерла рукі. І ліра яе ўпала; яна змоўкла і, прыціснуўшы рукі да сэрца, на некалькі момантаў заплюшчыла вочы, адчуваючы асалоду ад выкліканага хвалявання воінаў.
Лібіец Мато схіліўся да яе. Яна міжвольна наблізілася да яго і раптам наліла яму даверху залаты келіх віна, у знак прымірэння з войскам.
— Пі, — сказала яна.
Ён узяў з рук яе келіх і паднёс да вуснаў. Але не паспеў кончыць, як Нар-Гавас ускочыў, выцягнуў з-за пояса дроцік і, абапёршыся правай нагой аб край стала, пусціў дроцік у Мато.
Дроцік прасвісцеў паміж келіхамі і, прабіўшы руку лібійцу, з такой сілай прыбіў яе да абруса, што чаранок задрыжэў у паветры.
Мато хутка вызваліў руку, але ён быў без зброі і амаль голы; нарэшце, падняўшы абодвума рукамі вялікі пакрыты посудам і ежай стол, кінуў яго на Нар-Гаваса ў сярэдзіну натоўпа, які кінуўся іх разнімаць. І наёмнікі і нумідзійцы так зграмадзіліся, што нават не было ніякай магчымасці выцягнуць мечы. Мато прасоўваўся, наносячы ўдары галавой. Калі ён яе падняў Нар-Гавас знік. Ён пачаў шукаць яго вачыма. Саламбо таксама пайшла.
З гэтай мінуты Мато не знаходзіў сабе спакою. Вобраз Саламбо — дачкі Гамількара, усюды яго праследваў.
РАЗДЗЕЛ ІI
У Сіке
Два дні счакаўшы, наёмнікі выступілі з Карфагена.
Кожнаму выдалі па залатой манеце, з умовай адправіцца ў Сіку і з усялякай ліслівасцю ім сказалі:
Вы збавіцелі Карфагена. Але, застаючыся тут, давядзеце горад да голаду; яму не будзе чым плаціць вам. Выходзьце. Рэспубліка будзе вам удзячна за ўступлівасць. Мы зараз-жа ўвядзем падаткі, пенсія будзе выплачана поўнасцю, мы аснасцім караблі і вас адвязуць на бацькаўшчыну.
Яны не ведалі, што адказваць на такія даўгія прамовы. Людзі, якія прывыклі да паходаў, нудзіліся ў горадзе; іх лёгка пераканалі і народ паўзлязаў на сцены, каб бачыць іх выступленне.
Наёмнікі выходзілі з горада па вуліцы Камона праз Сірцкую браму; яны ішлі ўперамежку, стралкі з луку з гоплітамі, начальнікі з простымі воінамі, лузітанцы з грэкамі. Ішлі бадзёрым крокам, звонячы цяжкімі катурнамі па каменных плітах брука. Іх узбраенне было пагнутае катапультамі, а твары загарэлі ў спякоце баёў. Прарэзлівыя выкрыкі вырываліся з вуснаў, заросшых густой барадой, разарваныя панцыры калаціліся аб ручкі мечаў; і скрозь дзіркі ў бронзе ўзбраення было відаць голае цела, магутныя члены, якія выклікалі страх, быццам баявыя машыны. Пікі, сякеры, рагуліны, лямцавыя шапкі і бронзавыя каскі — ўсё калыхалася ў адзіным і мерным руху. Сцены трашчэлі: так напоўнілі яны вуліцу, і даўгія рады ўзброеных воінаў разліліся наміж высокімі, шасціпавярховымі дамамі, абмазанымі асфальтам. З-за вокнаў з жалезнымі ці трысцінавымі кратамі, жанчыны з тварамі, захутанымі пакрываламі, моўчкі глядзелі на ўхадзіўшых варвараў.
Плоскія дахі дамоў, умацаванні, сцены — усё знікла пад натоўпам карфагенян у чорных вопратках; чырвоныя тунікі матросаў здаваліся плямамі крыві сярод змрочнага натоўпа; паўголыя дзеці туляліся ў зеляніне, якая абвівала калюмны, ці паміж галінамі пальмаў.
Жыхары горада былі ахоплены аднэй трывогай. Баяліся, каб варвары, заўважыўшы раптам сваю сілу, не надумаліся застацца. Але яны выходзілі так даверліва, што карфагеняне пасмялелі і змяшаліся з радамі воінаў. Гараджане пачалі засыпаць іх запэўніваннямі, абдымалі, развітваліся. Кідалі пахнючасці, кветкі і грошы. Давалі ім амулеты ад розных хвароб: але перад гэтым плявалі на іх тры разы, каб прыцягнуць смерць, ці хавалі ў сярэдзіне іх шарсцінкі шакала, ад якіх сэрца ахоплівае баязлівасць, голасна заклікалі міласць бога Мелькарта, а ціхенька яго праклёны.
Выйдучы з горада, войска разбілася на няроўныя атрады. Ім весела было зноў быць разам і, як раней, крочыць па чыстым полі. Грэкі заспявалі старадаўнюю паходную песню. Воіны крычалі, скакалі; самыя вясёлыя ўзяліся за апавяданні; час няшчасцяў, здавалася ім, прамінуў.
На наступны дзень варвары прайшлі па краіне, дзе ўсё было ўзроблена. Памесці патрыцыяў змяняліся адно адным каля дарогі; маленькія абвадняльныя каналы цяклі сярод пальмавых гаёў, даўгімі зялёнымі палоскамі цягнуліся алівы; ружовы туман насіўся ў лагчынах паміж ўзгоркамі; ззаду ў глыбіні ўздымаліся блакітныя горы. Дуў цёплы ветрык. Па шырокіх лісцях кактуса поўзалі хамелеоны.
Варвары пайшлі цішэй.
Яны рассыпаліся разрозненымі атрадамі, ці цягнуліся адзін за адным на далёкай адлегласці. Зрывалі гронкі паўскрай вінаграднікаў. Клаліся ў траву і здзіўлена глядзелі на велізарныя, штучна скручаныя, рогі быкоў, на авечак, ахутаных скурамі для ахавання іх воўны, на палі, дзе барозны перакрыжоўваліся, утвараючы косакутнікі, на нарожнікі плугоў, падобныя да карабельных якараў, на гранатныя дрэвы, угноеныя сільфіям. Яны былі здзіўлены нязвычайнай прадукцыйнасцю глебы і мудрым вынаходніцтвам жыхароў.
Седзячы на драмадзеры, скрадзеным у садах Гамількара, Спендзі здалёк заўважыў Мато з падвязанай рукой, непакрытай галавой і з паніклым выглядам, які паіў свайго аслюка, утаропіўшыся на цякучую ваду. Спендзі праціскаўся да яго скрозь натоўп, заклікаючы:
— Пане! Пане!
Мато ледзь яго заўважыў. Не звяртаючы на гэта ўвагі, Спендзі пайшоў за ім ззаду, непакойліва пазіраючы часамі ў бок Карфагена.
Усю дарогу ён не адыходзіў ад Мато; прыносіў яму ежу, падтрымліваў яго, дапамагаючы зыходзіць, а вечарамі расцілаў пад галаву дыван. Нарэшце Мато быў крануты гэтай клапатлівасцю і вусны яго пакрыху раскрыліся.
Дзяцінства Мато прайшло на бацькаўшчыне ў Сірцкай затоцы ў Кірэнаіцы. Пасля ён паляваў на сланоў у лясах Гарамантаў. Потым наняўся служыць Карфагену. Пры ўзяцці Дрэпенума яму далі годнасць тэтрарха.
Вырабленыя палі пачалі сустракацца ўсё радзей і радзей. Нечакана трапляліся пескавыя палосы, нібы шчацінай пакрытыя калючым хмызняком. Стада баранаў пасвілася між каменнямі; іх пільнавала падпяразаная блакітнай скурай жанчына. Ледзь забачыўшы з-за скал пікі воінаў, яна схавалася з моцным крыкам.
Яны ішлі па нейкім гарыстым стоку, акружаным двума чырвонаватымі ўзгоркаватымі валамі, калі раптам іх здзівіў прыкры пах і нешта дзіўнае паказалася перад імі на верхавіне ражковага дрэва: сярод лісцяў уздымалася галава ільва.
Яны кінуліся туды. Там быў леў, як злазынца, усімі чатырма лапамі прыбіты цвікамі да крыжа. Велізарная галава ўпала на грудзі, і напалову схаваныя пад густой грывай пярэднія лапы былі распасцёрты, як два птушыных крыла, Рэбры, усе да аднаго, выпіралі пад нацягнутай скурай; заднія лапы, прыбітыя адна на адну, злёгку падкурчыліся, і чорная кроў, сцякаючы па шэрсці, запяклася нацёкамі на канцы хваста, які вісеў проста ўздоўж крыжа. Воіны забаўляліся; яны называлі яго консулам, грамадзянінам горада Рыма і кідалі ў вочы яму каменьчыкі, уздымаючы раі мух.
Праз сотню крокаў яны ўбачылі яшчэ двух; пасля раптам пацягнуўся даўгі рад крыжоў з раскрыжаванымі ільвамі. Адны з іх ужо так даўно памерлі, што на слупах заставаліся толькі рэшткі касцякоў. Іншыя, напалову струхлелыя, віселі са скажонай у жахлівую грымасу мордай; сярод іх трапляліся ільвы велізарных размераў, крыж схіляўся пад імі, і цела гойдалася ад ветру, у той час як над галавой бесперапынна кружыліся зграі воранаў. Так помсціліся карфагенскія сяляне, калі ім удавалася захапіць якога-небудзь драпежнага звера; яны спадзяваліся гэтым прыкладам запалохаць астатніх. Варвары ўжо больш не смяяліся, іх ахапіла глыбокае здзіўленне.
— Што гэта за народ, — думалі яны, — які крыжуе ільвоў дзеля гульні.
На сёмы дзень паказалася лінія сцен, узведзеных на скалах, і горад раптам разгарнуўся перад імі.
Але Сіка не магла даць прытулак такому мноству людзей. І варвары спыніліся пад самым горадам ля сцен; дысцыплінаваная частка рэгулярнымі атрадамі, астатнія па плямёнах, ці дзе каму спадабалася.
Грэкі выцягнулі паралельнымі радамі свае скураныя палаткі, і берыйцы паставілі шатры ў кола, галы зрабілі з дошчак будкі, лібійцы склалі хаты з голага камення, а негры праста выкапалі на ноч яміны ў пяску. Многія, не ведаючы куды падзецца, блукалі сярод паклажы, а ноччу, захутаўшыся ў дзюравыя плашчы, клаліся на зямлю.
Спендзі спаў па цэлых днях, расцягнуўшыся перад палаткай Мато. Ён часамі прасыпаўся; у сне яму здавалася, што ён чуе свіст раменнага бізуна; тады ён гладзіў рукой рубцы на нагах, на тым месцы, дзе доўга насіў кайданы; пасля засыпаў зноў.
Мато прыняў яго таварыства. Спендзі, з доўгім мечам на баку, хадзіў за ім ўсюды, быццам ліктар; іншы раз Мато нядбайна апіраўся рукой на яго плячо, бо Спендзі быў малога росту.
Неяк увечары, праходзячы разам праз лагер, яны сустрэлі людзей у белых плашчах; сярод іх быў Нар-Гавас, нумідыйскі правадыр. Мато ўздрыгнуўся.
— Дай меч, — крыкнуў ён, — я заб’ю яго.
— Пачакай яшчэ, — спыніў яго Спендзі.
Нар-Гавас ужо падыходзіў да яго.
У знак прыязні ён дакрануўся губамі да вялікіх пальцаў рукі, адносячы тым самым свой гнеўны запал за лік п’янага стану ў часе балю; пасля ён доўга гаварыў супроць Карфагена, але не сказаў, што прывяло яго да варвараў.
— Каму ён здрадзіць: ім ці рэспубліцы — пытаў сябе Спендзі, але, спадзяючыся ў кожнай бунтаніне знайсці сваю карысць, ён быў удзячны Нар-Гавасу за будучае здрадніцтва, у якім яго падазраваў.
Правадыр нумідзійцаў застаўся ў наёмнікаў. Ён, здавалася, хацеў зыйсціся з Мато. Прысылаў выкармленых коз, залаты пясок і пер’і стравуса. Лібіец, здзіўлены гэтай увагай, хістаўся, не ведаючы, ці адказваць яму тым самым, ці канчаткова раззлавацца. Але Спендзі супакойваў, і Мато падпарадкоўваўся.
Аднойчы раніцой яны выйшлі ўтрох на паляванне за ільвамі. Нар-Гавас схаваў кінжал пад плашчом. Спендзі неадлучна ішоў за ім ззаду, і кінжал, аж да звароту, не быў выняты з ножнаў.
У другі раз Нар-Гавас завёў іх вельмі далёка, да самых межаў сваіх уладанняў. Яны палявалі ў вузкай цясніне; Нар-Гавас усміхнуўся, заяўляючы, што не ведае, як ісці далей; Спендзі знайшоў дарогу.
Але часцей за ўсё Мато з сумным выглядам, ледзь узыходзіла сонца, ішоў бадзяцца па раўнінах. Выцягнуўшыся на пяску, ён да самага вечара ляжаў нерухома.
Неяк уначы Спендзі ўвайшоў да яго ў палатку.
Мато, голы як труп, ляжаў уніз жыватом на расцягнутай ільвінай скуры, закрыўшы твар рукамі; падвешаны свяцільнік асвятляў зброю, якая вісела на падпорцы палаткі.
— Табе цяжка? — запытаў яго Спендзі. — Чаго табе трэба? Скажы мне!
І ён скалынуў яго за плячо, аклікнуўшы некалькі разоў:
— Пане, пане!
Мато падняў на яго свае вялікія затуманеныя вочы.
— Слухай, — ціха сказаў Мато, прыклаўшы палец да вуснаў, — гэта богі разгневаліся на мяне. Мяне праследуе дачка Гамількара. Я баюся яе, Спендзі. — І, як дзіця, перапалоханае страшнымі зданямі, ён прытуліўся да грудзей раба. — Гавары-ж са мной. Я хворы. Я хачу вылячыцца. Я выпрабаваў усё. А ты, мабыць, ведаеш багоў мацнейшых, ці можа якую-небудзь моцную замову.
— Навашто табе? — запытаў Спендзі.
Ён адказаў, б’ючы сябе па галаве кулакамі.
— Каб пазбавіцца ад яе.
Пасля ён пачаў гаварыць сам з сабою, з доўгімі перапынкамі.
— Я, мабыць, ахвяра, абяцанае ёю багам… Яна трымае мяне нябачным ланцугом. Калі я іду, — значыць ідзе і яна; спыняюся — яна адпачывае. Вочы яе паляць мяне, я чую яе голас. Яна абкружае мяне ўсяго, пранікае ў мяне. Мне здаецца, яна зрабілася маёй душой…
— А ўсё-ж між намі быццам нябачныя хвалі бязмежнага акіяна. Яна далёкая і такая непрыступная. Як воблакам святла, абкружана яна ззяннем сваёй прыгожасці; і мне часам здаецца, што я і не бачыў яе ніколі… што яе зусім няма… і ўсё гэта толькі сон…
Так плакаўся Мато ў цемры. Варвары спалі…
На ўсе супакоенні Спендзі ён паўтараў тыя-ж словы; ночы ў іх праходзілі ў скаргах і ўгаварваннях.
Мато хацеў знайсці забыццё ў віне. Але пасля хмеля, ён зрабіўся яшчэ больш сумным. Ён спрабаваў заняцца гульнёй ў косці, і праіграў адну за аднэй залатыя бляхі сваіх караляў.
Спендзі, наадварот, рабіўся ўсё больш смелым і вясёлым. Ён паказваўся ў складзеных на хуткую руку з лісця лагерных шынках, і распачынаў зжыўленыя гутаркі з салдатамі. Папраўляў старую зброю. Жангляваў кінжалам. Ішоў бадзяцца па сенажацях, вышукваючы для хворых лекавыя травы. Гэта быў балака, лаўкач, заўсёды гатовы на выдумкі, і мог гаварыць бясконца; варвары прывыкалі да яго паслуг; ён крыху-па-крыху прымушаў любіць сябе.
Варвары чакалі пасланца з Карфагена, які прывёз-бы ім на аслюках кашы, нагружаныя золатам; і зноў, пачынаючы ўсё той-жа рахунак, яны на пяску выводзілі пальцамі лічбы. Кожны загадзя марыў, што ён будзе рабіць у будучым.
Кожны дзень падыходзілі натоўпы амаль голых людзей, якія закрывалі галовы травой для засцярогі ад сонца; гэта былі даўжнікі багатых карфагенян, якія за даўгі былі прымушаны ўзворваць іх землі і выратаваліся ад гэтага ўцякацтвам. Прыбывалі лібійцы, разораныя падаткамі сяляне, выгнаннікі, злачынцы, усе нездаволеныя рэспублікай. Спендзі гаварыў супроць яе.
Хутка зменшыліся прыпасы. Пачалі гаварыць, што трэба ўсім пайсці на Карфаген і заклікаць на дапамогу рымлян.
∗
∗ ∗ |
Аднойчы ўвечары, у час вячэры, пачуўся глухі надтрэснуты звон, які паступова набліжаўся, далёка, на ўзгоркаватай раўніне паказалася нешта чырвонае. Гэта былі вялікія насілкі з барвянай тканіны, упрыгожаныя па вуглах пучкамі стравусавых пер’яў. Крыштальныя ланцугі, перавітыя перламі, біліся аб закрыты полаг. За імі ішлі вярблюды, звонячы вялікімі званцамі, вісеўшымі на грудзях; вакол ехалі коннікі, ад падэшвы да самых плеч пакрытыя зброяй з залатой лускі.
Пурпуровы полаг падняўся; на шырокай падушцы ляжала галава з зусім беспачуццёвым, адутым тварам; бровы, быццам дугі чорнага дрэва, злучаліся ля асновы; бліскаўкі золата зіхацелі ў кучаравых валасах і твар быў бляды, быццам абсыпаны таўчоным мармурам. Цела знікала пад скурамі, якія пакрывалі насілкі.
У ляжаўшым чалавеку воіны пазналі суфета Ганона, таго, які сваёй марудлівасцю садзейнічаў паражэнню карфагенян каля Эгацкіх астравоў, а ўсё яго хваленае міласэрддзе, пасля перамогі над лібійцамі пры Гекатомпілі, тлумачылася, як думалі варвары, толькі яго хцівасцю, бо ён прадаў у рабства ўсіх палоннікаў, узяўшы плату сабе, хоць і абвясціў аб іх смерці кіраўнікам рэспублікі.
Насілкі спыніліся, і Ганон, падтрымліваны двума рабамі, хістаючыся, спусціў ногі на зямлю.
Палатняны бінт, як у егіпскай муміі, абвіваў яго ногі, і цела выступала паміж скрыжаваных палос. Жывот выпіраў на ярка-чырвоную куртку, якая пакрывала яго сцёгны; складкі шыі, як падгрудак быка, звешваліся яму на грудзі; размаляваная кветкамі туніка трашчэла пад пахамі. На ім было вязьмо, пояс, шырокі чорны плашч з падвойнымі зашнураванымі рукавамі. Збыткоўнасць вопраткі, вялікія каралі з блакітных каменьняў, залатыя засцёжкі і цяжкія завушніцы рабілі яго брыдкасць яшчэ больш агіднай. Ён здаваўся нейкім тоўстым ідалам, груба высечаным з каменя, бо блядая праказа, якая пакрывала яго цела, надавала яму нерухомасць нежывога прадмета. Між тым яго нос, кручкаваты, як дзюба каршуна, парыўчаста раздзьмуваўся, цяжка ўвабіраючы паветра, і маленькія вочы са склеенымі павекамі, блішчэлі жорсткім металічным бліскам.
Варта разагнала ўдарамі бізуна натоўп воінаў, і хутка начальнікі фалангаў, сфармаваных па-спартанску, і правадыры варварскіх кагортаў з’явіліся па закліку Ганона.
Ноч ужо агарнула зямлю. Няясны гул разносіўся па раўніне, дзе-ні-дзе гарэлі вогнішчы. Воіны пераходзілі адзін да-аднаго, пытаючы:
— Што тут такое? Чаму суфет не пачынае раздаваць грошы? Нарэшце, два вястуны затрубілі ў срэбныя рагі; шум сціх, і Ганон загаварыў.
Пачаўшы з праслаўлення багоў, ён расказаў начальнікам аб бясконцых цяжкасцях рэспублікі. Скарбніца апусцела. Даніна рымлянам перадолела яе. «Мы не ведаем ужо, як нам быць далей. Рэспубліка ў вельмі цяжкім становішчы.
Ён разгарнуў даўгую паласу папіруса і прачытаў, не прапускаючы ніводнай лічбы, спіс расходаў, зробленых урадам толькі на рамонт храмаў, на брукаванне вуліц, на пабудову караблёў, на каралявыя лоўлі, на расшырэнне двара сісітаў і на розныя пабудовы на рудніках у краіне Кантабраў.
Але начальнікі войск, таксама як і салдаты, не разумелі пуніцкай мовы, на якой гаварыў да іх Ганон.
І слухаючы чытанне бясконцага спісу, варвары трацілі цярплівасць; нараканні раслі; пачулася лаянка. Тыя, якія хацелі прымусіць другіх замаўчаць, крычалі яшчэ гучней, толькі ўзмацяяючы агульны шум.
Раптам да Ганона падскочыў чалавек, які меў мізэрны выгляд. Выхапіўшы сігнальны рог у аднаго з вястуноў, ён затрубіў у яго; і Спендзі (гэта быў ён) заявіў, што можа сказаць важную навіну. На гэтыя словы хутка пераказаныя ім на пяці розных мовах — грэцкай, лацінскай, гальскай, лібійскай, і балеарскай, — начальнікі паўсмяючыся, паўздзіўляючыся, адказалі:
— Гавары, гавары!
Спендзі на хвіліну замёр у нерашучасці, ён увесь дрыжаў; нарэшце, зварочваючыся да лібійцаў, якіх было асабліва многа паблізу, ён сказаў:
— Вы ўсе чулі страшныя пагрозы гэтага чалавека?
Ганон прамаўчаў. Значыцца ён не разумеў лібійскай мовы; Спендзі спрабаваў працягваць далей і паўтарыў тыя-ж словы і на другіх мовах варвараў. Воіны здзіўлена пераглянуліся, пасля ўсе, быццам па маўклівым ўгаворы, думаючы, што і яны таксама зразумелі прамову Ганона, — схілілі ў знак згоды галовы.
Тады Спендзі загаварыў упэўненым голасам:
— Перш за ўсё ён сказаў, што вашы богі нічога не значаць перад багамі Карфагена. Ён назваў вас трусамі, злодзеямі, ілгунамі, сабакамі і сабачымі дзецьмі. З-за вас (ён так сказаў) рэспубліка вымушана плаціць рымлянам даніну, і з-за вашых надмернасцяй засталася без пахнючасцяй, рабоў і ўгнаення, бо вы змовіліся з вандраўнікамі на граніцы, спыніўшы зносіны з Кірэнаікай. Але і вінаватыя будуць пакараны. Ён прачытаў вам спіс іх пакаранняў; іх прымусяць брукаваць вуліцы горада, аснашчаць караблі, паставяць на работы па ўпрыгожанні двара сісістаў, а астатніх пашлюць капаць зямлю ў рудніках краіны Кантабраў.
Гэту-ж прамову Спендзі паўтарыў і галам, і грэкам, кампанійцам і балерам. Пачуўшы, што ён паўтарыў некалькі слоў, якія яны памяталі з прамовы суфета, наёмнікі цалкам пераканаліся, што ён перадаў яе дакладна. Толькі некалькі чалавек закрычалі:
— Ты ілжэш!
Іх галасы загубіліся ў агульным шуме. Спэндзі дадаў:
— Ці-ж вы не бачылі атрад коннікаў, што ён пакінуў ззаду за лагерам. Па першым знаку яны прыляцяць, каб вас перабіць.
Варвары павярнуліся ў той бок, і ў тую-ж хвіліну, калі натоўп падаўся, сярод іх з павольнасцю здані з’явілася нейкая падобнасць чалавека, — схуднелы зусім голы мужчына, да пояса прыкрыты даўгімі запыленымі валасамі, з тырчачымі ў іх сухімі лісцямі і калючкамі. Паясніца і калены яго былі ахутаны саломай, прамазанай глінай са шматкамі рыззя, друзлая зямлістая скура вісела на высахлых членах, як лахманы на голых суках; рукі трэсліся бесперапынным дрыгаценнем; ён ішоў, абапіраючыся на палку з аліўнага дрэва.
Раптам, жахліва крыкнуўшы, ён кінуўся да варвараў; хаваючыся за іх плечы, ён ледзь прамовіў:
— Вось яны, вось яны, — паказваючы на варту суфета, нерухома застыўшую ў сваёй бліскучай зброі: — яны іх забілі.
Пачуўшы воклікі на іх мове, балеары прыбеглі і пазналі ў ім свайго прашчніка Зарксаса. Не адказваючы на іх запытанні, ён паўтараў:
— Так, усіх, усіх забілі, растапталі, як вінаград.
Яму далі выпіць віна, і ён расплакаўся; потым абурана пачаў гаварыць бясконца.
Спендзі ледзь стрымліваў радасць, пераказваючы грэкам і лібійцам поўныя жаху апавяданні Зарксаса, ён ледзь ім верыў, але яны былі вельмі дарэчы. Балеары бляднелі ад гневу, даведаўшыся, як загінулі іх таварышы.
Гэта быў атрад з трох соцень прашчнікаў, якія прыбылі ў Карфаген вапярэдадні выступлення войска наёмнікаў і якія прачнуліся ў гэты дзень вельмі позна. На пляцы Камона яны ўжо не знайшлі войска варвараў і апынуліся безабароннымі, бо іх гліняныя знарады для мятання былі ўкладзены на вярблюдаў і пайшлі з астатнімі абозамі.
Ім далі дайсці да вуліцы Сахеб, да самай брамы, акаванай бронзавымі плітамі, і тут натоўп разарваў іх. Над іх целамі ўсяляк здзекваліся, а ўвечары спалілі на раздарожжах.
Абурэнне салдатаў, якое яны стрымлівалі ў часе апавядання, выбухнула, як навальніца; яны хацелі знішчыць варту разам з суфетам.
Але надзея на атрыманне доўгачаканай расплаты на хвіліну супакоіла іх пал.
Пачуліся галасы:
— Нашы грошы!
Ганон адказаў, што ён прывёз іх.
Варвары не сталі чакаць слуг і самі развязалі кашы. Яны знайшлі ў іх вопраткі з каляровых тканін, губкі, шчоткі, парфуму, палачкі антымону, каб падводзіць вочы, — усе гэта належала варце, набранай з багатых людзей, прывыкшых да роскашы. На адным з вярблюдаў яны знайшлі вялікі бронзавы чан: суфет браў у ім ванны ў часе дарогі. Хвароба выклікала ў яго вялікі апетыт, ён вёз з сабою велізарную колькасць прыпасаў і віна, рассолаў, мяса, рыбы і мёду і маленькія гаршчэчкі з Комагены, з топленым гусіным шмальцам, пакрытым снегам і рубленай саломай. Іх запас быў вельмі вялікі; яны з’яўляліся з кожнага новаадкрытага каша, і салдаты сустракалі іх смехам, які грымеў, быццам плёск хваляў.
Што-ж да пенсіі наёмнікам, дык яна займала ледзь два плеценых кошыкі; у адным з іх былі нават тыя скураныя кружочкі — разліковыя знакі, якімі рэспубліка карысталася для палягчэння грашовых разрахункаў. Здзіўленым варварам Ганон заявіў, што іх рахункі вельмі заблытаны і старшыні не мелі часу іх разглядзець. Пакуль што пасылаюць ім гэта.
І тады ў адзін момант усё было раскідана, перавернута: і аслюкі, і служкі, насілкі, правізія і паклажа. Салдаты расхапалі манеты са скуры і пачалі закідваць імі Ганона. Ён ледзь узлез верхам на асла; сударгава чапляючыся за шэрсць, з лямантам і плачам, ён пусціўся наўцёкі, разбіты трасянінай, заклікаючы на войска праклёны ўсіх багоў.
І варвары крычалі яму ўслед:
— Ідзі вон, палахлівец, кабан, адкіды Малоха! Згнівай у сваім золаце і балячках! Хутчэй, хутчэй!
Але гнеў варвараў не сціхаў і не мог супакоіцца толькі на гэтым.
— На Карфаген! На Карфаген! — гучэла адусюль.
У адзін момант усё было складзена, асядланы коні, надзета зброя, прышпілены каскі і мечы, і лагер застаўся пустым.
Калі варвары пайшлі, Спендзі аб’ехаў вакол поля конна на кроўным пуніцкім жарабцы, побач з ім ехаў раб, вядучы з сабою трэцяга каня.
Адна толькі палатка заставалася няўбранай. У яе вайшоў Спендзі.
— Уставай, гаспадар, паднімайся, — мы ідзем.
— Куды-ж вы ідзеце? — запытаў Мато.
— На Карфаген, — крыкнуў Спендзі.
Мато ў момант ускочыў на каня, якога трымаў раб каля ўвахода ў палатку.
РАЗДЗЕЛ ІII
Ля сцен Карфагена
У горад сцякаліся, то конна на аслах, а то і проста бягом бегшыя, блядыя, задыханыя, зусім ашалелыя ад страху людзі. Яны беглі перад наступаўшым войскам наёмнікаў. У тры дні яно прайшло ўвесь шлях ад Сікі і насоўвалася на Карфаген, каб яго знішчыць.
Зачынілі браму. Амаль зараз паказаліся варвары; але яны спыніліся сярод пярэсмыка ля берага возера.
Карфаген быў абаронены па ўсёй шырыні пярэсмыка: спачатку ровам, пасля валам з дзярніны, нарэшце, двухпавярховай сцяной са шліфаванага камення, у трыцаць локцяў вышыні. На другім паверсе ўзнімаліся вежы з мноствам байніц: бронзавыя шчыты, падвешаныя на кручках, абаранялі іх знадворку.
Пад абаронай гэтай першай лініі сцен, перш за ўсё, знаходзіўся квартал Малкі, квартал маракоў і фарбоўнікаў. Ззаду амфітэатрам раскінуўся горад, паверх за паверхам уздымаючы свае высокія дамы кубічнай формы.
Увесь Карфаген раскінуўся перад вачамі варвараў, заняўшых раўніну.
Здалёка пазнавалі яны яго рынкі, перакрыжаванні яго вуліц; яны спрачаліся адносна размяшчэння яго вуліц; яны спрачаліся адносна размяшчэння храмаў. Храм Камона, супроць Сісітаў, быў пакрыты залатой чарапіцай; на даху Мелькарта, налева ад Эшмуна, былі каралявыя галінкі; у баку, сярод пальм, кругліўся мядзяны кумпал храма Таніты; бліжэй да маяка, каля самых цыстэрн высіўся чорны Малох. На выступах дахаў, на верхавінах сцен, на рагох пляцаў, усюды пастаўлены былі боствы з агіднымі галавамі, то велічэзнага росту, то прысадзістыя, з раздзьмутымі жыватамі, ці непамерна плоскія; яны разяўлялі пашчы, прасціралі рукі, трымалі вілы, ланцугі ці мечы; і сінізна мора паблісквала ў глыбіні вуліц, якія здалёк здаваліся асабліва стромкімі. Шумлівы народ напаўняў іх з раніцы да позняга вечара, хлапчукі, звонячы званочкамі, крычалі каля ўвахода ў лазні; дыміліся крамкі з гарачым пітвом; паветра дрыжэла ад удараў аб кавадлы; на тэрасах крычалі белыя пеўні, прысвечаныя сонцу; у царквах раўлі быкі, якія прыносіліся ў ахвяру; рабы бегалі з кашамі на галовах; а ў глыбы храмавых порцікаў з’явіліся басаногія жрэцы ў цёмных плашчах і востраверхіх шапках.
А за горадам, над Акропалем, высіўся палац Гамількара.
Вочы Мато былі ўвесь час накіраваны туды. Але сады былі пустыя.
Ён дзесяткі разоў абходзіў умацаванні, адшукваў якую-небудзь прабоіну, каб увайсці. Аднойчы ўначы ён кінуўся ў затоку і плыў тры гадзіны без перадышкі. Ён дабраўся да падножжа Мапао і хацеў узлезці па стромкай берагавой скале. Ён параніў да крыві калені, паламаў пазногці, потым сарваўся ў хвалі і вярнуўся.
Мато зноў прыняў начальства над сваімі воінамі. Ён бязлітасна прымушаў іх манеўраваць. Мато паважалі за адвагу і асабліва за сілу.
Другія начальнікі захапіліся яго прыкладам. І войска наёмнікаў, у беспарадку раскіданае па ўсёй раўніне, хутка дысцыплінавалася. Варвары выстраіліся стройнымі атрадамі і, нарэшце, падыйшлі ўсутыч да сцен Карфагена.
Аднойчы раніцой ланцугі, якія замыкалі порт, апусціліся, і тры плоскадонныя судны прайшлі канал Тэнні і ўвайшлі ў возера.
На перадзе першага судна стаяў Гіскон, былы начальнік войску наёмнікаў. За ім высіўся велізарны, вышэй чым надгробак, куфар са звісаўшымі па бакох колцамі, якія былі падобны да грабавых галін. Далей стаяў легіён перакладчыкаў, у галаўных убраннях, як у сфінксаў, з вытатуяваным на грудзях папугаем.
Лайбы спыніліся, і Гіскон загадаў зрабіць з мяхоў па беразе нешта падобнае да трыбуны. Ён заявіў, што не ад’едзе да таго часу, пакуль не заплацяць усім споўна.
І варвары пачалі праходзіць перад ім па племянох, паказваючы кожны некалькі пальцаў па ліку праслужаных гадоў; ім па чарзе зялёнай фарбай значылі руку: пісцы бралі, колькі было трэба з расчыненага куфра, а другія вялі рахунак, прабіваючы штылетам дзірачкі на свінцовай паласе.
У ліку першых падышоў чалавек цяжкай хадой, якой ходзяць быкі.
— Падыйдзі да мяне бліжэй, — сказаў суфет, падазраваючы ашуканства, — колькі гадоў ты служыў?
— Дванаццаць, — адказаў лібіец.
Гіскон прасунуў яму пальцы пад падбародак, дзе рамень ад каскі націрае з часам дзве мазолістыя шышкі; іх называюць карубамі; і сказаць, што маеш карубы — значыла тое самае, што назваць сябе ветэранам.
— Злодзей! — крыкнуў суфет. — На плячох тваіх, мабыць, знойдзецца тое, чаго няма на твары.
І разарваўшы яму туніку, ён агаліў плечы, пакрытыя крывавымі рубцамі; гэта быў земляроб з Гіпазарыта. Узняўся гучны крык: яму знялі галаву.
Раздача працягвалася ўжо некалькі дзён, а войска хвалявалася; патрабаванняў і скаргаў было ўсё больш і больш. Самыя ўпартыя пранікалі ў палатку; каб расчуліць суфета, яны хапалі яго за рукі, прымушаючы абмацваць бяззубыя дзясны, схудалыя рукі і рубцы старых ран.
Чакаўшыя грошай трацілі цярплівасць; атрымаўшы, патрабавалі даплаты за сваіх коняй; а бадзягі, выгнаннікі, надзеўшы на сябе ўзбраенне воіна, запэўнялі, што на іх забываюцца. Кожную хвіліну, быццам віхор, наляталі натоўпы людзей; палаткі трашчалі, валіліся; натоўп, сціснуты паміж умацаваннямі лагера, з гучным крыкам калыхаўся ад увахода да сярэдзіны.
Ледзь сцямнела, Спендзі падняў ужо засынаўшых лібійцаў. Ён сказаў ім:
— Калі лігуры, грэкі, балеары і тубыльцы Італіі атрымаюць пенсію, яны вярнуцца дадому. Але вы, усе астатнія, вы застанецеся тут, у Афрыцы, раскіданыя па сваіх плямёнах, без усякай абароны. Вось тады рэспубліка вам адпомсціць. Сцеражыцеся зваротнага шляху. Ці можа вы верыце ўсім іхнім добрым прамовам? Вы забыліся на востраў, пакрыты касцмі падманам высаджаных на яго і памершых там з голаду наёмнікаў, якія думалі, што іх вязуць на бацькаўшчыну; успомніце Ксантыпа, якога карфагеняне адправілі ў Спарту на прагніўшай галеры.
— Што-ж нам рабіць? — пыталіся яны яго.
— Падумайце самі добра аб гэтым, — гаварыў Спендзі.
Наступныя два дні прайшлі ў аплаце воінаў з Магдалы, Лепціса, Гекатомпіля; Спендзі тым часам падбухторваў галаў.
— Цяпер плацяць лібійцам, пасля разлічацца з грэкамі, пасля з балерамі, азіятамі і з усімі астатнімі. Вас-жа мала; вам нічога не дадуць. Вы не ўбачыце бацькаўшчыны. Вам не дадуць караблёў. Яны вас заб’юць, каб зберагчы харчы.
Галы з’явіліся да суфета на чале з Аўтарытам. Рабы яго выштурхалі, і ён вышаў, пакляўшыся, што яшчэ адпомсціць.
На наступны дзень, вышаўшы досвіткам з палаткі, Гіскон знайшоў сваіх перакладчыкаў, якія звычайна спалі знадворку, каля ўвахода, ляжачымі без руху. У кожнага вакол шыі зацягнуты тонкі шнурок з чарота.
З гэтай хвіліны бунт разрастаўся безупынна. Забіванне балеараў было ва ўсіх яшчэ свежым у памяці. Варварам здавалася, што рэспубліка заўсёды імкнецца іх ашукаць. З гэтым трэба было скончыць. Зарксас, цяпер прыгожы і ўзмацнеўшы, з вянком вакол галавы, спяваў ваенныя песні; гал Аўтарыт размахваў сваім велізарным мечам; Спендзі шаптаў нешта аднаму, а другому даставаў кінжал. Хто быў мацнейшым, стараўся сам здабыць сабе плату; менш заўзятыя прасілі аб працягванні раздачы. Ніхто не пакідаў зброю і агульнае раздражненне абярнулася супроць Гіскона, вырасла ў неўгамоўную нянавісць.
Многія ўзлазілі да яго на трыбуну. Калі яны лаяліся, натоўп цярпліва іх слухаў, але за кожнае нязначнае слова ў яго карысць няпрошаных абаронцаў зараз збівалі каменнямі, ці падкраўшыся ззаду, ударам меча адсякалі ім галаву. Груда мяшкоў была чырванейшая, чым ахвярнік.
Нарэшце, навальніца разбушавалася. Салдаты разбілі велізарны куфар; ён на тры чвэрткі быў пусты. На вачох іх вынімалі адтуль так многа грошай, што яны лічылі яго невычарпальным; мабыць Гіскон схаваў частку ў сябе ў палатцы. Яны ўзлезлі на груды мяшкоў. Мато іх вёў, і на крыкі іх: «грошай, грошай!»
Гіскон нарэшце адказаў:
— Хай дасць вам іх ваш правадыр.
Ён маўкліва і цвёрда глядзеў на іх сваімі вялікімі жоўтымі вачыма, і даўгі твар яго быў бялей барады. У яго ў вуху, у шырокім залатым колцы захрасла страла затрыманая пер’ямі і на плячо сцякаў з ціары струмянёк крыві.
Па знаку Мато ўсе кінуліся ўперад. Гіскон працягнуў рукі; Спендзі пятлёй сцягнуў яму іх; нехта перакінуў яго, і суфет знік у мітусніне натоўпу, які наваліўся на гурбу мяшкоў.
Палатку разграмілі. У ёй знайшлі толькі самыя неабходныя рэчы.
Разам са спадарожнікамі натоўп павалок Гіскона за палатку; там іх кінулі ў роў, дзе звальвалі адкіды. Жалезным ланцугом прымацавалі іх жыватамі да моцных калоў, і на канцы пікі падавалі ім страву.
РАЗДЗЕЛ ІV
Пакрывала Таніты
Аднойчы ўвечары Спендзі, як быццам няўзнак, спытаўся Мато: ці няма крыніц або студняў у самым горадзе.
— Ніводнага, — адказаў Мато. — Яны знарок правялі вадаправод да самых гор, у горадзе няма другой вады.
На другі дзень Спендзі павёў яго на бераг возера.
— Гаспадар, — сказаў быўшы нявольнік, калі сэрца тваё не ведае страху, я павяду цябе ў Карфаген.
— Якім чынам? — перапытаў той, задыхаючыся.
— Пакляніся выканаць усё, што я загадаю, ісці за мною, як цень.
— Падняўшы руку да свяціла Хабар, Мато ўскрычаў:
— Я клянуся табе ў гэтым Танітгай.
Спендзі працягваў:
— Заўтра, калі сонца зойдзе, чакай мяне каля вадаправода, паміж дзевятай і дзесятай аркай. Вазьмі з сабой жалезную рагачыну, каску без султана і скураныя сандалі.
Вадаправод, аб якім ён гаварыў — адзначлівая пабудова карфагенян, — наўскасяк перасякаў пярэсмык. Лежачы спакойна адзін на адным, пяць паверхаў прысадзістых арак з бакавымі ўстоямі і львінай галавой у вянцы скляпення канчаліся ў заходняй частцы Акропаля, дзе яны паглыбляліся пад горадам і вылівалі ледзь ня цэлую рэчку ў цыстэрны Мегары.
Ва ўмоўлены час Спендзі сустрэў там Мато. Ён прывязаў да вяроўкі нешта накшталт багра і, як прашчай, пачаў вярцець ёю: жалезны знарад зачапіўся ў расчэліне каменняў, і адзін за адным яны пачалі ўзбірацца на сцяну.
Так дабраліся яны да верхняй пляцоўкі. Ідучы па ёй, Спендзі час ад часу нахіляўся і абмацваў камень рукою.
— Гэта тут, — сказаў ён, нарэшце, — пачнем.
Упіраючыся прынесенай Мато рагачынай, ён прыпадняў адну з плітаў. Пасля саскочыў ва ўтвораную адтуліну.
— Ідзі спераду, — запрапанаваў ён Мато, які спусціўся за ім услед.
І яны пайшлі ўздоўж сцёку вады.
Яна даходзіла ім да пояса. Але хутка дно пачало выкоўзвацца з-пад іх ног, і яны паплылі. У цемнаце чапляліся за сценкі надта вузкага канала. Вада цякла амаль непасрэдна пад верхняй плітой; яны драпалі сабе аб яе твары. Потым іх пацягнуў паток. Цяжкое магільнае паветра душыла ім грудзі; прыкрываючы рукой галаву, выцягнуўшыся, як толькі было магчыма, яны ляцелі стралой сярод поўнага мроку, задыхаючыся хрыплючы, амаль паміраючы. Раптам усё пацямнела перад імі, хуткасць патоку падвоілася. І разам з вадой, яны зляцелі ўніз.
Калі яны выбраліся на паверхню, дык апынуліся сярод скляпенняў, якія адкрываліся адно за адным паміж шырокімі сценамі, што падзялялі вадазбор. Скрозь аддушыны скляпенняў прасякала блядое святло і расцілалася на вадзе ззяючымі коламі; самы малы гук будзіў гучнае рэха.
Спендзі і Мато зноў паплылі пад скляпеннямі з аднаго вадазбора ў другі. Пасля даўгіх блуканняў Спендзі рукой крануў у цемнаце аб крату. Расхістаўшы яе, яны выбраліся на прыступкі каменных сходняў. Бронзавыя дзверы закрывалі яе наверсе. Лязам кінжала яны адсунулі засоў, што засоўваўся са знадворнага боку, і струмень свежага паветра раптам ахапіў іх.
Ноч была поўна цішынёй і неба здавалася нязмерна высокім. Горад спаў. Агні на перадавых пастах зіхацелі, нібы ўпаўшыя зоркі.
Мато накіраваўся было да палаца Гамількара.
— Не, — спыніў яго Спендзі, — вядзі мяне да храма Таніты.
Мато хацеў супярэчыць.
— Успомні, — і былы нявольнік, падняўшы руку, паказаў яму на блішчаўшую ў небе планету Хабар.
Мато моўчкі павярнуўся да Акраполя.
Вада ручаямі сцякала з іх, падаючы на дарожны пыл. Мокрыя сандалі не рабілі ніводнага гуку; Спендзі са сваімі бліскучымі, як факелы, вачыма, абглядваў кожны кусцік.
Яны ішлі па адкрытай мясцовасці, якая паступова паніжалася, пераходзячы ў нешта падобнае да шырокай даліны.
— Слухай, — загаварыў Спендзі, — але перш за ўсё, нічога не бойся…
Ён спыніўся, быццам раздумваючы і падбіраючы словы.
— Гаспадар, — пачаў ён зноў урачыстым голасам, — у свяцілішчы храма Таніты ёсць таемная пакрывала, якое спусцілася з неба, і якім багіня пакрыта.
— Я гэта ведаю, — сказаў Мато.
Спендзі працягваў.
— Яно само па сабе боскае, бо складае часцінку яе. Богі ўваплачаюцца там, дзе знаходзіцца іх увабражэнне. У ім адным уся сіла Карфагена: Карфаген магутны толькі да тых часоў, пакуль ім уладае. — І схіляючыся да яго вуха: — Я прывёў цябе з сабою, каб скрасці яго.
Мато ў жаху адхіснуўся ад яго.
— Адыйдзі ад мяне. Пашукай каго-небудзь іншага. Я не хачу дапамагаць табе ў гэтым агідным злачынстве.
Спендзі працягваў:
— Падумай, што чакае нас? Мы будзем разбітыя; войска само па сабе распадзецца. Аб багацці няма чаго і думаць, няма надзеі на дапамогу, і літасці не будзе… Ці-ж табе баяцца кары багоў, калі ў руках тваіх будзе іх сіла? Прыдзе дзень, гаспадар, і ты ўвойдзеш у Карфаген, абкружаны грамадой жрацоў, гатовых цалаваць твае сандалі; і калі пакрывала Таніты і тады будзе абцяжаць цябе, ты зноў звернеш яго ў храм… Ідзі-ж за мной і вазмі яго.
Некалькі момантаў Мато хістаўся паміж забабонным страхам і страшэннай спакусай.
— Хадзем, — нарэшце прагаварыў ён, і яны пайшлі поплеч, не гаворачы больш ні слова.
Перад імі паказалася даўгая чорная велізарына; гэта быў храм Таніты; мноства розных пабудоў, двароў, садоў і гаікаў, агароджаных нізкай сцяной з голага каменя. Спендзі і Мато пералезлі.
Баяцца не было чаго, бо ў цёмныя бязмесячныя ночы спынялася выконванне ўсякіх абрадаў. Храм ніколі не ахоўваўся; страх перад святыняй служыў яму лепшай абаронай.
За першай агародай ішла другая, праз якую вялі тры прыступкі з чорнага дрэва. Прайшоўшы праз сад гранатных і міндальных дрэваў, кіпарысаў і мірт па алеі, па ўсёй даўжыні якой звешваліся паўраспукнутыя ружы, яны апынуліся перад лесвіцай з шасці срэбных прыступак. Падняўшыся па ёй, яны ступілі за трэцюю агароду.
Велізарны кедр займаў тут сярэдзіну. Ніжнія галіны яго знікалі, абвешаныя кавалкамі тканін і пацеркамі, — прынашэнні веруючых. Яшчэ некалькі крокаў, і фасад храма адкрыўся перад імі.
Дзве даўгія галярэі на прысадзістых калюмнах цягнуліся па бакох чатырохвутольнай вежы, аздобленай наверсе срэбным паўмесяцам. На выступах галярэй і па чатырох вуглах вежы ўзвышаліся вазы, напоўненыя запаленымі курэннямі.
Перад бронзавай лесвіцай, якая спускалася ад пераддзвер’я храма, шырокім паўкругам стаяла срэбная плеценая загародка тонкай работы.
Першы пакой быў вельмі высокі; бязлікія адтуліны прарэзвалі скляпенне; падняўшы галаву, можна было бачыць зоры. Каля сцен, навокал, у трысцінавых кошыках былі кучай навалены састрыжаныя бароды і валасы з гадоў афяр — юнакоў, якія дасягнулі даросласці. Пасярэдзіне стаяла ўвабражэнне таўстой, барадатай жанчыны; напалову заплюшчыўшы вочы, яна, здавалася, усміхалася, склаўшы рукі пад тоўстым жыватом, які быў адпаліраваны пацалункамі натоўпа.
Пасля доўгіх пошукаў выхада, Спендзі заўважыў вузкую адтуліну над дзвярыма, зачыненымі з сярэдзіны; і дзверы не паддаваліся старанням Спендзі і Мато адчыніць іх.
— Устань, — сказаў Спендзі Мато і паставіў яго, стоячы, да сцяны.
Паставіўшы нагу яму на складзеныя рукі, а другую на галаву, ён падцягнуўся да самай адтуліны, праціснуўся ў яе і знік.
Потым Мато пачуў, што на плячо яго ўпала вузлаватая вяроўка, і, схапіўшыся за яе рукамі, ён вельмі хутка апынуўся побач са Спендзі ў велізарным поўным змроку зале.
Нейкі водбліск дрыжэў у глыбіні змроку. Яны наблізіліся. Гэта быў свяцільнік-лямпада, якая гарэла ў вялікай чарапашыне на п’едэстале статуі-багіні ў галаўным убранні Кабіраў. Дыяментавыя крожочкі ўсейвалі яе доўгае блакітнае адзенне; і ланцугі, якія спускаліся пад пліты падлогі, прымацоўвалі яе за абсацы да п’едэстала. Мато ледзь стрымаў крык. Ён прамармытаў:
— Ах, вось яна, вось яна!
Спендзі схапіў з п’едэстала свяцільнік, каб аглядзецца.
— Які-ж ты нечасцівец, — прашаптаў Мато. Але ўсё-ж ён ішоў за ім усюды. Сэрца яго трапятала ад забабоннага страху; з кожным крокам уперад ён чакаў, што яго стрэне смерць.
Нарэшце, яны прайшлі ў маленькую круглую залю, такую высокую, што яна здавалася ўнутранасцю калюмны. Пасярэдзіне знаходзіўся вялікі паўкулявідны чорны камень, падобны на тамбурны; полымя гарэла на ім; ззаду стаяў конус з чорнага дрэва, з галавой і двума рукамі.
А ў глыбіні ззяла нешта, падобнае да воблака, прарэзанае зіхатлівымі зоркамі; у глыбі яго складак з’яўляліся фігуры: Эшмун з Кабірамі, страшыдла з целам тыгра і вачыма на рожках, як у слімакоў, свяшчэнныя жывёліны вавілонцаў і шмат іншых, ніколі імі небачаных. Нібы плашчом, ахутвала яно ідала, адкрываючы твар, а затым расцілалася ўверх па сцяне, прымацаванае да яе вугламі; было яно пераліўчастае, паўпразрыстае, блішчастае, лёгкае, у ім была адначасова і сінізна ночы, і жоўты колер золаку, і барвовасць сонца. Гэта было пакрывала багіні, свяшчэннай заімф, на які ніхто не павінен быў глядзець.
І той, і другі пабялелі.
— Вазмі яго, — сказаў нарэшце Мато.
Спендзі не стаў хістацца.
Ён так дамагаўся пакрывала не таму, што верыў у яго магутнасць (Спендзі верыў толькі Аракулу), але ён быў пераконаны, што карфагеняне, страціўшы яго, страцяць веру ў свае сілы.
Апіраючыся аб ідала, ён адчапіў пакрывала, і яно разаслалася на плітах падлогі. Мато-паціху крануўся яго рукой; пасля, прасунуўшы ў адтуліну галаву, закруціўся ў яго і падняў рукі, каб лепш ім любавацца.
— Хадзем, — сказаў яму Спендзі.
Але ў гэту хвіліну раптам пачуўся прарэзлівы жаночы голас:
— На дапамогу! На дапамогу!
Спендзі спалохана крыкнуў:
— Уцякай-жа хутчэй! Сюды ідуць!
Моцны шум разрастаўся, патрасаючы сходкі лесвіц, і цэлая хваля людзей хлынула ў памяшканне, дзе быў Мато: жанчыны, служкі, рабы, схапіўшы рагачыны, дубіны, нажы, кінжалы, што папала, збягаліся з усіх бакоў.
Ахутаны заімфам, Мато быў падобны на нейкага зорнага бога, абкружанага воблакамі. Рабы хацелі кінуцца на яго. Але нейчы голас іх спыніў:
— Не рушце яго! На ім пакрывала багіні.
Мато павольна прайшоў сярод натоўпа, які расступіўся, і пачаў спускацца з лесвіц.
Тымчасам, саскокваючы з тэрасы, пераскокваючы праз канавы і платы, Спендзі бег нікім незаўважаны. Ён дайшоў да падножжа маяка. Тут сцяна заставалася безабароннай, такі недаступны і стромкі быў бераг. Ён падышоў да самага края, лёг на спіну і, нагамі ўперад, скаўзануўся ад верху да самага нізу; пасля плывучы, дабраўся да мыса Магіл, зрабіў велізарны абход праз саланчаковыя азёры, а да вечара звярнуўся ў стаянку варвараў.
Сонца ўзыйшло; і, як уцякаючы ад пагоні леў, Мато спускаўся ўніз па дарогах, кідаючы навокал страшныя позіркі.
Смутны гул даносіўся да яго з усіх бакоў устрывожанага горада. Не ведаючы, як выбрацца з-за крэпасных сцен, Мато ішоў наўздагад, проста ўперад, куды вочы глядзелі; яго заўважылі; узняўся шалёны гул. Усе зразумелі адразу ў чым справа; здзіўленне збянтэжыла ўсіх у першую хвіліну; але пасля натоўп ахапіла бязмежная ярасць.
З трушчобаў квартала Мапая, з катакомбаў, з вышынь Акропаля і берагоў возера збягаўся натоўп. Багацеі выходзілі з палацаў, гандляры пакідалі крамы, жанчыны кідалі дзяцей; многія хапаліся за мечы, за сякёры, дубіны; але ўсіх спыняў той-жа страх, — боязнь дакрануцца да святыні. Як адабраць пакрывала? Зірнуць на яго — і то лічылася злачынствам; яно было боскага паходжання і ад аднаго дакранання да яго — паміралі.
Людзі ўзлазілі на дахі, на тэрасы, на плечы коласаў, якія аздаблялі ўваход у гавань; на караблёвыя снасці. А Мато ўсё ішоў, між тым, і з кожным крокам яго ўзрастала ярасць натоўпа, але таксама ўзрастаў і страх перад ім. Вуліцы пусцелі пры яго набліжэнні, і бягучы паток быццам распырскваўся ў бакі, уздымаючыся наверх сцен і платоў. Мато бачыў усюды толькі шырока расплюшчаныя, гатовыя, здавалася, звесці яго вочы, сціснутыя кулакі, чуў адусюль скрыгатанне зубоў.
Раптам даўгая страла прасвісцела за ёй — другая[1] загрымелі кінутыя каменні; але, дрэнна накіраваныя (баяліся дакрануцца заімфа), яны праляталі над яго галавой. Ён ішоў усё хутчэй і хутчэй, паварочваючы ў адкрытыя вуліцы. Шмат якія з іх ужо былі перагароджаны працягнутымі вяроўкамі, калёсамі, пасткамі; ледзь ні пасля кожнага павароту Мато павінен быў вяртацца назад. Нарэшце ён ступіў на пляц Камона, дзе загінулі балеары; Мато спыніўся, збялеўшы, як паміраючы. На гэты раз гібель была немінучай; натоўп загадзя аплёдыраваў.
Ён падбег да велізарнай зачыненай брамы. Яна была вельмі высокая, цалкам з дубовай асяродкавіны, жалезнымі цвікамі і абабітая бронзай. Мато з ўсёй сілай кінуўся грудзмі на яе. Народ топаў нагамі ад радасці, бачачы яго бяссільную ярасць. Тады, зняўшы сандалю, ён плюнуў на яе і пачаў біць ёю нерухомыя палавіны брамы. Весь горад завыў ад ярасці. Цяпер на пакрывала забыліся: яны гатовы былі яго раздзёрці.
Мато агледзеў натоўп шырока расплюшчанымі затуманенымі вачыма. Віскі яго стучэлі да адурэння. Раптам ён заўважыў даўгі ланцуг, якім адчынялі браму. Адным скокам ён зачапіўся за яе, напружваючы рукі, упіраючыся нагамі і, нарэшце, велізарная брама расчынілася.
Вышаўшы ўзне, ён зняў з шыі велізарнае пакрывала і падняў як толькі было магчыма, над галавой. Тканіна, развіваючыся ад ветру з мора, зіхацела на сонцы ўсімі сваімі фарбамі, каштоўнымі каменнямі і ўвабражэннямі багоў. Мато пранёс яго так праз усю раўніну, да самых палатак салдат; а народ са сцен глядзеў, як адыходзіла ад яго шчасце Карфагена.
РАЗДЗЕЛ V
Ганон
Вельмі радасна віталі Мато, калі ён звярнуўся з пакрывалам багіні; нават воіны, якія не належылі да ханаанскай веры, і тыя па ахапіўшым іх няясным ўвадушаўленні адчулі, што ў іх з’явіўся гені-абаронца.
Спендзі, Нар-Гавас і Мато разаслалі ганцоў па ўсіх плямёнах пуніцкай вобласці, падуладнай Карфагену.
Карфаген знясільваў гэтыя народы. Ён выцягваў з іх празмерныя подаці; кайданы, сякера і крыж былі карай за спазненні, нават за нараканні; пераможаным народам прыходзілася вырабляць тое, у чым адчувала патрэбу рэспубліка, дастаўляць тое, што яна патрабавала; ніхто не меў права ўладаць зброяй; калі паселішчы паўставалі, жыхароў прадавалі ў няволю; кіраўнікі цаніліся па колькасці выцісканых імі з насельніцтва падаткаў. За вобласцямі, падначаленымі Карфагену, знаходзіліся землі саюзнікаў, якія былі абкладзены значна меншай подаццю, а далей за саюзнікамі бадзяліся вандроўнікі, якіх на выпадак патрэбы можна было на іх нацкаваць. Дзякуючы такому ладу, ураджаі кожны год былі збыткоўныя, каняводства вялося ўмела, плантацыі працвіталі.
Ганцы не паспелі выехаць, як агульная радасць ахапіла правінцыі. Не чакаючы нічыіх распараджэнняў, задушылі ў лазнях кіраўнічых гаспадаркамі і чыноўнікаў рэспублікі; з пячор павыцявалі схаваную там старую зброю; кавалі мечы з жалеза плугоў. Дзеці тачылі пікі на парогах хат, а жанчыны аддавалі свае каралі, пярсцёнкі, завушніцы і ўсё, што магло паслужыць для зруйнавання Карфагена. Кожны хацеў унесці сваю долю.
Звязкі пікаў, як снапы кукурузы, гурбамі ляжалі ў гарадах. У лагер наёмнікаў адсылалі жывёлу і грошы. Мато зараз-жа выплаціў наёмнікам рэшту іх пенсіі (так прыдумаў Спендзі) і быў абвешчан вышэйшым начальнікам варвараў — шалішымам.
У той-жа час прыбывала і дапамога людзьмі. Спачатку з’явіліся даўнейшыя жыхары краіны, пасля рабы з вёсак. Захапілі караваны неграў-нявольнікаў і ўзброілі іх. Бесперапынна праходзілі шматлікія атрады. З вышыні Акропаля відаць было, як войска варвараў расло.
Уціка і Гіпо-Зарыт адмовілі ім у саюзе. Як і Карфаген, гэта былі амаль незалежныя фінікійскія калоніі. Яны вельмі лічыліся з рэспублікай, іх моцнай сястрой-апякункай і не верылі, што натоўп варвараў здольны перамагчы Карфаген; наадварот, іх самых чакае поўнае знішчэнне. Таму абодва гарады жадалі заставацца ў баку і жыць, як і раней, спакойна і ціха.
Але яны займалі такое становішча, што абыйсціся без іх было немагчыма. Праз Уціку, якая змяшчалася ў глыбіні затокі, было вельмі выгодна падвозіць у Карфаген падмацаванні. Калі-б здалася адна толькі Уціка, Гіпо-Зарыт, які знаходзіўся ў шасці гадзінах дарогі далей па ўзбярэжжы, замяніў-бы яе. Пры іх садзейнічанні Карфаген рабіўся непераможным.
Спендзі даручылі аблогу Уцікі; Мато — Гіпо-Зарыту; трэці атрад, апіраючыся на Туніс, павінен быў заняць раўніну перад Карфагенам; узяўся за гэта Аўтарыт; Нар-Гавас-жа варочаўся да сябе ў Нумідыю, каб прывесці адтуль сланоў і конніцай, заняць усе дарогі.
Вялікае было здзіўленне Карфагена, калі войска, раптам, рушыла ў дарогу. Толькі частка засталася перад Тунісам, астатняя схавалася, каб зноў з’явіцца на час, ужо на другім беразе затокі, на ўскрайках лясоў, у глыбіні якіх яна знікала зусім.
Карфагеняне адчувалі, што іх становішча безнадзейнае.
Варвараў было ўсяго тысяч восемдзесят. Абодвум цірскім гарадам не ўстояць перад імі, і войска зноў пойдзе на Карфаген. Даволі значная армія ўжо аблажыла яго, заняўшы пярэсмык знізу; а хутка горад загіне ад голаду, бо Карфаген не мог жыць без падтрымання правінцыі.
Скарбніца была спустошана рымскай вайной і ўсім, што было растрачана і згублена, калі гандлявалі з варварамі. Карфаген адчуваў патрэбу ў салдатах, але ніводзін урад ужо не верыў яму. Апрача таго крадзеж пакрывала прыгнятаў дух. Спендзі меў рацыю.
Гэты народ, адчуваючы ўсеагульную нянавісць, яшчэ больш чапляўся за грошы і за сваіх багоў: любоў яго да бацькаўшчыны падтрымлівалася ў ім самым строем праўлення.
Перш за ўсё, улада залежала ад усіх, прычым ніхто не быў такім моцным, каб ёю аўладаць. Прыватныя даўгі лічыліся даўгамі грамадскімі. Займацца гандлём маглі толькі людзі ханаанскага племені. Павялічваючы даходы, здабытыя морскімі разбоямі, ліхвярствам, бязлітаснай эксплаатацыяй арэндатараў, рабоў і беднякоў, — іншы раз дабіваліся багацця. Толькі яно адкрывала шлях да ўлады; але хоць і грошы і ўлада спрадвеку заставаліся ў тых-жа радах, — астатнія цярпелі гэту алігархію, бо кожны спадзяваўся з часам прыняць у ёй удзел.
Таварыствы гандляроў, дзе складаліся законы, вызначалі загадчыкаў фінансамі, якія, скончыўшы тэрмін службы, абіралі са свайго асяроддзя сто членаў савета старэйшын, якія залежылі, у сваю чаргу, ад вялікага схода, што яднаў усіх багатых.
Што-ж да абодвух суфетаў, гэтага перажытку каралеўскай улады, дык іх назначалі ў адзін і той-жа дзень, з розных плямён. Іх заўсёды стараліся пасварыць, каб яны аслаблялі адзін аднаго. Яны не маглі вырашыць пытанняў вайны; а ў выпадку перамогі Вялікі Савет крыжаваў іх.
Такім чынам, уся моц Карфагена залежыла ад Сісітаў, — так называўся вялікі двор у сярэдзіне квартала Малкі. Будынкі складаліся з раду маленькіх пакоікаў, старанна адгароджаных адзін ад аднаго, каб усялякія гандлёвыя таварыствы, якія там збіраліся, маглі патаемна абмяркоўваць свае справы. Натоўпы багатых знаходзіліся там па цэлых днях, разважаючы і аб сваіх, і аб дзяржаўных клапотах, пачынаючы з пошукаў перца, аж да знішчэння Рыма. Тры разы ў месяц яны загадвалі выносіць свае ложы на высокую тэрасу, якая ішла вакол сцяны двара; і знізу бачылі іх узляжачымі за сталамі пад адкрытым небам, зняўшы плашчы і катурны; іх пакрытыя дыямэнтамі пальцы перабіралі мясныя стравы, а велізарныя завушніцы схіляліся паміж чашамі; — усе яны былі сільныя і тоўстыя, паўголыя, шчаслівыя; яны смяяліся і елі пад блакітным небам, як вялікія акулы, гуляючыя ў моры.
Але цяпер яны не маглі схаваць сваёй трывогі, надта блядыя былі іх твары; чакаўшы ў брамы натоўп праводзіў іх да палацаў, стараючыся даведацца пра што-небудзь новае; як у часе чумы, усе дамы былі замкнены, вуліцы то шпарка напаўняліся народам, то раптам, у момант пусцелі; людзі падымаліся да Акропаля, спяшаліся ў бок гавані; кожную ноч рабіў нарады Вялікі Савет. Нарэшце, народ склікалі на пляцы Камона; пастаноўлена было даручыць абарону Ганону, пераможцу пры Гекатампілі.
Гэта быў чалавек набожны, хітры, бязлітасны да ўраджэнцаў Афрыкі, — сапраўдны карфагенянін. Даходы яго былі роўныя даходам Баркі. Больш ніхто нё ўладаў такім вопытам у справах кіравання.
Ён аддаў загад завербаваць усіх здаровых грамадзян, ён расставіў катапульты на вежах, запатрабаваў непамерных запасаў зброі і распарадзіўся нават пабудаваць чатырнаццаць галер, у якіх не было ніякай патрэбы, а галоўнае — патрабаваў, каб усяму вёўся дакладны, падрабязны і старанна напісаны запіс.
Ад празмернага страху ўсе зрабіліся надзвычай адважнымі. Багацеі, з першымі пеўнямі, выстройваліся ўздоўж Мапала; падткнуўшы сваю даўгую вопратку, вучыліся, як абыходзіцца з пікай. Але, з прычыны недахвату кіраўнікоў, паміж імі разгараліся гарачыя спрэчкі пры кожным прыёме; часта задыхаючыся, яны садзіліся на могільныя пліты, потым, адпачнуўшы, пачыналі зноў. Многія нават прадпісвалі сабе асаблівы распарадак жыцця. Адны аб’ядналіся, думаючы, што трэба толькі больш есці, каб павялічыліся сілы, іншыя, пакутуючы ад уласнай тлустасці, каб схудзець, тамілі сябе пастамі.
Уціка некалькі разоў ужо патрабавала дапамогі ад Карфагена. Але пакуль каля баявых машын заставаўся хоць адзін непрыгнаны шрубік, Ганон не хацеў выступаць. Ён патраціў яшчэ тры лішніх месяцы на знараджэнне ста дваццаці сланоў.
Войска Аўтарыта ўвесь час заставалася перад Тунісам. Яно хавалася за валам з азёрнага глею, які абараняўся наваленым зверху калючым хмызняком. Негры паставілі ўсюды на даўгіх шостах страшныя фігуры, чалавечыя маскі, зробленыя з рознакаляровых пер’яў, галовы шакалаў і гадзюк, якія разяўлялі пашчы на ворагаў, каб іх напалохаць, і, лічачы, што цяпер яны ўжо зусім непераможныя, варвары скакалі, дужаліся, спаборнічалі ў поўнай упэўненасці, што Карфаген вельмі хутка загіне. Усялякі другі на месцы Ганона, лёгка разграміў-бы гэты натоўп, абцяжараны статкамі і жанчынамі; да таго-ж яны былі зусім няздольны ні да якіх манеўраў, і паўшы духам Аўтарыт махнуў на іх рукой.
У гэты час Мато вёў аблогу Гіпо-Зарыта.
Але горад быў абаронены возерам, якое злучалася з морам. Ён быў акружаны патройнай агарожай, а па бліжэйшых узвышшах цягнулася сцяна, умацаваная вежамі. Ніколі яшчэ Мато не кіраваў падобным прадпрыемствам. А затым думка аб Саламбо праследвала яго. Ён часта загадваў трубіць наступленне і, ніколі не чакаючы кідаўся на вадападзел, які спрабавалі пабудаваць на возеры. Ён зрываў каменні рукамі, пераварочваючы, збіваючы і ўсякаючыся ўсюды мечам. Варвары ўперамежку кідаліся за ім; з гучным трэскам падломліваліся лесвіцы і людзі купай падалі ў ваду, якая бруднымі пырскамі расплёсквалася на сцены; трывога на час заціхала, салдаты адступалі, каб пасля зноў узяцца за тое-ж самае.
Мато ішоў і садзіўся ў баку ад палатак, абціраў рукой твар, запырсканы крывёю і, павярнуўшыся да Карфагена, падаўгу глядзеў удалеч.
Ён цяжка ўздыхаў. Клаўся ніцма; учапляўся пазногцямі ў зямлю і плакаў; адчуваў сябе нешчаслівым, нікчэмным, закінутым. Ніколі Саламбо не будзе яго. Ён нават горадам аўладаць не можа.
Іншы раз сярод ночы, тамлючыся нудой, ён зрываўся раптам з месца; пераступіўшы праз салдатаў, якія спалі захінуўшыся ў плашчы, ускокваў на каня і гадзіны праз дзве быў ужо ва Уціцы, у палатцы Спендзі.
Спачатку ён гаварыў пра аблогу; але ён прыходзіў толькі затым, каб рассеяць свой смутак і аслабіць свой боль гутаркамі аб Саламбо; — Спендзі яго супакойваў, раючы быць разважным.
Спендзі будаваў супроць Уцікі даўгую чатырохкутную пляцоўку. Але па меры таго, як яна ўзнімалася, вырасталі таксама і ўмацаванні ў гарадах. Спендзі шанаваў сваіх салдатаў і абмяркоўваў новыя хітрыкі, стараючыся прыпомніць усе тыя лоўкія ваенныя прыёмы, пра якія ён чуў у часе яго доўгіх бадзянняў.
Але чаму не варочаўся Нар-Гавас? Усе гэтым вельмі трывожыліся.
Ганон скончыў сваю падрыхтоўку. У цёмную ноч ён на плытах пераправіў сланоў і салдатаў праз Карфагенскую затоку. Абышоўшы бокам войска Аўтарыта, ён падышоў да лагера Спендзі перад Уцікай. Варвары спалі яшчэ ў палатках, калі раптам з-за ўзгоркаў паказалася карфагенскае войска.
Гвардыя легіёнераў у залатых лускаватых панцырах складала першую лінію; ззаду рухаліся даўгія пікі цяжкай пяхоты. Усе гэтыя гандляры панавешвалі на сябе, колькі было магчыма, зброі; былі сярод іх такія, што неслі і піку, і сякеру, і паліцу і яшчэ па два мечы за раз; іншыя, як іглакі, ашчацініліся дроцікамі, а рукі іх не зыходзіліся над панцырам з раговых пласцінак ці жалезнай бляхі.
Карфагеняне так нязграбна перасоўваліся, што варвары насміхаліся над імі, прапануючы ім прысесці і адпачыць. Салдаты крычалі, што выпатрашаць ім хутка іх тоўстае бруха, сатруць пазалоту з іх скуры і напояць жалезам.
На верхавіне мачты, якая знаходзілася перад палаткай Спендзія, паказалася палоска зялёнай тканіны: гэта быў сігнал. Карфагенскае войска адказала аглушлівым рэвам труб, кімбалаў, флейт з аслінай косці і гусляў.
Войскі змяшаліся.
Колючы канцамі пік морды коням, грэкі перакінулі іх на седакоў. Варвары ўварваліся ў рады пяхоты і скамячылі іх; секлі з пляча, спатыкаючыся аб целы забітых і паміраючых, аслепленыя пырскаўшай іх у твар крывёю. Купа пік, касак, панцыроў, мечаў і сплеценых цел круцілася на месцы і, гнуткімі рухамі, то рассоўвалася, то сціскалася цясней. Карфагенскія кагорты ўсё больш і больш радзелі. Насілкі суфета, якія з самага пачатку бою калыхаліся сярод воінаў, як карабель на хвалях, раптам зніклі, быццам праваліліся ў бяздонне.
Варвары засталіся адны.
Пыл навокал іх пачаў рассейвацца, яны ўжо пачалі спяваць песню перамогі, калі сам Ганон з’явіўся перад імі на спіне слана. Ён трэс велізарнай пікай з расшыраным канцом, які быў падобны да пялёсткі лотаса і блішчэў, як люстра. І ў тую-ж хвіліну зямля скалыхнулася; варвары ўбачылі, як на іх накіраваліся, выцягнуўшыся ў адзін доўгі рад, усе сланы Карфагена, з пазалочанымі клыкамі, афарбаванымі сіняй фарбай вушамі, у панцырах з бронзы; яны трэслі ўмацаванымі зверху папон скуранымі вежамі, дзе сядзелі лучнікі па трох у кожнай, трымаючы велізарны нацягнуты лук.
Салдаты ледзь маглі трымаць зброю ў руках: яны абы-як пастроіліся. Іх ахапіў жах; яны замерлі ў нерашучасці.
З вежаў у іх ужо ляцелі пікі, стрэлы, вогненыя знарады, кавалкі свінца. Сланы несліся скрозь фалангі, як вяпрукі праз травяныя зараснікі, хобатамі вырывалі калы і падпоркі, прабеглі ўвесь лагер з канца ў канец, пераварочваючы грудзямі палаткі; варвары ўсе як адзін разбегліся. Яны схаваліся на ўзгорках, што абкружалі даліну, па якой прышлі карфагеняне.
Ганон-пераможца з’явіўся перад брамай Уцікі. Ён загадаў трубіць у рог. Тры суддзі горада паказаліся на вежы паміж зубцамі байніц.
Але жыхары Уцікі зусім не хацелі прымаць у сябе так добра ўзброеных гасцей. Ганон абурыўся. Нарэшце яны згадзіліся прыняць яго з маленькім атрадам.
Вуліцы былі вельмі вузкімі для сланоў. Прышлося пакінуць іх знадворку.
Ледзь суфет апынуўся ў горадзе, прадстаўнікі ўлады з’явіліся з прывітаннямі. Ён загадаў адвесці сябе ў лазню і патрабаваў сваіх кухароў.
Тры гадзіны счакаўшы, ён яшчэ сядзеў у ванне з цынамонавага масла і, купаючыся, еў у той-жа час на разасланай перад ім бычынай скуры. Але клопаты аб целе не маглі адцягнуць яго ад інтарэсаў да грамадскіх спраў: ён дыктаваў лісты Вялікаму Савету і прыдумваў самыя страшныя катаванні для захопленых палоннікаў.
Раптам страшэнныя крыкі, хрыплыя і ў той-жа час прарэзлівыя, данесліся ў залю, заглушаючы голас Ганона і звон посуда, які расстаўлялся вакол яго. Шум падвоіўся, загрымеў шалёны рэў сланоў, быццам бойка зноў пачыналася. Увесь горад быў ахоплен вялікай трывогай.
Карфагеняне і не падумалі праследваць варвараў. Яны размясціліся пад гарадскімі сценамі, з усімі пажыткамі, слугамі, з усёй раскошаю, як належыць сатрапам; яны асалоджваліся ў сваіх прыгожых палатках, абшытых перламі, у той час, як лягер наёмнікаў станавіў сабой толькі купу руін. У Спендзія ўзнялася бадзёрасць. Ён адправіў Зарксаса да Мато, абышоў гаі, сабраў людзей (страты былі нязначныя), — і абураныя перамогай без бою варвары зноў згуртавалі свае рады. Тут-жа на полі бітвы быў знайдзены чан з нафтай, забыты, як відаць, карфагенянамі. Тады Спендзі загадаў узяць усіх свіней з бліжэйшых памесцяў, абмазаў іх нафтай, запаліў і пагнаў на Уціку.
Перапалоханыя гэтым полымем, сланы пабеглі. Мясцовасць тут стромка ўзнімалася. Воіны пачалі кідаць у іх дроцікі, — яны павярнулі назад, на лагер спакойна баляваўшых карфагенян; і страшнымі ўдарамі клыкоў сланы разрывалі саміх-жа салдатаў, душылі і расплюшчвалі іх пад нагамі. За імі спускаліся з узгоркаў атрады варвараў. Пунічны лагер, неабаронены нават акопамі, быў знішчаны з першага націску, і карфагеняне апынуліся прыціснутымі да гарадской брамы, бо гараджане не хацелі адчыняць яе са страху перад наёмнікамі.
Дзень наступаў; з захаду падышла пяхота Мато. Адначасова паказаліся коннікі — гэта быў Нар-Гавас са сваімі нумідзійцамі. Пераскокваючы праз равы і зараснікі хмызнякоў, яны гналіся за ўцекачамі, як харты за зайцамі.
Спакой суфета быў парушаны ў час ядзення іменна гэтай зменай ваеннага шчасця.
Калі надышоў вечар, Ганон з усёй сваёй аховай знік з горада і паехаў у горы, каб нагнаць сваё войска.
Ён знайшоў толькі мізэрныя рэшткі.
Ганон так стаміўся і так упаў у роспач, — асабліва прыгнечвала яго страта сланёў, — што пачаў прасіць атруты, каб скончыць самагубствам. Апрача таго ён ужо загадзя адчуваў, як яго крыжуюць.
Але Карфаген нават меў сілы абурыцца супроць яго. Усе былі прыдушаны незлічонымі стратамі — людзьмі, харчаваннем, грашыма, — гібеллю восемнаццаці сланоў і ўсіх баявых машын. Затым несумненнай зрабілася здрада Нар-Гаваса; аблога абодвух гарадоў аднавілася. Войска Аўтарыта расцягнулася цяпер ад Туніса да Радэса. З вышыні Акропаля відаць былі палосы дыму на гарызонце, якія ўзнімаліся да неба: гэта гарэлі палацы ў памесцях багатых.
Адзін толькі чалавек мог выратаваць рэспубліку.
Цяпер усе каяліся, што мала цанілі яго, і нават ворагі пачалі прыносіць ахвяры багам, просячы аб звароце Гамількара.
РАЗДЗЕЛ VІ
Гамількар Барка
Звястун месяца, які ўсё ночы праводзіў на вышцы храма Эшмуна і трубнымі гукамі абвяшчаў аб руху свяціла, заўважыў аднойчы раніцай на захадзе нешта падобнае да птушкі; яно нібы ляцела над морам, закранаючы даўгімі крыламі яго паверню.
Гэта быў карабель з трыма радамі вёслаў; перад яго быў аздоблены разной фігурай каня з галавой са сланёвай касці; высока ўскінуўшы пярэднія ногі, ён, здавалася, ляцеў па раўніне мора. Сонца ўзыходзіла; звястун месяца, засланяючы вочы рукой, угледзіўся; потым схапіў абодвума рукамі трубу, — і па ўсім Карфагене разнёсся гучны крык бронзы.
З дамоў павыбеглі людзі; ніхто не хацеў верыць весткам, пачаліся спрэчкі; мол быў пакрыты натоўпам. Нарэшце, пазналі трырэму Гамількара.
Побач са стырнікам стаяў чалавек з непакрытай галавой; гэта быў ён, суфет Гамількар. Ён насіў вакол паясніцы броню з бліскучых жалезных пласцінак; чырвоны плашч, накінуты на плечы, адкрываў яго рукі; два вельмі даўгія перлы віселі ў вушах, і ён апусціў на грудзі сваю чорную курчавую бараду.
Галера, калыхаючыся сярод скал, паплыла ўздоўж самага мола, натоўп бег за ёй побач, па каменнай кладцы і крычаў:
— Прывітанне табе! Будзь благаслаўлёны! Выратуй нас, Ока Камона! Ва ўсім вінаваты багатыя. Яны хочуць цябе змярцвіць. Сцеражыся, Барка!
Ваенны порт, куды ўвайшла трырэма Гамількара, быў зусім аддзелены ад гораду. Велізарны басэйн, круглы як чаша, быў абкружаны надбярэжжам, на якім былі пабудаваны павеці для караблёў. Перад кожным з іх стаялі дзве калюмны з рагамі Амона на капітэлях; такім чынам, увесь басейн быў абкружаны радам порцікаў.
Пасярэдзіне, на востраўку, стаяў дом для морскага суфета.
Ніхто, апрача яго, не мог увайсці ў адміральскі дом. Пакуль не было несумненных доказаў яго смерці, усё заставалася так, як калі-б ён яшчэ жыў. Старэйшыны, такім чынам, збаўляліся ад лішняй улады; у адносінах да Гамількара яны таксама не адсупалі ад старога звычаю.
Увесь дзень прабыў Гамількар у сваім доме. Ад сваіх прыхільнікаў, наведваўшых яго, ён даведаўся аб усім, што здарылася за час яго адсутнасці: аб скупасці старэйшын і разрыве з наёмнікамі, аб крадзежы заімфа, аб тым, як захапілі Гіскона, і, нарэшце, аб перамозе Ганона перад брамою Уцікі; але ніхто не адважыўся сказаць яму аб тым, што датычыла яго самога, аб балі і буянстве наёмнікаў.
Позна ўвечары ён вышаў адзін, пехатою і без дружыны, накіроўваючыся на сход старэйшын у храм Малоха. Сходы старэйшын, калі яны склікаліся пры незвычайных абставінах, заўсёды былі сакрэтнымі, і на іх збіраліся, акружаючы сябе велізарнай таямнічасцю.
Храм Малаха быў пабудаваны ў змрочнай мясцовасці, у глыбіні стромкай цясніны. Знізу былі відаць толькі бясконца высокія сцены, быццам сцены сумнага надгробка.
На каменных плітах, якімі быў выбрукаваны двор храма, нібы сфінксы сядзелі велізарныя ільвы, — жывыя сімвалы ўсепажыраючага сонца. Яны драмалі, паўзаплюшчыўшы вочы. Але абуджаныя шумам крокаў і галасамі, яны ляніва ўставалі, падыходзілі да старэйшын, пазнаўшы іх па вопратцы, і церліся аб іх ногі, выгінаючы спіны і гучна пазяхаючы; пры святле факелаў быў відаць пар іх дыхання.
Старэйшыны сустракаліся, абнімаліся і прыціскалі адзін аднаго да грудзей. Яны абкружылі Гамількара, вітаючы яго; можна было прыняць іх за братоў, якія сустрэліся пасля доўгага развітання.
Амаль усе гэтыя людзі былі прысадзістыя, з гарбатымі насамі, як у асірыйскіх коласаў. У некаторых, між іншым, выпукленыя скулы, высокі стан, больш вузкая нага выкрывалі афрыканскае паходжанне, ад продкаў-вандроўнікаў. Тыя, што бязвыхадна сядзелі ў глыбіні сваіх кантор, мелі блядыя твары; іншыя быццам захавалі на сабе суровасць пустыні, і дзіўныя каштоўнасці паблісквалі на ўсіх пальцах іх рук, апаленых сонцам невядомых краін. Маракоў лёгка было пазнаць па раскачвальнай хадзе, тады як земляробы ўносілі з сабою пах вінаграднага прэсу, сена і поту ўючнай жывёлы. Гэтыя старыя піраты выраблялі цяпер палі, былыя мянялы і ліхвяры знараджалі караблі, а ўладары памесцяў трымалі рабоў, былі вельмі хітрыя, бязлітасныя і багатыя. Яны здаваліся стомленымі доўгімі клопатамі. Недаверліва глядзелі іх вочы, поўныя агня; прывычка да падарожжаў і падманаў, да гандля і ўлады надавала ім выгляд крывадушнасці і лютасці і нейкай асцярожнай і сударагавай грубасці.
Амаль скрозь пакрыты рознымі кветкамі, васмісвечны залаты кандылябр гарэў на апошняй з даўгіх сходак лесвіцы, якія вялі да вялікага ахвярніка з рагамі з бронзы па вуглах. У глыбіні залі, пад кандылябрамі і на шмат вышэй ахвярніка, стаяў Малох, цалкам з жалеза, з чалавечымі грудзямі, у якіх ззялі адтуліны. Раскрытыя крылы яго прасцерліся па сцяне, выцягнутыя рукі апускаліся да самай падлогі; тры чорных камяні ў жоўтым колцы на лобе азначалі тры зрэнкі; і быццам рыхтуючыся замычэць, ён страшэннай намогай падняў уверх сваю велізарную бычыную галаву.
Заля была такая высокая, што чырвоныя сцены здаваліся чорнымі ля скляпення і тры вока ідала віднеліся зусім высока, як зоркі, што губляюцца ў цемры начы.
Старэйшыны селі на лаўкі, што змяшчаліся вакол сцен, і пакрылі галовы поламі сваіх вопратак.
Пасярэдзіне залі, спіной адзін да аднаго, сядзелі чатыры жрацы галоўных бостваў Карфагена на чатырох сядзеннях са слановай касці размешчаных накрыжак. Вярхоўны жрэц Эшмуна быў у зялёнай вопратцы, жрэц Таніты — у вопратцы з белага ільну, Камона — з бурай воўны і Малоха — барвянай.
Усе ўсталі. Пачуўся прарэзлівы голас, другі падхапіў яго, услед за тым сто старэйшын і чатыры жрацы, разам з Гамількарам, у адзін голас заспявалі свяшчэнны гімн; паўтараючы адны і тыя-ж склады, усё з большай сілай, іх галасы раслі, грымелі, зрабіліся страшнымі, і раптам пяянне адразу абарвалася.
Прайшло некалькі часу ў чаканні, потым усе, быццам ахопленыя раптоўным гневам, пачалі крычаць:
— Гэта-ж твае прыяцелі, гэтыя варвары! Здраднік! Падлюга! Ты вярнуўся глядзець на нашу пагібель, ці-ж не праўда?
— Дайце яму гаварыць!
— Не! не!
Як не жадалі яны звароту Гамількара, але цяпер яны былі вельмі злосныя на яго за тое, што ён не адхіліў бяды, якая засцігла іх, ці, правільней, што ён разам з імі не перацярпеў гэтай бяды.
Калі сціхла крыху хваляванне, жрэц Малоха падняўся.
— Мы хочам ведаць, чаму ты не вярнуўся ў Карфаген раней?
— Што вам да гэтага? — з пагардай адказаў суфет.
Іх крыкі падвоіліся.
— У чым вы вінаваціце мяне? Ці, можа, я дрэнна вёў вайну? Вы мелі ў руках звесткі аб усіх маіх бітвах, вы, якія дапусцілі варвараў зусім спакойна…
— Даволі! Даволі!
Тады Гамількар загаварыў зусім ціха, каб прымусіць сябе лепш слухаць.
— О так, гэта праўда. Я памыліўся, светачы ваалаў, — і сярод вас ёсць адважныя. Гіскон, устань! — І прыжмурыўшы вочы, ён углядаўся ў рады сядзеўшых, быццам адшукваючы кагосці.
— Устань-жа, Гіскон. Ты можаш мяне абвінаваціць, а яны падтрымаюць цябе. Дзе-ж ён? — Старэйшыны ў вялікім непакоі пачалі рухацца, паціскаючы плячыма, быццам іх сцябалі бізунамі.
— Скажыце-ж мне, дзе Гіскон… Вы не ведаеце нават, ці жывы ён, ці мёртвы.
І не звяртаючы ўвагі на іх крыкі, ён пачаў гаварыць, што, пакінуўшы суфета, яны прадалі тым і рэспубліку.
Нехта заапладыраваў — найменш багатыя з членаў савета, якіх падазравалі ў тым, што яны заўсёды схіляліся на бок народа ці тыраніі. Праціўнікі іх, верхаводы Сісітаў і кіраўнікі гораду,
складалі большасць; тыя, хто меў самы вялікі ўплыў, сталі побач з Ганонам, які сядзеў у другім канцы залі, каля дзвярэй.
Ён замазаў румянамі язвы на твары. Рукі былі абверчаны павязкамі, прасякнутымі наскрозь тлустымі пахнючасцямі, якія капалі на пліты падлогі, хвароба яго, як відаць, прогрэсавала: вочы зніклі пад апухлымі павекамі; ён павінен быў закідваць галаву, каб бачыць. Ён загаварыў хрыплявым і вельмі няпрыемным голасам.
— Менш ганарыстасці, Барка. Усе мы бывалі разбітымі. Кожнаму прыходзіцца несці сваё гора. Скарыся і ты.
Гамількар працягваў:
— Калі-б вы любілі мяне хоць так, як яго, Карфаген быў-бы цяпер ахоплены вялікай радасцю. Колькі разоў я рабіў заклік да вас, а вы мне заўсёды адмаўлялі ў грошах.
— Нам яны патрэбны самім, — адказалі верхаводы Сісітаў.
— А калі маё становішча было роспачным, — мы ў той час пілі мачу аслюкоў і з’елі пасы ад сандаляў, — калі я хацеў, каб усе травінкі ў палях абярнуліся ў салдатаў і гатовы быў складаць атрады з гнілі нашых забітых, — вы адазвалі да сябе апошнія мае караблі.
— Мы не можам усім рызыкаваць — адказваў Ваал-Ваал, уладар залатых руднікоў у Гетулі.
— А што вы рабілі тут, у Карфагене, у вашых дамах, за вашымі сценамі? Вы павінны зрабіцца разумнейшымі, і трымаць усіх пад страхам. І калі Афрыка, уся цалкам, скідвае ваша ярмо, — значыць вы не ўмееце, — вы, кіраўнікі кволыя, — надзець яго зноў ёй на шыю. І калі лібійцы з усходу згаворацца з нумідзійцамі на захадзе, калі вандроўнікі з’явяцца з поўдню, а рымляне з поўначы…
Пачуліся крыкі агульнага жаху.
— О, тады, вы пачнеце біць сябе ў грудзі, валяцца ў пылу, рваць на сябе вопраткі. Дарэмна, — вам усё-ж прыдзецца скарыцца і пайсці круціць жорны ў Сабуры, ці знімаць вінаград на горах Лацыума.
Старэйшыя ўдарылі сябе па правай ляшцы ў знак нязгоды, і рукавы іх вопраткі ўзняліся, як велізарныя крылы спалоханых птушак. Ахоплены бадзёрым настроем, Гамількар працягваў гаварыць, стоячы на верхняй сходцы афярнікі, дрыжачы, страшны; ён падняў рукі, і прамяні кандэлябра, гарэўшага ззаду, праходзілі ў яго паміж пальцамі, як залатыя пікі.
— Вы страціце свае караблі і памесці, застанецеся без вашых вісячых пасцеляй, без рабоў, якія расціраюць вам ногі. Шакалы палягуць у вашых палацах, плуг пераверне пліты надгробкаў на магілах. Ад вас нічога не застанецца, толькі клёкат арлоў будзе чутны над грудай руін на месцы быўшага горада… Ты загінеш, Карфаген…
Жрацы, усе чацвёра, працягнулі рукі, адхіляючы пракляцце. Усе ўскочылі з месц, гатовыя кінуцца на Гамількара. Але морскі суфет, — свяшчэнная пасада, якая знаходзілася пад апекай Сонца, — быў недатычным, пакуль яго не асудзіў сход багатых. І ўсе адступілі перад ім.
Старэйшыны пачалі радзіцца. Іх інтарэсам, іх існаванню пагражалі варвары. Але без дапамогі суфета яны не маглі з імі справіцца. Гамількар не хацеў умешвацца ні ў якія справы кіравання. Яны пачалі ўпрошваць, умольваць і так як ў прамовах іх некалькі разоў паўтарылася слова здрадніцтва, ён прышоў у шаленства. Адзіным здраднікам, па яго словах, быў сам Вялікі Савет, бо з вайной канчаліся абавязацельствы воінаў; яны былі вольнымі, як толькі вайна спынілася; ён нават хваліў іх адважнасць і гаварыў пра тыя выгоды, якія можна было ад іх атрымаць, калі прывабіць іх да рэспублікі падарункамі і ўсякімі ільготамі.
Тады Магдасан, адзін з самых старэйшых кіраўнікоў правінцыі, загаварыў, паблісківаючы жоўтымі вачыма:
— Відаць, Барка, ад доўгіх вандраванняў, ты зрабіўся грэкам, або рымлянінам, — не ведаю ўжо кім. Што ты нам гаворыш, — аб якіх нагародах для гэтых людзей? Хай лепш варвары гінуць дзесяткамі тысяч, чым нам страціць аднаго з сваіх.
Старэйшыны ківалі галавой у знак згоды; пачулася гутарка:
— Безумоўна, ці варта нам сцясняцца, — заўсёды іх можна набраць, колькі патрэбна.
— Ад іх вельмі лёгка пазбавіцца, ці-ж не праўда? Іх кідаюць у хвіліну небяспекі, як зрабілі вы ў Сардыніі… Паведамляюць непрыяцеля, які шлях яны абяруць, як вы зрабілі з галамі ў Сіцыліі, ці проста высаджваюць сярод адкрытага мора. Звяртаючыся сюды, я бачыў скалу, якая пабялела ад іх касцей.
— Вось дык няшчасце, — бессаромна заўважыў адзін.
— Не прадаваліся яны, ці што, сотні разоў ворагу? — выкрывалі другія.
Гамількар зноў з вялікім запалам пачаў гаварыць.
— Дык навошта-ж вы, насуперакі вашым звычаям, далі звярнуцца ім зноў у Карфаген? І трымалі тут, у вашым горадзе, бедных і шматлікіх, сярод усёй вашай раскошы? Ці вы разлічвалі, што яны самі сябе перарэжуць і пазбавяць вас тым ад сумных абавязкаў — выканаць свае абяцанні? Вы ненавідзіце іх за тое, што яны сільныя. А мяне, правадыра іх, вы ненавідзіце яшчэ мацней. О так, — я адчуў гэта зараз, калі вы мне цалавалі рукі, і ледзь стрымліваліся, каб не скусаць іх.
Калі-б ільвы, якія спяць на двары, рэвам уварваліся ў храм, шум, падняты імі, не мог-бы быць страшней. Тады падняўся вярхоўны жрэц Эшмун і, звяртаючыся да Гамількара, сказаў:
— Барка, Карфаген хоча, каб ты прыняў начальства над усімі пунічнымі сіламі супроць наёмнікаў.
— Я адмаўляюся, — адказаў Гамількар.
— Мы дамо табе неабмежаваную ўладу, — закрычалі верхаводнікі Сісітаў.
— Не!
— Без усякага кантроля, табе аднаму непадзельна, грошай колькі захочаш, усіх палонных і ўсю здабычу, пяцьдзесят еарэтаў зямлі за кожны труп ворага.
— Не, не, з вамі перамагчы немагчыма.
— Ён іх, мабыць, баіцца…
— Таму што вы подлыя, скарэдныя, няўдзячныя, баязлівыя, і да таго-ж бязмозгія.
— Ён іх шануе!
— Каб стаць на чале іх! — сказаў нехта.
— І напасці на нас з імі, — сказаў другі.
А з глыбіні залі Ганон пракрычаў:
— Ён хоча зрабіцца каралём!
І ўсе паўскоквалі, перакідваючы сядзенні і факелы; натоўпам кінуліся да афярніка, размахваючы кінжаламі. Але Гамількар выцягнуў з-пад рукава два шырокіх корціка; нахіліўшыся і выставіўшы левую нагу ўперад, пабліскваючы вачыма, сціснуўшы зубы, ён з выклікам глядзеў на іх, нерухомы, пад залатым кандэлябрам.
І паступова, павярнуўшыся спіною да суфета, старэйшыны спусціліся са сходак, ашалелыя ад сваёй няўдачы і нізасці, — яны ў другі раз адступілі перад ім.
Раніца настала і сонца ўзышло. Але факелы, раскіданыя па падлозе, яшчэ не згаслі, а гарэлі, крывавымі плямамі расцілаліся па перламутравых плітах, якімі была выкладзена падлога храма.
Разыходзячыся па дамах, старэйшыны, у выглядзе развітальнага прывітання, абсыпалі Гамількара пагрозамі і ён адказваў ім тым-жа.
— Да наступнай ночы, Барка, — у храме Эшмуна!
— Я буду там.
— Мы асудзілі цябе з дапамагай багатых!
— А я вас разам з народам!
— Беражыся, — каб не прышлося табе скончыць дні на крыжы.
— А вы глядзіце, каб вас не раздзёрлі на вуліцах.
Але ледзь пераступіўшы парог храма, усе зараз-жа прынялі мірны і лагодны выгляд.
∗
∗ ∗ |
Сонца стаяла высока, калі калясніца Гамількара, грукочачы, пад’ехала да брамы маёнтка Мегары.
Усе слугі выбеглі насустрач гаспадару. Іх было вельмі многа; са страху перад наёмнікамі, у Карфаген прывялі назад усіх, хто працаваў ў памесцях за горадам. Земляробы, апранутыя ў звярыныя скуры, цягнулі ланцугі, прыкаваныя да калодак; у рабочых з майстэрань, якія выраблялі пурпуровую фарбу, былі цёмна-чырвоныя рукі, як у катаў; маракі насілі зялёныя каўпакі; рыбакі — пацеркі з каралаў; паляўнічыя — сетку, перакінутую цераз плячо, а людзі Мегары — белыя ці чорныя тунікі, скураныя штаны, і саламяныя, лямцавыя ці палатняныя шапачкі, — гледзячы па пасадзе ці рамястау, якое яны выконвалі.
Усе кінуліся перад ім на землю ніцма і крычалі:
— Вока Ваала, хай працвітае твой дом!
Наглядальнікі ў галаўных убраннях, як у сфінксаў, з даўгімі палкамі ў руках, разганялі натоўп.
Гамількар прайшоў праз адчыненыя перад ім дзверы складаў, — у велізарную круглую залю, дзе зыходзіліся, як шпіцы колаў, даўгія праходы, што вялі ў іншыя памяшканні.
Каменны круг з краткамі, які падтрымліваў наваленыя на дываны падушкі, стаяў пасярэдзіне.
Суфет пачаў шпарка хадзіць вялікімі крокамі ўзад і ўперад. Ён шумна дыхаў, топаў нагой аб зямлю і праводзіў рукой па ілбу, быццам адганяючы надакучлівых мух. Але нарэшце, трасянуўшы галавой і заўважыўшы купы сваіх багаццяў, ён супакоіўся; выгляд знікаючых у глыбіні праходаў напомніў яму другія залі, поўныя яшчэ больш рэдкіх багаццяў. Пласцінкі бронзы, зліткі срэбра і палосы жалеза чаргаваліся з кавалкамі волава, якія былі прывезены з Касітэрыдаў па Змрочным моры; розныя смолы з краіны чорных людзей выступалі з мяшкоў з пальмавай кары; і залаты пясок, набіты ў бурдзюкі, непрыкметна рассыпаўся праз старыя швы. Тоненькія жмуткі морскіх траў віселі паміж ільном з Егіпта, з Грэцыі, Тапробаны і Іудэі; каралы, быццам развесістыя кусты, шчацініліся каля асноваў сцен; невыразны пах насіўся ў паветры; выпарэнні пахнючасцей, скур і стравусавых пер’яў, звязаных вялікімі букетамі і падвешаных каля самага скляпення. Перад кожным праходам, утвараючы арку над дзвярыма стаялі ля касякоў слановыя клыкі, якія былі злучаны ўверсе канцамі.
Гамількар падняўся на каменны круг. Навокал стаялі, са складзенымі крыжамі і з апушчанымі рукамі, усе яго кіраўнічыя, і толькі Абдолонім, старэйшы дамакіраўнік, з пагардным выглядам падняў сваю востракутную мітру.
Гамількар пачаў распытваць начальніка караблёў. Гэта быў стары марак з вывернутымі ад заўсёдашняга знаходжання пад ветрам павекамі; белае клочча яго барады спускалася да самых кален, як быццам бура навекі пакінула на барадзе яго мокрую пену.
Ён адказаў, што пасланыя ім караблі падняліся па рэчках скіфаў, прабраліся да юграў, эстаў у Колхіду, скралі ў Архіпелага 1500 дзяўчат і патапілі ўсе чужаземныя караблі, якія пераплылі за мыс Эстрымона, каб заставалася сукрытай таямніца шляхоў. Знізіўшы голас, стары марак паведаміў, што ў Рузыкадзе адну з трырэн захапілі нумідзійцы.
— Бо яны таксама на іх баку, гаспадар.
Гамількар насупіў бровы; пасля знакам загадаў гаварыць начальніку караванаў, у даўгой карычневай вопратцы без пояса.
Караваны, як заўсёды, выступалі ў зімовыя роўныя дні. Але з тысячы пяцьсот чалавек, якія накіраваліся ў глыбіню Эфіопіі, з лепшымі вярблюдамі, з новымі мяхамі для вады і з вялікім запасам каляровых тканін, — толькі адзін звярнуўся ў Карфаген, — астатнія загінулі ад стомленасці ці павар’яцелі перад жахам пустыні. Караваны з Індыі вярнуліся з павамі і перцам і новымі тканінамі. З Гетулі і з Фецана прывезлі звычайную здабычу; але цяпер ён ужо не адважыўся адпраўляць новых караванаў.
Гамількар зразумеў — наёмнікі занялі ўсе адлегласці навокал Карфагена. Ён глуха ўздыхнуў і абапёрся на другі локаць, а выступіўшы ўперад кіраўнічы ўсімі памесцямі ўвесь дрыжэў перад ім, баючыся гаварыць, не гледзячы на свае шырокія плечы і вялікія, налітыя крывёю вочы. На яго курносы, як у дога, твар была накінута сетка з палосак кары; за поясам з нявырабленай леапардавай шкуры блішчэлі два корціка.
Калі Гамількар павярнуўся да яго, ён гучнымі крокамі пачаў заклікаць ваалаў. Гэта была не яго віна. Ён нічога не мог зрабіць. Ён лічыўся з надвор’ем, выбіраў здатныя землі, узгадняючыся са становішчам зорак, зрабіў пасадку ў зімовы сонцастой, загадаў палоць і падрэзваць, калі месяц быў на ўбылі, сачыў за рабамі і пільнаваў іх вопраткі.
Гамількара раздражняла гэтая доўгая прамова. Ён ляснуў языком, і чалавек з корцікамі пачаў гаварыць хутчэй.
— Ах, гаспадар, яны ўсё расцягнулі, усё пакралі, зруйнавалі ўсё.
Ён працягваў, заліваючыся слязмі.
— Ах, калі-б ты ведаў, якія поўныя былі скляпы, як ярка паблісквалі новыя плугі. А якія сытыя бараны! На дзіва добрыя быкі. Ніводнага не засталося, яны ўсіх вывелі. О, я не перажыву гэтага няшчасця!..
— Змоўкні! — спыніў яго, задыхаючыся ад гневу, Гамількар. — Хіба я бядняк? Не хлусце, кажыце ўсю праўду. Я хачу ведаць аб усім, што загінула, да апошняга зерняці збожжа. Абдолонім, прынясі мне рахункі караблёў, караванаў, памесцяў і дома.
Ідучы задам да самых дзвярэй і апусціўшы да зямлі рукі, усе кіраўнічыя вышлі.
Абдаланім выняў са зробленай у сценцы шафкі шнуркі з вузламі, палоскі палатна і папіруса, баранавыя лапаткі, якія былі спісаны былі спісаны дробненькімі лірамі. Ён склаў усё гэта да ног Гамількара і падаў яму драўляную рамку з нацягнутымі на ёй трыма ніткамі, на якія былі надзеты кулькі з золата, серабра і рога — гэта быў фінікійскі лічыльнік.
Гамількар слухаў яго, цікавячыся самымі маленькімі дробязямі хатняй гаспадаркі і ўспакойваючыся аднастайным голасам, які пералічваў лічбы; але вось Абдаланім пачаў усё павольней і павольней. Раптам ён выпусціў драўляныя дошчачкі з запісамі і кінуўся сам на зямлю ніцма, выцягнуўшы рукі ў паставу асуджанага. Гамількар спакойна падняў дошчачкі; губы яго раскрыліся і вочы расшырыліся, калі ён убачыў на рахунку расходаў за адзін толькі дзень неймаверную колькасць мяса, рыбы, птушкі, він і пахнючасцяй, а таксама і мноства разбітых ваз, памёршых рабоў, папсаваных дываноў.
Не ўстаючы з зямлі, Абдаланім расказаў яму аб балі варвараў. Ён не мог не паслухаць старэйшын.
— Устань, — загадаў яму Гамількар і спусціўся ўніз з узвышэння.
Абдаланім пайшоў за ім; калены яго дрыжэлі, Але, схапіўшы раптам жалезную палоску, ён, як звар’яцелы, пачаў паднімаць пліты падлогі. І раптам перад ім, уздоўж усяго прахода, паказаўся рад ямін, куды складалася ў карфагенян збожжа.
— Ты бачыш, вока ваала, яны яшчэ ня ўсё ўзялі. Яны вельмі глыбокія і да самага верху поўныя. Пакуль цябе не было, я загадаў выкапаць іх усюды. Дом твой поўны збожжам, як сэрца мудрасцю.
Усмешка прабегла па твары Гамількара.
— Добра, Абдаланім.
Пасля, нахіліўшыся, сказаў яму на вуха:
— Вывозь, колькі будзе магчыма, з Этрурыі, Бруцыума, адкуль захочаш, і па якіх хочаш цэнах. Павялі і хавай. Трэба, каб мне належыла, мне аднаму, усё збожжа Карфагену.
Разам з Абдаланімам Гамількар пайшоў на галерэю, якая колцам абкружала ўвесь будынак і на якую выводзілі ўсе праходы. Яны параўняліся з напалову расчыненымі дзвярыма.
Воблака прыемна пахнучай пары ахутала іх.
— Штурхні дзверы.
Яны ўвайшлі.
Голыя людзі мясілі тут розныя саставы, расціралі травы і мяшалі вуголле, разлівалі маслы па збанкох, адчынялі і зачынялі маленькія ячэйкі, якія былі выдлублены навокал усёй сцяны, і столькі іх там было, што ўсё памяшканне нагадвала ўнутранасць вулея. Усюды былі рассыпаны смолы, парашкі, карэнне, шкляныя пузыры, галіны таволгі, пялёсткі ружаў. Цяжка было дыхаць сярод адураючых пахнючасцяй.
Глянуўшы на скрынкі з нардам, якія былі нарыхтаваны для адпраўкі за мора, ён загадаў кінуць туды антымону для павелічэння вагі.
Ён прайшоў на другі бок садоў, да мізэрненькіх домікаў, паглядзець на работу хатніх рамеснікаў, вырабы якіх ішлі на продаж. Краўцы вышывалі ўзорамі плашчы; другія плялі сеткі, размалёўвалі падушкі, кроілі сандалі; рабочыя з Егіпта чарапашынай паліравалі папірус; лёталі чаўнакі ткачоў, грымелі кувадлы збройнікаў.
Гамількар спыніўся каля іх і сказаў ім:
— Куйце мечы. Куйце без адпачынку. Мне яны будуць патрэбны.
Гамількар замарудзіў крокі; дарожкі ўсюды былі перагароджаны вялікімі дрэвамі, апаленымі ва ўсю даўжыню; платы былі зламаны; вада абвадняльных каналаў расцякалася дарэмна; у мутных лужынах ляжала бітае шкло, шкілеты малпаў. Усё было кінута так, як заставалася пасля бала наёмнікаў; слугі не чакалі, што Гамількар калі-небудзь можа звярнуцца дадому.
На кожным кроку перад ім адкрываліся новыя зруйнаванні, новыя рэшткі разгрому. Ён не мог паставіць гэтых людзей перад катапультай і разнесці іх у кавалачкі. Яму стала дасадна, што ён абараняў іх на сходзе старэйшын; ён быў абдураны, жорстка ашуканы.
Абдаланім дрыжэў кожны раз, калі Гамількар набліжаўся да паркаў. Але суфет пайшоў па сцежцы да млына, адкуль насустрач ім несліся сумныя гукі.
Там, у хмарах пылу, круціліся цяжкія жораны: два гранітных конусы, пастаўленыя адзін на адным. Адны з рабочых рукамі і грудзьмі напіралі на жоран, штурхалі яго, а другія ўпрагліся і цягнулі яго. Шлейкі нацёрлі пад пахамі іх гнойныя раны, як на холках у аслоў, і чорныя разлезлыя лахманы, ледзь прыкрываючы бакі, як даўгія хвасты, целяпаліся канцамі каля сцёгнаў. Вочы былі чырвоныя, ланцугі звінелі на нагах; яны ўсе ў адзін час парыўчаста дыхалі. На іх былі надзеты наморднікі, каб яны не маглі есці муку і рукавіцы без пальцаў закрывалі рукі, каб перашкодзіць ім хапаць яе.
Мацней затрашчэлі драўляныя перакладзіны пры з’яўленні гаспадара. Зерне расціралася, рыпела пад жоранам. Некалькі рабочых упалі на калені, астатнія, не перапыняючы работы, пераступалі цераз іх.
Гамількар падазваў начальніка рабоў — Гідэнема і загадаў зняць наморднікі. Тады, як галодныя зверы, усе з выем накінуліся на муку, пажыраючы яе, уткнуўшыся тварам у яе груды.
— Ты іх знясіляеш, — сказаў суфет.
Гідэнем адказаў, што так было трэба, каб прымусіць слухацца.
— Варта цябе было паслаць у Сіракузы ў школу рабоў. Загадай прывесці астатніх.
Па яго загадзе, кухары, віначэрпіі, канюхі, ганцы, носбіты насілак, лазеннікі і жанчыны з дзецьмі — усе выстраіліся даўгім радам у садзе. Яны стараліся не дыхаць. Гамількар павольна праходзіў, уважліва разглядаючы кожнага.
— Навошта мне гэтыя старыя? — сказаў ён. — Прадай іх. Тут надта многа галаў, — яны п’яніцы. І крыцян таксама многа; яны ашуканцы. Купі мне кападокійцаў, азіятаў і неграў.
— Вось зірні, Вока Ваала, — паказаў Гідэнем на асілака-лібійца, — гэтага ледзь здолелі выняць з пятлі.
— Э! Дык ты што-ж, жыць не хочаш? — з пагардай запытаў яго суфет.
Раб адважна адказаў:
— Так.
— Выведзіце яго! — загадаў Гамількар.
Далей ён запытаўся самніта, які хістаўся, як параненая чапля.
— А з табой што? Хто цябе скалечыў?
Выявілася, што сам Гідэнем пераламаў яму ногі жалезным прутом.
Гэтая бессвядомая жорсткасць страшэнна абурыла суфета; ён вырваў з рук Гідэнема агатавыя каралі — знак яго годнасці.
— Будзь праклятай сабака, якая кусае свой статак! Калечыць рабоў, о міласць Таніты! А! Так ты робіш жабраком свайго гаспадара! Задушыць яго ў кучы гною! А тыя, якіх тут нехапае? Дзе яны? Ці-ж ня ты іх перарэзаў разам з салдатамі?
Ён быў такі страшны; што жанчыны разбегліся. Рабы адступілі назад і сталі воддаль шырокім колам абкружыўшы іх абаіх; Гідэнем цалаваў яго сандалі; суфет некалькі секунд стаяў, падняўшы на яго руку.
У гэты раз Гамількар рашуча накіраваўся да парка, дзе стаялі сланы.
Сланы былі гордасцю ўсіх вялікіх пакаленняў Карфагена. Сланы насілі іх дзядоў, перамагалі ў баях; іх шанавалі, як улюбенцаў сонца.
Сланы Гамількара лічыліся самымі сільнымі ва ўсім Карфагене.
Перад ад’ездам Гамількар узяў з Абдаланіма прысягу ахоўваць іх. Але цяпер яны памерлі ад нанесеных ім калецтваў, толькі трое засталіся яшчэ жывымі і ляжалі пасярэдзіне двара, у пылу, перад рэшткамі кармушак.
Сланы пазналі гаспадара і падыйшлі да яго. У аднаго былі вельмі скрамсаны вушы, у другога шырокая рана на калені, у трэцяга адсечаны хобат. Яны жаласна глядзелі на Гамількара ўзрокам разумных істот, а той, што быў з адсечаным хобатам, схіліў велізарную галаву і, падгінаючы калені, стараўся далікатна пагладзіць яго сваім жахлівым абрубкам.
Ад ласкі жывёліны слёзы брызнулі з вачэй Гамількара. Ён кінуўся на Абдаланіма.
— Ах, ты, нягоднік! На крыж яго, на крыж!
Абдаланім, страціўшы прытомнасць, ніцма ўпаў на зямлю.
Адвярнуўшыся ад яго, Гамількар пайшоў далей, міма даўгой будыніны з чорнага каменя, — Эргастула, турмы для рабоў, выбудаванай у чатырохкутным рове. Тут чакаў яго апошні ўдар. Расчыненыя дзверы біліся аб касякі на ветры. Змрочнае святло падала ў вузкія байніцы і суфет разгледзеў вісеўшыя на сценах у сярэдзіне разбітыя ланцугі.
Гэта ўсё, што засталося ад палонных, якія былі ўзяты ў часе вайны.
Тым-жа вечарам, увашоўшы на сход багатых у храме Эмшуна, Гамількар заявіў перад усімі:
— Светачы ваалаў, я прымаю начальства над усімі ваеннымі сіламі Карфагена супроць войск варвараў.
РАЗДЗЕЛ VІI
Макарская бітва
Гамількар на другі-ж дзень патрабаваў ад сісітаў грошай і аблажыў цяжкім падаткам усіх багатых. І што здавалася самым дзіўным, для карфагенскіх звычаяў — ён прымусіў плаціць падатак нават саслоўі жрацоў.
Ён патрабаваў усіх коняй, усіх аслюкоў і ўсе запасы зброі. Некаторыя стараліся захаваць свае багацці, — у іх прадалі ўсё, і каб пасароміць скарэднасць другіх, ён сам унёс шэсцьдзесят поўных узброенняў і тысяча пяцьсот гомораў мукі — столькі-ж, сколькі ўнесла ўсё таварыства гандляроў слановай косцю.
Цяпер трэба было стварыць армію. Але ён не браў, як Ганон, усіх грамадзян запар. Перш за ўсё ён адхіліў усіх, хто вёў сядзячае жыццё, затым усіх таўстых і ўсіх палахлівых на выгляд; але прыняў за тое людзей з цёмным мінулым, усю беднату Малкі, сыноў варвараў і вольнаадпускных. У ўзнагароду ён абяцаў новым карфагенянам параўняць іх у правох са старымі грамадзянамі.
Самым важным клопатам яго было пераўтварэнне легіёна. Гэтыя маладыя красуны лічылі сябе высокім ваенным саслоўем Карфагена і кіраваліся самі сабой. Ён змясціў іх начальнікаў; пачаў з імі абыходзіцца сурова; прымусіў бегаць, скакаць, узбягаць, не пераводзячы дыхання, на схілы Бірсы, мятаць пікі, дужацца і спаць ноччу на пляцах пад адкрытым небам. Родзічы вельмі шкадавалі, гледзячы на іх.
Дадаўшы да сланоў, што вярнуліся з-пад Уцікі, усіх адабраных у прыватных уласнікаў, ён саставіў фалангу з 72 сланоў; ён зрабіў іх страшнымі, узмацніўшы іх узброенне. Кожны пагоншчык меў пры сабе стальны разец з калатушкай, і мог у выпадку, калі-б у часе схваткі слані панеслі, прабіць слану чэрап.
Гамількар распараджаўся ўсімі і ўсім, як лічыў патрэбным. Старэйшыны дамагаліся ўказаць яму на закон; ён ішоў наўсуперакі; ніхто не адважваўся выяўляць сваё нездавальненне; усе схіляліся перад сілай яго генія.
Ён адзін узяў на сябе кіраўніцтва і вайной і фінансамі.
Узброеныя атрады з раніцы да вечара хадзілі па вуліцах Карфагена; не змаўкалі трубныя гукі; на вазах везлі шчыты, палаткі, пікі, двары былі поўныя жанчын, раздзіраючых палатно на кавалкі; усе адзін ад аднаго заражаліся гарачнасцю, душа Гамількара напаўняла рэспубліку.
Усё было гатова, але Гамількар яшчэ не выступаў.
Карфагеняне чакалі вайны з такой-жа нецярплівасцю, як і варвары. І ў далінах і ў палатках хваляваліся адным жаданнем, адной трывогай; усіх мучыла адно і тое-ж пытанне, — што затрымлівае Гамількара.
А ён ад часу да часу паднімаўся на кумпал храма Эшмуна, станавіўся побач са звястуном месяца і назіраў за ветрам.
Аднойчы, гэта было на трэці дзень месяца Цібі, усе ўбачылі, як ён вельмі паспешна пусціўся да Акропаля. І зараз-жа па вуліцах заварушыўся народ. У Мапалах усё пачало шумна рухацца, жанчыны ў слязах кідаліся на грудзі спехатліва ўзброіўшымся воінам, якія спяшаліся на пляц Камона заняць сваё месца ў радах. За імі ісці не дазвалялася, нават гутарыць нельга было з імі; да ўмацавання ніхто не павінен быў падыходзіць; і горад вельмі хутка заціх, як велізарная магіла. Салдаты задумваліся, апіраючыся на пікі; а тыя, што, засталіся дома адны, уздыхалі.
Калі сонца зайшло, войскі выступілі праз заходнюю браму; але, замест таго, каб рушыцца проста насустрач наёмнікам, яны пайшлі берагам мора і хутка дайшлі да салоных лагун, дзе паблісквалі, пабялеўшыя ад солі круглыя лужыны, зусім як велізарныя срэбныя паўміскі, забытыя некім на беразе.
Лужыны пачалі сустракацца ўсё часцей. Глеба рабілася мягчэйшай, ногі ў ёй грузлі; Гамількар не думаў вяртацца. Ён ехаў увесь час наперадзе; і конь яго ўвесь як дракон ў жоўтых плямах, раскідваючы пену навокал моцнымі штуршкамі, рухаўся ўперад па гразкой дарозе. Ноч насунулася, ноч без месяца, цёмная. Пачуліся крыкі страху: некаму здалося, што ўсе гінуць; Гамількар пазрываў з перапалоханых зброю і аддаў яе слугам. Глей рабіўся ўсё глыбейшым і глыбейшым. Многім прышлося сесці на ўючных жывёлін, другія чапляліся за хвасты коняй; дужэйшыя цягнулі слабейшых, і атрад конных лігураў канцамі пікаў падштурхваў ззаду пяхоту. Цемра яшчэ больш згусцілася: войска збілася з дарогі, усе спыніліся.
Рабы суфета пайшлі ўперад шукаць вехаў, якія былі расстаўлены раней, па яго загаду, на пэўнай адлегласці адна ад аднэй. Рабы крычалі ў цемнаце, і войска здалёк памалу ішло следам за імі.
Пад нагамі пачулася цвёрдая глеба. Паказалася перад імі няясна бялеючая палоска, дугой уходзячая ў туманную далеч, яны апынуліся на беразе ракі Макара.
Раскінулі лагер. Але не гледзячы на холад, кастроў не распальвалі.
Сярод ночы падняўся шторм з мора; Гамількар загадаў разбудзіць воінаў; але не адна труба не прагучэла, у цішыні начальнікі ціханька штурхалі спаўшых у плечы.
Воін высокага росту апусціўся ў ваду, яна ледзь дайшла яму да пояса. Можна было прайсці.
Суфет загадаў расставіць трыццаць двух сланоў упоперак ракі, у ста кроках адсюль уверх па плыні, астатнія-ж расстаўленыя ніжэй, павінны былі затрымліваць знесеных цячэннем воінаў. І войскі, трымаючы над галавой зброю, як паміж двух сцен, прайшлі праз Макар.
Сочачы штодзенна за ветрамі з кумпала храма Эшмуна, Гамількар заўважыў, што заходні вецер наганяе пяскі, перагароджвае рэчку даўгім натуральным бродам. Той-ж вецер асушаў і рабіў на час даступнымі для праходу грузкія балоты ля берага мора.
Войскі былі цяпер на левым беразе, перад Уцікай, на шырокай раўніне, — важныя перавагі для сланоў, — галоўнай сілы Гамількаравага войску.
Генеральная выдумка надала бадзёрасці салдатам. Яны хацелі зараз-жа кінуцца на варвараў; суфет прымусіў іх перш за ўсё адпачыць дзве гадзіны.
Варвары былі здзіўлены, заўважыўшы, што воддаль варушылася зямля. Узмацніўшыся, вецер гнаў пескавыя віхуры, хаваючы ад наёмнікаў пунічнае войска. Як відаць, нешта велізарнае насоўвалася на іх. Павыходзячы з палатак, варвары глядзелі ўперад; жыхары Уцікі ўзлазілі на сцены, каб лепш бачыць.
Яны адрознівалі мноства папярочных палосак, ашчацініўшыхся роўнымі вострывамі. Палоскі раслі, рабіліся больш доўгімі і шырокімі; нейкія чорныя груды гойдаліся між імі; раптам паказалася нешта падобнае да велізарных квадратных кустоў з голымымі галінамі; і тады ўсім стала ясна, — гэты былі сланы, абкружаныя лесам пікаў; у адзін голас усе варвары крыкнулі:
— Карфагеняне!
Без усякіх сігналаў, не чакаючы каманды, варвары кінуліся да зброі, каб хутчэй напасці на Гамількара.
Пры адным гэтым імі Спендзі задрыжэў. Ён паўтарыў, задыхаючыся:
— Гамількар! Гамількар!
А Мато, як знарок, не было тут. Што рабіць?
Бегчы немагчыма, ды і куды? Нечаканае з’яўленне карфагенян, страх перад суфетам і, асабліва, неабходнасць неадкладна рашыцца на што-небудзь збіла з панталыку Спендзі; ён ужо бачыў сябе праткнутым сотнямі мечаў, з адсечанай галавой, мёртвым. Тымчасам яго паклікалі; трыццаць тысяч чалавек гатовы былі ісці за ім; гнеў на самаго сябе ахапіў яго; каб схаваць сваю бледнасць, ён намазаў сабе шчокі румянамі, потым зашпіліў на каленках панцыр, выпіў шклянку моцнага віна і пабег услед за войскам, якое спяшалася насустрач суфету.
Наёмнікі так хутка пастроіліся, што Гамількар ледзь здолёў паставіць сваё войска ў баявы парадак. Карфагенскае войска налічвала каля дванаццаці тысяч чалавек, але здавалася яно значна меншым, бо выстраілася даўгім, надта сціснутым прамакутнікам, з вузкімі флангамі.
Бачучы іх слабасць, нястрымная радасць ахапіла варвараў: як на тое, самога Гамількара не было відаць. Ці не заспаўся ён там? Але-ж ці не ўсёроўна? Падазронасць, яхўю яны адчувалі да гэтых гандляроў, узнімала іх дух.
Яны развярнуліся вялікай прамой лініяй, якая выступала за флангі пунічнай арміі, каб з усіх бакоў абхапіць яе. Але ледзь яны падышлі на тры сотні крокаў, сланы раптам павярнулі назад; тут-жа і клінабары, павярнуўшыся на месцы, пайшлі за імі; здзіўленне наёмнікаў падвоілася, калі і лёгкая пяхота пабегла наўздагон за імі.
Карфагеняне спалохаліся: яны ўжо бягуць. Страшны шум падняўся ў войсках варвараў; і, з вышыні свайго вярблюда, Спендзі радасна закрычаў.
— Я так і ведаў. Уперад! Уперад!
І тады паляцелі дроцікі, стрэлы, знарады з прашчоў мятальнікаў, усё разам. Сланы, параненыя стрэламі, пабеглі хутчэй; пыл густой хмарай ахутаў іх, і, як цені ў тумане, яны зніклі ў ім.
Гамількар загадаў, каб часці фалангі рассунуліся, прапусціўшы скрозь праходы ляцеўшых на флангі сланоў, лёгкую пяхоту і конніцу; і так добра разлічыў адлегласць паміж войскамі, што калі варвары напалі на яго, карфагенскае войска ўжо выцягнулася ў адну даўгую суцэльную лінію. У сярэдзіне даўгімі пікамі шчацінілася фаланга, якая складалася з сінтагм, ці правільных квадратаў па шаснаццаць чалавек на кожным баку.
Наадварот, войскі варвараў у часе шпаркага бегу ня здолелі захаваць правільнага строю. Занадта расцягнуўшаяся ў даўжыню лінія фронта была звілістая, месцамі разарваная. Воіны задыхаліся ад хуткага бегу.
Фаланга высунулася ўперад, выставіўшы свае пікі. Надта тонкая лінія варвараў не вытрымала страшэннага націску, падалася да сярэдзіны.
Войска варвараў было разрэзана на два велізарных абрубкі, якія занепакоена мітусіліся пад націскам абхапіўшых іх флангаў. Гібель здавалася немінучай.
Тады Спендзі загадаў напасці на фалангу з бакоў і, урэзаўшыся ў рады, прайсці праз яе з двух бакоў у адзін час. Але вузкія рады карфагенян праслізнулі за даўгімі, як раней стаўшы спераду, і фаланга перастроілася да варвараў, такая-ж страшная з бакоў, якой было толькі што з фронта.
Апіраючыся на сланоў, фаланга то сціскалася, то выцягвалася, перастройваючыся: квадратам, конусам, ромбам, трапецыяй і пірамідай. Бесперапынны падвойны рух утвараўся ў ёй ад аднаго канца да другога, бо тыя, хто былі ў задніх радах, перабягалі да пярэдніх, а гэтыя, па меры стомленасці ці ранення, адсоўваліся назад.
Пакрываючы галасы начальнікаў, несліся трубныя гукі і звон баявых лір карфагенян; у паветры свісцелі гліняныя і свінцовыя шары, выбіваючы мечы з рук і разбіваючы галовы. Бітва дасягнула да самага вялікага напружання. Параненыя і тыя, прыкрываючыся шчытом, вольнай рукой працягвалі мечы — насустрач ворагам, апершы іх рукаяткай аб зямлю; другія, у лужынах уласнай крыві, паварочваліся і хапалі зубамі за ногі ступаўшых па іх воінаў. Палахліўцаў, якія прасіліся дараваць ім жыццё, ніхто нават не слухаў. Натоўп так сціснуўся, пыл падняўся такой густой хмарай, шум быў такім вялікім, што доўга немагчыма было што-небудзь убачыць. Але вось атраду умбрыйцаў з шасцідзесяці ўсяго чалавек, непераможным ударам цвёрда накірэваных пік, удалося разагнаць дзве сінтагмы зараз. Адначасова эпірскія пастухі схапіліся за грывы коняй клінабарскай конніцы, круцячы сваімі палкамі; коні панеслі іх і, скінуўшы коннікаў, пабеглі па полі. Раскіданыя ў розных мясцох карфагенскія прашчнікі стаялі ў здзіўленні, у цеснаце іх зброя была безкарыснай. Фаланга пачынала хістацца, начальнікі, не ведаючы што рабіць, бегалі, падштурхваючы салдат; варвары пастроіліся зноў; яны звярталіся; перамога была за імі.
Але раптам крык, — крык прарэзлівы, плач болі і гневу раздаўся ў першых радах варвараў, пабітых нечаканым націскам; гэта былі сланы, якія выцягнуліся двайным радам, і былі кінуты Гамількарам, чакаўшым, калі варвары згрупуюцца ў адным месцы. Хобаты іх, размалёваныя сурыкам, былі выцягнуты ўверх, як чырвоныя вужакі; на грудзях прымацавана была рагаціна, спіну пакрываў панцыр; клыкі былі прадоўжнымі, крывымі як шашка з жалезнымі клінкамі, — а каб зрабіць сланоў яшчэ больш злоснымі, іх напаілі сумессю моцнага віна з перцамі і ладанам. Яны пагрымвалі бубенцамі сваіх нашыйнікаў і вельмі моцна раўлі; паганятыя, якія сядзелі верхам на шыі сланоў, схілялі галовы пад струменем вогненных стрэлаў, якія ўжо ляцелі з вежаў.
Сланы раз’юшана ўрэзаліся ў натоўп варвараў. Нагрудныя шпоры, як нос карабля, рассякалі і адкідвалі назад бурлячыя кагорты; сланы хобатамі душылі людзей, ці выхоплівалі з радоў, перадавалі салдатам на вежы, распорвалі іх клыкамі, кідалі ў паветра, і даўгія ўнутранасці звісалі з клыкоў, як скруткі вяровак на мачтах караблёў.
Чым цясней змыкаліся рады, тым лягчэй сланы перакідвалі іх. Усе сілы наёмнікаў былі накіраваны цяпер супроць сланоў.
Варвары выколвалі ім вочы, падрэзвалі сухажыллі пад каленамі, ці, праслізнуўшы паміж ног, усаджвалі ў жывот меч па самую рукаятку і гінулі растоптанымі; асабліва смелякі па збруі ўзлазілі на сланоў і сярод полымя, пад градам каменняў і стрэлаў перапільвалі пасы і тады трысцінікавая вежа падала, як вежа з каменняў.
Чатырнаццаць сланоў на правым канцы, сшалеўшы ад ран, павярнуліся супроць другога раду; паганятыя схапілі свае даўбешкі і, прыставіўшы сталёвы разец да самай макаўкі, з усіх сіл білі іх.
Велізарныя жывёліны, схіліўшыся, пападалі адпа на адну. Атрымалася цэлая гара, і на гэтую груду цел і ўзбраення ўзлез самы вялікі слон, якога карфагеняне звалі «Ярасць Ваала»; заблытаўшыся нагой ў ланцугах, ён да самага вечара выў са стралою, якая тырчэла ў яго з вока.
Варвары слабелі; грэцкія гопліты пакідалі зброю. Бачылі, як Спендзі, схіліўшыся на шыю вярблюда, прышпорваў яго ў плечы, двума пікамі. Тады ўсе кінуліся да флангаў і пабеглі ў бок Уцікі.
Бачучы, што здабыча іх уцякае, частка карфагенскіх войск, якая пад абаронай фалангі менш за ўсіх мела чалавечых афяр, хацела ўжо кінуцца ўслед за наёмнікамі. Але ў гэту мінуту раптам з’явіўся Гамількар.
Срэбнай аброцькай стрымліваў ён свайго, як тыгр, паласатага каня, які быў увесь запенены. Адным рухам трохкутнай пікі ён супыніў войска.
І войска зараз-жа рушыла ў напрамку да горада і да ракі. Засталася толькі фаланга, якая занялася бязлітасным знішчэннем рэштак варвараў. Гамількар загадаў захапіць як можна больш палонных. Але карфагеняне з вялікай неахвотай выконвалі яго распараджэнні; так хацелася ім спагнаць злосць і нянавісць, што накапіліся ў іх. Варвары амаль не супраціўляліся. Калі да іх падыходзілі з мечам, яны спакойна падстаўлялі горла, заплюшчваючы вочы. Але былі такія, што абараняліся да апошняй мінуты; іх білі каменнямі, здалёку, як шалёных сабак.
Ноч спусцілася на зямлю, Карфагеняне, варвары — усе зніклі. Дзе-ні-дзе воддаль блукалі ўцёкшыя сланы, уносячы, усё яшчэ палаючыя вежы на спінах. Нібы маякі, атуленыя густымі туманамі, гарэлі яны ў змроку; і на раўніне ўсё было нерухома і ціха; толькі рэчка хвалявалася, уздулася ад трупаў, якія яна ўносіла ў мора.
Праз дзве гадзіны з’явіўся Мато. Пры святле зорак яму паказаліся нейкія даўгія няроўныя кучы, якія ляжалі на зямлі.
Гэта ляжалі радамі варвары. Ён нахіліўся, — усе былі мёртвымі. Ён крыкнуў — ніхто не адказаў.
Якраз гэтай раніцай Мато са сваім войскам кінуў аблогу Гіпа-Зарыта, каб пайсці на Карфаген; недалёка ад Уцікі, пачуўшы незразумелы яму шум бою, Мато кінуўся туды самым блізкім шляхам, праз горы; але з прычыны таго, што варвары беглі далінай і ўздоўж берага мора, ён ні з кім не сустрэўся.
Пасля доўгіх пошукаў, калі только пачынала развіднаць, Мато знайшоў Спендзі, які схаваўся пад кавалкам палатна, нацягнутага на два калкі, і сядзеў на голай зямлі, абхапіўшы калены рукамі і апусціўшы на грудзі галаву.
Мато сеў з ім побач; яны доўга маўчалі.
Нарэшце Мато прагаварыў:
— Мы разбітыя…
Спендзі паўтарыў глухім голасам:
— Так, мы разбітыя.
І на ўсе пытанні ён адказваў толькі гэстам роспачы.
РАЗДЗЕЛ VІII
У паходзе
Выведнікі, якія былі пасланы Мато, калі войска варвараў крыху адпачнула, паведамілі, вярнуўшыся, што целы забітых карфагенян убраны, мост у развалінах, а Гамількар знік.
Гамількар думаў, што наёмнікі цяпер нападуць на яго; лічачы, што сваёй сілы ў яго надта недастаткова, ён паглыбіўся на поўдзень краіны.
Ён хацеў схіліць да сябе ўсе туземныя плямёны, выклікаць у іх варожасць да войска паўстаўшых варвараў, а потым, калі яно будзе пакінута ўсімі, напасці на яго і разбіць.
На працягу чатырнаццаці дзён ён уціхамірыў усе гарады на морскім узбярэжжы, да заходу ад Уцікі. Мноства іншых гарадоў прыслалі да яго паслоў. З’яўляліся жыхары вёсак, прыносілі поўныя рукі прыпасаў, прасілі аб абароне, цалавалі ногі яму і салдатам і скардзіліся на прыгнятанне варвараў. Некаторыя прыносілі адсечаныя галовы варвараў, забітых імі, як яны гаварылі, але на самай справе яны адразалі гэтыя галовы ў трупаў, бо мноства цел ляжала непахаванымі ў аліўных гаях і вінаградніках.
Каб здзівіць народ, Гамількар, на другі дзен пасля перамогі, паслаў у Карфаген дзве тысячы палонных, захопленых на полі бою. Іх прыганялі вельмі расцягнутымі партыямі, па сто чалавек у кожнай; рукі ва ўсіх былі прывязаны ззаду да бронзавах перакладзін, якія націскалі на патыліцу; параненыя, абліваючыся крывёю, беглі, стараючыся не адставаць: коннікі, ззаду, падганялі іх ударамі бізуна.
Карфаген ап’янеў ад радасці. Усе паўтаралі адзін аднаму, што варвараў забіта шэсць тысяч, астатнія-ж не маюць сілы ўтрымацца; што вайна ўжо скончана; усе абдымаліся на вуліцах і ў храмах; у адзнаку ўдзячнасці, твары багоў-патэкаў намазалі маслам з цынамонам.
Старэйшыны пастанавілі пакараць смерцю ўсіх палоннікаў, насуперакі жаданню суфета, які хацеў залічыць лепшых з іх у сваё войска, і гэтым выклікаць здрадніцтва ў варвараў. Але нянавісць перавярнула ўсе яго разлікі.
Усіх палоннікаў да апошняга, цэлых дзве тысячы чалавек, прывялі ў Мапалы на могілкі і прывязалі да слупоў на магілах; гандляры, кухонная чэлядзь палацаў, вышывальнікі, і нават жанчыны, удовы забітых, разам са сваімі дзецьмі, — усе, каму толькі хацелася, прышлі забіваць іх, страляючы з лукаў. Каб падоўжыць іх пакуты, цэліліся доўга і раптам, апускалі лук уніз; потым зноў і зноў паўтаралі тую-ж забаву; а натоўп з рэвам і шумам штурхаўся навокал. Многія прадугледжальна запасліся ежай і не ішлі адсюль да самага вечара; частка-ж заставалася нават і на ноч. Гандляры раскінулі палаткі, дзе можна было з’есці і выпіць. А тыя, хто прыдумаў пазычаць лукі і стрэлы, зараблялі буйныя грошы.
Раскрыжаваныя трупы так і засталіся стаяць ля слупоў, быццам надмагільныя чырвоныя статуі.
І самі богі таксама выявілі сваю зычлівасць, — бо з усіх бакоў свету наляталі хмарамі вароны. Яны зляталіся, кружыліся ў паветры з гучнымі, рэзкімі крыкамі, і велізарным воблакам віліся ўвесь час над тым-жа месцам. Часамі яно разрывалася, і чорныя віхуры далёка разносіліся ў бакі, гэта арол налятаў у самую гушчыню і, пакружыўшыся над месцам пакарання, зноў знікаў у небе. На тэрасах, на кумпалах, на вострывах абеліскаў і на франтонах храмаў, — усюды сядзелі тлустыя птушкі, якія трымалі ў пачырванелых дзюбах кавалкі чалавечых трупаў…
Гэта пакаранне, як відаць, навяло жах на варвараў; з вышыні храма Эшмуна бачылі, як стаяўшы тут атрад Аўтарыта зняў палаткі, сабраў статкі, склаў поклаж на спіны аслоў, і ў той-жа дзень увечары войска, усё цалкам, адышло.
Яно павінна было, размясціўшыся ад гары Цёплай вады да Гіпа-Зарыта, загарадзіць Гамількару дарогу да тырскіх гарадоў, захаваўшы за сабою шляхі да Карфагена.
У той-жа час два другіх войска — Спендзі з усходу і Мато з захаду — павінны былі злучыцца з ім, каб утрох абкружыць Гамількара.
Тут, зусім нечакана, да іх падыйшла падмацаванне; Нар-Гавас зноў з’явіўся з трыма сотнямі вярблюдаў, дваццацю пяцю сланамі і шасцю тысячамі коннікаў.
Начальнікі ўсіх чатырох войск згаварыліся аб тым, як весці далей вайну. Яна будзе доўгай, гэта было ясна ўсім; трэба было ўсё прадбачыць, усё падрыхтаваць.
Асабліва актыўным быў Мато. Здавался, што ім аўладаў дух Малоха, дух разбурэння. Ён увесь час прыспяшаў Аўтарыта і Спендзія, пасылаючы ім вястуноў.
Але дзеянні Гамількара здаваліся незразумелымі. Ён размяшчаўся лагерам пачаргова ў Эйдусе, Монкары, Тэгенце — гарадах узбярэжжа; потым лазутчыкі паведамлялі, што бачылі яго ў самай глыбіні краіны, блізка да граніц Нар-Гаваса, а хутка зрабілася вядомым, што ён перайшоў цераз рэчку, вышэй Тэбурба, быццам збіраўся вярнуцца ў Карфаген. Ледзь паказаўшыся у адным месцы, ён пераходзіў на другое. Шляхі, па якіх ён ішоў, заставаліся заўсёды невядомымі. Ганімы варварамі, ён, здавалася, сам іх вёў за сабою.
Гэтыя пераходы, то наперад то назад, стамлялі мацней за ўсё саміх карфагенян, і сілы Гамількара, ня маючы ўжо папаўнення, з дня на дзень змяншаліся. Мясцовыя жыхары цяпер ужо не так спяшаліся прыносіць яму прыпасы. Ён усюды сустракаў нерашучасць, затоенную нянавісць; і, не гледзячы на просьбы яго да Вялікага Савета, дапамога з Карфегена не прыбывала.
Тады, страціўшы надзею на рэспубліку, Гамількар адабраў гвалтам у мясцовых плямён усё, у чым адчувала патрэбу войска, і хлеб, і дровы, і жывёлу, і людзей. Але жыхары пачалі разбягацца. Гарады, праз якія праходзіла войска, былі пустыя; ператрэсшы ўсе хаты, не знаходзілі ў іх нічога; хутка страшэнная пустата, поўнае бязлюддзе абкружыла пуніцкае войска.
Ахопленыя ярасцю, карфагеняне пачалі руйнаваць правінцыі; засыпалі студні, выпальвалі паселішчы. Далёка разносіліся, падхопленыя ветрам, іскры, цэлыя лясы гарэлі на схілах гор, абкружаючы даліны вянком полымя; часамі прыходзілася спыняцца і доўга чакаць, пакуль усё перагарыць і ахаладзее зямля. А потым, пад спякотнымі праменямі сонца, ступаючы па гарачым попеле, яны зноў ішлі далей.
Аднойчы, на захадзе сонца, спускаючыся ў даліну, недалёка ад Уцікі, войска Гамількара ўбачыла ўнізе, пад сабой, ля падножжа гары, бронзавых ваўчыц, якія беглі, як ім здавалася, сярод высокай травы.
Але вось, з-за кустоў падняліся высокія султаны на дрэўках, і пад гукі флейт загрымела грозная ваенная песня. Гэта было войска Спендзія; кампанійцы і грэкі з нянавісцю да Карфагена, неслі на чале ў сябе бронзавых ваўчыц — ваенныя значкі рымлян, самых злосных ворагаў Карфагена. У той-жа час злева паказаліся даўгія пікі, шчыты з леапардавых шкур і аголеныя плечы воінаў. Гэта былі іберыйцы Мато, — лузітанцы, балеары, гетулы; тут-жа пачулася іржанне конніцы Нар-Гаваса, прытым прыбыла беспарадкавае зборышча, на чале якога стаяў Аўтарыт: галы, лібійцы, вандроўнікі.
Так удалося злучыцца ў адзін час, правільна разлічыўшы пераходы, усім варварам разам. Яны самі дзівіліся сваёй удачы і радзіліся паміж сабою, прастаяўшы некалькі часу нерухома.
Варвары так былі змучаны стомленасцю, што пастанавілі чакаць раніцы; упэўненыя ў перамозе, яны ўсю ноч правялі за ядзеннем.
Расклалі вялікія кастры, якія асляплялі іх, але затое пакідалі ў ценю пуніцкае войска, якое знаходзілася ў даліне пад імі.
Тымчасам Гамількар загадаў акапаць лагер шырокай і вельмі глыбокай канавай, і раніцой, калі сонца ўзышло, наёмнікі былі збянтэжаны, убачыўшы перад сабою цэлую грозную крэпасць, у якой засела карфагенскае войска.
Яны пачалі разглядаць лагер, які быў перад імі як на далоні. Яны пазналі свайго былога правадыра, Гамількара, які праходзіў паміж палаткамі і аддаваў загады.
І многія з іх успомнілі ў гэту хвіліну аб падобных-жа раніцах, калі пры гучных гуках труб, ён паволі праходзіў перад імі ў погляд яго падмацоўваў іх, як чарка віна. Нейкая чуллівасць у першую хвіліну аўладала імі.
Але затое з тым большай заўзятасцю захацелася ім, а асабліва навічкам, якія яшчэ не служылі пры ім, напасці на яго і захапіць яго лагер.
Першая спроба Мато скончылася няўдачай. Град каменняў адбіў варвараў, бо суфет захапіў з сабою катапульты, кінутыя ім пад Уцікай.
Аблога павінна была зацягнуцца надоўга, і каб выйграць час, суфет прыкінуўся, што хоча пачаць перамовы аб міры.
Пакуль варвары абмяркоўвалі яго прапановы, ні на што не рашаючыся, суфет усё больш умацоўваўся. Ён загадаў капаць студні, і дзякуючы таму, што навокал былі горы, вада з’явілася; загадаў выкапаць за плотам яшчэ адну канаву, пабудаваць другую сцяну, а па рагох узвесці драўляныя вежы. Сланы кідаліся ва ўсе бакі на прывязі, — іх пачалі горш карміць. Каб сена хапіла надалей, ён загадаў клінабарам забіць самых слабых жарабцоў. Пачалі есці коняй. І ўжо ў наступныя дні аб гэтым свежым мясе ўспаміналі з вялікім смуткам.
З глыбіні амфітэатра, у якім карфагенскае войска аказалася замкнутым, яны бачылі навокал, на схілах узгоркаў, усе чатыры лагеры варвараў, поўныя руху і жыцця.
Жанчыны з гладышамі на галовах абыходзілі палаткі, козы крычалі, прабіраючыся пад дрэўкамі складзеных пік; мяняліся вартавыя, салдаты елі, седзячы вакол трыножнікаў. Суседнія плямёны дастаўлялі ім даволі харчоў; і наёмнікі самі не ведалі, да чаго іх бяздзейнасць палохала пуніцкае войска.
Аднойчы Гамількар, які прыходзіў у роспач, пастанавіў выбрацца ва што-б там ні было, і загадаў раскрыць праход праз агарожу; імпэтным націскам карфагеняне падняліся на тры сотні крокаў уверх па схіле. Але, насустрач ім, такім патокам рынуліся варвары, што змялі іх зараз-жа пад свае-ж рады. Карфагеняне схаваліся за агарожамі. Адзін з гвардзейцаў Легіёна застаўся знадворку, спатыкнуўшыся на каменнях. Да яго падбег Зарксас і, паваліўшы на зямлю, усадзіў у горла кінжал; потым вынуў клінок і прысмактаўся да раны губамі; мармычачы ад задавалення і ўздрыгваючы ўсім целам, пачаў захлынаючыся, высмоктваць кроў; потым ён спакойна сеў на труп; падняў уверх твар, адкінуўшыся назад, каб лепш удыхаць паветра, як робіць сарна ў гарах, напіўшыся вады з крыніцы; рэзкім прарэзлівым голасам заспяваў балеарскую песню, сумную мелодыю, поўную доўгіх мадуляцый, якія прыпыняліся і чаргаваліся адна за аднэй, як пераклікаецца рэха сярод скал; ён заклікаў у ёй братоў, забітых у баях і запрашаў іх на трызну; потым рукі яго апусціліся, ён паволі схіліў на грудзі галаву і заплакаў.
З гэтай мінуты карфагеняне больш не адважваліся на вылазку; аб тым, каб здацца, яны таксама не думалі, ведаючы, што іх чакае тады пагібель у пакутах.
Між тым у абложаным лагеры, не гледзячы на ўсе меры Гамількара, запасы змяншаліся са страшэннай хуткасцю. Ужо не было ні мяса, ні саланіны, ні аліўнага масла, ні аўса для коняй. Людзей кармілі абы-як. Часта здаралася, калі свяціў месяц, вартавыя заўважалі аднаго з сабак варвараў, які корпаўся у канаве ў кучах адкідаў; трапна кінутым камнем яго забівалі і на рамнях ад шчытоў спускаліся за ім уздоўж жэрдак плота; а потым ціханька елі. Але іншы раз унізе паднімаўся страшэнны брэх і грызня, і чалавек ужо не варочаўся.
Кожную мінуту адбываліся сутычкі ці паднімалася новая трывога; загараліся вежы, і варвары ўзлазілі на плот, а карфагеняне сякерамі адсякалі ім рукі; на змену прыбягалі другія атрады наёмнікаў; жалезны дождж сыпаўся на палаткі. Узвялі галярэі з трысцінікавых кратаў для абароны ад мятальных знарадаў. Карфагеняне загарадзіліся імі і ўжо больш з-за іх не выходзілі.
Становішча рабілася невыносным, а ні Карфаген, ні Вялікі Савет, ніхто не прысылаў ім хоць бы надзеі на дапамогу.
∗
∗ ∗ |
Даведаўшыся аб бядотах войска, Карфаген быццам падняўся на дыбы ад гневу і нянавісці да Гамількара. Усе абвінавачвалі яго ў празмернай мяккасці. Ён даўно, зараз-жа пасля перамогі, павінен быў знішчыць усіх варвараў. Гандляры на парогах крамак, рамеснікі з інструмантамі і разносчыкі з кошыкамі хадзіўшыя па вуліцах, баншчыкі ў лазнях — усе абмяркоўвалі ваенныя дзеянні. Пальцамі рысавалі на пяску планы зражэнняў, і не было такой нікчэмнасці, якая-б не сумела выправіць памылкі Гамількара.
А галоўнай прычынай усіх бядот быў крадзеж пакрывала Таніты, — свяшчэннага заімфа. Саламбо мімавольна прымала ў гэтым удзел, — усе ведалі аб шалёным каханні да яе правадыра паўстаўшых наёмнікаў, — Мато. Гнеў карфагенян пашыраўся і на дачку Гамількара; у натоўпе ўзнікла няяснае жаданне прынесці яе ў ахвяру багам. Кожны дзень невядомыя людзі натоўпам урываліся ў сады Мегары; рабы, баючыся за сваё жыццё, не адважваліся іх разганяць. Між іншым, людзі гэтыя не ішлі далей сходак галер. Яны стаялі ўнізе, падняўшы галовы да верхняй пляцоўкі палаца; яны чакалі Саламбо, — і па цэлых гадзінах крычалі, выклікаючы яе, як сабакі, якія брэшуць на месяц.
Крыкі карфагенскай чэрні не палохалі дачку Гамількара. Яе непакоілі іншыя турботы.
Вярхоўны жрэц Таніты, Шахабарым, былы яе настаўнік, расказаў ёй, у якой небяспецы знаходзіцца яе бацька, суфет Гамількар, абложаны трыма войскамі пад кіраўніцтвам Мато; у заключэнне ён дадаў, што выратаванне рэспублікі і бацькі залежыць ад яе аднэй.
— Ад мяне? — ўскрыкнула яна. Ды што-ж я магу?..
Але жрэц ўсміхнуўся пагардліва:
— Усё роўна ты ніколі не адважышся на гэта.
Яна пачала яго прасіць. Нарэшце, Шахабарым сказаў:
— Ты павітна пайсці ў лагер варвараў і ўзяць назад заімф.
Саламбо апусцілася на лавачку са слановай касці, выцягнуўшы бяссільна рукі на каленах, уздрыгваючыся ўсім целам, як ахвяра на падножжы алтара.
Тры дні Шахабарым не прыходзіў да яе. Увечары чацвертага дня яна паслала за ім сама.
Каб яшчэ больш распаліць яе сэрца, ён расказаў ёй аб усіх абвінавачаннях, якія выкрыквалі на Гамількара ў Савеце; ён гаварыў ёй, што яна вінавата, што яна павінна адпакутваць свой учынак, што сама Таніта патрабуе ад яе гэтай ахвяры.
— Ты гатова? — запытаўся ў заключэнні жрэц, — ці хочаш, каб твайму бацьку сказалі, што ты яго пакідаеш на пагібель?
Яна закрыла твар пакрывалам.
Невыразны жах утрымліваў яе; яна баялася Малоха, баялася асабліва Мато, гэтага велікана, які ўладаў заімфам і тым панаваўшага над Танітай, як і сам Ваал. Яна бачыла ў ім уваплачэнне бога-ўсезруйнавальніка, спрадвечнага ворага ўсяго жаночага пачатку — Таніты. І Малох, і Мато зліліся ў адзін вобраз, яны ўдвох вечна праследвалі яе ў думках. Ды і сам Шахабарым — ці не гаварыў ён, што перамогай над Мато яна пераможа Малоха?
Упэўненасць у тым, што Шахабарым выказаў волю багоў, паступова ўмацоўвалася ў свядомасці Саламбо. Аднойчы раніцай яна прачнулася з цвёрдай рашучасцю выканаць тое, чаго ад яе патрабавалі. І душа яе быццам скінула цяжар. Страх прайшоў; яна думала толькі аб шчасці бачыць свяшчэнны заімф.
Саламбо нікому не сказала аб сваім рашэнні; каб зрабіць усё патаемна, яна паслала сваю старую няньку — Таанах купіць у аддаленым прадмесці ўсё, што ёй было патрэбна: кінавар для румянаў, пахніючасці, ільняны пояс і новыя вопраткі. Старая рабыня дзівілася гэтым падрыхтаванням, але ні аб чым не адважвалася запытацца.
Надышоў дзень, вызначаны Шахабарымам, калі Саламбо павінна была выехаць.
Таанах падыйшла да Саламбо, паставіўшы перад ёю два свяцільнікі; напарфумавала ёй рукі, правяла па шчоках кінаварам і антымонам па беражку павек, падоўжыла бровы сумессю драўлянага вугалю, мускусу, чорнай фарбы і мушыных лапак.
Саламбо, седзячы ў крэсле са спінкай са слановай касці, аддавалася клопатам рабыні. Паводле рады Шахабарыма, Саламбо загадала ёй апрануць сябе, як мага, раскошней; і Таанах апранала яе ў гусце варвараў, поўным тонкасці і, разам з тым, прастадушша.
Паверх першай тунікі віннага колеру, яна надзела на Саламбо другую, вышытую рысункам у выглядзе птушыных пер’яў. Шырокім поясам з залатой лускі акружыла ёй бёдры, з-пад яго патокам спускаліся блакітныя штаны ў срэбных зорках. Потым Таанах надзела на яе даўгую вопратку з белага палатна ў зялёныя палосы; ля пляча прымацавала квадрат з чырвонай тканіны, і зверху гэтых вопратак накінула яшчэ чорны плашч з даўгім шлейфам.
Таанах паставіла перад ёю люстра з паліраванай медзі, такое шырокае і такое высокае, што Саламбо бачыла сябе ў ім ва ўвесь рост.
Валасы, пасыпаныя залатым парашком, віліся над ілбом і спускаліся на спіну даўгімі косамі, пераплеценым! ўнізе перламі. Полымя свяцільніка ажыўляла чырвань на яе шчоках, золата яе вопраткі і беласць яе скуры; вакол пояса, на плячах, на руках і на пальцах ног блішчэла так многа каштоўных каменняў, што люстра, быццам сонца, асвятляла яе адлюстраванымі праменнямі; і Саламбо, побач з Таанах, якая нахілілася, каб любавацца ёю, усміхалася, акружаная асляпляючым ззяннем.
Раптам заспяваў певень. Саламбо хутка прымацавала да валасоў даўгую жоўтую вэлёну, абкруціла шыю шалем, сунула ногі ў боцікі з сіняй скуры і сказала Таанах:
— Ідзі, паглядзі, ці не стаіць у гаі пад міртамі чалавек з двума коньмі.
Калі Таанах вярнулася, яна сустрэла Саламбо ўжо на сходках галер.
— Не едзь! — кінулася да яе старая. — Вазьмі мяне з сабой!
Саламбо, у знак маўчання, прыклала палец да вуснаў.
Таанах выслізнула за ёю ўслед. Саламбо ішла хутка, асветленая поўным месяцам, па алеі кіпарысаў; злева ад яе плыў велізарны цень, што было, па павер’і карфагенян, прадраканнем смерці.
Таанах вярнулася ў свой пакой і кінулася на каменныя пліты падлогі. Яна ціха плакала, закрываючы твар рукамі, баючыся быць пачутай.
Пасля стамляльнага трохдзённага падарожжа па спустошаных вайной палях і дарогах, позна ўвечары Саламбо са сваім спадарожнікам прыехала да лагера наёмнікаў.
Па грэбні акопу хадзіў вартавы з пікай на плячах і лукам у руках.
Саламбо пад’ехала бліжэй; варвар стаў на калені, падняў лук і даўгая страла прабіла край яе плашча. Потым, з прычыны таго, што яна ўжо не рухалася, ён, крыкнуўшы, запытаўся, што ёй трэба.
— Гаварыць з Мато, — адказала яна. — Я перабежчык з Карфагена.
Вартавы засвістаў, і свіст некалькі разоў паўтарыўся ў далю.
Калі Мато з’явіўся, узыходзіўшы месяц асвятляў Саламбо ззаду. Твар хаваўся пад жоўтай вэлёнай з узорам з чорных кветак, і так многа пакрывалаў ахутвала яе ўсю, што пазнаць у няяснай фігуры дачку Гамількара было немагчыма. З грэбня акопа Мато ўглядаўся ў няясны вобраз, выступаўшы як здань у паўзмроку вечара.
Нарэшце яна сказала яму:
— Правядзі мяне ў сваю палатку! Я так хачу.
Нейкае няяснае, няўлоўнае ўспамінанне прабегла ў памяці Мато. Ён адчуваў, як білася яго сэрца. Яна гаварыла з ім так уладарна, што ён міжвольна рабіўся нясмелым.
— Ідзі за мной! — сказаў Мато.
Рагатка апусцілася перад імі і зараз-жа Саламбо апынулася ў самым лагеры варвараў.
Велізарны, шумны натоўп напаўняў яго. Яркія вогнішчы палалі пад катламі; чырвоныя водблескі асвятлялі толькі бліжэйшыя прадметы, — усё-ж навокал заставалася ў глыбокай цемры. Раздаваліся крыкі, нехта некага клікаў; спутаныя коні доўгімі простымі радамі стаялі каля розных палатак; адны з палатак былі круглыя, другія чатырохкутныя, пакрытыя скурай ці цалкам з палатна, трапляліся хаціны з трысцінніка, а то і проста норы ў пяску, якія капаюць для сябе сабакі. Салдаты ўжо клаліся слаць, заверчваючыся ў цыноўкі.
Саламбо ўспомніла, што ўжо бачыла раней многіх з гэтых людзей; але бароды іх цяпер адраслі; твары загарэлі яшчэ больш, галасы агрубелі. Мато, у чырвоным плашчы, ішоў перад ёю, і ўсе расступаліся перад уладарным рухам яго рукі. Адны цалавалі яму рукі, другія, нізка схіляючыся перад ім, падыходзілі за загадамі, бо цяпер ён быў сапраўдным, адзіным правадыром варвараў; Спендзі, Аўтарыт, Нар-Гавас упалі духам, а ён выявіў столькі адвагі, такую настойлівасць, што ўсе яму скарыліся.
Два негры, з палаючымі смалянымі факеламі, стаялі з абодвух бакоў уваходу ў палатку. Рэзкім рухам Мато адкрыў заслону. Яна ўвайшла ўслед за ім.
Гэта была глыбокая, прасторная палатка, са слупам, падпіраўшым сярэдзіну. Вялікі свяцільнік у форме лотаса, асвятляў яе. Нейкае ваеннае ўзбраенне блішчэла ў змроку. Да лавачкі, побач са шчытом, быў прыслонены аголены меч: на вяровачных пляцёнках, у беспарадку раскіданыя, ляжалі бізуны з гіпапатамавай скуры, цымбалы, бубенцы, маністы; крышкі чорнага хлеба плямілі лямцавую коўдру; у кутку на круглым камні нядбайна былі кінуты кучай манеты з бронзы; і скрозь дзіркі ў палатне вецер знадворку прыносіў пыл, разам з пахам сланоў; і чутно было, як яны елі, звонячы ланцугамі.
— Хто ты? — запытаўся Мато.
Яна павольна азіралася навакол, не адказваючы; узрок яе спыніўся ў глыбіні, дзе на ложы з пальмавых галін нешта блакітнае, пабліскваючы, ляжала, спускаючыся на зямлю.
Яна ірванулася туды. З грудзей яе вырваўся ўзгалосак. Мато ззаду тупнуў нагой.
— Хто прывёў цябе? Навошта ты прышла?
Яна адказала, паказаўшы на заімф.
— Каб узяць яго!
І другой рукой сарвала са свайго твара пакрывала. Ён адхіснуўся ўсім целам назад, раскрыўшы ў здзіўленні вусны, амаль з жахам гледзячы на яе.
Ахопленая імпэтам, гледзячы яму ў вочы, Саламбо папрасіла вярнуць ёй заімф; у гарачых і палкіх прамовах яна патрабавала яго звароту.
Мато не слухаў, ён у захапленні разглядаў Саламбо, і адзенне на ёй злівалася, здавалася яму, у адно з яе целам. Пералівы на тканінах, як і бліск яе скуры былі чымсці надзвычайным, ёй аднэй толькі ўласцівым. Вочы, як дыяменты, рассыпаныя па ёй, іскрыліся; пазногці блішчэлі, зліваючыся з бліскам каштоўных каменняў, якія пакрывалі яе пальцы. Завушніцамі служылі маленкія сапфіравыя вагі, якія падтрымлівалі выдаўбленыя перлы, налітыя вадкімі пахнючасцямі. Працякаючы кропля па кроплі скрозь адтуліны ў перлах, яны падалі, увільгатняючы голыя плечы, Мато сачыў за тым, як яны капалі.
Узяўшы за рукі, ён ціха прыцягнуў яе бліжэй да сябе і сеў на панцыр, побач з ложам з пальмавых галін, пакрытых ільвінай скурай. Яна стаяла перад ім. Мато глядзеў на яе зьнізу ўверх, паўтараючы:
— Якая ты дзівосна прыгожая! Якая ты прыгожая!
Мато ўсё трымаў яе маленькія рукі ў сваіх: і яна часамі адварочвалася і старалася адпіхнуць яго, вырываючы свае рукі. Ён глыбока ўдыхаў пахі, якія зыходзілі ад яе. Нешта неаб’ясняльнае свежае і адначасова адураючае, як дым курэнняў, было ў ім.
Але як яна апынулася ў яго тут, у палатцы, у яго ўладзе? Нехта, мусіць паслаў яе сюды! Няўжо яна прышла толькі дзеля заімфа? Рукі яго апусціліся, ён схіліў галаву, ахоплены раптоўна цяжкім раздум’ем.
Саламбо, каб задобрыць яго, сказала жаласным голасам:
— Што я табе зрабіла, што ты хочаш, каб я памерла?
— Хачу, каб ты памерла? — здзіўлена паўтарыў Мато.
Яна працягвала:
— Аднойчы я бачыла цябе увечары у водблісках полымя маіх запаленых садоў, сярод дымячыхся чаш і забітых рабоў, і ты быў такі гнеўны, ты кінуўся да мяне і мне прышлося бегчы! А потым жах пранік у Карфаген. Адусюль несліся крыкі аб спустошаных гарадах, выпаленых акругах, аб забіцці воінаў; ты іх усіх загубіў, ты іх усіх перарэзаў! Я цябе ненавіжу! Адно тваё імя мучыць мяне, як дакор… Цябе ненавідзяць больш чумы, клянуць горш, чым рымскую вайну! Перад тваім гневам дрыжаць нашы правінцыі, трупамі завалены ў палях барозны! Я прайшла па слядах тваіх пажараў, быццам па слядах Малоха!
Ноздры яе трапяталі, яна сціснула зубы і працягвала:
— Але табе ўсё мала! Ты ўкраў яшчэ і пакрывала багіні…
— Не, не! перапыніў яе Мато. — Я ўзяў яго для цябе, для цябе аднэй! Мне здавалася, што багіня сама пакінула для цябе сваё пакрывала, што толькі табе аднэй яно магло належаць. І хіба не ўсёроўна, ці быць яму ў храме, ці ў тваім доме? Хіба ты не ўсемагутная, не бязгрэшная, не праменна-прыгожая, як і Таніта?
І гледзячы на яе з бязмежным каханнем, ён дадаў:
— Калі толькі ты не Таніта сама?
— Я Таніта!.. сказала сабе Саламбо.
Яны перасталі гаварыць. Далёка грымеў гром. Авечкі крычалі перапалоханыя навальніцай.
— О, падыйдзі да мяне, — пачаў ён ізноў, падыйдзі! Не бойся мяне!
— Калісь я быў самым простым воінам у натоўпе наёмнікаў, але хацеў зруйнаваць сцены Карфагена, каб толькі дайсці да цябе, каб ты зрабілася маёй! А ў чаканні я на ўсіх выпомшчаў свой сум па табе. Цяпер я знішчаю людзей, як шкарупу, я кідаюся адзін на фалангу салдатаў, адхіляю пікі, коняй спыняю, схапіўшы іх за морду; мяне не заб’е катапульт! О, калі-б ты ведала, як я думаю пра цябе сярод бою! Я бачу твае вочы ў полымі агністых стрэл і ў пазалоце шчытоў! Я чую твой голас у ракатанні цымбалаў! Я паварачваюся, але цябе няма! І я зноў кідаюся ў бой!..
Ён падняў руку, дзе жылы перапляталіся, нібы блюшч на галінах дрэва. Пот сцякаў па грудзях паміж квадратнымі мускуламі, цяжкае дыханне ўздымала бакі і бронзавы пояс, абвешаны даўгімі палоскамі скуры, нібы махрамі, спускаўся да самых кален, цвёрдых, як мармур. Саламбо, якая сустракала толькі жрацоў-эўнухаў, мімавольна была захоплена сілай гэтага воіна.
Нейкая збянтэжанасць аўладала ёю; яна зноў накіравалася да заімфа і працягнула ўжо рукі, каб схапіць яго.
— Што ты робіш? — крыкнуў Мато.
Яна каротка адказала:
— Я вярнуся з ім у Карфаген.
Ён падышоў, склаўшы крыжам рукі, і зірнуў на яе з такім страшным выглядам, што яна замерла, як прыкаваная да зямлі.
— Ты з ім вернешся ў Карфаген?! — ён ледзь выгаварываў словы і паўтараў скрыгочачы зубамі:
— Ты з ім вернешся ў Карфаген? Ты толькі дзеля заімфа ішла сюды, каб мяне перамагчы і знікнуць потым? Не, не, ты належыш цяпер мне, і ніхто ўжо не вырве цябе адсюль! Я не забыўся на занослівы ўзрок тваіх велізарных спакойных вачэй, не забыўся як ты прыгнятала мяне велічнасцю твайго хараства! Цяпер мая чарга. Ты мая палонніца, мая нявольніца, служанка. Заві, калі хочаш, бацьку, яго войска, старэйшын, багатых і ўвесь твой пракляты народ цалкам! Я начальнік соцень тысяч салдатаў! Я прывяду іх яшчэ з Лузітаніі, Галіі, з глыбокай пустыні і зруйную твой горад, спалю ўсе яго храмы; трырэмы паплывуць па хвалях крыві. Я зруйную ў ім ўсё, да апошняга дома, не пакіну і камяня на камяні, ні аднэй пальмы. А калі не хопіць людзей, я прывяду горных мядзведзяў, я нацкую на вас ільвоў! Не думай бегчы, інакш я заб’ю цябе!
Пабляднеўшы, сціснуўшы кулакі, ён увесь дрыжаў, як струны арфы, гатовыя парвацца. Раптам плач пачаў душыць яго, ногі яго падагнуліся.
— О, даруй мне! Я нікчэмны падлюга, я агідней скарпіёна, горш чым бруд і пыл! Раздушы мяне, толькі-б мне адчуваць дакрананне тваіх ног! Праклінай мяне, я буду чуць прынамсі твой голас! Не адыходзь, злітуйся! Я кахаю цябе! Я кахаю цябе!
Ён стаяў на каленах перад ёю, абхапіўшы абодвума рукамі яе стан, адкінуўшы назад галаву; залатыя кружкі, падвешаныя ў яго вушах, блішчэлі на бронзавай шыі; буйныя слёзы, нібы срэбныя гарошыны каціліся з вачэй.
Ён цалаваў кожны палец на руках яе, яе плечы, яе ногі і зверху да самага нізу яе даўгія косы. Заіф зваліўся, пакрыўшы яе ўсю.
— Унось яго, сказаў Мато, ці-ж я ім даражу? Але толькі вазмі і мяне разам з ім! Я кідаю войска, я ад усяго адмаўляюся! За Гадэсам, у дваццаці днях морскай дарогі, ляжыць востраў, пакрыты залатым пяском, увесь зялёны, увесь населены птушкамі. Па схілах гор велізарныя кветкі, поўныя цудоўнымі пахамі калышуцца, як вечныя кадзільніцы; у высокіх, як кедры цытрыновых гаях, змеі малочнага колеру зрываюць дыямантавымі зубамі плады і скідваюць уніз у густую траву; паветра такое мяккае там, што не дае нікому памерці. О! Я знайду яго, ты ўбачыш! Мы будзем жыць там ў крыштальных пячорах, высечаных ля падножжа ўзгор’яў. Там ніхто яшчэ не жыве, гавораць; а калі мы сустрэнем людзей, я зраблюся ў іх каралём.
Мато выцер пыл на яе катурнах; ён захацеў, каб яна ўзяла ў рот кавалачак граната; склаў за спіной яе груду адзення, замест падушак. Ён усяляк стараўся ёй дагадзіць, унізіцца перад ёю, і нават закрыў ёй ногі заімфам, як простым пакрывалам.
Апусціўшы галаву ёй на грудзі, ён горка заплакаў, расказваючы аб сваіх доўгіх пакутваннях.
Дык вось ён які, — думала Саламбо, — гэты страшны чалавек, перад якім дрыжыць Карфаген.
Тымчасам, стомлены хваляваннем і слязмі, Мато заснуў. Тады яна, вызваліўшыся з яго рук, працягнула нагу на падлогу і заўважыла, што ланцужок яе парваўся.
Дзяўчат, у дамах славутых родаў Карфагена, прывучылі лічыць гэтыя ножныя ланцужкі нечым святым; Саламбо, пачырванеўшы, абматала вакол ног абрыўкі залатога ланцужка.
Мато спаў, як п’яны; ён ляжаў на баку і рука яго звесілася з краю ложка.
Саламбо нерухома глядзела на яго, схіліўшы галаву, склаўшы крыжам на грудзях рукі.
Раптам пачуліся крыкі; страшэннае зарыва прасвечвала скрозь тканіну палаткі. Мато прачнуўся, падняў заслону і яны ўбачылі велізарныя языкі полымя, ахапіўшыя лагер лібійцаў.
Палалі іх трысцінавыя хаціны; сцяблы, скручваючыся, трэскаліся сярод дыму і ўзляталі як стрэлы; у чырвоным зарыве беглі ашалелыя чорныя цені. Чулася раздзіраючае выццё пакінутых у хацінах; сланы, быкі, коні шалелі ў натоўпе, топчучы яго разам з харчовымі прадуктамі і паклажай, якую выцягвалі з пажарышча. Трубы грымелі, чутны былі крыкі:
— Мато! Мато! Дзе Мато?
Ля ўвахода ў палатку сабраліся людзі і спрабавалі ўварвацца ўнутр.
— Выходзь-жа хутчэй! Гамількар паліць лагер Аўтарыта!
Ён выскачыў адным скачком. Саламбо засталася адна.
∗
∗ ∗ |
Зямля дрыжэла пад мноствам крокаў. Чуліся гучныя крыкі, іржанне коняй, ляск зброі; усюды трубілі ў атаку.
Варвары даўгімі радамі спускаліся бегам са схілаў гор; карфагенскае войска правільнымі чатырохкутнікамі наступала на іх, цяжка і роўнамерна калыхаючыся. Шпарка насоўваючыся, атрады, ахутаныя цемрай, былі ледзь прыкметны; здавалася, рушыла сама зямля, здавалася, цэлыя схілы ўзгор’яў раптам пачыналі апаўзаць.
Мато ледзь адрозніваў часці абодвух войск. Раптам ад варвараў аддзяліўся Нар-Гавас са сваёй конніцай; замест таго, каб прыкрываць пяхоту, ён рэзка павярнуў у бок, нібы хацеў аддаць сябе на змяцце войску Гамількара.
Але, параўнаўшыся з атрадам, які ахоўваў суфета, Нар-Гавас, спыніўшы сваіх воінаў, рашуча пад’ехаў да аднаго з вартавых. Ён скінуў на зямлю свой меч, піку, свае дроцікі, і знік у натоўпе карфагенян.
Правадыр нумідзійцаў увайшоў у палатку Гамількара і сказаў, паказваючы на сваіх воінаў, якія стаялі воддаль.
— Барка, я прывёў іх табе. Яны твае!
Ён прасцёрся перад ім ў знак рабства і, у доказ сваёй вернасці, пачаў хітрасцю і ваеннай улоўкай апраўдваць свае паводзіны з самага пачатку вайны.
Суфет слухаў яго, не перапыняючы. Не пытаючыся Нар-Гаваса, чаму ён не з’явіўся раней, і не выкрываючы ні аднэй яго хлусні, ён пацалаваў і тройчы прыціснуў правадыра нумідзійцаў да грудзей.
Толькі поўная роспач і жаданне ўсяму пакласці канец прымусіла Гамількара падпаліць лібійцаў і рашыцца на вылазку. Затойваючы сваю радасць перад нечаканай дапамогай, ён сказаў:
— Няхай Ваалы цябе ашчаслівяць! Я не ведаю, як цябе ўзнагародзіць рэспубліка, але Гамількар не ведае няўдзячнасці.
Гул узрастаў; раз-по-разу ўваходзілі ваеначальнікі. Гамількар, узбройваючыся, працягваў гаварыць:
— Цяпер варочайся да сваіх войск. Конніцай ты адкінеш пяхоту варвараў у клін паміж тваімі сланамі і атрадам маіх. Будзь смялейшы! Ты павінен іх знішчыць!
Нар-Гавас кінуўся ўперад, але ў гэты момант Саламбо з’явілася перад імі.
Яна хутка саскочыла з каня, раскрыла шырокі плашч і, працягнуўшы рукі, разгарнула заімф.
Скураная палатка Гамількара стаяла ў самай сярэдзіне лагера, і Саламбо маглі бачыць усе воіны войск, размешчаных на схілах гор, якія колам абкружалі пунічны стан. Неймаверны гул пракаціўся ўсюды. Спачатку сярод карфагенян, — доўгі крык перамогі і надзеі. Але зараз-жа і варвары зразумелі, што Саламбо захапіла заімф; яны здалёку бачылі ўсё, што адбылося; тады пачуліся іншыя крыкі, — шалёнай злосці і помсты, яны грымелі, заглушаючы прывітанні і воплескі карфагенян, і ўсе пяць армій, размешчаныя адна над аднэй па схілах гор, тупалі нагамі і ярасна раўлі вакол Саламбо.
Гамількар не мог гаварыць і толькі, ківаючы галавой, дзякаваў яе. Вочы яго спыняліся то на заімфе, то на ёй самой; ён заўважыў, што ланцужок на нагах яе парваўся. Ён задрыжаў, ахоплены страшэнным падозраннем. Але, аўладаўшы сабою, ён Хутка прыняў свой звычайны раўнадушны выгляд. Не паварочваючы галавы, ён збоку зірнуў на Нар-Гаваса.
На ілбу правадыра нумідзійцаў заставаўся яшчэ след ад пылу, якога ён дакрануўся, калі прасціраўся перад Гамількарам. Суфет падышоў і выгаварыў урачыстым тонам:
— Ва ўзнагароду за паслугі, аказаныя табою, Нар-Гавас, я аддаю табе маю дачку!
Ён дадаў:
— Будзь маім сынам і абарані свайго бацьку!
Нар-Гавас не мог утаіць свайго здзіўлення, потым кінуўся да яго і пачаў цалаваць яго рукі.
Саламбо, спакойная, нібы статуй, здавалася, нічога не разумела. Яна толькі крыху пачырванела, апускаючы расніцы, даўгія і загнутыя ўверх, яны кідалі цені на яе шчокі.
Гамількар пажадаў злучыць іх безадкладна непарушнымі заручынамі. У рукі Саламбо палажылі піку і яна паднесла яе ў падарунак Нар-Гавасу, ім звязалі разам вялікія пальцы рукі раменьчыкам са скуры быка, потым абсыпалі галовы збожжам, — і зерняты, падаючы навакол іх, звінелі і адскаквалі, быццам градзіны.
Пасля дваццаці гадзін ад войска наёмнікаў не заставалася нічога, апрача гурбы параненых, забітых і паміраючых сярод
палаючых руін лагера.
Гамількар зноў выслізнуў з кола, у якое яго заціснулі наёмнікі. Яго з’яўленне здзівіла ўсіх у Карфагене. Там даўно ўжо лічылі суфета загінуўшым. Даведаўшыся аб перамозе, усе былі ашаламлены, ахоплены нейкім жахам. Нечаканы зварот заімфа завяршыў урачыстасць.
Гамількар са сваім войскам заперся ў Карфагене.
Але становішча рэспублікі ўсё яшчэ заставалася вельмі цяжкім. Варвары хутка аправіліся ад пацерпленага паражэння. Уціка і Гіпа-Зарыт канчаткова і адкрыта перайшлі на бок наёмнікаў і паслалі ім запасы харчавання, узброенне і вялікую колькасць абложных і баявых машын. З Туніса падыйшлі падмацаванні. Рымляне, карыстаючыся цяжкім становішчам рэспублікі, злучыліся з паўстаўшымі ў Сардыніі наёмнікамі і патрабавалі ад Карфагена безадкладнага адмаўлення ад уладання востравам і ўплаты тысячы двухсот талентаў золатам.
Між тым чуткі аб паўстанні разнесліся далёка за межы пунічных уладанняў. Ад Геркулесавых слупоў да граніц Кірэны, усюды гаварылі, што звайшліся нарэшце смелякі, якія адважылыся напасці на вялікую карфагенскую рэспубліку, уладарніцу мораў, прыгожую як сонца, страшную як самі богі.
Уся Афрыка ўзнімалася, ахопленая адным жаданнем адпомсціць за бясконцыя прыгнечанні і мучэнні. Кожны дзень да войск варвараў прыбывалі новыя падмацаванні, яны падыходзілі і па адным, і атрадамі, і цэлымі паселішчамі і плямёнамі, з хатнім скарбам, стадамі жывёлы, з жонкамі і малымі дзецьмі.
РАЗДЗЕЛ ІX
Аблога Карфагена
Варвары зноў аблажылі Карфаген.
Навучаныя ранейшымі паражэннямі, яны не хацелі ўступаць ў бескарысныя сутычкі. З абодвух бакоў не спяшаліся, добра ведаючы, што павінен пачацца страшэнны бой, які прывядзе ці да перамогі, ці да поўнага знішчэння аднаго з супраціўнікаў.
Карфаген мог доўга супраціўляцца; яго шырокія сцены мелі цэлы рад уваходзячых і выступаючых кутоў, вельмі зручных для адбівання прыступаў. А, галоўнае, горад быў забяспечаны вадой.
Нарэшце, Спендзі рашыў ажыццявіць задум, узнікшы ў яго яшчэ ў самым пачатку вайны.
Аднойчы ўвечары, калі свяціў месяц, ён папрасіў Мато запаліць сярод ночы вялікае вогнішча з саломы і загадаць, каб войска ўзняло адначасова шум і крыкі. Узяўшы з сабою Зарксаса, ён пашоў уздоўж берага затокі, у напрамку да Туніса.
Параўняўшыся з апошнімі аркамі, яны павярнулі проста да перасякаўшага пярэсмык вадаправода; месца было адкрытае; яны дабраліся паўзком да асноўных падставін.
Карфагеняне не прадбачылі нападу з гэтага боку. Яны паступова знялі амаль усе варты, людзей не хапала нават на абарону сцен.
Рэдкія вартавыя спакойна хадзілі ўзад і ўперад па верхняй пляцоўцы.
Высокія языкі полымя раскладзенага наёмнікамі вогнішча паказаліся на беразе возера, загрымелі трубы, ваенная варта, надумаўшы, што пачынаецца прыступ, кінуліся ў бок Карфагена.
Адзін з воінаў застаўся. Ён выступаў чорным ценем на фоне неба. Месяц свяціў за яго спіной і велізарны цень клаўся далёка па раўніне, падобна да рухомага абеліска.
Зарксас схапіўся за прашчу; з асцярогі ці жорсткасцю Спендзі затрымаў яго.
— Не, пачакай! Камень загудзіць вельмі гучна. Я зраблю сам.
Ён з усёй сілы нацягнуў лук, прыціскаючы ніжні канец яго да вялікага пальца левай нагі; нацэліўся, і страла паляцела.
Вартавы не зваліўся, а знік.
— Калі-б ён быў толькі паранены, мы-б пачулі, — сказаў Спендзі.
Ён пачаў хутка лезці наверх, з дапамогай вяроўкі і багра. Апынуўшыся наверсе, побач з трупам, ён скінуў уніз канец вяроўкі. Балеар прывязаў да яе капаніцу і калатушку, а сам вярнуўся і пайшоў назад у лагер.
Трубы перасталі склікаць трывогу. Навокал усё сціхла. Спендзі прыпадняў адну з пліт, увайшоў у ваду і зноў апусціў над сабою камень.
і на працягу трох гадзін, да самай раніцы, ён упарта, заўзята працаваў, з цяжкасцю дыхаючы скрозь шчыліны верхніх пліт, увесь час ахоплены страхам і разоў дваццаць рыхтаваўся памерці. Нарэшце, пачуўся трэск; велізарны камень, адскакваючы ад знадворных арак, пакаціўся да самага нізу, — і раптам вадаспад, цэлы паток, быццам з неба нізрынуўся ў раўніну. Вадаправод быў перарэзаны пасярэдзіне і вада яго вылілася дарэмна. Гэта было смерцю для Карфагена, залогам перамогі для варвараў.
Разбуджаныя карфагеняне ў адзін мамент пакрылі сцены і дахі дамоў, пляцоўкі храмаў. Варвары штурхаліся, крычалі. Яны скакалі ў нейкім шалёнстве вакол велізарнага вадаспаду і ад вялікай радасці падстаўлялі пад яго галовы.
На пляцоўцы вадаправода паказаўся чалавек у разадранай туніцы цынамонавага колеру. Ён нахіліўся над самым краем, упіраючыся рукамі ў бакі, і глядзеў уніз, быццам здзіўлены сваім уласным учынкам.
Потым выпрастаўся, з гордым выглядам акінуў узрокам бясконцую даль, якая расцілалася перад ім, быццам хацеў сказаць: «Цяпер усё гэта маё». Загрымелі прывітанні варвараў: карфагеняне, зразумеўшы нарэшце сваю пагібель, у роспачы паднялі крык, які зліваўся ў рэў. А Спендзі перабегаў з аднаго боку пляцоўкі на другі, — і, як вознік калясніцы; якая перамагла ў спаборніцтвах на Алімпійскіх гульнях, ашалеўшы ад гордасці ўздымаў уверх рукі.
∗
∗ ∗ |
Каб. зрабіць падыход да сцен больш даступным, наёмнікі зруйнавалі вал, які абкружаў канаву. Потым Мато падзяліў войска на два вялікіх паўкругі, каб лепш ахапіць Карфаген.
Спендзі расставіў тры вялікіх катапульты, супроць трох галоўных выступаў гарадскіх умацаванняў; супроць кожнай брамы ён паставіў па сценабітнай машыне, перад кожнай вежай — балісту, мятаўшую стрэлы, а ззаду раз’язджалі з месца на месца лёгкія балісты, пастаўленыя на калёсы. Але трэба было яшчэ зрабіць для іх бяспечным агонь абложаных і, перш за ўсё, заваліць канаву, якая аддзяляла варвараў ад сцен.
Высунулі наперад галярэі з кратаў, сплеценых з яшчэ зялёнага чарота і дубовыя жалабы, накшталт велізарных шчытоў, якія перасоўваліся на трох колах; маленькія шалашы, пакрытыя свежымі скурамі і выкладзеныя вадаростамі, хавалі работнікаў; катапульты і балісты былі ахаваны вяровачнымі завесамі, вымачанымі ў воцаце, каб зрабіць іх незгаральнымі. Жанчыны і дзеці хадзілі па паўзмор’е за каменнямі, збіралі зямлю рукамі і прыносілі яе салдатам.
Карфагеняне таксама рыхтаваліся.
Гамількар іх хутка супакоіў, заяўляючы, што вады ў цыстэрнах засталося на сто дваццаць тры дні. Гэта сцвярджэнне, прысутнасць сярод Гамількара і, асабліва зварот заімфа, выклікала ў іх радасную надзею. Прагненне барацьбы зноў ахапіла Карфаген, змяпіўшы ранейшую роспач.
Узброілі рабоў, выцягнулі ўсё, што яшчэ заставалася ў арсеналах; кожны гарадчанін быў на пасту і атрымаў прызначэнне; цесляры, аружэйнікі, кавалі і майстры залатых рэчаў былі прыстаўлены да баявых машын.
На сцены ўцягнулі ствалы дрэў, млыновыя жораны, гаршкі з серкай, бочкі, поўныя алею, і склалі там печы. На верхнюю пляцоўку вежаў навалілі кучы каменняў, а дамы, якія прылягалі да крэпаснога валу, набілі пяском, каб умацаваць і зрабіць яго шырэйшым.
Нарэшце, у трынаццаты дзень месяца Шабара, — на ўсходзе сонца, — моцны удар сценабітнай машыны загрымеў у браму Камона.
Семдзесят пяць салдатаў цягнулі вяроўкі, прымацаваныя да асновы гіганцкага бярвена, падвешанага ланцугамі да перакладзіны на слупах, як дошка велізарнай гушкалі; яно заканчвалася бараняй галавой цалкам з бронзы. Пад напорам мноства голых рук яно роўна гойдалася, то насоўваючыся наперад, то адступаючы назад.
Другія тараны, супроць астатніх брам, таксама прыйшлі ў дзеянне. Зарыпелі блокі і скрэпы, вяровачныя завесы распусціліся, і град каменняў і снапы стрэл паляцелі, разам пушчаныя мятальнымі машынамі; прашчнікі збягаліся да сваіх месц; адны з іх падбягалі да вала, хаваючы пад шчытамі гаршкі з кіпячай смалой, і з усяго размаху перакідвалі іх праз канаву. Град знарадаў, дроцікаў, вогненных стрэл, шырокай дугой пралятаючы над перадавымі радамі, падаў па той бок сцен. Але вось, з-за сцен падняліся высокія кранты, якія служылі для ўстаноўкі карабельных мачтаў, і з іх спусціліся велізарныя клюшні, з двух зубчастых унутры паўкругоў. Клюшні ўчапіліся ў сценабітныя машыны. Салдаты, ухапіўшыся за бервяно, цягнулі назад; карфагеняне задыхаліся, каб падняць яго ўверх; і схватка цягнулася да самага вечара.
Калі на наступны дзень, наёмнікі зноў узяліся за справу, то аказалася, што верх сцен быў выкладзены скрозь цюкамі бавоўны, тканінамі, падушкамі; байніцы заткнуты пляцёнкамі, а на верхняй пляцоўцы, паміж крантамі з’явіўся цэлы рад віл і часакоў, насаджаных на даўгія палкі. І ярасны бой зноў закіпеў.
Тараны разбілі Камонскую і Тагасцкую браму. Але карфагеняне награмаздзілі ўнутры так многа розных матэрыялаў, што палавінкі не расчыняліся. Брамы працягвалі стаяць.
Спендзі, не ведаючы стомы, накіроўваў машыны. Ён сам нацягваў цяціву балістаў. Каб нацягненне было роўным з абодвух бакоў, вяроўкі сцягвалі, б’ючы да іх раз за разам справа і злева, пакуль абодва бакі не давалі аднолькавы гук. Спендзі падымаўся на рамы машын. Кончыкам нагі ён ціханька пастукваў па іх і ўважліва прыслухоўваўся, прыкладаючы вуха, як музыкант, які настройвае ліру. Потым, калі ўзлятала дышла катапульту, калі калонка, якая падтрымлівала балісту, дрыжала ад страсення спушчанай спружыны і каменні разляталіся прамянямі, а стрэлы ручаём выляталі адна за аднэй, ён нахіляўся ўсім целам і выцягваў рукі наперад, быццам хацеў паляцець за ім.
Воіны захапляліся яго спрытнасцю, выкочваючы яго загады. Машыны, аднак, не маглі зруйнаваць вал крэпасці. Ён складаўся з двух каменных сцен, да самага верху забітых зямлёю; машыны збівалі толькі верхавінкі. Абложаныя кожны раз узводзілі іх зноў. У роў накідалі дзёрану, бэлек, каменняў, калёсаў з коламі, каб хутчэй запоўніць яе; аде перш, чым ён быў зусім засыпаны, велізарны натоўп варвараў хваляй хлынуў на роўнае месца і, як разбушаванае мора, падступіў да падножжа сцен. Не сустракаючы адпору, варвары падставілі лесвіцы і пачалі па іх лезці. Яны былі ўжо на вышыні двух трэціх частак сцяны, калі, раптам, быццам пашчы драконаў, расчыніліся байніцы, выкідваючы полымя і дым; распалены пясок разлятаўся, пранікаючы ў закрэпы ўзброенняў, нафта прыліпала да адзення; расплаўленае волава кацілася кулькамі, падскаквала на шаломах, прапальваючы цела наскрозь; сыпаўшыяся дажджом іскры апальвалі твар, і выпаленыя вочныя ўпадзіны быццам плакалі буйнымі, як міндаліны, слязмі. Валасы палалі ў воінаў, аблітых жоўтым алеем. Яны кідаліся бегчы, запальваючы іншых. Баючыся падыйсці, на іх здалёка накідвалі набракшыя крывёю плашчы, пад якімі яны задыхаліся.
Вялікі роў напоўніўся вышэй берагоў; пад нагамі жывых змешваліся ў кучы параненыя разам з трупамі і паміраючымі. Сярод выварачаных унутранасцяй, раздробленых мазгоў і лужын крыві чорнымі плямамі выступалі абгарэлыя тулавы; рукі і ногі, напалову тырчэўшыя з кучы, трымаліся проста, як шпалеры падпорак у выспаленым вінаградніку.
Аднойчы змрокам Гамількар адправіў атрад лепшых са сваіх воінаў на плоскадокных габарах, на плытах і, павярнуўшы направа з порта, высадзіўся ў Тэніі. Прабраўшыся да перадавых пастоў варвараў і захапіўшы іх з флангаў, карфагеняне ўтварылі бязлітасную рэзню.
Па начах са сцен спускаліся на вяроўках воіны з палаючымі факеламі ў руках, падпальвалі пабудаванні наёмнікаў і зноў падымаліся наверх.
Мато лютаваў; перашкоды толькі распальвалі яго гнеў. Ён падвоіў аванпосты, віламі абтыкаў падножжа сцен і наставіў пастак унізе, прыкрыўшы іх зямлёю, а лібійцам загадаў прыцягнуць ледзь не цэлы лес, каб, падпаліўшы яго, выпаліць Карфаген, як лісавую нару.
Спрабавалі зрабіць падкопы; але глеба кепска трымалася і абсыпалася. Пачалі капаць у другіх мясцох; Гамількар заўсёды даведываўся аб напрамку, прыкладаючы вуха да бронзавага шчыта.
Нарэшце, варвары ўпэўніліся, што горад непрыступны, пакуль не будзе зроблена шчыльна да сцяны доўгая наспа, роўная ёй вышынёю, якая дасць магчымасць біцца на адным узроўні; наспа будзе выбрукавана плітамі, каб па ёй маглі каціцца машыны. Тады Карфаген ужо не зможа ўстаяць.
∗
∗ ∗ |
Народ пачынаў мучыцца ад смагі. Запасы мяса і хлеба таксама зніклі: пачалі баяцца голаду; нехта загаварыў нават аб бескарысных і лішніх рабах, што наводзіла на ўсіх жах.
Ад пляца Камона да храма Мелькарта трупы завальвалі вуліцы, і з прычыны таго, што лета ўжо набліжалася да канца, велізарныя чорныя мухі страшэнна кусалі воінаў.
Гарачыня зрабілася такой цяжкай, што трупы, распухаючы, не маглі змясціцца ў трунах. Іх палілі сярод двароў. Але ў цеснаце агонь ахопліваў суседнія сцены і даўгія языкі полымя вырываліся з-за дамоў, як кроў, што струмянём б’е з разрэзанай артэрыі. Так Малох аўладаў Карфагенам; ён ахапіў крэпасныя валы, віхурам насіўся па вуліцах, пажыраючы ўсё на сваім шляху аж да трупаў.
Людзі, якія насілі ў адзнаку гора плашчы з паднятых на вуліцах лахманоў, не зыходзілі з раздарожжаў. Яны гаварылі супроць старэйшын, супроць Гамількара, прадракалі народу поўнае разарэнне, заклікалі ўсё зруйнаваць і даць сабе поўную волю.
Каб утрымаць у горадзе дух багоў, іх статуі апуталі ланцугамі. Чорнымі пакрываламі закрылі статуі багоў Патэкаў і абвярнулі вакол алтароў валасяніцы; падбухторваючы гордасць і зайздрасць Ваалаў, нагаварвалі ім на вуха.
— І ты дасі сябе перамагчы! Ці-ж другія багі дужэйшыя за цябе? Пакажы сябе! Дапамажы нам! Каб чужыя народы не гаварылі: куды-ж іх багі падзеліся цяпер.
Навокал усе шляхі да Карфагена былі перахоплены; пачаўся нясцерпны голад.
Забілі і з’елі ўсіх сабакаў, усіх мулаў, усіх аслоў, а за імі і пятнаццаць сланоў, прыведзеных суфетам. Львы храма Малоха зрабіліся лютымі ад голаду і служкі баяліся падыходзіць да іх. Іх кармілі спачатку параненымі варварамі, потым кінулі ім яшчэ не астыўшыя трупы; яны адмовіліся і загінулі Ўсе да аднаго. Змрокам людзі хадзілі ўздоўж старай унутранай сцяны, зрывалі паміж каменнямі травы і кветкі, а потым варылі ў віне, — віно каштавала таней вады. Іншыя ціха падкрадаліся аж да варожых перадавых пастоў і кралі ежу, забіраючыся проста ў палаткі; варвары былі так здзіўлены, што часта і не чапалі іх і давалі ім варочацца.
Сярод вуліц гурбой руін ляжалі каменныя знарады катапульт і адломкі зруйнаваных у мэтах абароны будынкаў. У часы зацішша, па іх мітусіліся з гучнымі крыкамі натоўпы народу, зьнянацку ахопленыя трывогай, чулася гучная каманда начальнікаў, і без перапынку грымелі цяжкія ўдары тыранаў у вароты, а з вышыні Акропаля пажары здаваліся барвянымі лахманамі, раскінутымі па тэрасах і вецер развіваў і скручваў іх.
Тры вялікіх катапульты не спыняліся ні на мінуту, закідваючы горад велізарнымі каменнямі. Але больш за ўсе дакучалі гліняныя кулі прашчамятальнікаў. Яны заляталі на дахі, і ў сады, і на сярэдзіну двароў, у той час, калі людзі сядзелі за мізернай вячэрай, з сэрцам балеўшым ад цяжкіх уздыхаў. Асабліва жорсткімі былі гэтыя знарады з прычыны выразаных на іх надпісаў, якія адбіваліся на целе забітых і параненых; і на трупах часта можна было прачытаць усякую лаянку, накшталт: свіння, чакал, свалота, а іншы раз і насмешкі: «лаві»; ці «гэта мне па заслугах».
Варвары прыдумалі яшчэ закладаць у катапульты, замест знарадаў, гаршкі поўныя змей, гліняныя гаршкі разбіваліся аб брук, змеі распаўзаліся ў розныя бакі, здавался, яны самі сабою пладзіліся і выходзілі са сцен, так многа іх было. Не зусім задаволеныя сваёй выдумкай, варвары ўсяляк яе ўдасканальвалі: машыны пачалі выкідаць розны бруд, чалавечы кал, кавалкі здохлых жывёлін, трупы.
У Карфагене зноў распаўсюдзілася чума. У жыхароў выпадалі зубы і дзясны іх пабялелі, як у вярблюдаў пасля доўгай дарогі.
І як раней, ва ўсіх бядотах вінавацілі аднаго Гамількара. Каб прыцягнуць на свой бок народ, ён загадаў раскапаць ямы, дзе хаваўся назапашаны ім хлеб; кіраўнікі раздалі яго народу. На працягу трох дзён ім наядаліся па горла.
Але смага зрабілася яшчэ больш нязноснай, а перад сабою яны заўсёды маглі бачыць, як высокім вадаспадам падалі празрыстыя струмені папсаванага вадаправода.
Наспа яшчэ не дасягала вышыні ўмацаванняў, але ўсё-ж на ёй устанавілі машыны. Перад кожнай з дваццаці трох вежаў на сценах стаяла цяпер па аднэй драўлянай. А ў самай сярэдзіне паказалася жудасная абложная вежа, выдуманая грэкамі, і якую Спендзі удалося, нарэшце, нанава пабудаваць.
Пірамідальная, як Александрыйскі маяк, яна была вышынёй у сто трыццаць локцяў і шырынёй у дваццаць локцяў; усе дзевяць яе паверхаў, якія паступова звужаліся да верхавіны, былі прабіты шматлікімі дзвярмі, пакрыты бронзавымі пліткамі і напоўнены салдатамі; на верхняй пляцоўцы стаяў катапульт з двума балістамі па бакох.
Нарэшце, у адну раніцу (гэта быў сёмы дзень месяца Нісана) незадоўга да ўзыходу сонца, карфагеняне пачулі страшэнны крык варвараў; грымелі алавяныя трубы, вялікія пафлагонійскія рагі раўлі, як быкі. Усе падняліся і кінуліся да ўмацаванняў.
Цэлы лес пік і мечаў шчацініўся каля іх асноў. Войска кінулася на сцены, прыстаўляючы да іх лесніцы, і ў прасветы байніц паказаліся галовы варвараў.
Наёмнікі падыходзілі цесна згуртаванымі кагортамі і, уэбіраючыся на сцяну, размяшчаліся па росце; самыя высокія ішлі напердзе, самыя нізкія ў хвасце: усе левай рукой трымалі над галавой шчыт, прыціснуўшы яго да шалома, і так цесна замыкалі шчыты з суседнімі, што можна было прыняць іх за стада вялікіх чарапах. Знарады, не закранаючы воінаў, слізгаліся па пукатасці гэтай суцэльнай паверхні.
Карфагеняне скідвалі ўніз жораны, таўкачы, чаны, бочкі, ложкі, усё што магло забіць сваёй цяжкасцю. Яны чакалі ля амбразураў з нератамі ў руках і, калі паказаўся варвар, ён трапляў у сетку і біўся, як рыба.
Хутка абодва натоўпы зліліся ў адзін шырокі ланцуг чалавечых цел; бесперапынна скручваючыся, ён не пасоўваўся ні на крок наперад. Людзі хапалі адзін другога, лежачы ніцма, як барцы. Трупы, моцна сціснутыя ў натоўпе, не падалі, трымаючыся на плячах у суседзяй, яны па некалькі мінут пасоўваліся разам з жывымі, выпрастаўшыся ва ўвесь рост, з аслупянелымі вачыма. Параненыя, у якіх абодва віскі былі прабіты стралой навылёт, бессэнсоўна ківалі галавой, як мядзведзі.
Да палавіны дня ветэраны гопліты з лютасцю кідаліся супроць квартала Тэнія, каб прабіцца ў порт і зруйнаваць судны. Гамількар загадаў раскласці вогнішчы з сыбой саломы на даху храма Камона; аслепленыя дымам яны павярнулі налева, узмацніўшы страшэнную звалку, якая адбывалася з-за аўладання Малкай. Сінтагмы з наўмысна падабраных, асабліва моцных людзей прабілі ўжо тры брамы. Высокія загародкі з дошак з наўбіванымі цвікамі затрымалі іх; чацвертая брама лёгка падалася, воіны кінуліся бегчы праз яе і скаціліся ў канаву, выкапаную загадзя, дзе былі пастаўлены пасткі.
Ад вуліцы Камона да Сеннага рынка ўся навакольная дарога цяпер была ў руках варвараў.
Прашчнікі, расстаўленыя ў задніх радах, увесь час кідалі знарады. Зарксас з распушчанымі па плячах даўгімі чорнымі валасамі насіўся ўсюды, пераскокваючы праз перашкоды і цягнучы за сабою балеараў. Дзве торбы віселі ў яго па бакох; ён бесперапынным рухам засоўваў у іх левую руку, а правая круцілася, як кола ў калёсах.
Мато спачатку ўстрымліваўся ад уступлення ў бой, каб лепш кіраваць усімі варварамі адразу. Яго бачылі то ля берагоў затокі з наёмнікамі, то каля лагуны з нумідзійцамі, то каля возера паміж неграмі; а з глыбіні раўніны ён прысылаў атрады воінаў, якія адзін за адным прыходзілі на лінію бою. Але крыху-па-крыху Мато і сам падышоў да яе; пах крыві, відовішча бязлітаснай разні і знаёмы гук баявых рагоў успалымнілі яго сэрца. Ён вярнуўся ў палатку, і, скінуўшы панцыр, накінуў на голае цела ільвіную шкуру, больш зручную для бітвы; ільвіная пашча надзявалася на галаву і акаймляла твар колам з клыкоў і зубоў; абедзве пярэднія лапы скрыжоўваліся на грудзях, а капцюры задніх звешваліся ніжэй каленаў.
Толькі шырокі пояс, за якім блішчэла сякера з двухбаковым лезівам, накінуў Мато на сябе і, узяўшы ў абедзве рукі свой велізарны меч, ён у буйным імпэце, кінуўся праз пралом ва ўмацаваннях. Як падзёншчык, заняты падразаць у парку галінкі вербаў, спяшаецца нарэзаць іх як мага больш, каб зарабіць лішнія грошы, — так Мато ішоў, сякучы навокал карфагенян. Два чалавекі раптам ускочылі яму на плечы; адскочыўшы назад, ён спіной прыціснуў іх да варот і раздушыў. Меч яго раўнамерна падаў і зноў падымаўся і нарэшце разбіўся аб вугол сцяны. Тады Мато выхапіў сваю цяжкую сякеру; спераду і ззаду ён рубіў карфагенян, нібы стада авечак.
Яны расступаліся перад ім усё далей і далей і ён падышоў да другой агарожы ля падножжа Акропаля. Прадметы, скінутыя з вышыні, завальвалі сходні і ўздымаліся вышэй сцяны. Сярод руін Мато абярнуўся, каб прызваць сваіх субарацьбітоў.
Ён заўважыў раскіданыя па густым натоўпе султаны на шаломах сваіх воінаў; пер’і схіляліся ўсё ніжэй і ніжэй, пагібель пагражала салдатам; Мато кінуўся да іх; на яго заклік шырокае кола чырвоных пер’яў пачало змыкацца, воіны прабіліся да яго і абступілі. Велізарны натоўп карфагенян хлынуў на іх з баковых вуліц. Яму сціснулі бакі, натоўп падхапіў яго, пацягнуў і вынес з сабою, за ўмацаванні, дзе наспа была высокая.
Мато крыкнуў каманду: усе шчыты апусціліся на шаломы, ён ускочыў на іх, як на дах, адшукваючы месца, дзе можна было-б прабіцца скрозь умацаванні і вярнуцца зноў у Карфаген, працягваючы размахваць страшной сякерай, ён бег па шчытах, падобных да хваляў з бронзы, як бог мора, які нясецца па вадзе.
Страшэнны трэск набліжаўся сюды, зліваючыся з гукамі мернага пяяння мноства хрыплых галасоў.
Гэта была велізарная абложная вежа, абкружаная натоўпам воінаў. Яны пхнулі яе абодвума рукамі, цягнулі вяроўкі і падпіралі плячмі, бо адкос, які падымаўся з даліны да наспы, хоць і зусім не круты, быў усё-ж вельмі нязручны для машыны такой страшэнна велізарпай вагі. Вежа мела, аднак, восем велізарных колаў, акутых жалезнымі абручамі, і з самай раніцы павольна пасоўвалася наперад, быццам гара, якая ўзбіралася на другую. З яе асновы высунуўся велічэзны таран; адкідныя дзверы апусціліся і ў глыбіні з’явіліся, падобна да жалезных калюмнаў, воіны ў панцырах. Відаць было, як яны то ўзлазілі наверх, то спускаліся ўніз па двух лесвіцах, якія праходзілі праз усе паверхі. Іншыя чакалі пакуль дзверцы, адкінуўшыся, крануцца сцяны сваімі жалезнымі крукамі, каб кінуцца праз іх, як па кладках. Пасярэдзіне верхняй пляцоўкі круціліся матальні мятальных машын, і апускалася, нацягваемае пружынай, дышла катапульта.
Гамількар у гэты час чакаў на плоскім даху храма Мелькарта. Ён даўно ўжо загадаў пабудаваць тут нешта накшталт трыкутнага басейна з двух схадзіўшыхся кутом сценак з гліны, трэцяй служыла крэпасная сцяна, — якраз супроць таго месца, куды пасоўвалася абложная вежа.
Калі яна падышла крокаў на трыццаць, Гамількар загадаў пакласці дошкі зверху вуліц, паміж дамамі, ад цыстэрнаў да ўмацавання; і людзі, выцягнуўшыся ў рад, з рук у рукі перадавалі шаломы і амфоры, напоўненыя вадой, бесперапынна выліваючы іх у басейн. Карфагеняне з абурэннем глядзелі на гэту работу, абураючыся бескарысным трачаннем вады. Між тым таран абложнай вежы пачаў руйнаваць крэпасную сцяну; раптам фантан вады вырваўся з рассунутых каменняў і тады высокая бронзавая велізарына ў дзевяць паверхаў, якая заключала ў сабе і займала больш трох тысяч воінаў, пачала павольна нахіляцца, як падхоплены хвалямі карабель. Аказалася, што вада, прасякаючы ў наспу, размыла дарогу; колы пагрузлі; у першым паверсе, з-за скураной завесы, паказался галава Спендзія, які з усёй сілы дзьмухаў у сігнальны ражок са слановай касці. Велічэзная машына, быццам зведзеная сударгай, пасунулася яшчэ крокаў на дзесяць; але глеба ўсё больш і больш размякчалася, калёсы да самых восяй пагрузлі ў гразь і абложная вежа спынілася, страшэнна нахіліўшыся на бок. Катапульт пакаціўся да краю пляцоўкі; і, пад цяжкасцю дышла, упаў, разбіваючы пад сабою насцілкі ніжніх паверхаў. Воіны, якія стаялі на апушчаных дзверцах, зрываліся ў бяздонне, ці чапляліся за выпіраўшыя адусюдь канцы даўгіх бэлек і павялічвалі сваім цяжарам нахіл машыны, якая распадалася на часткі, і трашчэла па ўсіх сваіх сучленнях.
Астатнія варвары кінуліся ім на дапамогу. Яны згуртаваліся шчыльным натоўпам. Карыстаючыся замяшаннем, карфагеняне спусціліся са сцены, напаўшы на іх ззаду, забівалі, не сустракаючы адпору. Але тады прыехалі калясніцы, узброеныя косамі. Яны панесліся вакол натоўпа; карфагеняне зноў падняліся назад на сцены; ноч падыходзіла; крыху-па-крыху і варвары пачалі адыходзіць.
Наспа цяпер была так завалена трупамі, што здавалася складзенай з чалавечых цел. Пасярэдзіне ўздымалася абложная вежа, пакрытая кінутымі ўзброеннямі, час ад часу ад яе адпадалі велізарныя адломкі, быццам каменні развальваючайся піраміды. На крэпаснай сцяне былі відаць шырокія палосы, — сляды ад патокаў расплаўленага свінца; месцамі гарэлі перавернутыя драўляныя вежы; у глыбіні няясна высоўваліся дамы, быццам сходні гіганцкага амфітэатра ў руінах. Уздымаліся клубы густога дыму, уносіўшыя іскры, якія гаслі ў чорным небе.
РАЗДЗЕЛ Х
Ахвяраванне Малоху
Тымчасам карфагеняне, змучаныя смагай, накіраваліся да сістэрнаў. Яны выламалі дзверы. Толькі брудная лужына аказалася на дне.
Што-ж цяпер рабіць? Варвараў заставаліся незлічоныя полчышчы, і як толькі пройдзе іх стомленасць, яны зноў пачнуць наступленне.
Усю ноч народ раіўся, збіраючыся ў кожным квартале на рагах вуліц. Адны прапанавалі адаслаць жанчын, хворых і старых, другія раілі кінуць горад і пасяліцца ў адчэй з далёкіх калоній. Але караблёў было вельмі мала, і сонца ўзышло, а яны яшчэ нічога не вырашылі.
У гэты дзень не было бою. Усе мелі надта прыгнечаны настрой.
Тады, абмяркоўваючы прычыну няшчасця, карфагеняне ўспомнілі, што не паслалі ў Фінікію штогодных падарункаў Мелькарту Цірскаму. Жах напаў на іх. Абураныя на рэспубліку богі будуць доўга праследваць іх сваёй помстай.
На багоў глядзелі, як на жорсткіх уладарнікаў, іх уціхамірвалі маленнямі, а міласці іх дабіваліся падарункамі. Перад Малохам знішчальнікам усе былі бяссільны. Існаванне, нават самае цела людзей належала яму; і, каб выратаваць гэта цела, у карфагенян быў звычай частку яго прыносіць у ахвяру Малоху, чым супакойваўся люты гнеў боства. Дзецям прыпальвалі лоб і патыліцу шэрсцяным кнотам; гэты спосаб задавальнення Ваала даваў жрацам шмат грошай, і яны заўсёды пераконвалі ім карыстацца, як самым лёгкім і кароткім.
Але цяпер справа ішла аб выратаванні самой рэспублікі. А карфагеняне ведалі, што дарма нічога не дзецца, за ўсякую выгоду трэба плаціць адмаўленнем ад чаго-небудзь, кожная здзелка робіца адпаведна патрэбе слабага і патрабаванням моцнага. А калі так, дык ці-ж магла ахвяра быць вельмі вялікай, пакута занадта цяжкай для бога, для якога самыя страшэнныя пакутванні былі толькі асалодай; і тым больш цяпер, калі ўсе ў яго ўладзе; значыцца, трэба задаволіць яго прагавітасць. Прыклады паказвалі, што такі спосаб мог адхіліць навісшую бяду. Апрача таго, яны верылі, што ахвярванне агнём ачысціць Карфаген.
Лютасць натоўпа распальвалі загадзя.
Старэйшыны сабраліся і пастанавілі прынесці ў ахвяру ўсіх пяршынцаў мужчынскага роду.
Вельмі хутка гэта пастанова зрабілася вядомай усім у Карфагене. Горад напоўніўся лямантам, Усюды былі чутны плач і енкі жанчын; мужы суцяшалі іх, або лаялі, стараючыся наставіць на розум.
Людзі, апранутыя ў чорнае, пачалі хадзіць па дамах. Многія бацькі загадзя пакідалі дзяцей нібыццам для якой-небудзь справы, ці абяцаючы купіць дзецям салодкага; услед за імі раптам з’яўляліся служыльнікі Малоху і забіралі дзяцей. Другія бессэнсоўна аддавалі іх самі. Дзяцей адводзілі ў храм Таніты, дзе жрацы павінны былі забаўляць і карміць іх да надыходжання ўрачыстага дня.
Жрацы прышлі да Гамількара, калі ён не чакаў іх, і знайшлі яго ў парку.
— Барка! Ты ведаеш, чаго мы прышлі?.. За тваім сынам!
У першую хвіліну ў яго захапіла дыханне. Але хутка зразумеўшы, што ўсякае адмаўленне будзе дарэмным, Гамількар схіліўся перад імі і загадаў правесці іх у кантору.
Моцна ўсхваляваны ён увайшоў у пакой Саламбо, дзе быў яго сын Ганібал. Аднэй рукой схапіўшы хлопчыка, ён другой сарваў з нейкай адзежы шнурок, які цяляпаўся з яе, зьвязаўшы яму рукі і ногі, канцом заткнуў рот, як затычкай, і схаваў хлопчыка пад ложкам з быкавых скур, спусціўшы да самай падлогі шырокае пакрывала.
Потым ён тры разы пляснуў у ладкі. На зоў з’явіўся Гідэнем.
Слухай, — сказаў ён, — вазьмі ў нявольнікаў дзіцянё, хлопчыка васьмі-дзевяці год, чарнавалосага з пукатым ілбом. Прывядзі яго, ды хутчэй!
Гідэнем хутка вярнуўся і прывёў з сабою хлопчыка.
Гэта была няшчаснае дзіцянё, худое і адначасова асызлае ад заўсёднага голаду; цела яго здавалася шэрым, як брудныя лахманы па яго бёдрах; ён уцягваў галаву ў плечы і ўвесь час цёр рукою вочы, залепленыя мухамі.
Як-жа выдаць яго за Ганібала.
А знайсці другога ўжо не было часу. Гамількар глядзеў на Гідэнема; яму хацелася задушыць яго.
— Адыйдзі! крыкнуў ён, і начальнік рабоў уцёк.
Раптам праз дзверы загаварыў Абдаланім. Суфета клікалі.
Служкі Малоха трацілі цярплівасць.
Гамількар ледзь стрымліваў крык, быццам апечаны распаленым жалезам; як шалёны ён бегаў узад і ўперад па пакоі. Потым сеў на край балюстрады, якая акружала парфіравы басейн з вадой і, абапіраючыся на калені локцямі, ціскаў лоб сціснутымі ў кулакі рукамі.
У басейне заставалася яшчэ крыху вады, нарыхтаванай для абмывання Саламбо. Не гледзячы на агіду і на сваю гордасць, суфет акунуў туды хлопчыка і, як гандляр рабамі, пачаў мыць і церці яго шчоткамі і чырвонай глінай. Потым узяў са скрыначак уробленых ў сцяну два чатырохкутных цёмна-чырвоных кавалка бярвяніны, адным пакрыў яму грудзі, другім плечы і замацаваў іх над плячмі дыяментавымі пражкамі. Ён бырзнуў хлопчыку пахнючасці на галаву, надзеў на шыю бурштынавыя каралі і надзеў на ногі сандалі з абсацамі ў перлах — сандалі яго дачкі.
Хлопчык, аслеплены ўсёй гэтай раскошай, радасна ўсміхаўся і, асмялеўшы нарэшце, у захапленні пачаў нават пляскаць ў ладкі і падскакваць на месцы, калі Гамількар пацягнуў яго за сабою. Быццам баючыся страціць, ён моцна трымаў яго за руку; хлопчык, якому ён рабіў боль, ціханыка плакаў, бягучы побач з ім.
Калі яны параўняліся з эргастуламі, насустрач ім з-пад пальмы пачуўся голас, жаласны, молячы голас. Нехта ціха прагаварыў:
— Гаспадар! Ох, гаспадар…
Гамількар абярнуўся і ўбачыў побач з сабой чалавека, з прыніжаным выглядам, аднаго з няшчасных, якія жылі ў доме без усякай справы.
— Чаго табе трэба? — запытаўся суфет.
Раб, які дрыжаў усім целам, ледзь чутна прамармытаў:
— Я яго бацька…
Гамількар працягваў ісці; а той ішоў за ім ззаду, сагнуўшы спіну, выцягнуўшы наперад галаву і калены яго падгіналіся. Невырашальная славамі трывога сказіла твар раба. Плач душыў яго, так хацелася яму і распытаць Гамількара і крыкнуць яму адначасова:
— Злітуйся!…
Нарэшце ён асмеліўся злёгку, адным пальцам крануцца яго локця:
— Няўжо ты хочаш яго… у яго не хапіла сілы дакончыць, і Гамількар спыніўся на момант, здзіўлены гэтай пакутай.
Але ўзрок, якім ён адказаў, быў больш цяжкім і халодным, чым сякера ката; раб, трацячы прытомнасць, упаў на пясок да яго ног, Гамількар пераступіў праз яго.
Людзі ў чорным, утрох чакалі ў вялікай залі, прыхіліўшыся да каменнага круга. Гамількар зараз-жа пачаў рваць на сабе адзенне і качацца на плітах падлогі, рэзка выкрыкваючы:
Ах, бедны мой маленькі Ганібал! О, мой сын, мая ўцеха, мая надзея, маё жыццё! Забіце і мяне разам з ім! Увядзіце мяне! Гора! Гора!
Ён драпаў сабе пазногцямі твар, вырываў валасы і выў, як плакальніцы на пахаваннях.
— Забірайце-ж яго хутчэй! Я вельмі пакутую. Ідзіце адсюль! Забіце мяне, як і яго!
Служыльнікі Малоха дзівіліся, што ў вялікага Гамількара такое слабае сэрца. Яны былі амаль расчулены.
Пачуўся тупат босых ног і перапыністае хрыпенне, падобнае да дыхання прыбегшага дзікага звера; на парозе трэцяй галярэі, між касякоў слановых клыкоў, паказаўся чалавек, увесь бледны, жудасны, працягваўшы да іх рукі, ён крыкнуў:
— Маё дзіця!
Гамількар адным скачком кінуўся на раба, і рухой закрываючы яму рот, пачаў крычаць яшчэ гучней:
— Гэты стары выхаваў яго, ён называе яго сваім дзіцём; ён звар’яцее, даволі, даволі! Ідзіце!
І, падштурхоўваючы ў спіну і трох жрацоў і іх ахвяру, вышаў з імі і моцным ударам нагі зачыніў за сабой дзверы.
Яшчэ некалькі хвілін Гамількар прыслухоўваўся, баючыся, што яны могуць вярнуцца. Потым ён падумаў, ці не пакончыць яму з рабом, каб быць упэўненым у яго маўчанні; але небяспека яшчэ не зусім прайшла.
Ён баяўся, ль гэта смерць, калі богі будуць угневаны ёю, можа абярнуцца на яго сына. Тады, перадумаўшы, Гамількар паслаў праз Таанах лепшае, што было ў кухні; чвертку казла, бобу і кансерваў з гранатаў.
Раб, які даўно ўжо не еў, накінуўся на ежу; і слёзы яго капалі проста на страву.
Позна ўначы, Гамількар, бясшумна ступаючы, варочаўся да сябе, намацваючы ў цемры сцены і ўвайшоў у велізарную залю, куды месячнае святло пранікала праз шчыліны у кумпале; пасярэдзіне, ва ўвесь рост расцягнуўшыся на мармуровых плітах, сыты, спаў, раб.
Гамількар паглядзеў на яго і нешта накшталт жалю заварушылася ў ім. Кончыкам катурны ён падсунуў яму дыван пад галаву. Потым падняў вочы і паглядзеў на Таніту, вузкі серп якой зіхацеў на небе; ён адчуў сябе мацнейшым за Ваалаў і нават пагарду да іх. Так лёгка ўдалося яму перахітрыць багоў.
∗
∗ ∗ |
Ужо распачата была падрыхтоўка да ахвярвання.
У храме Малоха разабралі з аднаго боку сцяну, каб выцягнуць велізарнага бронзавага ідала. І калі сонца ўзышло, служыльнікі храма пачалі перасоўваць ідала на пляц Камона.
Ідал, коўзаючыся на катках, перасоўваўся, пяцячыся назад; плечы яго былі вышэй дамоў; здалёк ўбачыўшы яго, карфагеняне хутка ўцякалі, бо нельга было беспакарна глядзець на Ваала.
Па вуліцах разнесліся хвалі пахнючасцяй. Усе храмы адчыніліся адразу; з іх выступілі працэсіі са скініямі на калёсах ці на насілках, якія неслі жрацы. Вялікія султаны з пер’яў развяваліся на іх вуглах; снапы бліскучых праменняў рассыпаліся ад крышталевых, залатых, срэбных ці мядзяных куль на іх востраканцоўных покрыўках.
Богі-Патэкі на руках жрацоў здаваліся вялікімі спавітымі дзецьмі, пяткі якіх краналіся з зямлі.
Потым ішлі ўсе падначаленыя формы боства: Ваал-Самін, бог нябесных прастораў; Ваал-Пэор, бог свяшчэнных вышынь, і ўсе багі суседніх краін і сваяцкіх народаў. На высокіх палках калыхаліся зоркі з метала, афарбаванага ў розныя колеры. Тут былі усе свяцілы нябеснага зводу, пачынаючы з Чорнага неба, духу Мэркурыя, да агіднага Рагаба, увасабляючага сузор’е Кракадзіла. Абадзіры, каменні, якія зваліліся з месяца, кружыліся ў прашчах са срэбных ніцяй, жрацы неслі свае фетышы і ўсе свае амулеты; з’явіліся ідалы, ужо даўно забытыя народам; нават з караблёў знялі містычныя фігуры, як быццам Карфаген увесь цалкам меў адну толькі думку аб смерці і жалю.
Бронзавы статуй працягваў прасоўвацца да пляца Камона. Багатыя, трымаючы ў руках скупетры са смарагдавымі галоўкамі, выступілі з нетраў Мегары; старэйшыны з вянкамі на галовах сабраліся ў Кініздо; а кіраўнікі фінансаў, губернатары правінцый, гандляры, воіны, матросы і шматлікі натоўп людзей, якія звычайна наймаюцца на пахаванні, усе з адзнакамі сваіх пасад ці інструмантамі свайго рамяства, накіроўваліся да скіній, якія спускаліся з Акропаля, абкружаныя саслоўем жрацоў.
У гонар Малоха ўсе надзелі самыя лепшыя каштоўнасці. Але дыяманты зіхацелі на чорных вопратках і нішто не магло-б быць болыш змрочным, чым гэты маўклівы натоўп людзей, у якіх завушніцы віселі на пабялеўшых шчаках, а залатыя тыяры сцягвалі ілбы, нахмураныя ў жорсткай роспачы.
Нарэшце Ваал прыбыў якраз на сярэдзіну пляца. Жрацы яго зрабілі з кратаў агарожу, каб адстараніць натоўп, а самі засталіся ля ног, размясціўшыся вакол ідала. А на пляцу паасобнымі групамі размясціліся і жрацы і жрыцы іншых храмаў.
Ад часу да часу падыходзілі рады зусім голых людзей, шырока расставіўшых рукі і трымаўшых адзін аднаго за плечы. Глухія і хрыплыя гукі вырываліся з самай глыбіні іх грудзей, вочы, накіраваныя на коласа, блішчэлі ў пыле, і праз роўныя прамежкі яны ў адзін і той-жа час раскачваліся, быццам іх хто штурхаў усіх разам. Яны былі ў такім шаленстве, што для ўстанаўлення парадкаў служыльнікі храма палкамі прымушалі іх легчы на зямлю ніцма, тварам да кратаў з бронзы.
Тым часам паміж нагамі коласа разгаралася вогнішча з алоэ, кедру і лаўру. Даўгія крылы канцамі краналіся полымя; пахнючыя мазі, якімі яго нацерлі, цеклі, быццам кроплі поту, па бронзавых членах. Навокал круглай пліты, на якую ён абапіраўся нагамі, дзеці, захутаныя чорнымі пакрываламі, самкнуліся нерухомым колам; непамерна даўгія рукі Малоха працягнуліся далонямі да іх, быццам збіраючыся схапіць гэты вянок і завесці яго на неба.
Багатыя старэйшыны, жанчыны, увесь шматгаловы натоўп згуртаваўся за жрацамі і на тарасах дамоў. Вялікія размаляваныя зоркі перасталі кружыцца; скініі былі пастаўлены на зямля; дым кадзільніц падымаўся проста ўверх, падобна да гіганцкага дрэва, якое прасцерла свае галіны сярод нябеснай сіні.
Нарэшце, вярхоўны жрэц Малоха прасунуў левую руку пад пакрывалы дзяцей, вырваў у кожнага па косме валасоў над ілбамі і кінуў у агонь. І тады жрацы ў чырвоных плашчах заспявалі свяшчэнны гімн.
— Прывітанне табе, Сонца, уладар абодвух земных паясоў, творац, сам сябе параджаючы, Бацька і Матка, Бацька і Сын, Бог і Багіня, Багіня і Бог.
Галасы іх згубіліся ў гуле інструмантаў, загучэўшых адразу, каб заглушыць крыкі ахвяр.
Служыльнікі храму даўгім крукам адчынілі сем аддзяленняў, размешчаных адно над другім па целе Ваала. У самае верхняе насыпалі мукі; у другое паклалі — двух горліц, у трэцяе — малпу; у чацвертае — барана, у пятае — авечку; а з прычыны таго, што быка для шостага не аказалася, дык туды кінулі ўзятую з алтара гарбаваную скуру. Сёмая клетка засталася адчыненай.
Перш за ўсё трэба было выпрабаваць рукі ідала. Тонкія ланцужкі, пачынаючыся з пальцаў, цягнуліся да плеч і спускаліся назад; калі іх цягнулі ўніз, раскрытыя далоні паднімаліся да ўзроўню локцяў і, збліжаючыся, прысоўваліся да жывата; яны рухаліся зусім вольна, — кароткімі перапыністымі штуршкамі. Потым інструманты змоўклі. Полымя вогнішча раўло.
Жрацы Малоха хадзілі па велізарнай пліце пад нагамі ідала і разглядалі натоўп.
Патрэбна была асаблівая ахвяра, ахвяра зусім добраахвотная, бо лічылася, што яна пацягне і другія. Але пакуль ніхто не з’яўляўся; і сем праходаў, што вялі да кратаў да коласа, былі зусім бязлюдны. Каб надаць натоўпу смеласці, жрацы вынулі з-за пояса вострыя шылы і пачалі параняць сабе твары. Голых людзей, што прысвецілі сябе Малоху, ляжаўшых дагэтуль знадворку, распрасцёршыхся ніцма на зямлі, упусцілі за агарожу. Ім кінулі звязку агідных жалезных прылад, і кожны выбраў сабе катаванне. Яны ўсажвалі сабе вілы ў грудзі, рассякалі шчокі, надзявалі на галаву цярновыя вянкі; потым, сплятаючыся рукамі, акружылі дзяцей другім, парыўчаста сціскаўшымся і зноў разыходзячымся колам. У імпэтным віхры, то шчыльна падступаючы да кратаў, то адкідваючыся далёка назад, яны захаплялі натоўп, сваім пастаянна паўтараемым, галавакружыльным бегам, поўным крыві і шалёных енкаў.
Пакрыху людзі ўваходзілі ў праходы; яны кідалі ў полымя вогнішча перлы, залатыя вазы, чашы, падсвечнікі, усе свае каштоўнасці; ахвяры рабіліся ўсё больш раскошнымі і больш частымі.
Але вось хістаючыся чалавек з бледным тварам, агідна скажаным ад жаху, праштурхнуў дзіця наперад; у руках коласа прамільгнула маленькая чорная ноша; яна правалілася ў цёмнай адтуліне. Жрацы сталі на каленкі каля краю велізарнай пліты і новы гімн загучэў, выслаўляючы радасць смерці і ўваскрасення ў вечнасці.
Маленьхія ахвяры павольна падымаліся адна за аднэй, і знікалі ў дыме, які ўзнімаўся высокімі клубамі, так што здалёк здавалася, што яны знікаюць у воблаках. Ніводны не паварушыўся; усе былі звязаны па руках і нагах; і цёмныя пакрывалы перашкаджалі ім што-небудзь бачыць пазнанымі.
Гамількар, як жрэц Малоха, у чырвоным плашчы стаяў каля Ваала, каля вялікага пальца яго правай нагі. Калі прывялі чатырнаццатае дзіця, усе ў натоўпе маглі бачыць, што Гамількар зрабіў рух, поўны жаху. Але зараз прыняўшы звычайную позу, ён склаў крыжам рукі на грудзях і пачаў глядзець у зямлю; Гамількар быў так блізка да вогнішча, што часам край яго плашча кранаўся полымя.
Усё хутчэй і хутчэй рухаліся бронзавыя рукі. Яны ўжо не спыняліся больш. Кожны раз, калі на іх клалі дзіця, жрацы Малоха ўскладалі рукі на ахвяру, каб перакласці на яе ўсё злачынствы Карфагена, і гучна абвяшчалі:
— Гэта не людзі, гэта быкі!
А натоўп навокал іх паўтараў:
— Быкі! Быкі!
Святошы крычалі:
— Уладар!
Ледзь крануўшыся краю адтуліны, ахвяры зніклі, як кроплі вады на распаленай да чырвона пліце, і белы дымок уздымаўся на фоне чырвонага полымя.
Аднак голад бога не суціхаў. Ён прагнуў усё новых і новых ахвяр. Каб даць яму адразу пабольш, дзяцей пачалі па некалькі за-раз накладаць на яго рукі, прытрымліваючы таўстым ланцугом,
Нар-Гавас, хаваючыся ў гарах, здалёк сачыў за варварамі. Аднойчы ноччу берагам мора ён правёў усё сваё войска на дальні бок лагуны і ўступіў у Карфаген.
Ён з’явіўся збаўцай з шасцю тысячамі воінаў, якія неслі пад плашчамі муку, і з сарака сланамі, якія былі нагружаны фуражом і сушаным мясам.
У той-жа час у Карфаген прыбылі звернутыя Рымам чатырыста ваенных палоннікаў, захопленых у часе сіцылійскай вайны, і звесткі аб тым, што Рым адмовіўся ад саюзу з наёмнікамі.
Услед за Рымам, кіраўнік Сіракуз прыслаў у Карфаген тысячу дзвесце быкоў і пяцьдзесят тры тысячы небеляй чыстай пшаніцы, абвясціўшы сябе прыяцелем рэспублікі.
Вельмі грунтоўныя меркаванні прымушалі суседнія ўрады дапамагаць Карфагену; яны добра разумелі, што калі наёмнікі перамогуць, дык усе, ад воінаў да судамыек, паўстануць, і ні адзін урад, ніякая гаспадарка не ўстаіць перад імі.
Тымчасам Гамількар граміў усходнія правінцыі. Ён адкінуў галаў назад, і варвары апынуліся як быццам у аблозе.
Тады ён пачаў іх трывожыць. Ён набліжаўся, зноў адыходзіў і, паўтараючы ўсё той-жа манеўр, крыху-па-крыху ён прымусіў іх адыйсці ад лагера. Спендзі вымушан быў паследаваць за ўсімі; нарэшце і Мато таксама як і ён уступіў.
Але Мато не ішоў далей Туніса і заперся за яго сценамі. Астатнія войскі варвараў бадзяліся па правінцыях, праследуючы суфета.
У Кліпее да Гамількара далучыліся тры тысячы галаў, нанятых ім. Ён загадаў вывесці коняй з Кірэнаікі, прывесці з Бруцыума ўзбраенні і зноў пачаў вайну.
Ніколі яшчэ яго гені не быў так імпэтна дзейны і пладатворны. Пяць месяцаў ён цягаў за сабою варвараў, — быццам без мэты, — але ў сапраўднасці, ведаючы ўвесь час, куды ён вядзе іх.
Варвары спачатку спрабавалі абкружыць Гамількара невялікімі атрадамі; але ён заўсёды ад іх выслізваў. Абодва войскі цяпер зусім не разлучаліся. У варвараў было каля сарака тысяч воінаў; і ўжо шмат разоў яны з радасцю бачылі, як перад імі ступалі карфагеняне.
Гамількар уступіў у горы, хоць там сланам пагражала амаль поўная пагібель. Ён гэтым хацеў, як думалі варвары, сукрыць слабасць сваіх войск. Але пастаянная няўпэўненасць, у якой ён іх трымаў, нарэшце раздражняла іх болыш усялякага паражэння. Аднак варвары не падалі духам і ішлі за ім.
Нарэшце, падвечар, паміж Срэбнай і Валавянай гарой, сярод велізарных скал пры ўваходзе ў цясніну, варвары насціглі атрад велітаў Гамількара; усё яго войска знаходзілася, відавочна, тут, наперадзе, бо быў чутны глухі гул ад крокаў і гукі сігнальных ражкоў; карфагеняне зараз-жа пабеглі і схаваліся ў цясніне. Войска спускалася ў даліну, якая мела форму лезіва сякеры, і была абкружана высокімі горамі. Насцігаючы велітаў, варвары кінуліся ўслед за ім туды; у глыбіні, разам са стадам быкоў, якія імчаліся ўскач, паказаўся бягучы ў замяшальніцтве яшчэ новы атрад карфагенян. Чалавек у чырвоным плашчы на момант мільгануў сярод іх; гэта быў суфет, і радасць, і шалёны гнеў з новай сілай успыхнуў у душы варвараў.
Ніто з ленасці, ніто з асцярогі многія варвары спыніліся ля ўвахода ў цясніну. Тады з лесу выскачыў атрад конніцы і пагнаў іх мечамі і пікамі ўслед за другімі; хутка ўсе варвары апынуліся ў нізе ў даліне.
Хутка ўся грамада людзей, прабегшы ад аднаго канца цясніны да другога, спынілася; яны не знаходзілі выхада.
Сапраўды, ледзь толькі варвары спусціліся ў даліну, як людзі, якія схаваліся за абломкамі скал, падняўшы іх шастамі, скінулі ўніз; і так як спуск быў вельмі стромкім, велізарныя глыбіны хутка скаціліся і зусім закрылі вузкую цясніну.
У другім канцы даліны цягнуўся даўгі праход. У глыбіні яго, па загадзя прыстаўленых лесвіцах, сукрытыя ад варвараў скаламі, веліты хутка ўзлезлі наверх і далучыліся да арміі карфагенян, якія знаходзіліся на пласкагор’і. Варвары вельмі позна заўважылі іх. Калі яны кінуліся туды, велізарная крата, у сорак локцяў вышыні, зробленая якраз па велічыні прахода, раптам спусціліся перад імі, як шлагбаум, нечакана ўпаўшы з неба.
Такім чынам, задум суфета ўдаўся. Ніхто з наёмнікаў не быў знаёмы з горамі. Яны далі сябе завесці ў лавушку.
Аж да раніцы варвары цясніліся радамі, штурхаючы адзін аднаго, з канца у канец выходзіўшы ўсю даліну. Яны рукамі мацалі гару ў дарэмных пошуках выхада.
Нарэшце падышоў дзень; усюды навокал падымалася велізарная белая, адвесная сцяна. І нідзе ніякага ратунку, ніякай надзеі. Абодва выхады з гэтага тупіка былі замкнуты кратамі і гурбай скінутых скалаў.
Яны пераглянуліся, не сказаўшы ні слова. У поўнай зьнямозе апусціліся там, дзе стаялі, адчуўшы, як лядзяны холад прайшоў па спіне і як страшэнна цяжкімі зрабіліся ў іх павекі.
Хвіліну счакаўшы, варвары зноў ускочылі і кінуліся проста на зваленыя ля ўвахода скалы. Але нават ніжнія, сціснутыя цяжкасцю наваленых зверху, былі непахісны. Яны спрабавалі ўзлезці на іх, каб дабрацца да верхавіны; але ўсякае намаганне падняцца па гэтых выпучаных велізарынах было дарэмным.
Варвары вярнуліся да краты; яна была высаджана даўгімі цвікамі, тоўстымі, як калы, вострымі, як калючкі іглака, і так часта насаджанымі, як шчаціна на шчотцы. Але такое шаленства аўладала імі, што яны ўсё-ж накінуліся на крату. Калючкі праткнулі пярэднім усё цела наскрозь да хрыбетніка, другія коўзаліся па іх; потым усе зваліліся назад, пакінуўшы на гэтых агідных галінах клоччы чалавечых цел і скрываўленыя валасы.
Калі крыху сунялася роспач, праверылі колькі засталося харчавання. Наёмнікі, поклаж якіх загінуў, ледзь мелі харчу на два дні; у астатніх зусім нічога не было; яны чакалі абоза, абяцанага вёскамі ня поўдні.
Па даліне ўсё яшчэ бадзяліся быкі, якімі карфагеняне думалі прывабіць варвараў у цясніну, і пасля кінулі. Быкоў закалолі пікамі; з’елі, і калі страўнікі напоўніліся, думкі зрабіліся менш змрочнымі.
На наступны дзень яны зарэзалі мулаў; іх заставалася штук сорак; потым выскраблі скуры, выварылі унутранасці, стаўклі косці і ўсё яшчэ не аддаваліся роспачы; туніская армія, напэўна, паведамлёная аб тым, што з імі здарылася, павінна падыйсці.
Але ўвечары пятага дня голад узмацніўся; пачалі грызці перавязі мечаў і маленькія губкі, якімі знутры былі выкладзены шаломы.
Варвары ў знямозе ляжалі цяпер на зямлі. Яны з рэвам пасылалі праклёны Карфагену, Гамількару. Пасля пачалі стагнаць, многія ціха плакалі, нібы маленькія дзеці. Абвінавачвалі начальнікаў, абсыпалі іх пагрозамі.
Аўтарыт не баяўся паказвацца ім. Спендзі-ж, абкружаны грэкамі, хаваўся ў аднэй з расшчэлін скалы; са страху ён распусціў чуткі аб сваёй смерці.
Усе яны цяпер страшэнна схудзелі; скура пакрылася месцамі сіняватымі пражылкамі, як на мармуры. Увечары дзевятага дня памерла тры іберыйцы.
Перапалоханыя таварышы іх пакінулі ранейшае месца. З трупаў знялі вопратку і голыя белыя целы ляжалі на пяску пад сонцам.
Тады вакол іх пачалі павольна бадзяцца гараманты. Гэта было племя людзей, якія прывыклі да жыцця ў пустынных мясцох, і якія не пакланяліся ніякім багом. Нарэшце, старшы ў атрадзе зрабіў нейкі знак, і, схіліўшыся над трупамі, яны выразалі нажамі даўгія палосы мяса; пасля, прысеўшы на карачкі, прыняліся за ежу. Астатнія здалёка глядзелі на іх; пачуліся крыкі агіды і жаху, — але многія, аднак, у душы пазайздросцілі іх мужнасці.
Сярод ночы, некаторыя з гэтых, якія яшчэ вагаліся, падышлі да гарамантаў; тоячы свае жаданне, яны прасілі толькі маленькі кавалачак, толькі для паспытання, як яны гаварылі. І другія асмялелі за імі; лік іх узрастаў; хутка там сабраўся цэлы натоўп.
Той, хто перш адмаўляўся, ішоў цяпер да гарамантаў і ўжо не варочаўся назад. Яны на вугалях падпякалі кавалкі, надзеўшы іх на кончык меча; пасыпалі попелам замест солі і сварыліся за лепшыя кавалкі.
Потым, з прычыны таго, што трэба было жыць, што густ да гэтай ежы прышчапіўся, бо ўсе паміралі ад голаду, пачалі заколваць носбітаў вады, конюхаў, усіх служак наёмнікаў. Кожны дзень каго-небудзь забівалі. Некаторыя елі вельмі многа, узмацнелі і зрабіліся менш сумнымі.
Але хутка і тут пачала адчувацца няхватка. Тады жаданні абярнуліся на параненых і на хворых. Раз яны не маглі вылечыцца, ці не лепш было пазбавіць іх ад пакут; варта толькі было каму-небудзь пахіснуцца, як усе пачыналі крычаць, што ён загінуў і павінен паслужыць для другіх. Ужывалі хітрыкі, каб паскорыць іх смерць; у іх кралі апошнія рэшткі агідных порцый; быццам знянацку, на іх наступалі нагой; паміраючыя, каб запэўніць другіх у сваёй бадзёрасці, спрабавалі працягваць рукі, падымацца, смяяцца.
Туман, цяжкі і цёплы, звычайны ў тых краях у канцы зімы, апусціўся на войска на чатырнаццаты дзень. Змена тэмпературы пацягнула за сабой частыя смерці; і ў гарачай вільготнасці замкнутай схіламі гор, разлажэнне адбывалася з жахлівай хуткасцю. Крапаўшая з туману вільгаць, асядаючы на трупы, размякчала іх і хутка абярнула ўсю даліну ў велічэзную гніючую яму. Белаватая пара насілася над імі, ласкатала ім ноздры, прасякала праз поры на скуры, засцілала вочы. Нясцерпная агіда ахапіла іх. Яны знемагалі, ім хацелася лепш памерці.
Праз дза дні надвор’е праяснілася, і голад успыхнуў зноў. Часамі ім здавалася быццам у іх абцугамі вырываюць унутранасці. Тады яны качаліся ў сударагах, набівалі рот зямлёю, кусалі рукі, рагаталі шалёным рогатам.
Смага мучыла іх яшчэ больш, бо ў іх не засталося ні кроплі вады; мяхі зусім высахлі ўжо з дзевятага дня. Каб ашукаць смагу, яны прыкладалі язык да металічных пласцінак на партупеях, да ручак са слановай касці, да лезіваў мечаў.
Яны ўсё яшчэ чакалі туніскага войска.
Першымі гінулі людзі буйнага характару, афрыканцы трымаліся долей, чым галы. Зарксас ляжаў сярод балеараў, без рухаў, ва ўвесь рост выцягнуўшыся на пяску, перакінуўшы праз руку свае даўгія валасы. Спендзі адшукаў нейкую расліну з шырокімі лісцямі, збыткоўна напоўненую сокам, і каб зберагчы яе ад астатніх, абвясціў яе атрутнай і жывіўся ёю сам.
Некаторым удавалася знаходзіць хамелеонаў і змей. Але тое, што яшчэ прымушала іх жыць, была любоў і прагнасць да жыцця. Яны ўсе сілы душы накіроўвалі на адну гэту думку, намаганнем волі трымаліся за існаванне і толькі гэтым намаганнем падтрымлівалі сваё жыццё.
Самыя непахісныя трымаліся разам, размясціўшыся гурткамі ў сярэдзіне даліны, абкружаныя мерцвякамі, захутаўшыся плашчамі, яны моўчкі аддаваліся суму.
Многія, ахопленыя дзіўным брэдам, паўтаралі ўсё адно слова ці без перапынку рабілі адзін і той-жа рух. Калі, падняўшы галаву, ім здаралася глянуць адзін на аднаго, іх душыў плач пры выглядзе слядоў страшэннага руйнавання на іх тварах.
Яны ведалі, што іх чакала смерць немінучая. Колькі ўжо разоў яны дарэмна спрабавалі прабіць сабе выхад.
З боку рову дзмуў вецер і гнаў несупынным каскадам пясок праз спушчаную крату; плашчы і валасы варвараў былі засыпаны ім, быццам зямля, паднімаючыся на іх, хавала іх пад сабою. Усё было нерухома навокал; нязменная гара кожную раніцу здавалася ім усё вышэйшай і вышэйшай.
Да дваццатага дня памерла дзве тысячі азіятаў, тысяча пяцьсот чалавек з Архіпелага, восем тысяч з Лібіі, вымерла ўся моладзь у наёмнікаў і некалькі дробных плямён цалкам, — наогул дваццаць тысяч воінаў — палавіна войска.
Аўтарыт, у якога засталося толькі пяцьдзесят галаў, ужо хацеў даць сябе забіць, каб хутчэй скончыць з усім, калі на верхавіне гары, проста перад сабою, ён убачыў раптам чалавека.
Аўтарыт разглядзеў на яго левай руцэ шчыт у форме трылісніка. Ён крыкнуў:
— Карфагенянін!
І ў даліне, перад кратай і пад скаламі зараз-жа ўсё паднялося.
Воін прайшоў паўскрай бяздоння; варвары знізу глядзелі на яго.
Затым карфагенянін знік. Яны пачалі чакаць.
Нарэшце ўвечары, быццам камень сарваўся з верхавіны скал, — зверху раптам упала перавязь, зробленая з чырвонай скуры і пакрытая шыццём з трымя дыяментавымі зоркамі. У сярэдзіне яе быў выціснуты знак Вялікага Совета: конь пад пальмай. Гэта быў пропуск, пасланы ім Гамількарам.
Бязмежная радасць усхвалявала змучаных варвараў; яны абнімаліся, плакалі. Спендзі, Аўтарыт і Зарксас, чатыры італіёты, негр і два спартанцы прапанавалі свае паслугі ў якасці парламентараў.
У гэты час трэск пачуўся ў баку заваленага скаламі прахода і верхняя глыбіна, перавярнуўшыся, скаўзанулася ўніз. Скалы былі непахісны толькі з боку варвараў. З другога-ж боку варта было толькі штурхнуць іх памацней, каб яны скаціліся. Адну за аднэй карфагеняне пачалі скідаць іх уніз. Работа працягвалася ўсю ноч, а калі дзень заняўся, глыбы скал раскаціліся ля ўвахода ў даліну, як сходні гіганцкай разбуранай лесвіцы.
Варвары ўжо не маглі падняцца. Ім спусцілі лесвіцы; усе кінуліся да іх: град знарадаў з катапультаў адкінуў іх назад, толькі дзесяцёх прапусцілі.
Калі яны прыбылі ў пунічны лагер, дзверцы аднэй з палатак расчыніліся перад імі.
Гамількар сядзеў у глыбіні, на лаўцы, ля нізкага стала, на якім блішчэў аголены меч. Ваеначальнікі, стоячы, абкружалі яго.
Убачыўшы пасланых, ён у першую хвіліну адхіснуўся назад, пасля нахіліўся, каб разглядзець іх.
У іх былі незвычайна расшыраны зрэнкі і чорныя кругі вакол вачэй, якія дасягалі да нізу вушэй; пасінеўшыя насы тырчэлі паміж запалымі, спярэшчанымі глыбокімі зморшчыкамі шчок, скура на целе адвісла і зрабілася шырокай для цягліц, яна знікла пад пластом аспідна-шэрага пылу, вусны прыліпалі да пажоўклых зубоў, страшэнны смурод зыходзіў ад іх, быццам з адкапаных магілаў, быццам з раптоўна аджыўшых мерцвякоў.
Сярод палаткі, на цыноўцы, куды павінны былі сесці начальнікі, дымілася страва з варанага гарбуза.
Уздрыгаючыся ўсімі членамі, варвары не маглі адарваць ад яе вачэй, і слёзы выступілі ў іх на расніцах. І ўсё-ж яны стараліся ўстрымацца.
Гамількар адвярнуўся ад іх і з нейкім загаварыў. Толькі тады яны кінуліся да стравы, усе разам, і паляглі навокал яе на жыватах. Твары іх моклі ў тлушчы і шум ад сёрбання змешваўся з іх радасным плачам. Хутчэй ад здзіўлення, чым ад жалю, далі ім скончыць ежу.
Потым, калі яны ўсталі, Гамількар знакам загадаў гаварыць чалавеку, які насіў перавязь.
Спёндзі, перапалохаўшыся ў першую хвіліну, хутка аправіўся і пачаў расказваць аб прычыне паўстання, асабліва напіраючы на злачынствы Ганона, выстаўляючы яго галоўным вінявайцам, ведаючы, што ён вораг Гамількара, і стараючыся разжаліць суфета дробязямі перажытых бядот і напамінкамі аб іх былой адданасці. Ён гаварыў доўга, хутка, вельмі хітра і рэзка.
Гамількар адказаў, што прымае іх апраўданні. Значыць, мір будзе заключаны і цяпер ужо назаўсёды. Але ён патрабаваў, каб яму выдалі дзесяць наёмнікаў па яго выбары, без зброі і без тунік.
Яны не чакалі такой міласці. Спендзі ўскрыкнуў:
— О, калі трэба, — мы і дваццаць дамо табе, пане!
— Не, дзесяць даволі, — каротка адказаў Гамількар.
Пасля хуткай нарады, прычым на гэтым асабліва настойваў Спендзі, а Аўтарыт горача ўступіўся за асуджаных таварышоў, яны згадзіліся.
Тады Гамількар сказаў ім:
— Вы, значыцца, і сапраўды начальнікі варвараў і далі клятву за ўсіх?
— Так, — адказалі яны.
— Добра, так у моц згоды, якая адбылася паміж мной, Баркай, і ўсімі пасланымі наёмнікамі, я абіраю вас і вы застанецеся тут.
Спендзі зваліўся непрытомны на цыноўку. Варвары, быццам адмовіўшыся ад яго, цясней прытуліліся адзін да аднаго; больш ня было сказана ніводнага слова, ні аднэй скаргі.
Іх таварышы, бачучы, што пасланыя не варочаюцца, рашылі, што ім здрадзілі. Ясна, што яны проста перайшлі на бок суфета.
Ячы чакалі яшчэ два дні, а на трэці, з вялікай цяжкасцю ўзбіраючыся на скалы і, кінуўшы за сабою слабых, — іх было яшчэ каля трох тысяч, — яны пусціліся на пошукі туніскага войска.
Пасля некалькіх гадзін стамляльнага падарожжа, яны заўважылі здалёк паміж узгоркамі нейкія снапы срэбнага колеру на нязначнай адлегласці адзін ад аднаго; аслепленыя сонцам, варвары ледзь разгледзелі пад імі чорныя велізарыны. Яны ўсё раслі. Аказалася, што гэта былі пікі воінаў у вежах на грозна ўзброеных сланях.
Жах заўладаў варварамі. Яны нават не спрабавалі бегчы. Усёроўна яны былі ахоплены з усіх бакоў.
Сланы ўвайшлі ў натоўп, рассякаючы яго вострай нагруднай шпорай, пераварачваючы, быццам плугам, пікай на клыках; яны рэзалі, секлі, касілі, сваімі хобатамі, у якіх трымалі шырокія корцікі вежы, поўныя запальваючых стрэлаў, здаваліся ідучымі вулканамі; відаць была толькі велізарная куча, у якой белымі плямамі зіхацелі чалавечыя целы, кавалкі бронзы здаваліся шэрымі бляхамі, а кроў — чырвонымі патокамі; страшэнныя жывёліны, паслухмяныя як сабакі, праводзілі ў натоўпе варвараў глыбокія чорныя барозны.
Кола слоняў усё больш звужвалася; аслабеўшыя варвары не супраціўляліся; і хутка сланы дайшлі да сярэдзіны даліны. Ім ужо не хапала месца, яны цясніліся, уздымаючыся на дыбы і сустракаючыся клыкамі. Тады Нар-Гавас, які камандаваў імі, затрымаў іх, і, павярнуўшы назад, сланы бегам паскакалі да ўзгоркаў.
∗
∗ ∗ |
Такім чынам, вайна была скончана; прынамсі Гамількар лічыў яе скончанай; ён быў упэўнены, што Мато не зможа супраціўляцца; ахоплены нецярплівасцю, суфет загадаў безадкладна выступаць. Важней за ўсё цяпер было аўладаць Тунісам. І ён накіраваўся туды, падаўжаючы дзённыя пераходы.
Горад абяраняла ўсё туземнае насельніцтва і дваццаць тысяч наёмнікаў; усе яны, як і Мато, не спускалі ўзроку з Карфагена, які быў бачны з воддалі. Аб’яднаныя агульнай нянавісцю, яны хутка наладзілі абарону.
Наблізіўшыся да Туніса, карфагеняне ўбачылі на сцяне ўмацаванняў чалавека, які паднімаўся вышэй зубцоў, даходзіўшых яму ледзь да пояса. Стрэлы, ляцеўшыя вакол яго, палохалі яго, як відаць, не больш, чым чарада ластавак. Дзіўна, ні адна не закранула яго! Гэта быў Мато. Пачынаўся апошні бой; ён ні па што не спадзяваўся, але ўсё-ж думаў, што шчасце бывае зменлівым.
Гамількар спачатку хацеў паказаць наёмнікам, што ён, як з рабамі, расправіцца з імі. На маленькім узгорку супроць горада, ён загадаў укрыжаваць у рад дзесяць пасланых з Цясніны Сякеры парламантараў.
Гэта, відавочна, прымусіла абложных выйсці з-за ўмацаванняў. Пад начальствам Мато яны кінуліся на лагер Ганона, які стаяў у баку на беразе возера.
Націск быў такі імпэтны і моцны, што яны адразу адкінулі карфагенян і ўварваліся ў палатку Ганона. Ён стаяў, акружаны трыццацю карфагенянамі, самымі выдатнымі са старэйшын. Варвары падступілі да яго, абсыпаючы лаянкай і падносячы яму да твара сціснутыя кулакі. Ён-жа, у гэты час, шаптаў кожнаму на вуха:
— Я дай табе ўсё, чаго ты захочаш! Я багаты, выратуй мяне!
Яны пацягнулі яго, захапіўшы і быўшых у палатцы старэйшын. Страх Ганона ўзрастаў.
— Вы перамаглі мяне, я ваш палоннік! Я выкуплю сабе! Выслухайце мяне, сябры мае.
Сціснуты з усіх бакоў, павіснуўшы на плечах цягнуўшых яго людзей, ён паўтараў:
— Што вы хочаце са мной зрабіць? Што-ж вам трэба? Вы-ж бачыце, я не супраціўляюся! Я заўсёды быў добры з вамі.
Велізарны крыж быў ужо ўбіты перад уваходам у палатку. Варвары раўлі:
— Сюды, сюды!
Ён пачаў яшчэ мацней крычаць і, імем бога, заклінаў адвесці яго да шалішымаў, якім ён нешта скажа, ад чаго залежыць іх выратаванне.
Пазвалі Мато.
— Гавары! — сказаў ён ляжаўшаму на траве ў смяротным стамленні Ганону, які дарэмна стараўся пераканаць сябе, што ўсё гэта сон і што ніякіх крыжаў няма вакол яго. Яго паднялі.
Ганон прапанаваў ім выдаць Гамількара; пасля ён увядзе войска наёмнікаў у Карфаген і там яны стануць удвох з Мато.
Мато адышоў, зрабіўшы знак астатнім хутчэй усё скончыць. Гэта хітрасць, думаў ён, каб выгадаць час.
Варвар памыляўся; Ганон быў у такім становішчы, калі чалавек ні перад чым не спыняецца і, да таго-ж ён так ненавідзеў Гамількара, што прынёс бы яго ў ахвяру з усім яго войскам, пры самай нязначнай надзеі на выратаванне.
Тады стары суфет зразумеў, што смерць наступіла і заплакаў.
∗
∗ ∗ |
У гэты час з другога боку горада, адкуль у слупах дыму ўздымаліся языкі полымя, пасланцы наёмнікаў таміліся ў перадсмяротных пакутах.
Свежы вецер вярнуў прытомнасць тым з іх, якія ў першыя хвіліны яе страцілі; але галовы іх па-ранейшаму заставаліся схіленымі на грудзі, а цела крыху звісала, хоць рукі і былі прыбіты цвікамі вышэй галавы; з падошваў і далоняў кроў сцякала буйнымі кроплямі на зямлю і павольна падала, як падаюць з галін спелыя плады; і Карфаген, затока, горы і даліны, усё, здавалася, кружылася вакол іх, як велізарнае кола; часам хмара паднятага з зямлі пылу ахутвала іх сваім вярчальным слупам; страшная смага паліла іх, язык варочаўся ў роце і яны адчувалі, як ледзяны пот ліўся па іх членах, разам з пакідаўшым іх апошнім дыханнем.
Італьёты, самыя моцныя з іх, яшчэ крычалі; лакедэманяне маўчалі, не адплюшчваючы вачэй; Зарксас, такі магутны калісці, схіліўся, як надламаны трысціннік; побач з ім эфіоп закінуў галаву праз перакладзіну крыжа; Аўтарыт замёр без руху і толькі варочаў вачыма; яго даўгія валасы, зачапіўшыся ў шчыліне дрэва, выцягнуліся проста над лобам, а хрыпенне, якое вырывалася ў яго, было больш падобна да гнеўнага рэву; што-ж да Спендзія, дык надзвычайная адважнасць з’явілася ў яго; ён адчуваў цяпер пагарду да жыцця, упэўнены ў блізкім і вечным вызваленні, і раўнадушна чакаў смерці.
Часамі з глыбокага адранцвення, аўладаўшага імі, іх выводзіла лёгкае дакрананне пер’яў, якое прымушала іх устрапыхнуцца. Велізарныя крыллі пакрывалі іх хістальнымі ценямі, паветра агалашалася краканнем; а з прычыны таго, што крыж Спендзі быў вышэйшы ад усіх астатніх, дык на яго і спусціўся першы ястраб. Тады ён павярнуўся тварам да Аўтарыта і павольна з неапісанай усмешкай прагаварыў яму:
— Ты памятаеш львоў па дарозе ў Сіку?
— Гэта былі нашы браты, — адказаў гал, згасаючы.
∗
∗ ∗ |
Гамількар тымчасам прабіўся праз старыя, паўзруйнаваныя сцены Туніса і аўладаў горадам.
Варвары размясціліся на раўніне перад горадам, так што Карфаген быў ім бачны.
У Мато засталося яшчэ тры тысячы афрыканцаў, тысяча дзвесце грэкаў, паўтары тысячы ўраджэнцаў Кампаніі, дзвесце іберыйцаў, чатырыста этрускаў, пяцьсот самнітаў, сорак галаў і атрад нафураў, вандроўных разбойнікаў, якія далучыліся да яго ў часе бадзянняў на краіне фінікавых пальм; усяго было сем тысяч дзвесце дзевятнаццаць воінаў, але ніводнай цэлай сінтагмы. Дзіркі ў паламаных узбраеннях яны заткнулі лапаткамі забітай жывёлы, а бронзавыя катурны замянілі сандалямі з нейкага рыззя. Іх кальчугі віселі ў клоччах і скрозь іх выступалі рубцы старых і, як чырвоныя ніці, цягнуліся на валасатых руках і на абветраных тварах.
Мато пастроіў варвараў у шэсць роўных радоў. У сярэдзіну паставіў этрускаў, скаваных бронзавым ланцугом; за імі стаялі стралкі, а на флангах нафуры, конна на кароткапоўсных вярблюдах, упрыгожаных пер’ямі стравусаў.
У падобным-жа парадку і суфет размясціў сваё войска. У яго было звыш чатырнаццаці тысяч салдатаў, — роўна ў два разы больш чым у войску наёмнікаў.
Спачутку павольна, потым усё паскараючы свой крок, абодвы войскі пачалі зыходзіцца. І раптам пачуўся страшэнны грукат, падобны да грукату двух сутыкнуўшыхся флотаў. Першы рад варвараў хутка разамкнуўся і стралкі, схаваныя за імі, пачалі кідаць ядры, стрэлы і дроцікі.
Тады Гамількар падзяліў сваю конніцу на эскадроны, размясціў паміж імі гоплітаў і кінуў іх на наёмнікаў.
Гэта конусападобная грамада выставіла на фронце коннікаў; а шырокія бакі шчацініліся пікамі. Варвары не маглі супраціўляцца ёй.
Але скаваныя ланцугой этрускі не рухаліся з месца. Іх шырокая бронзавая лінія то рассоўвалася, то сціскалася, рухлівая і жуткая, як змяя непрыступная, як каменная сцяна. Варвары хаваліся за яе, каб самкнуцца і зноў перастроіцца, і, пераводзячы злёгку дух, зноў ішлі наперад з абломкамі мізэрнай зброі ў руках.
Аднак, рады клінабараў аказаліся раскіданымі па ўсёй раўніне; наёмнікі зрывалі з іх узбраенне, надзявалі на сябе і ўступалі ў бой. Карфагеняне, памыляючыся, прымаючы пераапранутых за сваіх, многа разоў траплялі ў іх рады. Жах ахапіў іх, яны беглі назад, а пераможныя крыкі, якія ўзьнімаліся здалёка, быццам гналі іх, як адломкі караблёў, якія ўносяцца бурай.
Гамількар упадаў у роспач. Усё гінула, дзякуючы генію Мато і непераможнай смеласці наёмнікаў.
Але раптам на гарызонце, з боку Карфагена, пачаўся глухі гул тамбурынаў. Гэта ішоў натоўп старых, хворых, пятнаццацігадовых дзяцей, нават жанчыны былі сярод іх; не маючы сіл перамагчы сваю страшную трывогу, яны вышлі з Карфагена; аддаючы сябе пад абарону якой-небудзь грознай сілы, яны ўзялі з сабою з садоў Гамількара адзінага слана, які яшчэ застаўся ў рэспубліцы, слана з адсечных хобатам.
Тады карфагенянам здалося, што бацькаўшчына, пакінуўшы свае сцены, з’явілася сюды, каб загадаць ім памерці за яе. Шалёная ярасць успыхнула ў іх з падвойнай сілай, а нумідзійцы пацягнулі за сабою ўсіх.
Варвары, трымаючыся ў сярэдзіне раўніны, абапіраліся спінай на невялікі ўзгорак. У іх ужо не было надзеі ні на перамогу, ні нават на захаванне жыцця; але гэта былі самыя лепшыя, самыя бясстрашныя і моцныя воіны.
Прыбыўшы з Карфагена натоўп пачаў кідаць у іх праз галовы нумідзійцаў, цесным колам абкружыўшых рэшткі наёмнікаў, вярцёлкі, шпікавальныя іголкі, малаткі, усякія колючыя і рэжучыя хатнія рэчы; і воіны, перад якімі дрыжэлі нядаўна рымскія консулы, гінулі цяпер пад палкамі, кінутымі жанчынамі; карфагенская чэрнь пабівала наёмнікаў.
Карфагеняне коўзаліся ў крыві; схіл узгоркаў быў такі стромкі, што трупы забітых скочваліся ўніз. Слон, спрабуючы ўзыйсці на яго, крочыў па мёртвых целах, да самага бруха пагразаючы ў іх гурбе; здавалася, што ён з асалодай топчыцца ў іх; і яго пакарочаны хобат, шырокі на канцы, кожны момант працягваўся ўверх, як велізарная чорная п’яўка.
Потым усё спынілася. Скрыгочачы ад ярасці зубамі, карфагеняне глядзелі на верхавіну ўзгорку, дзе яшчэ стойка трымаліся варвары; нарэшце, адразу кінуліся наперад і сутычка ўзнавілася.
Часамі наёмнікі падпушчалі іх блізка да сябе, крычучы, што здаюцца; потым, з жахлівым рогатам раптам забівалі адзін аднаго; калі мёртвыя падалі, жывыя, абараняючыся, станавіліся на іх. Стварылася піраміда, якая паступова ўсё больш і больш вырастала.
Хутка іх засталося ўсяго пяцьдзесят, потым — толькі дваццаць, потым — тры і, нарэшце — толькі двое: самніт, узброены сякерай, і Мато, у якога быў яшчэ цэлы яго меч.
Прысеўшы на карачкі, самніт па чарзе рубіў сякерай, то ўправа, то ўлева і ў той-жа час папярэджваў Мато аб ударах, пагражаючых яму.
— З гэтага боку, начальнік, і сюды! Нахіліся!
Мато страціў ужо і наплечнікі, і шалом, і свой панцыр; ён быў голы, збялеў, як мярцвяк, валасы сталі торчма, пена выступіла ў кутках рота; меч яго так хутка круціўся, што зіхацеў арэолам навокал яго галавы. Раптам, кінуты камень раздробніў яму меч ля самай рукаяткі; самніт быў забіты і паток карфагенян сціскаўся ўсё цясней; яны ўжо краналіся яго. Тады ён паднёс да неба свае абязброенныя рукі, заплюшчыў вочы і, працягнуўшы рукі, як чалавек, што кідаецца ў мора са скалы, — кінуўся на пікі.
Пікі ім адхіліліся. Некалькі разоў кідаўся ён на карфагенян. І кожны раз яны адступалі, адхіляючы зброю.
Нагой ён закрануў чыйсці кінуты меч. Мато нахіліўся, каб схапіць яго. Але раптам адчуў сябе звязаным па руках і нагах, і зваліўся на зямлю.
Ужо некалькі часу, крок за крокам ішоў за ім Нар-Гавас, які трымаў адну з тых шырокіх сетак, якімі ловяць дзікіх звярэй, выбраўшы хвіліну, калі Мато нагнуўся, Нар-Гавас аблытаў яго цянётамі.
Мато палажылі на спіну слана, накрыж звязаўшы яму рукі і ногі; і ўсе, хто не быў паранены, суправаджаючы яго, шалеючым натоўпам накіраваліся ў Карфаген.
Вадзяны гадзінннік храма Камона паказваў пятую гадзіну ночы, калі пераможцы прыбылі ў Малку; тады Мато адплюшчыў вочы. Дамы былі так ярка асветлены, што горад здаваўся ахопленым полымем.
Грознае нараканне няясна даносілася да яго і, лежачы на спіне, ён глядзеў на зоркі.
Потым зачыніліся нейкія дзверы і змрок ахутаў яго.
∗
∗ ∗ |
У тую-ж гадзіну, апошні з воінаў, пакінутых у Цясніне Сякеры, паміраў.
У той дзень, калі адышлі самыя здаровыя і дужыя, да цясніны, дзе было яшчэ каля трох тысяч паўжывых воінаў, падышоў з поўдня абяцаны абоз з харчаваннем.
Але варвары ўжо не маглі ісці. Яны чакалі з’яўлення Мато; з маладушша, вяласці, з упартага нежадання, уласцівага хворым, пакінуць насаджанае месца, яны не хацелі ісці з гор. Поўнае бязволле і бяссілле аўладала імі. Карфагеняне ведалі, што к таму дню, калі палоннага Мато прывезлі на слане ў Карфаген, варвараў засталося не больш тысячы трохсот чалавек, і каб з імі пакончыць, нават не трэба было салдатаў.
Дзікія зверы, асабліва ільвы, страшэнна распладзіліся за тры гады вайны. Нар-Гавас зрабіў вялікую аблаву на іх, а потым пагнаў у Цясніну Сякеры, — яны ўсё былі там, калі воін, пасланы старэйшынамі, прышоў паглядзець, што засталося ад варвараў.
Па усёй даліне павольна хадзілі ільвы, ці ляжалі побач, з трупамі. Мёртвыя целы змяшаліся ў кучу з вопраткамі і ўзброеннямі. Амаль у кожнага не хапала твара, ці рукі, некаторыя здаваліся яшчэ зусім не закранутымі, другія цалкам высахлі і пыльныя чэрапы былі пакрыты шаломамі; з бронявых накаленнікаў тырчэлі ногі, пазбаўленыя мяса, на шкілетах яшчэ засталіся плашчы; выбеленыя сонцам косці зіхатлівымі плямамі ляжалі на пяску.
Жмурачыся ад яркага дзеннага святла, яшчэ ўзмоцненага адбіткам белых скал, ільвы адпачывалі, лежачы грудзьмі да зямлі і выцягнуўшы абедзве пярэднія лапы. Другія, сеўшы на заднія лапы, пільна глядзелі ў прастору, ці спалі, згарнуўшыся ў клубок, поўзахутаныя густой грывай; і ўсе яны здаваліся такімі сытымі, стомленымі, сумнымі. Яны былі такімі-ж нерухомымі, як горы вавокал, як мерцвякі.
Ноч спусцілася; шырокія чырвоныя поласы цягнуліся па небе на захадзе.
Над аднэй з груд, раскінутых у розных мясцох па даліне, нешта няяснае — падобнае да здані — паднялося і заварушылася. Тады адзін з ільвоў устаў і падышоў да яго, вырысоўваючы сваёй страшэннай постаццю велізарны чорны цень на фоне цемна-чырвонага неба; падышоўшы да чалавека, адным ударам лапы леў перавярнуў яго.
Потым лёг на яго і павольна клыкамі пачаў раздзіраць яму ўнутранасці.
Потым шырока разявіў пашчу і некалькі хвілін грымеў яго працяглы рэў, паўтораны рэхам гор, да таго часу, пакуль апошні гук не замёр у пустыні.
Раптам дробныя каменчыкі і пясок пасыпаліся зверху. Пачуўся шум спехатлівых крокаў, і з боку кратаў, з цясніны, адусюль паказаліся завостраныя морды і тырчэўшыя вушы; у змроку зіханулі дзікія вочы.
Гэта былі чакалы, якія прышлі паядаць рэшткі.
Карфагенянін, які глядзеў, схіліўшыся над краем бяздонна, уніз, павярнуўся і пайшоў назад.
РАЗДЗЕЛ ХII
Смерць Мато
Карфаген быў ахоплен радасцю — глыбокай, усеагульнай, бязмернай і бязмежнай; залаталі пралом, убралі руіны, нанова афарбавалі статуі багоў, пасыпалі вуліцы міртавымі галінкамі; на скрыжаваннях дарог дыміўся ладан, і натоўп на тэрасах у стракатых вопратках здаваўся грудамі распукаючыхся кветак.
Несупынны гул заглушаўся выкрыкамі ваданосаў, паліваючых брук; рабы Гамількара ад яго імя прапанавалі праходзячым палены мігдаль і сырое мяса кавалкамі, усе падыходзілі адзін да аднаго, цалаваліся і плакалі; царскія гарады былі заваяваны, вандроўнікі прагнаны, усе варвары зьнішчаны. Акропаль знікаў пад каляровымі пакрываламі; насы трырэм, выстраеных даўгім радам за молам, паблісквалі, быццам стаў з дыямэнтаў; усюды адчуваўся адноўлены парадак, пачатак новага жыцця, разліваючага навокал шчасце; у гэты дзень святкавалі шлюб Саламбо і правадыра нумідзійцаў.
На тэрасах храма Камона гіганцкі каштоўны посуд і аздобы пакрывалі тры даўгіх сталы, за якімі павінны былі сесці жрацы, старэйшыны і багатары; чацверты больш высокі стол быў прызначан для Гамількара, для Нар-Гаваса і для Саламбо; з прычыны таго, што Саламбо, звярнуўшая пакрывала багіні, выратавала бацькаўшчыну, народ абярнуў яе вяселле ў нацыянальную ўрачыстасць, і ўнізе на пляцы, натоўп чакаў яе з’яўлення.
Другое відовішча, яшчэ больш вострае, раздражняла несцярплівасць натоўпа: яму абяцалі ў гэты ўрачысты дзень удзел у пакаранні Мато.
Доўга не маглі прыдумаць яму належнай кары. Спачатку хацелі садраць з яго скуру жыўцом, хацелі заліць яму ўнутранасці расплаўленым свінцом, ці замарыць голадам. Другія прапанавалі вазіць яго на вярблюдзе, уваткнуўшы папярэдня ў цела ільняныя кнаты, прасякнутыя алеем: яны загадзя радаваліся, уяўляючы сабе, як велізарная жывёліна будзе расхажваць па вуліцах, нясучы на сабе чалавека, які будзе звівацца ў полымі, як свяцільнік, калыхаючыся ад ветру.
Але каму з грамадзян даручыць катаваць яго і чаму пазбаўляць асалоду ўсіх астатніх? Трэба было прыдумаць такую смерць, у якой удзельнічаў-бы ўвесь народ, каб усе рукі, усё ўзброенне, кожная рэч у Карфагене, ад плітаў брука і да водаў затокі, таксама маглі рваць, мучыць, зніштажаць яго.
І старэйшыны вырашылі, што ён пойдзе ад самай турмы на пляц Камона без праважатых, са звязанымі за спіной рукамі; забаранілі біць яго ў сэрца, каб ён надалей заставаўся жывым; забаранілі выколваць яму вочы, каб ён да канца бачыў сваё катаванне, забаронена было таксама кідаць у яго чым папала і ўдараць яго больш, чым трыма пальцамі адразу.
Хоць ён павінен быў з’явіцца толькі перад канцом урачыстасці, усё-ж натоўпу некалькі разоў здавалася, што ён яго бачыць; усе кідаліся да Акропаля, вуліцы на момант пусцелі, а затым, незадаволена наракаючы, натоўп вяртаўся назад. Многія ад самага золку не ўходзілі з месца і ў глыбокім хваляванні хадзілі ўзад і ўперад; другія былі такія бледныя, быццам чакалі ўласнай кары.
Раптам з Мапал, над галовамі, паказаліся высокія апахалы з пер’яў. Гэта Саламбо выходзіла з палаца, ва ўсіх вырваўся ўздых палягчэння.
Наперадзе ішлі жрацы багоў-Патэкаў, пасля жрацы Эшмуна, Мількарта і адна за аднэй усе калегіі жрацоў, за імі ішлі жрацы ў паўпразрыстых вопратках жоўтага і чорнага колеру, якія крычалі падобна птушкам, звіваліся, як вужакі, або плаўна кружылі пад гукі флейтаў, увасабляючы рух зор; ад іх лёгкіх вопратак па вуліцах плылі хвалі далікатных пахаў. Жаночы пачатак усюды цараваў у гэты дзень.
Па меры таго, як калегіі жрацоў праходзілі, яны выстройваліся ў дварах храмаў, на знадворных галярэях і ўздоўж падвойных лесвіц, якія паднімаліся ля сцен, збліжаючыся ўверсе. Рады белых вопратак паказваліся паміж каланадамі, увесь будынак напоўніўся жывымі чалавечымі статуямі — нерухомымі, як вылепкі з камення.
Унізе бурна загудзеў натоўп. З суседніх вуліц хлынулі новыя натоўпы людзей; служыльнікі храма гналі іх палкамі назад. І абкружаная старэйшынамі, увенчатымі залатымі тыарамі, на насілках пад пурпуровым полагам з’явілася Саламбо.
Шалёныя крыкі агаласілі ўвесь пляц; цымбалы і кроталы зазвінелі гучней; тамбурыны загрымелі, вялікі пурпуровы полаг схаваўся паміж калюмнамі портала храма.
Ён зноў з’явіўся на першай пляцоўцы ўжо без насілак. Саламбо павольна ішла пад ім; пасля яна прайшла па тэрасе, накіроўваючыся ў глыбіню, дзе села на трон, выразаны з шчыта велізарнай морскай чарапахі. Пад ногі ёй падсунулі ўслончык са слановай касці з трыма сходкамі, на вуглах ніжняй з іх стаялі на каленах двое чорных дзяцей і яна часамі апіралася аб іх галовы абодвума рукамі, абцяжанымі надта цяжкімі пярсьцёнкамі.
Ад шчыкалатак да бёдраў яе сцягвала блішчастая як перламутр, сетка з частымі петлямі, нагадваўшымі рыбавую луску, сіні пояс ахопліваў стан, адкрываў яе грудзі, выступаўшыя скрозь прарэзы ў выглядзе паўмесяца, падвескі з карбункула хавалі іх кончыкі. Прычоска з уплеценымі пер’ямі паваў, нібы зоркамі выкладзеная каштоўнымі каменнямі, упрыгожвала яе галаву; шырокі белы, як снег плашч спускаўся назад з яе плеч.
Ніжэй, на другіх сядзеннях змясціўся яе бацька і муж; Нар-Гавас у светлай сімары, у вянку з каменнай солі, адкуль выбіваліся дзьве пасмы валасоў, закручаных, як рогі Амона; і Гамількар у фіялетавай туніцы, расшытай залатымі вінаграднымі галінамі, з баявым мечам ля бядра.
Ззаду Саламбо выстраіліся жрацы Таніты ў белых ільняных вопратках; справа, даўгой залатой паласой працягнуліся тыары старэйшын; з другога боку багатыры са сваімі смарагдавымі скіпетрамі размясціліся такім-жа радам, але зялёнага колеру; а ў глыбіні, жрацы Малоха з-за сваіх чырвоных плашчаў, здаваліся барвянай сцяной. Жрацы астатніх храмаў занялі ніжнія тэрасы. Натоўп запоўніў вуліцы. Людзі ўзлазілі на дамы і цясніліся доўгімі радамі да верхавіны Акропаля.
Увесь народ сабраўся ля ног Саламбо, неба блакітнела над яе галавой, навокал разгарнулася бязмежнасць мора, затокі і горы і далёкія правінцыі, а ў самой сярэдзіне праменна-светлая Саламбо здавалася геніем карфагенскай рэспублікі, уваплачэннем яе душы.
Свята павічна было працягвацца ўсю ноч. Рабы, падбіраючы тунікі, хадзілі навокал сталоў на дыбачках, час ад часу грымелі ліры, выконваючы ўрачысты гімн, ці гучэў хор галасоў. Гул натоўпа, незмаўкальны як шум мора, увесь час насіўся навокал і быццам баюкаў сваяасаблівай шырокай гармоніяй; за сталамі ўспаміналі аб балі наёмнікаў, усе аддаваліся марам аб шчасці, сонца пачало спушчацца, і серп месяца ўжо падымаўся на другім баку неба.
Але вось Саламбо, быццам яе нехта аклікнуў, павярнула галаву, натоўп, які не зводзіў з яе вачэй, таксама пачаў глядзець у напрамку яе ўзроку.
На верхавіне Акропаля дзверы цямніцы, высечанай у скале каля самага храма, адчыніліся і ў чорнай дзірцы, на парозе стаў чалавек.
Ён вышаў адтуль сагнуўшыся ўдвое, са збянтэжаным выглядам дзікага звера, знянацку выпушчанага на волю.
Светло асляпіла яго; некалькі момантаў ён прастаяў нерухомы. Усе пазналі яго і затрымалі дыханне.
Нарэшце, ён рушыў уперад, першае здзіўленне рассеялася. Мноства рук паднялося над ім і схавала яго.
Да Акропаля вяла лесвіца з шасцюдзесяцю сходкамі. Ён спускаўся, быццам падхоплены вадаспадам з верхавіны гары; відаць было, як ён тры разы скакаў; потым, унізе ён адразу станавіўся на ногі.
Плечы яго былі ў крыві; грудзі ўздрыгвалі, сціснутыя дыханнем; ён рабіў такія намогі, каб парваць свае путы, што рукі яго, звязаныя накрыж на голай спіне, надзьмуваліся, як звенні змяі.
З таго месца, дзе ён апынуўся, перад ім разыходзілася некалькі вуліц. У кожнай з іх працягнутай былі з канца ў канец паралельна тры рады бронзавых ланцугоў, прымацаваных да пупкоў багоў-Патэкаў, якія стаялі на ўсіх скрыжаваннях вуліц; натоўп цясніўся за імі да дамоў, а пасярэдзіне хадзілі служкі і старэйшыны, патрэсваючы бізунамі.
Адзін з іх штурхнуў Мато ўперад, сцебануўшы з усёй сілы. Мато пакорліва пайшоў.
Усе выцягнулі рукі паверх ланцугоў, крычучы, што палонніку пакінулі надта шырокі праход; ён ішоў і бязлікія пальцы вялізарнага натоўпа абмацавалі, калолі, раздзіралі яго; калі ён даходзіў да канца вуліцы, перад ім раскрывалася другая; некалькі раз ён кідаўся ў бок, каб схапіць каго-небудзь зубамі; але ўсе вельмі хутка адскаквалі, ланцугі затрымлівалі яго, і натоўп заліваўся рогатам.
Нейкае дзіцянё разарвала яму вуха; маладзенькая дзяўчына, схаваўшы ў рукаве верацяно, разрэзала яму шчаку; яму вырывалі пасмы валасоў, аддзіралі кавалкамі скуру. З правага боку горла палілася кроў; натоўп лютаваў. Гэты апошні варвар быў для карфагенян уваплачэннем усіх варвараў, усяго паўстаўшага войска; яны помсцілі яму за ўсе свае пакуты, за ўсе перажытыя жахі, за сваю ганьбу. Ярасць натоўпа разгаралася; у занадта нацягнутых ланцугах раскручваліся звенні і ледзь не разрываліся; людзі ўжо не адчувалі ўдараў, якімі рабы іх адганялі, некаторыя чапляліся за выступы дамоў; з усіх адтулін у сценах тырчэлі чалавечыя галовы; і ўсё зло, якое яны ўжо не маглі зрабіць, яны выкрыквалі з лаянкай.
Гэта была жорсткая, грубая лаянка, бессаромная, з насмешлівымі падбухторваннямі, праклёнамі; і як быццам мала было яму тых пакут, якія ён цярпеў зараз, яны прадракалі яму яшчэ больш страшныя ўперадзе ў вечнасці.
Незмаўкальнае, бессэнсоўнае выццё напаўняла Карфаген. Часам адзін які-небудзь склад — хрыплы, ярасны, глыбокі гук, — у адзін голас на працягу некалькіх хвілін паўтараўся ўсім народам. Ад самай замлі да дахаў дрыжэлі ад яго сцены дамоў; і Мато здавалася, што абодва бакі вуліцы, падзеленыя ланцугамі, цягнуліся да яго, падымаючы яго, як дзве велізарныя рукі і душылі яго ў паветры.
Ён успомніў, што некалькі раней ён адчуваў нешта падобнае. Той-жа натоўп на тэрасах, тыя-ж самыя ўзрокі, тая-ж ярасць; але тады ён ішоў вольна, усе адхістваліся, яго прыкрывала боства. Гэты ўспамін, які рабіўся ўсё больш выразным, нагнаў на яго цяжкі смутак. Цені мільгацелі перад яго вачыма; горад кружыўся навокал галавы, кроў лілася цурком з раны на бёдры; ён адчуваў, што памірае; калены яго падгіналіся, і ён ціха апусціўся на пліты брука.
Нехта прынёс распаленую жалезную паласу і, прасунуўшы яе пад ніжні ланцуг, прылажыў да раны. Цела задымілася, ярасныя крыкі пакрылі голас Мато; ён зноў стаў на ногі.
Зрабіўшы шэсць крокаў, ён упаў другі раз, потым трэці і чацверты раз; кожны раз новае катаванне паднімала яго. На яго накіроўвалі трубы, з якіх ляцелі кроплі кіпячага масла; пад ногі кідалі бітае шкло; ён усё ішоў. На рагу вуліцы Сахеб, пад навесам крамкі, Мато прыхіліўся спіной да сцяны і больш не рухаўся.
Рабы быў аго бізуна з гіпапатамавай скуры так доўга і так ярасна, што махроцце іх тунік зрабілася мокрым ад поту. Мато здаваўся непрытомным; раптам ён сарваўся і кінуўся бегчы наўздагад, губы яго трэсліся, нібы ад страшэннага холаду. Ён прабег уздоўж вуліцы Будэса, праскочыў праз Сенны рынак і апынуўся на пляцы Камона.
Цяпер ён належыў жрацам; рабы расштурхалі натоўп; зрабілася больш прасторна. Мато паглядзеў навокал і сустрэўся вачыма з Саламбо.
З першага кроку яго, яна паднялася з месца; потым мімавольна, па меры таго, як ён набліжаўся, яна падыходзіла ўсё бліжэй да краю тэрасы; і хутка ўсё, што было навокал, знікла з яе вачэй, яна бачыла аднаго толькі Мато. У душы яе зрабілася цішыня, — адкрылася адно з бяздонняў, у якіх увесь свет знікае, пад націскам аднэй адзінай думкі, аднаго ўспаміну, узроку. Чалавек, які да яе крочыў, прыцягваў яе.
Ад яго, апрача вачэй, не засталося нічога чалавечага; гэта быў даўгі касцяк, зусім чырвоны ад крыві; разарваныя путы звісалі ўздоўж бёдраў, але іх нельга было адрозніць ад жылаў на руках, з якіх была садрана скура і мяса; рот быў шырока разяўлены; з вочніц, здавалася, вырывалася два языкі полымя, быццам уздымаючыся да валасоў; — і няшчасны ўсё яшчэ ішоў наперад.
Ён дайшоў якраз да самай тэрасы. Саламбо нахілілася над біламі; гэтыя страшныя вочы ўсё яшчэ любаваліся ёю, і раптам яна зразумела ўсё, што выпакутваў ён дзеля яе. Ён паміраў цяпер, а яна бачыла яго зноў у палатцы на каленах перад ёю, абдымаючым рукамі яе стан, шэпчучым пяшчотныя, ласкавыя словы; яна прагла адчуваць іх яшчэ; пачуць іх зноў; ёй хацелася крычаць з гора.
Мато ніцма ўпаў і больш не рухаўся.
Саламбо амаль непрытомную аднеслі і зноў пасадзілі на трон; жрацы сабраліся навокал яе. Яны віншавалі яе; гэта была яе справа. Усе апладыравалі, стукалі нагамі, выкрыквалі яе імя.
Нехта кінуўся да трупа. Па плашчы і асаблівым нажы за поясам — гэта быў жрэц Малоха.
Адным ударам нажа ён рассек грудзі Мато, вырваў сэрца, палажыў яго на лыжку і, падняўшы ўгару руку, прынёс яго ў афяру заходзячаму сонцу.
Сонца апускалася ў ваду затокі; прамяні яго падалі даўгімі стрэламі на трапечучае, яшчэ жывое чырвонае сэрца. Свяціла апускалася ўсё глыбей у хвалі, па меры таго, як заціхалі біцці сэрца; і з апошнім біццём яго яна схавалася зусім.
Тады па ўсёй прасторы, ад затокі да лагуны, ад пярэсмыка да маяка, ва ўсіх вуліцах, на дахах дамоў і на храмах пачуўся адзіны крык; ён то перапыняўся, то зноў вырастаў; будынкі хісталіся ад яго.
Карфаген быў ахоплен сударагай тытанічная радасці і бязмежнай надзеі.
Нар-Гавас, ап’янёны гордасцю, абняў левай рукой стан Саламбо, у знак аўладання ёю, а правай узяў залаты келіх і выпіў за гені Карфагена.
Саламбо, як і яе муж, таксама паднялася з келіхам. Але ледзь паспеўшы выпрастацца, упала, закінуўшы галаву; бледная, адранцвеўшая, з раскрытымі вуснамі; распушчаныя валасы звесіліся да самай зямлі.
Так памерла дачка Гамількара.
- ↑ Курсіўны тэкст дададзены на аснове расейскага перакладу Аляксандра Менскага. У электроннай копіі кнігі гэты ўрывак не відаць. (Вікікрыніцы )