Лясьнікова сена (1932)/Лясьнікова сена
← Віктар Бэнэдыктавіч Вальтар | Лясьнікова сена Апавяданьне Аўтар: Віктар Вальтар 1932 год |
Лясьнікова сена
Цяпер я не магу ўспамінаць гэтага бяз сьмеху, але тады — мне было зусім ня сьмешна.
Я толькі што перайшоў літоўскую граніцу. Памятаю, што бабуля, якая мяне перавяла акопамі, праз самыя страшныя мейсцы, і якая мне дала на дарогу добрую порцыю хлеба з маслам, — пры расставаньні сказала:
„Ну, далей, я не пайду! — Тут ужо латышы. Яны могуць мяне злавіць. Ідзі — вось гэтай дарогай, проста, нікуды не зварачываючы“.
Яна паказала пры гэтым рукой па роўнай дарозе, выхадзіўшай з лесу ў адкрытае поле.
„Так гэта ўжо Латвія?“ — спытаў я ў надзвычайным зьдзіўленьні.
Мне маляваліся надзвычайныя эпізоды — пагоня, пабег, стрэлы… І раптам, зусім проста, быццам з мяжы аднаго поля, пераходзячы на мяжу другога, — я перайшоў граніцу. Мне хацелася расцалаваць ад радасьці бабулю, але пакуль я агледзіўся, яна была ўжо далёка ад мяне. Толькі вецер разьвіваў канцы яе хусткі ды фалды спадніцы, нагадываючы нейкую героіню рамантычнай фільмы.
Я спакойна адпачнуў і пашоў. Праз які час зблудзіў, ледзь не наткнуўся на прахадзіўшага полем, з патупленай у зямлю галавой, літоўскага пагранічніка, але нейкім цудам захаваўся за сасну і застаўся незаўважаным. Потым чуў у лесе нейкія выстралы, — ня то паляваньня, ня то пагранічнай варты, — уцякаў. І вось, нарэшці, выйшаў на вялічэзны гасьцінец, што вядзе ў мой родны Дзьвінск.
Я свабодна ўздыхнуў. Так вось яна, мая Бацькаўшчына, дзе калісьці ўсё пенілася, іскрылася ўсімі фарбамі вясёлкі, дзе прайшло (балей чым мінуўшы — забыты час!) маё мілае, сьветлае plusguam perfectum. І ўсё-ж-ткі, цяпер Бацькаўшчына ня тая, і я ня той: няма пражытых гадоў, зламаных і зьнішчаных сіл.
Пакуль я так, поўны лірыкі, сядзеў на берагу дарогі, зьвесіўшы ногі ў канаву, калі гляну — што за ліха! — ляціць проста на мяне з усей сілы падвода. На падводзе відаць некалькі чалавек, ня інакш як мяне забіраць. „Што-ж?“ — думаю: — „Уцякаць няма куды. Пайду сьмела наперад!“ А ў галаве ўжо заскакалі магчымыя тлумачэньні, чаму я апынуўся ў гэтай пагранічнай паласе.
Пад‘яжджае падвода бліжэй, яшчэ бліжэй. У мяне сэрца замёрла, — нават чую, што ня б‘ецца. Вось ужо ногі не магу падняць, язык адымае, горла сохне. „Ну, думаю, вось і перайшоў граніцу“!
Раптам, падвода раўняецца са мной, і барадаты старавер, кіруючы канём, крычыць:
„А, маладзец, чакай мяне на адваротным шляху!“
І падвода пакаціла далей. Я нават людзей не пасьпеў разглядзець.
Іду далей, лаю сябе за трусасьць, плююся на ўсе бакі дарогі ды лаю ня ў час вясёла праглянуўшае сонца. Ісьці стала зусім немагчыма, ня тое што зраньня, калі дождж ліў, як з вядра, і ўсе пагранічнікі пахаваліся.
Іду. Да Дзьвінску яшчэ далёка. Каб было весялей, лічу белыя камені, пастаўленыя па бакох гасьцінца. Раптам чую, нехта едзе за мной. Аглядаюся тая самая падвода, якую я спаткаў раней. Едзе адзін.
„Ну, паедзем?“ — пытае мяне той самы барадаты старавер.
„Паедзем, калі падвязеш!“ — адказваю я.
„Ну, так колькі дасі?“ — пытае ён зноў мяне.
Пачалі таргавацца. Я толькі тое і казаў, што хвост яго каню не адваліцца, калі ён мяне падвязе, бо ўсё-ж роўна ён едзе паражняком. Ен, нарэшці, сьцябануў па каню й паехаў.
Усе магчымыя й немагчымыя пракляцьці сыпаў я на яго галаву, бо адчуваў, што ў мяне ўжо пяткі баляць і мускулы на нагах нацягнуліся да таго, што я хутка зусім не змагу йсьці. Ну, усё раўно… Іду, поўны гневу на род людзкі, і філёзофскі разважаю, што „чалавек — самая жорсткая жывёла“. Ніколі ён лепш сябе не адчувае, як у часы інквізыцый, жорсткіх войн, жахлівага тэррору. Іду, а ў душы ўстае нота з „Дэмана:“ — „Пракляты сьвет, ганебны сьвет!“
Раптам — гляджу й ня веру. Старавер спыніў каня й чакае.
Я йду міма, пэўны, што не мяне.
„Ну, сядай ужо! Так і быць — падвязу!“ — кажа ён зьнянацку.
Я быў проста зьбіты гэтым. „Ну“, думаю: „усё-ж-ткі чалавек не такі дрэнны. Відаць добрае сэрца. Не, сьвет зусім не такі дрэнны!“
Едзем. Я пытаю, каго ён адвазіў. Ен кажа, што жыдкоў на кірмаш у Літву. Яны едуць туды кождую нядзелю. Пад‘жджаем далей. Насустрэч нам паўзе воз з сенам. Вялізарны воз, а наперадзі вядзе каня нейкі худы, высокі чалавек у форме лясьніка. Баба сядзіць на вазу й трымае лейцы. Мы хутка праехалі міма яго і праз нейкі час аказаліся ўжо ў значнай ад яго адлегласьці. Гляджу, мой фурман спыняецца, выскаківае з возу й давай накладываць сена, толькі што пакошанае й ляжачае на краю дарогі для прасушкі, — у свой воз.
Убачыўшы, што мой прыяцель працуе, — я адчуваю, што мне нязручна сядзець у гэты час на калёсах. Я саскакваю і, поўны ўздзячнасьці да гэтага добрага чалавека, падвёзшага мяне, стараюся пакласьці паболей ахапак сена на воз ды мяркую, каб кождая ахапка была як мага больш.
„Годзі!“ — кажа фурман.
У гэты час аглядаецца далёка ужо ад нас ад‘ехаўшы, лясьнік: „Дзяржы ix!“ — крычыць ён: — „Дзяржы!“ I сам ляціць да нас.
Мой фурман сядае на каня і ўва ўвесь дух ляціць па гасьцінцу. Ясна, што лясьніку нас не дагнаць. Наперадзі ня відаць ні жывой душы. Мне робіцца сьмешна. Я сабе думаю: — „Ня зловіш! — Насып каню солі на хвост!“
Тым часам на небасхіле паказываюцца дзьве мускія постаці, нешта нясучыя у рукох. Лясьнік ува ўсё горла крычыць: „Дзяржы ix! — Дзяржы іх!“
„Здаровыя лёгкія“ — думаю — „у гэтага лясьніка! — Крычыць — аж за тры вярсты чуваць!“ І зноў мне робіцца сьмешна. Я пэўны, што тыя мужчыны, якія йдуць нам насустрэч, нас чапаць ня будуць. Якая ім справа да нас!
Між тым, дзьве постаці ўжо набліжаюцца. Я бачу, што абедзьве яны абцепленыя фарбамі ды вапнай, з вёдрамі і пэндзэлямі ў рукох, — пэўна маляры. Лясьнік ужо не ляціць, а йдзе звычайным крокам. І вось разам:
— „Стой!“ — Маляры схапілі каня за морду й ня пушчаюць.
Мне здавалася, што мой фурман зробіць нешта энэргійнае, а потым па каню! і толькі нас бачылі. А ён сядзіць спакойна і чакае, пакуль падляціць лясьнік.
„Ну, дзеля якога ражна вы затрымалі нас!“ — кажу я. — „Якая карысьць вам ад гэтага?“
„А мы працуем у гэтага лясьніка. Ня можам!“ адказываюць яны.
Зьдзіўлены, зьнішчаны ўсей выпадковасьцяй трапіўшагася я таксама сяджу на крадзеным сене й чакаю лясьніка.
„А, вам сена красьці! — Казённае сена, злодзеі!“ — зарычаў на нас лясьнік. „Сядайце, хлопцы, — павязём іх да дарожнага майстры“.
Маляры з лясьніком ускочылі ў калёсы, паціснулі мяне як трэба быць, і мы ўсе пяцёра паехалі на суд гэтага вялікага чалавека, дарожнага майстры!
Я ўсю дарогу маўчаў. Толькі мне было неяк дзіўна, што лясьнік усё нешта шаптаўся з стараверам і потым усё скоса паглядаваў на мяне.
Пад‘ехалі да мураванага доміку. Навокал сад, далей відаць засеянае поле, наагул чалавек жыве панам. Лясьнік выскаківае і падымаецца па дарожцы. Насустрэч яму выходзе здаровы, тоўсты, сярэдняга росту мужчына, з тыпічным тварам дзясятніка, а за ім выскаківае ўся яго дзетвара і, пераваліваючыся з аднага тоўстага боку на другі, як качка, выплывае жонка.
Лясьнік зрабіў начальству нейкі даклад.
„A! — так вы так! Знача, казённае сена красьці!? Ды вы ведаеце, што вам за гэта будзе?“
„Пан майстар!“ — кажа старавер, паказываючы на мяне: — Гэта ня я, гэта — ён!
„А! — так гэта ты, злодзей! Сёньня сена ўкраў, а заўтра каня ў мяне ўкрадзеш!“
Мяне забрала злосьць. Я ня мог выцярпець асабліва таго, што фурман мог сказаць такую брахню. Фактычна навошта мне сена, калі ў мяне ні каня няма, нічога. Калі-б мяне мой фурман папярэдзіў, што гэта сена казённае, ды калі-б ён сам ня браў яго, дык я ніколі-б і не падумаў аб гэтым сене. Заместа таго, каб адразу апраўдывацца, я проста пачаў грубіяніць майстру.
„Прашу не крычэць!“ — сказаў я: — „Я не такіх бачыў, як вы, ды й то!…“
„А, то ты так! — Камуніст, сукін сын!“ — крыкнуў ён на мяне.
Мяне быццам выцялі кнутом па твары. Так вось куды справа зайшла з-за простае ахапкі сена! Я зразумеў у адну мінуту сваё становішча. Усе прысутныя былі проціў мяне.
Фурман, я цяпер толькі дагадаўся, шопатамі нагаварываў лясьніку аб тым, што бачыў мяне каля мяжы і што я, пэўна-ж, камуністы. Ен выгарадзіў гэтым сябе са справы з сенам. Уся сіла абвінавачаньня падала на мяне. А дакумэнтаў у мяне ня было ніякіх, апрача некалькіх літоўскіх пасьведчаньняў. Чым я мог давесьці гэтым людзям, што я не камуністы.
І насколькі я раней сьмяяўся з усяго гэтага, як з вясёлага здарэньня пасьля пераходу граніцы, настолькі я цяпер зразумеў усю сур‘ёзнасьць свайго становішча. Сэрца маё ўпала. „Вось і перайшоў граніцу!“ — мільганула іскрай у маім мазгу. А воддаль так прывабна, так прыгожа паднімаліся будынкі і блішчэлі царквы даўно чаканага Дзьвінску.
Я замаўчаў. Я кінуў некалькі поглядаў на жонку майстра і на яго дзяцей і мне чамусьці падумалася: „Вось жа, які зусім мірны здаецца, чалавек, і жонка, і дзеці, а не глядзі! так і хоча другога ўтапіць“. Зноў успаміналася лацінская пагаворка: „Чалавек чалавеку — воўк ёсьць“.
Лясьнікова-ж жонка стаяла нахмурыўшы чало і здаецца гатова была мяне пабіць.
„Адвязьці яго ў паліцыю!“ — загадаў майстра.
„Трэба яго зьвязаць, а то ўцячэ, сукін сын!“ — сказаў мой фурман. Ен цяпер стараўся быць паслушным і, ад радасьці, што запамяталі пра яго злачынства, стараўся нават папярэдзіць усіх. Ен парыўся ў сваіх калёсах, але, на маё шчасьце, вяроўкі не знайшоў.
Ня ведаю, ці майстра не хацеў ісьці сам да хаты, ці спадзяваўся, што я і так не ўцяку, толькі ён загадаў: „Ды вязеце так! Годзе вам вазіцца з ім. Хутчэй, а то ўжо вечар!“
Худы лясьнік і барадаты старавер селі ў калёсы, пасадзіўшы мяне паміж сябе, і мы ўва ўвесь пыл паляцелі па гасьцінцу. Майстра і маляры доўга глядзелі нам усьлед, пакуль мы ня зьніклі з іх вачэй.
І вось, мы на Грыве. Шырокая Дзьвіна вабіць мяне, — хутка мы пад‘едзем да перавозу. Я ведаю гэта мейсца. Вось бы лодка! — Тады Дзьвіна — найлепшы абаронца. Лясьнік і фурман закурылі. Фурман усю дарогу маўчаў, і толькі збоку я бачыў, як ён усьмяхаўся ў сваю бараду. Лясьнік перагнуўся зусім праз калёсы да фурмана дастаць вагню.
У гэты момант я скочыў з калёс. Мінута — і я быў-бы вольны. Але барадаты фурман неяк спрытна пасьпеў схапіць мяне за руку, лясьнік апамятаўся і зноў уваліў мяне ў калёсы.
І так я, усё-ж-ткі, з-за сена апынуўся ў паліцыі.
Зьнялі дапрос. Пасадзілі ў студзёную. І доўга яшчэ прымусілі пакутаваць мяне за пераход граніцы. А ўсяму віной была толькі маленькая ахапка сена.
Ну, што вы цяпер на гэта скажаце?
В. Вальтар.
1928 год.