Лясы, бары і дубровы…
Лясы, бары і дубровы... Верш Аўтар: Карусь Каганец |
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Lasy,_bary_i_dubrovy.html |
Лясы, бары і дубровы —
Краса нашай бо краіны!
Гаі, пушчы, кнеі, лугі,
Па балотах дай альшыны —
Усё край наш украшаюць.
Вось край лесу дуб магучы
Сваё голле прасцірае;
Так сказаў бы, не іначай,
Лес той веццем абнімае,
Як бы бацька свае дзеткі.
За плячыма яго сталі:
Хвойка-матка, ель-ўдавіца,
Клён кудравы, ясень светлы,
І граб-дзядзька, і ільміца,
І чарэшнік ўгору пнецца,
І зляканая асіна,
Як бы вінна, ўся трасецца.
Вербалоз між іх ўтуліўся,
Як бы хоча памаліцца
У лясной ды прахалодзе.
А на дуба спазірае
Белагрудая дзявіца —
Ў свежай зелені бярозка,
Доўгі косы разбірае.
А пайдзі ты ў гушчу лесу...
Як прыятна ў прахалодзе
Паляжаці край паляны.
Рай на землі, дый годзе!
Ўся паляна травой зросшы,
Пад нагамі дыван мяккі,
Мох зялёны, як шаўковы;
Там, угоры, птушкі свішчуць.
Воздух свежы і здаровы.
Мошкі, пчолкі гудуць недзе.
На палянцы дый у травах
Зацвітае, чырванее
Смачна ягада суніца;
Далей ў лесе дый чарнее
Буйна сочная чарніца.
І здаецца, гэтак скрозь бы
Ў мяккім моху дый ляжаў бы
Ды праз вецце хвоек старых
Ў сіне неба пазіраў бы,
Штоб не рупіла нічога...