Ляля Мэнке: Пасьмертны ўспамін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ляля Мэнке: Пасьмертны ўспамін
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З маладога пакаленьня мала хто ведаў Яе, але старэйшыя беларускія дзеячы добра памятаюць тую працу, якую нябожчыца ахвярна давала беларускай справе падчас сусьветнае вайны й нямецкае акупацыі.

Выбух сусьветнае вайны пазбавіў беларусаў шмат чынных работнікаў на нацыянальнай ніве, пакліканых у армію. Эвакуацыя Вільні расейцамі забрала блізу цалкам рэшту нашых актыўных сіл у сталіцы нашага краю. У Вільні асталіся лічаныя адзінкі. А тым часам жыцьцё вымагала вялізарных высілкаў, каб ня толькі ня даць заняпасьці беларускай справе, але каб належна выкарыстаць дзеля яе новыя абставіны: у першую чаргу трэба было арганізоўваць беларускія школы, далей — беларускі тэатар і іншыя культурныя ўстановы й арганізацыі.

У гэтую важную для Беларусаў часіну ўвайшла ў беларускую сям’ю маладая, поўная сіл, жыцьцярадасная Ляля (Эмілія Люцыя) Мэнке. Сям’я Мэнкаў — гэта сям’я нямецкая, якая ад вякоў асела на зямлі Беларускай і крэпка з гэтай зямлёй і з народам беларускім зраслася. У доме Мэнкаў беларусы заўсёды сустракалі добрае прыймо і маральнае падтрыманьне. А маладое пакаленьне Мэнкаў дык станула й да чыннае беларускае працы.

Ляля Мэнке ў першую чаргу пачала працаваць у ладжаных у Вільні беларускіх школах, у якіх — згодна з вымогамі акупацыйных уладаў — выкладала, як прадмет, нямецкую мову. Прымала чыннае ўчасьце і ў розных іншых працах тагачаснага беларускага цэнтру — Беларускага Камітэту помачы ахвярам вайны. Але найбольш ярка выявілася яе дзеяльнасьць на грунце беларускага тэатру, арганізаванага Ф. Аляхновічам пры Беларускім клюбе. Ляля Мэнке заняла ў ім першае месца. Маючы невялікі, але вельмі мілы голас, яна выступіла перадусім у камэдыі-апэрэтцы Аляхновіча «На Антокалі», іграючы вельмі ўдала ролю Зоські. Далей пайшлі іншыя п’есы, у якіх Ляля Мэнке выступала зь вялікім посьпехам, здабываючы агульную сымпатыю.

Як адзінка высокакультурная, інтэлектуальна разьвітая, да таго ж зь вельмі мілым характарам, Ляля Мэнке гуртавала каля сябе ня толькі моладзь, але й старэйшае грамадзянства. У доме Мэнкаў часта можна было спаткаць і прыезных нямецкіх навукоўцаў, каторым Ляля — разам з старшай сястрой сваей Юльянай, вельмі актыўнай працаўніцай у беларускіх грамадзкіх арганізацыях, школах і курсах, —давала рэвэляцыйныя для чужынцаў інфармацыі аб беларускім народзе, яго мінуўшчыне, культуры і імкненьнях. Але актыўная праца Лялі Мэнке трывала нядоўга. На 21-ым годзе жыцьця ў яе пачала разьвівацца страшная хвароба — сухоты, асабліва небясьпечная ў маладым веку. Толькі дзякуючы адданасьці й апецы старшае сястры хвароба гэтая на нейкі час прыпынілася. У 1919 годзе Ляля Мэнке гэтак ужо паправілася, што павязла паміраўшага ад тых жа сухотаў Івана Луцкевіча ў Закапанае і апекавалася ім — супольна зь Юльянай — аж да апошняе гадзіны ягонага жыцьця. Вярнуўшыся пасьля сьмерці Ів. Луцкевіча ў Вільню, Ляля Мэнке ўжо ня мела сілаў дзеля ўзнаўленьня грамадскае працы. Празь некалькі гадоў выйшла замуж за інж. Кулешу і жыла да сьмерці ў вузейшым сямейным коле. Але грамадзкімі справамі, а ў першую чаргу беларускімі, цікавілася да апошняга дня свайго нядоўгага жыцьця. Канаючы ў поўнай сьвядомасьці й разьвітываючыся з сваей раднёй, яна не забылася й аб прыяцелях беларусах, з каторымі некалі супрацоўнічала, і прасіла пераказаць ім сваё апошняе разьвітаньне.

Памерла 21 чэрвеня — на 43-ім годзе жыцьця. 23-га чэрвеня адбыліся яе пахароны на эвангеліцкім магільніку. Вялікая рознаязычная грамада людзей праводзіла яе да магілы, а сярод іх — цэлы рад старых беларускіх дзеячоў побач з прадстаўнікамі беларускае моладзі. Літаратурна-мастацкая сэкцыя Бел. навук. т-ва ўзлажыла на магілу Лялі Мэнке вянок з жывых красак.

Ляля Мэнке пакінула добрую памяць аб сабе сярод беларусаў і добра заслужылася беларускай справе. Сьмерць яе выклікала глыбокі жаль сярод усіх, з кім яна некалі супрацоўнічала.

Няхай лёгкай будзе ёй наша зямелька, каторая была для яе запраўды роднай!