Лявон Гмырак (Гарэцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лявон Гмырак (1891-1815)
Артыкул
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920
Крыніца: Беларусь, 1920, 7 ліп. Цыт. паводле: Творы - Мн. : Маст.літ., 1990

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сапраўднае імя Лявона Гмырака — Мечыслаў Бабровіч. Нарадзіўся ён 6-га красавіка 1891-га года ў фальварку Пархвенава Вілейскага павета Віленскай Губерні. Бацька яго служыў ляснічым у паноў Слатвінскіх. Матка яго — полька з Варшавы. Пад яе ўплывам рос Гмырак і змалку быў вельмі рэлігійны. На адзінаццатым годзе жыцця паступіў ён у 1-ю віленскую гімназію. Спачатку вучыўся дужа добра і за тое быў пераведзены ў бясплатны пансіён. Надта многа чытаў, асабліва — па-польску, галава яго была забіта героямі Сянкевіча, і ён нават рабіў тады дзіцячую спробу пісаць повесць — па-польску і з польскай гісторыі. З прыходам 1905-га года чад польскага патрыятызму ў яго значна слабее; хлапца захопліваюць ідэі сацыялізма, ён заводзіць бібліятэчку з забароненых кніжак, піша ў вучнёўскі журнал. Калі ж рэвалюцыя была знішчана і царскі ўрад не дараваў нават дзецям, на Гмырака таксама нехта данёс, да яго прыйшлі з рэвізіяй, знайшлі забароненыя кніжкі і павялі ў турму. Дзякуючы малалецтву, суд зменшыў кару да 6 месяцаў астрога, якія Лявон і адседзеў у Вільні ж. Маці яго ў гэты час захварэла на сухоты. Выйшаўшы па волю, Гмырак прыехаў дамоў, дзе троху чытаў, троху вучыў дзяцей у суседа-пана, а найболей сядзеў, заціснуўшы вусны, і слухаў ад бацькі розныя дакоры. У 1908 годзе яму ўдалося паступіць у прыватную тэхнічна-прамысловую школу ў Варшаве, якую скончыў у 1912 годзе. У Варшаве Гмырак пазнаёміўся з беларускім рухам і сам прымкнуў да яго. Гэта была новая непрыемнасць для яго бацькоў, і на гэты раз абое ішлі ў адно проціў няўдалага сына. Шмат было прыкрасцяў. Але сын незвычайна любіў усё роднае, любіў родны народ. Чытае, напрыклад, меншая сястра аб расійскім «прянике» і думае, што гэта беларускі пранік да бялізны — Лявон з радасцю крычыць: «Вось беларускае дзіця!» Паставіў яго бацька (тады ён ужо меў свой фальварачак ля Пархвенава) даглядаць работнікаў, а Лявон, пабачыўшы, як адной старой бабульцы цяжка цягаць кошыкі з бульбаю, сам працуе за яе цэлы дзень, забыўшыся на сваю ролю прыганятага. Увосень забралі Гмырака ў салдаты, і ён служыў у Маскве ў грэнадзёрах, але цераз колькі месяцаў быў адпушчаны па льгоце. Паехаўшы ў Вільню, Гмырак ізноў бярэцца за практыку па сваёй спецыяльнасці, працуе як просты работнік пры закладцы мястовай каналізацыі і дзеяльна супрацоўнічае ў беларускай прэсе. Вайна 1914 года захапіла і Лявона. Блізка года прабыў ён у апалчэнскай дружыне ў Коўне, а пасля як прапаршчык пайшоў на пазіцыю і ў баях пад крэпасцю загінуў 30-га чэрвеня 1915-га года, здабыўшы за адвагу Георгіеўскі крыж.

Вялікія надзеі пакладала на Лявона Гмырака беларуская літаратура як на здольнага, арыгінальнага публіцыста, крытыка і белетрыста і шчырага, энергічнага беларуса-адраджэнца. За вельмі кароткі час ён аказаўся дужа плодным і пакінуў шмат артыкулаў аб беларускім земскім жыцці, аб беларускай школе (у «Нашай ніве»), аб беларускім адраджэнні і літаратуры («Калядная пісанка», 1914 г.) і інш. Пісаў ён і папулярныя рэчы ў месячніку «Лучынка», даў спробу чыста народнага апавядання (у «Нашай ніве»), пад псеўданімам Б. Заяц. Ды ўсё гэта — самая нязначная частка таго, на што можна было спадзявацца.

Сёлета — пяць гадоў, як няма з намі слаўнага таварыша. Цяжкі час палітычнага жыцця перажывае бацькаўшчына, і балючая страта, адна з многіх за астатнія гады, асабліва больна адчуваецца. Паэт Ясакар, блізкі прыяцель нябожчыка, склаў па ім у сваіх «Задушках» гэткія смутныя радкі:

Лявон Гмырак, з душой магутнай,
Любіў без мер свой край пакутны.
Сасонка Віленшчыны сумнай,
Дзіця Вяллі, ракі задумнай,
Хацеў расссяць ён туман,
Хацеў ён волі для сялян.
Святлейшых, лепшых, шчасных дзён
Жадаў для брата свайго ён.
А лёс вайны шалёнай, дзікай,
Што абхапіў увесь свет вялікі,
У вір крывавы, вір чырвоны
Уцягнуў бязлітасна Лявона.
І на крывавых тых палёх
У бітвах ковенскіх ён лёг.
Цяпер у магіле брацкай спіць,
Аб родным краі толькі сніць.