Перайсці да зместу

Лявон Бушмар (1930)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лявон Бушмар
Аповесьць
Аўтар: Кузьма Чорны
1930 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лявон Бушмар.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЯВОН
БУШМАР

КУЗЬМА ЧОРНЫ

МЕНСК
1930

БДзВ

КУЗЬМА ЧОРНЫ


ЛЯВОН БУШМАР

АПОВЕСЬЦЬ


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК — 1930

Вокладка
Г. Філіпоўскага



Заказ № 753.

3.000 экз.(4¼ арк.)

Галоўлітбел № 855.


Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ


I

Зьвераватую панурасьць Лявону Бушмару перадаў бацька — княжацкі дробны арандатар. Памёр ён тады, калі Расія ваявала з немцамі. Акрай таго лесу, які ўсё жыцьцё сваё вартаваў яго бацька, арандаваў ён ад князя добрую дзялянку зямлі. Калі ажаніўся і аддзяліўся ад бацькі — забудаваўся на арэндзе, усё ў лік арэндных выплатак князю. Гэта быў стары моцны як дуб. Пражыў ён на сьвеце год мусіць з дзевяноста і рабіў усё да самых апошніх дзён сваіх. Нават казалі, што гадзіны за дзьве да сьмерці зьеў яшчэ пару цьвёрдых антонавак — гэтак сканаў у памяці і бяз думак пра сьмерць; доктара пры ім ня было ніколі, ад самых малых дзён і аж да скананьня. Ня любіў ён дакторскіх лекаў, зваў гэта прымхаю, панскаю выдумкаю, хоць паноў сам ня цураўся. Ня верачы ў дактароў, ён гаварыў, што чалавек павінен як мае быць працаваць, колькі трэба выспацца, умеру, смачна зьесьці — і тады будзе здароў. Калі прыяжджаў, бывала, у свае лясы князь, ён, разам з іншымі княжацкімі дзедзічамі і гэтакімі як сам дробнымі арандатарамі, заўсёды зьяўляўся ў маёнтак — стаяў там з усімі перад ганкам па гадзіны дзьве бяз шапкі, пакуль выйдзе павітацца з імі князь. Тады цалаваў князю ў калена (у руку цалавалі толькі самыя буйныя дзедзічы і маёнтаўскія фундатары) і йшоў адразу дадому, ніколі не застаючыся пагаварыць з людзьмі.

Малады ваўчок — Лявон быў ужо дарослы хлопец тады, калі памёр бацька, але яшчэ ў салдаты не папаў праз гады свае. Незадоўга да сьмерці, бацька колькі раз гаварыў яму:

— Ты, сынку, глядзі, каб не папасьціся адно ў войска. А калі вайна зацягнецца, дык і пагатоў пра гэта думай. Што-ж, я ўжо век свой пражыў, можа і ня будзе мяне хутка на сьвеце, дык думай сам. Калі прыдзе пара ісьці ў салдаты, дык напрамілуй бог старайся як-небудзь выкруціцца. Можа грошай трэба будзе паткнуць доктару, ці якому іншаму гаду, дык што-ж ты зробіш. — Трэба дык трэба! Я сам ня служыў, грашыма адкупіўся і нябожчык дзед твой ад рэкрутаў захаваўся: некалькі год засаб стуляўся, часамі, расказваў, цэлы тыдзень пралежыць, бывала, у хляве пад гноем; дык не канешне й табе ісьці служыць ліха ведае за што чорту лысаму.

А калі вайна была з палякамі, Лявону прышла ўжо была пара ісьці ў войска, але так усё ішлося, што ня лішне ён і клопату ўжываў каб ня ісьці — то адступленьні, то наступленьні, то прыхоўваўся крыху, так яно й сыходзіла. Толькі калі ўжо вайна канчалася, вышаў быў загад такі, што ўсім дызэртырам будзе даравана, калі ў тры дні самі зьявяцца. У Лявона, вядома, і ў думках ня было зьяўляцца, ды можа й ня чуў ён пра гэты загад, седзячы як воўк у сваёй лясной гушчырні. Але з блізкіх залесных хутароў два хлапцы сабраліся ехаць і яго падгаварылі:

— Дурны ты, што ты выгадаеш, калі будзеш сядзець дома! Можа неўзабаве, кажуць, замірэньне будзе, дык доўга служыць не давядзецца, а так — усё роўна не падаруюць.

— А ці праўда, што цяпер нічога ня будзе?

Яму паказалі друкаваны загад. І хоць ён чытаць ня ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў і такім чынам праслужыў у Чырвонай арміі нешта з год. Расказвалі, што чырвонаармеец з яго вышаў несамавіты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымі паляўнічымі былі), але політграмата — дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылі, але-ж калі ён пасьля вярнуўся дадому, дык адразу й гэта забыўся.

У арміі папаў ён у тую часьць, якая кагадзе з фронту прышла. Стаялі раней у казармах, а пасьля вышлі з іх. Сярод лясоў і поля, Лявон Бушмар павесялеў, стаў вастрэйшым на слова. А то раней, у горадзе, у казармах быў надта ўжо панурым і маўклівым. Часамі слова ад яго выцягнуць нельга было. Сярод гэткага збору людзей і гарадзкое таўкатні ён адчуваў сябе як мядзьведзь за сталом у пакоях. Некалькі разоў за ўсю службу ён прасіў усё аднаго-ж таварыша напісаць да мацеры ліст:

— Напішы ты, будзь ласкаў, ліст мне дадому, я табе аддзякую.

З гэтага «я табе аддзякую» заўсёды сьмяяліся ўсе яго таварышы і раз нават вывелі яго з цярплівасьці:

— Які тут можа быць сьмех! А што-ж ён павінен мне пісаць, ці што? Або ты мне, або я табе, што рабіць? Усякі сам і для сябе толькі можа рабіць што і калі сам захоча.

— Ты зусім, Бушмар, не колектыўны чалавек, — сказаў хтосьці з таварышаў.

На гэта ён нічога не адказаў, унурыўся і лёг на свой ложак, адвярнуўшыся ад усіх. Ліста ў той дзень ён пісаць ужо не захацеў. Ліст напісалі на другі дзень, калі той таварыш, што пісаў заўсёды яму, сам падышоў да яго:

— Ну дык давай, Лявон, напішам, ці што?

Лявон пачаў дыктаваць:

— Дзякуй богу жыў, напішы, здароў. Нудна па доме і няхай ня збывае жарабіцы і рабіць каго найме, пакуль я прыду, каб не рашаць гаспадаркі…

Маці раз прыслала была яму пасылку. Дык ён дастаў з пасылкі самы большы сыр і падышоў да таго таварыша, што заўсёды пісаў яму:

— Вазьмі, будзь ласкаў, сыр. Ты заўсёды мяне слухаеш, калі я прашу цябе напісаць дадому.

Таварыш пакрыўдзіўся:

— Так, па-таварыску, дык я вазьму, а калі гэта заплата, дык не хачу.

Лявон Бушмар як бездапаможнае дзіця аглянуўся навокал. Высокая постаць яго крыху прыгнулася ад нейкай як-бы нецярплівасьці, непаразуменьне было ў вачох.

— Вазьмі, — яшчэ раз сказаў і працягнуў у руках сыр.

— Не вазьму. Давай усе гуртам яго зьямо.

Ён ня ведаў што рабіць з сырам, схаваць яго назад ці пакінуць на таварышавым ложку. Але тут сам таварыш дапамог яму — забраў сыр і тут-жа ўсе гуртам зьелі яго. З таго часу Бушмар яшчэ большым ваўком зрабіўся, а яму яшчэ больш сталі надакучаць.

— Не колектыўны ты чалавек. Зьвераваты.

— Дзікі і нялюдзкі.

— Ты-ж ніколі чалавеку, каб прышлося, не паможаш, калі ў таго ня будзе чым адплаціць табе.

Бушмар раз у такі момант усхваціўся і размахнуў сваімі шырокімі плячыма. У адну руку згроб нешта з траіх і шпурнуў на блізкі ложак. Кароткая шыя яго густа пачырванела, ён моцна і шумна дыхнуў. Тады з ім ужо мала загаворвалі. Твар яго стаў жорсткім, бровы часта ссоўваліся.

Калі вышлі з гораду, дачыненьні між ім і таварышамі сталі лепшымі. Бушмар стаў сам загаворваць з усімі. Але ня быў ніколі ў вялікім гурце — любіў адзіноцтва і нават кватараваць застаўся ў сялянскай хаце адзін, без таварышаў. Ён тут трохі здружыўся з гаспадаром хаты. Калі льга было ад службы, вельмі ахвотна ішоў у гумно малаціць і тады ажыўляўся:

— Чалавек без работы ня можа доўга быць, хіба толькі спрадвечны лайдак, або каторы змалку ня прывык.

Тады-ж нейк раз ён, разгаварыўшыся, прызнаўся гаспадару, што трохі каецца, што пайшоў служыць:

— Ня ведаў, што гэтак доўга зацягнецца. Чорт ведае чым займайся тут. Хіба гэта работа!

Ён вельмі рваўся цяпер дадому.

II

На ціхім небе стылі зоры. Вільгаць ішла з лясоў і туманамі асядала на голую зямлю. Перад сьвітаньнем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелі на чорнай зямлі лапіны апошняга сьнегу.

Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымі паплавамі, узьнімалася няроўная сьцяна лесу. Дарога ў лес ішла праз рэчку, цераз мост, з поля і паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна і ціха. Таму пад нагамі ў чалавека звонка і мокра трашчала леташняе лісьцё. Чалавек ішоў паволі, нёс за плячыма клунак. Часамі ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзіліся ад дарогі і над палянкай ніжэй зьвісала зорнае неба. Чалавек як-бы прыглядаўся, ці прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвіліны са тры і зноў ішоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць і ўтомленаю, так як ходзіць чалавек па роднай зямлі. Дарога доўга йшла лесам, перакідалася праз кавалкі поля, праз нізкія ядлаўцовыя лагчыны.

Ужо сьвітаць пачало, як чалавек прыпыніўся каля густое, няроўнае агароджы. Застукаў брамкаю і пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кінуўся пад чалавека, заскроб кіпцямі па вільготным крысе салдацкага шыняля.

— Галас, Галас, — загукаў чалавек.

Сабака адбегся і брахаў, пачаўшы павільваць хвастом.

— Галас, не пазнаў? Ах ты дурны!..

Сабака радасна завішчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднімі лапамі, лізнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленьне. Тады ўзышоў на ганак, спусьціў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалі хатнія дзьверы — сабака кагосьці пабудзіў сваім брэхам.

— Хто?

Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву і падаўся крыху назад.

— Хто? — Зноў запытала жанчына.

— Гаспадар.

— Які гаспадар?

І, здагадаўшыся, загаласіла:

— А божачка-ж мой, Лявон!

Яна з грукатам адкінула ад дзьвярэй завалу і Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухні жанчына запаліла газоўку і тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама ня зусім мусіць вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўкліва, спусьціла ўніз рукі і не гаварыла больш ні слова. Твар яе густа ружавеў.

— Ты… тут?… — запытаўся Бушмар.

— Служу… Як напісаў тады адразу быў, каб хоць каго маці ўзяла рабіць… Дык я нанялася…

— Нанялася?

Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменьне прайшло па Бушмаравым твары.

— А маці дзе?

— Маці хворая… Не ўстае… Другі ўжо тыдзень.

Бушмар адчыніў дзьверы ў чыстую хату. Жанчына запаліла лямпу. Маці прачнулася, пачала ад радасьці плакаць, гаварыць і стагнаць.

Маладая жанчына колькі разоў выходзіла і ўваходзіла — пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля маці, пераапрануўся ў сваю цывільную адзежу і адразу пайшоў на сялібу. Сабака весела гайсаў сьледам за ім. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменьне… Выцягнуў з студні вады, паспрабаваў ці добра ходзіць коварат.

Як і заўсёды, пануры быў выгляд яго. Пахадзіўшы па дварэ, ён вышаў за гумно. Там скідаўся сялібны ўзгорак глыбока ўніз, у рэчку. Пад стагоднімі дубамі прэла леташняе іх лісьцё. Малады ельнік зубіў цёмную зеляніну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк і ельнік. З чацьвертага — горбілася поле. Неба над сьветам было высокае, ціхае веснавое.

Бушмар правёў рукою па твары, як-бы зьнімаючы з яго штосьці чужое й няпрыемнае. Вочы яго ператварыліся ў агністыя стрэлкі. Ён зьняў шапку, расшпіліў жыкетку. Здавалася, што ён хоча гэтак пазбавіцца ўсяго лішняга, каб як мага глыбей чуць вялікую музыку лясное адзіноты.

Бушмар стаяў. І от твар яго выцягнуўся, губы сьціснуліся. Ноздры разьдзьмуліся і заварушыліся. Так зьвер чуе магутны пах лесу, зямлі, вады, вясны, адзіноты. Так-жа зьвер чуе пах і цёплай крыві. Вочы прыжмурыліся, бровы пацягнулі за сабою ўніз лоб.

Бушмар ішоў назад па прэлых лісьцях. Маладая жанчына, нанятая гаспадыня, упоперак перад ім перайшла двор. Бушмар спусьціў у зямлю вочы і жорстка запытаў:

— Як-жа ты нанялася з хаты?

Жанчына адказала не адразу. І то як-бы нехаця:

— Так здарылася.

— Як?

— Памёр мой.

Бушмар аж уздрыгануўся. Вочы яго ўскінуліся на жанчыну. Яна чамусьці ад гэтага зірку пачырванела, апусьціла галаву, уздыхнула. Засьпяшалася ў сенцы. Бушмар стаяў усё і ня зводзіў вачэй з жанчыны, аж пакуль яна праз увесь двор ішла.

У той дзень Бушмар рабіў многа. Заходзячы ў хату, ён разоў два падыходзіў да матчынае пасьцелі, стаяў па колькі хвілін і маўчаў. Старая жанчына была слабою зусім.

Бушмар стараўся цяпер не заставацца падоўга ў хаце. Дарваўшыся да работы, ён у той дзень зрабіў шмат і надвечар, прытомлены, распачаў ужо завіхацца каля агароджы. Жанчына зноў папалася яму на вочы. Яна ўскінула цяпер на яго вочы свае і ў голасе яе цяжка было заўважыць што большае за гаспадарлівую, звычайную руплівасьць, за абыякавасьць да гаспадара і чужое работы. Была нават недаверлівасьць і варожасьць да чужога чалавека. Яна іначай ужо, як раніцаю, гаварыла цяпер:

— Можа памагчы насіць?

Ён змоўчаў, а праз хвіліну сказаў:

— Рабі там, што ў хаце трэба.

І глянуў гэтак, як і той раз ёй усьлед, але тут-жа ўнурыўся ў работу. А яна пайшла ад яго подбегам, можа штучна сьпяшаючы. Завязаная назад рагамі хустка зьбілася ў яе з галавы, кароткая кудзельная вопратка была абсыпана асьцюкамі. Яна была ў хаце аж пакуль ня зьмеркла, а на зьмерканьні шукала па дварэ яго вачыма. Нідзе нікога ня было, яна вярнулася ў хату і пагаварыла з хвораю:

— Лявона няма нідзе поблізу, можа куды адышоўся, а тут мне позна будзе ісьці адной, яго чакаўшы. Я ўсё ўправіла, дык я так пайду. Чуць дзень буду зноў.

— Добра, — адазвалася старая.

Жанчына рушыла з хаты. Мінула сялібны лясок, перайшла па кладцы рэчку; адышлася ўжо трохі ад сялібы. І там убачыла Бушмара. Ён стаяў над загіністым берагам каламутнае рэчачкі і кудысьці глядзеў.

Яна на момант прыпынілася, трохі жахнулася ад нечаканасьці. Ён пачуў яе крокі і азірнуўся. Бровы яго былі ссунуты — гэта яна добра заўважыла.

— Аміля? — неспадзеўкі сказаў ён першы раз за гэты дзень яе імя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе зьяўленьня.

— Я йду дадому на сёньня, даўно ня была, заўтра на сьвітаньні прыду. Тут усё ў парадку.

— Ідзі, — адказаў ён адразу.

Яна засьпяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволі пайшоў назад. Так ён сярод цішыні спаткаў першы вечар у роднай сялібе.

«Ёй ня хочацца быць тут са мною — думаў Бушмар уночы — пайшла, уцякла. Баіцца».

Ён усьміхнуўся жорстка і ціха, як-бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.

— Гэта вы самі, мамуня, падгаварылі яе застацца да нас? — падышоў ён, устаючы на сьвітаньні, да старое.

— Каго? — не зразумела адразу маці.

— Амілю?

Стогнучы і охкаючы, маці гаварыла:

— Яна толькі як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прышла прасіцца. Дзе-ж яна тут ноймецца йначай, няма тут лішне дзе і да каго. А так ёй жыць — хто яго ведае як і з чаго. У хаце — галота.

— Шпарка-ж яна аўдавела — панура сказаў Бушмар.

III

За колькі год перад гэтым, на тым самым месцы, дзе стаяў назмроку Бушмар, калі напаткала там яго Аміля, адбылося адно ня зусім звычайнае здарэньне. Польскія салдаты стаялі тады густа па ўсіх суседніх вёсках. Бушмар жыў у сваім звычайным жывым спакоі. Раз у два тыдні выяжджаў у пастарунак на стойку з фурманкаю, а больш, як і заўсёды, мала дзе яго хто бачыў. Вечарамі-ж ён падыходзіў праз свой лес да вёскі. Там ужо чакала яго Аміля. Часта яна выходзіла яму на спатканьне, тады ён вёў яе да лесу. Там садзіліся блізка адно пры адным на паваленай яліне. Лес ціха гуў, страсаючы з сябе сухія іголкі і сьнег. Сьнег быў і пад нагамі ў іх — абледзянелы, гладкі і ўлежаны. Яна мерзла на халодным дрэве, ён браў яе на свае калені, яна згіналася ў яго руках, рабідася маленькаю перад ім, бездапаможнаю. Часта ён дзеля жартаў пераносіў яе праз усю паляну да дарогі, адкуль яна бегла дадому, а ён стаяў пад ельнікаваю сьцяною і пільнаваў яе ўзрокам сваім. Замарожаная цішыня скоўвала поле, а гул лесу быў спакайнейшым за ўсялякую цішыню. Яна зьнікала з вачэй яго недзе ў цёмным міргаценьні сьцен і стрэх, а ён усё стаяў. Высокая постаць яго цямнелася на водшыбе за колькі крокаў ад лесу. Ён пасьля паволі паддаваўся ў свой бок, ніколі ня позьнячыся ў сваю мярлогу. Дзень назаўтра праходзіў ні доўга ні коратка — ішоў як ішоў у рабоце. А вечарам Бушмар зноў ішоў праз лес.

У той памятны для некаторых вечар Аміля была такая як і кожны раз — маленькая, блізкая. Яна нават больш, як заўсёды, праседзела ў яго на каленях. Але ўжо, калі ён памкнуўся давесьці яе да самага дому, яна сказала скрозь прынадны сьмех:

— Я адна перабягу, а ты ідзі.

Зьвярыная трывога ўкалола яго, Ён, як з помстаю, да болі сьціснуў яе пальцы; яна аж закрычала ціха. Ён сьціснуў руку ёй яшчэ мацней.

— Бяжы — як бура дыхнуў ён.

І сам пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Як на тое ўсё роўна йшлося. З паўдарогі ён вярнуўся ў вуліцу і прыпыніўся каля знаёмае хаты. Праз вакно ён убачыў як Аміля стаяла ля стала і моцна сьмяялася. У хаце чулася мужчынская польская мова. Нешта яго цюкнула. Ён падбег да акна з двара і ўбачыў з другога боку стала паляка з афіцэрскімі нашыўкамі на зялёным салдацкім сурдуце. Бушмаравы вочы ў той-жа момант зажмурыліся, губы сьціснуліся.

Па вуліцы хадзіла колькі жаўнераў. З сваімі польскімі няспрытнымі жартамі, яны зазіралі ў вокны, дзе былі дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменьне і сеў на бярвеньнях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалі дзьверы і дзьве постаці пайшлі паволі на вуліцу. Бушмар краўся сьледам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскімі жартамі, а Аміля, як шамкамі, зьвінела вясёлым сьмехам і пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:

— Цепер позна…

— Панна муві «цепер» — хо-хо!

Паляк сам рагатаў і ўсё трымаў за руку Амілію. Бушмар сьледам за імі вышаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу і краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкі. Тут яму зноў прышлося прыпыніцца і стаць пад дрэвам. Паляк доўга трымаў Амілю, пасьля павёў назад у вуліцу. Яна ўсё сьмяялася, весела і гульліва. Бушмар рваўся падбегчы да іх. Нарэшце яна зноў пайшла з ім з вуліцы. Так Бушмар прастаяў доўга. І што больш за ўсё страсянула яго, гэта Амілін сьмех, такі бесклапотны, шчыры, вясёлы, І гэтакі-ж знаёмы яму.

Бушмар цярпеў і дачакаўся канца. Было з палавіна ночы, калі ён убачыў паляка аднаго. Той ішоў дарогаю, мінаючы ў баку лес. Бушмар паўз лес абабег кругам і пайшоў насустрач.

— Хто? — гукнуў паручнік.

— Чалавек! — гукнуў у адказ Бушмар, падняў угару рукі і стаў так на дарозе.

Паручнік падышоў, трымаючыся за рэвольвэр.

— Сконт?!

Бушмар як стаяў, кінуўся наперад і грунуў кулакамі паручніку ў грудзі. Той адно зьвіўся Бушмару пад ногі і духу не ўказаў.

Можа-б і ня лішне ўзялі-б на падазронасьць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе ня зьнік з дому. Назаўтра пасьля забойства, паручніка знайшлі пасярод дарогі і сьледзтва пачало трэсьці кожную хату. Былі і ў Бушмара, але нічога не даводзіла яго вінаватасьці, хіба толькі што сьляды на сьнезе зварочвалі з дарогі на яго хутар. Але-ж сьлядоў было шмат і ці мала куды і чаго ходзяць людзі напрамік, каб карацей было? Аднак-жа, ён доўга не сядзеў дома. Калі на трэці дзень зьявіліся, каб забраць яго, у хаце знайшлі адну маці. Яна енчыла і стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата і вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, «таксама на арэндзе ў найясьнейшага князя». Яе перацягнулі колькі раз нагайкаю і дапыталіся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Аміля расказала ўсё, як гадзін за тры да разьвітаньня з польскім афшэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасьля «бавілася ў хаце і на вуліцы з панам паручнікам». Праз месяцаў два яе выпусьцілі, а Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.

Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён і вярнуўся. На адыходзе палякі хутар яго паскублі, дый так маці пачала рашаць гаспадарку, бо ня было сілы ўпраўляцца аднэй.

Нікому Бушмар ні ў чым ня прызнаўся, нават самой Амілі, якая пасьля прышла была сама да яго бледая і трывожная. За ласкавы і нявольніцкі зірк яе вачэй ён тады-ж адвярнуўся ад яе.

— Ня я забіў, — адказаў ён і мацеры.

І маці з таго была ўпэўнена, што сын яе не вінаваты. Час прайшоў і пра цёмнае здарэньне толькі калі-ні-калі ўспаміналі людзі. На Бушмара-ж, можна сказаць, ніхто і ня думаў цяпер.

Другі раз Аміля прышла была да яго ўжо нейк пад восень. Нязвычайная для яе, нездаровая сьмеласьць была ў вачох яе. Узбуджанасьць прыкметна была ў ёй надзвычайная.

— Я прышла запытацца ў цябе, Лявон.

— Пытай.

Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага сьмеху.

— Ці ісьці мне замуж? Да мяне адзін сватаецца.

— Калі добры чалавек трапляецца, дык ідзі.

У яе была трохі надзея на нейкі іншы адказ яго. Пасьля-ж гэтага яна прыкусіла губы і пайшла шпарка. Ён упэўніў сябе, што добра зрабіў, напусьціў на сябе весялосьць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата. Цяпер ён увесь аддаўся аднаўленьню свае паскубленае гаспадарскае мярлогі.

Аміля-ж, можа й на злосьць Бушмару, паслухала яго рады. Чалавек знайшоўся ня кепскі. Яна пайшла замуж праз месяцаў чатыры пасьля апошняга свайго прыходу да Бушмара. Ад гэтага замуства яна нарадзіла сына.

IV

Бушмарава маці яшчэ больш аслабела. Сярод ночы ён вымасьціў сядзеньне ў возе і паехаў па брата. У полі як мае быць асталёўвалася вясна. Раньнія гаспадары пачыналі скародзіць.

Апаўночы было ў полі цёмна і холадна-парна. Бушмар выбіраўся з лагчын паволі. Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы — яшчэ без самога гаспадара Бушмара вёска адціснула яго да самага лесу і ўрэзалася ў яго паплавы.

Ужо ў наступныя дні пасьля прыходу свайго, ён спробаваў непаддавацца. Але гаварыў ён толькі з самімі суседзьмі — мець дачыненьне да начальства, хоць і да самага малога, было для яго горш усялякае пакуты. Ён тады пачынаў заікацца, ад жаданьня выказаць ўсё як ёсьць разам. Блытаў словы, нарэшце змаўкаў і пачынаў спачатку.

— Чаму гэта залезьлі сюды? — сыпаў ён злоснаю гаворкаю і паказваў рукой на лес.

— А як-жа? На тое абрэзка, — адказалі яму.

— Чаму гэта? — зноў перапытваў ён.

Маўчалі.

— Чаму гэта? Што, у мяне лішняе ёсьць, ці што? Можа вы і на той бок лесу палезеце?

— Можа й палезем.

— Хто арэнду плаціў, а хто палезе! Чаму гэта?

З братам яны прыехалі ў наступную ноч. Зноў бялелі каля дарогі межавыя слупы і тычкі.

— О, — паказаў рукой Бушмар.

— Але, — адказаў брат.

Больш яны нічога пра гэта не гаварылі і ўехалі ў лес моўчкі.

Брат быў вельмі падобным да Лявона, але ростам быў яму, высокаму, па плячо ўсяго. Бушмар падстрыгаў вусы, а гэты падкручваў іх стрэлкамі ў бакі. Гаварылі яны адзін з адным мала, і бяз слоў вельмі добра разумелі адзін аднаго.

Назаўтра зусім парушыўся звычайны ход жыцьця ў Бушмаравай сялібе. Папаўдні Бушмару давялося йсьці ў вёску прасіць людзкое дапамогі. Сёй-той патом прышоў з вёскі. Прышоў стары Вінцэнты, што ўмеў напамяць усялякую касьцельную адправу. Труну рабілі самі Бушмары, а Вінцэнты маліўся з кантычак — перасьпяваў колькі разоў «Анял панскі» і «Здровась Марыя». Пасьля труну ўдвух Бушмары завезьлі ў мястэчка пад касьцёл. Вярнуліся позна. А назаўтра сышліся ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вінцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Аміля. Бушмар дастаў людзям выпіць. Перад абедам Вінцэнты зрабіў жалобную адправу — засьпяваў зноў «Анял панскі», усе падцягалі. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлі, голас.

Спачатку быў ціхі настрой. Бушмараў брат, расчулены і ўзлагоджаны, успомніў свайго хлапчука:

— Бывала адна ўцеха была. Прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамі трэцца, памагаць лезе. Часамі і крыкнеш на яго, і ўшчунеш, калі пасваволіць, але як памёр, дык сам палез-бы лёг на яго месца, абы падняць яго.

На твары яго засьвяцілася чуласьць. Жанкі заплакалі, уцёр сьлёзы і сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед. А як вышлі на ганак, каб разыйсьціся, той-жа самы Бушмараў брат не сьцярпеў:

— У мяне адрэзалі палавіну ўсяе зямлі. Але я хоць толькі што на арэнду быў сеў, але о!

Ён ткнуў пальцам на брата.

— О! спрадвеку арэнду плаціў.

— Чаму гэта ня зробіш! — зароў Бушмар.

— Нічога ня зробіш — сам-жа адказаў брат.

— Чаму гэта ня зробіш! — зароў Бушмар.

— Можа што й зробіш, — хітра сказаў Вінцэнты.

V

Меркла ў лясох. Гусьцілася цёплае неба. Адвячорак цадзіў паплаўныя туманы.

Рэчка ўлілася ўжо ў свае берагі, цякла ціха, ціха. Магутнасьць вясны жыла ў лясох і ў полі.

Бушмарава постаць чарнелася над рэчкаю.

Ён зноў быў адзін. Брат паехаў дзён праз тры пасьля матчынага пахаваньня. Бушмар-жа яшчэ некалькі дзён, як выбіты з свае каляіны, не задумваўся ні над чым. Аміля каля яго чула сябе ніякава, кожны адвячорак пакідала ў сялібе яго аднаго, начаваць хадзіла ў вёску. Можа таму, што ад Бушмара слова цяпер больш як калі цяжка было выцягнуць.

— Я пакіну служыць тут зараз, — сказала была раз Аміля.

Ён не пачуў, ці так нічога не адказаў.

На змроку высокая постаць узвышалася над рэкавою лукою. Чалавек маўчаў, як і ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусьцеў, неба яшчэ не запаліла зораў.

Чалавек азірнуўся і пайшоў паволі назад. Храсткі яго носа варушыліся, бровы зьехалі нізка і зрасьліся.

Маленькая жанчына ішла па траве. У руках яна несла чаравікі, ад работы ружавеў твар. Яна йшла подбегам ад гумна. Вольнай рукою папраўляла валасы і глядзела кудысьці паверх усяго. Яна напаткалася высокаму чалавеку, На адзін момант вочы іх спаткаліся, але чалавек адвярнуўся і пайшоў на высокі ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш засьпяшалася. От яна сядзіць на ганку і абуваецца. Марудзіць, абцірае ногі аб мокрую траву. Ціха навокал, нікога нідзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была йсьці:

— Дык я пайшла ўжо, заўтра на сьвітаньні прыду, — моцна гаворыць яна тое, што й кожны дзень у гэтую самую пору.

Але чамусьці яшчэ марудзіць. Яшчэ нагнулася паправіць у чаравіку шнурок. Шнурок нешта завязваецца доўга, раптам рвецца і яго трэба зьвязаць. Ідзе жанчына паволі, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як-бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зірк.

Яна йдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома і веснавая цьвіль. Тут жанчына пайшла шпарчэй. Але чалавек выбягае на ганак і моцна заве сабаку.

— Галас, Галас!

Жанчына бачыць здалёк, як цераз двор імчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзіць з ганку. Яна прыпыняецца і глядзіць: а можа там здарылася што, яна-ж тут ўсю гаспадыніну работу адна парабляе, можа чаго й не дагледзела.

Чалавек-жа адагнаў ужо ад сябе сабаку і йдзе цераз двор. От пайшоў ён шпарка. Яна вельмі павольна паварочваецца да дарогі і йдзе сабе: яна-ж ужо разьвіталася — сказала што пайшла.

За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала яе. Яна не азірнулася, але чула на сабе чужую буру. Тады з востраю непераможнаю, пакутнаю і страшнаю радасьцю пайшла шпарчэй, штосьці бяздумна ўгадаўшы ў гэтым. І тады-ж пачула, як схапіла яе тая чужая бура. Бушмаравы рукі ўзьнялі яе высока, пад зьвярыным дыхам яго валасы з-пад хусткі казлытнулі твар. Слабасьць і раптоўны ўздым страсянулі яе. Разам з тым ласкавая хітрасьць прайшла па твары яе:

— Я чуць не вярнулася, думала што здарылася, — шапнула яна і змоўкла зусім.

Бушмар цераз увесь двор бегам нёс яе назад на руках.

Праз паўгадзіны яна нехаця вышла на ганак. У расчыненых дзьверах няўзабаве зьявіўся за ёю Бушмар. Яна сышла з ганку, вельмі паволі зноў моўчкі пайшла да брата, ці толькі зрабіла выгляд што йдзе. Бушмар зьбег з ганку за ёю. І з трох крокаў зноў схапіў яе на рукі. Хітрая жаночая ўсьмешка лягла на твар яе. Яна ўзмахнула рукамі, вызваліўшы іх з-пад Бушмаравых, узьняла ўгору галаву і ахапіла яго за шыю. Бушмар панёс яе зноў у хату.

VI

Віславухі, белавусы, стары Вінцэнты стаяў за лесам на дарозе. Амілін брат падыходзіў да яго ўпоперак цераз ральлю. Твар Вінцэнтага тоненька ружавеў на ветры, нядаўна зголены, гладзенькі. Амілін брат ледзьве цягнуў ногі па цяжкай, скібаватай ральлі.

— Адпоўз Бушмар за лес, — сказаў Амілін брат.

— Напалі на чалавека, — адказаў Вінцэнты.

— Будзе з яго аднаго.

— Можа будзе, а можа й не. З таго боку лесу тамашнія яшчэ падбіраюцца. Так мусіць і адхвацяць усю гору.

Вінцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў і пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, ішлі людзі. Амілін брат уваткнуў ля дарогі тычку, міргнуў Вінцэнтаму. Той пайшоў далей ад дарогі, набраўшы з зямлі пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпыніліся ля дарогі.

З лесу, з-пад Бушмаравае сялібы вышла Аміля. Яна йшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсьці ёй насустрач, але пад цікаўнымі і хітрымі позіркамі мужчын застаўся.

Аміля падышла да яго адразу.

— Чаму Бушмар сам ня прышоў? — запыталася колькі галасоў разам.

Аміля адказала аднаму толькі брату:

— Ня прыдзе… Мяне прыслаў… Што тут хаця робіцца…

Яна спусьціла рукі й стаяла з сухой заклапочанасьцю. Глядзела на ўсю работу.

— Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа; а пасьля сьмяртэльнае крыўды не абярэшся, — загаманілі некаторыя мужчыны.

— Каб тут каморніка ня было, можа-б і прышоў, — засьмяяўся Амілін брат. — Што, невядома як яму цяжка з начальствам гаварыць?

Аміля бездапаможна глянула на брата. Той падступіў да яе бліжэй. Мужчыны заварушыліся па полі.

— Думаеш кідаць служыць? — запытаў брат ціха, адводзячы сястру ўбок.

Аміля паціснула плячуком і апусьціла вочы. Скрытнасьць цяпер удалася ёй.

— Кідай! што гэта не ўгаварыць цябе ніяк! І тады вырвалася з хаты ліха ведае чаго, як-бы ня можа памеркавацца разам. Гэта-ж ня вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробім. Кідай, годзе табе ліпець за наймічку. Чаму ты паслухаць мяне ня хочаш? Чаго ты баішся, што ў хаце цесна і хлеба можа не хапіць? Не прападзем! Будзем разам рабіць, разам жыць… Гэтак табе трэба было і адразу ісьці за наймічку! Што-ж не паслухала! Кідай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакі. Раніцою мароз быў.

Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле і пайшла назад. Брат паглядзеў ёй ў сьлед, нахмурыўся.

— Можа яна крыўдзіцца чаго, — зьявіўся раптам з боку Вінцэнты.

Амілін брат не захацеў з ім гаварыць. Вінцэнты, як зьнячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапаціўся вельмі каля тычак.

VII

За лесам насядала на сялібу вясковае поле. Арудаваў там Андрэй — Амілін брат, праціўны Бушмару чалавек. Бушмар і ніколі ня меў з ім сталае гаворкі (хіба бывала трэба было пагаварыць крыху ўвайшоўшы ў хату да Амілі), а цяпер і пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амілю, што Андрэй сіберна заеўся на Вінцэнтага за ўсялякія там справы, што Вінцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вінцэнтага ў хаце нелады нейкія… Аміля кожны дзень пад-вечар даведвалася да свайго дзіцяці, доўга ня бавілася там, у Андрэя — цяпер ўжо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою-жа самаю ціхаю, прывабна, па-жаноцку пакорліваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзіла Бушмара ў хаце, зазірала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.

Вясна тады ўбіралася ў сілу. На полі, на палянах і лесавых выцерабах, зазяленьвала ярына.

Навокал Бушмаравае сялібы зьявілася новая агароджа. За лесам, тут-жа пад бокам у Бушмара забялелі слупы на другую іншую агароджу. Дарога з лесу, што з Бушмаравае сялібы падалася ўбок, закруцілася пад самую рэчку — новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.

Аміля з Бушмарам часамі, у нядзелю, калі быў час, выходзіла сюды за лес. Яна то, праўда, ішла ня разам з ім, а ззаду, як-бы назіркам. Ён выходзіў з хаты адзін, ён нікуды ня клікаў яе з сабою, калі йшоў куды так, без работы. Але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзілася з ім ужо ў лесе. Тады гаварыла:

— Можа мы сёньня ўдваіх да Андрэя пойдзем?

Ёй хацелася, каб гэта было, і баялася яна зводзіць іх.

Ён сьціскаў губы, хмурыўся. Адказваў не адразу, а ўжо калі яна начакаецца гэтага адказу:

— Ты-ж кожны вечар бываеш там.

Яна так ужо й ведае, што ён гэта скажа. Але яшчэ не паддаецца:

— Мала што я адна хаджу. Каб з табою калі ўдваіх пайсьці, мне гэтак хочацца… Лявонка…

Яна ведае, што на гэта ён ужо нічога ня скажа. Толькі як-бы дзеля таго, каб разгледзець што па дарозе, ці ў полі, адвернецца ён і колькі хвілін ня зьмігне з аднаго месца. А там і Андрэеву хату відаць на ўзгорку, другая з краю. Разьбіты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комін накрыты вялікаю бляшанаю міскаю бяз дна. Там Андрэй можа дзе ў нядзелю курыць на вуліцы на бярвеньнях з мужчынамі і можа зноў нагаворвае людзей на Бушмара.

Ніколі Бушмар ня пойдзе туды!

Амілю цягне туды хоць на момант.

— Я пайду, — гаворыць яна, — калі ты пачакаеш крыху тут, я не забаўлюся. Добра?

Яна глядзіць пакорліва ў вочы яго. Усё роўна як просіць ласкі якое. Ён-жа заўсёды адзін і той-жа — пануры, маўклівы. Хто яго ведае, якія думкі варушацца ў яго віхрастай галаве, пад гэтым навіслым чэрапам.

— Ідзі сабе.

Ах, каб ён не гаварыў гэтага «сабе»!

З прычыны гэтакага тону яна ня йдзе. Ён сядзіць дзе-небудзь на пянчуку ці на вывернутым дрэве.

Край лесу. Перад імі поле — цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, іх ледзьве відаць — з гэтага, аднаго толькі боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмі. Межавыя палявыя слупы залезьлі аж на яе — ледзьве з драбінамі льга прасунуцца.

Аміля кладзе рукі на Бушмарава плячо:

— Чаму ты гэтакі, Лявон?

— Што? — гаворыць ён адразу. — Што ты сказала, што? Я ня прыслухаў.

(Часамі ён гэтак ажыўляецца бяз прычыны).

— Чаго ты на мяне сярдуеш?

— Ідзі туды, — паказвае ён пальцам на вёску. — Ідзі, адно прыходзь хутка.

Цяпер яна ўжо йдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы. Але-ж і праўда, што ня бавіцца там доўга.

Андрэй спатыкае яе жартлівым сьмехам:

— Хутарская гаспадыня йдзе. Ну, як гаспадар, ня лішне эксплёатуе цябе?

Яна вымушана сьмяецца.

У вакне з двара відаць дзеці. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамі ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькія, як вугельчыкі. Аднагодкі — Амілін і Андрэяў.

— Ідзеце, сынкі, я вам тварыкі памыю, — гаворыць Аміля, калі ўвойдзе ў хату.

Бярэ іх абодвух на рукі й нясе ў мыцельнік да вядра з вадою. Хлапчукі ў захапленьні пішчаць.

— Сыночак, — туліць яна да сябе свайго малога. — Можа табе баліць што?

— Каб балела што, дык плакаў-бы, — аскірзаецца пакрыўджаная Андрэіха. — Разам-жа з маім і ядуць і сьпяць.

— От пасварэцеся нечага, — рагоча на ўсю хату Андрэй.

— Я так гавару, мала што маці скажа, — апраўдваецца, Аміля. — Ці гэта што я скажу, дык…

Яна гладзіць па белай галоўцы свайго малога і сьпяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзіць у сенцы. Стоячы ў дзьвярох, глядзіць Амілі ўсьлед:

— Пабыла-б калі больш… Эксплёатуе цябе твой гаспадар.

Ён раптам кідае жартаваць. Тон яго робіцца сталым:

— Табе й нядзелі няма?

Аміля ўжо выходзіць з двара.

Бушмар усё-ж чакае яе. Яна як-бы просіць яго:

— Я ня бавілася, праўда?

Яны йдуць назад ужо разам. Калі край лесу губіцца за востраю павароткаю лясное сьцёжкі, Бушмар туліць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчасьлівая, глядзіць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць дадому і яна тут зноў успамінае тое, на што ён раней не адказаў:

— Чаму ты гэтакі… Нейкі…

— Які?

— Не гаворыш ніколі са мною?

Яна ня спускае з яго вачэй, і ён глядзіць доўга ў яе твар. Жанчына робіць цуд: на Бушмаравым твары зьяўляецца ласкавая мяккасьць.

VIII

Вінцэнты на погляд здаецца ціхі чалавек. Ён ходзіць павольна і стала. У нядзелю заўсёды ўсьцягвае на ногі шкарпэткі — шэрыя, у чырвоную палоску ўпоперак — жончына работа — і камашы. Ногі ў яго крывыя — разагнутыя дугі, і паходка — з боку на бок. Сьвяточная ватоўка яго з рудога, чырвонаватага старасьвецкага бобрыку. Ці то ўлетку горача; ці то ўвосень, ці ўвясну здорава — ён у сьвята заўсёды ў ёй. Колер твару яго дзіўна падобны да колеру гэтае вопраткі.

З Бушмарам ён — так сабе, ні вораг ні прыяцель. Трохі дружыў з Лявонавым бацькам, але як дружыў! — разам палавічных пчол разводзілі, пакуль не заеліся адзін на аднаго за мёд. А з маладым Бушмарам Вінцэнтаму пакуль што ня здарылася за што пасварыцца.

І от у нядзелю, калі Бушмар рыхтаваўся сьнедаць, прышоў да яго Вінцэнты. Ён колькі часу стаяў за Бушмараваю брамаю і разглядаў Бушмараву ярыну.

— А-а-а, як-жа авёс пайшоў, аж сінее, — енчыў Вінцэнты, з нейкае пакутнае зайздрасьці.

— Шалее твой авёс, дзяндобры, жэгнай божа, — сказаў ён, калі пралез цераз парог у хату.

Бушмар бачыў яшчэ яго праз вакно за брамаю. І буркнуў быў сабе пад нос:

— Ці ня сюды яго няшчасьце гоніць.

— Добры дзень, проша на сьняданьне, — прывітаў ён госьця.

Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку — чакаў калі Бушмар скончыць сьнедаць і калі адыдзецца ад стала Аміля.

— Я прышоў да цябе, — загаварыў ён пра справу, выводзячы Бушмара на двор.

Бушмар як-бы пачуў што трывожнае, маўчаў і нарыхтаваўся слухаць. Ён вёў Вінцэнтага па дварэ. Вінцэнты раптам перайшоў на дробныя ўсьмешкі і нават сказаў жарты:

— Я хачу у падсуседзі да цябе.

Бушмар траціў цярплівасьць — ён сам ніколі не жартаваў і да людзкіх жартаў ня прывык. Вінцэнты-ж адразу пасталеў, гэтак як напусьціў-бы на сябе жартаўлівасьць:

— Ты-ж чуў пэўна?

— Што?.. Нічога я ня чуў.

Бушмар як мае быць ужо ўстрывожыўся. Вінцэнты больш ня мучыў яго сваімі жартамі:

— Падсуседзі — ні падсуседзі, а хаўрус з табою хачу зрабіць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самі прыслалі мяне да цябе… Дарогу тваю адапхнулі? Палетак паўзлес адрэзалі? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? І арудваць будзе, бо ён на цябе вока ня мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амілі нядаўна — ці запісана яна ў гэтым рабачкоме…

Вінцэнты раптам спыніў гаворку і палажыў рукі на полы вопраткі. Расьцягнулася ніжняя губа, стала тоненькаю і мяшкі пад вачыма пачырванелі. Ён трошкі прысеў, трошкі нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасьля захіхікаў:

— Хі-хі-хі, хі-хі-і-і…

Бушмар зусім зьдзівіўся. Аж злосьць папаўзла па твары яго.

— Хі-хі, гэта такі нядурны нехта выдумаў, імя яму даў — рабачок… падточвае гаспадароў… Ці запісалася ты, кажа, у рабачок… Хі-хі-і-і.

Зноў ён раптам зрабіўся сталым, пасьля гэтай штучнай весялосьці:

— Страшная штука робіцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць… Будзе табе яшчэ ня гэта. Яшчэ й хату адбяруць у цябе, і самога з торбаю па сьвеце пусьцяць, калі самому не ратавацца…

— Што? — гукнуў з усіх жыл Бушмар.

А той, як-бы наўмысьля прышоў сюды, каб памучыць:

— І ўсім нам тое самае будзе, калі, я-ж кажу, не ратавацца.

Тут ён змоўк і ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў-бы тут яго на месцы ў зямлю. Вінцэнты яшчэ трохі памучыў:

— Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе…

— Што!? — нема раўнуў Бушмар.

І ўжо тут Вінцэнты як мае быць дайшоў да справы:

— Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялі тычак і слупоў, дык увосень усё параскідаюць самі-ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. І гэта, што падзялілі гэтыя дзялянкі, што адхапілі ад хутароў (і твае тут дабро запала), — усё ў адзін кацёл пойдзе. Усё, як ёсьць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусім некаторых пазганяюць з месц сваіх — няма табе, кажа ні хаткі, ні градкі. Народ можа паддавацца ня будзе, але гэта… займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе… Згоняць усіх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак ня стуліў, а рэшту спажыве той, хто будзе на чыёй шыі сядзець.

— Можа да гэтага яшчэ ня дойдзе, — разважыў сам з сябе Бушмар.

Ён аж панурасьць сваю пачаў траціць.

— Ты тут сядзіш, як воўк, і нічога ня ведаеш, што па людзях робіцца. Цябе да калецтва як мае быць зьбіраюцца давесьці, а ты сьнедаеш сабе, як на выгодзе…

— Хто гэта хоча?

— Гады. Андрэй. Аміля, нябось, маўчыць табе. От папытайся ты ў яе, што Андрэй парабляе…

— Ну, дык што рабіць?

— Я табе скажу, што рабіць — яны сваё, а мы сваё. Няхай сабе іх там дзьвесьне сядзе каля аднаго катла, а мы тут удзесяцярох сядзем. Ты, я, хлопцы мае, можа яшчэ хто з адзін падахвоціцца, от табе й кацёл. Бяз гадаў, бяз нікога, сам сабе. І ўсё маё будзе пры мне, і пальцам ніхто не зачэпіць. Тады мы і адсудзіць можам законам, што і ад цябе забралі. Яны няхай сабе, а мы сабе, не канешне галетніка ўспамагаць сваім уласным ды родным. Ну як? Ты сядзіш і нічога ня чуеш.

Бушмар маўчаў.

— Я сам на гэты бок лесу перабяруся. Забудуем усё, як мае быць. Уцячы адтуль, хай яны там хоць падушаць адзін аднаго.

— Сюды? На гэты бок? Тут-жа маё!

— Усё роўна забяруць.

Бушмар памаўчаў.

— Можа нічога яшчэ ня будзе.

— Як то ня будзе. Ты сядзіш і нічога ня бачыш.

— Ці ім там мала?.. І так-жа паадрэзвалі ад усіх.

— Хамскага горла ніколі ня ўтхланіш.

— Дык што-ж рабіць?

— Я-ж табе гавару што.

— Пачакаем крыху, будзе відаць. Калі што якое…

— Позна будзе чакаць. Да восені, калі пачакаем, дык там і аман будзе на ўсё.

Бушмар ня ведаў, што рабіць і што думаць.

IX

Вінцэнты прыходзіў яшчэ раз, але Бушмар упарта не хацеў яго слухаць. Вінцэнты ўгаворваў яго:

— Гэта ня прыперла табе яшчэ бяда, дык ты атрэпаеш рук. А пачакай, што ўвосень будзе.

— Ня ўсё роўна мне! Ці сьціснуць мяне, ці з кім я за адным катлом буду ні госьць ні гаспадар. Няхай што хочуць, то і робяць, а за адзін кацёл я ні з кім ня сяду.

Вінцэнты тады пакінуў хадзіць да Бушмара. Бушмар пачаў задумоўвацца.

Вясна ўжо зусім увабралася ў сілу і паддавацца пачала лету. Рыхтаваліся да сенажаці; буялі аўсы і ячмені, адкрасоўвала жыта.

Аміля тады стала больш сумнаю, як калі раней была. Яна ціха корпалася з цямна да цямна за сваёю работаю, сам Бушмар ніколі ў хаце ня прыпыняўся — ледзьве ўхапіў управіць адзін веснавое поле.

Адзін раз у яго сялібе была пакутная ноч.

Надвечар яшчэ ён заўважыў, што Аміля як-бы рвецца штосьці сказаць яму. Яна падыходзіла да яго колькі разоў, зазірала ў вочы, а ён быў утомленым з поля, тупаў па хаце. Яны павячэралі моўчкі, толькі яна сказала разы са два, штосьці няцікавае ні ёй, ні яму. Ён адказваў вяла, нехаця, як і заўсёды. Аміля ведала ўжо добра гэтую яго натуру, ніколі не зважала на гэта. Пасьля-ж ужо ўсяе хатняе ўпраўкі, калі ён разьдзяваўся класьціся спаць, яна падышла да яго. Паглядзела на яго з дакорам, просьбаю, замілаваньнем, паслушэнствам, села каля яго і сказала тое, ад чаго ён падняў вочы, але з твару не зьмяніўся:

— Ад мяне?

— А ад каго-ж яшчэ.

— А можа ад каго іншага?

— Лявонка?!

Ён маўчаў. Яна падсела яшчэ бліжэй; зазірнула яму ў вочы, прыпёрлася галавою да пляча. Яна гаварыла хутка, выказвала ўсё, што сабралася за ўсю вясну, але што было дагэтуль цяжка выказаць Бушмару:

— … Мы тады й малога майго забярэм сюды. Добра, Лявонка? Ён неўзабаве падрасьце, дык і помач ад яго гатовая будзе. Ты, Лявонка, запішыся са мною, ці павянчайся — трэба зрабіць што-небудзь, ці скажы мне пэўнае слова, дык я тады спакойнаю буду. А ня хочаш можа вянчацца, ці запісвацца, дык я так магу быць, адно каб ты мне сказаў напэўна, што я твая жонка. Можна й так, калі хочаш, людзі цяпер усякся жывуць…

Ён устаў падкруціць у лямпе агонь. Яна чакала, сядзела ўсё. Ёй здалося, што ён стаў тады такім, якім яна яго жадала сабе — ласкавым, добрым. Ён сеў поплеч з ёю і маўчаў доўга. Яна, палажыла галаву яму на плячо. Тады ён адхіснуўся і ня зводзіў з яе вачэй:

— А той твой хлапчук, якога трэба забраць сюды, ад каго? Можа ад паручніка?

Яна жахнулася:

— Нашто ты пытаеш тое, што сам ведаеш?

— А ты скажы.

— Нашто ты гэта?

Ён усё глядзеў на яе.

— Ну ад нябожчыка… Памёр-жа…

Яна моцна заплакала. Нагнулася, і скінула шпарка рукі.

Бушмар стаяў пасярод хаты, прыжмурыўшы вочы. Ён бачыў Амілю ранейшую, калі яшчэ насіў яе на руках сьнежнымі палянамі з лесу. Чуў яе каля сябе там, на паваленым дрэве ў сьнегавыя ночы. Чуў і сьмех яе паручніку. Чуў яе і ў раньнюю вясну, у том вечар, калі не памятаючы нічога, хапіў за брамаю на рукі і мчаў у хату. І ўсе тыя наступныя дні і тыдні, нават можа месяцы… Калі ён ужо ня пускаць пачаў яе да Андрэя, да гэтага ненавіднага брата яе, гэтага ворага, злыдня…

От ужо ён бачыць Андрэеў твар — гэты насьмешлівы твар!

Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Ён і праўда, што гатоў сагнаць з месца сялібу, гэтак, як дарогу адапхнуў, як за лесам адрэзаў самую лепшую дзялянку. Усе слухаюць яго, не паможа й Вінцэнтага хітрасьць. Усё будзе навосень, як казаў Вінцэнты. Андрэй арудуе, Андрэй стараецца, Андрэй — Амілін брат.

— А калі багацьце я сваё страчу?! — смальнуў Бушмар, — дык як тагды будзе з жонкаю, з дзецьмі, і з сваімі, і з паручнікавымі…

Ён паварушыў барадою.

— Не паручнікаў! — крыкнула яна.

— Не, не, гэта я так сабе! — падступіў ён да яе на крок, зьбянтэжыўшыся ад яе крыку.

— Дык чаго-ж ты.

Яна заплакала мацней, плечы яе затрасьліся, галава зьвесілася на рукі. Скрозь пальцы капалі сьлёзы.

Бушмар прыгледзеўся. Ён як-бы ніколі ня бачыў чалавечых сьлёз, гэтакіх горных. Цераз твар яго прабегла дзіўная рыса. — Дзіва? Нецярплівасць? Новае разуменьне рэчаў?

— Сьціхні, — сказаў ен ласкавей.

— Лявонка, што мне рабіць? — ледзьве выгаварыла яна за сьлязьмі.

Аміля сілком пасадзіла яго каля сябе. Выплаквала свае сьлёзы доўга, на плячы яго. І гэта зрабіла з Бушмарам цуд. Ён пачаў сьцішаць яе, заспакойваць. Порытульваў да сябе яе твар. І ўсё стараўся скрывіць губы ў ціхую ўсьмешку.

Пад поўнач яна старалася забыцца на тое, што было вечарам, і ўсё не магла. Яна была адна ўжо ў хаце. Бушмар быў сказаў:

— Мне галава баліць вельмі, пайду лягу на салому ў пуню, там вальней.

— Ідзі, — абняла яна яго.

Забыла патушыць лямпу і лягла. Заснуць не магла. Успомніла вячэрнюю гаворку з Бушмарам і зноў затраслася ад сьлёз.

X

Бушмар паволі спусьціўся з ганку ў чорную ноч. Чула драмала зямля, вялікая цішыня вартавала Бушмараву сялібу. У маўчаньні начаваў лес, маўчалі-ж пад туманамі й паплавы.

Бушмар павалокся аж да брамы, дзе мацней пахла на загоне канюшына, дзе лясная вільгаць чулася мацней. Бушмар там не стаяў доўга. Ён як-бы шукаў чаго — з непакоем нейкім пайшоў назад, і зноў вярнуўся. Пасьля падаўся да старое пуні, пралез у прычыненыя дзьверы, лёг на салому. Так ён ляжаў доўга, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў у цемень. Штосьці тупа ныла пад сэрцам. Было гэта новым. Толькі засмактала было гэтак калісьці ў грудзёх, як выбраўся быў у салдаты і пакінуў за сабою сялібны лес. Ён паспробваў самохаць кашляць, заплюшчваць вочы… Нарэшце, ні то дрымота, ні то тупое бяздум’е апанавалі ім.

Бушмар уздрыгануўся і прысеў. Цяпер зьбіраў думкі свае, пачынаў думаць. Далёка было тут да разважлівасьці, але думкі хутка прагналі жах нядаўняе дрымоты.

Нізка навісала цемень, здаецца ён бачыў над сабою яе — цьвёрдую, моцную, непераможную. У ёй жыў увесь сьвет, усё там дзейнічала і душыла яго. Ён устаў на ногі. У думках зьявіўся Вінцэнты з сваімі прароцтвамі. Цяпер ужо трывога і крыўда адганялі ад чалавека ўсё іншае. Праходзіў жах, трывога ўсё павялічвалася. Ён зноў лёг, штучна пакашляў і моцна ў голас уздыхнуў.

— Лявон, — пачуў ён голас з двара.

І магло-б стаць яму самому дзіўна, каб адно ён мог раздумаць пра гэта: ён самымі пачаткамі адчуваньняў сваіх узрадаваўся гэтаму голасу. У той-жа момант, як у гарачыню піць, прагнуць ён стаў гэтага слова, каб хоць раз яшчэ яна гэтак сказала.

— Ты на дварэ, — абазваўся ён.

Аміля прышла на яго голас.

— Мне страшна аднэй… Ты мяне пакінуў там адну… Ты мяне зьнявідзеў, я табе непатрэбна больш, я ведаю, я ведаю… Праўда, Лявон? Скажы, ці праўда? Скажы… скажы…

— Хадзі сюды, — падаў ён голас.

— Скажы, якая я для цябе?

— Сядзь.

Ён пачуў, што яна плача, што яна не асьмельваецца ўжо сесьці блізка да яго. Ён прагнуў яе ранейшага, нядаўняга слова, дзе ня было ні папроку, ні сьлёз, а толькі пакорлівасьць — гатовае да ўсяго дзеля яго жанчыны. Абое маўчалі доўга.

— Лявон…

Цяпер ён працягнуў руку, падцягнуў яе да сябе.

— Скажы.

Як у бяспамяцтве, ён прыціснуў да сябе яе галаву. Яна плакала ўжо ціхім, бяздумнымі сьлязьмі, выпрошвала ў яго слова:

— Скажы, ну скажы, Лявонка, якая я табе?.. Ты мяне зьнявідзеў…Завошта… чаму ты?..

— Маўчы, — зашаптаў ён, — ты маўчы.

— Чаму ты сказаць ня хочаш… Ты мяне гэтак укалоў, гэтак скрыўдзіў… Нашто ты мяне гэтак?..

— Маўчы, — папрасіў ужо ён.

Яна больш не гаварыла, маўчаў і ён. Цяпер пасадзіў сабе на калені і прытуліў яе твар да свайго. Яна пакінула плакаць, ціснулася да яго, вісла рукамі на яго шыі. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае.

Ужо забялела над лесам, ужа нават і ружавець пачало, а ніхто не хадзіў па Бушмаравым дварэ. І от нарэшце з цёмнае нары вышла Аміля. Яна была новая нейкая, не падобная на сябе ранейшую. Штосьці было ў вачох закончанае, зусім сфармаванае. Можа гэта цьвёрдае ўяўленьне назаўсёды было, што такое яна і што такое Бушмар і што яны адзін для другога. Яна доўга сядзела на ганку, гледзячы, перад сабою ў зямлю. Гэтая ноч змучыла яе. Яна ўсё глядзела на свой росны сьлед на траве.

Бушмар вышаў няўзабаве. Ён пайшоў проста да студні. Выцягнуў вядро вады, нагнуўся і стаў ліць празрысты холад сабе на галаву.

XI

Ужо зблекла ружовасьць на ўсходзе. Вяршаліны лесу гарэлі сонечнымі агнямі і лес слухаў безутрапёную музыку чулае раніцы. Сонца было за ўзгоркам, але далёка яшчэ, пакуль зьнікне раса. Росны сьлед скрозь клаўся з-пад Аміліных ног, да лесу, а ў лесе сьцежка з леташніх хвойных іголак маўчала пад нагамі. Тут было ціха і прытульна. З-пад дрэў цёк водыр вечна маладога ядлоўцу, пахла хвоя і лясная зямля. Вечнасьцю дыхала ўсё. Нават чулыя гукі былі як цішыня.

Аміля выйшла за лес. Сонечнае поле жыло клапатлівым веснавым днём. Яно гучэла птушынымі галасамі, зелянілася ячменямі і аўсамі. У бок ад узгорка туліліся да яго знаёмыя стрэхі.

Як-бы шукаючы чаго, Аміля палажыла да лба над вачыма руку і ўгледзелася ў поле. Вецер абвеяў ёй твар. Ня думаючы, яна пайшла паціху цераз поле. Перад ёю, наводдалек, бегла хвалямі жыта.

Андрэева хата ветліва глянула на яе спарахнеласьцю сваіх сьцен. На прызьбе, на ўмятай кастрыцы, драмаў узлахмачаны сабака. Ён толькі гультайскім зіркам правёў яе ў двор. Там яна ўбачыла свайго малога. Ён адразу пабег да яе:

— Мама!

Яна панесла яго ў хату. Там быў ранішні розрух. Ляжалі няпрыбраныя, расьцягненыя пасьцелі; самому ад сябе цесна здавалася. Усё было гэтакім знаёмым — усё, як і заўсёды — на тым самым месцы, як і шмат год да гэтае хвіліны. Усё тут цякло паволі, з вонкавым спакоем… Нават нейкае зельле, якое яна сама, гадоў можа тры таму, заткнула за трам — яшчэ й цяпер тырчыць адтуль.

Аміля выцягнула гэтае зельле і кінула ў сенцы. На палку каля печы панакіданы знаёмыя лахманы…

Думкі пачалі бегчы шпарчэй, вырывалі абрыўкі мінулага, забытага, што здавалася пахаваным назаўсёды. Можа ёй было гадоў шэсьць ці сем, як (гэта страшна цяпер укалола яе) сварыліся ў хаце за старую вопратку, што засталася пасьля нябожчыка бацькавага бацькі. Прыходзіла па вопратку бацькава сястра, бацька-ж рваўся ўсё прагнаць яе з хаты. Тая вопратка можа й каштавала ўсяго якую двазлотку, а колькі было сказана з-за яе ўсялякіх крыўдных слоў. І праз яе, праз Амілю. Ёй ня было ў што апрануцца, гнаць у поле быдла і гэтак сама стрэчнаму брату, малому, сыну гэтае самае цёткі. Чаму, як якія дзікуны, забыўшыся на блізкае сваяўство, крыўдзяць адно аднаго з-за гэтакае дробязі нядобрымі словамі? Гэтак жылі, што й старыя лахманы для іх не заўсёды драбяза. А яшчэ — калі чалавек кожны дзень у голадзе і холадзе, дык тут ужо ўсякія межы і ўстанаўленьні руйнуюцца.

Беглі ў яе думкі няроўна, утрапёна.

То выхапяць яны з чалавечае таямніцы што-небудзь з таго, што калісьці было перажыта, ранейшае бацькава парабкоўства ў дварэ, бадзяньне па месцах, то засьцелюць усё перад чалавекам у ясныя колеры чагосьці няведамага, што вельмі падобна пад маўклівую шырыню зямлі ў гарачы поўдзень, калі ў чалавека такое ўтрапеньне, а навокал усё само ў сабе і ў сваім спакоі.

З усіх гэтых думак і ўяўленьняў паўстала сьпёка на пыльнай дарозе і аж чырвоны бляск сонца на ёй. Яна, гэтая дарога, была пустая, і пыл на ёй, што ўзьнімаўся з-пад калёс, не ападаў, а стаяў нявысока над зямлёю. На драбінах поплеч з Аміляю сядзеў Андрэй, якога яна везла ў горад да доктара. Ён не спадзяваўся выжыць і на захадзе сонца сумна яна разьвіталася з ім каля глухога будынку гарадзкое больніцы. І ўсю ноч ехала адна дадому.

Хлопчык усё стаяў каля яе на зямлі, трымаўся за яе ногі, а яна глядзела кудысьці за вокна ў гарачае неба.

У гэтай хатняй сумятні, у цясноце пачула яна яшчэ тое, што часьцей за ўсё чула ў несьвядомых успамінах сваіх. Чула ў самыя вострыя моманты. Гэта брала пад сваю ўладу думкі і волю, каб — або зрабіць чалавека вельмі моцным і рашучым, або зусім нямоцным, слабым. Усё тады робіцца малым і нязначным перад адным, што займае ў тыя хвіліны чалавека.

Калі яшчэ была дзіцём Аміля, дык з таго часу памятае яна адзін гэтакі момант. Ён навек застаўся ў памяці і цяпер заўсёды паўстае ў уяўленьнях гарачы сонечны адвячорак, калі было гэта. Яна малая не магла ўседзець дома ўвесь той дзень і назаўтра, пакуль ня сплыла патроху горкасьць з душы.

— Занясі, дачушка, тату хлеба, бо ён ня еў з самага ранку, — сказала была тады маці.

І яна панясла той нішчымны хлеб, сухі, вымучаны з апошняе мукі. А бацька з поўдня ўжо нешта стаяў бяз шапкі перад ганкам аканома ў дварэ, выпрошваючы нейкае палёгкі за нейкія даўгі.

— Табе колькі разоў казалі не таўчыся тут перад вокнамі дарэмна, — сказала пакаёўка, выходзячы на ганак.

Тады бацька заенчыў:

— Унь мне дзіця апошні кусок хлеба з стала прынясло. Няўжо я з раскошы прашу? Няўжо я…

І вось тады адбылося тое самае важнае. Сам аканом, высокі і моцны, выскачыў на ганак і схапіў бацьку за шыю, пхаў яго гэтак перад сабою цераз увесь дзядзінец, да самае дарогі, дзе стаялі дваровыя людзі, і некаторыя спачувалі, некаторыя сьмяяліся. Бацька пайшоў, а яна малая бегла за ім і страшны малюнак бацькавае прыніжанасьці не даваў ёй спакою.

— Заўтра пайду папрашу аканоміху, — сказаў спакойна бацька, калі адышліся яны трохі ад двара.

— Ня йдзі.

Яна закрычала немым голасам. Не магла больш выгаварыць ніводнага слова ад сьлёз і вялікае цяжкасьці:

— Чаму? — сказаў бацька, — можа яе ўпрашу, дык як-небудзь і абыдзецца добра.

І, памаўчаўшы, яшчэ сказаў сам сабе:

— Яна, кажуць, ніштаватая кабета, ласкавейшая за яго.

І яшчэ большая крыўда за гэты бацькаў спакой і халодную нявольніцкую разважлівасьць пеканула яе ў сэрца. Бацька-ж гаварыў:

— Давай хлеб, падсілкавацца трохі.

Яны селі на дарозе і Аміля магла толькі сказаць:

— Як ён цябе пхаў цераз увесь двор.

— Што-ж ты зробіш, — адказаў бацька. — Будзе горшая бяда, калі прыдуць ды апошняе забяруць.

І маўчаў. Можа буры кіпелі ў ім на дне душы, але твар яго, грубы, абветраны, быў халодны. І от з таго доўга насіла яна ў сабе страшны роспач: «Можа яму ня зусім моцна балела, як яго ціснулі за шыю, але як гэта ён яго гнуў уніз, пхаў!»

Бацька ішоў гэтак у чужых руках праз увесь дзядзінец, той самы бацька, які заўсёды галодны і спрацованы. Ён пойдзе да аканоміхі, хоць тут зусім ня можна йсьці прасіць — нейкая сіла не дазваляе ісьці зноў прасіць, а загадвае штосьці іншае: пайсьці і ўзяць таго, хто пхаў бацьку і забіць яго, але не адразу, а каб ён мучыўся перад сьмерцю і каб слухаў, як яму будзе яна за скрыўджанага бацьку выгаворваць усю крыўду. Толькі гэта трэба зрабіць, больш нічога ня можна рабіць.

Але нічога гэтага не магла яна тады малая выказаць. Толькі праз колькі ўжо дзён сказала бацьку:

— Тата, набі яго.

Ён зьдзівіўся:

— Каго?

— Аканома.

— Што ты выдумляеш?

І ўсё гэта засталося навек.

Аміля стаяла ўсё ў хаце ні з кім не гаворачы.

— Як ты прышла ад работы? — запытала Андрэіха. — Хіба Бушмара дома няма?

Аміля ўздрыганулася ад чалавечага слова. Яна ўзяла на рукі дзіця і вынесла на двор.

— Гуляй, сынок, гуляй сабе.

— Ты пойдзеш? — запытала дзіця.

— Пайду, сынок.

— Чаму ты пойдзеш?

Яна панясла яго да варот і там паставіла на зямлю.

— Ня йдзі, мама.

— Я прыду… Бяжы ў хату, сынок.

У полі вецер плыў па засевах, жыта шаптала.

Праз узгорак Аміля вышла да лесу. На самым узгорку пад ветрам прыпынілася азірнуцца. Высыхала пад нагамі раса. Вецер мяў і трапаў адзежу.

Яна ўзьняла галаву. Штосьці незнаёмае дагэтуль нараджалася з думак пра Бушмара. І як хмары перад навальніцай зьбіралася ўсё больш і запаноўвала ў чалавеку. Бушмар стаяў, як жывы, у яе вачох з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты…

Першы раз у жыцьці ў яе сьціснуліся губы. Гэта было толькі лёгкае дрыжаньне іх.

Яна адна была на ўзгорку, перад сьцяною лесу. Постаць яе ўзвышалася над аўсамі і жытам. Вецер абвяваў яе і галава яе была ўзьнята.

Шпаркаю звычайнаю сваёю хадою яна ўвайшла ў лес.

ХII

Чалавеку цяжка перарабіцца адразу. Можна думаць і гаварыць іначай, а сам чалавек доўга будзе ранейшым. Так, як ляцяць кожны год, абы толькі замакрэе веснавы сьнег, гусі над Бушмаравай сялібай, так, як адлятаюць яны над гэтымі-ж лясамі назад, абы толькі пацямнее ад старасьці на іржышчы белае павуценьне — гэтак сваімі дарогамі будзе хадзіць чалавек, пакуль увесь узыдзе на дарогі іншыя.

У той дзень, калі вярнулася Аміля пасьля ўтрапеньня свайго ў Бушмароў дом, яна ажыла была дзеля іншае свае дзейнасьці жывучы на сьвеце. Яна, як Бушмар прышоў толькі ў хату, пад поўдзень пачала выгаворваць яму ўсё, што сабралася ў яе; гаварыла яму і пра сябе і пра яго.

— … ты пануры, ты цяжкі, і з табою цяжка. Але ты можаш зьіначыцца. Толькі скажы мне раз назаўсёды, што я для цябе і ці патрэбна я табе. Калі ты зьнявідзеў мяне, дык годзе папрокамі ўсякімі мучыць мяне, а выгані мяне з хаты. Тады я ведаць буду! Калі-ж ты сам ня ведаеш, што я для цябе, дык слухай — я застануся з табою… Нам ня кепска будзе жыць… У нас будзе дзіцё, тваё дзіцё… А маё дзіцё цяжкім для цябе ня будзе. Я зраблю тут усё ў нашым доме так, што нічога лішняга і непатрэбнага для нас ня будзе, усё будзе добра і табе і мне. Толькі ня будзь воўкам для мяне. А калі інакшым быць ня можаш, дык — скажы мне, не маўчы — на што я табе?.. Ты скажы… Ты не маўчы больш. але скажы тое, што трэба. Без папрокаў скажы… Тады лепш будзе ўсё…

Яна гаварыла доўга. Ён спачатку маўчаў з новым прасьветленым нейкім тварам, як ад якое трывожнае і важнае навіны, пасьля якое прыкра яму стала. Але-ж ён даслухаць хацеў да канца. Усё маўчаў, ніводнага разу ня глянуў на яе.

— Чаго ты? — сказаў ён раптам.

— Што?

— Што з табою зрабілася? Дзе ты была?

Яна глядзела на яго.

— Дзе ты была? Чаму ты гэтакая?

— Дома была.

— Дзе дома?

— У Андрэя была. Сына свайго глядзець хадзіла. Сын у мяне ёсьць, ведаеш?.. Той самы, пра якога ты ўчора дапытваўся, ад каго ён. Той самы, мой сын. Ты чуеш пра майго сына?

— Ён сьціснуў зубы, аде на гэта змоўчаў. Толькі глянуў на яе. І раптам зьдзіўленьне нейкае засьвяцілася ў яго вачох.

— Дык от я цябе пытаю, ты павінен сказаць мне.

— Я ня ведаю, што ты хочаш, каб я табе сказаў.

— Я кагадзе гаварыла табе што.

— Я табе нічога не рабіў кепскага.

— А вечарам ўчора, ты забыўся?

— Я цябе ня біў.

— Канешне біць?! А што ты гаварыў мне! Ты памятаеш, што ты гаварыў мне?

— Я табе гаварыў праўду.

— Праўду? Гэта твая праўда?

Ён зноў узьняў на яе вочы. Ён ніколі на бачыў яшчэ яе гэтакаю. Ні адна жанчына ніколі не гаварыла яшчэ з ім гэтак. Ён маўчаў, зьдзіўлены.

— Што-ж ты маўчыш?

— Што табе гаварыць?

— Ты лепей сам ведаеш.

Пасьля доўгае маўчанкі свае, яна пачула яго пануры голас:

— Тое прайшло.

Ён пачаў заікацца.

— Што прайшло?

— Што было ўчора вечарам.

Больш ён маўчаў. Яна адышлася ў чыстую хату, старалася разагнаць сваю ўзбуджанасьць, сваё ўтрапеньне. Ён доўга сядзеў, усьпёршыся локцямі на стол, пакуль яна не ўвайшла. Цяпер спакайнейшаю здавалася, штучна нават усьміхнулася, калі падышла да стала:

— Усё прайшло, што было?

І памаўчаўшы:

— Ты праўду кажаш мне?

Села з ім поплеч. Зноў штучна — ня было яшчэ прычыны для шчырасьці — хмурна ўсьміхнулася і сама-ж адразу прагнала з твару гэтую непатрэбную ўсьмешку. Так сядзелі яны і яна каля яго рабілася ўжо тэй самай ранейшай Аміляй.

ХIII

Людзі жылі тут павольным жыцьцём, спрадвечным, ціхім… Людзкое жыцьцё гэтага было як жыцьцё гэтага поля навокал і гэтых лясоў. Кожты год зямля мяняла ўсё твар свой. Але праз год яна была тэй-жа самай. І гэта трымала людзей пад нейкаю ўладаю.

Кожную восень над гэтым полем і лясамі адляталі жоравы і гусі. Тады людзі глядзелі на гэты свой радасны сум, думалі свае няхітрыя рэчы. Падоўгу стаялі і ўглядаліся ў гэтых адвечных падарожнікаў, якія ведаюць толькі сваю, гэтую адвечную дарогу. Але дарога гэтая здавалася людзям ня звычайнаю і вольнаю. Можа людзі зайздросьцілі гэтай птушынай волі, можа яны чулі ў гэты час тое сваё адвечнае імкненьне, што жыве ў іх, у глыбіні пад нявольніцкімі путамі гаспадарскае клапатлівасьці.

Так ішло тут жыцьцё зямлі і людзей на ёй.

Калі Бушмар служыў яшчэ ў войску, ён нудзеў па гэтым жыцьці. Тут быў для яго цэнтр сьвету. Гэта ён тады чуў больш, як цяпер. Цяпер толькі жыў, больш можа як хто тут заклапочаны ўпартым сваім змаганьнем з зямлёй. Ён папробваў быў выкарчоўваць падлесную неўрадлівую дагэтуль граду. Але ня даў рады. Так у яго гэта засталося толькі ў думках — от нешта такое прыдзе, пара гэтакая, калі неяк гэта ў яго зробіцца, ён сам пра гэта пастараецца, тады будзе нешта іншае… Такое чаканьне ўсё было ў чалавека, пакуль ён ладзіў, і ладзіў удала, што пакінуў яму бацька.

Гэтакае-ж чаканьне было і ўва ўсіх. Бушмаравы вясковыя суседзі спрадвеку мучыліся на сваёй зямлі, яна была цяжкаю, але яе было мала. Людзі думалі — каб яе было больш, яна была-б лягчэйшай.

З вялікаю радасьцю людзі пачалі рэзаць яе, адрэзваць сабе дзе толькі нельга было. Суседнія ад вёскі хутары адразу паменшыліся. Вяскоўцы ўрэзалі сабе зямлі і з княжацкага маёнтку. Зямлі хапіла, яе стала даволі, але яна стала яшчэ цяжэйшаю. Таму яе яшчэ ўсё было мала.

Трэба было рабіць з зямлёю штосьці зусім іншае.

У гэты-ж час Бушмар узьнявідзеў Андрэя. Андрэй тады пачаў арудаваць над зямлёю. Тады, калі Бушмар быў яшчэ ў войску, Андрэй першы падаў быў думку пра тое, за што стары Вінцэнты назваў быў яго ў Бушмара гадам.

Людзі ня любілі Бушмара, і ён ня любіў людзей. Ён быў зьвераваты з натуры свае, і яшчэ з бацькам жывучы, прывык адмяжоўвацца заўсёды ад усіх.

Ужо ў тую ноч, калі варочаўся Бушмар дадому з войска, ён, ступіўшы на сваю зямлю, адчуў быў сумную трывогу. Але пасьля гэта прайшло, ён як-бы ня заўважаў ці стараўся ня заўважаць таго, што навокал яго рабілася.

Але ў глыбіні яго душы з гэтага расло страшнае пачуцьцё. Можа яно павялічвалася з таго, што гэтак неспадзявана і гэтакаю блізкаю стала да яго Андрэева сястра. Аміля сама заўважала гэта і гэта яе мучыла. Яна не магла дзеля Бушмара сцурацца брата — там было ўсё роднае, з малых дзён блізкае і знаёмае. Там было і праходзіла ўсё, чым поўнілася аж дагэтуль жыцьцё. Там былі і радасьці і гора. Таму ва ўсе цяперашнія горкія хвіліны свае, яна заўсёды была там. І да Бушмара-ж яна была прывязана вялікаю і страшнаю цяпер для яе прычынаю. Яна цяпер пакутвала страшна. Ёй хацелася расказаць каму пра гэта. Але каму? А Бушмар? У наступныя-ж дні пасьля тэй шалёнай ночы, Аміля зноў стала ад яго плакаць. Ён рабіўся больш усё жорсткім, хоць часамі находзіла на яго нейкае прасьвятленьне. Аднак-жа гэта было толькі слабая праява чалавечага пачуцьця, якое і ў яго недзе драмала. Аміля бачыла — гэта ня ёсьць блізасьць яго да яе, блізасьць таго Лявона, які ў першыя дні быў для яе ўсім.

Тая навала, якую прарочыў Вінцэнты, упарта насядала на Бушмара. Чым больш набліжалася восень, тым шырэй ішлі гаворкі пра гэта і ўсё больш адбіралі ў Бушмара гаспадарскі спакой.

Лета тады было гарачае, сухое. Гэтакага лета ніколі ня ведала Аміля. Штосьці чорнае, страшнае стаяла перад ею. Гэта было няведаньне страшнага далейшага, роспач, які к канцу лета стаў зьяўляцца кожны дзень на доўгія хвіліны разам з пакутнымі думкамі. Бушмар быў бязьлітасным. Яна ўжо ня пытала больш, завошта ён зьнявідзеў яе. Гэтага ня трэба было пытаць. На гэта ён ня сказаў бы нічога. Ён сам можа жахнуўся-б, каб мог уразумець, што гэта-ж ён сапраўды страшна зьнявідзеў яе. Непатрэбнасьць тут Амілі панавала ў яго над усім. Яна была зьвязана праз Андрэя з той навалаю, што ішла разам з восеньню.

За лета Аміля напакутавалася ў полі. Бушмар прынаймаў на поле людзей; яму было ўжо страшна, што Аміля тут сярод іх за гаспадыню. Людзі ня ведалі гэтага, ніхто ні пра што ня думаў. Але Бушмару здавалася ўсё пра людзкія думкі. Ён стаў ужо думаць пра свае справы. Раней думак было ў яго мала, думаць ён ня прывык.

Лета канчалася сухімі днямі. Аміля не прыкмячала больш росных раніц, ціхіх адвячоркаў. Усё стала няважным, другарадным. Цяпер сапраўды яна ўсё больш рабілася ў Бушмаравай хаце наймічкай.

Гаварыць з Бушмарам яна пакідала, а Бушмар і пагатоў маўчаў.

ХІV

Бушмар бачыў, як Аміля далей усё адыходзіла ад яго. Неяк гэта раптам заўважыў ён, у адзін сонечны дзень. Усё нагадвала тады блізкую восень. Сям-там жаўцеў лісток на дрэве, вялікая была ўжо атава на паплавох. Ён не здагадваўся, ня чуў, што Амілі цяжка з ім. Ён ня мог гэтага ведаць з самой натуры свае. Сам жа ён несьвядома адчуў дзікую радасьць з усяго гэтага. Можа й яшчэ ён калі будзе блізкі да яе, але ўжо было тут канец. Ён штосьці мармытнуў раз быў ёй, але яна не адказала наўмысьля ці не заўважыла. І гэта аж страсянула яго. Ён выйшаў на двор і агледзеў шпаркім зіркам навокал усё — зялёную рунь зямлі, лес, неба… і пайшоў так як ёсьць, бяз вопраткі, бяз шапкі за браму. Ён сеў на каня, каб завесьці яго на атаву, а выехаў за лес і прыпыніўся там. Ён доўга сядзеў так на сваім хутарскім дэрашу, трапаў яму грыву і стаў, як дзіцё — радасны, без думак аб прычынах. Ён чуў як вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў, падае на зямлю і вялікаю сьвежасьцю абдымае ўсё. Ён убачыў над лесам буйнага коршака і ня зводзіў з яго вачэй. Ён, здавалася яму самому, чуў нават пах пер’я гэтай птушкі і от ужо — раздзьмуліся яго ноздры, вочы сталі шпаркімі іскрамі. Ён пусьціў каня і сеў на зямлю. На траве, на хвойных шыпулях сядзеў ён доўга, так як-бы тут было яго ўсё.

Перад гэтым-жа, у той самы дзень Аміля перажыла пакутную гаворку з братам. Ён ужо сам зьбіраўся ісьці да яе, бо сам ужо ведаў.

— Я за ім замужам.

Гэта яна адказала брату.

— А як, зусім ці так сабе?

Ён гэта сказаў, бо бачыў, што яна сама зараз пра гэта будзе гаварыць. І ён пастараўся памагчы ёй лягчэй пачаць гэтую гаворку. Адказ яе быў гэтакі: яна страсянулася ўся, і скрозь штучную цьвёрдасьць прарваўся плач.

— М-гу.

Ён толькі й выказаў гэта.

Пасьля яшчэ:

— Гэта я сам вінават, што пусьціў цябе. Трэба было тады мне сілком цябе ня пусьціць служыць…

— Сама я…

— Трэба рабіць зараз-жа канец усяму.

— Чаму канец?

— Уцякай адтуль і падавай у суд.

— Ён мяне адтуль ня гоніць.

— Тады брат аж зазлаваў, доўга хваляваўся і гаварыў.

Так прайшоў той дзень. Яна пад вечар адна была дома, а Бушмара ўсё ня было. Ён ня прыходзіў доўга, ён сядзеў там усё, каля свайго каня. Вечар пачаў агортваць яго, а ён як-бы й ня думаў рушыць адсюль. Ён як-бы першы раз цяпер на жыцьці сваім адчуў моц водыру лясное зямлі, вялікую цішыню гэтай адзіноты тут, гарачую імклівасьць конскіх вачэй каля яго, пераможныя гукі вялікай птушкі над лесам.

Аміля ні за што ня бралася дома, адвячорак спаткаў яе ў полі, з другога боку ад сялібнае брамы, там, дзе за агароджаю пачыналася ржышча на лясным выцерабе. «Ці не паручнікаў гэта?» — тачыла яе сэрца крыўднае Бушмарава слова, якое яна чула ад яго нават гэтымі днямі, калі прынесла была сюды на кароткі час свайго малога.

Ля ног яе ляжала пустое іржышча. Над полем, над ёю, над усім вакольным — чула яна — гуў лес. Яна сядзела на зямлі, маленькая, змучаная, без ранейшых жывых колераў уваччу.

Быў вецер, было чыстае неба і адзінота. Шумеў лес і маўчала поле.

РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ

I

Вінцэнты ніколі не ўспамінаў ужо сваіх дзяцей ад першае жонкі — яны даўно рассыпаліся па сьвеце. Ад другое жонкі былі два сыны. Праз колькі ўжо год яны сварыліся — ніяк не маглі выжыць разам, але гаспадарка была гэтакая, што дзяліцца было нельга. Жывучы пры іх, Вінцэнты трымаў руку то аднаго, то другога, як калі. А ўсім гаварыў, што ўмешвацца яму ў спрэчку дзяцей няма ўжо лішне чаго — ён іх пагадаваў, а цяпер яны павінны яго дагледзець і больш ён нічога да іх ня мае.

Багатым лішне Вінцэнты ніколі ня быў, але ганарыстым быў заўсёды. З Бушмаравага бацькі сьмяяўся бывала, што той хоць і заможны, але страціў з выгляду ўсю сваю шляхэтнасьць, забыўся мусіць на сваю радавітасьць і ня знаўся з выдатнымі арандатарамі і панамі. Сам-жа Вінцэнты з панамі знаўся гэтак: чакаў бывала ў нядзелю ля касьцёлу пры панскіх фаятонах, пакуль ня выйдзе з касьцёлу знаёмы пан. Панскія фурманы пакеплівалі з яго, а ён зьняважліва, моўчкі адно паглядаў на іх з вышыні свайго шляхотнага гонару. Як выходзіў да фаятону знаёмы пан, Вінцэнты далікатна вітаўся. Пакуль лёкай зашпільваў на пану дарожны пыльнік, Вінцэнты падтрымліваў панаў локаць і пасьля падсаджваў пана ў фаятон. За гэта пан пры спатканьні ніколі не адмаўляўся адказаць на прывітаньне Вінцэнтага. А калі Вінцэнты раз у год зьяўляўся ў маёнтак да панскіх пакояў, пакаёўка выносіла яму што-небудзь з старых панскіх убораў — нагавіцы, сурдут або камызэльку. Гэтакія дачыненьні былі ў яго, можна сказаць, з усімі вакольнымі панамі і нават некаторымі падпанкамі. З гэтае прычыны іншы пан ля касьцёлу, яшчэ здалёк, пазнаваў яго па сваіх, напрыклад, нагавіцах, другі па сурдуце, а па камызэльцы — які-небудзь маянтковы радзівілаўскі фундатар. Як на паноў прыйшоў звод, Вінцэнты пачаў прарокаваць, што «гэта так ня будзе хамам даравана». Але пасьля, як сыны яго панацягвалі з панскага лесу дрэва, ён стаў цішэйшым. Моўчкі ўжо ўбіраўся сьвяточнымі днямі ў панскія неданоскі.

З суседзьмі ён ладзіў, але дружбы ні з кім ня меў. Каго й ненавідзеў, дык і з тым гаварыў заўсёды лагодна. Так ён гаварыў і з Аміліным братам Андрэем. Андрэя называў ён гадам. Шмат было прычын дзеля таго, каб быць яму «гадам». Зусім сцураўся ён усялякае веры ў бога. Ён першы павёў вёску на панскую зямлю і шляхэчыя хутары, тлумачачы ўсім, што савецкая ўлада ніколі ня лопне. І хоць сыны Вінцэнтага таксама раскашней атайбаваліся на зямлі цяпер, але Вінцэнты ведае, што «не аб адным толькі хлебе жыў будзе чалавек».

Быў час, калі Вінцэнты гатоў быў з кожным Андрэевым словам згаджацца. Гэта ў той год, калі сыны яго панабіралі зямлі і лесу. Андрэй рабіў «выгадную справу», і каб на гэтым справа гэтая спынілася, лепшага нічога й ня трэба было-б. Цяпер паны ўжо могуць і не варочацца, можна, калі на тое пайшлося, і бяз іх пражываць на сьвеце, абы толькі ўсё як мае быць усталявалася; абы паўрасталі як мае быць новыя межы. Вінцэнтаму вялікай работы ня было, дык ён так у сваю ахвоту папрацаваў тут, паглядзеў — мяжу хлопцы зрабілі шырокую, нават яна ўжо дзірваном пачала ўростаць. І Вінцэнты панасаджваў скрозь на ёй грушак-дзічак: «няхай урастаюць — і мяжа будзе вечна трымацца аднаго месца, і ў сьпёку адпачыць добра на сваім полі, пад сваёю дзічкаю». А пасьля і над дзічкамі гэтымі, і над мяжою пачала навісаць хмара. Тады Вінцэнты лішні раз упэўніўся, што гады гадамі застануцца вечна і з імі таму, хто ня гад, ня выжыць разам.

З таго часу, як Вінцэнты прыходзіў да Лявона Бушмара пагаварыць аб ратунку, ужо два ці тры разы прыходзіла і праходзіла восень. І як сьнег закідаў зямлю, сьціхалі і ўсялякія трывожныя гаворкі, і ўсё зімавала спакойна. Дзічкі на мяжы пачалі ўжо як мае быць убірацца ў сілу, але гэтая восень была самаю трывожнаю і гаворкі былі самымі пэўнымі.

Восень даўно запанавала ў полі. Лес загуў мацней і трывожней, дарога паўз яго не хацела высыхаць. Мокрымі прасторамі тхнула з лесу. Поле сінела пад рухавым ветраным небам.

Вецер імчаўся полем.

З узгорку павольна спускаўся чалавек. Ён лёгка апіраўся на сукаваты старасьвецкі кій, ішоў як-бы спацырам, нават штосьці мармытаў сабе пад нос, нейкую песьню бяз слоў і мэлёдыі. Ён перакідаўся з нагі на нагу і йшоў да лесу. За плячыма яго танула ў імгле вёска.

У лесе, на прыдарожных выцерабах, вецер шастаў няпрыбраным гальлём і шыпулямі, ганяў кусты і весяліўся. Чалавек спыняўся, слухаў, але твар яго заставаўся халодным, як у таго, хто ўсё гэта спрадвеку ведае, уведаў стала і назаўсёды.

Імглісты дзень. Мокры скавыш. Яна патрэбна тут, павольная постаць гэтага чалавека.

Так чалавек выйшаў за лес.

Сабака вартуе хутарскую адзіноту. Яго брэх доўга, аж пакуль чалавек не падышоў да ганку, ваюе з ветрам. Чалавеку няпрыемны сабачы брэх:

— Галас, Галас, сьціхні…

І нарэшце з раптоўнаю злосьцю:

— Сьціхні, каб ты апруцянеў, каб ты!

Тады адчыняе сенечныя дзьверы жанчына, ці дзяўчына — гэтакая яна сьвежая, ружовая. Вочы чорныя і вялікія. Нездаваленьне, і разам з тым, жартлівая хітрасьць у яе ўсьмешцы:

— Як гэта ён не парваў вас?

— Дзяндобры, пані Галена.

Жанчына ўсё стаіць на парозе, і ветліваму старому няма як ісьці далей. Ён трымаецца на адным месцы, растапырыўшы рукі.

— Якая-ж я пані, — сьмяецца жанчына, — цяпер няма паноў.

— Ну, няхай сабе няма, а вы пані.

Ён гаворыць гэта спрытна, лёгка. Падступае бліжэй і есьць вачыма жанчыну. Відаць за своей век добра вывучыў ён рознастайнасьці жаночых характараў. Жанчына разумее яго добра і хітра глядзіць на яго. Ёй робіцца весела і яна сьмяецца. Але стары ведае цану ўсім жаночым сьмехам, ён ім ня верыць адразу. І гады яго гэтакія ўжо, што толькі хіба кпіць можа з яго, усьмешкаю, маладая жанчына. Але думак гэтакіх няма ў старога. Ён вітаецца з жанчынай за руку. Тая руку падае, але з хітрым, моцным сьмехам адразу вырывае назад. Тады стары бярэ яе за плечы, каб прайсьці ў сенцы. Жанчына бачыць, што ўжо досыць расьцьвяліла стараго, і годзе ўжо гэтага. Дык яна робіцца жорсткаю:

— Вы за якою патрэбаю прышлі, ці зноў…

— За патрэбаю, за патрэбаю, — шпарка ратуецца ён — з таею-ж самаю ўсё патрэбаю… З таею-ж…

— З якою?

Жанчына быццам ня памятае, або й зусім ня ведала нічога. На твары яе вясёлая рашучасьць і злосьць. От яна зараз назаўсёды адшые адгэтуль старога, каб больш не цягаўся сюды.

— Пані Галена?

— Якая я пані!

Мала калі чалавека гэтага бачаць такім лагодным, якім ён раптам цяпер робіцца, хіба можа тады ён бываў такім, як разам з лякаямі падтрымліваў пад локаць пана. Ён як-бы просіць Галену:

— Бушмар усёроўна ня вернецца…

Галена востра ўсміхнулася, ускінула ўгару вочы: ёй штосьці вядома! А той гаворыць:

— Гэтакіх хутка ня пускаюць. Яго закапалі надоўга. Усё адно да аднаго сабралася там.

— Вы ўсё пра нешта гаворыце можа з паўгода, — крычыць жанчына, — я сама здагадваюся, чаго вы ад мяне хочаце, але самі вы ніколі выразна пра тое, чаго вы ходзіце сюды — не гаворыце. Гаварэце выразна!

— Я з паўгода ўсё думаю, ходзячы сюды, гэта праўда. Бушмар ня вернецца, пройдуць гады, пакуль ён будзе тут. Я па-чалавецку хачу сказаць. Два разы вы адкінулі ад сябе майго сына — навошта вы гэта робіце? Нашто вам траціць маладыя гады, прападаць так? Гаспадарка гэта ня Бушмарава…

— Мая! Я жонка Бушмарава!

— Вось, вось! Ваша! Цяпер гэтакае права. Хто робіць — таго, а вы-ж яшчэ й жонка, а Бушмар правоў ня мае, ён арыштант! Вам з ім разлуку трэба браць. Вы сына майго не адпіхайце. Жыць будзеце, рабіць будзеце. І тут будзеце гаспадарамі. Як гэта вы жывяце, ліха ведае як, не па-людску.

Жанчына кіпіць ад крыўды і злосьці. Але чакае яшчэ чагосьці. Нарэшце Вінцэнты гаворыць тое, што павінна давяршыць цераз край келіх:

— Я перабраўся-б сюды, галавою я яшчэ ў гаспадарстве кіраваць магу… Што меў я там з гадамі ў адзін кацёл нос мачаць…

— Во-о-он! — раптам крычыць Галена. — Вон!.. Вон!..

Вінцэнты чакаў усяго, толькі ня гэтага. Ён нават не разумее спачатку. Адступае назад і глядзіць на Галену.

— Каб больш я цябе тут ня бачыла!

Вінцэнты ўпірае ў зямлю кій: няўжо ўсё гэтак па-дурному скончыцца? Гэтулькі прапала думак і хатніх нарадаў? Ён ужо глядзіць у зямлю. Жанчына закрычала:

— Галас, Галас!

Аднекуль зьяўляецца сабака. Жанчына кіўнула галавою на старога. Галас пачаў браць яго. Стары замахаў навокал сябе кіем. Сабака стаў зьверам. Стары пайшоў задам да брамы, адмахваючыся ад сабакі.

— Як гэта я дагэтуль не здагадвалася! Гэта-ж ты ўсадзіў яго!

— Бушмара? Я! — урачыста крычыць Вінцэнты. — Гэта я. Гэта мая работа. Забойцаў я ня мілую! Гадаў не цярплю!.. А ты хочаш жыць з ім! Паручніка забіў, казённага лесу насек, раённага начальніка забіць хацеў!.. Гэта я каля яго пастараўся, нашто мне таіцца…

З-пад брамы ён крычыць, гатовы памірыцца:

— Сын мой яшчэ прыйдзе да вас!

— Добра, што сказаў, я другога сабаку дастану!

Сабака праводзіць старога да лесу. Па лесе гулка ходзіць сабачы брэх.

II

Чаму так Вінцэнты дзіўна думаў пра Галену? Ня толькі ўпэўнены быў, што сына пажэніць з ёю і сам заўладае Бушмаравым хутарам, але нават сам каля яе быў сьмелы: пачынаючы гаворку, ня раз гэта ён, стары, клаў руку ёй на плечы. Ён, і ўсе, навокал пасміхаліся адно, успамінаючы Бушмарава вясельле. Пра Галену і ва ўсіх была пэўная думка — яна ня пара сталаму чалавеку. А сталым быў тут Бушмар, сталым быў і Вінцэнты! Сталых людзей тут шмат.

Пасьміхаліся, успамінаючы, як Бушмар падхваціў Галену.

Яму цяжка гаварыць з начальствам, нават і з сельсавецкім — гэта для яго вялікая пакута, а перад раённым начальствам ён хвалюецца, заікаецца. Начальству яго лёгка зьбіць, ён блытаецца, усё выходзіць у яго ня гэтак, як было, хоць яму і няма ніякае патрэбы гаварыць няпраўду. Але затое, калі дзе давядзецца не гаварыць, а дзейнічаць рукамі, хоць перад якім сабе хочаш начальнікам, дык тады Бушмара не пазнаць — ён спрытны тады і бязьлітасны. Свайго ён тады не перапусьціць.

Суд тады трашчаў ад рогату, не памагаў і злосны званок судзьдзі. Нават народныя засядачы ўсміхаліся ў вусы — калі Бушмар выступаў перад судом. Рудая суконная бурка рабіла яго тонкім і больш высокім. Шапку ён няспрытна трымаў у руках, у руках трымаў і стусінавую пугу, пакуль яму не параілі хоць пугу гэтую куды-небудзь паставіць у кут. Ён заікаўся і хваляваўся страшна, пра Амілю як пачаў гаварыць, дык каб траха, дагаварыўся-б да паручніка. Сыпаў паўсловамі, чырванеў і бялеў, угаворваў усё сюды, што ня было тут патрэбна і ўгаварыў сам сябе. Пра паручніка ня ўспомніў, але не далёка было ўжо й да гэтага. І раптам усе зноў успомнілі пра тое забойства. Усякі, хто памятаў тую справу, адразу падумаў — няйначай такі гэта Бушмарава работа. Суд пацьвердзіў патрабаваньне Амілі — Бушмару прысудзілі даваць на дзіцянё і сплаціць Амілі за ўвесь час яе работы на хутары. Так скончыўся гэты суд. Бушмар уночы ехаў адзін дадому, разганяючы адзіноцтвам сваё судовае утрапеньне. Паспакайнеўшы, ён пачаў думаць пра маладую жанчыну, справу якой ён, да свайго яшчэ выступленьня, гэтак як і ўсе, з цікавасьцю выслухаў. Яна пажыла з мужам два месяцы і цяпер разлучалася; выявілася, што муж хворы, а жыць з хворым яна не хацела. Яна пра ўсё спакойна расказвала суду. Ад мужа яе было ўражаньне вялікае, але ціхае, нездаволенасьці гэтакім здарэньнем, а яна гаварыла жорстка, вінаваціла яго, што ён хворы жаніўся. Калі пасьля выдзяляла яна сабе свой пасаг, выступалі сьведкі — суседзі іх, вяскоўцы. Бушмар разам з усімі слухаў справу, чакаючы свае чаргі, а жанчына, гаворачы, колькі разоў ненаўмысьля глянула на яго. І гэты зірк укалоў яго. Пасьля суду, ад’яжджаючы дадому, ён убачыў яе на возе — чамусьці яна яшчэ не паехала. Бацька яе завіхаўся каля воза.

— Бывайце, — з смуткам сказаў ёй Бушмар.

— Бывайце.

І яна ўсміхнулася, можа успомніўшы, як ён апраўдваўся ў судзе. А ад яго гэтая ўсьмешка адабрала спакой.

Наступныя дні ён усё думаў пра жанчыну, а праз некаторы час паехаў радзіцца да брата. Той яму даў параду такую, якая надала яму радаснае пэўнасьці. І ён з братам паехаў сватацца. Яму было патрэбна цяпер скончыць як найхутчэй усё ранейшае. Гады два прайшло, мусіць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Аміля. І Галена застала тут вялікі непарадак ва ўсім тым, што не належала да зямлі і жывёлы. Навокал пачалі гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскімі выдумкамі. Праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабіўся ў людскіх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю. Асабліва стараліся каля гэтага хлопцы. І нават стары Вінцэнты раз быў пусьціў брыдкую здагадку, што праз нейкі час, як і першы муж, Бушмар стане хворым і няўгодным ёй. Але гэта не прышчапілася да людской думкі — больш усяго цікавіліся Галенаю цяперашняю, а ня заўтрашняю. Яна з хітрым жартам дражніла зіркам хлопцаў і мужчын. Сьвятымі днямі хлопцы знаходзілі прычыну зайсьці на бушмараў хутар — патаргаваць насеннай канюшыны, або садавіны. Галена калола іх вачыма, даводзіла іх да таго, што ім не хацелася ісьці адгэтуль, а сама, зірнуўшы катораму з іх у вочы апошні раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, і йшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалі каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як зьвер, паглядаў у акно, а пасьля як-бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат і сабачы брэх доўга абуджвалі лясныя нетры. Пасьля гэтага Бушмар даходзіў ад Галены «праўды». Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страціць гэтай яе ласкі. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасьцю на яго гляне, ён ня думаючы ўсхватваўся, патрабаваў, прасіў, выпрошваў ад яе сказаць «праўду». А яна, патрымаўшы яго крыху гэтакім, упэўнівала яго, што ня ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, і дакляроўвала другі раз сама адразу выпусьціць сабаку і ня выходзіць да іх. Яна ўскідала на яго вачыма гэтак, што ён пакорліва змаўкаў і верыў. Усе так і гаварылі, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават і самому Бушмару дасьць рады. «Гэта яму не Аміля!» А Бушмару было ўсё роўна, што і як пра яго гавораць. Людзкою думкаю ён ня цікавіўся. Ён быў бы рад, калі нават чалавечая нага ня ступала на яго хутар, каб ніводная жывая істота, якая можа думаць і гаварыць, не зьяўлялася ніколі па гэты бок лесу.

Але гэтае ўтрапеньне Бушмарава не цягнулася доўга. Зацяжарыўшы — яна стала іншаю. Яе пакінула цягнуць на вёску, яна пакінула скардзіцца на воўчую адзіноту ляснога хутару, часта ўсьміхалася сама сабе ціхаю ўсьмешкаю, гэтакаю непадобнаю да той момантнае ўсьмешкі, якая прыкоўвала да аднаго месца хлопцаў каля хаты, а Бушмара ў хаце. Бушмару было больш цяпер спакою, і яшчэ больш здаецца ён пачаў ненавідзець кожнага, хто заходзіў калі-небудзь на хутар.

На той бок лесу ішла тады ўпартая работа, ад якой сьвет ня міл быў Вінцэнтаму. Але на хутар да Бушмара ён ня прыходзіў больш радзіцца і даваць парады. Пачаў хадзіць ён сюды тады, калі бяда навалілася на Бушмара. Сам Вінцэнты памог гэтаму — у яго тады ўжо раджалася думка сілаю засталявацца каля Бушмара. Ён пачаў варушыцца — стараўся ўсё падгадзіць начальства, каб, як будзе поўная абрэзка, далі яму кавалак бушмаравай зямлі. І калі не ўдалося гэта, стаў прыглядацца да новае справы. Бушмара пацяглі тады ў суд за буйную высечку лесу: ён пачаў патроху спускаць хвоі і закладаць неўзаметкі разабраную сцяну ў гумне. Вінцэнты адразу даглядзеў гэтае Бушмаравае работы. На Бушмара наклалі вялікі штраф. Бушмар яго ня выплаціў, таксама як і не аддаваў падатку. Хтосьці прыехаў з раёну спагнаць з яго штраф. Бушмар захваляваўся, пачаў заікацца, злаваць. А ў тыя дні штосьці не паладзілі яны з Галенаю, і ён тады хадзіў, як зьвер. Якраз здалося яму (ці можа гэтак і сапраўды было), што раённы начальнік вельмі нешта прыглядацца пачаў на Галену, а тая не прагнала яго з хаты, што было патрэбна дзеля Бушмаравага спакою. І от на дварэ раённы службовец штосьці пачаў гаварыць Галене, сьмяючыся гэтак, як сьмяюцца прыгожым жанчынам. Бушмар, сьціснуўшы зубы, схапіў службоўца за пояс, пераімчаў упоперак цераз двор і кінуў на той бок плоту. Той ледзьве падняўся, доўга сядзеў на зямлі, пакуль сяк-так здолеў павалачыся ў вёску. А назаўтра Бушмара арыштавалі. Тут было ўсё — і нявыплата падатку, і лясныя высечкі, і калецтва раённага службоўца (той доўга ляжаў у больніцы і ледзьве ачуняў) і Бушмара засудзілі на два ці тры гады адседкі.

Выходзячы з двара, Бушмар нічога не сказаў Галене. Яна з плачам правяла яго за лес. А ён нават не азірнуўся. Гэта яе не ўкалола. Яна як-бы чакала гэтага і ведала, што іначай з Бушмарам нельга.

Галена хутка разумець стала Бушмара. За кароткі час навучылася пазнаваць яна ўсю зьвераватую простасьць яго характару. Яна сэрцам пазнавала ўсю яго чалавечую ўрачыстасьць і прыгнечанасьць. І, застаўшыся адна, яна адразу зразумела, што гаварыла Бушмарава маўклівасьць на адвітаньні і ссунутыя бровы. І яна стала берагчы тое абяцаньне, якое дала-б Бушмару, каб той не маўчаньнем, а словамі разьвітаўся з ёю. Яна адразу стала такою, што нікому і на думку не ўзбягала мець якія-небудзь інтарэсы на Бушмаравым хутары. Ня было Бушмара, не прадавалася тут і насенная канюшына. Толькі праз месяцаў два зайшоў быў сюды як-бы ненарокам Вінцэнты. Тады ўжо ў яго пачала фармавацца цьвёрдая думка ажаніць дзе-небудзь малодшага сына і разам з ім перабрацца куды-небудзь так, каб дажыць свой век самому сабе панам. Жыцьцё гнала яго з уласнай хаты, ад сьлядоў былога. Цяпер ужо ён ненавідзеў Бушмара гэтак, як і Амілінага брата: адзін быў ворагам, які не падаваўся, а другі — які наступаў.

Галена адразу і не чакала ніякіх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. І праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо’ з тры. А пасьля загаварыў раптам. Адно за адным пайшлі ад яго лісты: «глядзі сябе добра», «пільнуй сябе ў сваёй хаце», «трымай усё, як мага, ня збывай нічога, а я доўга тут ня буду»… Хтосьці малапісьменны, мусіць допраўскі бушмараў таварыш, выпісваў прывітаньні, пажаданьні, імкненьні Бушмаравай душы. Але Галена пазнала Бушмара толькі ў словах пра гаспадарскі набытак, пра «пільнаваньне сябе ў хаце». За гэтымі словамі і жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю і вядомаю і якая не патрабавала для выказваньняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеньнем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку ня думаў ні пра што. Як-бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нічога ня трэба на сьвеце чалавеку. Але пасьля зьяўляцца пачала абыкласьць, незвычайнае стала набываць адзнакі звычайнасьці, і тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.

III

У хутарской адзіноце Галена нарадзіла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывясьці сваю жонку, а праз які дзень Галена пачала брацца за работу. Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай радні Галена ня любіла.

Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскі быў толькі колер вачэй. Гэта гаварылі ўсе, хто бачыў яго. А паглядзець на малога падыходзілі людзі пад Галену, калі яна выносіла яго ў лес і за лес. Яна несла яго скрозь паўз сьцяну лесу, думала толькі пра яго і гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладзьдзя ў хаце. Бо як ты не глядзі і не клапаціся, аднымі рукамі нічога не парадзіш. Як яна спачатку ні разрывалася за работаю і клопатам, усё роўна ня ўтрымала парадку. Усё было недагледжана, параскідана. І яна прыняла гэта з лёгкім сэрцам. У яе зьяўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта і цягнула за лес. А тады якраз адбыліся вялікія зьмены навокал. Бушмару пакінулі толькі сялібу і зямлі па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо колектыўнае поле. Яно ціснула сялібу неміласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напісала Бушмару праўду пра гаспадарку.

У тыя часы Вінцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусіць дапякло чалавеку добра, калі ня цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзіцянё. Але пасьля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў, як зьнясілены. Ён толькі шаптацца пачаў з людзьмі і охкаць.

Тады была трэцяя восень, як адышла Аміля з хутара. Пра Амілю Бушмар ніколі не гаварыў Галене, яна й не дапытвалася, ведала толькі тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.

Нясучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полі. На яе прыглядаліся здалёк, як-бы ненарокам падыходзілі бліжэй. Яна сама пайшла да ўсіх. Дзіцянё разглядалі доўга, спачувалі, што яна адна з ім. Галена пагаварыла з людзьмі і пайшла назад. Гэта было пасьля апошняга здарэньня з Вінцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодліваю. Цьвілі паўз лес верасы, беразьняк увесь зіхацеў ад сонца і лісьця. Лясы дыхалі спакоем, сумная радасьць поўніла іх. У бяздум’і Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. І тады пачула, што хтосьці даганяў яе. Крокі былі лёгкія і шпаркія. Галена азірнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе і от яны сышліся.

— Я пагляджу вашага малога, — сказала жанчына.

Галена ўбачыла сумны спакой незнаёмага твару, нязвычайную шпаркасьць у рухах, здэтэнаванасьць.

— Не падобен да Бушмара, — устрапянулася жанчына.

Штосьці яшчэ яна хацела сказаць — Галена заўважыла гэта і чакала. Яны йшлі поплеч — тая першая рушыла праз лес. Галена здагадвацца пачала. Ісьці моўчкі ім было нядобра. Галена спакойна глядзела на дзіцянё і на ўсё, тая была неспакойнаю.

— Вы Аміля? — проста і звычайна сказала Галена.

— Я.

— Хадзем на хутар.

Сказала яна гэта так проста, што Аміля пайшла. Ішлі яны паволі. Аміля ўглядалася ўсё ў дзіцячы твар.

— Ён мог-бы быць падобным да твайго брата…

— Да якога?

— Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог-бы быць гэтакім…

Пасьля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзіцца за што, і глянула на яе. А тая йшла, як ішла. Толькі як-бы не разумела гаворкі. З-за лесу Аміля пайшла назад:

— Не пайду далей. Нядобра мне ісьці туды.

— А я даўно хацела вас пабачыць.

Аміля йшла назад шпарчэй. Яна ж толькі хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, ці не падобен ён да яе сына! Гэта было-б страшна! Тады яна магла-б зьнялюбіць яго. Бо й прыйшоў ён на сьвет праз гэтакія пакуты, якія дарэшты выветрылі ўсе маладыя імкненьні. Першы-ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўні дзеліць цяпер гэтую ласку між абодвума сваімі сынамі! Сынамі сваімі!

Яна гнала ад сябе страшныя думкі.

«А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!»

Чамусьці нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэньні. Наўмысную зьнявагу да сябе. Нават, можа, кпіны.

Ня думаючы, Аміля вярнулася. Галена паволі ішла сьцежкаю на іржышчы.

— Я пайду на хутар.

— Добра… Я-ж прасіла вас.

Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амілі.

Вось тое самае месца, дзе яна была калісьці нагнулася завязваць чаравік. Той самы дзядзінец і сад…

Аміля ўвайшла ў хату сьледам за Галенаю.

— Не ўдаліся мне маладыя гады, — сказала Галена.

— А вы думаеце мне ўдаліся!

Аміля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.

— … І мне не ўдаліся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былі на судзе, вы чулі ўсё, як-жа вы гэта пайшлі за яго? Як вы не пабаяліся! Хіба ня відаць было тады, што гэта за чалавек!..

— Мы з ім жывем добра.

Аміля плакала. Дрэннае пачуцьцё да Галены расло ў ёй.

— Дзякуй Богу, што яны не падобны адзін на аднаго.

— Хто?

— Дзеці. Я свайго зьнявідзела-б тады.

— За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы й на мяне нядобра, як на ворага, глядзіце? А за што?.. Я-ж бачу, што пра Бушмара вы й цяпер думаеце. Які-б ён ні быў, вы на яго не забыліся…

— Забылася… Ня думаю…

— Мусіць думаеце, калі гаворыце гэтак, калі адразу не ўцяклі былі тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкі чалавек, інакшым ён ніколі ня будзе.

— А вы-ж жывяце з ім, не ўцяклі ад яго.

— Я жыву, але каб ён пазьдзекаваўся з мяне, я і дня ніколі з ім ня была-б. Бо нашто гэтак жыць…

— А калі лепш няма як?

— Як гэта няма? На сьвеце ўсякага жыцьця даволі і чалавечае долі шмат…

Аміля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калі жонка пачне скардзіцца на долю.

— Чаму-ж ты сам свае добрае долі не знайшоў, а каго дык вучыш? — крыўдзіцца жонка на Андрэя тады.

Андрэй тады гаворыць колькі жорсткіх слоў пра дурную чалавечую нецярплівасьць і пра нуду з гэтакімі людзьмі. І сыходзіць куды-небудзь з хаты.

«Пануры ён чалавек» — думае тады пра Андрэя Аміля, ня ўмеючы іначай назваць братавай натуры.

IV

Неба было над лясамі сіняе і ціхае. І ціха было ў самых лясох. Восень зрабіла сваё і адпачывала на палянах — там яшчэ зелянілася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лісток трымаўся на дрэве, гатовы і зімаваць там… Гэтай ціхасьці не парушалі і вятры. Яны густа ішлі ў сваю дарогу, дзікаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамі выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананьнем сваім, любіла хмурнасьць. Гэтак дажывала восень апошнія дні. Туман з рэчкі ці лагчыны або дым з пастушковага вогнішча калі ўзнімецца, дык нявысока стаіць над зямлёю. І гукі людзкога голасу зьвіняць доўга ў гэтай прасторнай цішыні.

Дарогі былі пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткі і рухавы выгляд яе рваў гармонію ціхае восеннае ласкавасьці.

Чалавек сьпяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькі на ўзгорку прыпыніўся, адкуль больш відаць было зямлі навокал. І зноў засьпяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылі. І ўсе гаварыць пачалі пра яго.

— Бушмар ішоў дадому з вастрогу.

— Сьпяшаў страшна.

— Не адбыў свайго часу, амунісьція, мусіць, нейкая!

Вечар увосень находзіць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарское брамы. Сінь неба згусьцілася, лясы пачарнелі.

Дубняк падыходзіў да самых хат. Увечары ён зусім зьліваецца з мізэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад ім. Тады, калі заплача ў хаце дзіцянё, дзіцячы голас далёка чуваць у лесе.

Я цябе люляла…

Сьпявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкі ад калыскі. У хаце гавораць. Жанчына ўсё сьпявае.

— Андрук, ты зьбіраешся куды? — чуваць другі жаночы голас.

— Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру йшоў, — адказвае мужчына.

— Гэтак хутка…

Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзіць з хаты. Другі чалавек шпарка адбягае ад вакна. У змроку ён здаецца клышаногім. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нібы йдзе сабе спакойна ў сваю дарогу.

— Добры вечар, Андрук, — гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.

— Добры вечар, Вінцэнты, — гэтак сама стрымліваючыся, гаворыць Андрэй.

— Бушмар вярнуўся.

— Ну!

— Ня бачыў?

І Вінцэнты хітра ўсьміхаецца, як сьледчы, які злавіў на слове падсуднага. Пасьля гаворыць:

— Лепш-бы ён зусім не вярнуўся.

— Чаму?

— Брыдкі чалавек. Воўк. Зьвер. Людзей ненавідзіць. З яго карысьці людзям жаднае быць не можа.

— Дзіўлюся. Вы-ж з ім павінны добра ладзіць. Ён сабе дзедзіч, а ты далікатны чалавек і хамаў ня любіш, з гадамі знацца ня хочаш… Хіба вы не падзялілі чаго?

— А адкуль ты ведаеш, што я з ім вельмі вялікі прыяцель павінен быць?

— Па-мойму, няма вам за што сварыцца. Жылі-б вы сабе як мае быць, далікатна, па-божаму; зналіся-б, як добрыя людзі, як сваякі якія…

Вінцэнты недаслухаў. Ён пайшоў шпарка, з маўкліваю нянавісьцю.

— Бож-жа мой, бож-жа мой, — шаптаў ён, прыціскаючы на «ж». Ён здалёк чуў, як пайшоў у вуліцу Андрэй і як Аміля сьпявала ўсё свайму меншаму сыну.

V

Калі Бушмар выйшаў за страшную браму допру, яшчэ чуў на сабе цяжкасьць прыгнечаньня, аж пакуль не мінуў апошняга гарадзкога завулку. Як-бы хто магутны, непераможны трымаў яго за плечы і ціснуў у зямлю. Калі праходзіў местам, пазнаў блізкіх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу — каб хаця не заўважылі і не запрасілі садзіцца на воз. Ён зусім прыйшоў да спакою, калі пачуў, як палявы вецер сьвішча ў вушы і б’е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнае волі. Яна гнала яго па зямлі, асеньнімі дарогамі, сьцежыстымі пераходамі, лясамі. Больш нешта за сорак вёрст зрабіў ён за той дзень і яшчэ больш ішоў-бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура мінуў яго зараз-жа. Галас рвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачае радасьці. У браме яны стаялі ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымі ноздрамі цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлі, сабака захлынаўся віскам, калаціўся з радасьці. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на задніх лапах сьледам, трымаючы ў абдымках гаспадараву сьпіну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю і павяла ў хату. І толькі тут, калі ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьці ў нетрах сэрца трывога. Ён і сам не разумеў яшчэ, што гэта і з чаго. Ці гэта пачатак чагосьці вялікага, ці драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскі:

— Бачыш?

Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена ня зводзіла з яго вачэй.

Праз паўгадзіны ён ужо хадзіў па дварэ. Сабака гайсаў за ім. Постаці іх шпарка варушыліся ў раньнім змроку, яны некалькі разоў абышлі двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён ішоў шырокаю сваёю мяжою і тут чуў, як тая трывога шпарка расла. І ён пачаў усьвядомліваць яе. Ён ужо трымаў у думках тое, што бачыў, як толькі падышоў быў сёньня пад дом, але што ўцякло тады з галавы і сэрца. Каб бязьлітасна вярнуцца цяпер.

За дзікаю, яшчэ бацькаўскаю палявою ігрушаю, мяжа была разьвернена плугам. Нават спачатку, пакуль яшчэ не закіпела думка, ён з гаспадарскай прывычкі падумаў быў: «нейкі няўмека зворваў», а пасьля раптам усё патанула ў мятусеньні навакольнага зямнога змроку і надлеснае ясноты. Усё скрозь пабіта было разорамі на дзялянкі — пачатак позьняга зябу. Далёка чарнеў у змроку хутар. Разоры вялі Бушмара да самай агароджы. Дзіка кінуўся ён у хату да Галены.

— Наша поле вунь там, — сказала яна, паказваючы яму ў акно за сад. На тры душы пакінена нам. От нядаўна ўсё зрабілася. Я-ж пісала табе.

— Без мяне?!

— А што ты памог-бы?

Яна глядзела яму ў вочы, прасіла позіркам ня думаць пра гэта. Вочы ў яе былі гэтакія, як тады, калі ён першы раз убачыў быў яе на судзе. Вочы гэтыя палілі яго. І гэта яшчэ больш узьняло ў ім навальніцу страшнага ўтрапеньня. Падобна было тады, як калісьці першы раз пасьля паверкі сеў ён на ложак у казарме і як першы раз зачынілі яго ў допраўскай камеры. Ён кінуўся з лямпаю раптам да калыскі.

— Чаго ты ўглядаешся гэтак? — зьдзівілася Галена на страшны неспакой яго панурага твару.

— Гэта мой?

Яна гнеўна, горда стала перад ім:

— Твой!

— А ня хлусіш?

Яна ўзьняла галаву і адыйшла моўчкі.

— Ага, чаго-ж ты змоўкла?!

Ён пачынаў ужо крычаць. Яна стаяла напроці вакна.

— Мусіць грэх нейкі ёсьць, калі маўчыш!

— Ёсьць! — адказала яна, павярнуўшыся да яго.

— Гавары!

— Не скажу.

— Скажы!

— Не!

— Дык я зараз іначай пагавару.

— Ніяк ты іначай не пагаворыш.

— Гавары, хто прыходзіў да цябе.

— Хто толькі хацеў, той і прыходзіў.

— Скажы!

— Не скажу.

— Скажы…

Яна стаяла перад ім, ня зводзячы з яго вачэй. Ён усё гаварыў: «скажы… скажы»… Раней крычаў, пасьля пачаў прасіць. Прасіў доўга, раптам рабіўся мяккім — дзіўным нават для Галены, то зноў узьнімаўся да свае зьвярынае сілы ў голасе. Біў тады кулакамі аб стол, пасьля зноў ападаў да просьбы. А яна глядзела, як ён вар’юецца, і ўсё сьцьвярджала:

— Не скажу.

Нарэшце ён абясьсілеў. Пайшоў з хаты, гукнуў за сабою Галаса. Як віхор праімчаўся да лесу і праз лес, ішоў, сам ня думаючы куды. У лесе моцна шастала пад цяжкімі ботамі яго не зьляжалае яшчэ лісьцё, за лесам — гучна шоргаўся аб абцасы жвірысты пясок на дарозе. Бушмар нагадваў штосьці бязьлітаснае і цяжкае, што ўсё крышыць дашчэнту пад нагамі сваімі, сьцірае ўсё з твару зямлі і, не заўважваючы гэтага, у імя сваіх адчуваньняў сьвету для сябе аднаго. Малыя і слабейшыя істоты ратуюцца, уцякаюць з-пад гэтага страшнага ходу. Але іх ніхто не заўважае. Тут толькі дзікасьць і выпадковасьць. Што і хто пападзецца пад бот?! Хто і што будзе растаптана насьмерць?! Хто і што застогне пад ботам, разьвітваючыся з жыцьцём?

Бушмар шукаў свайго спакою ў шпаркай хадзе. І толькі цяпер загаварылі сорак вёрст дарогі за дзень. У нагах зьяўлялася цяжкасьць, ападаць пачалі — нездаваленьне, страх, злосьць, нянавісьць, трывога… Перад ім чарнелі сьцены і стрэхі, мільгацелі сьвятлом вокны. Даўно ня быў тут Бушмар. Ён цураўся гэтага месца даўно ўжо, аж з самага здарэньня з паручнікам. А цяпер і пагатоў. Каля крайняе хаты ён стаў, пакуль узыходзіць пачала на думку вялікая патрэба яго рушыць зараз-жа адсюль.

— Здароў, Бушмар.

Бушмар здрыгануўся. Ён не заўважыў быў, што ў варотах стаялі людзі. Некалькі чалавек. Цяпер ён пазнаваў тутэйшых хлопцаў. Яму нядобра стала пры іх.

— Як маешся, Лявон?

— Нечага-ж да нас?

Бушмар не гаварыў нічога. Да яго падышлі. Цяпер ён пазнаў і Андрэя тут. Штосьці там гаварылі каля яго, ці то з ім, ці то самі з сабою, але ён ня чуў, пра што. Толькі кальнула яго Андрэева слова. З гэтага ён і чуць пачаў гаворку:

— Кагадзе, што пра цябе мне Вінцэнты успамінаў. Нешта вельмі ня любіць ён цябе.

І тут прайшло ўсё ранейшае. Выразна вырасла перад усім адно вялікае і найважнейшае цяпер: нянавісьць да Андрэя.

— А ты яго ці не нацкоўваеш на мяне?!

— Хіба мне работы іншае няма?

— А што табе больш рабіць? Табе іншае работы й ня трэба.

— Чаму ты гэтак думаеш?

Бушмар чуў на сабе зьняважлівы і злосны Андрэеў зірк, бачыў, як той падступіў бліжэй.

— Я ня думаю, а на сабе бачу тваю работу. Я яе пачуў добра! Можа лепш ужо й чуць ня трэба.

Ён стрымліваў моцнае жаданьне зьмяшаць Андрэя з зямлёю.

VI

Што ён там гаварыў з Андрэем, ці Андрэй гэта з ім — Бушмар ня памятаў. Штосьці ён адказваў, а то маўчаў у злосьці. Толькі пасьля ўжо, калі Андрэй зьнік недзе з-пад яго, ён адчуў яго гаворку. Ня ўспомніў а адчуў. Той кідаў словамі, як каменьнямі. А як дагаварыўся Андрэй да свае гэтае казані, ня йшло на памяць.

… Ты дзе ні павернешся, усюды прыкрасьць, а можа што й большае каму зробіш. Як-бы ўвесь сьвет табе павінен быць…

— Я на чужое ня лезу, — закрычаў Бушмар, — каб адно ніхто мяне не чапаў! Не чапай мяне!

— А ты пагавары пра людзей, а не пра свой хутар! Ты-ж яго ад усяго сьвету не агародзіш! Райвыканкомавец ступіў быў раз на твой хутар? Ты нікога не чапаеш? Успомні пра ўсё, з кім ты спаткаўся калі. А Амілі ты не забыўся яшчэ, ці ўжо й сьледу ў тваёй галаве яе не засталося? Ты хочаш прайсьці жывучы на сьвеце проста, як сабе хочаш. Што на дарозе — павінна саступіць табе. А што ня ўсьпее саступіць, пападзецца пад твой бот. А каго-небудзь ты й сам паклічаш да сябе на момант, дзеля якое-небудзь прагнасьці свае, ці патрэбы. Бо й воўк-ка не цягаецца вечна адзін, без канпані. А пасьля ідзеш далей і ні на што не глядзіш, нічога пад нагамі не прыкмячаеш. Як-бы ўсё гэта толькі дзеля цябе жыве на сьвеце…

Калі йшоў ужо Бушмар назад, словы гэтыя жылі дзесьці ў адчуваньнях яго, але былі яны далёкія ад яго, нічога ў ім не чапалі і павялічвалі толькі нянавісьць да Андрэя. Ён адумаўся адзін на вуліцы. І што ўкалола яго тут, дык гэта толькі неспадзяванае, што стаіць ён каля тае хаты, дзе жыла калісьці, а можа й цяпер жыве, Аміля. Ён рушыў назад ціха, ня гэтак, як ішоў сюды. Ён быў стомлены гэтак моцна можа першы раз на жыцьці сваім. Ні то што яму балелі ногі, ці нылі плечы, ці туманілася галава — ад дзённай дарогі, ад вячорнага ўтрапеньня — штосьці іншае было. Як у тумане прайшоў ён тое месца паўз лес, дзе сядзеў калісьці, чуючы радасьць сьцяны між ім і Аміляю, дзе ўглядаўся ён на коршана над лесам — ён цяпер гэта, праз колькі год, задрыжаўшы ўвесь, успомніў. Як праз імглу, бачыў ён пакарпаную плугамі дарогу пад нагамі, раскапанае глінішча на цэглу, навожанае дрэва за вёскаю, паадворваныя межы, паразьбіраную агароджу… Усё інакшае, як было нават гэтак нядаўна, калі забіралі яго ў адседку…

Усё рушыцца і ўцякае!

Галас гайсаў перад ім. Брэх яго гулка рваў лесавую цішыню.

Прыйшоў дадому Бушмар позна. Галена карміла дзіцянё.

— Дзе ты ходзіш? — сказала яна.

Ён маўчаў.

— Чаму не адказваеш?

Як-бы ўсё йшлося тады на тое, каб выслухваць яму людзкія ўшчынкі.

— Ты маўчыш, дык і я магу маўчаць. Як ты прывітаў мяне, вярнуўшыся ад такое свае бяды? Няшчасьце мінула, дык ты няма каб пачуў гэта, разам са мною, з дзіцём, якога яшчэ не бачыў, а пачаў думаць пра ўсё, чаго ня было. Чаму ты не паверыў мне і нават чаму ты пытаў гэта? Ці гэта вінават хто, што гаспадаром ты стаў меншым? Можа-б, ты мог-бы на ўсё іншае забыцца тады, а пабыць, як чалавек, з сваёю сям’ёю. Усё роўна як я табе ня блізкі чалавек, а хто чужы, што табе трапіўся на дарозе…

Яна гаварыла доўга. Успамінала назнарок пра ўсё.

— … Тут Аміля заходзіла. Мы з ёю разгаварыліся былі доўга.

— Пра што-ж вы гаварылі гэта з ёю?

— Менш за ўсё пра цябе. Яна парывалася ўсё на гэта, але-ж хіба малы сьвет чалавеку, што канечне думаць пра адно ўсё?.. Пра ўсё мы гаварылі. Яна ўспамінала ўсё, як гадавалася, як расла, што ў іх у хаце рабілася. А я дык не! Ніколі я нічога не ўспамінаю і не хачу ні пра што ўспамінаць. Што было, тое аджылося, а што будзе, тое важней…

Бушмар стаяў, скруціўшы пальцы ў кішэнях жыкеткі.

— Каб ты павесяліўся сваёю воляй, дык не, ганяешся за нечым уночы недзе па полі, шукаеш немаведама чаго, чаго ніколі ня губляў, чаго, можа, і ня было ніколі ў цябе…

— Не было? Ня губляў?! Я з-гу-б-іў!

— Што-ж ты гэтакае згубіў?

Яна сапраўды чакала ад яго адказу.

— Якраз ты, можа, й ня згубіў нічога, хоць і здаецца табе. Нічога ты ня згубіў. А калі што й згубіў, дык нехта знайшоў, так яно на дарозе не прапала. Можа той, што знайшоў, ня мог жыць без яго, а цябе гэта толькі сапсавала навек. Што, ты на чалавека не падобен. Што з табою і табе самому жыць на сьвеце цяжка…

Галас драпаў з сянец у хатнія дзьверы. Адчыніў іх і ўскочыў у хату. З віскам кінуўся да гаспадара. Той з асалодаю ткнуў яму ў жывот наском бота. Галас заенчыў, ня ведаючы, што гэта раптам зрабілася, адскочыў. Малы прачнуўся, заплакаў. Зрабілася шумна ў хаце. Бушмар выкінуў Галаса на ганак. Пайшоў у кухню, лёг за сталом на голай вузенькай лаве і заснуў.

Галена раніцаю ня будзіла яго позна. Ціха хадзіла па кухні. Ён, калі прачнуўся, з дзівам нейкім у вачох, як-бы не разумеючы нічога, глядзеў навокал. Як і заўсёды, спрадвеку, быў ён панурым, маўклівым.

— Ня думай ні пра што, — падышла да яго Галена.

І, не дачакаўшыся адказу:

— Можа, нават да ўсіх прыстанеш жыць, мне хочацца ў людзі. І ты там зьменішся…

— Дык мне зьмяніцца трэба?

Яна адчула, што сказала ў гэтую хвіліну глупства. І паправілася як магла:

— Гэта так я сказала. Так сабе… Кінь, ня думай ні пра што, давай жыць будзем, як людзі жывуць… Вазьмі сябе ў рукі, ня злуй, ня муч сябе і мяне ліха ведае якімі думкамі, словамі…

Яна палажыла яму локці на плечы, нагнулася да яго тварам. Ён сядзеў цяпер гэтакі малы і слабы перад ёю. Яна стаяла над ім, глядзела яму ў твар.

Але ён не падаўся. Ён перш за ўсё глыбока чуў мяжу між сабою і ўсімі, нават ёю. У іх нейкае там сваё жыцьцё, а ў яго сваё. Ён, дзеля прыклёпу, пагладзіў яе па галаве і падняўся. Нехаця ўзяўся ён за работу на дварэ, чуючы сябе чужым усяму і ўсім нават тут. Ён і ня спробаваў саўладаць з сабою. Нашто гэта патрэбна чалавеку! Ніколі гэтага ня было, не радзілася гэта разам з ім на сьвет!

VII

І Андрэй бачыў цеснату навокал сябе, але ў сабе самом чуў волю.

Як тады, пасьля неспадзяванае гаворкі з Бушмарам, увайшоў ён у хату, чамусьці, як ніколі раней, ахваціла яго адчуваньне цеснаты тут. Можа гэта гаворка абудзіла ў ім парываньні, што заўсёды жылі ў ім.

Яго і Аміліны дзеці спалі. Аміля больш не сьпявала калыханкі. Яна і жонка яго шылі штосьці, нагінаючыся над сталом да лямпы. Пахла ў хаце парнасьцю, тхнула запечным пылам. Ён заўважыў: за трамам пылела праз доўгія ўжо гады колькі кніг, з тых часоў, як яшчэ яму было калі больш цікавіцца імі, калі яшчэ з арміі некаторыя з іх прынёс ён. А цяпер гаспадарскі клопат — адны яго мужчынскія рукі ў хаце — забіваў у ім увесь час.

Ён падышоў да стала, глянуў у жончын твар. Ён часта спрабаваў уявіць яе сабе ранейшаю, маладою. І ня мог. Даўно ўжо яна замужам за ім. Твар яе даўно пачаў блекнуць і старэць. І толькі рабіўся маладым, дзявочым, калі радасьць якая ажыўляла яго. Тады вочы яе сьвяціліся агнямі, разганялася з твару надакучлівая і прыкрая непазбыўнасьцю сваёю заклапочанасьць.

Калісьці, у зусім яшчэ маладыя гады, калі ён быў удалым цымбалістым, яна была сарамяжнаю і ціхаю. Першыя спатканьні яшчэ й цяпер хвалявалі яго. Колькі разоў ён, жывучы з ёю, успамінаў ёй той час. Яна глядзела ў адно месца, кудысьці скрозь усё, што было перад вачыма, далей за ўсё, і надоўга клала на твар лятуценную ўсьмешку…

— Памятаеш, як ты да мяне бегла тады праз поплаў, уцякаючы ад канпані?

Яна пераводзіла вочы на яго, не зганяючы з твару тае прывабнае заўсёды дзеля яго ўсьмешкі.

— А я крычаў табе — «хутчэй, хутчэй, дагоняць!» Памятаеш?

Можа ад яго цяперашняга пільнага зірку яна ўзьнімае на яго вочы. Штосьці гэтакае нечаканае ўзьбягае на яе думкі, робіць няцікаваю работу. Яна нават крыху адкідае ад сябе сфастрыгаваную з палатном кудзелю і апускае вочы на стол. Думае. Настрой гэты перадаецца і Амілі. Утраіх яны маўчаць. Думкі, ці то лятуценьні, пануюць у іх. Думкі — як бяздумнасьць. Гэтак доўга. Над дзьвярыма ледзьве жыве няроўным стукам сваім старасьвецкі, можа дзедаўскі яшчэ, гадзіньнік. Раптам пачынае плакаць меншы Амілін сын. Аміля кідаецца да калыскі закалыхваць яго. Зноў калыханка льлецца за вокны, а там яе падхватваюць дубы і пераносяць у сваю гушчырню. Там яна тане ў роўнай песьні ветру. Вецер ідзе ў сваю дарогу.

Даўнейшыя Андрэевы цымбалы вісяць у каморы насупроць вакенца бяз шкла. Ветру, калі ён з гэтага боку, латва кожны раз казытаць запыленыя струны іх. Цымбалы й цяпер зьвіняць ціхім звонам.

— Цымбалы зьвіняць, — гаворыць Андрэю жонка, лятуценна гледзячы ў вяршаліны дубоў над страхою.

Яны выходзяць з хаты, у ясную ноч. Восень сьпіць у бляску зямлі пад срэбрам неба. Дубы гудуць.

Удваіх яны стаяць на вуліцы. Нічога не хочацца гаварыць, а толькі думаць бяздум’ем.

— Ліхі малы, не дае Амілі спакою ніколі, — гаворыць яна, азіраючыся на хату.

— Тут кагадзе быў Бушмар, я гаварыў яму, а ён слухаў, — гаворыць ён.

— Ну? — дзівіцца яна.

Зноў яны маўчаць. У хаце сьціхае калыханка. Аміля выбягае ў ноч. Утраіх яны стаяць.

— Цымбалы зьвіняць, — прыслухоўваецца Аміля.

— Няхай адно хлопцы падрастаюць, — сьмяецца Андрэй.

Ноч.

VIII

Вінцэнты ліпеў, як на пакуце. Цяпер яго ня мучыў ужо ні смутак, ні якое-небудзь моцнае вельмі жаданьне, а была толькі злосьць. Старэйшы сын у пачатку зімы зусім выбраўся з хаты, чуць нават не сцураўся бацькі за яго дурную ўпартасьць. Сам застаўся ў падсуседзях, хат праз чатыры ад бацькі. На вясну палавіна вёскі ішла на знос, усё перараблялася, зьменьвалася. Ён не адступіўся ад усіх. Колькі гаспадароў засталіся адшчапенцамі, і Вінцэнты з імі. Балазе поле іхнае было ў самым кутку, за дубняком, нават наводшыбе крыху. Меншы сын Вінцэнтага тае зімы ажаніўся і ўпарта трымаўся бацькі.

Вінцэнты больш не патыкаў носа на Бушмараў хутар. Ён дрыжаў аднаго: каб Галена нічога не сказала Бушмару пра яго. Бушмар сіберны чалавек, ён можа, засьцігнуўшы дзе, адным махам рукі адабраць навек здароўе, або й зусім душу выняць. Адно толькі цешыла тут і заспакойвала Вінцэнтага: чуткі ішлі па ўсім навакольлі, што ў Бушмара ў хаце нелады. Калатні няма (Галена не такая жанчына, каб дапусьціцца да гэтакай сараматы), але Бушмар зьнявідзеў яе. Хоць можа й не зьнявідзеў, ня можа Бушмар Галены зьнявідзець, але-ж і ня будзе яна вельмі любаю яму. Бо яна толькі падабалася яму, а сама далёкая ад яго. Яна ўжо рвецца адтуль, ад яго, цяжкога чалавека. Яна ў людзі рвецца. Ён сам чуе далёкасьць сваю да яе, гэтак як і да ўсіх. З таго вар’яцкага вечара, як толькі зьявіўся ён дадому, ня ўспала жыцьцё на дабро, дык гэтак і далей пайшло. Можа тут і не вінаваты ніхто ў іх…

Вінцэнты гоніць ад сябе сваю трывогу.

Але Бушмар раз такі засьцігнуў Вінцэнтага.

Хмурны дзень. Сьнег сінее паўз лес. Вінцэнты выбіраецца на дарогу з вязкаю вецьця. Валёнкі яго мокрыя, нагамі ён ледзьве грабае па вільготным сьнезе.

— Стой, Вінцэнты, — гукнуў Бушмар.

Гэта было зьнячэўку. Вінцэнты здрыгануўся. Бушмар ехаў паўз лес аднекуль, з-за лясной завіліны выехаў раптоўна. Вінцэнты спыняецца і дрыжыць.

— Адкуль гэта едзеш, васпане? — выгаворвае ён.

— От я табе зараз скажу, адкуль я еду, — чуе ён Бушмараў адказ.

Дык ён пачынае падлагоджвацца пад Бушмара гаворкаю:

— Гэта я дзеля разрыўкі. Па вецьце пайшоў. Ты думаеш, мяне з хаты вельмі выпраўляюць гэта? Барані божа. На сына й на нявестку я не паскарджуся. Гэта я сам дзеля разрыўкі. Дзеля разрыўкі…

Гаворыць слабым, роспачным голасам і глядзіць, як Бушмар злазіць з возка і прывязвае свайго каня да прыдарожнага дубка.

— Дзеля разрыўкі гэта я…

— От тут табе зараз будзе й разрыўка.

Гаворыць Бушмар і з д’ябальскаю ўсьмешкаю ідзе да яго. Барада яго зрабілася няроўнаю ад таго, што сьціснуты зубы. Бровы ссунуліся і зьехалі ўніз так, што аж закрылі вочы, але вочы гэтыя ядуць Вінцэнтага. Ён чуе гэта яшчэ здалёк і спускае на сьнег вецьце. Бушмар не сьпяшаючы бярэ яго за штрыфлі вопраткі.

— Гва-а-алт!.. Васпане, што робіш!

— Пачакай, не гвалтуй.

Яны так і стаяць, упіўшыся адзін у аднаго вачыма — адзін глядзіць, як агнём смаліць, другі міргае і пускае паабапал носа дзьве сьлязіны.

— Дык цябе сын не выпраўляе па вецьце?

— Барані божа, гэта я сам дзеля свае разрыўкі.

— Добры-ж твой сын. Гэта гэты, што ажаніўся нядаўна?

— Але, гэты самы.

— Каго-ж ён узяў?

— Узяў, далібог…

— Чаму-ж гэта ён мае жонкі ня ўзяў?

Вінцэнты прысядае каленьмі на сьнег, і галава яго, як вялая, зьвешваецца набок. Бушмар арудуе не сьпяшаючы. Ён як трымаў за штрыфлі Вінцэнтага, так нясе яго перад сабою і з размаху кідае аб дрэва.

— Гык! — абазваўся адно Вінцэнты і ўткнуўся плячуком у сьнег. Шапка з галавы яго зьехала, і галава лягла на яе.

Бушмар павар’яцку глянуў на Вінцэнтага і, усё таксама не сьпяшаючы, сеў на воз і сьвіснуў над стаеньнікам пугаю.

IX

Бушмара ўзяў одум тады, калі ён ужо ўзьехаў на свой двор. Тут ён затрапятаўся. «Забіў ці так адно прыглушыў, але гатова пачацца ўсё як пасьля таго райвыканкомаўца». І як не находзіла цяпер на яго часта абыякавасьць да ўсяго, у гэтую вострую хвіліну ён мацней, як заўсёды, цяпер пачуў прынаднасьць і водыр гэтага сіняга сьнегу, і гэтага дубовага шуму, і смольнага паху з зімовага лесу.

Бушмар кінуўся да стайні, выпраг каня і вымасьціў вазок у далёкую дарогу. З вялікай нецярплівасьцю чакаў ён вечара. Быў сам ня свой, выбягаў з хаты глядзець, ці ня меркне над лясамі дзень, колькі разоў падсыпаў каню перад дарогаю аўса…

— Я паеду да брата, — сказаў ён Галене.

— Чаго гэтак раптоўна?

— Зьеду на нейкі час.

— Чаго? — устрывожылася яна.

— Трэба мне зьехаць адсюль.

Яна застыла перад ім у маўклівым чаканьні.

— Я ці не забіў гэта адно Вінцэнтага.

— Калі?

— От цяпер.

— Дзе?!

— Ай!

Ён адмахнуўся ад яе рукою, як ад якой назолы, сярдзіта пранізаў яе зіркам.

— Ты заўсёды сам сабе бяды наробіш. Сам заўсёды няшчасьце на сваю галаву…

— Маўчы! — грукнуў ён страшным голасам. — Праз цябе гэта ўсё!

— Праз мяне?!

— А праз каго ж! Ты мне калі прызналася, што ён даходжваў сюды ці прысылаў свайго сына? Што тут насупроць мяне ўсё падстройвалася…

Галена стаяла белая як палатно.

— Калі ты мне прызналася, што ён цябе падгаворваў кінуць мяне! Адразу не сказала, як я толькі прыйшоў, а ў паўзімы прызналася!..

— Ня было ў чым мне прызнавацца.

— Мусібыць-жа было, калі не прызнавалася, калі адразу не гаварыла!

— Як-жа я магла гаварыць тады пра такія рэчы, калі ты якім быў тады, у той першы вечар?

— Маўчы, у маёй галаве цяпер увесь сьвет пераварочваецца. Мяне за сэрца смокча. Маўчы, калі хочаш, бо зараз і цябе заб’ю!

— Мяне? Завошта?!

— За ўсё!

— Нашто ты кідаешся гэтакімі словамі?

— Ай!

Ён страсянуў рукамі і выбег з хаты. Пасьля вярнуўся яшчэ, падбег да калыскі, паглядзеў на сына. І адтуль ірвануўся зараз-жа, як-бы ён зрабіў які нядобры гэта ўчынак.

Сінеў вечар. Бушмар запрагаў каня. Галена на ганку плакала. Бушмар ня бачыў гэтага. Ён шпарка пагнаў каня ў дарогу. За лесам, дзе павінен быў ляжаць забіты Вінцэнты, Бушмар пусьціў каня паволі. Ён азірнуўся. Нікога нідзе ня было відаць. Змрок гусьціўся ў кустох і пад дрэвамі. Ён зьвярнуў пад тое месца і ўгледзіўся. Вінцэнтага ня было. Дзіўны сьлед, цэлая дарога, раўчуком цяглася напрамік цераз поле да сьцежкі ў вёску.

— Жывы, — мармынуў Бушмар, — папоўз дадому.

Яму ня стала ад гэтага ні цяжэй, ні лягчэй. Але ён пасьмялеў. Сьцёбнуў каня і памчаўся цераз вёску. У Вінцэнтавай хаце, як і ўва ўсіх, ня было ні вялікага сьвятла, ні руху.

— Каб памёр, дык варушыліся-б каля яго, — сказаў пад нос сабе Бушмар і прамчаўся вёскаю. Галас дагнаў яго ў чыстым полі. Ён прагнаў сабаку дадому. Каня гнаў так, як-бы пагоня насьцігала яго.

X

Вінцэнты ачомаўся надвечар. Сьнегавы холад абудзіў яго. Вельмі балеў левы бок і плячо. Нават зварухнуцца было цяжка. Ён папробаваў крычаць, але ня мог. Замест голасу было штосьці ня людзкае, немагушчае. Ён ляжаў гэтак і калаціўся ад холаду. Разам з тым гарачка туманіла галаву і ламала калені. Разгаты дуб упіраўся над ім у неба. Вецер не даваў спакою. Вінцэнты зноў пачаў траціць прытомнасьць, але востры струменьчык думкі на момант устрасянуў яго. Ён зрабіў нечалавечы рух балючым целам і сяк-так перакінуўся на другі бок, пасьля лёг на жывот. Грудзі ўехалі ў цяжкі сьнег. Уткнуўся ў яго і твар. Цяпер стала яшчэ горш. Ён так пабыў, пакуль адсопся і папробаваў паўзьці. Ногі былі здаровыя, ён імі ўпіраўся ў сьнег і гэтак патроху браўся наперад. Так выкіроўвацца пачаў на сьцежку. А там ужо шукалі яго.

Тым часам каля сьцежкі ён зусім страціў сілы і прытомнасьць. Як бралі яго пасьля на сані, яму здавалася, што гэта Бушмар, дробны паўпанак, саджае яго ў свой фаятон, а ён ня хоча лезьці: «я яго ніколі ля касьцёлу за локаць ня трымаю, у яго нават свайго лёкая няма. І ня гонар мне езьдзіць у яго

фаятоне; ды яшчэ разам з ім». У хвіліны прасьвятленьня думкі ён шаптаў:

— Гэта ён, гэта ён.

— Хто і што? — пыталі ў яго.

— Ён, ён, — шаптаў ён і ня мог сказаць — «Бушмар».

Дома ён упаў у вялікую гарачку. І ўсё сухімі губамі шаптаў, крывячыся ад болю:

— Вяльможны пане, не турбуйцеся. Калі вяльможная ласка.

Аж сыну яго й нявестцы было прыкра.

Тады былі месячныя ночы. Суседзі выйшлі на тое месца — гаварылі, што навокал санных і пешых сьлядоў шмат. Убачылі, што праўда. І здагадвацца тады-ж пачалі — сьлед павёў якраз у Бушмараву дарогу. Але за якую крыўду Бушмар мог абязьвечыць гэтак старога Вінцэнтага? Прычына нікому нават і на думку не магла ўзбрысьці.

Ціхая была зіма. Сьляды там на сьнезе засталіся нядоўга.

Доўга Бушмараў сьлед чуў на сабе і Вінцэнты. Не спадзяваліся нават, што ён выжыве. Страшна стала хрыпець у яго ў грудзях. Але стары быў жывучы, як кот. Пад вясну сяк-так узвалакацца пачаў на ногі.

— Бушмар? — запытаў раз быў сын, калі бацька весялей глядзець пачаў на сьвет.

— Але.

— За тое?

— За тое самае.

І між імі стала маўклівая згода. Абодва думалі, як адпомсьціцца і каб людзі ня ведалі, з чаго ўсё пачалося. Стары патроху дужэў. Сонечнымі днямі, пад вясну, вывалакацца пачаў ён на двор. Ён бачыў і чуў навокал рух зьіначваньня сьвету. Але ён спачатку ня думаў ні пра што — дзякаваў бога, што сяк-так выскрабся ад хваробы. Пасьля-ж, калі пачуў у сабе больш сілы, ранейшая злосьць пачала варочацца да яго. Ён хадзіў, як атручаны.

Ён усё прапыткоўваў па людзях, дзе што чуваць на сьвеце, ці не гавораць дзе пра што добрае, ці ня йдуць адкуль навіны. Ён цікавіцца пачаў кожным новым чалавекам, але з сваімі, тутэйшымі людзьмі, ня лішне трымаўся блізка. Дрэнна чуў ён сябе тут. Брыдкая была тая зіма!

Ён прыслухоўваўся і прыглядаўся, што робіць і дзе паварочваецца Бушмар. І чуў тут прыемныя навіны. Бушмар, казалі, бунтуецца. Хтосьці недзе чуў, як ён гразіў нейкаму, нібыта гаварыў, што жывым у рукі ня дасца, што страсяне ўсю акругу і вялікі сьлед па сябе пакіне…

Дакладна гэтага ніхто не сцьвярджаў, але гаворкі былі. І гэта хоць трохі ды цешыла Вінцэнтага. Ён гэтым толькі й жыў цяпер.

Брыдкая была зіма.

Нудна было на сьвеце.

Пра Бушмараў хутар Вінцэнты больш ня думаў. Сама думка гэтая аж сьцепала яго.

Так жыў ён і пакрысе ачуньваў. Усё йшло паволі, цягнулася гэтак марудна!

XI

Бушмар усё больш пачынаў нядобра пачуваць сябе пад зіркам Галеніных вачэй. Зірк гэты пакрысе ператварацца стаў з па-жаноцку хітрага, гульлівага, у цьвёрды і нават жорсткі. Яна як-бы загадвала яму гэтым зіркам. Ён ні то што баяцца пачынаў яе, а чуў у Галене штосьці яе ўласнае, што ніколі ня страціцца ў яе, ніколі не падначаліцца пад чужое.

Яна часта падносіла яму сына:

— На, паглядзі. Бачыш, у яго бровы такія, як у цябе робяцца.

— Але, — гаварыў ён, дакранаючыся пальцамі да незарослага цемя дзіцяці.

Ён сам пачынаў чуць, як цяжка разбурыць той холад, які зьявіўся між імі з таго самага першага вечара, калі вярнуўся ён з астрога, і з таго другога вечара, калі ён, абязьвечыўшы Вінцэнтага, уцякаў да брата. Пасьля гэтага вырасла вельмі; калі ён вярнуўся праз тыдзень ад брата, яна сказала яму:

— Ну, заб’еш ты мяне ці не?

Ён маўчаў.

— Скажы.

— Нашто табе гэта?

— Хачу ведаць. Калі гэта ты праўду тады казаў, дык я ня буду чакаць, а забяру дзіця і пайду.

— Ты мусіць хочаш давесьці мяне да гэтага, калі ўспамінаеш наўмысьля, што я калі сказаў.

Ён ведаў, што яна гэта зьдзекуецца з яго, помсьціць за яго неабдуманае слова. Бачыў, што яна нідзе ў крыўду ня дасца, што яна нават за слова дараваць ня хоча. І гэта рабіла яе дзеля яго больш, як калі, прынаднай, але-ж больш, як калі, і далёкай. Прыкрасьць да ўсяго вырастала ў яго. І горш за ўсё было тое, што ён цяпер пачынаў думаць, прынамсі, несьвядомае зьяўлялася імкненьне дзесьці ў істоце дазнацца, дзе пачатак гэтай варожасьці між ім і Галенаю. Варожасьці, якая за кароткі час апрыкрыла ім абодвым, але-ж і пазбыцца якой было нельга. Але пачаткі думак гэтых прападалі, ледзьве зьявіўшыся.

Былі ў іх і лепшыя хвіліны. Часамі, пасьля даўжэзнай маўчанкі, яны пачыналі гаварыць пра што-небудзь ня вельмі важнае і цікавае для іх цяпер абаіх. Раз, напрыклад, яна сказала:

— Мусіць, шчэпы ў садзе павымярзалі, ніхто не абгледзеў іх на зіму.

— Не да гэтага было, — буркнуў ён, але чамусьці ўзьняў на яе вочы.

Мусіць, штосьці было ў голасе яе цяпер, што нагадала ранейшы час іх, калі яшчэ ён толькі паглядаў з вакна, ці ня доўга бавяцца каля хаты хлопцы, а яна хвалявала яго бляскам вачэй.

І яны цяпер пачалі гаварыць пра ўсялякую драбязу, маючы асалоду не з гаворкі гэтае, а з нейкае згоды між імі. Але гэта сапраўды была толькі згода. Больш за ёю нічога ня было. Так гэта й праходзіла, як зьяўлялася. Бяз сьледу і карысьці.

Затое часамі Бушмару было абыякава ўсё — і халоднасьць жонкі, і нелады навокал яго. Хоць з гэтага ўсё нараджалася, але засланяла сабою першапрычыну і само выростала ў ім і поўніла сабою ўсё. Гэта часта было, і заўсёды тады, калі Бушмар пакідаў за сабою ўсё і быў адзін. Апошні раз гэта было перад самым канцом зімы і той раз яно скончыла ўсё ранейшае.

Зіма тады канчалася рана. Яшчэ ў канцы лютага зьбіралася пад сьнегам вада і дарогі пачалі прападаць. Бушмар надвечар прыехаў ад брата. Страшна змарыў, аж да пены, свайго стаеньніка. Сам прамок на імгле і быў злосны. Гнаў каня па прабоінах і замакрэлых ухабах і нікому не зьяжджаў з дарогі (гэта й заўсёды меў ён сабе прывычку гэтую). Дома якраз іскра папала ў порах:

— Нашто ты гэтак каня морыш, улегцы едучы? — сказала Галена.

— Што табе да каня. Маўчала-б!

— Чаму маўчала-б?

— Таму што… К д’яблу!

Увайшоўшы ў хату, ён заўважыў, што Галена кудысьці зьбіраецца. Ён моўчкі глядзеў, што з гэтага будзе. Яна раптам пакінула свае зборы і лягла спаць.

— Ага, — загаманіў ён, дзіка і ўрачыста сьмяючыся, — пастрашыла. Ну што, пастрашыла?

— Слухай, — абазвалася яна, — я цябе ня страшыла і страшыць ня думаю. Дый не такі ты чалавек, каб цябе можна было чым устрашыць. Да цябе ніякі страх не прыстане… Ты сам бачыш, што — якая гэта наша жытка! Гэта каб увесь век у гэтакім пекле жыць? Лепш мне пайсьці адсюль. Я даўно гаварыла пра гэта з людзьмі. І з Аміляю гаварыла, і шмат з кім там гаварыла. Туды я пайду.

— Дык ты ўжо гаварыла?! Даўно ўжо думала пра гэта?! У маёй хаце ўсё гэта робіцца, а я нічога ня ведаю!..

Ён крычаў і тупаў нагамі.

Ён пераспаў тую ноч у кухні на лаве, а раніцою зьнік з хаты, каб ня бачыць, нічога ня чуць. Ён стаяў на ўзьлеску, адзін, пануры постацьцю, але не пануры тварам цяпер. Як зьвер, якому дзесьці здалёк запахла воля. Ноздры яго раздзьмуліся, бровы ссунуліся, і з-пад іх вочы сьвідравалі ветравую далячынь. Высокая, чуць сутулая постаць яго доўга ўзвышалася на ўзьлеску.

Там, на сонцы, сьнег пасыходзіў, і леташняя трава зеляніла свае вяршкі. Адзін кусьцік яе, малады, веснавы, бялявы, папаў пад Бушмараў бот. Падкаваная набойка глыбока ўвагнала яго ў зямлю.

Пакуль не вярнуўся, Бушмар ня думаў, зусім забыўся на сваю хату і Галену з сынам.

У тую-ж ноч Вінцэнты, адхаяны сынавым доглядам, падпаліў Бушмарава гумно. Ноч была бяз ветру, і гумно згарэла ціха, як сьвечка. У ім згарэла шмат Бушмаравага набытку.

Тым часам Вінцэнтаму падпаліць гумно ня было лёгка. Ён колькі разоў варочаўся з паўдарогі, ад страху, пасьля зноў ішоў. Ён цягаўся ўночы доўга, плюхаўся па мокрым сьнезе, правальваўся па калені ў ваду, падыходзячы да гумна паплавамі. Нарэшце, калі прытуліўся за гуменным вуглом, пачаў шпарка жагнацца. Ткнуўшы агонь пад навіслую нізка страху, ён з усіх сіл кінуўся наўцёкі. Колькі разоў паваліўся па дарозе і ўвесь вымак у ледзяной вадзе да апошняй ніткі. Дадому ён не пайшоў проста дарогаю, а даў кругу, паўз лес, каб не папасьціся на людзкія вочы — на пажар зараз-жа пачалі бегчы. Тут ён рвануўся, каб падпаліць Андрэеву хату, але рух людзей па дарозе перашкодзіў яму. Змучаны і змочаны, дапаў Вінцэнты да хаты. Палез на печ, укрыўся кажухом і хваравіта задрамаў. Назаўтра прачнуўся ён у гарачцы, прахварэў нешта з тыдзень і сканаў.

Бушмар жа наказаў брату, каб той прыехаў. Брат охкаў і бедаваў, але ня так па тым, што ўцякла Галена, як па тым, што згарэла гумно.

РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ


I

Свет быў шырокі і вольны. У дзіцячым сэрцы нараджалася, расло і жыло захапленьне ім. Кожны перажыты дзень даваў большае ўсё ўведваньне сьвету. Так расьлі два браты.

Часамі старыя жанчыны, бабулі колгасаўцаў, ківалі галовамі, пускалі нават, калі-ні-калі, сьлязу, божкаючы:

— Ай-ай, за жывым бацькам, бацькі ня ведаюць. От пайшлося ім як небаракам.

Аміля тады не перапускала:

— А на чорта ім гэтакі бацька!

Галена-ж, тая адно падмаргне тады сьлязьлівай старой:

— А яны-ж гэта й нарадзіліся без бацькі.

— Без бацькі? А-ёй!

— Але. От надумаліся ды й нарадзіліся.

І тады да Амілі:

— Ну што ім канечне растлумачваць! Ты гавары таму, хто ўразумее тваю гаворку.

Тады і Аміля засьмяецца, радасна гляне на сваіх сыноў. Галена-ж, калі скончана работа, заўсёды няньчыцца з усімі трыма. Часамі да трох далучае яна чацьвертага — Андрэевага. Андрэй тады жартуе:

— От мацярок у маіх сыноў!

Ён жартам заве іх усіх сваімі сынамі. Жывуць яны ня разам, але блізка цераз сенцы. У сенцах яшчэ падлога пахне сьвежаю смалою і яны яшчэ не застолены. Робіцца ўсё не адразу. Цяжка ў адзін год зрабіць усё як ёсьць. А яшчэ цяжэй было зламаць дурную ўпартасьць некаторых суседзяй:

— Як-жа я пакіну, калі гэта маё?

— А там-жа будзе ўсё тваё гэтак як і ўсіх.

— Калі ўсіх, значыцца не маё.

— Бушмар ты, — сьмяяўся неспакойным сьмехам тады Андрэй. Гэтае «маё» даводзіць вось да чаго чалавека.

Само слова «Бушмар» было ўжо словам нязвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра зьвярыную нялюдзкасьць, пра зьдзек над усім, што ня ён сам і не яго. Пра тое, што ня можа навокал яго, пакуль ён пануе, абыйсьціся так, каб ня было пакрыўджаных, каб ня было сьлёз людзкіх. Тыя-ж самыя бабулі божкалі і ўздыхалі, што гэта бог даў чалавеку гэтакую натуру, можа за якія грахі яго, ці нават бацькоў яго. Мужчыны ўсе і малодшыя жанкі, сьмяяліся з гэткае «божае кары», але ўсё-ж некаторыя гаварылі, што «натура гэта такая ў чалавека» і толькі. Тымчасам былі й яшчэ адны, якія іначай тлумачылі Бушмара. Да іх належаў і Андрэй, але першы як мае быць выказаў гэта ня ён. Трымаўся тут вельмі блізка Андрэя заўсёды (а цяпер выйшла наадварот — Андрэй стаў блізка трымацца яго — той набываць пачаў сілу ў сваёй дзейнасьці) адзін хлапец. Ён на хутарох за лесам змалку пасьвіў каровы, служыў нават год на Бушмаравым хутары. Яго неўзаметку пачалі заўважаць, як пачаў вырастаць тут. Бацькі яго ў вайну ўцяклі недзе з-за Вільні сюды і тут зьмерлі ад пакутных нявыгодаў жыцьця, а малы неяк выкідаўся. Так на людзях і ўзрос. Звалі яго Ўладзем; ён калі яшчэ малым пастушком быў, зьблізіўся неяк дзіўна з Андрэем, якога тады пачаў зваць дзядзькам. Раз Андрэй ішоў паўз лес і ўбачыў быў, як на дарозе стаіць і не варушыцца як аслупянелы, малы хлапчук. Падышоўшы бліжэй, ён пазнаў «бежанскага Ўладзю». Ён глядзеў у адно месца, кудысьці ў поле і маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або безсані, ці ад сьлёз. Было тады холадна, восень, і ён, відаць, мёрз.

— Чаго ты гэтакі? — запытаў Андрэй.

— Кароў гляджу, — адказаў той.

— Дзе-ж твае каровы?

— Недзе пацягліся.

І хлапчук пачаў плакаць.

— Чаго ты?

— Бушмар чуць не забіў мяне.

— За вошта?

— Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Раніцаю сёньня сукаватым паленам па шыі біў, схаваў мае лапці, нарочна, каб я мёрз — гэта табе, кажа, навука.

Андрэй глянуў на босыя Ўладзявы ногі. Праўда, што яны аж пасінелі з холаду.

— У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласьці агонь.

Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапці, а праз колькі дзён падгаварыў кінуць Бушмара і перайсьці ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя, як за бацьку.

У тэй меры, як Ўладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненьні яго з Андрэем неяк зьменьваюцца. Калі дзялілі панскую зямлю і калі Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Ўладзя тады ўжо быў як-бы нават дапаможнікам Андрэевым. Ён ні то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як-бы гэта ён сам усё гэта робіць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:

— А Бушмару нашто гэтулькі лесу?

Ён чуў, як расьце усё больш і больш у ім страшэнная нянавісьць і да Бушмара, і да ўсіх тых гаспадароў, што трымалі яго тут за пастуха. Нават адзін з іх, калі дзялілі вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быў на сваю мяжу і з хітраю ўсьмешкаю сказаў:

— Што-ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. І лес панскі папрабавалі зачапіць. Але маладцы, што лазу пакінулі, ня выцерабілі.

— Чаму? — гукнуў Ўладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.

— А таму, што калі вернецца пан, дык будзе чым вас сьцёбаць.

Ўладзя сьціснуў кулакі і падаўся бліжэй:

— Маўчы, гадзіна!

Дык той злосна заенчыў:

— А-а-а, глядзі ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалі чужыя людзі, што ня даў і я табе прапасьці на чужой старане!..

— Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлі.

— Усюды? А от цяпер стаіш на маёй мяжы. Вон!

Ўладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. І повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысьля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук і пайшоў назад, сьмяючыся.

Другі раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкі, але больш яшчэ выразнасьці. Гэта ўжо тады, калі надышла пара зачапіць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:

— Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапіць зьвяроў.

Бушмару хтосьці сказаў пра гэта, і пры спатканьні з Ўладзем ён, зьвер, пранізаў зіркам яго. Уладзя прыпыніўся і таксама ня спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялі яны колькі момантаў. Хто каго пераможа? Але ўсё-ж Бушмар заўсёды абмінаў думкамі Ўладзю, можа таму, што прывык ён дагэтуль бачыць яго хлапчуком? А мо’ таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сілу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сілы паўставаў перад ім Андрэй.

Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменьне сваё вынес яшчэ з суду, у якім быў тады, калі судзілі Бушмара і за збойства райвыканкомаўца, і за буйную высечку лесу, і за ўсё іншае. Пра Бушмара тады абвінаваўца гаварыў доўга:

«Бушмар — вынік, аканчальны лёгічны вынік ляснога спрадвечнага хутара. Гэта зьвер, навокал якога павінны быць пакрыўджаныя. Іначай нельга, пакуль жыве на сьвеце Бушмар. Навакольны лес і дзікі хмызьняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзіч спробуе авалодаць усімі тут людзьмі. Бушмар, каб і хацеў, ня можа даць рады ні лесу, ні хмызьняку — засталася-ж навек ня скончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад — гэта пастка і вечная вайна — бо-ж нават, з сваім, можна сказаць, жыцьцёвым братам — Вінцэнтым, была ў яго сьмяртэльная спрэчка. У зьвяроў заўсёды ў адным нават логаве — вайна… Вось ён жыве на сьвеце, жыве спрадвеку, робіць нават гісторыю свайго часу, гісторыю крыўдаў слабейшых, ад якіх маюць крыўду яшчэ слабейшыя… Чалавечая гісторыя нялюдзкасьці! Дзе расплоджваюцца зьвяры і каля іх чэрві!»

II

Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не зьмяніўся. Засталася ў ім і яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлівасьць і, дзе трэба, ясная цьвёрдасьць. Ён крыху меў натуру іншую, як Аміля, а можа, гэта не натура, а проста іншае дачыненьне да ўсяго. Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабілі, адкінуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусім сьвядома вучыцца пачаў у Ўладзі. Той бязьлітасна кпіў з «усялякае мышы ў сваёй цеснай нары», жыў апошнія гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго браліся:

— Гэтакі ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкі ёсьць. У гады ўбіраешся, дык пара табе пра сябе падумаць. Паставіў-бы ты сабе хату, узяў-бы зямлі, меў-бы сваю сям’ю, як усякі чалавек…

— Няма зямлі, — аджартоўваецца ён.

— Мала?

— Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.

— Дзіўны хлопец, — гаварылі адыходзячы, — от усё жартамі абыходзіцца.

А пасьля хтосьці кінуў на людзі здагадку:

— Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.

— Вось гэта яно й ёсьць, — сказаў быў ён раз на гэта, сьмеючыся. — Хачу нічога не рабіць і добра жыць.

— От зноў жартуе!

А тым часам Уладзя вырас зусім, больш яшчэ пасталеў, больш зблізіўся з Андрэем. Стаў ён рослым і моцным, і хто ўспамінаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:

— От як выростае чалавек.

Яны з Андрэем і ўзялі на сябе ўвесь той цяжкі клопат — арудаваць з людзьмі, з зямлёю, з дзікім хмызьняком, з трухлінаю старых хат… Колгас зрабілі ўвосень, калі рыхтаваліся сеяць жыта. І ўсе гады пасьля гэтага даводзілі яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзьлеску новы вялікі дом, туды перабіраліся патроху кожны год людзі і шмат хат ішло на знос. Цяпер гэта рабілася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:

— Увесь век гараваў, гараваў, зьбіраў па саломіне, і нават котла роднага адцурацца трэба.

Аднак ішлі, бо, шкадуючы чагосьці нявыразнага ў старым, пачыналі ўжо баяцца яго.

Гэтак вось і Аміля спахмурнела была, калі чарга прыйшла і да Андрэевае старой хаты:

— Мне ня шкода гэтых катухоў і пакут ранейшых, але так нешта, я й сама ня ведаю, што гэта.

Андрэй можа й зразумеў яе, але нічога сказаць ня мог іншага, як толькі:

— Гэта так з чалавекам бывае.

Але Ўладзя пасьля сам загаварыў пра гэта з Аміляю:

— Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасьць старая. Гэта, калі хочаш, дык рэшткі бушмараўшчыны, якія спрадвеку ўкараніліся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсьць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыцьцё, хоць цяжкае, пазнала…

— Тут я ўспамінаю пра ўсё, што было, тут паўміралі бацькі, тут…

— Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкінем.

Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзілася яму і далёка выяжджаць адсюль, ён меў цікавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую імклівасьць, часта задумваўся і навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Аміляю:

— … Нам от можа й думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, і мы чагосьці шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калі вось усюды будзе поле вырабленае, калі згладзім мы з зямлі ўсе дзікія зараснікі, выкарчуем дзікія ўзьлескі — і жоравы тады пазводзяцца ў нас, ня будзе ім дзе тады вясьціся, і ня будуць тады яны курлыкаць увосень, ня будзем мы бачыць тады і чуць гэтага іх лёту ўвосень ці ўвясну. Нам, часам і шкада ці то якраз гэтага іхняга лёту, ці то чаго іншага разам з гэтым…

— Бо мы прывыклі да гэтага, — здагадалася ўсьмешкай Аміля.

— Прывыклі, з гэтым мы жылі, вырасталі. Гэта было разам у нас з уцехамі і з сьлязьмі.

Аміля думала і маўчала.

— … Я-ж ведаю, што прыйдзе штосьці новае, што будзе дзецям нашым ды й нам яшчэ такім, з чым нам таксама будзе ня лёгка адразу, каб прыйшлося, разлучыцца. Новы час нясе і ўсё новае. Толькі што яно ня будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкім, як было ўсё дагэтуль.

Ён гаварыў доўга і цешыў Амілю гэтым сваім новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапілася гэтым, пачула ў сябе прылівы непераможнае радаснай сілы.

— Нашы дзеці ўжо ня будуць гэтакімі, — зноў здагадалася яна.

— Толькі нам трэба, можа нават дзе й з цяжкасьцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. І дзеля сябе, і дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабілі. Я от табе скажу гэта адным словам — забіць і вытруціць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты-ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне…

Ён гаварыў як-бы не аднэй толькі Амілі. Пасьля змоўк і пра штосьці думаў. Доўга гэтак стаялі ў старой хаце, што дажывала апошнія дні свае. Пасьля ён, як-бы адумаўшыся, глянуў на Амілю. У яе ружавеў ад узбуджанасьці твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвітаньні Ўладзя моцна сьціснуў яе руку. І першы раз, зусім іначай, як дагэтуль, яны паглядзелі адно аднаму ў вочы.

III

Як-жа жыў цяпер Бушмар? Каб ня збегла тады была ад яго жонка, ён можа-б і яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа па-воўчы-б гаспадарыў на сваім куце, які яму пакінулі. Але, застаўшыся адзін, ён, як ні стараўся, ня мог даць рады. Брат да яго прыяжджаў часта. Бушмар раз пачаў раіцца з ім, каб як гэта зноў ажаніцца. Брат параіў яму:

— Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы якая жонка.

Дык ён так заставаўся адным, ня могучы дабраць сабе жонкі. Да якой хутаранкі й сватаўся, дык ня лішне ўжо квапіліся йсьці за яго — слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылі пра яго ранейшае жыцьцё з двума жонкамі, што ён толькі адно думаць пачаў.

Тады, адразу пасьля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засьцігнуць дзе, ды прыбіць яе. Пасьля думка гэтая перайшла на Андрэя і на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калісьці варушыўся Вінцэнты. Толькі той лісьлівенька да кожнага падыходзіў, а гэты сваёй воўчай панурасьці ня траціў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: «Дарэмна я тады чуць не абязьвечыў Вінцэнтага і адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснікам мог-бы быць, каб паслухаў тады яго». Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамі нават перасільваць пачаў сваю ваўкаватасьць і даходжваць да тых хутароў, што засталіся яшчэ наводдалек. Але ўсё-ж там людзі ня мелі з ім адных інтарэсаў — там яны з колектывам змагаліся, але з «сваім», іншым. Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблізу — меншы Вінцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену і асесьці на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ хат чатыры было гэтакіх, што не пайшлі разам з усімі, а ахоўвалі ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой «сам сабе панам». Гэта — з таго краю вёскі, некаторыя нават перанесьлі на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты і аселі дробнымі асэсарамі. Чакалі ўсё «зьмены ўлады», а найбольш, «што палякі прыйдуць». Там Бушмар і бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вінцэнтавым сынам зрабілі былі выгляд, што нічога прыкрага між імі ня было, а пасьля гэта, вельмі хутка, стала абыкласьцю, і ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё-ж часамі ўзбягала на думку тое, як Вінцэнты ляжаў прыбіты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры сьнег. Раз нават ён, як-бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вінцэнтага. Ён пазаікаўся крыху, выразна ня могучы выказаць тое, што хацеў. А гаварыць трэба было асьцярожна. Вінцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, і сам штосьці заблытаў словамі. Так яны абодва змоўклі і па той раз маўчалі пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, ні то што гэта вельмі хацеў бачыць гэтых людзей ці гаварыць з імі. Але ён чуў, як у ім рабілася нейкая работа і пасьля як мае быць (чаго раней з ім ніколі ня было!) меў у галаве сваёй нават плян нейкі свае дзейнасьці. Нейкая рыса зьявілася ў ім новая, як-бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вінцэнтага. Гэта было штосьці падобнае да хітрасьці, хоць і ня хітрасьць. Ён усё бліжэй трымацца пачаў Вінцэнтавага сына. А той таксама штосьці трымаў у галаве сваёй, часамі даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелі новыя колгасаўскія будынкі. Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга колгасаўца, ён гаварыў і пра нейкае парабкоўства ў кагосьці колгасаўцаў, і пра нейкую паншчыну, якая нейкім робіцца. Старэйшы брат усьміхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё:

— Хто дужшы, той прутшы.

— Вось гэта й я кажу. Бацька тады разумна стараўся выдзеліцца невялікім гуртам…

Яны ўспаміналі бацьку, гаварылі пра Бушмара (хоць хутару яго больш не ўспаміналі).

Пасьля адзін раз Бушмар нешта доўга не пайшоў да Вінцэнтавага сына і яго суседзяй. А праз тыдзень які ён зьявіўся да першага ад лесу колгасаўскага дома і пастукаў у акно. Выйшаў з дому другі Вінцэнтага сын. Вечар быў, цёмна. Дарога праз лес была аж чорнаю. Два мужчыны падаліся скрозь паўз лес і поле, ішлі паволі і гаварылі пошапкам. Зайшлі аж на Бушмараў хутар, а пасьля назад. З таго часу калі-ні-калі яшчэ заходзіў гэты колгасавец да Бушмара. Прыходзіў ужо сьмела і другі Вінцанцюк, а часамі й яшчэ хто-небудзь з тых падлесных новых хутаранцаў аціраўся тут.

Раз Бушмар і з Галенаю быў спаткаўся. Было папаўдні, сьвяціла сонца. Галена ішла з дзецьмі (сваім і двума Амілінымі) па новай грэблі за тым месцам, дзе калісьці была вёска. Бушмар джгаў аднекуль дарогаю. Перад Галенаю ён прыпыніўся, аж падаўся ад раптоўнасьці крыху назад. Галена яму нічога не сказала, хацела моўчкі прайсьці ў сваю дарогу, але ён стаяў і глядзеў на яе. Тады яна, здэтэнаваўшыся, сказала:

— Дзяндобры.

Ён адказаў. І як яна пайшла далей, ён затрымаў яе:

— Пачакай.

— Чаго?

— Пачакай. Стой… Да мяне ня вернешся?

— Не.

— А можа падумаеш?

— Не… Ніколі.

І, памаўчаўшы:

— Каб ты здаў усю гаспадарку ў колгас, сам, з добраю ахвотаю, ды каб год колькі як чалавек пажыў у колгасе, каб зьмяніўся, каб нанава радзіўся, тады можа-б што й было. А так… Не, не!

Яна павяла дзяцей далей, а ён загукаў усьлед:

— Раней я з сьвету пазводжу вас усіх!..

Галена пайшла шпарчэй і чула яшчэ ўсё яго моцны шэпт:

— І сыны мае там у іх, бяз бацькі, без мяне…

— Хоць раз ты сваіх дзяцей успомніў, — гукала здалёк, абярнуўшыся да яго, Галена. — Які ты бацька, так ты й сыноў пры сабе маеш.

Тады Бушмар вярнуўся назад, адкуль ішоў, колькі раз азірнуўшыся на Галену. Колгасаўскія новыя будынкі весела залаціліся сонцам.

IV

Раз надвечар Андрэй з Уладзем выйшлі з колгасаўскай канторы. Дзённая работа была скончана, мужчыны ля студні мылі рукі. Падышоў да студні памыцца і Ўладзя — перад гэтым ён паўдня рабіў у кузьні з кавалём. Андрэй рушыў за ім. Здалёк яшчэ чулі яны, як нейкая спрэчка ішла ля студні, аж крык нейкі чуваць быў. Усаты дзядзька, размахваючы шырака рукамі, штосьці даводзіў. Некаторыя памагалі яму, некаторыя стараліся абсадзіць яго. Нарэшце выразна выявілася, чаго ён хацеў:

— Гэта праўду ён мне кажа, што цяпер можна йначай крыху.

— Што? — запытаў Андрэй.

— А от тое, што — поле дык мы разам будзем рабіць, а агароды падзелім кожны па кавалку. Куры падзелім, малочную жывёліну.

— Нашто?

— А каб распараджэньне мець сабе.

— Тады хіба й поле?

— Пасьля можна будзе й поле.

— А мо’ цяпер ужо?

— Я не кажу цяпер, але… а ўрэшце…

Тады падаў голас Вінцэнтага сын:

— Гэта то ня трэба, гэтак колгас раскідаецца, але зрабіць два ці тры меншых колгасы — дык патрэбна. Пааддзяляцца па колькі сем’яў разам…

Пасьля гэтага ўзьняўся большы яшчэ крык. А калі разыходзіліся, некалькі чалавек аддзяліліся і пайшлі ў другі бок за Вінцэнтавым сынам. Ён раптам вярнуўся туды, дзе стаялі Андрэй з Уладзем, і растлумачыў:

— Тут гэта от дзеля чаго. Каб усіх гаспадароў паўцягваць сюды. У вялікі гурт дык ня лішне яны паквапяць, а так — дык усе пойдуць. Тады ўся ваколічнасьць наша будзе колгасаўскаю.

— А як ня пойдуць? — як сьледчы, запытаў Уладзя, глянуўшы на Андрэя.

— Пойдуць.

— Што, ты пытаўся ў іх?

— Пытаўся.

— Ну й пойдуць?

— Усе.

— І падумаўшы:

— Нават Бушмар.

— Ён, мусіць, самым першым пойдзе? — здагадаўся Андрэй.

Але той таксама здагадаўся, што гэта допыт:

— Ён ня хоча, але, дзеля спакою, і яго трэба завалаць.

— Ён табе патрэбен?

— Я не пра сябе аднаго дбаю.

— Ты за ўсіх! — усьміхнуўся Ўладзя.

Той падаўся ад студні.

У той вечар шмат колгасаўцаў непакоіліся вельмі. Хмурна думаў Андрэй, а на Ўладзевай кватэры сабраліся хлопцы. Пакойчык быў невялічкі, дзьвярыма ў прасторную зборню, дзе раніцамі жанчыны зносілі карміць малых дзяцей. Стала яшчэ ня было, а можа вынесьлі куды яго. На вакне гарэла лямпа, а акно застаўлена было да палавіны фанернаю дошкаю. Хлопцаў сышлося чалавек сем, і, як сабраліся ўсе, Уладзя аглушыў усіх запытаньнем:

— Чулі?

Чулі ўсе, толькі адзін не:

— Што?

Але на яго паглядзелі так, што ён спусьціў уніз вочы. Гэта быў хлопец бадай старэйшы за ўсіх тут, яго недалюблівалі за скрытнасьць.

— Значыцца, ты, Сымон, за тое, каб зрабіць тут два колектывы з аднаго? Ну, чаго тут таіцца, прызнавайся…

Так выявіўся раскол.

— А ты скажы, чаму табе здаецца, што гэтак будзе лепш?

— Каб колектывізаваць усё навакольле.

— А калі гэта будзе канец усей колектывізацыі?

— Як?

— А так што без хутаранцаў ты, ці можа хто тваімі рукамі хоча разваліць усю работу, а тады ўсё будзе проста. Можа каму толькі гэтага і трэба.

Пасьля падышоў Андрэй з некаторымі мужчынамі, найшло хлопцаў і дзяўчат, жанок. У маленькім пакойчыку не маглі стоўпіцца, адчынілі дзьверы ў дзіцячую сталавальню і выйшлі ўсе туды. Неўзабаве, можна сказаць, сышліся ўсе.

— Вось і сход! — гукнуў хтосьці.

І яшчэ Андрэй заглушыў усіх:

— А ну, скажы там, як гэта рабіць трэба нам далей? На колькі гуртоў разьбіцца? А калі будзем дзяліцца, дык мо’ ўжо цяпер нарыхтаваць калоў, каб адзін аднаму голавы растоўкаць.

Пачаліся гаворкі, спрэчкі — папаў Андрэй якраз туды, куды трэба было. Умеў часамі ўцэліць словам!

— Каму няўгодна, няхай хоць сёньня выбіраецца!

— Бо тады гаварылі-бо, што адразу рай будзе на зямлі, што й трактары і шмахтары будуць, а гэта — тымі самымі плугамі і коньмі ару.

— А што-ж ты думаў, табе нехта гасьцінец адразу паткне — на, галубок, цешся! Патроху ўсё прыдбаецца! Глядзі, у якой ты хаце раней і як жыў, а як цяпер!

— Мала што калі што там будзе! Далёка чакаць!.. К чортавай матары!

— Дык дайсьці-ж да чаго трэба!

— Мужчыны! — гукнуў Андрэй.

Сьціхлі ўсе.

— Тут справа вельмі простая здаецца некаторым — разьдзяліўся, разьбіўся і ўсё. Раней рабілі, а пасьля раскідаць. Я думаю, што тут гэта работа аднаго ці двух чалавек. І якраз ня нас, а недзе трохі дальшых!..

Сход доўга не цягнуўся, але ён павярнуў справу ў другі бок. Некалькі чалавек пакаялася ў сваёй гаворцы з малодшым Вінцэнтавым сынам: кожнаму колгасаўцу пабудаваць асобную хату і давесьці справу да разьбіўкі зямлі на дзялянкі.

V

Сонечны дзень. Лясы ў зялёных уборах маўчаць летняй палявой шырыні. Поле — як жытняе мора, аж да самага дальняга лесу, далёка за ўзгорак адзін бязьмежны палетак. Людзі чакаюць добрага ўраджаю.

Ужо зусім, можна сказаць, забудаваўся колгас. Усе ўжо за гэты год выбраліся пакрысе з сваіх даўнейшых хат. Але некаторыя хаты стаяць яшчэ — патроху іх разьбіраюць. Яшчэ ўзвышаюцца з жыта печышчы, пазарасталі яны крапівою і лопухам. Збоку дзе-нідзе пазацьвітаў нават калючы чартапалох. Зельле і трава буйна павыбіваліся з-пад парассыпанае бітае цэглы і гліны. Адтуль, з-пад лесу, дзе ліпіць некалькі хат-хутарцоў, прыходзяць часамі жанчыны рваць гэтае зельле і траву сваім каровам і сьвіньням: колгасаўцам шкада часу на гэтую карпаніну сярод патрушчанай цэглы. У іх наўмысьля дзеля летавых патрэб рунее загон зеляніны, тут-жа побач. Хутаранскія жанчыны, тыя самыя ранейшыя вяскоўкі, корпаюцца на печышчы паволі, маўчаць, а часам гавораць. Яны гавораць пра даўнейшае, пра цяперашняе, як хто жыве, як хто жыў. Успамінаюць дзядоў, бацькоў… Кожнае печышча нагадвае багатую гісторыю — там жылі, нараджаліся і ўміралі, сяк-так спрадвеку пражывалі век свой людзі. Некаторыя печышчы яшчэ ведалі часы войтаў, прыгонных нявольніцкіх сьлёз. Жанчыны як загаворацца, дык, разгінаючы сьпіны, стаяць, успамінаюць.

А дзень зіхаціць сонцам. Поле — жыта і ярына — зьвініць гарачаю цішынёю. Чуваць, як у ёй жыве шматлікае, але дзікае жыцьцё: нязьлічонасьць істотаў наліваецца сокам, зьбіраецца сіла ў сьцяблох і каласох, убіраецца ў сілу зерне.

Цішыня гучыць.

Недзе песьню чуваць, ля лесу, за колгасаўскімі будынкамі. Там стукае коварат цэментовай студні, штосьці яшчэ стукае ці то звоніць.

Галасы ўжо бліжэй.

— Дзяўчаты сьпяваюць, — гаворыць жанчына.

Яна ставіць на зямлю свой кош з травою і выпростваецца. Разам з ёю яшчэ й больш жанчын. Твар у гэтай жанчыны ня зусім страціў яшчэ свайго ранейшага дзявочага хараства, але вочы сьвецяцца ўтомаю, твар — непазбыўным клопатам. Доўга стаяць так жанчыны. Песьня сьціхла, а яны ўсё яшчэ маўчаць і стаяць.

Вузкая дарожка, як аднаму праехаць, ляжыць паміж жытаў. Вось па ёй едуць людзі. Трасуцца дзьве фурманкі. Два мужчыны ў зрэб’і патузваюць лейцы. Спрадвечнае ўпартае і бясьсільнае чуецца:

— Но, но!

Канюкі прабуюць бегчы патроху, ратуючыся ад заедзі.

Людзі праяжджаюць. Зноў пуста і ціха на дарозе. Жанчыны нясуць траву дадому. Адна за адною йдуць сьцежыстым пераходам паўз дарожную каляіну. З узгорку ім відаць добра, як увесь узьлесак укрыты новымі будынкамі. Тыя самыя ўсё старыя дубы стаяць сьцяною паўз сьцену самых прылесных дамоў. Здалёк там мільгаецца штосьці.

— Колькі дзяцей назьбіралася, — гаворыць жанчына. — Вунь там, усіх яны зьбіраюць разам.

Жанчыны выходзяць за жыта. Там шэсьць спрунжыновак скародзяць ральлю. Колгасаўскія коні памахваюць ад гарачыні галовамі, трасуць грывамі.

— Памажы, божа! — гукае жанчына здалёк.

— Няхай паможа, калі хоча! — адказвае чыйсьці там з іх голас.

Недалёка мяжа. Роўная, як струна, перарэзала поле, ад лесу і да лесу. Жанчыны мінаюць яе. Там скародзяць папар іхнія мужчыны. Бароны, з дзернавымі накладычамі, падскакваюць на ральлі.

Некалькі хат туляцца да хваёвае сьцяны лесу. Хвоі і ў ціхую бязьветраніцу роўна і спакойна шумяць.

VI

Андрэй сядзеў на жняяркавым сядле — даў коням перадыхнуць крыху. Сьпёка пачынала крыху спадаць. З полудню ён аджаў ужо доўгія гоні. Паўз лес пшаніца зьлягла, і той загон аджыналі жанкі сярпамі. Зьвінелі над пшаніцаю мошкі, трашчалі на іржышчы кавалі.

Андрэй заўважыў, як бегла напрамік цераз іржышча жанчына. Бегла як магла. Валасы растрапаліся. Яна штосьці гукнула жанкам, там не прыпынілася і рушыла далей да Андрэя. Андрэй раптам пачуў у сабе трывогу, саскочыў з жняяркі, яшчэ выправіў з хамутоў конскія грывы, адмахнуўся ад авадня і пайшоў жанчыне насустрэч. Тая засаплася, ледзьве гаварыла:

— Малады конь той, завадзкі, пухнуць пачаў.

— Калі?

— От раптам неяк.

— Хто пры ім?

— Стары Стафан. Больш нікога з мужчын няма дома. І жанок, можна сказаць, нікога няма. Я была з дзецьмі, пакінула іх на Алёну. Яна сёньня на кухні. Мне бегчы назад трэба.

Пасьля дадала яшчэ:

— Няма каго па Ўладзіка паслаць.

Андрэй выпраг коні, стрыножыў іх на іржышчы, прыпаручыў жанкам і пабег.

Конь тыдні два таму быў куплены на завод у суседнім колгасе. Ён стаяў у стайні ля жолабу, зьвесіўшы мысу долу. Пухліна пайшла ад капытоў скрозь па нагах. Каля яго клапаціўся стары Стафан.

— Апойкі, — сказаў ён.

— Хто яго паіў?

Стары стаў успамінаць.

— А хто на ім куды і калі езьдзіў?

— Гэтымі днямі як Вінцэнтавага пасылалі па жалеза, дык ён быў канешне намогся на ім ехаць.

— І езьдзіў?

— Езьдзіў.

— Утаміў?

— Утаміў.

— І сам адразу паіў?

— От гэтага ня ведаю.

— А хто ведае?

— Я не паіў тады яго цэлую ноч, баяўся, гэтакі быў ён змардованы. Можа хіба ён яго дзе ў рэчцы за агародамі папаіў, як пад’яжджаў дадому.

Андрэй хапіўся за галаву.

— Бяжы на пшанічышча, бяры аднаго каня, запрагай і гані па доктара ў мястэчка.

Стафан рушыў бегчы. Жняярка ў той дзень гуліла да самага вечара.

Каня так моцна ўзяло, што праз колькі дзён ён кончыўся. Наладзілі сьледзтва. Усім вядома было, што гэта Вінцанцюк пастараўся, але выразнага доказу ня было. Усё было зроблена гладка — і канцы ў ваду.

Праз колькі часу, аднойчы вечарам, Ўладзя йшоў з хлапцамі гуляць. Было ўжо ня лішне рана. Быў ясны змрок маладога месяца. Крыху цягнула ветрам з вячорнага поля. Хлопцы мінулі ўжо кузьню — яна стаяла на агародах, наводшыбе крыху ад усяе забудовы — і заўважылі, як хтосьці адарваўся ад цёмнае сьцяны дубовага лесу і, азірнуўшыся, перабег упоперак дарогу да крайняга дому. Хлопцаў цюкнула. Чалавек, відаць, заўважыў цяпер іх, бо раптам падаўся назад і, як-бы так гэта чаго ходзіць тут, спакойна пайшоў скрозь дарогаю. Хлопцы рушылі за ім. Бушмар! Яго пачалі насьцігаць.

— Чаго, пане Бушмар, шукаеш тут?

— Цяля зьбегла, можа, думаў, прыбілася сюды.

— А можа яшчэ што зьбегла?

— Не, больш нічога.

Хлопцы больш не цьвялілі яго, але правялі яго аж да самае яго павароткі ў лес.

Каля таго, можна сказаць, часу, прыходзіў у колгас малодшы сын Вінцэнтага прасіцца, каб прынялі яго з усімі яго суседзьмі. Пачынаўся нейкі трывожны час тут. Малодшага Вінцанцюка выслухалі з асьцярогаю і выразна яму адразу нічога не сказалі. Некаторыя гатовы былі прыняць іх. На гэта падгаворваў усіх і Вінцанцюк старэйшы. Але больш галасоў было (Уладзя і Андрэй таксама), каб ня прымаць. У гэтым бачылі нейкую авантуру. Далі выразны адказ тады, як старэйшы Вінцанцюк раз дагаварыўся, што трэба ўзяць у колектыў Бушмара.

— А калі ён не захоча? — запыталі.

— Захоча. Усіх трэба колектывізаваць.

Тады сказалі Вінцанцюку малодшаму:

— Пачакаць крыху. Тады будзе відаць.

Яшчэ ўсе добра памяталі той нядаўні чуць ня бунт, што патрэбна падзяліцца ўсім і нават да дзялянак давесьці поле.

Спакойнае работы ўсё-ж ня было гэтымі часамі. Скрытая нейкая была трывога.

VII

У самым большым, крайнім ад лесу, доме было нешта з дзесяць кватэр. Было некалькі агульных пакояў, дзе, у вольны час, заўсёды шмат зьбіралася людзей. Гэты дом пабудаваны быў сама пазьней і яшчэ ня ўсё было ў ім скончана. Там гэта жыў Ўладзя, там, за дзцячаю сталавальняю, у вялікім пакоі абсталёўвалася чытальня. Туды ўпрасіўся перабрацца Вінцанцюк. Ён яшчэ ня зусім перайшоў з суседняга дому, таксама прылеснага. Рабіў ён гэта чамусьці вельмі павольна (кватэру тую звальняць льга было і не сьпяшаючы). Дык от ён так і рабіў, як-бы раздумваючы. Шмат хто дзівіўся гэтакай павольнасьці, некаторыя бачылі ў гэтым нейкія намеры — пасьля таго, як прапаў конь, думка, можна сказаць, усіх ня была вельмі даверліваю да яго. Да гэтага дому была прыбудавана другая прыбудоўка, дзе ляжала шмат колгасаўскага дабра.

Уладзя здагадаўся першым:

— Высяліць Вінцанцюка назад, штосьці ці ня трымае ён у галаве.

Вінцанцюк дачуўся і заспрачаўся:

— Калі гэтакая недаверлівасьць, дык аддзялеце мне дзялянку, я выбяруся.

Зайшла спрэчка. Хтосьці папракнуў яго:

— От пакуль ты ня езьдзіў на кані, дык конь быў жыў.

— Калі будуць усе гаспадарамі над кожным канём, дык яны ўсе, коні гэтыя, падохнуць.

Ён паклыбаў дадому, плюнуўшы, размахмаючы картовымі галіфэ.

Спусьціўся вечар. Шмат людзей сабралася ў двух пакоях — чытальні і дзіцячай сталавальні. Уладзя сабраў навокал сябе гурт. Там гаварылі пра агульную хлебапякарню для ўсіх шасьці колгасаў, што былі тут пасуседзку, пра ўсялякія іншыя пляны, да якіх дабіралася ўжо колгасаўская ўпартая думка.

Раптам страшны крык уздрыгануў усіх.

— Пажар!

Як льецца часам з вузкае бутэлькі вада — падае і сьціскаецца ў горле, гэтак паціснуліся ўсе праз дзьверы. Пачалі выскокваць праз вокны. Гарэла глухая сьцяна гэтага-ж дому. Перад усімі выскачыў з акна Вінцанцюк з крыкам:

— Адзежа ўся гарыць мая на новай кватэры!

Неўзабаве гарэла ўжо ўся прыбудоўка. Агонь па смольнай сьцяне бег шпарка. Зараз-жа загула і ўся франтовая сьцяна. Утушыць было нельга, як ні стараліся. Ня ўспелі нават павыносіць усяго з дому.

Андрэй абліваўся потам, выпіхаючы з агню пас ад малатарні. І ледзьве твар яго выглянуў з дыму, убачыў ён, страшна жахнуўшыся, як бегла аднекуль Галена. Асьвечаны агнём твар яе быў страшны. Яна штосьці крычала, але рухавы гул натоўпу і агню глушыў яе. Андрэй кінуўся да яе і ледзьве расчуў:

— Бушмар ходзіць за гумнамі. З аўса выпаўз… сама бачыла…

Хто чуў — рвануліся бегчы. Андрэй адскочыў на крокаў дзесяць наперад ўсіх і ўскінуў угару руку. Ціхом, ня крычаў і не загадваў словам, натоўп спыніўся, як ад грознага загаду. Андрэй стаяў адзін момант перад усімі, акінуў натоўп зіркам. Мала калі бачылі яго такім, як цяпер. Ён толькі жорсткім шэптам выгаварыў, страшна зьмяніўшыся і гаручы ўвесь жудаснаю трывогаю:

— Два за мною, і нікога больш!

Дом ужо гарэў увесь. Страха ўпала. Трашчалі сьцены. Натоўп выдзеліў у сябе двух чалавек — само гэта зрабілася, з маўклівае несьвядомае згоды. Паўз нязжатыя аўсы памчаліся яны пад гумны.

Хоць-бы жывая душа была дзе тут! Шум пажару грозна дакочваўся сюды, але сьвятло не дайходзіла з-за сьцен і дрэваў. Змрочна было на агародах. Тры гумны стаялі ў самых аўсох. Адно было поўна пшаніцаю й жытам, два яшчэ пуставалі да ярыны…

… Але натоўп ня вытрымаў больш каля агню: ужо чуўся стук і шорганьне ног, гул. Андрэй кінуўся, як наўцёкі ўсё роўна. Андрэй махнуў рукою налева ад гумен, і мужчыны кінуліся туды. Сам ён забег з правага боку і ўпаў у авёс, пачаў паўзьці.

Рабілася ўсё гэта ну мо’ хвіліны тры, найбольш. Нікога за гумнамі ня было відаць. Натоўп гуў дзесьці і трымаўся пакуль на той бок гумен. Прайшло яшчэ колькі найкаротшых момантаў. Раптам ад гуменнай сьцяны аддзялілася высокая постаць. Страха ў сярэднім поўным гумне з гонты была, і чалавек штосьці раздумваў. Раптам ён нагнуўся, лёг на зямлю. Туды з-пад варот цяглася непадгрэбеная салома.

Але натоўп з таго боку быў ужо тут. Страшны гул трос цішыню. Дык чалавек штосьці там сьпяшаўся рабіць. Раптам ён пачуў мусіць, што нічога ня ўспее. Паўзком шмыгануў ён упоперак цераз дарогу ў ярыну. Але там трох чалавек устала перад ім, з левага боку гумен і тут, каля яго адзін. Бушмар падаўся задам да гуменнай сьцяны, выцягнуўшы шыю, выпрастаўшыся на ўвесь рост свой, адыходзіўся ўсё задам. А адтуль ужо хлынула бурная паводка людзей.

VIII

У той дзень Бушмара бачылі на полі. Ён вазіў з наймічкаю і з пастушком сваім снапы. Апошні воз браў ён позна, калі ўжо на колгасаўскім полі даўно нікога ня было. Узяўся ён за сваю вячорную брыдкую работу позьнім ужо вечарам.

Ён цяпер азіраўся па бакох, як злоўлены воўк.

— Гэта ён! — заенчыў натоўп.

— Гэта ён!

— Гэта ён!

Людзкое мора рынулася на яго.

— Жывога на кавалкі разарваць!

— Духі з яго дастаць!

— Бі яго!

— Бі!

— Цягні, цягні!

Бушмар прытуліўся да гуменнай сьцяны і калаціўся ўвесь ад нялюдзкае ўзбуджанасьці і роспачы. Вось ён раптам ва ўвесь дух рвануўся, думаючы, мусіць, прабіцца праз жывую сьцяну. Тут-жа яго хтосьці пхнуў, аж ён ляснуўся плячыма вобземлю. Тут на яго і лінулася людзкая бура.

Але каля яго арудаваў ужо Ўладзя. Ён кінуўся ў самую гушчыню натоўпу і размахнуў рукамі. Хтосьці закрычаў, хтосьці сам расьпіхаць пачаў натоўп. Усё над Бушмарам кіпела, як у катле. Бушмар ратаваўся і рукамі, і зубамі. Толькі на нагах сядзеў ужо хтосьці і падбіраўся да яго рук.

— Жывога ня пусьціць!

— Бі!

— Бі!

Яго ўжо зьбівалі.

Але вось на адзін момант Уладзю ўдалося спыніць разьюшанасьць натоўпу. І голас яго, разам з Андрэевым, пранізалі навальнічны гул тады, калі натоўп зноў гатоў быў рынуцца і зьмяшаць Бушмара з зямлёю.

— Назад!

— Пальцам не зачапі яго!

Тады забушавалі нездаволеныя галасы. Навальніца расходжвалася. Але вось зноў:

— Прэч!

— Адыходзь!

Бушмара паднялі і паставілі на ногі. Ён стаяў, увесь дашчэнту дрыжаў.

Тады ўжо і ў натоўпе загаварылі:

— Нашто яго біць, што гэта паможа?

— Дайсьці ад яго праўды трэба.

— У суд яго.

Пачаўся допыт, навальны, натоўпны:

— Гэта ты ўсё? Прызнавайся.

— Дом ты падпаліў?

— Не, ня я.

— А чаго ты тут хадзіў?

Ён замаўчаў. Тады людзкая сьцяна зноў рушыла на яго.

— Я толькі хацеў гумно падпаліць.

— А дом хто падпаліў?

— Вінцанцюк.

— Каторы?

— Ваш.

— Колгасавец?

— Але.

Яго тады падхапілі пад рукі і павялі на пажарышча. Ужо адно галавешкі тлелі. Знайшлі Вінцанцюка. Той бедаваў і стагнаў, што ўся адзежа яго пагарэла. Іх паставілі з Бушмарам разам і акружылі. Вінцанцюк апраўдваўся:

— Адкуль, таварышы, такі паклёп на мяне? Я богу душою хіба толькі вінен. Што! Няўжо я сваю кватэру буду падпальваць. Уся-ж адзежа мая там прапала.

Тады нехта здагадаўся:

— Вось тут і музыка ўся, што ты на гэтым выехаць хацеў: хто-бо на цябе падумае, калі ты сам туды перабраўся!

Раптам з натоўпу праплішчылася наперад, у круг, Аміля, заплаканая, устрывожаная.

— Бушмар! — крыкнула яна слабым, змучаным голасам. — Гад, згубіцель! Што ты нарабіў!.. Зьвер!.. Як-жа дараваць табе!.. Хто-ж табе цяпер падаруе!.. За ўсё!

Яна цяпер як-бы расцвіла ўся ад трывожнае ўзбуджанасьці. Малая постацьцю, з маладым бляскам вачэй, яна выглядала як дзяўчынка.

Бушмар азіраўся.

— Зьвязаць яго.

— У суд!

Ён ужо не бараніўся. Ня было карысьці. Зірк яго ўпаў туды, дзе людзей радзей было. Там Галена трымала на руках дзіцянё. Другое, Аміліна, трымалася за яе, напалоханае, сплаканае. Вось туды падыйшла і Аміля. Ён адвярнуўся.

Андрэй заўважыў: нейкае падабенства у Вінцанцюка зьявілася цяпер да нябожчыка бацькі. Вінцанцюк выў сьлязьмі.


IX

Цэлую ноч быў неспакой у колгасе. Пажарышча курэла да самага раньня. Змучаныя гэтакаю трывогаю пасьля дзеннае працы, людзі пад дзень разыходзіліся адпачываць.

Ужо бялела тады неба на ўсходзе. Запахла з поля здароўем расы. Поле драмала, лясы маўчалі.

Праходзячы паўз пажарышча дадому, Андрэй спыніўся. Глядзеў, як пусьцела навокал ад людзей, і толькі вартавыя хадзілі ля пажарышча. Ён увайшоў у хату. Там Галена стаяла над дзецьмі — яны ўсе як пазьбіраліся разам у трывозе, гэтак і паснулі. Жонка яго стаяла ля стала і маўчала. І ўсе яны не гаварылі, чуючы і так, без слоў адно аднаго.

За вокнамі ціха было.

Там Ўладзя хадзіў яшчэ па двары. Узбуджанасьць гнала ад яго ўсялякую ўтому. Ён стаяў з вартаўнікамі, так хадзіў. Пасьля падаўся ён да Андрэевае кватэры — пераспаць да раніцы. Ля ганка, дзе дубы (лесавыя пасланцы ў поле) застылі ў перадранішняй дрымоце, цямнела ў водбліску неба чалавечая постаць.

— Аміля! — пазнаў ён.

Яна маўкліва глянула на яго.

— Што думаеш?

Яна адказала не адразу:

— Так… Нічога ня думаю… І пра ўсё думаю… думаецца…

Пасьля яшчэ:

— Як даўней усё…

— Што?

— Жылося…

Яна ня скончыла свае думкі, чамусьці ўсьміхнулася і глянула ціха і спакойна на яго. Вочы яе чуліся ў змроку і голас усё меў у сабе сьляды трывожнай зьнерваванасьці:

— А ты адзін ходзіш… чаго?..

Але ён нічога не адказваў. Ён узяў яе за руку, другую яна сама працягнула яму.

— Родная… ты…

Яны пайшлі да Андрэя, несучы ў сабе радасьць сваёй новай блізкасьці.

Назаўтра зноў позьняе лета зіхацела сонцам. Дзень быў капатлівым, гарачым. Надвечар меўся адбыцца сход. Сход зьбіраўся быць бурным і доўгім.


∗     ∗

Сьледзтва не цягнулася доўга. Бушмара і Вінцанцюкоў судзілі ўвосень. Бушмар адбываў кару.

За тыя гады яшчэ некалькі новых будынкаў вырасла паўз лес.

Бушмар больш у гэтую мясьціну не вярнуўся. Ён зьнік.


∗     ∗

Другая гісторыя перад намі. Гісторыя сыноў Амілі і Галены. Яны растуць, каб дзейнымі ўвайсьці ў новае жыцьцё.

Гэтае-ж апавяданьне скончана.

1929. Сакавік
Слуцак.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.