Людскія слёзы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Людскія слёзы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Слёзы людскія, слёзы людскія!
Вамі абмыты загоны зямлі,
Вы паласкалі мужычыя нівы,
Вы палівалі сухія палі!

Падалі градам на вузкія сцежкі,
З пылам мяшаліся, з дробным пяском,
Тайна ліліся, адкрыта ліліся,
Падалі долу гарачым дажджом.

Сонца сушыла, вятры абвявалі,
Бачылі зоры вас, бачыла цьма!..
Дзеці нягоды, о слёзы людскія!
Ліку няма вам і меры няма.

(1907)