Людзей слухай, а свой розум май
Людзей слухай, а свой розум май Казка Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-048 |
Быў адзін дурнаваты чалавек. Захацелася яму пайсці на кірмаш. Злавіў ён белага пеўня, засунуў за пазуху ды пайшоў. «Прадам, — думае, — пеўня, куплю махоркі».
Яшчэ не дайшоў да кірмашу, а тут ужо яго і купцы сустракаюць:
— Што прадаеш, дзядзька?
— Пеўня, — кажа чалавек.
Дастаў ён з-за пазухі белага пеўня. Купцы паглядзелі, галовамі паківалі:
— Які ж гэта певень? Гэта ж заяц!
«Жартуюць, — думае дзядзька, — ліха ім!» Забраў пеўня ды ідзе далей.
Прайшоў крыху — другія купцы падбягаюць:
— Што прадаеш?
— Пеўня.
Паглядзелі:
— Які ж гэта певень? Гэта ж заяц!
Прыгледзеўся лепш чалавек і сам да свайго пеўня: «А можа, і заяц? — думае. — Не вер вачам! Відаць, праўда, калі ўсе як у бубен бʼюць».
Прыйшоў ён на самы кірмаш. Людзей там так густа, што і яблыку няма дзе ўпасці. Каля аднае крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць.
Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух.
Ачухаўся ён трохі і сам пачаў крычаць:
— Купіце зайца! Купіце зайца!
Падыходзіць да яго баба, дзівіцца:
— Які ж гэта заяц? Гэта ж певень!
Ды чалавек стаіць на сваім:
— Заяц, кажу табе, а не певень!
Сабралася куча народу. Жартуюць з бабы:
— Дзядзька праўду кажа! Ці ж ты не бачыш, што гэта заяц!
Тут ужо чалавек зусім паверыў, што прынёс ён на кірмаш зайца, а не пеўня. І калі хто з купцоў гаварыў цяпер, што гэта певень, а не заяц, дык ён ледзь не з кулакамі на яго кідаўся.
Хадзіў, хадзіў чалавек па кірмашы з пеўнем, і ўсё яму здавалася, што гэта заяц.
Недакучыла пеўню цягацца з чалавекам, — пара б ужо і на седала збірацца! Залопаў ён крыламі ды як закрычыць на ўвесь кірмаш:
— Ку-ка-рэ-ку!
Пачуўшы гэта, чалавек зусім збіўся з панталыку: заяц, а пеўнем спявае!
Выкінуў ён пеўня з-за пазухі, плюнуў ды пайшоў дахаты.
Праўду кажуць старыя людзі: не той дурань, каго завуць дурнем, а той дурань, хто чужым розумам жыве.
Людзей слухай, а свой розум май.