Лучынка (часопіс)/6/Умарыўся…
← Кветка папараці | Умарыўся… Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1914 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Умарыўся (Бядуля). |
Умарыуся…
— „Умарыўся…
Гэта ён скарэй падумаў, чымся выгаварыў.
— Умарыўся… шэптаў ён, і, здаецца, кожная частка яго выпрацаванага цела паўтарала гэтае слова. Досі было глянуць на яго мутные, як бы затуманеные, вочы, на яго перагнутую, як бы папалам перабітую паясьніцу, на яго чуць жывые рухі; досі было паслухаць яго цяжкіе уздыханьні і кожын мог дагадацца, што чалавек умарыўся.
— Умарыўся…
Тут ужо яму самому здавалося, што ён крыкнуў на ўсё поле, але ён выгаварыў глуха, хрыпла, хворым, старчым голасам…
Закашляў і, глыбей урэзаўшыся сахой у зямлю, прыстановіў каня.
Сам адышоў на мяжу, сеў на крушні, зірнуў на вялікі абшар увокал і задумаўся.
Сядзеў доўга.
Годзе! — сказаў ён самому сабе — німа чаго Богу грашыць, магу сказаць: „годзе!“ выгадаваў дзяцей, дачок усіх добра замуж павыдаваў, сыны — гаспадары рупные і баяцца мяне ешчэ цяперака, як дзеці малые!
— Ой, трымаў я іх дагэтуль у сваіх апцугох! Ой, кіраваў я гаспадаркай! Німа чаго Богу грашыць ня бедна жылося дагэтуль…
Мужык аглянуўся ўвокал, абцёр пот рукавом і затуманіў люльку.
— Але ці я каменны? ці я жалезны? — ламаецца мая сілачка… Чую што слабею…
І папраўдзе ён выгледаў, як стары, дуплаваты, падгніўшы дуб, каторы, здаецца, вось-вось зваліцца з вялікім грукам. Але ўсё-ж такі тая быўшая вялікая сіла ешчэ дае сябе знаць…
— Прыдзіцца лейцы выпусьціць з рук, думаў далей мужык, німа чаго Богу грашыць: сыны мае, — Янук і Міхалка, гарапашные людзі, абойдуцца без мяне! Хай ужо мае старые косьці грэюцца на пяколку ў цяпле! Эт! ня грэх будзе ужо мне, старому, пад кажухом пазьней палежаць!
Халодны пот пакрыў яго твар і рукі павісьлі, як чужые…
Німа чаго Богу грашыць! — як толькі пачынаю памятаць сябе, ня глуміў я дарэмна хлеб на сьвеце — ўсё працаваў, ды працаваў… Меньшага брата няньчыў калі, маці часу ня мела; пасьля ў пастухі пашоў, пасьля парабкам служыў — ось так, увесь свой век…
— Цьфу! згінь ты, люты вораг мой, старасьць паганая! Змагаўся я с табой, але ў канцы прыходзіцца сказаць: „годзі!“
— Ніхай ужо Янук з Міхалкам самі гаспадарамі зробюцца…
Трэ‘ будзе бяз крыўды падзяліць паміж іх шнуры, а я астануся жыць у старшага — ў Янука, ён такі паслухняны, спакойны, статэтны, але… не! — буду лепей жыць у малодшага — у Міхалкі, бо у Янука жонка — ведзьма… Эт! неяк будзе! Німа чаго Богу грашыць!
Сумна глянуў стары на каня, каторы стаяў, апусьціўшы ў ніз галаву, і падняўся с свайго мейсца.
— Як вол да доўбні! — але нічога не паможэ — выжэй пят не падскочыш!
Закіраваў каня і пацягнуўся да хаты.
∗
∗ ∗ |
На заўтра ўжо ўся вёска ведала, што стары Габрусь „выпусьціў лейцы“ і выбіраецца с сынамі ў воласьць раздзяліць паміж іх зямлю сваю. Габрусь лічыўся у цэлай ваколіцы прымерным, здатным гаспадаром, каторага дзеці ня толькі баяцца і паважаюць, але і слухаюць, ня п‘юць і не марнуюць гаспадаркі.
Янук і Міхалка, пачуўшы ат бацькі старога, што ён болей сам працаваць ня будзе, скідаець с плечаў сваіх гэты ціжар і дзеліць паміж іх гаспадарку, зрабіліся яшчэ болей супакойнымі, яшчэ болей паслухнянымі.
— І даўно бы, татка, гэтак зрабіў! Або-о-о, ці мы самі не справімся! Досі табе будзе ўжо працаваць: мы будзем цябе слухаць далей, як і дагэтуль!
Нявесткі таксама гаварылі на гэты лад.
У воласьці Янук і Міхалка крыху касурыліся адзін на аднаго — вядома ж пры дзяліцьбе, але стары Габрусь патрапіў ўсё ўладзіць як найлепей і яны здаволеные прыехалі да хаты. Вымералі вяроўкамі зямлю, паубівалі калкі, раздзялілі будынкі і ўсё пайшло на добры лад.
С самага пачатку, пасьля гэтай штукі, стары Габрусь аддаўся адпачынку і галавой, і душой. Колькі дзён ані нічога не рабіў, толькі пакурываў люльку сваю.
— Адпачынаю! — думаў ён — першы раз за гэтулькі гадоў цяжкай працы!… Ой, як добра! — казаў ён, пачуўшы лёгкасьць у касьцёх.
— Адпачываю! — казаў ён суседзям усім — німа чаго Богу грашыць, за плячыма сыноў я магу цяпер атсапнуцца, спакайней Богу памаліцца і зірнуць на сьвет Божы.
Але стары Габрусь, ўсё жыцьцё сваё прывыкшы кратацца каля чаго колечы, ня мог доўга высядзець без работы і нуда напала на яго душу, як шэрая хмара.
— Не! — ня можна гэтак! — тлумачыў ён сам сабе — на атпачынак хопіць яшчэ часу! У-у-га-а — колькі хопіць! У магіле чалавек адпачывае нязлічаные годы… бяз конца сьпіць… а жывому чалавеку трэба нешта рабіць…
Вядома, не пайду я с сахой на выперадкі с сынамі, не стану пракосы ганяць з імі ў перагонку, але баранаваць, сена грабіць — не зашкодзіць памагчы!
І старый Габрусь зноў узяўся за работу. Ажно павесялеў. Павесялелі разам з ім і сын яго старшы — Янка з жонкай…
Як бы там с пачатку ня сыпаліся абецанкі—цацанкі, як той кажэ, што на старым бацьку і валасочка ніхто не зачэпіць, а ўсё-ж такі хутка пачало кародзіць, што чалавек сядзіць бяз работы і ўсё гатовае яму падаецца…
— Дармаед! — закралася таёмная думка ў сына.
— Дармаед! — казала нявестка ціхутка па вёсцы — стары нічога ня робіць, ды есьць за пяць маладых!…
— Німа чаго Богу грашыць, стары ўсё роўна, як малы! падумаў стары Габрусь, як узяўся за тые лёгкіе работы, каторые рабіў яшчэ хлопцам быўшы. Напрыклад: сена грабіць, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трасьці…
І Габрусь далей давай думаць, што чалавеччэ жыцьцё ўсё роўна, як тое вялікае кола малатарні: бок вобада, каторы быў на самым нізе, падымаецца ўсё ў верх, ды ў верх, але хутка зноў пачынае апушчацца ніжэй і даходзіць да таго самага ніжэйшаго мейсца…
∗
∗ ∗ |
Далей-болей і ўехаўся стары Габрусь у новым жыцьці сваём — на „атпачынку“ ў сыноў. Прывыклі і дзеці да яго. Яны пачулі, што зрабіліся гаспадарамі і хоць стары бацька яшчэ працаваў як умеў, але яны пачалі пазіраць на яго, як большая частка дзяцей на сваіх старых бацькоў, як на непатрэбнага дармаеда… Габрусь яшчэ прабаваў бокам-скокам змагацца з гэтым, але скора спазнаў што ня туды заехаў… Сыны яго перэсталі баяцца і паважаць, нявесткі ў вочы ўжо „дармаедам“ і „гультаём“ зывалі…
— Прапала! гэтак трэба! відаць іначэй быць ня можэ!…
І пачалася тая шэрая, неспагадная, адзінокая старасьць… Габрусь зноў пачуў, што змарыўся… Пачуў ціжар нейкай асобнай болі, каторай раней ня ведаў… Змарылася душа чалавека… сэрца старое… ня то, што косьці, рукі і ногі… Старога Габруся пачало душыць незаслужэная крыўда дзяцей і ён слабеў што дзень болей і болей… Пачаў сам с сабой гаварыць, бурчэць, здаецца злаваўся ён на ўвесь сьвет і сам на сабе…
Сыны пачалі яго атсылаць адзін да аднаго, як нейкую шкодную непатрэбную рэч…
Колькі разоў прыходзілася яму слухаць ат сваіх добрых нявестак: чаму стары гэткі жывучы? здаецца, ўжо пара было б яму на другі бок у дамавіне перэвярнуцца…
Але да чаго чалавек ня прывыкае?… Стары Габрусь толькі трос сваёй лысай галавой, седзючы на пяколку і маўчаў…
Толькі часам быццам будзіўся ён ат нейкага сну і, успамінаючы мінулае, — буйные сьлёзы капалі з яго мутных вочаў…
Выціраў іх сваімі цьвёрдымі, касьцявымі рукамі, с каторых мазалі і ня думалі зыйсьці, хоць ён мала працаваў цяпер, відаць да самых косьцяў уеліся мазолі старадаўные…
∗
∗ ∗ |
Гэтак прайшлі два гады.
Крыўда ад сваіх хатніх што раз часьцей і часьцей спатыкала старога Габруся…
— Не магу гэтак! Не магу! — гаварыў ён сам с сабой — німа чаго Богу грашыць, дажыўся…
Умарыўся!…
∗
∗ ∗ |
Усе ў хаці спалі і ніхто ня чуў, як дзед злез с печы, нацягнуў на ногі свае сьвяточные боты, сьвітку, як закінуў вялікую зрэбную торбу на плечы, ўзяў кій у рукі, пярэжагнаўся на абраз і вышоў с хаты…
∗ ∗
∗ |
Будзь шчасьліва, хатка мая родная! Кожнае бярвенцэ тваё хіліла мой крыж у ніз… Састарылася ты разам са мной… Цябе яшчэ падправюць, падбудуюць, але мае старые косьці зараз зусім разсыпюцца…
— Будзь шчасьліў кут мой мілы, дзе жыў я з малых дзён сваіх!
Бывайце здаровы, неспагадные дзеткі мае! Я пайду ад вас…
Ой, умарыўся тут! Німа чаго Богу грашыць, мо і сапраўды жыву подаўга, як тая старадрэвіна…
Калі гэтак — дык пайду жэбраваць!… Добрые людзі будуць карміць, адзеваць і пазволюць хоць на адну ночку галаву старую прытуліць… За тое будзе спакайней на душы, бо яны людзі чужые, а ня дзеці родные, за каторых я здароўе свае страціў…
Мутные сьлёзы капалі па твары, ён адвярнуўся у другі бок і пашоў гасьцінцам…
Цемра глынула яго і ён, як бы ўцекаючы ад ворага, сунуўся далей і далей….
— Умарыўся!… Жыцьцё перажыць гэта ня поле перайсьці с сахой…
Стары Габрусь ужо дабраўся да цёмнага бору і скора схаваўся паміж сасонак…
Зьмітрок Бядуля.