Лучынка (часопіс)/1/Вулкан
← З дарогі | Вулкан Публіцыстыка Аўтар: Альберт Паўловіч 1914 год |
Да сьветлых зор! → |
Вулкан.
На сьвеце шмат ёсць такіх высокіх гор, што часамі выкідаюць з сябе, з надтрэснутых бакоў, а яшчэ часцей з самага верху гарачую гразь разам з вялікімі аскабалкамі разарваных камнёў ад страшнай сілы узрыву. Вось гэтые горы носюць названьне вулканаў. Па хворме сваей яны зусім падобны да вялізнай кучкі пяску, высока згорнутай, з зрэзаным, ці як кажуць усечаным верхам, на каторым заўсёды ёсць вельмі глыбокая дзіра. Яна, быццам як студня, уваходзіць у нетру зямлі і называецца жерэлам чы інакш кратэрам. Вось з гэтага кратэра і выбухае агонь, а з ім і гарачые растопленые пары і камні.
Перад кожным выбухам агня, ці так называемым вырыганьнем вулкана — перад кожнай такой страшнай зьявай прыроды, — усягды перш-наперш чутны бывае падземны грук, быццам мы чуем далёкі гром на старане. За гэтым грукам і гулам земля пачынае прыкметна ускалыхівацца на шмат вёрст вокал вулкана, і што раз, то мацней уздрыгіваць. После таго як патрэскаецца нетра зямлі і горла кратэра дойдзе аж да той глыбіні, гдзе ужо земля, як даводзюць вучоные, зусім растоплена, ад жары, тады ужо пачынаецца рух. З вялікай сілай вырываецца перш вадзяны пар, страшным высокім слупам бье у гару, а там астыгваючы гусьцее, сабіраецца у тучы, з каторых ідзе праліўны дождж, змешаны з попелам, каторы нізадоўга, разам з парам, вялізнымі каменьнямі і гарачаю лаваю, вылетае з нетраў зямлі. Вецер усё гэта падхоплівае і разгонна імчыць куды папала, развеваючы і разсыпаючы больш як на 10—20 вёрст ад самой гары, ато і шмат больш. У Амэрыцэ дык з аднаго вулкана столькі вырвала попелу, што каб, прымерам, яе можна была згарнуць у адну кучу, то насыпалі бы гару ні меней як у 5 вёрст вышыні і 40 вёрст навокал. Страшна праліўны, у час руху вулкана, дождж мешаецца з попялам і робіцца цёмна-шэрым. Спадаючы на землю густою гразьзю, жыжка расплываецца на усе бакі вулкана і шпарка сцекае з касагораў у лагчыны, заліваючы усё, што ні трапе на дарозе: і сады, і дамы, лясы і нат цэлые вёскі. Бывалі такіе здарэньня, што лава лілася шырокай рэчкай праз 12 вёрст, маючы у шырку 4 вярсты і 50 саж. глыбіною. Ад гэтага выпадку загінулі некалісь слаўные гарады: Помпея, Геркулан і Стабія, а на востраве Ява счезла да званьня 114 вёсак. Праліўны дождж і сцёк лавы — усё гэта ліха цягнецца праз колькі дзён, а часам дык і тыднёў. Неба загортываецца бэзпрасьветнай цемрай і высокі слуп растопленай агнёвай лавы гарыць прыкрым крывавым сьветам.
На усей куле зямлі ёсць шмат вулканаў, часць іх вечна працуе, дыміцца і выбухае, а большая часць іх лічыцца патухшымі, ці загасшымі; але шмат ёсць і такіх, што праз многа вякоў, былі замёршые і толькі ні так яшчэ даўна адгукнуліся і выказалі жыцьцёвую сілу. Нязлічэна страшную бяду нясе гэтакі здрадны вулкан.
Вясной 1903 року увесь сьвет быў узрушэны вялікай катастрофай. 8 мая страшная вестка, як маланка, абляцела увесь сьвет. Загінуў на востраве Марцініку красаваўшыся багацьцем горад Сан Пьер. Загінулі у ім усе жыхары, спасься толькі адзін адным чалавек….. Ад часу пагібелі Пампеі ня ведае і ня помне гісторыя падобнай катастрофы.
На гэтым востраві вулкан Мон Пэлэ замёр і бэздзейна прабыў доўгі час, а ад 1850 року ажыў, дарма што жыхары даўна ужо пересталі лічыць свайго суседа нібэзпэчным.
Востраў Марцініка да катастрофы, можна сказаць, быў адзін з найпякнейшых і багатшых куткоў сьвета. Уласнымі рукамі жыхароў-французаў быў шчыра перапрацаваны увесь яго камяністы грунт, дзеля таго востраў падобен быў да пекнага скрось цвітучага саду. Гаспадарка там ішла як найлепей і што год вывазілася з вострова блізка што на дваццать міліёнаў разных тавараў і вырабаў. Найбольш багатым і найлюднейшым горадам быў нідаўна яшчэ загінуўшы Сан Пьер. Ен меў каля 30.000 жыхароў з гакам. После нешчасьця на мейсцы гэтага цвітучага роскашу горада пазасталося нямое зглішчэ: адны толькі дымеўшые і чадна смылеўшые сцены дамоў і тысячы абгарэлых трупаў людзей. Спечэные, зварэные і удушэные усюды яны валяліся, гнілі і разносілі заразу і сваім смуродам псавалі пекны морскі воздух.
У першых чыслах красавіка 1903 року вулкан даваў аб сабе знаць і часамі выяўляў страшные прыкметы свайго ніпакойства. Стаў чутны падземны гул, з’явіўся слуп густога дыму і попялу і земля пачала калыхацца. Скаціна найбольш чуткая да ускалыхаваньня зямлі, вельмі стала непакоіцца: сабакі вылі, каровы мычэлі, а коні, сарваўшыся з прывязі, як ашалеўшые з дзікім іржаньнем кідаліся науцекі у разные бакі, шукаючы ратунку; птушкі пересталі пеяць, падняліся стаямі і з галасным праразьлівым крыкам сталі пакідаць акраіны вулкана. Усё гаварыла само сабою, што нешчасьце блізка. Але людзі так былі перэкананы думкай, што вулкан Мон Пэлэ загас навекі, і нікому нат і у галаву не прыходзіла тая думка, што гораду уграджае якая небудзь нібэзпэчнасьць. Праз неколькі дзён падрад попел далетаў да Сан Пьера, а нарэшце 23 красавіка выбухнуў вялікі узрыў і вулкан пачаў выкідываць камні і попел. Але і гэтага страху было яшче мала — здаецца усе яшчэ былі спакойны, бо ніхто ня верыў, што нешчасьце ужо пачалося. Заводы не супынілі сваей работы і вось вечерам, 2 мая калі яны былі у самым хаду, вулкан лінуў шырокі паток ганебна гарачай жыжкі-гразі, каторая адразу, як згледзіць, заліла усе фабрычные камяніцы і знішчыла іх. Людзі, што у той час працавалі там, загінулі ў страшных мученьнях. Тады толькі жыхары вострова пачалі кідацца хто-куды, каб спасьціся. Ніхто ужо ні думаў шкадаваць свайго багацьця — ні было часу! Губэрнатар стараўся супакоіць людзей, арганізаваў нат камісію з вучоных, каторая павінна была разгадаць справу небэзпэчнасьці. Вось яны лёгка прышлі к уцешнай мыслі, што жэрэло вулкана вельмі шырокае і гарачая лава мае адзін сцёк у морэ, а другога ходу, ім здавалося, яна больш ня мела. Па дакладу губэрнатару, той прыказаў усюды расклеіць радасные абвесткі, што ўсё будзе спакойна.
Праўда, назаўтра дзень прайшоў ціха; людзі супакоіліся і ляглі спаць. Але больш ужо ні усталі: гэта ноч была для іх апошнею……
Ранніцою, а восьмай гадзіне, раздаўся такі аглушаючы узрыў, што нат часы на вежах астанавіліся. З вулкана вырваўся аграмнясты слуп гарачых пароў і удушлівых газаў, падняўся страшны віхр; захопліваючы за сабой крывава-цёмные тучы камнёў, попелу і брызгаў лавы, ён сунуўся са страшнай ніпагамаванай сілай на нешчасны горад.
Ясны дзень у хвілі зьмяніўся на жудасную, цёмную ноч. Промені сонца ні маглі прарэзаць страшную цемру. Ад нехваткі свежага воздуху, як згледзіць, счезла усё жывое; нічога ні уцалела і на мейсцы, дзе быў пекны, багаты горад Сан Пьер, асталося адно сьмяротнае зглішчэ.
Сьветкай гэтага сусьветнага нешчасця з усяго населеньня горада астаўся нейкім цудам адзін толькі челавек Рауль Сарту. Астаўся і цэлы і неўшкоджэны. Кажуць: німа таго злога, што ня вышла бы на добрае. Часам і праўда! Гэты Рауль Сарту шмат раз адбываў у турме пакуты за свае праступные дзеі і у часе гэтай катастрофы знаходзіўся у турме, ды яму яшчэ была там на мейсцы звялічэна кара і яго замкнулі у падземны куток (каземат). І дзякуючы толькі свайму нешчасцю, ён спасься ад немінучэй сьмерці. Ягоны склеп гарачая лава нейкім дзівам абмінула; на версе-ж усё загінула…
Ал—рт П—ч.