Поўнач. Дванаццаць прабіла.
Бум-бум-бум-бум-бум!
Я ня сплю. Мне няміла,
Што гадзіньнік трывожыць
Адпачынак замучаных дум.
Устаю ўвесь у белі.
Бляхай чэркае ложак.
За іржавую крату бяруся,
І паціху ў душы паўтараю:
Беларусь, Беларусь, Беларусь!
Колькі-ж сьлёз і крыві на загонах
Нашы ворагі тут разьлілі.
Па імшарах крукі і вароны
Колькі нашых касьцей разьнясьлі!
Краю родны! Крывёй спаласканы,
Дзе твае абаронцы-сыны?
Што залечыць так сьвежыя раны?
Дзе яны ў цяжкі міг? Дзе яны? Чу! З аддаленьня даносяцца гукі.
Скрыпка плача, рахоча рояль.
Колькі жальбы нясецца, колькі мукі
Невядомая чорная даль.
Чорнай засланкай ноч засланіла
Ад вачэй маіх прозу жыцьця.
Ды чаму-ж мне душы не закрыла?
Ня пусьціла у сьвет забыцьця.
Як лісты у віхуры на скоках
У васеньнюю слоць шапацяць,
Так мэлёдыя ночы глыбока
Пачала маю кроў хваляваць.
Шчымяць грудзі…
І штось мяне вабіць
Цераз краты у даль шыбануць
І з вышы гураганам шалёным
Усю бляху з вязьніцы сьцягнуць…
Растрасьці, здрузгатаць на руіны
І крышыць, і ламаць, і таптаць.
На падвалінах новых краіне
Волі дом я хацеў-б збудаваць.
Ўвачавідкі растуць ў мяне крыльля
Пад уплывам распаленых дум,
Аж раптоўна пачуў, як дазорца
Ў калідоры падняў гоман-шум. „Зьлезь з вакна! Да карцару,
Заўтра пойдзеш на рамку сядзець“, —
Так сказаў і камкаў ён паперу,
У якую мяне запісаў.
*
Душна. Сумна ў магільным тунэлі.
Галасоў ня чутно нічыіх.
Мільганула электрыка ў „цэлі“
І маланкай патухла у міг.
На дварэ ліхтары зіхацелі,
І на краты клаўся іх блеск.
Ў гэты-ж міг мае думкі ляцелі,
Дзе Вяльлі разьлягаецца плеск.
Успамінаў клубок пакаціўся.
Я пачуў у вушшу нейкі шум.
У грудзёх новы госьць пасяліўся,
Ні то жаль, ні то боль, ні то сум,
Аксамітам ноч краты заткала,
Абдарыла вясёлкавым сном.
Красу, роскаш каханьня пяяла,
Абнімаючым ціхім крылом.
|