Перайсці да зместу

Лукішкі (1929)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Крытыка
Аўтар: Лукаш Бэндэ
1929 год
Мае вершы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

„Беларусь, Беларусь, Беларусь!
Колькі сьлёз і крыві на загонах
Нашы ворагі тут разьлілі“.Ал. Салагуб.

У той час, калі ў аднэй часьціне Беларусі гаротнікі ніў і фабрык, пры дапамозе сваіх пабрацімаў, ушчэнт здрузгаталі спрадвечныя ланцугі няволі, што зьвінелі над краем, у тойчас, калі магутны, бурлівы Кастрычнікаўскі вал змывае балота мінулых вякоў, калі супольнымі патугамі магутны пролетарыят рэальна будуе соцыялізм, з кожным днём атрымліваючы новыя і новыя перамогі…

У гэты-ж самы час на другой палавіне „ніў і палёў“ Беларусі — сьвішча панскі бізун, „на грудзёх ляжыць ланцуг, рукі, ногі моцна скуты“. Усё жывое, усё сьветлае, радаснае паліваецца сьлязьмі і крывёй.

У сырых скляпеньнях польскіх вастрогаў мардуюцца тысячы лепшых сыноў нашых ніў і фабрык, лепшых барацьбітоў з панскім прыгонам, з хлусьлівай буржуазнай дэмократыяй, з яе „культурай“ і „цывілізацыяй“. Яны — не злачынцы, не разбойнікі, — яны тыя, што „чуць ня хочуць путаў звону“, якія хочуць, каб над усім сьветам разьвяваўся „сьцяг МарксаЛеніна“.

Фашыстаўская ўлада кідае іх на мукі, на голад, на хваробу, на паступовую сьмерць у адзіночных „магільных тунэлях“ толькі дзеля таго, што яны „новых дзён дзеці“, што яны шчырыя выканаўцы загадаў магутнае гісторыі.

Але ні бізуны, ні ланцугі, ні сырыя муры казэматаў, ні трэск паламаных „жэбраў“ ня маюць моцы ўстрымаць „поступ новых дней“, ня ў сілах зламаць волю тых, што „сярод магільных пліт-каменьняў“ чуюць „поступ новых дней“. Бо ў іх закутых ланцугамі „грудзёх — вясна, цьвіце ў жылах Май“.

Не палохаюць іх „дні буднічнае прозы“, бо „ў грудзёх поэзія бурліць“.

Аўтар зборніка вершаў, прапанованы ўвазе чытача, Алесь Салагуб, адзін з дзесяткаў тысяч тых, якія яшчэ да сёньня у Польшчы слухаюць „звон ланцугоў“ у чатырох вузкіх сьценах вастрожных камэр польскіх „дэмакратычных“ Лукішак, Вронак, Павіяку, Равіча.

Большасьць ягоных вершаў напісана за час прабываньня ў польскім вастрозе Лукішкі. Вершы ня блішчаць хараством формы, мала таксама і орыгінальнасьці у іхнай форме, месцамі яны крыху і каравыя, часам прозаічныя. Але справа ня ў гэтым, ня ў прыгожай форме, не ў надворным бляску. Ды ці можа быць бліскучая форма там, дзе крывавае жыцьцё? Калі-б крывавае жыцьцё поэты ўклаў ў плястычныя, мяккія, бліскучыя формы, то мы-б напэўна сказалі, што вершы нікуды ня прыдатны. Але вершы Алеся Салагуба ня гэткія, яны поўны палкага юнацкага пачуцьця, яны гучны крык маладога сэрца, закаванага кратамі, па палёх,па пакосах, буйных рэчках, па магутнай барацьбе з нядоляй народнай.

Вершы Салагуба каштоўныя асабліва тым, што знаёмяць нас з тымі тайнікамі чалавечае псыхікі, чалавечых перажываньняў, „калі хочацца жыць і змагацца“, і, калі гэтае хаценьне параліжуецца „зьвяканьнем путаў“, кратамі і іншымі атрыбутамі „дэмократычнае“, цывілізацыі.

„Сыны надзей“, „сыны волі“, „арлы маладыя“, што каратаюць „у магільных тунэлях“, вастрогах вясну юнацтва, не безнадзеяцца, ня сумуюць, ня губляюцца, не закопваюцца самі ў сябе, а „душою — сэрцам і моцны, і цьвярозы“, ім „аднастайнасьцяй ня страх жыцьця“, бо пераконаны, што паны „ня здушаць ў Лукішках сырых Комуны Усясьветнай ідэю“.

Бо ідзе ўжо „народная вясна“, вясна перамог, вясна радасьці. Ужо пасьпелі тыя сілы, якія выкліканы гісторыяй здрузгатаць вастрожную Польшчу, гэтага „падхаліма і найміта даляра“, разам з ёю сьмяротна схіснуць клясу эксплёататараў.

… „У грудзёх гарняка ўжо курыць дынаміт,
Захаваны у складках цярпеньня“.

І не за гарамі той час, калі цярплівасьці прыдзе канец і калі палкі дынаміт з разбураючай сілай выбухне ў сэрцах працоўных сьвету — і гэты выбух прынясе сьмерць усім эксплёататарам і іхным катам.

Вершы Салагуба — гэта ня песьні вастрожнай жальбы і сумоты, роспачы, самотнасьці, гэта — песьні „цяплыні надзей“, песьні веры, што „час помсты надыйдзе, ён недалёка, ня страць ты надзеі і веры“.

Мы шчыра раім гэтыя песьні барацьбы ўсёй нашай моладзі, усім тым, каму родна і дорага справа працоўных, усім тым, чые сэрцы б‘юцца ў тахт з сэрцамі мучанікаў капіталу.

Л. Бэндэ.

Менск,
5-II 1929 г.