Перайсці да зместу

Лукішкі (1929)/Ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
О, сумна вясной… Ноч
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
У карцары

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ

Рыкала ноч оркестрам духавым.
У тахт гручэлі ў вулках аўтобусы.
А з-за дзьвярэй ў ваўчку маім
Тырчэлі рыжыя дазорцы вусы.
Яго пагляд сачыў, каб я не любаваўся
Рахтаньнем музыкі ў вячорнай цішыне,
Каб лобам я да крат не датыркаўся,
Каб чуў сябе пахованым ў труне.
А з-за вакна ноч клікала, зьвінела.
Я да сьцяны грудзьмі прынік і слух
Напружыў свой. У грудзёх больш ня шчымела.
Я вольным быў і вольным быў мой дух.
Я назіраў за ходам зор ў прасторы,
Яны мігцелі ў вечнай сіняве.
Ня знаны ім былі ні жальбы, ні дакоры,
Спакой зары ўліўся ў грудзі мне.
Выкала ноч оркестрам духавым.
У вачох ні сьлёз, ні жальбы, ні стагнаньня.
Чуцьцём лавіў, нязгаданым нікім,
Салодкасьць барацьбы і радасьць існаваньня.

Лукішкі.
9-VIII—27 г.