У віхуры, ў дзікіх скоках
Льлюцца, плачуць галасы.
У вастрог да цёмных вокан
Лезуць, ціснуцца басы.
Вух-ха-ха!
Вух-ха-ха!
Сэрца млее, сэрца ные.
Дамоў хочацца ляцець.
Хоць платы ля хат старыя
Я хацеў-бы паглядзець.
Гукі плачуць, гукі льлюцца,
Ў вадгалосах чуцен стогн.
То заплачуць, то сьмяюцца.
Ў гуках чуецца разгон.
Разам з музыкай гармоня
Думкі сьветлыя сную. І бягу на родны гоні,
Ў вёску бедную сваю.
Пад страху з сівой саломы,
Я бягу да родных хат,
Да бацькоў ў куток знаёмы,
Дзе кроў смокча польскі кат.
Эх, здаецца-б з гукам ў поле
Паляцеў-бы я дамоў
Памагаць там на прасторы
Братом вырвацца з акоў.
Але жаль! Я сам у путах,
На грудзёх ляжыць ланцуг.
Рукі, ногі моцна скуты,
Толькі вольны сэрца й дух.
Чую шопат сьпелай нівы,
Каласы бягуць гудуць,
Як-бы хваляў пералівы,
Думкі ў даль плывуць, плывуць.
Ўсюды поўна зьзяньня сонца.
Ў сонцы плавае зямля.
Толькі ў нашым у ваконцы
Сонца, радасьці няма. Пад гармоня пералівы
Бягу думкаю з-за крат
На прастор, у жыта, нівы,
У садок, да родных хат.
|