Перайсці да зместу

Леў і мыш (Крылоў/Таўлай)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Леў і мыш
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1833
Арыгінальная назва: Лев и Мышь
Пераклад: Валянцін Таўлай
Крыніца: Таўлай, В. П. Выбраныя творы / Валянцін Таўлай ; уклад., прадм. і камент. А. Клышкі. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – 413 с., [4] л. іл. - с. 127

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Леў і мыш


Да Льва аднойчы Мыш прыйшла прасіцца,
Каб ен дазволіў па суседстве пасяліцца,
І кажа: «Хоць табе ў лясах
Ніхто тут, безумоўна,
Ні славай, ні магутнасцю не роўны,
Ад голасу твайго кідае ўсіх у жах,
Ды будучыню хто наперад адгадае,
А можа, здарыцца бяда й такая,
Што, хоць малой здаюся я,
Табе прыдасца помач і мая».

«Ты! — Леў зароў. — Нікчэмная істота!
За свой нахабны тон
Смяротнай кары годная адной ты,
Пакуль жывая — прэч адгэтуль, вон,
Бо месца мокрага не застанецца!»

Ад страху ў Мышкі затрымцела сэрца —
Наўцёкі, бедная, прапаў яе і след.
А Льву дык бокам вылез гонар гэткі:
Шукаючы спажывы на абед,
Нек трапіў ён у сетку.
І сіла — на нішто, дарэмны стогн і рык,
Як ён ні рваўся, ні кідаўся —
Здабычай паляўнічага застаўся
І ў клетцы выстаўлен народу на паказ.
Успомніў ён пра Мышку ў гэты час:
Яна б дапамагла, каб захацела,
І сетка ад яе зубоў бы не ўцалела.
Яго сваё ж зазнайства з’ела.

Чытач, каб зразумець лягчэй было табе,
Дадам я пару слоў, і то не ад сябе, —
Такая прыказка вядзецца:
Не плюй у студню — давядзецца
Прыйсці з вядзерцам.


1833