«Ну, матулька, роб што хочаш
Ты з сваім Лук'янам, —
Бачыш, во, лабук вялікі
Ровен з бацькам Янам,
Але што, калі лянівы,
Дурны, горш ад быдла —
Мне ўжо годзе з ім вадзіцца,
Ды ужо й абрыдла.
Галавой у школе ходзіць,
Стаў хлапец нягодны,
Дзе пабіта ці разліта —
Лук'ян там нязводны.
Да навукі ён няздатны,
Толькі да сваволі;
Мусіш браць яго са школы,
Хай ганяе ў полі.
З яго толку век не будзе,
Кепская з ім рада, —
Стаў спрачацца, не спаўняе
Майго, бач, загаду.
Ты сама ўжо з ім спраўляйся,
Давай часта лазню; —
Гэта лепш за ўсё паможа
Кручанаму блазну!»
«Мой панок, святую праўду
Кажаш мне у вочы,
А чаму ж ты сам той лазні
Спрабаваць не хочаш?»
«Што-о... ці помніш, што ты кажаш?
«Дурні вы абое!»
«Мой панок, даруй, здаецца,
Я ж кажу аб тое,
Што пан ласне радзіш сыну,
Але добра б была,
Каб пан так зрабіў, паслухаў
Як бы я прасіла...»
«Як жа хочаш? твайго сына
Не хачу чапаці!
Ты і бацька лепей самі
Спраўцеся у хаце».
«Не, панок, нашто?! не трэба
З ім нам мардавацца.
Ён і так шмат памякчэе
Будзе лепш старацца,
Калі б пан замест Лук'яна
Ды хлапца другога
Лазой зрэзаў, дык тады б мой
Прысмірэў бы многа».