Перайсці да зместу

Ленін (1926)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ленін
Паэма
Аўтар: Міхась Чарот
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ленін (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. ЧАРОТ

ЛԐНІН

ПОЭМА


ВЫДАНЬНԐ ЦБ МАЛАДНЯКА

МԐНСК — 1926

М. ЧАРОТ


ЛЕНІН

ПОЭМА



Выданьне ЦБ „Маладняка“

МЕНСК — 1926

Галоўлітбел № 20713.

У ліку № 2.000 экз.


Менск, 2 друкарня БДВ № 4010

Было сонца
затуманена дымам…
На людзей
гарматы глядзелі
сьмерцю дзікай…

А мільёны нявольных
нястрымана
ішлі паміраць
паходам вялікім.

Было поле
крывёй завільгочана,
засеена
валавяным збожжам —
войстрым градам куляў…

О, зоры!
Што вы напрарочылі?..
Калі ўнімецца
сьмерці, разгульле?..

О, неба!
Ці хутка загасьне
узьняты
вайной непатрэбнай
вялікі пажар?

Ці хутка
дні хмурыя
зьменяцца яснымі?
А людзі
У новым паходзе —
за волю —
рашучае скажуць:
— Даволі!

— Мы —
за новыя войны!
Ахвяр ня прыносім
больш
дарма!..

З паходу
у паход кліча
Скіфіі дзікай
новы прарок…
Хоча ён
зямлі аяскравіць аблічча,
што вякамі у змроку.

Чуцен кліч
па шырокаму сьвету…
Паўстаюць
за народам народы…

Будзеш ты,
О, зямля, сагрэта
нябывалым агнём
паходу.
Маўчалі зоры…
Неба маўчала…
Ад зор і неба —
Нямы адказ…

Чырвоным шляхам,
шляхам — узорным
Пашлі мільёны,
пашлі з няволі, —
агонь адплаты
у іх ня згас.

Зноў агнём
і паводкай крывавай
забушуе прастор,
загудзе!..

Слава!
Прароку слава!
Што ў паходзе
З нявольнымі разам
ідзе!..

Ленін!
Ленін!
Ленін!
Фабрыка і завод
грукоча…
А вёска,
блакітная вёска
нічога ня хоча…
— Што нам вызваленьне?!.
Загнаць бы пана у дошку!
Зямлі і волі!
А болей нічога!
Нічога болей!
— Бяз Леніна ні да парога…
Галосяць гудкі заводаў…

А поле,
наша курганнае поле,
калосьсямі жыта заводзіць:
Ад веку мы спалі“…

Спаліць!
Ўсё спаліць
Тысяча дзевяцьсот сямнаццаты год…

„Паўстане людзкі род!“..

I.

У вёсцы блакітнай,
Сярод васількоў-калосьсяў.
Жыве селянін Мікіта…
Лес за ваколіцай
Сумна галосіць…
Ад усходу да захаду сонца
Стогне Мікіта,
Мікіта галосіць,
Сіратою у поле пакінуты…
Сыны на вайне…
Вайскамі поле здратована…
Ну, а мне?
Што рабіць мне?
Паны галаву скруціць гатовы нам…
«Вайна да пабеднага канца…
На фронт коні і людзі…
А нам?
А нам што будзе?
Мусіць загінем…
Нічога нам не пакінулі…
Тра-та-та-тах!..
Бух! Бух!
…айца
і сына…
сьвятога духа…
Можа сынкі забіты?..
Тра-та-та-тах!..
Бух! Бух!
Плача Мікіта,
плача і слухае.

II.

Вечар…
Вечар асеньні хмуры…
Дожджык цалуе шыбы
Вецер пяе-туруе.
— Каб жывыя — прышлі-бы.

Раптам — стукат у сенцах…
Увашоў паволі
і кажа:
— Тата! а, тата!
Толькі мяне захавала доля…
І павесіў портрэт на сьценцы.
Зажмураным вокам
портрэт аглядае хату…
Нібы-то злотная пража
снуюцца і сьвецяць
З камінку
карчоў прамені…
У Мікіты — ўраз успамінак…
— Сыночак, скажы мне,
ці жывы ўсе дзеці,
што ў войска забралі у жніўні?..

— Загінулі двое… там… далёка
А мяне прасьцярог — вось гэты…
Плечы яго не ў палетах…
Завуць яго Ленін!
Ён збавіў ад сьмерці…
Шануй яго, тата!..
Насі, як і я
імя яго ў сэрцы!..

Зажмураным вокам
портрэт аглядае хату…
— Ты тут… тыя забіты… далёка…
Насіць яго імя ў сэрцы…
Мікіта тварам к сьценцы
стаў на калені
і шэпча:
— Ленін… Ленін…

III.

«Вайна да пабеднага канца»…
А з балькону Кшэсінскай палацу,
Дзе рабочых галодная раць,
нясуцца Леніна словы:
«Без вайны,
без вайны змагацца!
Хто за вайну —
— растраляць!…
Гэта першая пастанова…
Ваяваць мы іначай хочам!..
Таварышы рабочыя
і сяляне!
Мы разам паўстанем!..
Пойдзем фронтам,
фронтам адзіным!..
Ня траціць ні аднэй адзіны!»
Міколы іскрацца вочы,
Як толькі гляне
на балькон, на Леніна,
на фігуру гранітнага воску…
Ўспамінае загоны-паясы,
дзірван, каменьне,
балоты, лясы…
Ўспамінае родную вёску.
Панскі зьдзекі прыгоны…
Але сягоньня —
гэта толькі сон…
Сон аб акцябрскай славе…
Бы прышоў да бацькі ў госьці,
пад портрэтам на лаве
сьпіць ён…
Але ня сьпіцца яму чагосьці…

IV.

І толькі зірнула раніца,
Мікола шынельку латае…
А Мікіта
З Ленінам раіцца,
пытае ня хітра,
як шчасьце здабыць
мужыку.

— Тата! а тата!
Вось табе сына рука:
заветы яго
калі выпаўнім —
будзе воля нам,
будзе зямліца!»
У Мікіты сьлёзы выплылі…
А Ленін здаволены
на Міколу глядзіцца…
Ў з закуранай
сялянскай хаты,
пад поглядам
са сьцяны портрэта,
Мікола сабраўся ў салдаты
у войска на пятае лета.

Цяпер хата ня плакала
комінам,
не расіліся сьлёзы са стрэх…
Сумна бацьку…
шкада як нікому,
што сынок —
гэтак мала пацешыў.
Эх, сыночку!
Пабый толькі ночку,
толькі успомніў
памёршую маму…
расказаў сваю мне програму…
Як сьлед не спачыў —
і ў дарогу…
Хоць-бы тры дзянькі…

Слухае сын словы,
сам-жа ўжо гатовы…
У лапці абуў ён ногі…
аборы з пянькі…
Торбу закінуў на плечы…
— Пастой! засланю хіба печ,
каб шчасьце было ў падарожжы
— Ленін, Ленін паможа!..
Мікола схіліў калені…
Бляскам
цудоўным
сьвятлела
восені
соннае
раньне.
А Ленін,
Са сьцяны задуменны Ленін
поглядам сьмелым
благаславіў іх разьвітаньне.

V.

Ня раз сумаваў па сыну Мікіта,
у госьці чакаў штодзянька…
— У засеку больш цяпер жыта,
бяда — няма, вось, сынка…
Ці хутка ўсёй калатніны
пазбудзецца зайздросны сьвет.
Зрабі так,
каб пачуць хоць пра сына!..
І Мікіта глядзеў на портрэт.
Ведаў бацька,
што сын комуністы,
што Мікола у Леніна ўласьці.
Не маліўся больш прад прачыстай,
каб сынку ў барацьбе не прапасьці.
І назаўтра —
Ну проста цуда!
ад сына прынесена вестка:
«Тата!
на заводзе працую…
Шлем паклоны
я і нявестка».
Палюбіў Мікіта Леніна,
палюбіў —
— ну проста да сьмерці…
І ў той дзень вясёла-вясеньні
пакляўся яму толькі верыць.
І штодня —
ад працы хоць зморыцца,
у пасьцелі Мікіта разьдзеты,
ён бяз слоў,
але горача моліцца
Закурэламу дымам портрэту.

VI

Час мінуў…
Сялянскія хаты
слова Ленін — зрабілі сьвятым,
зналі ўсе — Ён ня любіць багатых…
Ён за праўду,
за лёс беднаты.
А Мікіту нібы-то сьмешна,
і Мікіта быў вельмі рад,
што яму —
ён паверыў першым,
калі сына слаў у салдаты.
Калі ў армію
войск чырвоных
яго сын пашоў бяз прынук,
а цяпер —
недзе молатам звоніць…
Ёсьць нявестка,
унучка і ўнук.
І ня раз
на сходзе вясковым,
калі бедных зганялі сьвістам.
Мікіта сьмела браў слова
і гукаў:
— «Я і мой сын комуністы…
На бедных сьвіст гэты…
Таварышы!
Дзе ваша сумленьне?!.
Багатыя сьвішчуць —
— ліхая прыкмета!
Таварышы!
Рабіце, як кажа Ленін!»
А часам,
возьмуць падатак
з беднага —
і возьмуць лішні…
Ломяць рукі людзі,
галосяць і кажуць:
«Усявышні!»
А Мікіта прыдзе да хаты,
ноч усю спаць ня ляжа…
на Леніна гляне і скажа:
Каб ведаў Ленін аб гэтым!
Ну, ня прыжджу хіба лета, —
ураз на машыну —
паеду ў Маскву я да сына…
Можа цябе там пабачу, —
табе раскажу усё чыста —
Я — як і ты, як і сын — комуністы!..
Глядзіць на портрэт і плача…

VII

Скажа хто —
на колькі часу
сьвет пазбыўся калатніны…
Толькі бач:
пажар той гасьне,
што зьнішчаў куткі краіны.

І ў блакітных вёсках — сёлах
новай вольнай Беларусі
селянін пяе вясёла:
«Не сагнуся, так як гнуўся…
і паноў зямлі абшары
сам сажну ў свае засекі…
Не затуляць край наш хмары,
край, што вечна быў у зьдзеку!»
Але сягоньня
сяляне штось ня ў гуморы…
Вышлі ў поле на загоны,
з імі каморнік…
Пастанову зрабілі учора:
«Не патрэбны межы,
што хаваюць поле ў быльлі…
Няхай лепш разоры»…

— Нам казалі,
як у войску былі,
што ўлада панскай зямлі
прырэжа!..
— Сваёю ня ўсе здаволены!..
— Ці-ж можна —
шнуры у тры пядзі?!.
— Чакалі!
— Чакаць даволі нам!
— Таварыш каморнік!
У пераглядзе
павінна быць наша заява!

— Не каморніцка справа, —
Я — толькі мераю…
— Пра зямлю пры цары пелі!
Дзе гэта відана?
— За рэволюцыю і мы цярпелі —
Ці-ж нам ня крыўдна?!.

— Таварышы!
Давайце хэўраю
да Леніна напішам ліст…
Ён адзін комуністы,
што спагадае аб нас
— Час ужо!
час
беднаце даць надзелы!
Ня раз і ня два
сялянамі поле галдзела…
Непакоіла вёску братва
— Даёш надзелы!
— Падзяліць трэба маёнткі,
каб пан і здалёку
ня мог такі
на іх вытрашчыць вока
— Парэзаць усё на палеткі!
— Зьнішчыць маёнткі
бяз глуму!
А мы,
мы самі зробім
комуну…
— Ня мы — нашы дзеткі!

VIII

Спавіла вёску вечара ціша.
Замоўк і на вуліцы гоман…
Толькі гутарка хату калыша:

— Паслаць!
— Паслаць за Сымонам!

І дзядуля старэнькі, сівы —
ён адзін між старых пісьменны —
у будыніну пчол гаманлівых,
апіраючысь кіем, сяменіць…

— Мы самі аб марнай долі
напішам да Леніна ў «ноце»…
І выводзіць дрыжача крамзолі…
Не даваць-жа пісаць блазноце!
А у сініх хмарах махоркі,
нібы зоры,
блішчаць іх вочы…
Што ў жыцьці было ім горкім —
усё Леніну выкласьці хочуць.
Ён паможа ў няшчасьці — вераць,
ён зьвядзе з непарадкамі квіты…
Раптам —
рыпнулі дзьверы
увайшоў вельмі хмурым Мікіта.
— Атрымаў ліст ад сына учора…
сам нічога… і дзеткі здаровы…
Піша ён… аб Леніне… хворы…
Пахіснулі сяляне галовы…
А пяро —
заскрыпела і змоўкла
на паўслове мужыцкай «ноты»…
Толькі месяц зірнуў пажоўклы
праз вакно
на сьлёзы бядноты…

Што-ж рабіць?
Пачакаем троху…
Даць спачынак здароўю парука —
а Мікіта паедзе праз год…
На сёмуху…
Завязе ліст у самыя рукі…

А ноч —
нібы плакала лесам…
Над вёскаю —
гром забражджаў
месяц хмарамі сінь занавесіў…
Закапалі сьлёзы дажджа…

IX

Прыходзіла за весткай вестка
пад стрэхі сялянскіх хат,
і кожнага сходу павестка
аб Леніне ставіць даклад.

— Ці дуж?
— Ці ня дужы?
— Ці ёсьць на паправу надзея?
А Мікіта —
праліў сьлёз лужу,
дзень і ноч на портрэт глядзеў.

І ня раз —
зажмуранае вока
у Мікіты ўздымала дух…
Ён тады —
ў задуменьні глыбокім
нібы Леніна словы слухаў.
Мікіту здавалася часта,
што портрэт —
на сьценцы гавора,
што папера —
словамі шастае,
як Мікіта кажа пра гора.
І ў адзін зімовы вечар
Мікіта глядзіць Леніну ў вочы…
А за вакном —
плача вецер
на камінку —
шугае корч…
Вясёласьць —
з вачэй нібы ўпала ўся
нібы дыхаць зрабілася трудна…
Мікіту —
ўсю ноч ня спалася
ноч цягнулася вельмі марудна…

— Як пабачыць цябе хачу я,
не счакаю ніяк вясну…
Нешта сэрца ня добрае чуе, —
Мікіта сказаў і заснуў…

А ў вакно
глядзела раніца,
невясёлым глядзела тварам…
І сьняжынкі
чамусьці ня дражняцца,
Як мароз іх пужае ударам.

X

Горад…
Заплаканы горад…
Сёньня весткаю
вёску ня радуе…
У бязьмежныя далі-прасторы:
«Ленін памёр» —
нясе радыё.
Лясы, балоты і поле
заплакалі марш хаўтурны…
— Няма…
няма яго болей.
Плача народ пануры…
Плача і вёска, плача…
Сьнег нібы ў жоўтым пяску…
А Мікіта сон бачыць,
што едзе да сына — ў Маскву.
Толькі прыход суседа
ня даў больш аб слодачы сьніць…
— Мікіта… ты пэўне ня ведаў…
Ленін… сказаў… доўга жыць…

І глядзяць
на портрэт здалёку…
Мікіта ў сьлёзы ўміг…
А Ленін зажмураным вокам
жывым пазірае на іх…
— Хай памёр…
але ў сэрцы нашу я
яго імя — ён будзе жывым…
Капля сьлёз на зрэбнай кашулі
здавалася капляй крыві…
І Мікіта з жалобаю ў сэрцы
ня зводзіў вачэй з портрэта…
— Ці-ж можа Ленін памерці?
Ня веру,
ня веру я ў гэта…
А портрэт, які быў
як раней ён —
задумленны,
і вока жмурыць…
Ніякай няма перамены
у вялікай магутнай натуры.

Ленін…
Ленін…
Ленін…
Галосяць заводы і фабрыкі…
І вёска…
блакітная вёска
таксама ў жалобных хварбах…
Ліе за сьлёзкаю сьлёзку…
Поле лясы і курганы
глядзяць сіратліва…
Чуецца толькі:
«сьмерць паганая!»
І зноў маўкліва.
Камяніцы гораду
і драўляныя хаты,
што аб Леніне пяялі горда,
адчуваюць вялікую страту…

Боль адчуваюць
ўсе, як адзін,
хто жыў яго думамі.
Адвітаньне аддаём і мы…
Роўна на пяць хвілін
жыцьцё замірае…
У магілу
кладуць няўміручага Леніна.
Сіла пабядзіла сілу…
Гудкамі адходную граюць
таму,
хто прынёс вызваленьне…
Над магілай жалобны плякат.
Чытае пролетарыят:
«Выпаўнім заветы Леніна»


Студзень 1924 г.

цана 25 кап.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.