К пытанню аб найменні дзяржаўных установаў
К пытанню аб найменні дзяржаўных установаў Артыкул Аўтар: Мітрафан Доўнар-Запольскі 1918 Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. - №19 - с.2-3 |
Цяпер ідзе дзяржаўнае будаўніцтво. Натуральна, паўстае думка аб тэрмінальогіі дзяржаўных ўстановаў, т.—е. ці астауляць нам цяперашнія, чужыя нам найменні ўстановаў, ці мы павінны вярнуцца да найменняў нашага дзяржаўнага права, — да родных, часам забытых ужо намі, тэрмінаў.
Як я прыкмеціў, маладое пакаленне ужо вырасло, ні ведаючы ужывання многіх тэрмінаў. Але яшчэ у 80-х гг. і у селах і у мястэчках панавала старасьвецкая тэрмінальогія: казначэйство называлі скарбам, предводителя дворянства — маршалкам і т.д.
Мне здаецца, што мы павінны вярнуцца да тэрмінальогіі роднага дзяржаўнага права, каторае у сёлах будзе і цяпер больш зразумелае за анямечаныя расійскія найменні. Вось некалькі тэрмінаў с тлумачэннем іх значэння.
Слова рэспубліка у нашай мове німа; трэба ужываць — Рэч Паспалітая, як мы гэты тэрмін ужывалі с 16-го да паловы 19-го веку. Парлямэнт павінен адтрымаць найменне Вальнаго Сойму, а Устаноўчы Сойм — Вялікаго Вальнаго Сойму; старшыня парлямэнту — маршалак галоўны; дэпутаты — паслы; рада міністраў —Рада. У складзі Рады павінны мець мейсцо гэткія міністры: канцлер, (старшыня, або міністар міжнародных спраў); падскарбі земскі (міністар фінансаў); маршалак земскі (міністар юстыцыі); гэтман (міністр вайсковы). Для другіх міністраў трэба будзе камбінаваць найменні.
Па судовым справам трэба устанавіць гэтакія тэрміны: галоуны трыбунал, як кожны сэнат. Пры ем — падкаморы земскі —загадчык мяжоваю часьцю. Угалоўны суд — суд гродзкі, гражданскі суд – суд земскі. Пры суду павінны быць: пракуратары, інсьцігатары, або віжы[1] (следователи); міравы – копны суддзя. Пры суду маюцца: возныя, дзецкія, судзебныя прыставы і выканаўцы судовых пастановаў. Члены судоў: лаўнікі (сядзелі на лавах у гарадзкіх судох). Суд засядае у судовай ізьбе, ён назначае судовыя рокі (тэрміны), мае парады — пасядзэнні, мае намовы (нарады), вядзе рэцэсы — пратаколы. На судзе выступаюць умацаваныя — адвакаты, каторыя падтрымоўваюць або сторану адпорную (ответчикъ), або павадовую (истецъ). Суд сысквае гэрбовыя мыты — пісчыя, перасуды.
У фінансавым загадзі пры падскарбію земскім маецца рада — скарбовы трыбунал. Розныя чыноўнікі гэтаго міністэрства носяць найменні: бірчых, паборцаў, скарбнікаў, рэферандароў, рэвізораў, шафароў (загадчык казённай палатай — скарбовай каморай). Таможня — мытная камора, пошліны — мыто. Раскладка падаткаў — разрубы, размьоты і т. д.
Абластное дзяленне павінно гэтак сама адпаведаць роднай тэрмінальогіі. Ваяводзтво – губэрня з ваяводаю на чале. Калі патрэбны асобныя флагі, дык трэба аднавіць коляры ваяводзцтваў. На чале паветаў стаяць старасты павятовыя. Павятовы земскія сабрання — павятовыя соймікі с павятовымі маршалкамі на чале. Соймік складаецца с паслоў с кожнай воласьці. Соймік выбірае раду павятовую з яе членамі-райцамі.
Паліцэйскі засад у горадзі, месьце, можа належыць да гараднічаго. Гарадзкое самаупраўленне складаецца з рады галоунай меськай (думы), гарадзкі галава — войт, гарадзкая управа — рада бурмістраў, а засядае рада у ратушэ.
У воласьці есьць валасное вечо, есьць старшына, а яшчэ лепей – старац; у сяле — старасты.
Ваеннае дзела мае шырокую тэрмінальогію: ваяводы (калі мейсцовыя загадчыкі начай будуць называцца), гэтман польны (глаунакамандуючы), сотнікі, харунжыя, пяцідзесятнікі, палкоўнікі. Назвы войска: драбы (пехота), пушкары (артылерыя), жаўнеры (або агульнае найманае салдатаў, або у асобку – кавалерыя). Паход — гуфг.
Ні буду прыводзіць усей тэрмінальогіі, скончу на зазначаных прыкладах. І яшчэ дапоўню: гасударсьцьвенны – азначае земскі, гасударство — гаспадарство, панство. Прэдлажэніе — прапазіцыя, сакратар — пісар, законы – уставы, унівэрсалы і т. д.
Я упрашау бы землякоў ні баяцца старасьвецкай праўнай тэрмінальогіі. Уся яна злажылася у нас у 16-м веку; ёю нашыя продкі карысталіся аж да 18-го веку і часткаю нават да 1830-го г. і нашыя бацькі мянуюць імі подчас расійскія царскія установы. Ні трэба думаць, што гэта тэрмінальогія польскага права, — будзем аднаўляць наш праўны язык з Літоўскага Статуту, каторы ўжываўся, як закон, да 1830 г. А тэрмінальогія Статута утварылася у часы нашай дзяржаўнай (панствовай) нізалежнасьці.
Нам трэба растацца з расійскім правам і тэрмінальогіей. Гэта трэба і можна, — ні столькі дзеля таго, што нашаю тэрмінальогіей карысталіся яшчэ нашыя дзяды і бацькі, і ні толькі дзеля таго, што яна родная і зразумелая нам, але і дзеля таго, што расійская тэрмінальогія у большай часці штучная і нават цяперашнія Расійскія валадары хочуць вярнуцца у расійскім праве да свае гістарычнае тэрмінальогіі.
Проф. М. Даўнар—Запольскі.
Зноскі
[правіць]- ↑ Ад слова – віжую, выглядаю, сачу. Рэд.