Перайсці да зместу

Куток для спорту. Ножны мячык — футбал

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куток для спорту. Ножны мячык — футбал.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 12 (22), лістапад 1930 г., б. 11-12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Ножны мячык — футбал.

Ножны мячык можна лічыць як адну з вельмі старых спортавых іграў. Як кажуць вучоныя, ужо некалькі тысячаў гадоў перад Нар. Хрыста кітайскія паэты ўспамінаюць у сваіх творах аб ігры з мячыкам. Старадаўныя Грэкі мелі ігру з мячыккам, якую называлі „episkylos“.

У Рымлянаў мячык называўся „harapaston“ і быў выплецены валосьсем. Тут навет былі ўжо адумысловыя плошчы для гэтае ігры. У Англійцаў гэтая ігра так распаўсюдзілася, што цяпер сталася іх народнай ігрой. У іх футбал паявіўся таксяма вельмі даўно. Ужо ў XIV стагодзьдзі ў дакумантах Лёндыну знаходзяцца забароны гуляньня ў мячык на вуліцах, каб запабегчы разьбіцьцю вокнаў. Гэта сьведчыць, што ўжо тады ігра ў ножны мячык была ў Лёндыне вельмі распаўсюджана. ў XVI стагодзьдзі гэтая ігра паяўляецца ў Францыі і Італіі. Тут ужо яна была абмежавана пэўнымі правіламі.

Цікаўа, што кожны мячык у Італіі і ў Францыі быў распаўсюджаны тады толькі ў вышшых слаях грамадзянства, а ў Англіі, наадварот, — толькі паміж пралетарыятам. Што футбал у XIX стагодзьдзі вельмі распаўсюдзіўся ў Англіі, гэта ёсьць заслугай школы ў Ругбы, якая гэтую ігру ўпісала ў праграму сваіх вучняў.

З Англіі футбал пераходзіць у XIX стагодзьдзі ўжо як яе народная ігра да іншых народаў. У другой палавіне XIX стагодзьдзя футбал ангельцы падзялілі на 2 розныя ігры: „rugby-footbal“ і „footbal association“. Першая ігра дапускае паслугоўвацца нагамі, галавой і рукамі; другая забараняе датыкацца рукамі да мячыка.

Футбал наагул ёсьць карыснай ігрой, даючай шмат розных гімнастычных рухаў. Апрача гэтага тут іграк вучыцца грамадзкасьці, напрыклад: сябра дружыны мусіць паддавацца пэўным правілам ігры, мусіць свае ўласныя хаценьні падпарадкаваць агульнаму дабру дружыны, мусіць сумленна і старанна іграць дзеля выйгрышу ўсяе дружыны, адным словам тут іграк вучыцца грамадзкасьці.

Ігра ў ножны мячык адбываецца гэтак: дзьве дружыны, па 11 ігракоў кожная, іграюць на прыгатаванай да гэтага плошчы, якая мае 100—110 мэтраў даўжыні і 65—75 мэтраў шырыні. Плошча падзелена на дзьве роўныя часьці. Кожная часьць мае сваю брамку. Адна часьць плошчы з брамкай прыдзяляецца аднэй дружыне, другая — праціўнай дружыне. Кожная дружына стараецца выкінуць мячык праз брамку дружыны праціўнай, штурхаючы мячык нагамі, не датыкаючыся да яго рукамі.

Беларусы ў сваіх народных гульнях таксама ўжываюць мячыка. Мячык у сялян рэдка калі будзе куплены, а пераважна робіцца ён самымі-жа гуляючымі з ануч, або з абрэзкаў скуры. Добрым мячыкам лічыцца такі, які мае ў сярэдзіне клубок з гумовых істужак, ад старых калёшаў. Гэткі клубок абматываецца ганучамі, або рамянём.

Да гульняў і іграў з мячыкам у беларусаў залічаецца: „кон“, „яркі“, „сьвечка“, „салавей“, „грахі“ „адрабляцца“ і іншыя.

Ул. Казлоўшчык.