Перайсці да зместу

Куток для спорту. Беларускія народныя зімовыя спорты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куток для спорту. Беларускія народныя зімовыя спорты.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 13 (23), сьнежань 1930 г., б. 8-9

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Беларускія народныя зімовыя спорты.

Зіма дае беларускай моладзі больш разрывак і вясёласьці, чымся іншая пара году. Моладзь вясковая гучна аддаецца зімовым спортам. Перадусім кожны любіць пасьлізгацца на лёдзе.

Да сьлізганьня ўжываюць прылады, як канькі, якія пераважна робяцца з дрэва: кавалак палена, абструганага ў трыкутную форму, на сподзе з грубым дротам. Робіцца таксама форма і звычайнай дошчачкі з двума дратамі і зыспаду. Канёк такі накладаецца толькі на адну нагу. Да лоўкіх залічаецца той, хто можа як найдалей праехаць на аднэй назе.

Такая язда вырабляе раўнавагу тулава і ўзмацняе нэрвовую сыстэму.

Апрача сьлізганьня на каньках распаўсюджана ёсьць язда на санках з горкі, язда з горкі на дошках, або на „лядзёшах“, вырубленых на рацэ і прытарнаваных да добрага сяджэньня.

На лёдзе робіцца „каток“ і „крутарга“. Каб зрабіь каток, замаражываюць у саджалцы, або рацэ круглы кол, на каторы насаджываецца кола ад ваза. Да кола прывязываецца доўгая жэрдзь; на канец жэрдзі прымацоўваюцца санкі. Паміж шпіцаў кола ўстаўляюцца калы, прыпомачы каторых некалькі асоб круцяць кола. Ад гэтага санкі, на якіх сядзяць некалькі асоб, з вялікай хуткасьцю апісваюць круг.

Крутарга робіцца гэтак: на замарожаны ў лёдзе кол кладзецца ня грубое бярвяно, так, каб канцы яго не перавешываліся. На кожны канец бярвяна сядае хлапец, а другія ходзячы навокал кала прыводзяць бярвяно ў круговы рух.

Калі і крутаргі вырабляюць адвагу, загартоўвуюць учасьнікаў і даюць ім шмат карысных рухаў і вясёласьці.

Старэйшыя людзі на вёсцы не разумеюць карысьці з кожных разрывак, якім інстынктоўна аддаецца моладзь, нават другі няраз яшчэ сварыцца на сваё дзіця, каторае адчуваючы патрэбу духу, сьпяшыць з кумпанамі на спартовыя гульні.

Ул. Казлоўшчык.