Культурнае свята (Гарэцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Культурнае свята (400 гадоў друку на Беларусі)
Артыкул
Аўтар: Максім Гарэцкі
1925
Крыніца: Звезда, 1925, 11 студз. Цыт. паводле: Творы - Мн. : Маст.літ., 1990

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пачынальнікам беларускага друку быў Францыск Юрый Скарына.

Ён радзіўся каля 1490 г. у Полацку, у купецкай сям’і сярэдняй заможнасці. Чытаць вывучыўся па рукапісным Псалтыру. Універсітэцкую навуку праходзіў за граніцаю, у Кракаве, а дакончыў сваю адукацыю ў Італіі, пры універсітэце ў горадзе Падуані. Меў высокае вучонае званне — доктара медыцыны і філасофіі.

Спачатку Скарына адчыніў друкарню ў Чэхіі, у горадзе Празе. Тут ён у 1517—1519 гг. надрукаваў Біблію на беларускай мове. Першая кніжка выйшла 6-га жніўня (загуста) 1517 г. Гэты дзень і лічыцца днём, з якога пачаўся беларускі друк.

Пазней Скарына перанёс друкарню ў свой родны край, у Вільню. Тут першая кніжка выйшла ў сакавіку (марцы) месяцы 1525 г. Гэта і быў пачатак друку на Беларусі.

Памёр Скарына каля 1550 года. Памёр у беднасці і розных жыццёвых нястатках.

Чатырыста з нечым гадоў таму назад кніжкі ў нашым краі былі толькі рукапісныя. Каштавалі яны дужа дорага: невялікая кніжка прадавалася за 50—100 рублёў. Купіць кніжку мог толькі багаты чалавек ці цэлая ўстанова (князь, шляхціц, купец, цэрквы, манастыр). Для бедных людзей кніжка і наогул пісьменнасць была зусім недаступна.

Найперш быў знайдзен спосаб друкаваць кніжкі — у Нямеччыне, у 15 веку, 1440 г., Іаганам Гутэнбергам. Гэта было вялікае адкрыццё, якое незвычайна памагло развіццю ўсяе чалавечае культуры. Аднак жа новыя адкрыцці трэба яшчэ й пашырыць, прышчапіць у жыцці. І ў справе друку зрабіў гэта для Беларусі і для ўсяго ўсходу Еўропы — Скарына. На ўсім усходзе Еўропы яго друкарня была першаю. У Маскве першая друкаваная кніжка выйшла ў 1504 г. Але культура там стаяла пастолькі нізка, што цёмныя масы друкарню і гэтую першую кніжку спалілі, як толькі яна выйшла з друку. Толькі ў 1587 г. у Маскве ўдалося аднавіць друкарню і надрукаваць кніжку.

Такім чынам, у Маскоўшчыне друкаваная кніжка выйшла ў свет на 70 г. пазней, чым на Беларусі. Апрача таго, Скарына перакладаў Біблію з царкоўнаславянскай мовы на мову беларускую, зразумелую для ўсяго народа. Друкаваў яе асобнымі часткамі, каб і бяднейшыя людзі маглі іх купіць, бо й друкаваная вялікая кніжка каштавала многа грошы.

Да кожнай кніжкі ён пісаў прадмову. У гэтых прадмовах заахвочваў сваіх землякоў вучыцца, працаваць не толькі для сябе, але для ўсяго народа, развіваў любоў да асветы, да культуры свайго краю, сеяў думкі аб новым лепшым жыцці. Друкаваў кніжкі для таго, каб на іх маглі дзеці выўчыцца чытаць і гаварыць («добре чесьці і мовіці вучыць», як ён пісаў).

Перакладаў і друкаваў ён пабожныя кніжкі... Але для нас цяпер гэта няважна, як няважна і тое, што якраз з яго імем звязан пачатак беларускага друку. Бо не зрабіў бы гэтага ён, дык зрабіў бы нехта іншы.

Усё ў гісторыі ідзе сваім шляхам. І вось не паны, багатыя і тож вучоныя ў загранічных універсітэтах, не паны робяць гэтую справу, а ён, мяшчанскі сын, больш і цясней увязаны з патрэбамі свайго народа, чым гэтыя паны.

І вось ён хоць і друкаваў пабожныя праваслаўныя кніжкі, але не задумаўся ж прыняць каталіцкае імя Францыска, каб толькі паступіць у каталіцкі Кракаўскі універсітэт (яго праваслаўнае імя было — Георгій, Юрка).

Гэтыя кніжкі толькі і маглі тады шырока пайсці ў прадажу і вярнуць грошы, якія давалі яму на яго справу багатыя купцы. І для нас важна цяпер не гэта, а самы факт, што друк быў начат, што друкованыя кніжкі лягчэй пашыраць, як рукапісныя, што друкованыя кнігі Скарыны прыблізілі ў нашым краі асвету да шырэйшых слаёў грамадзянства, да народа — прыблізілі і на кошту кнігі і па яе мове.

У месяцы сакавіку (марцы) гэтага, 1925, года будзе, такім чынам, чатырыста гадоў, як на Беларусі пачалося друкаванне кніжак.

Гэта — выдатнае культурнае свята.

Належныя ўстановы БССР, у першы чарод Інбелкульт (Інстытут беларускай культуры), ужо вядуць падрыхтавальную працу. Дзень святкавання будзе абвешчаны Інстытутам беларускай культуры.

Складаецца належны зборнік, у якім з усіх бакоў будзе высвстлена дзейнасць Скарыны і час, калі гэтая дзейнасць адбывалася, будуць наладжаны выстаўкі беларускага друку і г. д., але святкаванне будзе насіць, галоўным чынам, школьны характар. Наша школьная моладзь, дзеці пралетарыяту і сялянскай беднаты, павінна ў сувязі з выдатным днём у гісторыі культуры на Беларусі добра ведаць вялікае значэнне друкаванага слова ў жыцці культурных людзей яе, у змаганні рабочых і сялян за сваё вызваленне. У гістарычным развіцці беларускага друку ад Скарыны да нашых дзён яна маніцца ўбачыць, якімі шляхамі ідзе культурнае развіццё працоўных мас, павінна ўбачыць, каб належна цаніць заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі, і даражыць імі, і бараніць іх, і несці іх туды, дзе іх яшчэ няма, у першы чарод — да нашых закардонных братоў, у тую Вільню, дзе наш друк пачаўся і дзе ён цяпер душыцца панамі.

Паміж гэтых паноў — не толькі людзі спрадвеку польскай нацыянальнасці,— паміж іх ёсць і апалячаныя беларускія паны. Яны дзеля сваіх класавых інтарэсаў адышлі ад беларускай культуры. Для іх цяпер 400-лецце беларускага друку, спраўлянае ў БССР, спраўлянае, на іх погляд, «мужыкамі», «хамамі», «некультурным быдлам», уяўляецца не святам, а грозным знакам. Рост пашай культуры ёсць ростам нашай сілы. Рост беларускай культуры ў БССР — ёсць ростам тае сілы, што будзе святкаваць не толькі ў Менску, але і ў Вільні. Па вестках віленскіх беларускіх газет, «Беларускае навуковае таварыства» ў Вільні таксама падрыхтоўвае святкаванне 400-лецця беларускага друку. Але ў панскай Польшчы яно кончыцца толькі новым палітычным працэсам, новымі арыштамі.

Кнігі, з якіх можна даведацца аб Скарыне і пачатках беларускага друку, галоўныя і больш даступныя — гэтакія:

I. Праф. Янчук — «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўны перыяд».

II. Акад. Карскі — «Беларусы», том 3-ці, частка другая (на расійскай мове).

ІІІ. Граф Уладзіміраў — «Доктар Францыск Скарына» (на расійскай мове, спецыяльная манаграфія, вялікі том з 3-ма рысункамі).

IV. М. Гарэцкі — «Гісторыя беларускай літаратуры», выданне 3-е. Апрача таго, большы ці меншы матэрыял можна знайсці ў «Гісторыі Беларусі» праф. Ігнатоўскага, «Гісторыі Беларусі» праф. Пічэты, у розных беларускіх часопісах, асабліва ў «Вольнай Беларусі» за 1917 г. з прычыны святкавання ў тым годзе пачатку беларускага друку (але яшчэ не на Беларусі, а ў Празе).