Ктытароўна (Шаўчэнка/Глебка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ктытароўна
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1848
Арыгінальная назва: Титарівна
Пераклад: Пятро Глебка
Крыніца: Кабзар - с. 174-176

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Даўно ўжо гэтае было,
Яшчэ калі барцы хадзілі
Па сёлах, ды дзяўчат дурылі,
З народу кпілі, хлопцаў білі
Ды верхаводзілі сялом,
Нібы гусары на пастоі;
’Шчэ ў час гетманшчыны святое—
Даўно ўжо гэтае было
_____________
У нядзелю на сяле,
У карчомцы на стале
Сядзелі лірнікі, ды гралі,
За танец шэляг бралі.
Кругом аж хмара пылу ўстала.
Дзяўчаты танцавалі
І дзецюкі...—«Ну, адскакалі!
Давай другі!» —«І гэты добра!»
І зноўку ліры зараўлі,
І зноў дзяўчаты, як сарокі,
А дзецюкі, падпёршы бокі,
Упрысядкі пайшлі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Найлепшы з іх дзяцюк Мікіта
Стаіць на лаве ў шэрай свіце.
Найлепшы хлопец, ды байструк,
Байструк сабе, яшчэ і ўбогі,
Дык і нікому да нябогі!
Стаіць сабе, як той . . . .
Плячыма столь ён падпірае,
Ды ўсё глядзіць, і замірае,
На ктытароўну. Тая ў кветках.
 
Як намалёвана стаіць,
І на Мікіту непрыкметна
Нібыта глянула. Гарыць!
Гарыць Мікіта ў шэрай свіце!
Шэляг ён вымае
І за той апошні грошык
Музыку наймае,
І няроўню-ктытароўну
Ў танец запрашае!!
— Адчапіся, прайдзісвеце!—
І зарагатала
Ктытароўна, — хіба табе
Наймічак не стала?—
Насмяялася дзяўчына
З беднага Мікіты,
Насмяялася пры людзях,
Што ён у шэрай свіце.
Будзе табе, ктытароўна!
Заплачаш, нябога,
За той смех свой . . . . . .
Дзе-ж Мікіта?
Далёка ў дарогу
Пайшоў сабе... З таго часу
Не чуць яго стала..
З таго часу ктытароўна
Штосьці заняпала..

Дадому плачачы прышла,
І з плачам спаць яна лягла.
І не вячэрала! Не спала,
Якой лягла, такой і ўстала.
Як адурэла! Што рабіць?
Сама не знае! А Мікіта,
Нібыта сыч, у шэрай свіце
Перад вачыма ўсё стаіць!
Напасць дый годзе! Ктытароўна!
У час благі з таго нароўні
Ты насмяялася!.. Шкада
Табе яго... Туга, нуда
І сум душу апанавалі,
І ты заплакала! Чаго?
Таго, што цяжка пакахала
Мікіту беднага таго!

Дзіва дзіўнае на свеце
З тым сэрцам бывае!
Увечары цураецца,
Ранкам зажадае!
Ды так цяжка зажадае,
Хоць шукаць ідзі ты
На край свету... Вось так цяпер
Не знаходзіць быту
Ктытароўна... Хоць у воду,
Абы да Мікіты .....
.........
Спражыцеся, дзяўчаткі,
Смяяцца з няроўні,
Каб не было і вам таго,
Што той ктытароўне!

Нібы быліна засыхала,
А бацька-маці сумавалі,
На прошчу ў Кіеў павялі.
Святымі зёлкамі паілі,
І ўсё-такі не памаглі!
Праклала сцежку да магілак,
Усё глядзець яго хадзіла.
І сцежка стала зарастаць,
Бо ўжо не здолее і ўстаць,—
Дык вось што смехі нарабілі!
А ён кануў, праваліўся;
Быццам і не чулі,
Ці быў калі? Год за годам
Тры гады мінулі.
_______________
На чацверты—у нядзелю
У карчомцы на сяле,
На шырокім на стале
Ціха лірнікі сядзелі;
Па шэлягу бралі,
Ізноў тое йгралі,
Што й залетась. А дзяўчаты
Таксама дробна танцавалі,
Як і залетась...
Тут заўзяты,
У сіняй шапцы, ў жупаніне,
Ў штанах чырвоных, што каліна,
Упрысядкі ляціць казак,
Яшчэ і прыпявае так:
 
Дзякуй, дзякуй, бацюхну,
Дзякуй, дзякуй, матухне,
Што нас здабылі!—
Як нас здабывалі,
Жыта рассыпалі
Ўночы на печы.

Гарэлкі! Мёду! Атамана!
Дзе соцкі ваш? А ну! Паганы,
Агідны зброд, а не грамадства!
Хадзіце біцца! Ці змагацца!
Бо я—барэц!
Не нядзелю,
Не дзве, не тры—нядзялек колькі,
Як той хваробы, як той болькі
Ўсёй грамадой глядзелі
Таго барца... Перабірае,
Як той паніч... І скуль прышло
Такое гора? Ўсё сяло
Здаволіць гада сіл не мае;
А ён сабе гуляе, п’е,
Ды хлопцам жалю заўдае
Тымі дзяўчатамі. Дзяўчаты
Аж панядужалі па ім:
Такі прыгожы ды багаты!
Ужо й не борыцца ні з кім,
А так сабе гуляе,
Ды вечарамі у садочак
Да ктытара ўчашчае.
А ктытароўна сустракае,
Прыпявае, прымаўляе:
— Ці не той ты Мікіта,
Што з тасёмкамі світа?—
Той, ён той, што ў даўні час
Ты насмяялася не раз;
А цяпер сама да хлопца
У садочак ходзіш,
Сама яму, байстручыне,
Быццам пану годзіш!
Не дзень, не два ктытароўна
Ў садочак хадзіла;
Не дзень, не два, быццам пану,
Мікіту гадзіла.
Дагадзілася дзяўчына
Да самага краю
І не ўчула!
Дні мінулі,
Месяцы мінаюць;
Прайшло лета, прайшла восень;
Прайшоў сёмы месяц, восьмы,
Ужо й дзевяты настае,—
Настануць беданькі твае!
..........
У ктытара у садочку,
У яры, крыніца
Пад вярбою... Да крыніцы
Не вады напіцца,
Ледзьве ходзіць ктытароўна—
Трохі пажурыцца,
Паплакаці, пагадаці
Як ёй звекаваці,
Дзе ёй дзецца ад сораму,
Дзе яго схаваці?
..........
Раз увечары зімою,
У адненькай свіце,
Ідзе босая па снезе
Ктытароўна з дзіцем.
То падыйдзе да крыніцы,
То зноў адступае,
А з каліны, як гадзюка
Байструк выглядае!
Палажыла ды на зрубе
Ктытароўна сына
І пабегла... А Мікіта
Вылез з-пад каліны,
Дый укінуў у крыніцу,
Як топяць шчаняты.
А сам пайшоў, спяваючы
Соцкаму сказаці,
Каб ішоў ён з грамадою
Дзіцянё шукаці.
____________
У нядзелечку раненька
Збіралася грамаданька,
Ды крыніцу вылівалі,
Ды дзіцё тое шукалі.
І дасталі твайго сына,
 
Ктытароўна, з багавіння!
Ой няшчасную забралі.
У кайданы закавалі,
Спавядалі, прычашчалі
Бацьку-матку дакаралі
Грамадою асудзілі
І жывую палажылі
У труну!.. і сына з ёю!
Дый засыпалі зямлёю!
Слуп высокі муравалі,
Каб пра дзеўку людзі зналі,
Сваіх дзетак навучалі,
Каб вучыліся дзяўчаткі,
Раз не вучаць бацька-матка.
_______________
Барца таго ў сяле не стала;
А людзі ў Польшчы сустракалі
Якогась паніча. Пытаў:
— Ці жыва, кажа, ктытароўна?
Ці насміхаецца з няроўні?—
Дык гэта сам ён! Пакараў
Яго гасподзь за грэх і здзекі
Не смерцю, не,—ён будзе жыць,
І сатаною-чалавекам
Па свеце будзе ён хадзіць,
І вас, дзяўчатачкі, дурыць
Ва векі.

Кос-Арал
1848