Кс. Адаму Станкевічу
Выгляд
Кс. Адаму Станкевічу. Ў дзень ягоных імянінаў 24. ХІІ. 1926 году. верш Аўтар: Альбін Стаповіч |
Пад крык дзікі і сык змяіны
Ты нас да гэтуль стойка вёў,
Вёў да змаганьня ў чэсьць Айчыны,
Да працы зваў яе сыноў.
Вядзі-ж далей нас тым-жа шляхам, —
Дарогай цяжкай барацьбы;
Хай ўражы гнеў ня будзе страхам,
Ні крыкі злосныя кляцьбы.
Ты не адзін, бо мы з Табою,
На ўсё гатоўнасьць нашу знай!
Ды будзь нам цьвёрдаю скалою
І рук у працы не складай!
Зямля нядолі й горкіх сьлёзаў
На радасьць нам дала Цябе,
Каб сярод зьдзекаў і пагрозаў
Мы гарт здабылі ў барацьбе.
Каб кожны ведаў, што ўжо блізка
За крыўды, зьдзек — расплаты час,
Ды перастаў сьхіляцца нізка
Прад тым, хто хоча згубіць нас!