Перайсці да зместу

Ксяндзоўская «цэнзура» твораў Ф. Багушэвіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ксяндзоўская «цэнзура» твораў Ф. Багушэвіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1931
Крыніца: БЗвон. 1931. 30 крас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня вельмі даўно Інстытут Беларускай Гаспадаркі і Культуры выдаў шырока ведамыя творы Францішка Багушэвіча «Беларускую Дудку» і «Смык». Вялікую прадмову да гэтых выдавецтваў напісаў «сам» кс. Адам Станкевіч, які, відаць, пераняўшыся празь меру сваей роляй рэдактара, пазволіў сабе выкінуць зь верша Багушэвіча «Быў у чысцы» эпізод, дзе гаворыцца некарысна аб ксяндзах. Ува ўсіх нам ведамых выданьнях, як краёвых, так і загранічных, Багушэвіч аб ксяндзах, што «цярпяць у чысцы», піша так:

Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма,

Калі зірк, аж і ксёндз тут сядзіць:

Чорт яго аблажыў грашыма

Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.

А другі дык вісіць, але як? —

Дык і стыдна мне вам гаварыць,

А са стыду чырвоны як рак,

Вочы жмура, як кот, і гарыць.

А тут баба яго так кляне

Ды так лае з астатніх жа слоў,

Што каб гэтак хто лаяў мяне,

Я б яго зь сьвету даўно перавёў.

Вось жа ў успомненым выдавецтве нашых клерыкалаў спатыкаем толькі першыя чатыры радкі з прыведзенай цытаты. Усё астальное выкасаваў чырвоны алавік самазванага «духоўнага цэнзара» кс. Станкевіча. Нам няведама, ці гэны эпізод зь верша Багушэвіча кс. Станкевіч узяў на свой рахунак, калі яго выкінуў, ці, можа, хацеў бараніць польскіх ксяндзоў, да якіх за часоў Багушэвіча гэта аднасілася. Кожнаму затое ведама, што такая цэнзура кампрамітуе цэнзара, фальшуе твор, а касты чорнага інтэрнацыяналу ў часы цяперашняга яго зьмярканьня ня выратуе.

Якое шчасьце, што не жывём у тых часох, калі падобныя вершы не цэнзуравалі, а палілі... разам з аўтарам! У нашы цяжкія часы можна мець хоць тую невялікую пацеху, што часы інквізыцыі і панаваньня чорнага інтэрнацыяналу ня вернуцца.