Перайсці да зместу

Крыўя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крыўя
апавяданне
Аўтар: Уладзімер Жылка
1923-1926
Крыніца: http://bk.knihi.com/zylka/zylka3.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бацькаўшчына для мяне - гэта памяць дзяцінства, імкненне да добрае, цёплае мамы, яе песні, увесь боль мой і радасць.

Бацькаўшчына - музыка, гамы гукаў, свету, колераў і пахаў (абавязкова пахаў!), адчутая, адбітая і прынятая сэрцам.

Таму гэта тэма можа быць вырашчана толькі ў плошчы сэрца і волі.

Матэрыял геаграфіі, гісторыі, сацыялогіі - яны могуць як матэрыял служыць толькі як струны ў скрыпцы, як тычкі на шляху нашага недасканалага мышлення. Але не болей.

Самыя па сабе яны без сілы што-небудзь вырашыць, бо асяродак вагі па-за імі.

Таму асцерагаем добразычлівых суседзяў, паважаных прыват-дацэнтаў і бібліятэчных пацукоў - гэта не для іх смаку і высокіх ілбоў.

Таксама і не для нацыянальных эратаманаў.

Вы чуеце ману, як зыблае балота, у гэтым слове (Б[еларусь]), пакуль мы белар[усы] - мы не будзем сапраўднымі мы. Мы толькі частка, толькі галіна, адлом. А наша жаданне быць сапраўдным арганізмам. Мы хочам творчасці. Для яе трэба індывідуальнасць. Мусіць быць самавызначэнне. Іншым яно не можа быць як - крывіцкім.

Беларусь - гэта толькі магчымасць, паўсвядомасць дзіцяці, нацяк на гісторыю, але яшчэ этнаграфія. Паўразвітасць, недаразвітасць нацыянальнага жыцця - нарадовая імпатэнцыя, не меней агідная ад нацыянальнай эратаманіі.

Крыўя - гэта творчасць і форма, сутнасць якое - нацыя. Змест - кожнае дасягненне - новы верш, новы навуковы твор... ёсць Крыўя.

Мы прысутнічаем пры цікавым з'явішчы - як растуць і фармуюцца ідэі. Крыўю мы мусім вітаць як новы крок у нацыянальным самаўсведамленні. Нацыянальнае «Я», адраджаючыся, паглыбляецца ў самапазнанне. Беларуская свядомасць[1], захаваная ў мутным «тутэйшым», мусіла прайсці рад [мытарстваў. Закрэслена.] блуканняў, каб дайсці да паўнаты і канчатковай усвядомленасці. Такім этапам і была Беларусь. Розніца паміж «тутэйшымі» і «Бела[русамі]» як між этн[аграфічнаю] цікавасцю першых да канкрэт[нага] «людзьмі звацца». Мы хочам, каб слова было эквівалентна зместу.

Для нас сёння Б[еларусь] не толькі этнаграфічная цікавасць, але і актуальная праблема для вырашэння грамадскіх, сацыяльных, эканамічных, рэлігійных і інш. узаемаадносін у нашым шматмільённым Краі. Так усвядомленая Бел[арусь] можа быць толькі Крыўяй.

  1. Яна была вельмі затушавана, заценена доўгімі гадамі рабства і пад уладаю братніх культур, каб зразу выбіцца на пэўны шлях.