Крызіс ідэі ці крызіс грамадзянства?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Крызіс ідэі ці крызіс грамадзянства?
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923
Крыніца: Луцкевіч А. Крызіс ідэі ці крызіс грамадзянства? // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Смаленск, 2015. С. 127—130. Тэкст друкуецца паводле: ЗБ, ліпень 1923 г.


Усялякія яркія перажываньні, якія ў часе трывання свайго дзержаць у найвышэйшым напружанні нэрвы грамадзянства, раней ці пазней уступаюць месца шэрым будням. Калі разьвязка гэткіх перажываньняў наступае ў пажаданым кірунку, калі вайна, рэвалюцыя ці нешта падобнае канчаецца пабедай, дык пасьля таго напружаньня наступае новае сільнае перажыванне: пачуцьцё здаваленьня, якое бляднее, разьвяваецца і ўрэшце чэзьне памалу, паступова, і людзі самі сабой варочаюцца да свайго нармальнага стану бяз ніякае шкоды для сваіх нэрваў і сваёй псыхікі. Зусім наадварот бывае тады, калі мамэнты выжыданьня і веры ў магчымасць дасяжэньня сваёй мэты зьмяняюцца катастрофай, калі нэрвовае напружаньне радаснага характару рэзка зьмяняецца ў процілежнае пачуцьцё. Тады шыбкі пераход да абыдзёншчыны ў сувязі з агульнай духовай дэпрэсіяй ад пачуцьця няўдачы выклікае ў душы чалавека нейкі хваравіты стан, які выяўляецца ў роўнай меры ў адзінках, як і ў цэлым грамадзянстве. Тады наступае крызіс, у часе каторага робяцца магчымымі самыя неспадзяваныя паступкі адзінкі і масы, наступае рэакцыя проці ранейшага захопленьня ідэаламі, пачынаецца вострая, здзеклівая крытыка і нават аплёвываньне ўсяго таго, у што людзі верылі і перад чым скланялі свае галовы, і народы ўваходзяць на бездарожжа, губляючы магчымасць уявіць сабе, ці віна няўдачы крыецца ў істоце недасціпнага ідэалу, ці ў нечым другім, мо’ зусім прыпадковым, ня маючым нічога супольнага з тым ідэалам.

Пакаленьне, якое перажыла дзьве вялікія расейскія рэвалюцыі: 1905 і 1917 гадоў, можа найлепш ацаніць праўдзівасць вышэй сказанага. Пасьля няўдачнага канца рэвалюцыі 1905 году пачалася дзікая рэакцыя, пачаўся нячуты ўціск усіх і ўсяго, у кім і ў чым вока нябеднага ўраду магло дагледзіць укрытыя зачаткі «крамолы». Нязвычайна магутны пад’ём зьмяніўся цяжкой духовай дэпрэсіяй. А ў сувязі з гэтым мы бачылі страшэнны маральны ўпадак грамадзянства: «азэфіяду», страшэнную дэмаралізацыю моладзі, паўставаньне «ліг вольнае любві», «агаркаў» і да т. п. Наступіла поўная пераацэнка старых ідэйных цэннасьцей, наступіў пэрыад маральнага маразму. І толькі цераз дванаццаць гадоў, пад уплывам бязпрыкладнае па сваёй велічы і крывавасьці сусветнае вайны, народныя масы старое Расеі ізноў заварушыліся і пачуліся здольнымі да вялікага, магутнага масавага выступленьня проці ўлады крывавых цароў.

Беларускае грамадзянства, аднак, не падпала тады пад агульны настрой у такой меры, як, прыкладам, маскоўскае: рэвалюцыя раздзьмухала у вялізарны агонь тую іскрачку нацыянальнае свядомасці, якая здаўна таілася у душы нашага народу. Вось чаму упадак рэвалюцыі і рэакцыя проці ідэалаў яе не адбіліся на нас у такой хваравітай форме. Мы паднялі наш нацыянальны штандар, пачалі гуртавацца каля яго і данясьлі яго высока лунаючым над усей абыдзёншчынай ажно да 1917 году. І хоць у працягу дванаццаці гадоў шмат хто ад нас адпаў, хоць бачылі мы многа адступнікаў, але пры гэтым мы ня бачылі аднаго: ня бачылі адкрытае подласці сярод адпадаючых.

У рэвалюцыю 1917 году мы ўвайшлі з гэным нашым нацыянальным штандарам, з нацыянальнымі дамаганьнямі і лозунгамі. У мамэнт найвялікшага пад’ёму нашых народных масаў нацыянальная ідэя знайшла для сябе найвышэйшую форму выяўленьня: была абвешчана незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі. Але выяўленая нашым народам воля да незалежнасці не дапяла сваёй мэты. І вось мы перажываем нешта такое, што шмат хто называе «крызісам незалежніцкае ідэі».

Чы справядліва гэта? Чы гэты крызіс запраўды датычыць істоты ідэі незалежнасці, чы самога нашаго грамадзянства?

На гэтае пытаньне мы і хочам даць тутака адказ.

Перш за ўсё мы павінны адзначыць, што сучасны крызіс, які перажываюць беларусы, выяўляецца галоўным чынам у Заходняй Беларусі. Ад самага пачатку нашага адражэнскага руху галоўным цэнтрам беларускае нацыянальнае, палітычнае і сацыяльнае мысьлі была Вільня. Тут гуртаваліся ўсе лепшыя беларускія культурныя сілы, тут была кузьня, дзе ў бязупыннай барацьбе з дужэйшымі за нас супраціўнікамі выковываўся наш нацыянальны ідэал, тут складаліся і разьвіваліся зачаткі нашае новае нацыянальнае культуры. Тут урэшце вытварыўся і знайшоў сваё тэорэтычнае абаснаваньне і наш найвышэйшы палітычны ідэал, катораму ў выніку сусветнае вайны і расейскае рэвалюцыі ня было суджана зрэалізавацца. Ведама, многа было прычнн, якія перашкодзілі зьдзейсьніць мяркаваньні беларускіх незалежнікаў: і тое, што беларусы лішне позна нацыянальна збудзіліся і не пасьпелі зарганізаваць сваіх сіл на тую часіну, калі валілася старая расейская дзяржаўная будоўля; і тое, што да разьвязаньня беларускае праблемы ў дзяржаўнай плоскасці варожа аднясьліся вялікія дзяржавы, аддаўшыя Беларусь «у сфэру ўплываў» Францыі; і тое, што на сцэну выступіў зусім новы фактар у жыцьці народаў колішняе Расеі — бальшавізм, — дый мо’ шмат другога, чаго сяньня йшчэ і ня выкрыеш. Але ў Усходняй Беларусі, хоць і няпоўна і аднабока, незалежніцкі ідэал усё-такі рэалізуецца: перад нашымі вачыма адбываецца спроба падыйсьці да ягонае рэалізацыі, толькі ўжо не на старым дэмакратычным груньце, не на груньце Велікарускае Народнае Рэспублікі, а на зусім новым — савецкім, у пастаці Сацыялістычнае Савецкае Рэспублікі, злучанае фэдэрацыйнай сувязяй з суседзямі ў складзе СССР. І хоць будаваньне Савецкае Беларусі вельмі абніжае палёт нашае палітычнае мысьлі, зводзячы яе на грунт фэдэралізму, як нейкага нязьменнага догмату, — усё-ж для ідэйнага крызісу ў Усходняй Беларусі грунту бадай няма. Там беларускае грамадзянства мае яшчэ зусім рэальныя дасяганьні: яно прымушана ўсьцяж вясьці цяжкую барацьбу з старым маскоўскім цэнтралізмам і з захватнымі вялікадзяржаўнымі імкненьнямі Маскалёў, — імкненьнямі, што перажылі спарадзіўшы іх «стары рэжым».

У Заходняй Беларусі справа стаіць інакш. Сучасныя гаспадары палажэньня стараюцца ня толькі зрабіць немагчымай беларускую незалежніцкую палітычную работу (нават з нахілам да федэрацыі з Польшчай!), але пагражаюць і самаму істнаваньню беларускай нацыянальнасці. Далёка сягаючыя палітычныя лозунгі ў атмасфэры штодзеннай барацьбы за нацыянальны быт беларускага насяленьня губляюць сваю рэальнасць, сваю яркасьць, сваю актуальнасць. Мысль мімаволі кіруецца да спраў буднага жыцьця. І вось у душнай атмасфэры, створанай тут варожымі нам сіламі, вырастаюць ядавітыя грыбы: прадажнасць, выслугоўваньне «чужым багам», здрада і рэнегацтва. Сьледам за Аляксюком на арэну беларускага жыцьця выплываюць Дубейкаўскія, Балаховічы і ім падобныя di mіnores… На беларускім груньце вырастае яшчэ горшы, яшчэ больш агідны від «угоды», чым аслаўленая ў царскія часы польская «угода», што дзеля белых парток камэргэра гатова была ісці на такія «услугі» ўраду, як даносы на сваё-ж грамадзянства, як учасце ў трыумфальным адкрыцьці ў Вільні памятніку Кацярыны ІІ, або «ката Літвы», Муравьёва. Подлыя душы, маючы на мэце адно толькі асабістую матэрыяльную карысць, за юдавы срыбнікі выракаюцца тае ідэі, якой яшчэ так нядаўна служылі і прадаюць сваіх братоў і таварышаў працы…

Чы гэта доказы крызісу беларускае незалежніцкае ідэі, як іншым здаецца? — Ды ніколі! Гэта праявы нават і не спэцыяльна беларускага жыцьця, а праявы агульнага маральнага і ідэйнага крызісу, якія мы і сумежныя з намі, а нават і заходня-эўрапэйскія народы, перажываем у выніку сусветнае вайны і агульных палітычных варункаў. Бо ад Аляксюкоў, Дубейкаўскіх і Балаховічаў усё беларускае грамадзянства з агідай адвярнулася і дало гэтаму доказ дужа яркі: на выбарах у Віленскі Сойм (у «Сярэдняй Літве»), байкатаваных беларусамі, Аляксюк і яго хэўра нi ў водным выбарным окрузе не дасталі ніводнага мандату, так сама, як на выбарах у Варшаўскі Сойм, на якія беларусы пайшлі, абсалютна праваліліся сьпіскі, выстаўлення групай Дубейкаўскі-Балаховіч. І ўжо прывядзеньне гэтых двух выяўленьняў настрою нашых народных масаў сведчыць дужа красамоўна, што беларуская «угода» ня мае ў народзе ніякага грунту.

Можам сьмела сказаць, што беларускія адказныя палітычныя дзеячы, якія на выборах у Сойм і Сэнат атрымалі ад народу бязспрэчны мандат прамаўляць ад імя ўсяе Заходняе Беларусі, не зракліся і не зракуцца незалежніцкае ідэалогіі: прынамся яны мелі сьмеласьць офіцыяльна заявіць аб гэтым з соймавае трыбуны. Але рэальнае жыцьцё прымушае іх шукаць для беларускага насяленне выхаду з немагчымага, бязпраўнага палажэньня. І вось, хаваючы глыбока ў сэрцы свой высокі незалежніцкі ідэал, маючы яго перад вачыма кожын раз, калі ход жыцьця зачапляе пытаньне аб аканчальнай разьвязцы беларускае праблемы, адны з іх выстаўляюць дамаганьне культурна-нацыянальнае аўтаноміі для беларусаў, другія трактуюць з левымі польскімі партыямі аб тэрытарыяльнай аўтаноміі Заходняй Беларусі з асобным соймам у Вільні. І толькі тыя з незалежнікаў, якім не пад сілу рэальная палітыка кампрамісаў, адсоўваюцца зусім ад палітычнае дзейнасці і аддаюць свае сілы выключна культурна-нацыянальнай працы, ці кіруюць свае думкі ў бок сацыяльных праблем.

Беларускае грамадзянства ў межах Польшчы ўвайшло на тую самую дарогу, па якой ішла лепшая частка польскага грамадзянства пад уладай царскае Расеі. Як некалі палякі, так цяпер і беларусы разумеюць, што дзеля будаваньня мо’ йшчэ далёкае незалежнае Беларусі conditio sine qua non становіць праца над умацаваньнем нашых культурна-нацыянальных і эканамічных падстаў. І калі беларускае грамадзянства кіруе свае сілы ў гэты бок, якому як раз найбольш і пагражаюць нашы ворагі, дык пуцяводнай зоркай для яго бязумоўна і цяпер зьяўляецца тая ідэя, каторая адна толькі і можа ў поўнай меры зьдзейсьніць імкненню ўсяго беларускага народу стацца поўным гаспадарам на сваей зямлі.