Перайсці да зместу

Крок за крокам (1925)/Малады дубок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наталька, Джон і муха Малады дубок
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
На жалезнай дарозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Малады дубок.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДЫ ДУБОК

I

— Ну, і людзі! — гаварыў сам сабе Максім Заруба: — ну, украў, ну, сьсек, хай цябе ліха сячэ; ды не рабі-ж ты на зьдзек чалавеку, не рабі так, каб кожнаму кідалася ў вочы тваё злачынства, гіцлю!

Максім старанна аглядаў сьляды нядаўнай кражы ў яго абходзе. Высокі, у палавіну чалавека, дубовы пень выдзяляўся сярод дзеравяк і сьвяціў сваім сьветла-жоўтым верхам і сьвежымі трэскамі вокал, а шырокая разложная верхавіна і адсечаныя сукі пазіралі так невясёла, так смутна, бы тыя пакінутыя бацькам дзеці. Зірнуўшы ўгару, Максім угледзеў маладую бярэзінку з абламанымі галінкамі. Гэта дуб, звалены бязжаласным тапаром, кідаючыся, чапіў яе сваймі крэпкімі сукамі.

У лесе было ціха і маркотна, толькі ўгары стаяў глухі шум старых хвой і ялін. Высокія асіны і бярозы прылучалі зрэдка і свой голас да гэтага шуму, калі часамі дужэй падыхай сыры, халодны вецер і варушыў іх голае вяцьцё. На гэтым месцы, дзе рос дуб, мала пазначылася прастору, і маладыя высокія елкі ўжо разгарнулі свае кашлатыя, зялёныя лапы і занялі месца дуба. Так і за сталом жыцьця, дзе сядзіць цесная людзкая сям‘я, ня пустуе месца выхвачанага сьмерцю селяніна.

Максім трывожна азірнуўся вокал, зьняў з-за плеч сваю старасьвецкую стрэльбу і паставіў каля хвоі; дастаў з-за пояса сякерку і пачаў замятаць сьляды няўпільнованага злодзея. Ён ацерабіў верхавіну, пасьцягаў сукі ў гушчар, сьсек пень каля самай зямлі, завалок яго далей ад дарогі, пад выварат, а тое месца, дзе быў пень, закрыў зялёным мохам. Максім сам у гэты момант быў крыху злодзеем. Але яму больш нічога не аставалася рабіць, як прыкрыць сьлед гэтай кражы, каб самому не нагарэла ад лясьнічага.

Кончыўшы работу, Максім адышоўся крыху і азірнуў сваю працу, ці няма яшчэ якога знаку, па якім можна было-б замеціць, што тут украдзен дуб. Усё было прыбрана гладка, але Максіму здавалася, што варта толькі зірнуць аб‘езчыку, каб прымеціць, што не хватае аднаго дуба. А можа аб‘езчык paней яго агледзеў гэты недагляд, і ўжо вядома ў лясьніцтве аб гэтай пакражы.

— І выбяра-ж часіну, паганец! — зноў разважаў з сабой Максім. — Ну, каб папаў! Гужы, лейцы — усё пасек-бы.

Максім ніяк ня мог супакоіцца. Ён вышаў на дарогу, куды вёў сьлед ак калёс. Але далей трудна было разабраць, куды ён пашоў: ці мала едуць па дарозе ва ўсе канцы? Максім пастаяў, патупаў, як-бы разьбіраючы важную справу. На душы яго было цэлае пекла. Злосьць на таго, хто сьсек дуб, хто, як сумыслу, як на зьдзек яму, зрабіў гэту кражу, ніколечкі неклапоцячыся схаваць канцы; далей — страх перад лясьнічым, страх за страту куска хлеба: даўно ўжо капаецца пад яго аб‘езчык, ня раз пагражаў Максіму і лясьнічы прагнаць яго з месца.

Усе гэтыя думкі й пачуваньні і рабілі тое пекла, што было на душы Максіма.

— І хто-ж бы мог зрабіць гэта?

Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, што былі ў яго ў вялікім падазрэньні. Але, не злавіўшы, не кажы, што злодзей. Максім яшчэ раз прышоў на тое месца, дзе рос яшчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябожчык, стаяў ён у вачох беднага лясьніка. Прыкрыўшы камель яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.

Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч ня меў Максім супакою. Нават есьці не хацелася яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весьніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго, ці так што здасца іх сабачаму розуму, — Максім чуў, як у сярэдзіне ў яго нешта траслося, і яму здавалася, што гэта пэўна ідзе Марцін з каморы ад лясьнічага з наказам зьявіцца ў кватэру. Але сабакі, пабрахаўшы, змаўкалі, і патрывожаная ноч яшчэ цяжэй насядала на халодную, сырую зямлю, і яшчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес.

Старая вярба, стоячы над самай хатай, шумела і хістала галінамі па страсе і, як назло Максіму, гаманіла пра пакражу.

Стукне вецер у вакеніцу, Максім уздрыгваў: яму думалася, што гэта лясьнік ці аб‘езчык.

II

Андрэй Плех даўно ўжо меў сабе на прымеце дубок у лесе. Яшчэ летам, соваючыся з каробкаю па грыбох, насунуўся ён на гэты дуб. Як чалавек, якога агарнулі грэшныя мысьлі, Андрэй наўперад азірнуўся і пачаў аглядаць важнецкае дрэва. Высокае, роўнае, выноснае, як точанае, яно, здавалася, сумыслу тут вырасла на спакусу чалавека. „А, пся крэў яго, што за дуб!“ думаў Андрэй: „от былі б восі! А якія хвацкія вышлі-б паліцы на сохі“ (Андрэй быў майстар па часьці сох). Ды ня так-то лёгка ўхопіш яго тут: сьсячы, пападзіся, — такі табе штраф закоціць земскі, што і кароўкаю не адапхнешся. І Андрэй, яшчэ раз акінуўшы вокам дубок, уздыхнуў і паплёўся дамоў. На ўсякі выпадак ён замеціў гэта месца. Скора пачалося жніво, і Андрэй забыўся аб дубку, але, як на грэх, у яго колах разышліся сьпіцы. Трэба было думаць, як справіць новыя колы. На калодкі і вобады Андрэй меў пра запас бярэзіну, добрую баравую, чачоткавую бярэзіну з казённага лесу. Гэта Мікола Сіняўскі ўдружыў яму. А дзе-б узяць дубінкі на сьпіцы? І адразу ў яго вачох устаў малады дубок, што бачыў у лесе, зьбіраючы грыбы.

Бадай ня кожны дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтага дубка. Кепска толькі, каб яго качкі, калі пападаешся з ім. Праўда, у лесе красьці ня грэх. Гэта ня тое, што залезьці да чалавека ў хату. І хто ў лесе ня злодзей, той дома не гаспадар. Лес — божы: бог яго росьціць і бог гадуе. А князя чорт ня возьме, калі ён, Андрэй, сьсячэ адзін дубок. Так разважаў вечарамі Андрэй, пыхкаючы люльку.

Раз пад вечар — гэта было ў нядзелю — Андрэй ішоў з места. І так неяк зрабілася, што ногі Андрэевы самі пашлі па тэй дарозе, каля якой стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй ня мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшага знаёмага. Лес быў ужо зусім бяз лісьця, і малады дубок выглядаў цяпер яшчэ раўнейшым, яшчэ прыгажэйшым.

— Ах, злодзей! — гаварыў, цешучыся, Андрэй і аглядаў дубок.

Ідучы дамоў, Андрэй вылічаў, калі схадней яго сьсячы. Квадра месяца пры гэтым стаяла ў Андрэя на першым пляне. Праз колькі дзён будзе маладзік. Вось тады ён і зызьне яго.

Якраз перад „усімі сьвятымі“, натачыўшы сякерку, Андрэй ціха казаў свайму сыну:

— Запражэш каня і пад‘едзеш пад Доўгі Лужок. Я буду там чакаць цябе. Ды глядзі, калі хто спытае, куды едзеш, скажы — па каноплі.

Андрэй выбраў такія сьцежкі, дзе б яго ніхто не спаткаў: асьцярога не пашкодзіць, і ішоў, прыгнуўшы галаву. Аднак, чым бліжэй падходзіў ён да лесу, тым большы чуў ён страх, A мрок — густы, халодны, няпрыветны — нярухома аблягаў зямлю. Ціха. Глуха. Хоць бы зык чалавечага голасу. І нейкая жуда ахапіла Андрэя. Пачуваньне маркоты і адзіноты агарнула яго. Андрэй азірнуўся назад, на сяло. Скрозь цемрадзь прыветна сьвяціліся вокны сялянскіх хат чырвонымі і бледнаватымі плямкамі. Там сядзелі людзі, і на душы ў іх была згода. Толькі ён, як злодзей, крадзецца адзін скрозь гэты мрок, прыхільнага хаўрусніка кожнага злодзея.

Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэту справу. Лепш-бы паставіць кварту за кусок дубіны — і сам выпіў-бы чарку і быў-бы сьмелы і спакойны. І яму хацелася, каб хто перашкодзіў яму цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў. Так было на душы Андрэя; а ногі яго ўсё несьлі і несьлі ў гэты страшны, пануры лес, дзе цяпер так цёмна і жудасна. Яшчэ гусьцейшы і цяжэйшы мрок апрануў Андрэя, як ён уступіў у лес. Падышоўшы з паўвярсты, Андрэй спыніўся. Во тая хвоя з вехаю, ад каторай трэба ступіць колькі крокаў направа. Патупаўшы, Андрэй сяк-так намацаў гэты дубок, каторага старажыў ня толькі Максім, а яшчэ пільнавалі і другія старажы, каторыя былі ў самым Андрэі — страхі. Андрэй прыслухаўся. Лес маўчаў. Можа ён зацікавіўся, што будзе рабіць тут гэты чалавек, чаго ён прышоў сюды варушыць і трывожыць яго цяжкі, блізкі да сьмерці сон. І было штось страшнае ў гэтым нямым спакоі лесу, і гэты страх перадаваўся Андрэю: ён стаяў ціха, баяўся кашлянуць і павольна адводзіў яловыя лапкі. Калі-ні-калі жалобна шорхаў сухі, завяўшы ліст, адрываючыся з дзерава і кідаючыся на сыры дол.

— Ну, што будзе, то будзе.

Андрэй узяў сякерку. Сякерку высока паднялася ўгару. Пачуўся першы стук. Вострая сталь глыбока ўрэзалася ў маладое дрэва, і гэты першы зык быў падобны да цяжкага, адрывістага кашлю, які вырываўся з глыбіні надарваных грудзей сухотніка.

Андрэй, секануўшы раз, адскочыў у бок і на момант замёр, прыслухоўваючыся. Але вакол было таксама глуха і ціха.

Зноў узьляцела сякера і пашла латашыць усё часьцей і зласьней. Скора адна палавіна дубка была падсечана. Андрэй зашоў з другога боку. З кожным узмахам сякеры дуб слабеў і хістаўся, дрыжэў голымі сукамі і ўсім сваім целам. Во ён чуць пахіліўся, абамлеў і, здавалася, аглядаў месца, дзе-б упасьці. Андрэй упёрся рукой і таўхануў яго. Голыя сукі крануліся сукоў суседніх дзеравяк, як-бы жагнаючыся з жыцьцём, зачапіліся на момант і, аслабеўшы, асунуліся, і маладое дзерава цяжка ўпала, застагнаўшы, на зямлю.

Андрэй адышоўся і стаў слухаць. Адмерыўшы чатыры тапарышчы па камлі, Андрэй з нейкаю злосьцю стаў адсякаць кавалкі дуба. Адсекшы кавалкаў шэсьць, ён пазнасіў іх на дарогу. Спадалёк пачуўся глухі стук колаў аб карэньне. Андрэй пашоў на спатканьне сыну.

III

Яшчэ ніколі не зазнаваў Андрэй такога клопату, як цяпер. Не дарма гавораць людзі: „Хто ўкраў парасё, таму і ў вушох пішчыць“. Прывёзшы да хаты шэсьць кавалкаў дуба, Андрэй да часу паскідаў іх на старану, дзе ляжала яшчэ немалочанае жыта і салома. Прызнацца, Андрэй нават ня рад быў, што сьсек гэты дубок: мала што можа стацца! Быць ня можа, каб хто ня бачыў, як ён пхаўся ў ночы з лесу. А языкі ў людзей доўгія. Пад уплывам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухваўся, што робіцца на дварэ.

Кожны гук, шум, аброненае кім на вуліцы слова прымушалі трывожыцца і думаць чорт ведае што. І якая гэта схованка — гумно? Усякі дурань першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прышлі на памяць тыя здарэньні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякія падобныя рэчы якраз у гумнах… Трэба перахаваць і чым скарэй, тым лепей — покі не ўзялі яшчэ тропу.

Што гэта, Андрэй, на цябе сягоньня сну няма? — пыталася жонка.

— Так, ня сьпіцца.

І, памаўчашы, Андрэй сказаў:

— Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзеліся гэтага дубка.

— Можна-ж схаваць так, каб не знашлі.

— Вось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?

— Схаваеш заўтра — будзе часу. А цяпер сьпі.

Жонка адвярнулася да сьцяны і праз мінуты дзьве заіграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезьлі ў яго галаву. А што, калі хто ўдасьць яго? Прыдзе вураднік, стражнікі з аб‘езчыкам і лясьнікамі, зробяць вобыск і напэўна знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэньні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шляпакі, накінуў на плечы кажух і вышаў на двор.

Якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася к зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім мрокам. І ўсё вакол было так глуха, так нема, усё роўна як закамянела або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скаланула: здаецца, цяпер каб і золатам абсыпалі яго, ён не пашоў-бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісьці туды, у такую цемрадзь! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважваліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Яхіма хлявушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз-жа пачуўся кароткі адказны водклік старой авечкі: „Ідзі да мяне!“ ды часамі ў сьвінушніку ціха стагнала праз сон сьвіньня такім змарнелым, стамлёным галаском, усё роўна як-бы ёй заставалася тры чвэрці да сьмерці.

Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэта маўчалівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу, і ён пашоў у хату.

„Сягоньня яшчэ можна быць сьмелым“, думаў Андрэй, кладучыся на палок і ўкручваючыся ў дзяругу. „Пакуль тое ды сёе, то яшчэ ёсьць часу схаваць, а цяпер можна спаць сьмела“. Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубкі. На гэтых думках Андрэй і заснуў. І прысьніўся яму сон. Здаецца, прышоў лясьнік, Максім Заруба, у чыім абходзе ён высек дубок. Прышоў ня злосны, як можна-б чакаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як вымазаны мукой.

— Адабраў, брат Андрэй, ты ад мяне кусок хлеба! — сказаў Максім, — ад цябе я гэтага не спадзяваўся. — Сказаў, і невядома дзе дзеўся.

Андрэй стаяў, як аглушаны. Хацеў сказаць слова — язык не варушыўся; хацеў бегчы за Максімам — ногі ня слухалі. І, цяжка застагнаўшы, Андрэй абудзіўся.

Ноч, доўгая, жудасная, трывожная ноч, яшчэ цяжка аблягала зямлю. Толькі што адсьпявалі другія пеўні, і сяло ўсё спала цяжка і глыбока, Андрэй ляжаў і тросься — так узбунтаваў яго гэты сон, і ён быў ясны, жывы і страшны. Трудна выказаць, што рабілася цяпер на душы ў Андрэя. За ўсе тыя часы, як ён убачыў гэты пракляты дубок і аж да цяперашняй мінуты Андрэй ні разу не падумаў аб тым, што цяпер яму прысьнілася. І ня было прычыны так думаць: ці мала людзей крадуць у лесе? Каб за кожную неўпільнаваную кражу ў лесе выганялі лясьнікоў, то і лясьнікоў ня было-б на сьвеце.

І чаму-ж ён прысьніўся, і прысьніўся так нядобра? Цяпер Максім ні на адзін момант ня сходзіў з вачэй Андрэя. Андрэй успомніў, што яны з Максімам калісь сябравалі, разам гадаваліся, разам былі на прызыве і ў адзін год жаніліся, і ўжо потым разышліся не з-за якога ліха, а так проста, разлучыліся; а схадзіліся — кожны з іх мог сьмела паказаць вочы адзін другому. І Андрэй першы раз пачуў, што нейкая сьцяна вырасла ў гэту ноч між ім і Максімам. Андрэю было чагось шкода. Чаго? ён і сам ня ведаў.

Гэта была цяжкая і неспакойная ноч у жыцьці Андрэя.

IV

— Ну, што ў цябе чуваць? Парубкі ў лесе няма?

Максім пачуў, што па сьпіне ў яго запоўзалі мурашкі, нейкі холад прабег па ўсім яго целе. Маленькае замяшаньне, і Максім цьвёрда сказаў:

— Усё ў парадку.

— У парадку? Ну, то хадзі-ж, я табе пакажу, які ў цябе парадак.

Сказаўшы гэта, аб‘езчык, сярэдніх год чалавек, правая рука лясьнічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лясьніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжэў. Залажыўшы рукі за сьпіну і крэпка сьціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб‘езчыкам. Ён добра ведае, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.

„Вядзі, няхай цябе сьляпога водзяць. Кланяцца табе ня буду і прасіць тваёй ласкі ня стану. Што будзе, то будзе“, думаў, ідучы, Максім.

Ці ня будзеш ласкаў зірнуць, — гаварыў тым часам аб‘езчык, прывёўшы лясьніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб‘езчык добра націкаваў гэта месца, і ў яго наўперад усё было разьлічана. Нават яго далікатная прамова да лясьніка была абдумана раней, каб злосна нацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём сьсечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца, і вокал стаялі дзеравы, ды дзе-нідзе тырчэлі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб‘езчыка поглядам чалавека, каторы нічога ня цяміць і чакае тлумачэньня.

Аб‘езчык зірнуў на Максіма. Чуць значная ўсьмешка прабегла па губах лясьніка. Нават елкі, каторым на гэтым месцы было крыху прастарней, здавалася, усьміхаліся, пазіраючы на аб‘езчыка — такую дурную меў ён міну ў гэту мінуту.

— Што за чорт? — сказаў ён: — тое самае месца, а дзе-ж пень?

— Мала тут пнёў, — спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дубу і паказваючы рукою на старыя пні. Ды і сам пан стаіш, як пень, — ня вытрываў Максім, каб не пасьмяяцца з аб‘езчыка.

— Ты мне кпінак ня строй! — крыкнуў аб‘езчык і забегаў вокал лясьніка, як ганчак, вынюхваючы сьляды.

Улучыўшы мінуціну, лясьнік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У вадным месцы мох адхіліўся, і з-пад яго сьвяціўся сьвежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэту лысінку. Аб‘езчык, як каршун, зірнуў на лясьніка.

— А на чым ты стаіш, ягамосьцю?

Максім пачуў, што ён прапаў.

— Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.

Аб‘езчык раптоўна падскачоў да лясьніка, таўхануў яго ў грудзі і кашкянуў нагою мох.

Пень раскрыўся.

— Зладзюга! лес крадзеш, сам канцы хаваеш! — як гад, сіпеў аб‘езчык.

У вадзін момант усё пазелянела ў вачох Максіма, і лес закружыўся, заскакаў. Нічога не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з голасным плескам апусьцілася на шчаку аб‘езчыка. Шапка зьляцела з яго галавы, і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.

— Удушу! — хрыпеў ён, як зьвер, сьціснуўшы аб‘езчыка за горла. Аб‘езчык зьвіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі з сваіх гнёздаў.

Памыкаўся ён крычаць, клікаць на помач, але голас яго ня мог выбіцца з грудзей, а вокал ня было ні адной жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сьведка людзкога глупства, стаяў вокал глухой сьцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў яшчэ не такія справы, стоячы тут вякамі.

— Братка, зьмілуйся! за што? — енчыў аб‘езчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лясьніка. Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю ненавісьцю зірнуў яму ў твар, борзда падняўся і сказаў:

— Ідзі, жалься на мяне, — і злосна пашоў у лес.

Аб‘езчык падняўся, узлажыў шапку, дзіка азірнуўся вокал і кінуўся бегчы.

— Гвалт, ратуйце! — крычаў ён, бягучы.

V

Досьвіта, другога дня, Андрэй ужо кошкаўся ў хлеве. Запаліўшы газаўку, павесіў яе на сьцяне і, узяўшы сахор, Андрэй адкідаў гной ад сьцяны з таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з адной загарадкі, цялушка-выпустка з другой і чырвоны конік уставіліся пільна на гэту цікавую дзею. Толькі адна сьвіньня не хацела зьвяртаць увагу на Андрэя. Яна спакойна ляжала ў сваім бярлогу і, здавалася, ніколечкі ня дзівілася, як-бы даўно ведаючы, што й чалавек зазвычай бывае свіньнёй. Прабраўшы ямку і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна дубкі, закрыў іх тоўстым пластам саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго зьявілася ўсьмешка здаваленьня.

— Згніюць тут, калі я сам не дастану іх, — сказаў сам сабе Андрэй і спакойна вышаў на вуліцу.

Тут ён пастаяў, высмактаў люлькі са дзьве, павітаўся з суседзямі і суседкамі, каторыя ішлі па ваду, і, як чалавек, катораму няма чаго баяцца, пашоў уладжвацца каля гаспадаркі. Ходзячы па дварэ, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песьню: „Шапка мая магерачка“.

Прашло дні два. За гэты час ня выявілася нічога такога, што-б магло патрывожыць Андрэя, і ён ужо рыхтаваўся дастаць з-пад гною дубкі, каб пусьціць іх у дзела. Якраз прышоў да яго сваяк Якім Бубен.

— Чуў ты, — гаворыць Якім: — Зарубу гоняць вон з стражнікоўства.

Андрэй пабляднеў. У сярэдзіне ў яго нешта заныла, як-бы адарвалася, і ён пачуў, як сэрца яго затахкала дробна-дробна.

— За вошта? — спытаў ён.

— А хто яго ведае. Кажуць, аб‘езчыка пабіў, — парубка там нейкая знашлася ў лесе, ну й завяліся. А можа так абгаварыў яго аб‘езчык, хто іх там разьбярэ… От, прасіся за стражніка, — закончыў Яхім.

— А! — махнуў рукой Андрэй, — служачы хлеб — сабачы.

— Ну, не скажы гэтага. Можна, брат, жыць лепш, як на гаспадарцы: паша — дарэмная, дровы — дарэмныя, поле, сенакос, сякі-такі абрывак — жыць можна.

— Э, брат Яхім, дзе ён ёсьць лёгкі хлеб? Добра служыць з добрымі людзьмі. А калі пачнуць кусаць адзін другога, то доўга не паслужыш. За які-небудзь паршывы дубок, зжалься божа…

Тут Андрэй замнуўся.

— Не, лепш, брат, ня знаць такога хлеба.

Яхім бачыў, што Андрэй ня хоча, ня мае ахвоты быць лясьніком. Ну, яго воля.

Усё сяло гаманіла пра Максіма, разьбірала яго справу на ўсе лады. Адны трымалі руку Максіма, шкадавалі яго; другія — наадварот, былі рады, бо зайздросьцілі яму. А наогул нікога блізка не чапала тое, што чалавек страціў кавалак хлеба і нікога ня цікавіла, як ён страціў яго. Пра гэта ведаў адзін толькі Андрэй. Але ўсё тут абярнулася так, што яму не выпадала падзяліцца з людзьмі сваймі думкамі. Гора ня ў тым, што людзі ня прымаюць нашых думак або насьміхаюцца з іх: тут мы можам хоць цешыць сябе тым, што нашы думкі калі-небудзь знойдуць для сябе лепшы грунт, ці тым, што людзі яшчэ не дарасьлі да іх, і ўсё-ж такі мы можам сьмела гаварыць іх, крычаць, не саромяючыся паказаць іх прад вачыма ўсяго сьвету. Але цяжка таму, хто ня можа сьмела сказаць аб сваіх думках, хто баіцца вынесьці іх з сваёй душы на людзкі суд і хто мусіць насіць іх, як атруту, на сваім сэрцы. Такія нядобрыя думкі апанавалі цяпер Андрэя. Як-ні-як, а ён быў прычынай таго, што чалавека выпіхаюць вон на зіму без кавалка хлеба… Праўда, Андрэю яшчэ ня верылася, што гэта праўда. Яму зрэдка думалася, што ўсё гэта можа яшчэ ўладзіцца, і Максім застанецца. А можа тут хаваецца зусім іншая прычына? Гэтыя думкі на момант супакойвалі Андрэя, і ён пытка прыслухваўся, што гавораць людзі. На другі дзень не заставалася ніякага сумненьня, што Максіма гоняць. Цяпер пачалі гаварыць ясьней і а прачыне, па якой яго выганяюць. Максім, казалі, прадаў дубок у лесе. Моташна было Андрэю слухаць такія гутаркі — проста сьвет здаваўся яму нямілы.

Здаецца, узяў бы, завязаў вочы і ішоў-бы няведама куды, абы знайсьці заспакаеньне, абы ня чуць тэй згрызоты, што была на яго сэрцы.

І чаго яму было лезьці ў гэты лес? Сядзеў-бы сабе спакойна і гора ня знаў-бы.

Эх, здаецца, каб нічога гэтага ня было, каб яно толькі прысьнілася яму! Усё-б было добра, каб ня гэты дубок.

VI

Як толькі настаў вечар і добра сьцямнелася, а людзі крыху аціхлі, Андрэй ізноў пашоў у хлеў, адгарнуў гной і павыносіў дубкі на дрывотню.

Відаць, Андрэй нешта надумаўся. Прыхіліўшы дубкі да сьцяны, Андрэй доўга пазіраў на іх. Хвацкія дубкі. Важнецкія вышлі-б сьпіцы для колаў. А паліцы на сохі!.. На момант Андрэй забыўся аб тым, чаго ён прышоў і ўзяў самы таўсты кавалак дубка, палажыў яго на плечы і панёс у Нёман. Гэта было, яго ахвяра сумленьню, гэтым хацеў ён выкупіць свой грэх прад Максімам і вярнуць спакой душы. Нясучы дубок, Андрэй раздумваў над тым, ці добра ён робіць, ці ёсьць тут які-небудзь толк. Колькі раз ногі яго йшлі павольней, ён азіраўся назад ці ня лепш вярнуцца, ды зноў схаваць іх?

— Э! — сказаў сам сабе Андрэй: — збуду з галавы гэты клопат, раз пакончу з гэтым ліхам!

І борзда пашоў на бераг Нёмну. Апусьціўшы павольна дубок, Андрэй узяў яго за адзін канец, а другі апусьціў у ваду. Нёман зараз жа падхапіў яго на свае плечы, і Андрэй адразу пачуў, як яму стала лягчэй у руках. Тут ён з усёй сілы стаўхануў камлюк на ваду. Дубок стралой панёсься на сярэдзіну, і толькі гладзенькая палоска вады абазначылася яго сьледам, і ён прапаў у халодных і чорных ад мроку хвалях Нёмну.

— Якому-ж лысаму чорту гатаваў я гэты дубок?! — крычала нешта ў Андрэі. — Для каго я выпакутваў яго сваёй крывёй? Хто спажыве боль мазалёў маіх?

І Андрэй забегаў па беразе Нёмну. Ён пабег на ніз, туды, дзе за нортамі прыгожа разьлёгся шырокі гак, у той надзеі, што вада вынясе камлюк дуба на бераг… Бягучы, Андрэй папаў у вырытую сьвіньнямі яму і ўпаў, ляпнуўшыся жыватом, на халодную і мокрую зямлю. Падняўшыся, ён зноў пабег. Во і гак. Але ноч была такая цёмная, што нічагусенька ня было відаць. На другім беразе глуха шарасьцеў вецер у сухіх лозах і чаротах. Халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпвала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх… Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пашоў да дому. Раз пачаў, — трэба канчаць. Усё роўна не на карысьць яму вырас гэты дубок. Андрэй узышоў на свой двор.

— Андрэй гэта ты? — аклікнуў яго голас.

— Я, — аказаўся Андрэй.

— Дзе цябе чэрці душаць? — спытала сярдзіта жонка, — вячэра даўно стыне!

— Чорт яе ня возьме, тваю вячэру, — адказаў Андрэй і палажыў на плечы два кавалкі дуба.

— Куды ты іх валачеш?

— Не табе ведаць.

Жонка змоўкла, а Андрэй зноў пашоў на бераг. Ён быў злосны, ішоў борзда, а жонка назіркам ішла за ім. Яна зацікавілася, куды нясе Андрэй гэтыя дубкі. Спыніўшыся на беразе, Андрэй паўкідаў абодва кавалкі ў ваду. Жонку ўзяў нейкі страх. Ні слова не гаворачы, яна пабегла да дому. Ёй здалося, што Андрэй зьвіхнуўся з розуму.

Праз паўгадзіны Андрэй вярнуўся. Моўчкі зьняў ён шапку, расьперазаўся, павесіў сьвітку і сеў за стол.

Жонка ня ўтрывала і пачала распытваць Андрэя.

— Ат, ня дуры ты мне галавы — адмахнуўся Андрэй.

— Ну, ці-ж ёсьць у цябе розум! Навошта ж было іх сеч?

— Каму з гэтага карысьць?

— Чорту лысаму! — сказаў Андрэй.

— Толькі-ж чорту… Хіба іх агледзеў хто? — не адступалася жонка.

— Во дзе яны ў мяне сталі, дубкі гэтыя! — сказаў Андрэй і паказаў рукой на горла. — Чалавека вось выгналі з-за іх, а ты…

— Дык ты вярнуў яго гэтым?

Андрей не знашоў што сказаць, маўчаў.

VII

Яшчэ больш заблутаўся Андрэй. Толькі цяпер ён праканаўся, што кідаць дубкі ў ваду была дурная выдумка. І праўда: ці вярнуў ён гэтым Максіма на месца? Ці дастаў сабе спакой? І ласьне можна адкупіцца ад сумленьня тым, што ён пакідаў у ваду дубкі? „Дурань я“, думаў Андрэй, трасучы карове трасянку. Ухадзіўшыся, Андрэй вышаў на вуліцу. Во ўжо колькі дзён ён староніцца ад людзей і жыве толькі сам сабой, сваймі думкамі, каторыя так моцна стамілі яго душу. У сяле, у тым яго месцы, дзе вуліца выходзіць к Нёмну, стаяла даўней старая карчма. Гэта карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Сюды схадзіліся і ў радасьці, і ў горы; тут была гарэлка, каторая, як кажуць знайкі па часьці выпіўкі, была і крапчэйшая, і таньнейшая, і шмат прыямнейшая ад цяперашняй манаполькі. Во, па старай памяці, сюды ўсё яшчэ цягнула сялян гэта месца, дзе калісь стаяла карчма, ад каторай застаўся адзін толькі падмурак; і тут стаялі яны, усунуўшы ў зубы цыбукі і схаваўшы рукі ў рукавы кажухоў, пад адкрытым небам. І гэтым разам былі тут мужчыны, і сярод іх ішла сур‘ёзная гутарка. Андрэй стаяў здалёк адзін і не адважваўся падыходзіць бліжэй. Раптоўна ён задрыжэў: у гэтай кучцы сялян быў Максім Заруба. Андрэй быў павярнуўся, каб ісьці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі. Патаптаўшыся момант на адным месцы, ён зноў павярнуў назад. Максім стаяў і штось гаварыў. Аб чым ён гаворыць? Андрэй ня мог больш працівіцца жаданьню ведаць, што гаворыць загублены ім чалавек, і ён пашоў. Яму паказалася, што людзі глядзелі на яго так, як-бы ведалі ўсю справу з дубком. Андрэй прывітаўся з сялянамі агульным „дзень добры“, а Максіму працягнуў руку і нясьмела сказаў:

— Здароў, Максім!

— Здароў, брат Андрэй! Ну, Андрэй, — сказаў Максім, — прымай, брат, у падсуседзі.

Сэрца ў Андрэя так і апала: няўжо Максім ведае, што ён, Андрэй, сьсек дубок — чаму загаварыў а падсуседзтве? Не! каб ведаў, то наўрад-бы падаў яму руку, ня толькі зьвярнуўся-б да яго з такой мовай.

— За вошта-ж, брат, цябе выдалілі? — спытаў замест адказу, нібы-та нічога ня ведаючы, Андрэй.

— Тырчэў на дарозе пень, пакуль за яго не чапляліся, а сталі чапляцца — пню ня стрымацца.

— Дык не за дубок адказалі ад месца? — з жарам спытаўся Андрэй, і вочы яго прасьвятліліся.

Максім нахмурыўся, як-бы цень лёг на яго лоб.

— Скуль ты ведаеш аб дубку?

— Каму і ня ведаць, як не Андрэю, — пажартаваў Стаська Гук.

Андрэй зьмяшаўся, пабляднеў і сказаў:

— Так гавораць.

Андрэй зірнуў на Максіма. За апошнія часы Максім асунуўся пахудзеў. Вочы яго глыбака запалі ў лоб. Відаць, многа горкіх думак, трывогі й клопату перамятушылася ў яго мазгох. І было з чаго: што злога ён зрабіў? За чыю віну паплаціўся? І куды цяпер дзецца? Андрэй, як праступнік, апусьціў галаву. Момант, і ўвесь здрыгануўся, падняў галаву, акінуў усіх поглядам.

— Максім, братка! Гэта за мяне ты пакутуеш: гэта я сьсек дубка! Рабі са мной, што хочаш. Бі, катуй мяне!

Усе змоўклі і пазіралі на Андрэя.

— Няхай будзе пракляты той час, калі я першы раз зірнуў на гэта няшчаснае дрэва. За што церпіш ты?

Максім горка ўсьміхнуўся.

— Ты сьсек дубок? Вось ніколі не спадзяваўся!.. Э! цяпер ужо ўсё роўна. Табе можа і лягчэй, а мне — адзін чорт. Ды калі на праўду вышла, то ты не такі ўжо вінаваты, як табе здаецца… О, каб я цябе злавіў у лесе, то быў бы другі рахунак. A цяпер твая споведзь паможа мне, як мёртваму кадзіла.

— Паможа, паможа! — закрычаў Андрэй, — я пайду ў лясьніцтва і раскажу ўсю праўду. Няхай мяне судзяць, няхай забяруць апошнюю карову, няхай пухнуць з голаду дзеці, не кажы толькі, што Андрэй цябе загубіў!

Андрэй крута і з сілай павярнуўся.

VIII

— Сьмейцеся добрыя людзі: здурнеў саўсім чалавек! — пачакаўшы з паўгадзіны, чуўся жаночы голас каля Андрэевай хаты.

Андрэй, апрануўшы кажух і ўзяўшы палку, вышаў з двара на гароды, каб ня йсьці вуліцай, а жонка стаяла каля парогу і адчытвала Андрэя.

Андрэй маўчаў. Твар яго быў сур‘ёзны, важны і спакойны.

Вярніся, вярніся Андрэй! — ня ўнімалася жонка.

Андрэй ня слухаў і сьцігаў дальш, не азіраючыся.

— Што з ім сталася? пагібелі сабе і дзецям шукае чалавек… Каб ты ногі паламаў, каб ты дарогі ня бачыў! Вярні-і-ся!

Жонка яшчэ доўга плакала і галасіла, а Андрэй тымчасам мінуў ужо сяло і вышаў на дарогу. Вокал расьцілалася поле, голае, пустое, абабранае. З боку цягнуўся луг на абапал Нёмну. Там і сям стаялі парыжэлыя стагі. Далей перад Андрэем пачынаўся лес, праз каторы ішла дарога. А над усім гэтым вісела хмурае неба, як кепска загаранае поле. На ўзгорках падыхаў халодны паўночны вецер, гразь сьціскалася марозікам, пад нагамі цьвярдзела. Гадзіны праз паўтары Андрэй быў у лясьніцтве.

За сталом у канцэлярыі сядзеў стары лясьніцы. Гэта быў няўступчывы чалавек, з каторым было трудна дайсьці да ладу.

Пераступіўшы парог канцэлярыі, Андрэй нізка пакланіўся. Лясьнічы кіўнуў галавой і зноў стаў пісаць. Потым павярнуў галаву да Андрэя.

Пажваўшы сківіцамі, пан запытаў:

— А што скажаш, чалавеча,

— Панок! — сказаў Андрэй і ўвесь падаўся наперад, — дарэмна пакаралі Максіма Зарубу: я ўкраў дубок! Каб я ня прыждаў, калі я за згодай Максіма высек гэты дубок.

Лясьніцы, вытрашчыўшы вочы, пазіраў на Андрэя. Пажваўшы сківіцамі — такі быў звычай у старога пана жваць сківіцамі прад тым, як гаворыць, ён сказаў:

— А заўважай, небарача: ты гаворыш — дуб высек?

— Я, я, паночку!

— Гм! то які-ж бы ты быў гаспадар, каб ня краў у лесе? — спытаў лясьнічы.

— Панок, залаценькі! Даруй, панок, Максіму! Я вінават, штрафуйце, судзеце мяне. За што-ж будзе нявінны чалавек цярпець?

— Табе Максім не сваяк?

— Не, панок, ня свой.

— То мусіць быць ён табе падгадзіў?

— Панок, грэх гаварыць гэта! Максім нічога ня ведаў. Толькі сягоньня пры людзях я прызнаўся яму, і сам сабой прышоў да пана. Даруй паночак, Максіму. Няхай лепш мяне пан судзіць. Я вінаваты, і я павінен адпакутваць.

— Ха-ха-ха! А заўважай, небарача: сьмешны ты чалавек. Вось-жа ня буду ні штрафаваць, ні ў суд падаваць, калі ты гэтага просіш. А Максіма ня прыму, бо ён забіяка, разбойнік. Доўга прасіў Андрэй лясьнічага, але пан быў цьвёрды, збываў жартамі.

… Грудкі хмарак разгладзіліся, неба пабялела, і пашоў дробненькі сьняжок, як Андрэй ішоў з лясьніцтва. Усю дарогу разважаў Андрэй у сваіх думках. На душы яго стала спакайней, як пасьля кожнай буры. А сьнег усё падаў гусьцей; зямля забялелася. Лес стаяў спакойны; толькі ўгары шумелі паціхеньку хваёвыя галінкі, як-бы віталі першы сьняжок. А можа яны шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцем, расказвалі сваёй мовай аб тым, што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную хвіліну яго чуткае сумленьне. Эх, лес! колькі чаго давялося бачыць яму на сваім вяку. Многа ён ведае ўсяго! І каб Андрэй расчытаў яго гутарку, то саўсім бы інакш пазіраў на сьвет.

І ўспомнілася Андрэю старая казка, каторую даўно-даўно, у шчасьлівыя годы яго дзяцінства, расказвала нябожчыца баба.

„Скінула неба на зямлю дзіўны клубок. Усіх карміў гэты клубок, і карміліся ім людзі, карміліся зьверы і птушкі і розныя маленькія жывёлінкі, бо для ўсіх прадназначыла яго сьвятое неба. І ўсе жывіліся, і для ўсіх яго ставала. Пазайздросьціў гэтаму злыдзень, і няма ведама дзе дзеўся дар неба. І цяжка стала жыць на сьвеце. Зямля пачала бяднець і спустошвацца. Дзе былі даўней шырокія рэкі, там засталіся цяпер чуць значныя палоскі вады; дзе і саўсім яна высахла — парабіліся пустэчы. Лясы сталі звадзіцца, разьвёўся бруд, каторы накінуўся на чалавека і стаў піць яго кроў. Зямля пачала кепска радзіць: пашлі па сьвеце паморкі, паўстала сварка, калатня, бойка. Людзі сталі трывожныя, неспакойныя, усё чагось спадзяюцца, чагось шукаюць, да чагось прыслухваюцца. Само неба пахмурнела і адвярнула ад зямлі свой воблік“.

Лес кончыўся. Во бераг Нёмну. Вярсты дзьве адгэтуль угару пакідаў Андрэй дубкі. Ён ішоў берагам, прыглядаўся, як-бы чагось шукаў. Вакол было пуста. А сьнег усё сыпаў і сыпаў.