Перайсці да зместу

Крок за крокам (1925)/Васіль Чурыла

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Васіль Чурыла
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Бунт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Васіль Чурыла.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСІЛЬ ЧУРЫЛА

(Апавяданьне з жыцьця лясьнікоў)

I

Лес шумеў неяк вельмі нудна.

Лес рэдка калі маўчыць.

Прывычнае вуха лавіла ў ім галасы, але ніхто яшчэ ня ўнікнуў у тайну яго мовы; толькі сэрца смутна адгадвае ў ім нуду і трывогу.

Касматыя яловыя вяршыны трасьліся, як у шалёным танцы. Лапы то падымаліся, то апускаліся, як-бы лавілі нявіднага ворага, які не даваў спакою і прымушаў трасьціся лес.

Лес шумеў. Смутна шумеў стары лес.

З краю лесу стаяла хатка лясьніка, Васіля Чурылы. Маленькае ваконца хаткі смутным значком пазірала ў поле. Здалёк яно здавалася воўчым вокам. Над самым ваконцам зьвісла голая вярбіна і глуха шумела, усё роўна як стагнала.

Маленькая лямпачка тускна сьвяціла ў хатцы.

Агонь баязьліва дрыжаў, і чуць заметна скакаў і пераліваўся мрок па сьцяне. Каля стала сядзела жонка Васіля, Алеся. Ёй нічога не хацелася рабіць, дый работа падала з яе рук.

Дзеці даўно ўжо спалі.

— Дзе-ж гэта Васіль? — з уздохам пытала Алеся.

Васіль ня першы раз прыходзіў да дому ў такі позны час. Знала Алеся сабаччу лясьнікову службу, знала пана лясьнічага, што то быў за чалавек. Але, чаму-ж так нудна і страшна за Васіля сягоньня? Алеся і сама гэтага ня знала, толькі нейкая глухая трывога залезла ў душу і, як чарвяк, грызла сэрца.

Доўга чакала Алеся Васіля. Перадумала ўсе няшчасьці і здарэньні, якія маглі прылучыцца з Васілём у гэту неспакойную ноч.

А лес усё шумеў. Нудна шумеў стары лес…

II

Дзе-ж дзеўся Васіль?

Ужо пачынала зьмяркацца, як паслаў яго лясьнічы з лістам да суседняга двара.

Была ўжо глыбокая ноч, покі зашоў Васіль у двор да пана. Пан затрымаў Васіля на некалькі часу, покі пісаў адказ лясьнічаму. Ніхто ня спытаў Васіля, ці ён еў; ніхто не накарміў галоднага. І вышаў Васіль ад пана з горкай крыўдай у сэрцы…

Беднасьць заправіла Васіля кінуць бацькаву хату і йсьці ў лясьнікі. Нямала прышлося яму паабіваць панскія парогі, ня раз мусіў ён стаяць прад панам лясьнічым, цалаваць яму рукі, гнуцца.

А ўсё гэта любіць пан. Тое лясьніцтва — глухі вугалок Беларусі, — у каторым служыў Васіль, захавала ў сабе яшчэ старыя парадкі таго цёмнага часу, калі было права памяняць чалавека на сабаку, таго часу, каторы зваўся „паншчызнай“. Жыцьцё йшло далей сваёю дарогаю, ішло, шырылася, а гэты кут аставаўся глухім, акамянелым, і сьвет жыцьця новага адскакваў ад яго, як адскаквае луч сонца ад ледзяной гладзі.

Ішоў Васіль адзінокі, нудны.

Сьнег хутка замятаў дарогу, вецер зьбіваў Васіля з ног, а горкія думкі, як пчолы, кружыліся над яго галавою. Усё яго жыцьцё, усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Дастаць-бы кусок зямлі, пабудаваць сваю хату і жыць, нікога не баяцца, нікому ня гнуцца.

А тут што?

І ўсё лясьнікова жыцьцё яго ўстала прад ім, як жывое, усё роўна як пазіраў ён на яго, як на адзін цэлы закончаны абраз уніжэньня і крыўды.

III

А вецер усё крапчэў. Васіль адвярнуў каўнер кажушка, глыбей насунуў на вушы круглую шапку, апусьціў стрэльбу руляй уніз, каб не надзьмула сьнегу. Лес скончыўся. Васіль вышаў на адкрытае месца. Ён усё думаў аб сваім жыцьці, аб лясьніковай службе.

Яшчэ-б, сказаць, можна было-б служыць, каб трымаўся толькі службы. Але ўся бяда ў тым, што лясьнічы папіхаў лясьніка да ўсяго, як дарэмнага каня. Пры аднэй толькі думцы бачыцца з лясьнічым, мароз прабягаў па скуры Васіля. Васіль ня раз гаварыў, што лепей хацеў-бы ён сустрэцца з гадам або воўкам, як папасьці на вочы лясьнічаму. Ня раз стаяў Васіль, як палатно белы ад крыўды і несправядлівасьці, выслухваючы спавяданьні пана лясьнічага. Рукі самі згортваліся ў кулакі, і ня раз нейкая сіла падбівала Васіля кінуцца на лясьнічага, разьбіць твар, кінуць аб зямлю, таптаць нагамі, біць, біць бяз жалю, без міласэрдзя. Тады-б, здаецца, спагнаў сваю злосьць, адамсьціў-бы за ўсе зьдзекі і ўніжэньні. Але ўспамінаў Васіль, што ў яго ёсьць жонка, ёсьць маленькія дзеткі, і рукі самі апускаліся, і стаяў ён акамянелы, маўчаў — ні слова. Што-ж, кінуцца на пана? А што далей? Далей — астрог, жабрацкая торба. Далей гэтых граніц ня ходзіць забітая, прыніжаная душа простага чалавека.

Лаяўся пан лясьнічы, як праўдзівы майстар свайго дзела. Лаянка яго лілася доўга, плаўна, без запінкі. Кожнае слова было ўзважана і біла па сэрцы цяжкім абухом. Адным словам, думаў Васіль, абмылкаю нейкаю прышоў на сьвет гэты чалавек і заміж астрогу або вар‘яцкага дому папаў у лясьнічыя. А ўрэшце, чорт яго разьбярэ, хто жыве тут не па абмылцы. На гэтым пункце спатыкаліся мысьлі Васіля і не маглі здалець яго, бо далей прад вачыма яго адкрывалася многа непанятных парадкаў, за каторыя можна папасьці ў турму або чорту на скавараду.

IV

У тахт думкам Васіля сьпяваў вецер у полі нікому непатрэбныя песьні. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся дзе ён, куды йдзе.

Васіль стаў, каб разглядзець, дзе ён. Ногі яго па калені ўлазілі ў сьнег. Але што разгледзіш у такую ноч? Неба зьмяшалася з зямлёю… Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разглядзець вока адзінокага Васіля. Усё роўна як нехта выкінуў яго, непатрэбнага, беднага ў гэтую зяўру страшнай ночы, прынёсшы ў ахвяру сярдзітай буры, каб яго жыцьцём купіць сабе спакой.

— Дзе-ж я? — трывожна спытаў сябе Васіль.

І адразу ахваціў яго страх, самы большы страх чалавечы — страх за сваё жыцьцё. Рукі яго апусьціліся, яму захацелася прысесьці. Але ня сеў Васіль і стаў перабіраць нагамі ў глыбокім сьнягу, як спутаны.

А думкі, бесталковыя, дзікія думкі заварушыліся ў ім скора-скора, як сьнег, каторы з усіх старон так бязжаласна сыпаўся на Васіля. То думалася Васілю, што ён сам шукае сваёй магілы, то здаваліся прад ім сьцены, каменьні, гатовыя кожны момант наваліцца на яго ўсім цяжарам. Яму здалося, што ён адышоўся далёка-далёка… Ужо раз спатыкнуўся Васіль, вецер зьбіў яго з ног. Ён выбіўся, як яму паказалася. У яго думках пранясьліся азярыны ў высокіх берагах, замеценыя сьнегам, але ніколі не замярзаючыя. Сьнег усё глыбейшы і глыбейшы, а сілы ўсё таюць і таюць. От ён зусім выбіўся з сіл, залез у сьнег па пояс і ня можа ўжо мясіць яго адзервянелымі нагамі.

V

- А-а-а-у!

Васіль і ня думаў крычаць, як ня думаў ён і плакаць. Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля, і самі пацяклі сьлёзы.

Вецер падхапіў яго немы крык, рвануўся з імі тут-жа загубіў яго, расьцёр, як мыльную бурбаўку.

— Хто я? Васіль?

— Васіль, хто-ж я?

— Што-ж ты тут робіш?

— Сяджу ў сьнягу.

— Ну, Васіль, гайда да дому!

Усё ў ім мяшалася, і сама сабою навязалася яму гэтая бесталковая гутарка…

У вачох яго як-бы прасьвятлела. Усюды, куды ён ні гляне, віднеліся морды лясьнічага, яго вышчараныя зубы. Гэтых морд набралася многа-многа; яны абнімаліся, скакалі, варушыліся, як па камандзе, дрыжэлі, як лісьця асіны перад навальніцаю.

А вунь там відаць худы, змучаны, заплаканы твар Алесі… Вунь яго дзеці…

А лясьнічыя скачуць, насьмяхаюцца з Васіля, падаюць яму рукі і борзьдзенька прымаюць, як толькі Васіль памыкаўся ўзяцца за іх.

Рвануўся Васіль са злосьці на лясьнічых!

І пачуў Васіль лёгкасьць, як-бы ён павіс над зямлёю. Ён ціха апусьціўся, стаў лёгка, свабодна ўлазіць у нешта мяккае і халоднае. От як-бы затрымаўся… Чуў ён яшчэ, як лопнуў рэмень на яго стрэльбе, як улазіў уніз… болей нічога ня чуў Васіль.

Вецер сьпяваў яму цяпер «вечны пакой».