Перайсці да зместу

Край і народ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Край і народ
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1912
Крыніца: А-н-а (1912). “Край і народ”, Наша Ніва, № 28-29

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кожын чэлавек працуе дзеля таго, каб жыць. Жаданьне паддзержаць сваё жыцьцё — гэта агульная мэта. Так вядзецца ад найдаўнейшых часоў, і мэта працы людзей астаецца тая самая. Змяняецца толькі спосаб і форма яе.

Тысячы гадоў таму назад людзі жылі, бытцам зьверы, па лясох і карміліся мясам тых зьвероў, каторых самі забівалі. Жылі яны ўсе паасобку, або сваёй невялічкай сямьёй, бо іх дзеці, як падрасталі, ішлі далей сваёй дарогай, пакідаючы бацькоў. Тады кожын глядзеў на другога, як на ворага: адзін у аднаго адбіваў пажыву. Цяжкіе то былі часы: апрача сіл прыроды, с каторымі чэлавек ня ўмеў змагацца, апрача дзікіх зьвяроў, што яго лёгка маглі зніштожыць, — усюды прыходзілася перэмагаць ешчэ і сваіх жэ братоў-людзей за кусок мяса, за яду.

Мала-па-малу людзі перэхадзілі да працы на ральлі. Тут семья не разбегалася па лясох за пажывай, каторай раней кожын шукаў толькі для сябе: тут была ўжо патрэбна супольная праца многіх рук, і семья пачала разрастацца. Гэтак складаўся род, а пазьней і цэльнае племя. Ведама, і тады кожын думаў перш-на-перш аб сабе і сваёй карысьці, але ўжо людзі зразумелі, што, працуючы разам, кожын больш лягчэй прыдбае пажывы, чым працуючы асобне, дый ад дзікіх зьвероў ад ворагоў будзе зашчыта. Чэлавек, працуючы для сябе, працаваў ужо крыху і для іншых. Быў заведзен раздзел працы: каму што было пад сілу, хто да чаго быў складней, той і рабіў тое: хто зямлю вырабляў, хто на палеваньне хадзіў, хто хатніе работы рабіў, ці жывёлу дагледаў.

Разрасталіся роды, племёны; паяўляліся гасударствы. І ўсюды, куды не глянь, бачым адно: ўсё болей і болей развіваецца супольнае, грамадзянскае жыцьцё і праца ўсяго племені, усяго народу вядзецца дзеля карысьці ўсіх разам і кожнаго паасобку. Грамадзянская праца дзеля агульнай карысці пераходзіць і за граніцы аднаго гасударства: яна агортывае ўвесь сьвет. І наш селянін, сеючы жыта, што пасьля паедзе ажно у Англію, так сама памагае англічанам, як англічане, выдумываючы і робячы розные машіны і прылады, прыносяць карысць нам.

Чым вышэйша культура населеньня, тым лепей яно разумее, што багацьце, напрыклад, купецкаго стану можэ ўзрастаць толькі тады, калі багацее і развіваецца ўвесь край, калі селяне больш дабра маюць на прадажу і больш тавароў купляюць; гэтак сама для вёскі мае вялікую вагу развіцьцё таргоўлі, бо тады за ўсё, што родзіць зямелька, можна і лепшую цэну дастаць, і прадаць лягчэй, дый танней абходзіцца тое, што да гаспадаркі патрэбна. Адным словам, чым барджэй развіваецца экономічнае жыцьцё старонкі, тым лепей жыць кожнаму стану.

Хто ўсё гэта уцяміў, той зразумее, што працуючы дзеля падняцьця роднаго краю, ён прыдбае карысць і для сябе, усё роўна, ці то будзе купец, ці селянін-хлебароб, ці фабрыкант, або памешчык. Падыймаць экономічнае жыцьцё сваей старонкі, развіваць яе творчэскіе сілы і культуру — вось задача, дзеля каторай могуць працаваць усе жыцелі, ня гледзячы на іх палажэньне ў грамадзянстве, заняцьце, стан, заможнасць: будучына [жыцеля] звязана з будучынай таго краю, дзе ён жыве.

Праўда, кожын знае, што ўсе станы вядуць заўсягды між сабой экономічную вайну: селянін і рабочы дабіваюцца вялікшай платы за сваю працу, карацейшаго рабочаго дня; фабрыкант і памешчык бачуць сваю карысць у тым, каб плату ўрэзаць, а лік гадзін працы павялічыць. Гэтак сама карысць гандляра вымагае, каб даражэй прадаць свой тавар, а купіць яго танна; сельскі гаспадар, наадварот, хацеў-бы таму гаспадару сваё дабро прадаць дорага, а за яго тавар аддаць менш грошы. І ўсё-ж такі для ўсіх будзе карысна, калі іх агульнае экономічнае жыццё будзе шпарка развівацца, а не стаяць на мейсцы, калі ўвесь край будзе багацець.

Багата ёсць прычын, каторые спыняюць развіцьцё экономічнаго жыцьця кожнай старонкі. Між імі бачым такіе прычыны, як суровасць клімату, неўраджайнасць зямлі, балоты, або недахват вільгаці, камяністыя горы і іншыя прыродныя варункі. І ўсё-ж такі розум людзкі і праца здалелі іх шмат перэмяніць: балоты асушаюць, дзе суха — ваду праводзяць і г. д. Калі з гэткімі прычынамі чэлавек спраўляецца, дык німа споркі, што можна справіцца і з такімі прычынамі, каторые крыюцца ў самых людзях, у грамадзянстве. Проці цемнаты, проці санлівасьці і ленасці ваеваць можэ кожын, пашыраючы прасьвету, развіваючы экономічную самапомач, заводзячы ўселякіе грамадзкіе організаціі і ўстройствы.

Развіцьцё экономічнаго жыцьця і прасьветы — гэта дзьве дарогі, па каторых кожын народ, кожын край ідзе да культуры. Але і развіцьце культуры спатыкае часта шмат перашкод. Багата людзей і дагэтуль не разумее, ці ня хочэ разумець, што развіваць культуру і выяўляць свае творчэскіе сілы кожная нація можэ тады, калі ёй дадзена на гэта поўная воля. Поўная свабода культурнанаціональнаго развіцьця — гэта першы варунак для развіцця такога краю, дзе, як у Беларусі і Літве, жыве ажно пяць асобных нацый: беларусы, літвіны, расейцы, палякі, жыды; толькі тады будзе падыймацца агульная культура краю, калі кожная нація здалее развіваць у сябе ўсе творчэскіе сілы, развіваць сваю національную культуру. Ізноў жэ пры развіцьці краёвай культуры хутчэй ідзе развіцьцё культуры ў кожнай націі.

З усяго, што мы тутака сказалі, выходзіць вось што. Эканамічнае і культурнае развіцьцё краю заўсягды дае аграмадную карысць як людзям розных станоў і прафэсій, так і цэлым націям. Значыць, кожын, хто працуе для свайго краю, прыносіць карысць усім яго жыхаром бяз розніцы заняцьця і палажэньня ў грамадзянстве, стану, націі. Такую працу могуць вясьці ўсе грамадзяне нашай зямлі Беларускай: гэта — іх супольная задача, каторая павінна быць праводнай зоркай для ўсіх, хто сваю будучыну і сваю долю злучае з будучынай нашаго краю.