Перайсці да зместу

Коцік Петрык і мышка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Коцік Петрык і мышка
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://www.usebelarusy.by/be/content/falklor/mythes/25079/25083

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аднаго разу коцік Петрык захацеў мышку злавіць. Ён быў яшчэ маленькі, але чуў ад дарослых катоў, што яны заўсёды ловяць мышай. І Петрыку вельмі ж захацелася стаць хутчэй дарослым.

Пайшоў ён у гумно. Хадзіў сюды-туды — нікога няма. Раптам у кутку нешта зашамацела. Петрык скокнуў туды і ўбачыў маленькае зверанятка.

— Ты хто? — спытаў Петрык.

— Мышка.

— Вось ты мне і патрэбная.

— Навошта?

— Я не ведаю навошта, але ведаю, што катам трэба лавіць мышэй.

Мышка пасмялела і кажа:

— Каты ловяць мышэй, каб гуляць з імі ў ката і мышку. Хочаш, навучу цябе?

— Хачу, — сказаў коцік.

— Тады стань у куток, заплюшчы вочы і лічы да трох, а потым лаві мяне.

Спадабалася гульня Петрыку. Ён стаў у куток, заплюшчыў вочы, а калі далічыў да трох, мышкі было ўжо не дагнаць…