Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XIX Коннік без галавы. Раздзел XX
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XXI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XX

НЕБЯСПЕЧНАЕ СТАНОВІШЧА

Кольхаун схапіўся за рэвальвер.

Мустангер, прадбачачы гэта, выняў такую-ж зброю і стаяў, гатовы сустрэць выклік.

Больш нясмелыя з наведвальнікаў у паніцы кінуліся да дзвярэй, штурхаючы адзін другога. Некаторыя аставаліся ў таверне з прычыны простага неразумення, іншыя свядома, з халоднай рашымасцю. Магчыма, што апошнімі кіравала пачуццё разумнай асцярожнасці — боязнь атрымаць кулю ў спіну ўцякаючы.

Зноў надышла мёртвая цішыня, якая цягнулася некалькі секунд. Гэта быў момант, калі рашэнне рассудка ператваралася ў дзеянне — у рух.

Магчыма, пры іншым саставе праціўнікаў гэты інтэрвал быў-бы і карацейшы. Два больш непасрэдных і менш спрактыкаваных чалавекі адразу спусцілі-б куркі. Але нашы сапернікі, з практыкі вулічных паядынкаў, ведалі значэнне промаху.

Для тых-жа, хто быў за знадворнай сцяной і хто нават не асмельваўся заглянуць у дзверы, гэтае прамаруджанне было амаль пакутлівым. Замест стрэлу гэтыя людзі раптам пачулі гучны, аўтарытэтна-спакойны голас маёра.

— Стойце! — скамандаваў маёр, вымаючы з ножнаў шаблю і раздзяляючы ёю праціўнікаў. — Не страляйце — я вам абодвум загадваю. Апусціце зброю, інакш я забяру яе ў першага з вас, хто дакранецца да курка! Стойце, я гавару.

— Чаму? — закрычаў Кольхаун, які ўвесь пасінеў ад прыліву нястрымнай злосці. — Чаму, маёр Рынгтвуд? Пасля падобнай знявагі, і яшчэ ад такога нягодніка…

— Вы зачыншчык, капітан Кольхаун.

— Ну і што-ж? Пракляцце яму! Я не з тых, хто церпіць знявагу! Сыйдзіце з дарогі, маёр! Сварка між намі, і вы не маеце права ўмешвацца.

— Вось што?! Ха-ха! Сломан! Генкок! Кросман! Вы чуеце? Я не маю права ўмешвацца! Капітан Касій Кольхаун, не забывайцеся, дзе вы. Не ўяўляйце, што вы ў штаце Місісіпі, сярод вашай збіваючай рабоў кавалерыі. Тут, сэр, ваенны форт — ён падначалены ваеннаму статуту, і вашаму пакорліваму слузе даручана камандаванне гэтым фортам. Таму я загадваю вам пакласці ваш рэвальвер туды, адкуль вы яго ўзялі. І ў гэтую-ж секунду, інакш я адпраўлю вас, як простага салдата, на гауптвахту.

— Няўжо? — прашыпеў Кольхаун. — У якую цудоўную краіну вы ператворыце Техас! Значыцца, як-бы чалавек не быў зняважаны, ён не мае права на дуэль без вашага на тое дазволу, маёр Рынгвуд? І гэта лічыцца законам для ўсёй краіны?

— Зусім не, — адказаў маёр. — Я не з тых, хто калі-небудзь перашкаджаў сумленнаму вырашэнню сваркі. Ніхто не забараняе вам і вашаму праціўніку забіць адзін другога, калі гэта вам падабаецца. Але толькі не цяпер. Вы павінны зразумець, містэр Кольхаун, што ваш паядынак небяспечны для жыцця іншых людзей, ні ў якай меры ў гэтым не зацікаўленых. Я зусім не збіраюся падстаўляць сябе пад кулю, прызначаную для другога чалавека. Пачакайце, пакуль мы ўсе адыйдзем на бяспечную адлегласць. Тады, калі ласка, страляйце, колькі вашай душы захочацца. Ну, цяпер, спадзяюся, вы задаволены?

Калі-б на месцы маёра быў хто-небудзь іншы, то гэтае распараджэнне наўрад ці мела-б поспех. Але ён быў старшым афіцэрам форта, чалавекам сталага ўзросту і да таго-ж надзвычай добра ўладаўшым зброяй, а гэта добра было вядома ўсім, хто асмеліўся калі-небудзь не паслухацца яго загадаў.

Яго шабля была вынята з ножнаў не дзеля тэатральнага жэсту. Праціўнікі ведалі гэта. Амаль адначасовым рухам апусцілі яны зброю, але прадаўжалі трымаць яе ў руках.

Кольхаун стаяў раззлаваны, сціснуўшы зубы, як дзікі звер, спынены ў крывяжэрным нападзе на сваю афяру. Мустангер-жа падначаліўся распараджэнню без відочнага раздражнення і без унутранага пратэсту.

— Я думаю, што ад паядынку вы не адмаўляецеся? — сказаў маёр, добра разумеючы, што ў яго мала шансаў прымірыць праціўнікаў.

— У мяне няма асаблівага жадання адмаўляцца, — скромна адказаў Морыс. — Але калі містэр Кольхаун папросіць прабачэння…

— Ён павінен гэта зрабіць. Ён пачаў спрэчку! — умяшалася некалькі чалавек, якія прысутнічалі пры спрэчцы.

— Ніколі! — заносліва адказаў капітан. — Касій Кольхаун не прывык прасіць прабачэння. Ды яшчэ ў такой прыбранай малпы!

— Досыць! — закрычаў ірландзец, упершыню выяўляючы сур‘ёзную злосць. — Я хацеў даць яму магчымасць выратаваць сваё жыццё. Ён адмовіўся ад гэтага. А цяпер, клянуся гонарам, мы будзем біцца не на жыццё, а на смерць. Маёр! Настойліва прашу вас і вашых сяброў выйсці адсюль. Я не магу больш цярпець гэтых зняваг!

— Ха-ха-ха! — пачуўся пагардлівы рогат Кольхауна. — Магчымасць выратаваць маё жыццё! Выйдзіце адсюль, усе выйдзіце! Я пакажу яму!

— Стойце! — закрычаў маёр, не адважваючыся павярнуцца спіною да ўдзельнікаў дуэлі. — Так нікуды няварта. Вы, магчыма, спусціце куркі на секунду раней, чым належыць. Мы павінны выйсці, перш чым вы пачнеце вашу бойку. Апрача таго, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да прысутных ў пакоі, — неабходна-ж, каб захоўваліся нейкія правілы. Калі яны збіраюцца біцца, няхай гэта будзе дуэль па ўсіх правілах майстэрства. Абодва павінны быць перш за ўсё аднолькава ўзброены і падыйсці адзін да другога сумленна.

— Вядома! Ваша праўда! — адазваўся абступіўшы іх натоўп, уважліва сочачы, як гэтая прапанова будзе прынята.

— Спадзяюся, ніводзін з вас не пярэчыць супроць гэтага? — прадаўжаў маёр запытальна.

— Я не магу пярэчыць супроць справядлівага патрабавання, — спакойна адказаў ірландзец.

— Я буду змагацца той зброяй, якую трымаю ў руцэ, — дзёрзка адказаў Кольхаун.

— Згодзен. Гэта якраз падыходзячая і для мяне зброя, — адказаў праціўнік.

— Я бачу, што ў вас абодвух шасцізарадныя рэвальверы Кольта нумар два, — сказаў маёр, разглядаючы іх зброю. — Пакуль што ўсё ў парадку. Вы ўзброены аднолькава.

— Ці няма ў іх яшчэ якой-небудзь зброі? — запытаў малады Генкок, падазраючы, што ў капітана пад палою мундзіра можа аказацца нож.

— У мяне больш нічога няма, — адказаў мустангер са шчырасцю, якая не пакідала сумненняў у праўдзівасці яго слоў.

Усе паглядзелі на Кольхауна, які марудзіў з адказам.

Капітан зразумеў, што павінен прызнацца.

— У мяне ёсць яшчэ нож. Спадзяюся, вы не збіраецеся адабраць яго? Мне здаецца, што кожны мае права пакінуць пры сабе тую зброю, якая ў яго ёсць.

— Але, капітан Кольхаун, — прадаўжаў Генкок, — у вашага праціўніка няма нажа. Калі вы не баіцеся сустрэцца з ім на роўных пачатках, вы павінны адмовіцца ад свайго нажа.

— Так, вядома, ён павінен адмовіцца! — закрычала некалькі галасоў. — Ён павінен, павінен!

— Давайце нож, капітан Кольхаун, — сказаў маёр унушальным тонам. — Шасцізарадны рэвальвер павінен задаволіць любога разважлівага чалавека. Бо як толькі вы спусціце куркі, адзін з вас…

— К чорту нож! — крыкнуў Кольхаун, расшпільваючы мундзір. Дастаўшы нож, ён шпурнуў яго ў супроцьлеглы куток пакоя і задзірыстым голасам сказаў: — Даля гэтай расфуфыранай птушкі мне ён не патрэбен — я пакончу з ім першым-жа стрэлам.

— У вас хопіць часу пагаварыць аб гэтым! Вы мяне не спалохаеце, містэр Кольхаун! Прашу вас, разыходзьцеся хутчэй! Я павінен пакласці канец гэтым выхваленням і зласлоўю!

— Сабака! — прашаптаў капітан. — Пракляты ірландскі сабака! Я пашлю цябе выць у тваю будку. Я…

— Пасаромцеся, капітан Кольхаун, — перапыніў яго маёр пры агульным абурэнні. — Гэта зусім непатрэбныя размовы, а апрача таго, вельмі непрыстойна так сябе трымаць у прыстойнай кампаніі. Пацярпіце яшчэ хвіліну і тады гаварыце, што хочаце. Цяпер астаецца яшчэ адна ўмова: вы не павінны страляць да таго часу, пакуль мы не пойдзем адсюль.

Забяспечыць гэтую ўмову здавалася вельмі цяжкім. Простага абяцання наўрад ці было-б дастаткова пры разгарэўшыхся страсцях. Сапернікі — прынамсі адзін з іх — наўрад ці сталі-б лічыцца з тым, калі ім дазволяць спусціць курок.

— Неабходна, каб стрэл быў зроблен па сігналу, — прадаўжаў маёр. — І ніводзін з вас не павінен страляць да таго часу, пакуль гэты сігнал не будзе дадзены. Ці можа хто-небудзь прапанаваць, які павінен быць гэты сігнал?

— У мяне ёсць прапанова, — сказаў капітан Сломан. — Няхай містэр Кольхаун і містэр Джэральд выйдуць разам з намі. Калі вы заўважылі, на супроцьлеглых канцах гэтай таверны ёсць дзверы з кожнага боку. Яны зусім аднолькава размешчаны. Няхай пасля яны зноў увойдуць у гэтае памяшканне, толькі адзін праз адны дзверы, а другі праз другія, з умовай, што страляць можна будзе не раней таго моманту, калі яны ступяць на парог.

— Вельмі добра! Якраз тое, што патрэбна, — пачулася некалькі галасоў.

— А што-ж павінна служыць сігналам? — запытаўся маёр. — Стрэл?

— Не, звон таверны!

— Лепшага нельга і прыдумаць. Гэта цудоўна, — бвясціў маёр, накіроўваючыся да дзвярэй.

— Пачакайце, пачакайце, маёр! — закрычаў немец, гаспадар бара, выбягаючы з-за сваёй стойкі, дзе да гэтага моманту ён стаяў у абсалютным здрантвенні ад страху. — Няўжо-ж яны будуць страляць унутры маёй таверны? Ах! Ды яны-ж пераб‘юць усе мае бутэлькі, і мае прыгожыя люстры, і мае гадзіннікі, і вазы. Mein Gott! Mein Gott![1] Чаго толькі мне ўсё гэта каштавала! Я патраціў дзвесце долараў. Яны разальюць мае лепшыя віны. Ах, маёр! Гэта разарыць мяне. Што-ж мне рабіць? Гэта-ж…

— Не турбуйцеся, Обердофер, — адазваўся маёр. — Я не сумняваюся, што ўсе вашы страты будуць папоўнены. Ва ўсякім выпадку вам цяпер трэба будзе дзе-небудзь схавацца. Калі вы астанецеся ў вашым салуне, то, напэўна, у вас засадзяць кулю, а гэта, бадай, будзе горш, чым тое, што разаб‘юцца вашы бутэлькі.

Пры гэтых словах маёр пакінуў збянтэжанага гаспадара таверны і паспяшаўся выйсці на вуліцу, дзе сустрэў сапернікаў, якія ўжо раней вышлі праз розныя дзверы.

Обердофер, які збянтэжыўся, нядаўга прадаўжаў стаяць на месцы. Не паспелі захлопнуцца адны дзверы за спіною маёра, як другія захлопнуліся за гаспадаром таверны. У салуне, у якім былі бутэлькі, ззяючыя ўсімі колерамі радугі, дарагія люстры і яркія лямпы, запанавала глыбокая цішыня, сярод якой чулася толькі роўнамернае ціканне гадзінніка.


  1. Божа мой! Божа мой (ням.).